Вясна (Васілёк)
Вясна Верш Аўтар: Міхась Васілёк 1925 Крыніца: Вершы. - 1973. — с. 26 |
Ізноў вясна, ручай ліецца,
Шчабечуць птушкі,
лес смяецца —
Смяецца ціхім, ясным смехам:
Канец зіме — жывому ўцеха.
Канец бядзе,
Вясна ідзе!
Вясна — з красой бяроз сукрыстых,
Палеткаў і лугоў квяцістых
Прыйшла, прыгожая багіня,
Што ў душу кожнаму закіне
Прамень святла, —
Вясна прыйшла!
Цябе, красуня маладая,
Даўно чакаў і выглядаў я!
Што ты нясеш з сваім прыходам?
Ці раз мінаў так год за годам?
Мінаць мінаў,
А што ён даў?
Я не хацеў бы больш нічога,
Каб толькі шчасцейка людскога.
Расцвіў з табою цвет і ў нас, -
Вясна, вясна! Хоць гэты раз
Пацеш мяне:
Хай ноч міне...
Цяжкі наш крыж, цяжкі праз меру,
Хоць ты, вясна, святую веру
Ў жаданы, лепшы час навей, -
Хай б'юцца сэрцы зноў мацней.
Надзею дай,
Зялёны май!
Вясна прыйшла... Пад шум вясняны
Зазелянелі ўсе паляны,
Сады ўжо хутка зацвітуць,
Вада бруіць, бары гудуць.
Чаму ж ад дум
На сэрцы сум?..
1925