Вясна (Гурыновіч)

Вясна
Верш
Аўтар: Адам Гурыновіч

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ты ізноў да нас вярнулась,
Бледнай восені сястрыца!
Белай сукняй апранулась,
Ты румяна, светлаліца!
Ты адкуль прыйшла, мілая?
Дзе жыла-была далёка?
Мы це ждалі, дарагая,
Выглядалі смутным вокам.
Зналі мы, што ты вярнешся,
Край не кінеш нешчаслівы,
Залатым лучом пральешся
На палі, лугі і нівы.
І лучом тваім цяпленькім
Аджыла ізноў зямліца,
Зацвіў цветачак красненькі,
Заспявала ў лузе пціца.
Скора ластаўкі гняздзечкі
Пад страхой начнуць звіваці,
І бацян зляціць да рэчкі
Розных гадаў там шукаці.
Скора ў поле з песняй звонкай
Ратаі пайдуць араці,
І пад песню жаваронка
Прасіць стануць Божай Маці,
Каб жытцо было буйное,
Сенаваць каб пры пагодзе,
Каб ўрадзіла не благое
Усё у полі і гародзе.
А як збяром усё з поля −
У гумно ў тарпу паложым,
Дык памолімся ў касцёле
І табе ахвяру зложым.