Вясна (Каспровіч/Гурыновіч)

Вясна
Верш
Аўтар: Ян Каспровіч
Пераклад: Адам Гурыновіч
Крыніца: Беларуская літаратура XIX стагоддзя. Хрэстаматыя - с. 319

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Вясна


Здраствуй, красная вясна,
Матка вяселля!
Здраствуй, красная вясна,
Глянь у аконца.
Белай сыпеш ты рукой
Дываны з зелля,
Белай паліш ты рукой
Раніцай сонца.

Чысты шлеш ты ручай,
На нівы нашы,
Чысты шлеш ты ручай,
Каб свет напіўся.
З крэпкай думы разбудзі
Увесь свет наш ты,
З крэпкай думы разбудзі,
Каб не забыўся.

Холад сыпнула зіма
На нашу чэлядзь,
Холад сыпнула зіма,
Сцюжай скавала.
Скована сцюжай душа
У сілу не верыць,
Скована сцюжай душа
Многа не ждала.

Рукі цягнуцца к канцу
Лучэй тых злотых.
Рукі цягнуцца к канцу,
Блішчыць там сонца.
Збіў нас лёсу прыгавор,
Нет рук ахвотных,
Збіў нас лёсу прыгавор
Цяжка бясконца.

Надта вініш нас, вясна,
Мы з бою бледны.
Надта вініш нас, вясна...
Шчасце ці маем?
Дай нам гаючы ручай,
Ён нам патрэбны,
Дай нам гаючы ручай,
Бо паміраем.

Здраствуй, красная вясна,
Матка вяселля!
Здраствуй, красная вясна,
Глянь у аконца.
Белай сыпеш ты рукой
Дываны з зелля,
Белай паліш ты рукой
Раніцай сонца.