Вясновае (Дарожны)
Вясновае Верш Аўтар: Сяргей Дарожны 1929 Крыніца: http://prajdzisvet.org/storehouse/linguists/Uzvyshsha,%20Litaraturnae%20abyadnanne/1929-3.pdf |
* * *
Бязьмежна рады я сягоньня,
Здаюся ў песенны палон…
Кудысьці коні, мчацца коні
Вясеньніх і ружовых дзён.
Мінулі золкія завеі,
І клён, забыты ля вакна,
Ў лятунках раньніх ружавее:
Там за фіранкаю вясна.
Там, у вясновым шуме саду,
Зімовыя забыты сны,
Там кожны клён бязьмерна рады
Адчуўшы подыхі вясны.
Такая слаўная пагода,
Лятункаў мітусіцца рой…
Я паланён душы разводзьдзем,
Палескай роднаю вясной.
Яна прышла, на ўзгорку стала
Ў зялёных песьнях ручаёў,
Дзе ранкаў сьвежыя фіялы
Сьмяюцца радасьці маёй.
З такога цеснаго пакою
Душа ірвецца ў далячынь
Туды, дзе ў бэзавым спаком
Бярозы ходзяць па начы.
І я схіляюся ў зьнямозе,
Бо гэта-ж толькі сьніцца мне:
Зіму апошнія марозы
Дарысавалі на вакне.
(1929)