Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/VII/8

7. ⁂ 8. Вясной
Абразок
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
Увагі. Агульны зьмест

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




8.

ВЯСНОЙ.

Ачуняўшы ад сьмяротнай хваробы, з бледна-васковым, як-бысь правідным, тварам у першы раз вышаў ён са сваёй каморы і замёр, глянуўшы ў даль.

Чаруючы сінімі аганькамі вачэй, стаяла там русакосая малярка Вясна, і пад тонкімі, вузкімі рукамі дзяўчыны вырастаў бяскрайны сьветла-калёравы малюнак. А поруч з ёй стаяў «наш вельмі шаноўны крытык №№» і, бліскаючы акулярамі, цэдзіў праз зубы: «… Аднакалёрна… зялёнай фарбы занадта… і да таго-ж бяз’ідэйна… суздальскі малюнак…»

Спраўдзі, нічога асабліва новага ў твары вясны ня было: пад блакіцьцю небасхілу на дне балкаў гразна-сьнегавыя плямы, у далі сіняватая йстужка туману, з боку бурая ад конскага гною пуцявіна, — а ўсё іншае заліта бледнавата-зялёнай фарбай. Кожны з нас у дзіцячыя гады шмат бачыў такіх мілых, бясхітрасных малюнкаў.

Ці-ж ня мінулае маленства, згадаўшыся, і ўсхвалявала Янышу грудзі, выціснула сьлёзы з вачэй? Можа і яно. А мо’ тое чыстае, мяккае паветра, што ціха шчакатала хілыя лёгкія, забіраючыся ў самыя далёкія, ужо адвыкшыя дыхаць, куткі; тая ўсёнапаўняючая сьветласьць, каторая п’яніла вочы; тая бяскрайная хваля ясных калёраў і зыкаў, што лілася праз яго істэрычную душу, уздымала яе і з салодкім болем пракранывалася да чуткіх пасьля хваробы нэрваў? Хто скажа? Невядома, з чаго, але перапоўнілася душа яго, і чуцьцё, успляснуўшы за край, вылілася праз сьлёзы. І калі мучанічаскі-прасьвятлеўшым тварам ішоў Яныш назад, сэрца яго сагравала ўсёблагаслаўляючая любоў: роўна блізкім і мілым здаваўся і выпаўзаўшы з гразна-рыжага гною такі сьмешны чырвоны чарвяк і жавараначак, рассыпаўшыся пэрламі ў звонкім небе. І ня менш залітага сонцам вольнага абшару радаваў залаты, пыльны сонечны прамень, прабіўшыся праз ваконца невялічкай каморы, у каторую вярнуўся Яныш.

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Вясёла шагаў акрэпшы Яныш па вясеньняй зямлі, успаёнай растануўшым сьнегам, поўнай жыцьцёвых сокаў, каторыя так і выпіралі з яе, наліваючы кожную гібкую галіну, кожны ярка-зялёны сьцебель. Нязьлічанымі, нявідзімымі воку дзірачкамі дыхалі маладыя, ’шчэ незапылёныя лісьцікі дзярэўяў, а пад імі на зямлі былі кінуты лахмоцьці ценяў, хаваўшых чыстае золата, каторае ясна блішчэла праз кожную іх дзіру. І ня стрымаўся Яныш, — распластаўся ён на траве, і палілася яму ў душу салодкая ціхая лень, што тонкім хмелем плыла ў сьветлым, расплаўленым сонцам паветры, адбівалася ў вачох, у мяккай бяспрычыннай усьмешцы, — і заваражыў яго і дрымотай агарнуў непрарыўны ласкаючы вуха шум сьвежых лісьцяў і невядома дзе пачынаўшыся і зьнікаўшы чысты звон; ціха дрыжэў ён у паветры і нямаведама было: ці то гладкія, белыя каменчыкі грукацелі пад дзюрчашчай вадой; ці то пчолкі бруялі, і ўторвалі ім конікі трэскам; ці далятаў з далёкага гасьцінцу невялічкі перазвон ботаў; ці то проста ў вушах зьвінела? Але і не хацелася Янушу паняць гэтае, не хацелася ні думаць, ні варушыцца. Вакол схіліліся сьцебялькі зёлак. Сіненькі цьвяток над самай галавою павіс і вабіў спусьціцца тоўстага, махнатага, чорнага чмеля з чырвоным задком. Вышэй круціліся рознакалёравыя мухі, хісталіся галіны клянку, і праз выразныя цёмныя лісты дубоў сінела далёкае неба; пад ім марудна праплывалі бледныя хмаркі, гледзячы на каторыя, можна было забыць аб руху часу…



8. Вясной. Два няскончаных адрыўкі („Вясной“ і „Вясёла шагаў Яныш“) друкуюцца з аўтографаў (папка III, №№ 5 і 7). Напісаны адным пісьмом і на падобнай паперы; між гэтымі адрыўкамі адчуваецца сувязь ў зьмесьце. Як відаць, другі адрывак зьяўляецца працягам першага, а таму і зьмяшчаецца ён непасрэдна за першым адрыўкам і пад агульным загалоўкам.