Вясною (Мілюць)
Вясною Аўтар: Алесь Мілюць 1936 Крыніца: Скрыжалі памяці. Кніга другая - с. 321 |
Бачу, вунь, ратай арэ, —
Ледзь ступае сіўка,
І мне хочацца скарэй
Прывітацца з ніўкай.
Вось і родны мой загон, —
Ён ляжыць дзірванам!
Я прынёс табе паклон,
Брат мой занядбаны.
Я прынёс табе прывет
Ад людскіх мазоляў
І жадаю новы свет
Ўбачыць з лепшай доляй.
Каб зло ўсё ў цябе лягло
Прыараным гноем,
Каб жыццё навек цвіло
Шчасцем і спакоем!