Вячэрнія гаснуць зарніцы
*** Вячэрнія гаснуць зарніцы Верш Аўтар: Змітрок Бядуля |
Вячэрнія гаснуць зарніцы
Палоскаю бледнай над лесам.
Мой бацька іграе на скрыпцы
Хасідскую сумную песню.
Ён цягне смычком так дакучна,
У шафу ўтаропіўся зрокам.
У шыбах пабітых — анучы,
Праз шыбы працэджаны змрокі.
Малыя ў чаканні заціркі
Палезлі гурбой на пяколак.
— Цішэй вы там! — бацька як крыкне,—
Ты што вырабляешся, Лёлік?
А маці, як быццам з пячэры,
Крычыць з-за кутка маніфест свой:
— Яшчэ не гатова вячэра,
Сядзіце вы, чэрці, на месцы!
Падлогу з’еў грыб аж дашчэнту,
І тупаць па ёй так няёмка,
Сягоння няма атрамэнту.
Пісаць буду вершы алоўкам.
Пасадзец. 1912