Віно звініць
Віно звініць Верш Аўтар: Уладзімір Жылка 1924 |
Адно для нудных рэзанёраў
Віно разбаўліваць вадой.
Я светам недасяжных зораў
Гару іскрыста прад табой.
Я ў патаёмным церпкім хмелі
Падзіўна-весела таю
Табе, што завірухі пелі,
Надзею пэўную тваю.
У келіху, да краю поўным,
Чырвона-цёмнае, бы кроў,
Я клічу бачаннем чароўным
Да нездзяйснёных думных сноў.
Прыйдзі і пі!.. Ўваччу памершым
Зайграю бліскам маладым,
Каханнем незраўнана першым
Узрушу ў сэрцы залатым.
Праз лёс крывавы і лядачы
Я прывяду цябе к вясне…
О, ўсё згубіўшы да астачы,
Ты знойдзеш радасці ў віне!
(1924)