Вінцук Дунін-Марцінкевіч (Гарэцкі)

Вінцук Дунін-Марцінкевіч (1807—1885)
Артыкул
Аўтар: Максім Гарэцкі
1919
Крыніца: Беларускае жыццё, 1919, №12. Цыт. паводле: Творы - Мн. : Маст.літ., 1990

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Паэт радзіўся ў Бабруйшчыне. Бацька яго, дробны шляхціц, быў пасэсарам, арандаваў фальварак Панюшкевічы (Бабр. пав. Менск. г.). У Панюшкевічах працякло маленства Вінцука. Сярэднюю школу ён скончыў у Бабруйску ў 1824 годзе. Далей вучыцца паехаў у Вільню, але незабавам пераехаў у Пецярбург, дзе слухаў лекцыі на медыцынскім факультэце. Не скончыўшы унівсерсітэцкай навукі, В. Д.-Марцінкевіч перабраўся на жыццё ў Менск, дзе і служыў аж да 1840 г. у менскіх урадавых установах (меў пасаду ў каталіцкай духоўнай кансісторыі). Потым ён купіў сабе невялічкі двор Люцынку пад Менскам, дзе і жыў да самай смерці.

В. Д.-Марцінкевіч пісаў не толькі па-беларуску, але і па-польску, аднак польскія творы яго не маюць абы-якой літаратурнай вартасці, і не яны здабылі яму славу пісьменніка.

Паэтычная здольнасць песняра ў поўнай меры адбілася ў беларускіх яго творах. Па часе свайго друкавання яны стаяць гэтак:

1. «Сялянка», опера ў 2-х актах, музыка Манюшкі (1846 г.).

2. «Гапон», повесць у вершах (1855 г.).

3. «Вечарніцы», апавяданні-песні (1855 г.)

4. «Купалле», народная повесць (1856 г.).

5. «Шчароўскія дажынкі», повесць (1856 г.).

6. «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча, пераклад (1859 г.).

7. Дробныя вершы (1860 г. і інш. гг.).

Апроч таго, іншыя творы В. Д.-Марцінкевіча пабачылі свет толькі многа пазней пасла смерці паэта:

8. «Пінская шляхта», фарс-вадэвіль, рукапіс 1866 г., першы раз друков. у 1918 г. («В. Б.»)

9. «Залёты», аперэта, муз. Кімонт, першы раз друкавалася ў «В. Б.» у 1918 г.

Не мінулася і дзесяці гадоў, як пасля оперы «Сялянка», у якой па-беларуску гамоняць толькі мужыкі, Марцінкевіч пусціў у людзі свайго «Гапона», повесць, «у мове беларускага люду напісаную». У «Гапоне» пяецца аб тым, як мужыцкія дзеці, дзяцюк Гапон і дзяўчына Кацярына, любяцца і рыхтуюцца пабрацца, але панскі аканом сам улюбіўся ў Кацярыну і падстроіў так, што Гапона здаюць у салдаты. Дзецюку, аднак, пашчасціла ў войску, і ён выходзіць на афіцэра. На новым паборы некрутаў у Магілёве за сталом сядзіць заслужоны Гапон. Тым часам паня пратурыла круцяля-аканома, і ён цяпер сярод некрутаў. Гапон пазнаў яго і здаў у салдаты. Пасля гэтага паехаў да свае пані і жаліўся з каханай Кацярынкай.

Гэтым творам В. Д.-Марцінкевіч хацеў давесци, каб паны пільнавалі за ўчынкамі сваіх дурных паслугачых, бо іначай сяляне, за іх, і паноў любіць не будуць; а мужыкам хацеў паказаць, што паны, зазвычай, бываюць добрыя і ў бядзе сялян невінаваты.

Аднак з гэтага твора пачынаецца штосьці новае ў адносінах беларускіх шляхоцкіх пісьменнікаў да сялян: у творах Марцінкевіча ўжо не кідаецца ў вочы, што сяляне — якаясь іншая парода людзей, чорная костка; аўтар нават выводзіць свайго героя, Гапона, у афіцэры і ўцяшаецца з яго. А з прычыны гэтакай блізкасці да сялян у Марцінкевіча пачынае прабівацца, быць можа, несвядома, нешта падобнае да нацыянальных беларускіх сімпатый. Ён уцяшаецца з Гапона якраз за яго прыхільнасць да ўсяго роднага.

І толькі тыпова шляхоцкае ўзгадаванне, б. м., апалячанасць, і адсутнасць прад вачыма добрага прыкладу ў ранейшым беларускім пісьменстве замінаюць развіццю сацыяльнай і нацыянальнай ідэйнасці нашага песняра. І ён развіваецца сам з развіццём ідэй у грамадзе. Але хоць і не йдзе ён на самым перадзе як галоўны правадыр, затое ж ён пэўным ужо шляхам вядзе за сабою вялікую грамаду шырокага грамадзянства, вядзе яе сваім прыгожым беларускім словам.

Такім чынам, В. Д.-Марцінкевіч падрыхтаваў нашую новую літаратуру, падрыхтаваў Ф. Багушэвіча.