Вінцэнт Дунін-Марцынкевіч (Клімковіч)

Вінцэнт Дунін-Марцынкевіч
Артыкул
Аўтар: Міхась Клімковіч
1945

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЛІТАРАТУРНАЯ СПАДЧЫНА

Міхась КЛІМКОВІЧ

ВІНЦЭНТ ДУНІН-МАРЦЫНКЕВІЧ

Вінцэнт Іванавіч Дунін-Марцынкевіч, творчасць якога прыпадае на сярэдзіну мінулага стагоддзя, з'яўляецца адным з тых пісьменнікаў, якім належыць гонар быць заснавальнікамі сучаснай беларускай літаратуры. Гісторыя не захавала нам імён аўтараў славутых паэм «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат», паэм, якія разам з творамі Дуніна-Марцынкевіча ляглі ў фундамант нашай літаратуры. З'явіўшыся на дзесятак-другі год раней першага твору Дуніна-Марцынкевіча, яны, як і творы Рыпінскага і Чачота, былі у той час яшчэ мала вядомы чытацкім колам. Адны з гэтых твораў, як вышэйназваныя паэмы, хадзілі ў асобных спісах, другія, як творы Чачота, друкаваліся пад выглядам этнаграфічных запісаў і не маглі да пары да часу пасведчыць аб нараджэнні новай літаратуры, літаратуры беларускага народа. Толькі творы Дуніна-Марцынкевіча, пасля доўгага перарыву паміж літаратурай старажытнага перыяда і ствараемай яго працай навейшай літаратурай, зноў ставілі беларускую літаратуру ў адзін рад з яе старэйшымі сёстрамі рускай і украінскай літаратурай. У гэтым вялікая заслуга нашага пісьменніка.

Мінск у той час, калі пачыналася дзейнасць Дуніна-Марцынкевіча, быў досыць буйным культурным цэнтрам. У ім стала працавала руская драматычная трупа, прыязджалі вядомыя ўсёй Расіі артысты. Быў і сталы польскі тэатр, развіццю якога шчыра дапамагалі мецэнаты з мясцовай знаці, часта ўкладваўшыя ў тэатральную справу значныя ўласныя сродкі. У Мінску ставіліся лепшыя драматычныя творы рускай, польскай і сусветнай класікі, шмат тэатральных навінак. Ставіліся оперы, прычым пры тэатры быў аркестр у складзе звыш 30-ці музыкантаў. Пастаноўка першага беларускага спектакля, а тым больш вялікай оперы, музыку для якой напісаў Станіслаў Манюшка, не магла прайсці незаўважанай. Былі яшчэ дзве прычыны, якія здавалася-б, павінны былі прымусіць вышэйшыя колы тагочаснай Беларусі загаварыць аб гэтай незвычайнай з'яве: сюжэт лібрэта «Сялянкі» пераклікаўся з сюжэтам Пушкінскай «барышни-крестьянки». Аўтар гэтым знарок падкрэсліваў той факт, што маладая нараджаючаяся беларуская літаратура і беларускі тэатр павінны абапірацца на поспехі рускага мастацтва, ісці яго шляхамі. З другога боку ён не хацеў адштурхваць ад гэтай справы мясцовую культурную грамадскасць, якая знаходзілася ў арбіце польскай культуры. «Сялянка» вытрымала традыцыйную форму спектакляў маёнткавых тэатраў магнатаў: у ёй ролі паноў выконваліся на польскай мове, на беларускай мове гаварылі і пелі сяляне і паненка Юля, якая адчувае сябе больш сялянкай, чым паненкай. Любоў да свайго народа, жаданне - чаго-б гэта ні каштавала - пакласці пачатак беларускаму тэатру, у яго найвышэйшых формах, натхнілі Дуніна-Марцынкевіча зрабіць усё, каб забяспечыць высокі ўзровень першай пастаноўкі. Ён скарыстаў для гэтай мэты сяброўскія адносіны свайго друга Манюшкі, які нарадзіўся і ўзрос на Беларусі, выхаваўся на беларускай народнай музыцы, любіў і добра ведаў беларускую народную песню. Дунін-Марцынкевіч пазнаёміў Манюшка з лібрэта «Сялянкі», і вялікі кампазітар захапіўся яго мастацкімі якасцямі і магчымасцю паказаць музычныя багацці парадзіўшага яго беларускага народа магчымасцю стварыць на іх аснове вялікі музычны твор. Сам аўтар прымаў найшчырэйшы ўдзел у рэпетыцыях і нават сам іграў ролю войта Навумава Прыгаворкі.[1] і ўсё-ж, не гледзячы на поспех (опера ставілася 3 разы - у 1852, 1853 і 1855 г.), опера «Сялянка» не набыла таго рэзананса, якога яна заслугоўвала, таксама як не набыла паэма «Тарас на Парнасе», не гледзячы на ўсе свае мастацкія якасці, якія ставілі яе на ўзровень паэзіі пушкінскага часу, водгуку ў літаратуры. Справа ў палітычных абставінах, праз якія ім давялося прабівацца, здабываючы і сцвярджаючы права беларускага народа на сваю літаратуру і свой тэатр.

У вышэйшых колах рускага і польскага дваранства, якія задавалі тон у культурным жыцці тагочаснай Беларусі, палічылі за лепшае прайсці міма прыкрай для іх з'явы, бо яна ішла ў разрэз з іхнімі меркаваннямі. Аднак замоўчванне «Сялянкі» не збянтэжыла пісьменніка. Відаць, ён знайшоў падтрымку у той частцы грамадства, якая не мела дотыку да газет і журналаў: у сялянскіх хлопцаў і дзяўчат, якія прымалі ўдзел у хорах і танцах першай беларускай оперы, у той частцы беларускай інтэлігенцыі, якая была зусім нешматлікай, але якая здолела даць народу Кастуся Каліноўскага. Пісьменнік убачыў, што акружаючае яго асяроддзе, у руках якога быў тэатр, не дасць яму, дробнаму служачаму без уласных сродкаў, гаспадару маленькага маёнтка, купленага на жончын пасаг[2], давесці праз тэатр свае творчыя замыслы, свае грамадска-палітычныя ідэі да таго, для каго ён іх вынашваў у душы, для каго ён іх пісаў - да шырокіх народных мас.

Пасля пастаноўкі «Сялянкі» (напісанай у 1846-м годзе) Дунін-Марцынкевіч піша і выдае рад паэм і вершаваных апавяданняў, таму што кніга, па яго думцы, хутчэй дойдзе да масы, абхопіць большае кола яе, чым тэатр. Само сабой зразумела, што арыентыравацца ён хацеў на пісьменнага чалавека, на беларуса, які валодае граматай. Ён думаў, што такі чалавек, калі ён селянін ці вясковы інтэлігент, сабраўшы «ў святочны дзень» сваіх аднавяскоўцаў, прачытае ім яго творы, данясе да іх не толькі змест, даступны ім дзякуючы простай, мужыцкай мове, але і затоеныя думы аўтара, а калі ён пан, схільны чытаць на гэтай-жа сялянскай мове, дык ён зразумее тыя высокія матывы, якія кіравалі аўтарам, калі ён пісаў свае творы і стане выканаўцам яго планаў, яго ідэй.

Ідэя-ж у Дуніна-Марцынкевіча была адна - сілаю мастацкага слова садзейнічаць пераўтварэнню існуючага грамадскага ладу на карысць селяніна, дабіцца палепшання яго цяжкай долі, якую ён добра вывучыў і ў свае дзіцячыя гады, жывучы ў фальварку Панюшкавічы, дзе бацька яго быў арандатарам, і ў гады студэнцтва, калі ён на канікулы прыязджаў з Пецербургскага універсітэта да бацькі, і жывучы ў сваім фальварку Люцынка, недалёка ад Мінска. Вульгарныя соцыёлагі ў свой час залічылі Дуніна-Марцынкевіча ў дваранскія пісьменнікі і абвінавацілі яго ў тым, што ён «у перыяд распаду прыгоннай гаспадаркі стаяў за захаванне прыгоннага ладу» і звялі яго ролю да ролі ўгодлівага паслугача прыгонніцтва, які сваімі творамі хацеў усыпіць селяніна, каб ён пакорна нëс панскае ярмо. Так, падтасоўваючы карты, вульгарныя соцыёлагі праходзілі міма і біяграфіі пісьменніка, і таго, які водгук у прыгоннікаў, і ў найбольшага з іх, іх уладара і арганізатара, у царскага ўрада Расіі, выклікала яго творчасць. Яны ніяк не маглі звязаць канцы з канцамі, не маглі адказаць, чаму Дунін-Марцынкевіч, гэты па іхняму прыхільнік «прыгонніцтва», асноўнымі героямі ўсіх сваіх твораў браў селяніна, сялянскую дзяўчыну, паказваў іх маральную чыстату і ўзвышанасць, будзіў да іх павагу і пашану, упарта даводзіў, што яны - людзі і што іх пачуцці глыбей і вышэй, чым пачуцці і ўчынкі тых, якія практычна праводзілі волю прыгонніка-пана: эканома, nіcapa, шляхціча, доктара воінскага «прысутствия», а пазней - у «Пінскай шляхце»-«найяснейшай кароны» станавога прыстава Кручкова. Вульгарныя соцыёлагі не маглі адказаць, чаму ў Дуніна-Марцынкевіча так востра паказаны прыгонны лад. Прывядзем хоць такія радкі з паэмы Гапон (1855 год):

«Рыжы вусы эканома
Шчэццю уверх паднялісь.
Зірнуў скоса на Гапона,
Вочы кроўю залілісь.
Губы страшна пакрывіў,
Кнут у жмені аж трашчыць,
Як к Гапону падступіў,
Так і узяў яго сушыць».

Крытыкаў гэтага тыпу збівала з тропу тое, што паны ў творах Дуніна-Марцынкевіча паказаны, як добрыя бацькі сваіх сялян, што пісьменнік у сваіх прадмовах націскае на неабходнасць «у імя агульнай карысці» арыентаваць паноў на чалавечыя адносіны да сваіх прыгонных. Яны не заўважалі, у імя чаго робіць гэта пісьменнік, чыю карысць ён мае на мэце. Дунін-Марцынкевіч добра ведаў, што паны і без яго пропаведзі жывуць добра, што ў іх руках сіла і ўлада над селянінам. Не аб панскім дабрабыце клапоціцца пісьменнік, калі паказвае пакуты сялянкі Кацярыны, жаніха якой Гапона здаў у салдаты эканом, дамагаючыся, каб яна аддала яму сваю дзявочую чэсць. Не аб панскім дабрабыце клапоціцца пісьменнік, расказваючы аб перамозе сіраты-бяднячкі над гаспадарскай дачкой у «Шчаўроўскіх дажынках», і добрай Касі над злой дачкой бабы ў «Купалле». Не аб панскім дабрабыце клапоціцца ён, паказваючы ліха, якое твораць падпанкі. Трэба зусім мала здагадкі, каб любы яго чытач зразумеў, што крыўды, якія чыняць падпанкі, ідуць не ад аднаго іх злога сэрца. Шчырае жаданне дапамагчы народу ў яго цяжкай долі гуманнае сэрца пісьменніка падсказвала яму думку прапагандаваць літасць да меншага «брата», будзіць пашану да яго чалавечай годнасці. Не віна, а бяда пісьменніка, што ён лічыў гэты шлях самым зручным, самым кароткім для дасягнення сваёй благароднай мэты. Пісьменнік апяваў чыстую душу народа, яго чэснасць, прамату, любоў да працы, яго жыццёрадаснасць, узнімаў пачуццё ўласнай чалавечай годнасці, з вялікай прыхільнасцю апісваў яго барацьбу супроць несправядлівасцей, якія меў у сваёй аснове прыгонны лад. Гапон - асноўны герой аповесці пад гэтай назвай - на аплявуху эканома хапаецца за таўкач:

«Сцеражыся ты, сабака!
Помні, што і мы з зубамі!»

І нездарма эканом дакладвае пану:

«Ён усіх хлапцоў сазваў
Ды й так вось ім расказаў:

...Трэба ў лес уцякаць,
А не - усе сабяромся,
Хто з калом, хто з абухом
І ні за нішто не дадзёмся...»

здачы у салдаты. І Гапон не толькі кажа так, але і на справе адбіваецца калом, калі эканом прыходзіць у карчму, каб забраць яго ў рэкруты:

«А Гапон хваціў за кол.
Дый спіною стаўшы ў куце,
Як мятлой усіх мяце.
Вот калі пакурцяў туча
Гурмам мядзьведзя асадзіць,
А ён са злосці мармоча,
Як каторага пагладзіць,
Той з болю яўкне, той брэша,
Так Гапон наш колам чэша».

Прайсці міма такой «прапаганды пакорлівасці прыгону» можна толькі ў тым выпадку, калі падыходзіць да творчасці пісьменніка з наперад узятым меркаваннем, як гэта і рабілі вульгарызатары, зачараваныя, нібы позіркам удава трусік, дваранскім тытулам Дуніна-Марцынкевіча ў падручніку літаратуры. Ім і ў галаву не прыходзіла, што такіх беззямельных дваран, як Дунін-Марцынкевіч, у Беларусі было хоць гаць гаці і што іх інтарэсы ніколі не супадалі з інтарэсамі магнатаў-прыгоннікаў. Яны не маглі зразумець і таго, што падаючы вобраз паноў такімі, якімі «у ідэале» хацеў-бы бачыць іх пісьменнік, раючы панам шлях самаўдасканалення ў бок гуманных адносін да селяніна - Дунін-Марцынкевіч меў на мэце толькі адно - дабіцца лепшай долі для народа, на мове якога, вобразамі з жыцця якога і для якога ён з такімі цяжкасцямі ствараў беларускую літаратуру і культуру.

І зусім не выпадкова кіраўнік сялянскага паўстання на Беларусі ў 1863 годзе - Кастусь Каліноўскі, арганізатарскімі здольнасцямі і ўзвышанымі ідэаламі якога захапляліся ў сваіх мемуарах нават саратнікі Мураўёва, - пайшоў па таму-ж шляху, па якому ішоў «мірны» Дунін-Марцынкевіч: ён стаў выдаваць першую беларускую газету «Мужыцкая праўда» (з улікам вопыта Герцэна - першую непадцэнзурную газету, скажам дарэчы).

Мы не выпадкова ўпамінаем Кастуся Каліноўскага. Паўстанне 1863 года адбілася на лёсе Дуніна-Марцынкевіча. Ён быў арыштаваны ў гэтым годзе і яму было прад'яўлена абвінавачанне, што ён, як адзіны вядомы ўраду беларускі пісьменнік, з'яўляецца аўтарам беларускіх анты-царскіх пракламацый і выдаўцом газеты «Мужыцкая праўда». Следства вялося 9 месяцаў, але даказаць віноўнасць Дуніна-Марцынкевіча не змаглі і ён быў выпушчан з турмы. Аднак у сувязі з гэтым арыштам ён падпаў пад такое падазрэнне паліцыі, што яму былі закрыты ўсе шляхі, каб давесці да чытача і гледача свае творы. Мураўёў вешацель, у якасці рэпрэсіі на паўстанне Кастуся Каліноўскага, забараніў усякія выданні на беларускай мове, забараніў пастаноўкі беларускіх п'ес. Пераклад «Пана Тадэуша», які зрабіў Дунін-Марцынкевіч, быў захоплен у Віленскай друкарні і канфінскован. Цэнзару Кукальніку, які даў дазвол на друкаванне, быў зроблен наганяй. Мінскія тэатральныя трупы былі разагнаны. К чэсці Дуніна-Марцынкевіча ён і пасля гэтага не апусціў рук. Ён напісаў і паставіў у сябе ў фальварку - артыстамі і гледачамі былі яго добрыя знаёмыя і акаляючыя сяляне - дзве п'есы: «Пінская шляхта» (1866 г.) і «Залёты (1870 г.), якія і стварылі славу пісьменніка.

Звычайна нашы крытыкі кваліфіцыруюць Дуніна-Марцынкевіча як прадстаўніка беларускага сантыменталізма, пералічваючы прызнакі гэтага напрамку: культ пачуцця, культ прыроды, ідэалізацыя блізкага да прыроды патрыярхальнага быту, пропаведзь гуманных адносін да чалавека, паэтызацыя працы і маральнай чыстаты. Само сабой зразумела, што ўсё гэта і ёсць у ранняй творчасці Дуніна-Марцынкевіча, у яго «Сялянцы», у «Гапоне», у «Вечарніцах», у «Шчароўскіх дажынках», у «Купаллі».

Аднак, калі не заўважыць той рэалістычнай плыні, якая прабіваецца ў кожным гэтым творы, - рэалізм, з якім напісана «Пінская шляхта» і «Залëты», стане зусім немагчымым для высвятлення і растлумачэння. Справа відавочна ў тым, што сантыменталізм у беларускай літаратуры развіваўся значна пазней, чым рускай літаратуры, і не мог захаваць у ёй сваю маналітнасць: ён адступаў пад напорам іншых літаратурных напрамкаў. Гэты ўплыў адбіваўся і ў творчасці Дуніна-Марцынкевіча, даючы яму магчымасць зусім рэальна адлюстроўваць асобныя бакі сучаснай яму рэчаіснасці, а пад канец сваёй творчасці і зусім перайсці на яго пазіцыі.

«Пінская шляхта» - рэалістычны твор, які па значэнню для Беларусі можна паставіць на адзін узровень з «Рэвізорам» Гогаля, перш-на-перш таму, што як немагчыма без вывучэння гэтага класічнага твора рускай літаратуры ўявіць сабе данікалаеўскую і нікалаеўскую эпоху ў рускім грамадстве, так нельга ўявіць сабе парадкі на Беларусі перад паўстаннем 1863 года без «Пінскай шляхты». Тут з гранічнай акрэсленасцю і выпукленасцю паказаны тыповыя для глухога кутка людзі ў тыповых абставінах таго часу.

І так, як Гогаль, узяўшы горад, ад якога не толькі да мяжы. але і да губернскага цэнтра за сем год не даскачаш, здолеў паказаць у ім, як у люстэрку, усю нікалаеўскую Расію, так і Дунін-Марцынкевіч у пінскім засценку змог паказаць: і нравы беларускай шляхты, дваран па назве, мужыкоў - па сутнасці, так яна - шляхта склалася гістарычна, і спрэчкі паміж новым і старым пакаленнем гэтай шляхты і, самае галоўнае, тыпізаванага прадстаўніка царскай улады, які безраздзельна гаспадарыў ад імені «найяснейшай кароны» у краіне праставатай, чудакаватай нават, шляхты. Пратасавіцкі і Цюхцяй-Ліпскі (заўважце, падвойнае, «чыста» дваранскае прозвішча), для якіх нават Куторга з'яўляецца панам не толькі па агульнапрынятых правілах ветлівасці, але па тым, што ён на некалькі крокаў бліжэй да чыстакроунай польскай шляхты, пасварыліся (і як пасварыліся!) толькі за тое, што адзін другога абазваў мужыком. Камізм гэтага становішча ў тым, што яны сапраўдныя мужыкі, якія і гонар свой абараняюць па-мужыцку - кулакамі, - пасварыліся за дваранства. А колькі гістарычнага падтэксту ў гэтым дробязным факце! Колькі жывых людзей на Беларусі ў глухіх яе засценках і хутарах парашыліся гаспадарак, каб давесці, што яны дваране, і атрымаць паперку, якая адрознівала-б іх прававое становішча ад селяніна, хаця-б тым, што яго, шляхціца, не мелі права секчы лозамі, папярэдне не падаслаўшы «дывана». Які прастор быў для хабара, крутні і валакіты для Кручковых і Пісулькіных! Як мала трэба юрыдычных ведаў, каб судзіць і абіраць гэтых праставатых людзей і з якім «вучоным» выглядам сапраўднага юрыста, як лоўка і беззлобна робіць гэта прайдзісвет Кручкоў, захоўваючы самыя сяброўскія адносіны з шляхтай, якую ён грабіць і нават больш таго, пакідаючы ўражанне іх дабрадзея і прыяцеля! Падставіць гэтай шляхце люстэрка, каб яна зразумела Гогалеўскую фразу: «3 каго смеяцеся? - з сябе саміх смеяцеся!» - вось гэта ставіў сабе задачай Дунін-Марцынкевіч, ствараючы сваю вясёлую камедыю. І не толькі падставіць люстэрка «пінскай» шляхце, а паказаць усім, хто здолен быў крытычна аднесціся да той вернай карціны, якую намаляваў пісьменнік, недарэчнасць і такога парадку, і такой улады. Пісьменнік паставіў «Пінскую шляхту» у Лютынцы, але яму хацелася давесці яе да шырокіх колаў.

У гэтым яму перашкодзіла цэнзура. «На маю думку, - піcaў Віленскі генерал-губернатар начальніку ўпраўлення па справах друку, - падобны твор, у коім у непрыглядным выглядзе выстаўляецца асоба станавога прыстава, які да гэтага усюды называецца «найяснейшая карона», наўрад ці зручна змяшчаць у якім-небудзь выданні, а ў асаблівасці ў такім, як календар, які прызначаецца для распаўсюджвання сярод мясцовага насельніцтва».

Як бачыце, генерал-губернатар па-свойму правільна ацаніў палітычнае значэнне, здавалася-б, такой бяскрыўднай, вясёлай камедыі, таксама, як правільна па сваему разумеў яе значэнне і Дунін-Марцынкевіч, мяркуючы змясціць яе у календары.

Камедыя «Залëты» менш дасканалая, чым «Пінская шляхта». Не кожнай асобе надаў пісьменнік тую характэрную, жывую і яркую мову, якой валодаюць персанажы «Пінскай шляхты», не так моцна знітована інтрыга, як гэта зроблена у «Пінскай шляхце». Але ў «Залётах» пададзен вобраз, які сведчыць аб вялікай назіральнасці пісьменніка, аб здольнасці вылучыць галоўнае ў акаляючым яго грамадстве, улавіць самае тыповае ў ходзе падзей. Гэта вобраз Сабковіча, своеасаблівая помесь мальераўскага «мешчаніна ў дваранстве» са з'явіўшыміся пазней у рускай літаратуры Калупаевымі і Разуваевымі. Цынічна-наглы эксплуататар, які сабраў сваё багацце з ашуканства акаляючых сялян і рамеснікаў - Сабковіч верыць ва ўсемагутнасць рубля. Грошы яму - замена розуму, адукацыі, паходжання. Яны - залаты ключ, які адчыніць дзверы ў лепшыя дамы самай тытулаванай шляхты. Шляхта гіне ад няўмення гаспадарыць, і на яе месца прыдзе ён - Сабковіч, які ўмее рабаваць і красці, не грэбуючы капейкамі і не прапускаючы міма рук вялікага куша. Праўда, яго пасцігае няўдача: мужыцкая неацëсанасць і выпадак не даў яму магчымасці парадніцца з суддзём, а ключ-войт патрабуе яго на расправу да станавога прыстава за ўкрадзеную кабылу і садраныя з сялян кажухі. Але ён - сіла, аднолькава грозная і для феадалаў і для феадальнай вёскі. Ён-прадстаўнік драпежніцкага капіталізма, які прышоў разбурыць і з'есці дакапіталістычны лад. Стварыць такі вобраз у часы, калі жыў Дунін-Марцынкевіч, прызнак вялікага таленту, назіральнасці і здольнасці разумець і абагульняць з'явы жыцця. Нездарма драматургія Дуніна-Марцынкевіча на працягу ста год мела плённы ўплыў на творчасць у беларускіх драматургаў. Водгукі яе мы знойдзем у Каруся Каганца, у «модным шляхцюку», у купалаўскай «Паўлінцы» і «Прымаках», у больш позніх творах маладых беларускіх пісьменнікаў. А класічны твор яго «Пінская шляхта» і да гэтага часу не сыходзіць са сцэны беларускіх тэатраў.

Літаратурны партрэт Дуніна-Марцынкевіча быў-бы няпоўным, каб мы не сказалі аб яго адносінах да народнай творчасці. Ён паклаў пачатак добрай традыцыі сучаснай беларускай літаратуры - поўнай жменяй чэрпаць нессякаючыя перлы народнае творчасці. Ён добра ведаў і любіў народныя сказы, народныя песні, ён скарыстоўваў іх сюжэты, часта прыводзіў іх у сваіх паэмах і апавяданнях, прапануючы чытачу палюбавацца іх прыгожай мілагучнасцю, іх глыбокім зместам, іх задушэўнай лірыкай. Ён добра ведаў і любіў мову народа, яго пагаворкі і прыказкі. Ён імкнуўся, захоўваючы прастату, мілагучнасць і глыбокую вобразнасць гэтай мовы, зрабіць яе літаратурнай. Гэтым ён і церабіў шлях для наступных пакаленняў пісьменнікаў, і ў гэтым яго вялікая заслуга.

Дунін-Марцынкевіч належыць да ліку тых пісьменнікаў, усё значэнне якіх патомства здольна было ацаніць толькі пасля іх смерці.

Чым далей мы адыходзімся ад часу жыцця пісьменніка, тым ясней робіцца, якую вялікую справу тварыў ён для свайго народа, колькі трэба было любві да народа і колькі грамадзянскай мужнасці, каб у змрочныя часы царызма не скласці сваёй зброі, тварыць і распаўсюджваць, не гледзячы на ўсе забароны, тое, што вынасіла благароднае сэрца пісьменніка-грамадзяніна.

Скромнасць і працавітасць - характэрныя рысы нацыянальнага характару беларуса. Гэта заўважаюць усе, хто знаёміцца ўпершыню з нашым народам. Можа гэтая скромнасць перашкодзіла аўтару «Тараса на Парнасе» пакінуць сваё імя ў гісторыі, хаця паэма зрабіла-б чэсць любому тагочаснаму паэту. Можа гэта скромнасць перашкаджае і нам ацаніць усю веліч культурных каштоўнасцей, якія стварыў наш народ і яго лепшыя прадстаўнікі, цесна звязаныя вытокамі сваёй творчасці з глыбінямі творчасці народнай. Але ў гэтым выпадку скромнасць губляе сваю станоўчую якасць і робіцца адмоўнай. Трэба ўлічваць гэта, калі мы ацэньваем творчасць нашых дарэволюцыйных пісьменнікаў.

  1. Дунін-Марцынкевіч, па сведчанню тагочаснікаў, быў наогул таленавітым артыстам і часта выступаў на сцэне з народнымі танцамі часамі з сынам і 3-мя дочкамі.
  2. Першая жонка Марцынкевіча Юзэфа была дачкой уласніка нейкага бюро ў Вільні Бараноўскага, у якога ён служыў сакратаром. Маладыя людзі злюбіліся і пажаніліся, не гледзячы на забарону бацькі ў 1831 годзе. Памерла яна ў 1857 годзе. Другая жонка - Алеся Грушэўская была з двара Хацюхова, Халопеніцкай воласці, Барысаўскага павету. Пазнаёміўся ён з ёю, будучы ў гасцях у свайго прыяцеля ў двары Шчаўры (адсюль «Шчаўроўскія дажынкі»).