Вітаўка
Вітаўка Паданне Аўтар: народ |
Крыніца:http://bellib.org/legenda/item/legenda/legenda-006.html |
Тут, дзе цэрква цяпер стаіць, колісь быў груд, а на тым грудзе стаяў двор дужа багатага баярына, на імя Віт. Жыў той Віт па праўдзе, у веры, і бог быў да яго дужа ласкаў. Вось жа пайшла трывога вялікая, што швед у наш край наехаў, і горш усякага татарына грабіць, і пустошыць, і над народам здзекуецца.
Віт быў удавец і меў адну дачку, вельмі красную панну. Вітаў двор быў прыродаю схаваны ад ворага: спераду непраходным балотам, што і цяпер цягнецца абапал рэчкі Хамычкі, хоць шмат ужо сушэйшае, як за тым часам: а за балотам і за дваром цягнуліся бясконцыя, адвечныя лясы,— тая старана і цяпер пушчаю завецца. Віт з дачкою, гэта цямячы, былі спакойныя ў сваім двары. Але, знаць, слава пра яго багацце далёка ішла.
І вось раз ноччу, калі ў двары ўсе крэпка спалі, спаў і сам баярын Віт, спала і красная яго дачка, чуе гэта Віт праз сон зычны голас:
— Віце, Віце! Устань і выстралі!
Віт прахапіўся, аж нідзе нічога не чуваць. Ён ізноў стаў засынаць ды ізноў чуе:
— Віце, Віце! Устань і выстралі!
Ён і гэтым разам, прахапіўшыся і нідзе нічога не бачачы і не чуючы, стаў драмаць ды зноў чуе:
— Віце, Віце! Устань і выстралі!
Тады ён ужо мусіў устаць, узяўшы стрэльбу, выйшаў на двор і бачыць, што шведы ўжо гаспадараць у яго на двары. Ён, тое ўбачыўшы, дужа спалохаўся і як трымаў стрэльбу, так і выстраліў на вецер, а сам пабег у пакоі дачку будзіць. Толькі пабудзіў,— чуюць, на двары якісь гоман падняўся. А калі яны выйшлі паглядзець, бачаць — шведы ў вялікай замешчы хочуць з двара ўцячы ды, не папаўшы ў вароты, ціснуцца на платы, душацца, калечацца, а каторым і ўдалося з двара выбрацца, тыя, чуваць, ратунку крычаць, папаўшы ў балота або ў рэчку. Так да раніцы ніводнага з тых шведаў жывога не засталося, бо ад Вітавага стрэлу ўсе пагінулі, каторыя ў двары падушыліся, каторыя ў рэчцы і балоце патапіліся, а каторыя патрапілі ў лес, тых звер люты парэзаў.
Вот на тую памяць паставіў ён сярод свайго двара цэркву мураваную і вельмі яе ўкрасіў.
Жывуць так Віт з сваёю дачкою, краснаю паннаю, ізноў у багацці і супакоі. Адно нячыстая сіла не дрэмле і пакусы вялікую сілу маюць. І ўпаў наш баярын у вялікі грэх, так што зямля нават здрыганулася. І аступіўся той узгорак, на каторым двор стаяў, і рынуліся мураваныя палацы, і пахавалі пад сабою грэшнага баярына. Дачка ж таго баярына зышла дзесь у далёкі манастыр і там веку даканала. Чэлядзь па свеце разышлася, а двор той штораз болей і болей стаў у балота апускацца і аднае ночы саўсім затануў. Завецца тое месца Вітаўка, або Вітавец.
Там і цяпер у балоце можна абмацаць кавалкі муру.