Віхор (Васілёк)
Віхор Верш Аўтар: Міхась Васілёк 1925 Крыніца: Вершы. - 1973. — с. 24 |
Свішча вецер, глуха стогне,
Завывае ля дамоў,
То суцішыцца, прыглохне,
То усходзіцца ізноў.
Стогны роспачы чуваці,
Стогне вецер у бары,
Бы па сыну плача маці,
Пахаваўшы без пары.
Раздаецца рогат дзікі,
Жудасны, страшэнны смех -
Граюць д’яблавы музыкі,
Рве салому з бедных стрэх.
Вецер мчыцца у прасторы,
Узнімае снег сцяной,
Нібы пену хваль на моры
Неспакойнаю парой.
Гэй, віхор, віхор магутны,
Ты не траць дарэмна сіл,
Лепш астрожны мур пакутны
Здрузгачы і разнясі!
Там сядзяць браты-героі,
Што пачулі веснаход,
Там сядзяць арлы-героі
За свабоду, за народ!
1925