Віцебскія мастакі граверы (1928)/Віцебскія мастакі граверы

Віцебскія мастакі граверы
Мастацтвазнаўчая праца
Аўтар: Іван Фурман
1928 год
Саламон Барысавыч Юдовін

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВІЦЕБСКІЯ
МАСТАКІ ГРАВЕРЫ


ГРАВЮРА на дрэве, ці ксілёграфія, хоць і ўзьнікла раней друкаваньня кніг, але цесна зьвязана з ім. Ніякі іншы спосаб аздобы кнігі так ня зьвязваецца са старонкай і тэкстам яе, як драўляная гравюра. Маючы выгнутую, рэльефную паверхню для друкаваньня, драўляная гравюра можа друкавацца разам з тэкстам кнігі, робячы, такім чынам, выключную суцэльнасьць старонкі. Між тым, як іншыя віды аздобы кнігі, як: гравюра на мэтале і літографія, маючыя углыбленьні ці гладкую паверхню для друкаваньня, — у кніжцы павінны друкавацца асобна ад тэксту, ня зьліваючыся з апошнім.

Драўляная гравюра, знаходзячы сваё найбольшае прыстасаваньне ў вытворчасьці і афармленьні кнігі, мае лёс, аднолькавы і роўналеглы з лёсам друкаваньня яе: найбольшы росквіт драўлянай гравюры выпадае на лепшыя часы мастацтва ў друкаваньні кніг (XV і XVI ст.). Успомнім хоць-бы выданьні беларускага вучонага і друкара XVI ст. Францішку Скарыну, выданьні якога да гэтага часу застаюцца лепшымі ўзорамі друкаванага мастацтва, дзе выключна гармонічна зьвязваюцца з друкаваным шрыфтом надзвычайна добра выкананыя драўляныя гравюры.

Заняпад ксілёграфіі пачынаецца з ХVІІ ст., калі яе паступова выціскае гравюра на мэтале, а арыстократычны ХVІІІ век канчаткова ганьбуе драўлянай гравюрай і захапляецца амаль поўнасьцю гравюрай на медзі.

У першай палове ХІХ ст. драўляная гравюра пачынае адраджацца. Але, не пасьпеўшы расквісьці, к канцу сталецьця выраджаецца, імкнучыся служыць задачам рэпродукцыі неўласьцівых яе духу і характару маляўнічых карцін. Здабытыя ў ХІХ ст. мэханічныя спосабы аднаўленьня малюнкаў, канчаткова выціскаюць драўляную гравюру з кнігі. Само-ж мастацтва друкаваньня кніг у канцы XIX ст., асабліва ў Расіі, — адбітак заняпаду.

Пачатак XX ст. у Расіі вызначаўся росквітам графікі, і таму ізноў зьвяртаецца ўвага на мастацтва друкаваньня кнігі. Гэта вялікая культурная заслуга належыць групе мастакоў „Мир Искусства“. Культ кнігі, пачаты „мирискусственниками“, у рэволюцыйныя гады ў СССР атрымаў сваё лёгічнае завяршэньне ў аздобе кнігі драўлянай гравюрай. Ксілёграфія ў рэволюцыйны пэрыяд заняла ня толькі адпаведнае ёй месца ў адносінах аздобы кнігі, але і атрымала важнейшае месца і найбольш пярэднія позыцыі ў галіне вобразных мастацтваў. Найбольшы росквіт драўляная гравюра атрымала ў Маскве, дзе ў гэтай галіне зьявіліся такія выключныя таленты, як — В. А. Фаворскі і Н. Краўчэнка. На „Міжнароднай выстаўцы дэкорацыйнага мастацтва“ у Парыжы, у 1925 г., расійская гравюра карысталася вялікім посьпехам, а работы Фаворскага і Краўчэнка атрымалі вышэйшыя ўзнагароды. У заходняй Эўропе, асабліва ў Францыі і Нямеччыне, за апошнія гады зацікаўленасьць драўлянай гравюрай вырасла, і там зьявіліся свае выдатныя мастакі ксілёграфы.

Не адстала ў галіне ксілёграфіі і Беларусь, дзе ў г. Віцебску зьявіліся першыя сучасныя нам беларускія мастакі граверы. Віцебск зьяўляецца бацькаўшчынай ня толькі выдатных маляроў, але і даў вядомых сваімі работамі графікаў і гравераў. Дзякуючы работам Юдовіна, Мініна і Гарбаўца, Віцебск у галіне ксілёграфіі заняў ня толькі першае месца ў Беларусі, але займае віднае палажэньне і ў СССР.