Гайдамакі (Шаўчэнка/Купала)

Гайдамакі
Паэма
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
1841
Арыгінальная назва: Гайдамаки
Пераклад: Янка Купала
Крыніца: https://knihi.com/Taras_Saucenka/Hajdamaki.html
Іншыя публікацыі гэтага верша: Гайдамакі (Шаўчэнка).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Васілію Іванавічу Грыгаровічу на памяць 22 красавіка 1838 года

Ідзе ўсё, мінае — і краю не мае...
Дзе ж яно прапала? Скуль яно прыйшло?
І дурань, і мудры нічога не знае.
Жыве... умірае... Адно зацвіло,
Другое завяла, навекі завяла...
Пажоўклае лісце вятры разняслі,
А сонейка ўстане, як перш уставала;
Чырвоныя зоры, як і перш плылі,
Паплывуць і потым... І ты, белаліцы,
Па сіняму небу выйдзеш пагуляць;
Выйдзеш паўзірацца ў жалабок, крыніцу,
Ў бяскрайняе мора і будзеш зіяць,
Як над Вавілонам, над яго садамі
І над тым, што будзе з нашымі сынамі.
Ты вечны без краю!.. Люблю размаўляць,
Як з братам, з сястрою, размаўляць з табою,
Спяваць табе думу, што ты ж нашаптаў.
Парай мне яшчэ раз, дзе дзецца з журбою?
Я не адзінокі і не сірата я:
Ёсць у мяне дзеці, ды дзе іх падзеці?
Пахаваць з сабою? — Грэх: душа жывая!
А можа, лягчэй ёй будзе на тым свеце,
Як хто слёзы-словы тыя прачытае,
Што яна так шчыра калісь вылівала,
Што яна цішком так над імі рыдала.
Не, не пахаваю, бо душа жывая!
Як сіняе неба — няма яму краю,
Так душа пачатку і краю не мае.
А дзе яна будзе? — Пашто разважаць!!
Успомні ж хто-небудзь, успомні хоць зрэдку,—
Без славы свет гэты цяжка пакідаць.
Ўспомніце, дзяўчаты, вам трэ ўспамінаць!
Яна вас любіла, ружовыя кветкі,
І пра вашу долю любіла спяваць.
Пакуль сонца ўстане — спачывайце, дзеткі,
А я памяркую, важака дзе ўзяць.
 
Сыны мае, гайдамакі!
Свет шырокі, воля!
Дык ідзіце, пагуляйце,
Пашукайце долі!
Сыны мае маладыя,
Няхітрыя дзеці!
Хто вас шчыра без матулі
Прывітае ў свеце?
Сыны мае! арлы мае!
Мкніце на Ўкраіну,—
Хоць і ліха напаткае,
Але не ў чужыне.
Душа шчырая там стрэне,
Служыць долю змусіць;
А тут... а тут... цяжка, дзеці!
Калі ў хату пусцяць,
То, сустрэўшы, пасмяюцца,
Такія, бач, людзі:
Ўсе з асветай, пішуць кнігі,
Сонца нат асудзяць.
«Не адтуль,— кажа,— усходзіць,
Ды не так і свеціць;
Вось так,— кажа,— было б трэба...»
Што ж рабіці, дзеці?
Трэба слухаць, мо й сапраўды
Не так сонца ўсходзіць,
Як пісьменныя гавораць.
Разумнікі, й годзе!
А што ж на вас яны скажуць?
Знаю вашу славу!
Пасмяюцца, пажартуюць
Дый кінуць пад лаву.
«Няхай,— скажуць,— спачываюць,
Пакуль бацька ўстане
Ды па-нашаму раскажа
Пра сваіх гетманаў;
А то баіць байкі дурань
Мёртвымі славамі
Ды якогась там Ярэму
Вядзе перад намі
У пастолах. Дурань! дурань!
Білі, а не ўчылі.
Ад казацтва, ад гетманства
Курганы-магілы —
Больш нічога не пабачыш,
І іх разрываюць;
А ён хоча, каб слухалі,
Як старцы спяваюць.
Дарма праца, пане-браце:
Калі хочаш грошай
Ды йшчэ славы, таго дзіва,
Спявай пра «Матрёшу»,
Пра «Парашу, радость нашу»,
Султан, паркет, шпоры.
Во дзе слава! А то пяе:
«Грае сіне мора»,
А сам плача; за табою
І твая грамада
У сярмягах!..» Праўда, мудры!
Дзякую за раду!
Кажух цёплы, толькі шкода —
Не на мяне шыты,
Разумнае ж ваша слова
Брахнёю падбіта.
 
Выбачайце!.. Хоць крычыце,
Не пайду за вамі.
Дый да сябе не паклічу:
Вы людзі з мазгамі,
А я дурань; сам сабе я,
З сваёю журбою,
Заспяваю і паплачу,
Як дзіця малое.
Заспяваю — мора грае,
Вецер павявае,
Стэп чарнее, і магіла
З ветрам размаўляе.
Заспяваю — раскрылася,
Бы гара, магіла;
Аж да мора запарожцаў
Безліч стэп укрыла;
На вараных атаманы
Перад бунчукамі
Зіхацяцца... А парогі
Паміж чаратамі
Равуць, стогнуць, зазлавалі,
Страшнае спяваюць.
Паслухаю, пажуруся
І старых спытаю:
«Што сумуеце, бацькі, так?»
«Нявесела, сыне!
Дняпро на нас раззлаваўся,
Плача Украіна...»
І я плачу. А тым часам
Пышнымі радамі
Выступаюць атаманы,
Сотнікі з панамі
І ўсе ў золаце гетманы.
У маю хаціну
Прыйшлі, каля мяне селі
І пра Украіну
Гутараць, апавядаюць,
Як Сеч будавалі,
Як казакі на байдаках
Парогі міналі;
Як гулялі ў сінім моры,
Грэліся ў Скутары
Ды як, люлькі закурыўшы
Ў Польшчы нац пажары,
Вярталіся на Ўкраіну;
Як банкетавалі:
«Грай, кабзару! Лі, шынкару!»
Казакі гукалі.
Шынкар знае налівае
І не азірнецца;
Кабзар выцяў, а казакі —
Аж Хорціца гнецца —
Мяцеліцу ды гапак той
Гуртам адбіваюць;
Куфаль ходзіць, пераходзіць,
Так і высыхае.
«Гуляй, пане, без жупана!
Гуляй, вецер, полем!
Грай, кабзару, лі, шынкару,
Пакуль ўстане доля!»
Падбачыўшыся, ўпрысядкі
Дзецюкі з дзядамі:
«Во так, дзеці! Добра, дзеці!
Будзеце панамі!»
Атаманы на банкеце,
Бы прыйшлі на раду,
Пахаджаюць, размаўляюць...
Важная грамада
Ударыла, не ўцярпела
Старымі нагамі.
Я дзіўлюся, паглядаю,
Смяюся слязамі,
 
Дзіўлюся, смяюся, слёзы ўжо ўціраю...
Я не адзінокі, маю з кім я жыць!
У маёй хаціне, бы ў стэпу без краю,
Казацтва гуляе, байрак гаманіць;
У маёй хаціне сіне мора грае,
Магіла сумуе, таполя шуміць,
Ціхусенька Грыца дзяўчына спявае
Я не адзінокі, ёсць з кім век дажыць!
 
Во маё дзе дабро, грошы,
Слава і парада!
А за вашу раду — дзякуй,
За здрадніцкую раду!
Пакуль жыў я, з мяне хопіць
І мёртвага слова,
Выліваць каб журбу, слёзы.
Бывайце здаровы!
Пайду сыноў праважаці
Ў дальнюю дарогу.
Хай сабе йдуць! Можа, знойдуць
Казака старога,
Што прыгорне маіх дзетак
Старымі слязамі.
Хопіць з мяне. Скажу йшчэ раз:
Пан я над панамі!
 


Вось так, седзячы на лаве,
Ў думках разважаю:
Каго прасіць? Павядзе хто?
На дварэ світае,
Пагас месяц, гарыць сонца,
Гайдамакі ўсталі,
Памаліліся, паелі,
Вокал мяне сталі.
Сумна гэтая грамада
Голавы схіліла:
«Багаславі,— кажуць,— бацька,
Пакуль маем сілу!
Багаславі шукаць долю
На шырокім свеце».
«Пачакайце!.. Свет — не хата,
Вы ж малыя дзеці,
Куды йсці вам? Хто важатым
Пойдзе перад вамі?
Павядзе хто? Гора, дзеці,
Горанька мне з вамі!
Выпесціў вас, выгадаваў,
Выраслі нямала,
Ў людзі йдзеце, бо цяпер там
Ўсё пісьменным стала.
Выбачайце, што не выўчыў,
Бо й мяне хоць білі,
Добра білі, а багата
Дзе чаму наўчылі!
 
Тма, мна знаю, а оксію
Не ўцямлю і досюль.
Што ж вам скажуць? Хадзем, сыны,
Хадзема папросім!
Ёсць у мяне шчыры бацька
(Роднага не маю) —
Ён жа дасць мне раду з вамі,
Бо сам, здароў, знае,
Як цяжка блукаць па свеце
Сіраце без роду;
Душа шчырая на тое,
Казацкага роду!..
Не адрокся таго слова,
Што маці спявала,
Як малога спавівала,
З малым размаўляла;
Не адрокся таго слова,
Што пра Украіну,
Сумуючы, сляпы старац
Спявае пад тынам.
Любіць яе, думу праўды,
Казацкую славу,
Любіць яе! Хадзем, сыны,
За радай ласкавай!
Каб не ён спаткаў мяне так
Пры ліхой часіне,
Даўно б дасюль пахавалі
Ў снезе на чужыне;
Пахавалі б дый сказалі:
«Так... нешта пустое!..»
Цяжка тужыць, як не знаеш
За што, за якое.
Мінулася, хай не сніцца!..
Пойдзема гуляці!
Калі мне ён на чужыне
Не даў прападаці,
То й вас прыме, прывітае,
Як роднага сына.
Ад яго жа, памаліўшыся,
Гайда на Ўкраіну!»
 
Добры дзень жа, тата, ў хату!
Ля свайго парогу
Багаславі маіх дзетак
У свет, у дарогу!

Інтрадукцыя

правіць

Была калісь шляхетчына,
Вяльможная пані;
Мералася з маскалямі,
З ордай, з султанамі,
З немчурою. Было колісь...
Ды што не мінае?
Было, шляхта ганарыцца,
Дзень і ноч гуляе
Ды муштруе каралямі...
Не кажу Сцяпанам
Ці або Янам Сабескім:
Яны з незвычайных,—
А іншымі... Небаракі
Моўчкі панавалі.
Соймы, соймікі равелі,
Суседзі маўчалі,
Дзівіліся, як там з Польшчы
Каралі ўцякаюць,
Ды слухалі, як шляхецтва
Збэшчана гукае:
«Nіе роzwаlаm! Nіe роzwаlаm!»
І шляхта гвалтуе,
А магнаты паляць хаты,
Шабелькі гартуюць...
Доўга гэтак тварылася,
Пакуль у Варшаве
Панаваць стаў над ляхамі
Панятоўскі жвавы.
Запанаваў дый думаў шляхту
Прыцішыць трошкі... І не змог!
Дабра хацеў, як дзецям матка,
А можа, йшчэ хацеў чаго.
Адно ён слова «nіе роzwаlаm!»
У шляхты думаў адабраць,
А потым... Польшча запалала,
Панкі сказіліся... Крычаць:
«Гонору слова, дарма праца!
Паганец, найміт маскаля!»
На гвалт Пулаўскага і Паца
Ўстае шляхецкая зямля,
І — разам сто канфедэрацый.
 
Разбрылі канфедэраты
Па Польшчы, Валыні,
Па Літве, па Малдаванах
І па Украіне,
Распаўзліся дый забылі
Волю ратаваці,
Ссябраваліся з жыдамі,
Дый ну руйнаваці.
Руйнавалі, мардавалі,
Цэрквамі тапілі...
А тым часам гайдамакі
Нажы асвянцілі.
 

«Ярэма! Герш-ту, хамскі сыне!
Пайдзі кабылу прывядзі,
Падай пантофлі гаспадыні,
Мне прынясі вады, ідзі.
Падмяці хату, нясі дровы,
Пасып індыкам, гусям дай,
Пайдзі ў абору, дай карове,
Ды хутка, хаме!.. Пачакай!
Зрабіўшы ўсё, бяжы ў Вільшану:
Яймосці трэба. Не марудзь!»
Пайшоў Ярэма, йдзе чуць-чуць.
 
Вось так ад рання жыд паганы
Казаку жаху задаваў.
Ярэма гнуўся, бо не знаў,
Не ведаў, гаротны, што выраслі крылы,
Што неба дастане, калі паляціць,
Не знаў, нагінаўся...
О Божа мой мілы!
Цяжка жыць на свеце, а хочацца жыць:
Хочацца глядзеці, як сонейка ззяе,
Хочацца паслухаць, як мора зайграе,
Як птушка шчабеча, байрак гаманіць
Або чарнабрыўка ў гаю заспявае...
О Божа мой мілы, як весела жыць!
 
Сірата Ярэма, сіраціна ўбогі:
Ні сястры, ні брата, нікога няма!
Папіхач жыдоўскі, вырас ля парогу,
Людзей не чапае, долі ён не знаў.
Дый за што іх лаяць? Хіба яны знаюць,
Каго трэба гладзіць, каго катаваць?
Няхай банкятуюць... Аб іх доля дбае,
А сіраце трэба самому прыдбаць.
Трапляецца часам, ціханька заплача,
Дый не з таго болю, што сэрца баліць:
Што-небудзь успомніць або што пабача...
Ды ізноў за працу. Так во трэба жыць!
Нашто бацька, маці, палацы, дукаты,
Калі няма сэрца з сэрцам размаўляць?
Сірата Ярэма — сірата багаты...
Бо ёсць з кім заплакаць, ёсць з кім заспяваць;
Ёсць карыя вочы — як зоранькі, ззяюць,
Белыя ручаткі — млеюць, абымаюць.
Сэрцайка адно ёсць, сэрцайка дзявоча,
Што плача, смяецца, мрэ і ажывае,
Святым духам сярод ночы
Па-над ім вітае.
 
Вось такі ён, мой Ярэма,
Сірата багаты!
Калісь быў і я такім жа...
Мінула, дзяўчаты!
Мінулася, разышлося,
І следу не стала.
Сэрца млее, як прыпомню...
Чаму запрапала?
Чаму запрапала? Чаму не вітала?
Лягчэй было б слёзы, журбу выліваць.
Людзі адабралі, бо ім было мала:
«Нашто яму доля? Трэба закапаць:
Ён і так багаты!»
Багаты на латы
Й на дробныя слёзы — бадай не ўціраць!..
Доля мая! доля! Дзе цябе шукаць?
Да мяне вярніся, да роднае хаты
Або хоць прысніся... не хочацца спаць.
Выбачайце, мае людзі!
Можа, не да ладу,
Праз праклятых злыдняў, ліха
Не даб’ёмся складу.
Можа, стрэнемся яшчэ раз,
Пакуль я дыбаю
За Ярэмаю па свеце,
А можа... й не знаю.
Гора, людзі,— ўсюды гора,
Недзе прыгарнуцца:
Куды, кажа, хіліць доля,
Туды й трэба гнуцца.
Гнуцца моўчкі, усміхацца,
Каб людзі не зналі,
Што захована на сэрцы,
Каб не прывіталі.
Бо іх ласка... няхай сніцца
Таму, ў каго доля,
А сіротцы не снілася,
Не снілася ніколі!
Цяжка, нудна разважаці,
А маўчаць не ўмею...
Вылівайся ж, слова-слёзы:
Сонейка не грэе,
Не высушыць. Падзялюся
Маімі слязамі...
Ды не з братам, не з сястрою —
З нямымі сцянамі
На чужыне... А пакуль што —
Да карчмы вярнуся:
Што там робіцца?
Жыдзюга
Трасецца, сагнуўся
Над каганцам, лічыць грошы
Ля ложка, пракляты.
А на ложку... Ох, аж душна!
Белы ручаняты
Раскідала, раскрылася...
Як кветачка ў гаю
Чырванее, а пазуха...
Пазухі не мае —
Разарвана... Мабыць, душна
У пярыне спаці
Адзінокай, маладзенькай;
Не з кім размаўляці —
Адна шэпча... Нехрышчонка —
Адно летуценне!
Гэта дочка, а во бацька —
Чортава кішэня.
Хайка песціцца старая
Ў пярынах паганых.
Дзе ж Ярэма? Ўзяўшы торбу,
Паплёўся ў Вільшану.
 

Канфедэраты

правіць

«Адчыняй, пракляты жыдзе!
Бо будзеш біты... Адчыняй!
Ламеце дзверы, пакуль выйдзе
Стары паскуда!»
«Пачакай!
Чакайце, зараз!»
«Нагаямі
Свінячча вуха! Жартаваць,
Ці што, ты хочаш?»
«Я? З панамі?
Крый божа! Зараз, дайце ўстаць,
Яснепанове!» (цішком — «свінні»).
«Пане палкоўніку, ламай!»
Упалі дзверы... а нагай
Ўздоўж ездзе па жыдоўскай спіне.
«Здароў, свіння! Здароў, жыдзе!
Здароў, чортаў сыне!»
Ды нагаем, ды нагаем.
А жыд сагнуў спіну:
«Не жартуйце, яснепане!»
«Вечар добры ў хату!
Йшчэ раз шэльму! Йшчэ раз!.. годзе!
Выбачай, пракляты!
Добры вечар! А дзе дочка?»
«Умярла, панове!»
«Лжэш ты, Юда! Нагаямі!»
Сыпяцца нанова...
«Ой, паночкі, ей жа богу!
Ўжо дачкі не маю!»
«Брэшаш, шэльма!»
«Калі лгу я,
Няхай Бог карае!»
«Не Бог, а мы. Прызнавайся!»
«Нашто б меў хаваці
Я жывую? Няхай, Божа,
На мяне пракляцце!»
«Ха, ха, ха, ха!.. Чорт, панове,
Літанне спявае.
Хрысціся!»
«А як жа гэта?
Далібог, не знаю».
«Во, глядзі як!»
Лях хрысціцца,
А за ім і Юда.
«Брава! Брава! Ахрысцілі!
За такое ж цуда
Барыша нам, ягамосцю!
Чуеш, ахрышчоны?
Барыша стаў!»
«Зараз, зараз!»
Зараўлі шалёна,
Равуць ляхі, куфлі, чаркі
Па стале гуляюць.
«Яшчэ Польшча не згінэла!» —
Хто куды гукаюць.
«Давай, жыдзе!»
Ахрышчоны
Са склепу ды ў хату,
Знай, шмыгае, налівае;
А канфедэраты,
Знай, гукаюць: «Жыдзе! мёду!»
І жыд мігам мкнецца.
«Дзе цымбалы? Грай, псявера!»
Аж карчма трасецца —
Кракавяка адбіваюць,
Вальца ды мазура.
А жыд гляне ды ціхенька:
«Шляхоча натура!»
«Добра, годзе! Спявай зараз!»
«Не ўмею, яй-богу!»
«Не бажыся, пся ты скура!»
«Якую ж? Нябогу?»
 
«Была сабе Гандзя,
Калека-нябога,
Бажылася,
Малілася,
Што балелі ногі:
На паншчыну не хадзіла,
А за дзецюкамі...
Ціхусенька,
Прыгожанька
Паміж бур’янамі».
 
«Годзе, годзе! Гэту к чорту:
Схізматы спяваюць».
«Якой жа вам? Хіба тую?
Чакайце, ўжо знаю...»
 
«Перад панам Хведаром
Ходзіць жыд хадыром,
І задком,
І перадком
Перад панам Хведарком».
 
«Добра, годзе! Цяпер плаці!»
«Жартуеце, пане:
За што плаціць?»
«Што слухалі.
Не віляй, паганец!
Не жартуем. Давай грошы!»
«Дзе мне іх узяці?
Ні шэлега; з ласкі панскай
Маё ўсё багацце».
«Лжэш, сабака! Прызнавайся!
А нуце, панове,
Батагамі!»
Засвісцелі,
Хрысцяць Лейбу знова.
Бічавалі, бічавалі,
Аж пер’е ляцела.
«Ні шэлега, ей жа богу!
Ешце маё цела!
Ні шэлега! Гвалт! Ратуйце!»
«Вось мы паратуем!»
«Пачакайце! Я скажу штось...»
«Што ж, мо й што пачуем,
Ды не брашы! Бо хоць здохні,
Брахня не паможа».
«Не... ў Вільшане...»
«Твае грошы?»
«Мае?.. Хавай Божа!
Не, кажу я... што ў Вільшане...
Ў вільшанскіх схізматаў...
Па тры сем’і, па чатыры
Збіты ў адну хату».
«Гэта знаем, бо мы самі
Іх паабскубалі».
«Ды не тое... выбачайце...
Каб ліха не зналі,
Каб прысніліся вам грошы!..
Бачыце, ў Вільшане...
У касцёле... у ктытара...
А дачка Аксана!
Як паненка! І не бачыў
Я такой харошай!
А чырвонцаў! Не яго хоць,
Дык што? Абы грошы!»
«Абы грошы, адналькова!
Праўду Лейба кажа;
А каб пэўнай была праўда,
Няхай шлях пакажа.
Адзявайся!»
Паехалі
Ляхі у Вільшану.
Адзін толькі пад лаваю
Канфедэрат п’яны
Ўстаць нядужы, а мурлыча
Ў нос асалавела:
 
«Му żуjеmу, mу żуjеmу,
Роlsка nіе żgińęłа».
 

Ктытар

правіць

«У гаю, гаю
Вецер не йграе;
Месяц высока,
Зоркі зіяюць.
Сэрцайка, выйдзі,
Я выглядаю;
Хоць на гадзінку,
Мая рыбінка!
Выглянь, галубка,
Ды паваркуем,
Ды пасумуем:
Бо я далёка
Сёння вандрую.
Выглянь жа, пташка,
Сэрцайка, выглянь,
Пакуль блізенька,
Ды паваркуем...
Ох, цяжка, цяжка!»
 
Гэтак, ходзячы пад гаем,
Ярэма спявае,
А Аксаны ані знаку,
Як ні выглядае.
Зоры ззяюць; сярод неба
Месяц зіхаціцца;
Верба слухае салоўку;
Глядзіцца ў крыніцу;
На каліне, над вадою,
Так і вылівае,
Як бы знае, што дзяўчыну
Казак выглядае.
А Ярэма па даліне
Кволым ходзіць ходам,
Не слухае салавейкі...
 
«Ой нашто мне ўрода,
Калі няма долі, калі крыўды гнуць,
Леты маладыя марна прападуць.
Адзін я на свеце без роду і долі —
Сцябліна-быліна ды на чужым полі,
Сцябліну-быліну вятры разнясуць;
Так і мяне людзі не знаюць, дзе дзеці.
За што ж адракліся? Што я сірата.
Адно было сэрца, адно на ўсім свеце,
І душа, як сонца, адна ясната,
Дый тая зраклася!»
І хлынулі слёзы.
Паплакаў гаротны, уцёр рукавом.
«Бывай жа здарова. У далёкай дарозе
Найду або долю, або за Дняпром
Галавою лягу... А ты не заплачаш,
А ты не пабачыш, як груган клюе
Тыя кары вочы, ой, вочы казачы,
Што ты цалавала, сэрцайка мае!
Забудзь мае слёзы, забудзь сіраціну,
Забудзь, што клялася,— другога шукай!
Я табе не пара; я ў шэрай свіціне,
Ты ж дачка ктытара... Лепшага вітай!
Вітай, каго знаеш... Такая мне доля,
Забудзь мяне, пташка, забудзь, не журыся!
А калі пачуеш, што на чужым полі
Палёг галавою,— цішком памаліся.
Адна, сэрца, на ўсім свеце
Хоць ты памаліся!»
Дый заплакаў гарапашны,
На кій пахіліўся.
Плача сабе ціхусенька.
Шалесць!.. Калі глянуў:
Каля гаю, як ласачка,
Крадзецца Аксана.
Забыў, пабег, абняліся...
«Сэрца!» — дый самлелі.
Доўга, доўга толькі — «сэрца!»
Дый ізноў нямелі.
«Годзе, пташка!»
«Яшчэ трошкі,
Яшчэ... сізакрылы!
Душу вымі!.. Йшчэ раз... йшчэ раз...
Як мяне ўтаміла!»
«Адпачынь, мая ты зорка!
Ты з неба зляцела!»
Паслаў світку. Як ясачка,
Ўсміхнулася, села.
«Сядай жа й ты каля мяне!»
Сеў, дый абняліся.
«Сэрца маё, мая зорка,
Як я занудзіўся!»
«Замарудзіла я сёння:
Бацьку штось змарыла,—
Яго ўвесь час даглядала...»
«А мяне й забыла?»
«Ах, які ты, ей жа богу!»
І слёзка бліснула.
«Не плач, сэрца, я жартую».
«Жарты!»
Усміхнулась.
Прыхілілася галоўкай
Дый нібы заснула.
«Бач, Аксана, я жартую,
А ты ўпраўду плачаш.
Ну, не плач жа, на мяне глянь:
Заўтра не пабачыш.
Заўтра буду я далёка,
Далёка, Аксана...
Заўтра ўночы ў Чыгірыне
Свянцоны дастану;
Срэбра-золата ён дасць мне,
Дасць мне ён і славу;
Адзену цябе, абую,
Пасаджу, як паву,—
На пасадзе, як гетманку,
Буду любавацца...
Пакуль не ўмру — любавацца».
«А можа й так стацца:
Разбагацееш, у Кіеў
Паедзеш з панамі,
Шляхцяначку сабе знойдзеш,
Забудзеш Аксану!»
«Няўжо ёсць дзе прыгажэйша?»
«Стрэнешся мо й з лепшай».
«Гневіш Бога, маё сэрца:
Няма прыгажэйшай!
Ні на небе, ні за небам,
Ні за сінім морам —
Няма больш, як ты, прыгожай!»
«Што гэта гаворыш?
Апомніся!»
«Праўду, рыбка!»
Дый знову, дый знову.
Як бачыце, яны доўга
Паміж чулых словаў
Цалаваліся ўсім сэрцам,
Колькі сілы мелі;
Плакалі ды бажыліся,
Туліліся, млелі.
Ёй расказываў Ярэма,
Як ім жыцца будзе
Удваёчку, як золата
І долю здабудзе,
Як выражуць гайдамакі
Ляхаў на Ўкраіне,
Як ён будзе панаваці,
Калі не загіне.
Аж абрыдала ўсё слухаць,
Далібог, дзяўчаткі!
«Вось які! Як бы й сапраўды
Абрыдла!..»
А матка
Або бацька як пабачаць,
Што вы, мае любы,
Чытаеце гэта дзіва,—
Грэху на ўсю губу!
Тады, тады... Ды ну яго,
А яно цікава!
А каб жа вам расказаць бы,
Як казак чарнявы
Пад вярбою, над вадою,
Абняўшысь, сумуе;
А Аксана, як галубка,
Варкуе, цалуе.
То заплача, то замлее,
То галоўку склоне:
«Маё сэрца, мая доля!
Мілы мой саколе!
Мой!..» Аж вербы нагнуліся
Слухаць тую мову.
Вось так мова! Не скажу вам,
Мае чарнабровы,
Не раскажу проці ночы,
Прысніцца на ліха.
Хай разыдуцца ціхенька,
Як сышліся ціха,—
Ціхусенька, мілюсенька,
Каб ніхто не бачыў
Ні дзявочых дробных слёзак,
Ні шчырых казачых.
Няхай сабе... Можа, йшчэ раз
На гэтым на свеце
Яны стрэнуцца... пабачым...
А тым часам свеціць
З усіх акон у ктытара.
Што магло там стацца?
Трэба глянуць, расказаці...
Бадай не ўглядацца!
 
Бадай не ўглядацца, бо якое ж свята!
Бо за людзей сорам, бо сэрца баліць.
Гляньце, паглядзіце: то канфедэраты,
Людзі, што меліся волю бараніць.
Бараніць, загубцы!.. Будзь праклята маці,
І дзень, і гадзіна, калі панясла,
Калі спарадзіла, на свет прывяла!
Глядзіце, што робяць у ктытара ў хаце
Пякельныя дзеці!
У печы запалаў
Агонь і свеціць на ўсю хату.
Сабакай у кутку дрыжыць
Пракляты жыд. Канфедэраты
Крычаць ктытару: «Хочаш жыць?
Скажы, дзе грошы?»
Той маўчыць.
Пастронкамі скруцілі рукі,
Аб землю ўдарылі... Няма,
Няма ні слова.
«Мала мукі!
Давайце прыску! Дзе смала?
Крапі яго! Так! Халадзее?
Хутчэй жа прыскам пасыпай!
Што? Скажаш, шэльма?.. І не стогне!
Заўзяты, бестыя! Чакай!..»
Насыпалі ў халяву жару...
«Цвічок у цемя забівай!»
Не выцерпеў святое кары,
Упаў няшчасны,— прападай
Душа без споведзі святое!
«Аксана... дочка!» — дый сканаў.
Зірнулі ляхі з неспакоем,
Хоць запяклі.
«Якую ж нам
Цяпер даць раду? Памяркуем.
Цяпер з ім нечага рабіць.
Запалім цэркву!»
«Гвалт! Ратуйце!
Хто ў Бога веруе!» — крычыць
На дварэ голас у бяссіллі.
Ўздрыгнулі ляхі. «Хто такі?»
Аксана ў дзверы: «Ах, забілі!»
Дый пала крыжам. Старшы з іх
Махнуў рукою на грамаду.
Панура шляхта, бы харты,
За дзверы выйшла. Сам жа ззаду
Бярэ самлелую...
Дзе ж ты,
Ярэма? Дзе ты? Падзівіся.
А ён, вандруючы, спявае,
Як Налівайка з ляхам біўся.
Прапалі ляхі, нежывая
Прапала з імі і Аксана.
Сабакі там-сям ля Вільшаны
Загаўкаюць дый замаўчаць.
Бялее месяц; людзі спяць,
І ктытар спіць... Не рана ўстане:
Навекі, праведны, заснуў.
Святло гарэла, пагасала,
Пагасла... Мёртвы бы ўздрыгнуў,
І сумна-сумна ў хаце стала.

Свята ў Чыгірыне

правіць

Гетманы, гетманы, ой, каб жа вы ўсталі,
Ўсталі, паглядзелі на той Чыгірын,
Што вы будавалі, дзе вы панавалі!
Заплакалі б цяжка, бо вы б не пазналі
Казацкае славы убогіх руін.
 
Базары, дзе войска, як морам чырвоным,
Перад бунчукамі, бывала, гарыць,
А яснавяльможны на кані шыкоўным
Блісне булавою — мора закіпіць...
Закіпіць — і разлілося
Стэпамі, ярамі;
Ліха млее перад імі...
А за казакамі...
Дый казаць што?.. Мінулася;
А дні, што мінулі,
Ўспамінаць, браты, не варта,
Бо каб не пачулі...
Дый што з таго, хоць і ўспомніш?
Успомніш — заплачаш.
Ну, хоць глянем на Чыгірын,
Калісьці казачы.
З па-за лесу, з-за туману,
Месяц выплывае;
Чырванее круглаліцы;
Гарыць, а не ззяе;
Відаць, знае, што ўжо лішні
Блеск яго на свеце,
Што пажары Украіну
Нагрэюць, асвецяць.
І змерклася, а ў Чыгрыне,
Як у дамавіне,
Сумна-сумна... (Было гэта
Па ўсёй Украіне
Проці ночы макавея,
Як нажы свянцілі.)
Людзей не чуць, цераз рынак
Кажан кастакрылы
Пераляціць; на прыселлі
Сава завывае.
А дзе ж людзі?.. Над Цясмінам,
У цёмным у гаю,
Сабраліся; стары, малы,
Бедны і багаты
Паядналіся,— чакаюць
Вялікага свята.
 
Там у цёмным гаю, ў зялёнай дуброве,
На папасе коні атаву скубуць;
Асядланы коні стаяць нагатове.
А куды ж паедуць? Каго павязуць?
Вунь каго, глядзіце! Ляглі па даліне,
Як бы нежывыя, ні слова не чуць.
Гэта гайдамакі... На гвалт Украіны
Арлы наляцелі; яны разнясуць
Ляхам, жыдам кару;
За кроў і пажары
Пеклам гайдамакі ляхам аддадуць.
 
Каля дубровы ў рад стаяць
Вазы жалезнае тарані:
Гасцінец гэта шчодрай пані,—
Умела што каму даваць,
Няўрокам ёй, няхай пануе,
Няхай не шкодзіць, як не чуе!
Паміж вазамі недзе стаць;
Як бы у вырай наляцела
З Сміляншчыны, з Чыгірына
Казацтва тое, старшына,—
На пэўнае зляцелі дзела.
Казацкае панства па блонні
Ў кірэях чорных, як адзін,
Паціху ходзячы, гамоніць
І паглядае на Чыгрын.
 
Старшына першы
Стары Галаваты штось вельмі хітруе.
 
Старшына другі
Мудрая галава. Сядзіць сабе на хутары, нібы не знае нічога, а глядзіш — усюды Галаваты. «Калі сам,— кажа,— не давяршу, то сыну перадам».
 
Старшына трэці
Дый сын жа штука! Я ўчора сустрэўся з Залезняком; такое расказвае пра яго, што цур яму! «Кашовым,— кажа,— будзе, дый годзе; а можа, яшчэ і гетманам, калі тое...»
 
Старшына другі
А Гонта нашто? А Залязняк? Да Гонты сама... сама пісала: «Калі»,— кажа...
 
Старшына першы
Ціха! замаўчыце! Здаецца, звоняць!
 
Старшына другі
Ды не, гэта людзі гамоняць.
 
Старшына першы
Гамоняць, пакуль ляхі пачуюць. Ох, старыя галовы ды разумныя! Мудруюць, мудруюць дый зробяць з лемяша швайку! Дзе можна лантух, там торбы не трэба. Купілі хрэну — трэба з’есці; плачце, вочы, хоць павылазьце: бачылі, што куплялі, грошам не прападаць! А то думаюць, думаюць, ні ўголас, ні моўчкі, а ляхі здагадаюцца — вось табе і пшык! Што там за рада? Чаму яны не звоняць? Чым спыніш народ, каб не гаманіў? Не дзесяць душ, а, дзякуй Богу, уся Сміляншчына, калі не ўся Ўкраіна. Во, чуеце, спяваюць.
 
Старшына трэці
Сапраўды, спявае штось; пайду спыню.
 
Старшына першы
Не спыняй! Няхай сабе спявае, абы не голасна!
 
Старшына другі
Гэта, мабыць, Волах! Такі не выцерпеў стары дурань; трэба, дый годзе!
 
Старшына трэці
А мудра спявае! Калі не паслухаеш, усё іншую. Падкрадземся, браткі, ды паслухаем; а тым часам зазвоняць.
 
Старшына першы і другі
А што ж? То й хадзема!
 
Старшына трэці
Добра, пойдзем!
(Старшыны цішком сталі за дубам, а пад дубам сядзіць сляпы кабзар; кругом яго запарожцы і гайдамакі. Кабзар спявае з павагай і няголасна).
 
«Ой, волахі, волахі!
Вас засталося трохі;
І вы, малдаваны,
Цяпер вы не паны:
Вашы гаспадары —
Найміты ў татараў,
У турэцкіх султанаў.
Ў кайданах, ў кайданах!
Годзе ж, не журыцца!
Шчыра памаліцца,
Братайцеся з намі,
З намі, казакамі;
Ўспомніце Багдана,
Старога гетмана;
Будзеце панамі,
Ды, як мы, з нажамі.
З нажамі святымі,
Ды з бацькам Максімам
Ночку пагуляем,
Ляхаў пагайдаем,
Ды так пагуляем,
Што аж пекла засмяецца,
Зямля затрасецца,
Неба запалае...
Добра пагуляем!»
 
Запарожац
Добра пагуляем! Праўду стары спявае, калі не брэша. А што б з яго за кабзар быў бы, каб ды не волах!
 
Кабзар
Ды я й не волах — так толькі: быў калісь на Валошчыне, а людзі і завуць Волахам — сам не знаю, за што.
 
Запарожац
Ну і надарэмна: іграні яшчэ якую-небудзь! Ану пра бацьку Максіма зажар.
 
Гайдамака
Ды не голасна, каб не пачула старшына.
 
Запарожац
А што нам ваша старшына? Пачуе, дык паслухае, калі мае чым слухаць, дый годзе! У нас адзін старшы — бацька Максім; а ён як пачуе, то йшчэ карбаванца дасць. Спявай, старча божы, не слухай яго.
 
Гайдамака
Ды яно так, чалавеча. Я гэта й сам знаю, ды вось што: не так паны, як падпанкі, або — пакуль сонца ўзыдзе, раса вочы выесць.
 
Запарожац
Брахня! Спявай, старча божы, якую знаеш, а то й звона не дачакаемся — паснём.
 
Разам
Папраўдзе, паснём. Спявай якую-небудзь!
 
Кабзар
(спявае)
«Ой, лётае арол сізы
Аж пад аблакамі;
Ой, гуляе Максім-бацька
Стэпамі, лясамі.
Арол сізы, з ім арляты
Высака лятаюць;
Ой, гуляе Максім-бацька,
З ім хлопцы гуляюць.
Запарожцы тыя хлопцы,
Сыны яго, дзеці.
Памяркуе, загадае,
Біць ці піць і пеці,
Ці скакаці, ды і ўжараць,
Аж зямля трасецца.
Заспявае — заспяваюць,
Аж ліха смяецца;
Мёд, гарэліцу не чаркай —
А збанком сцябае,
А ворага, заплюшчыўшысь,
Лупіць, не мінае.
Вось які той атаман наш,
Арол сізакрылы!
І ваюе, і гарцуе
З усёй сваёй сілы —
Няма ў яго ні хаціны,
Ні саду, ні ставу...
Стэп і мора — скрозь шлях біты.
Скрозь золата, слава.
Шануйцеся ж, ўражы ляхі,
Лютыя сабакі:
Йдзе Залязняк Чорным шляхам,
За ім гайдамакі».
 
Запарожац
Вось гэта так! Шмаргануў, нечага сказаць: і да ладу, і праўда. Добра, далібо, добра! Што хоча, то так і ўтне. Дзякуй, дзякуй!
 
Гайдамака
Я штось не ўцяміў, што ён спяваў пра гайдамакаў.
 
Запарожац
Які ж ты бязглузнік, сапраўды! Бачыш, вось што ён спяваў: каб ляхі паганыя, шалёныя сабакі, каяліся, бо йдзе Залязняк Чорным шляхам з гайдамакамі, каб ляхаў, бачыш, рэзаць...
 
Гайдамака
І вешаць, і катаваць! Добра, яй-богу, добра! Ну, гэта так! Далібо, даў бы карбаванца, каб быў не прапіў учора! Шкода! Ну, няхай старая вязне, больш мяса будзе. Пачакай, будзь ласкаў, заўтра аддам. Утні яшчэ што-небудзь пра гайдамакаў.
 
Кабзар
На грошы я не вельмі ласы. Абы была ласка слухаць,— пакуль не ахрып, спяваць буду; а ахрыпну — чарачку-другую таей лядашніцы-жывіцы, як кажуць, дый зноў. Слухайце ж, панове, грамада!
 
«Начавалі гайдамакі
Ў зялёнай дуброве,
На прывязі паслі коні,
Ў сёдлах, нагатове.
 
Начавалі ляшкі-панкі
У хатах з жыдамі;
Напіліся, разлягліся,
Дый...»
 
Грамада
Сцішцеся! Здаецца, звоняць. Чуеш? Яшчэ раз... о!..
 
«Зазванілі, зазванілі!» —
Пайшло рэха гаем.
«Ідзеце вы маліцеся,
А я даспяваю».
 
Павалілі гайдамакі,
Аж стогне дуброва;
Не павезлі, а на плечах
Вазы чумаковы
Нясуць яны. А за імі
Сляпы Волах знову:
«Начавалі гайдамакі
Ў зялёнай дуброве...»
Ўслед пляцецца, ў нос мармоча,
І ўсё не да рэчы.
«Дай там іншай, старча божы!» —
З вазамі на плечах
Крычаць яму гайдамакі.
«Добра, наце, хлопцы!
Вось так! Вось так! Добра, добра!
Ану-це малойцы,
Заіграем!»
Зямля гнецца,
А яны з вазамі
Так і рэжуць. Кабзар грае,
Дадае славамі:
 
«Ой, гоп такі-так!
Кліча Гандзю казак:
«Хадзі, Гандзя, пажартую!
Хадзі, Гандзя, пацалую!
Хадзем, Гандзя, да папа
Богу памаліцца,
Няма жыта ні снапа —
Вары вараніцы!»
Ажаніўся, зажурыўся:
Нічога не мае;
У зрабніне растуць дзеці,
А казак спявае:
«І па хаце дзы-ны-ны,
І па сенцах дзы-ны-ны,
Вары, жонка, ліны!
Дзы-ны-ны, дзы-ны-ны!»
 
«Добра! Добра! Шчэ раз! Шчэ раз!» —
Крычаць гайдамакі.
 
«Ой, гоп таго дзіва!
Наварылі ляхі піва,
А мы будзем шынкаваць,
Панкоў-ляшкаў частаваць;
Панкоў-ляшкаў пачастуем,
З паненкамі пажартуем.
Ой, гоп такі-так!
Кліча панну казак:
«Панна, пташка мая!
Панна, доля мая!
Не саромся, дай ручаньку,
Хадзем пагуляйма;
Няхай людзям ліха сніцца,
А мы заспявайма!
А мы заспявайма,
А мы пасядайма,
Панна, пташка мая!
Панна, доля мая!»
«Шчэ раз, шчэ раз!»
«Як бы такі абы так, або сяк;
Як бы такі запарожскі казак!
Як бы такі малады, малады,
Павадзіў бы хоць туды, то сюды!
Страх, як мне не хочацца
З старым дзедам марочыцца!
Як бы такі...»
 
«Гэй-гэй, буяны! замаўчыце!
Бач, расхадзіліся! А ты,
Стары сабака, каб маліцца,
Вярзеш тут погань! Вот чарты!» —
Ім атаман крычыць што сілы;
Аж глянь — і цэркаў. Дзяк спявае,
Папы з кадзіламі, з крапілам,
А грамада — што нежывая,
А ні дзілінь... Паміж вазамі
Папы з крапіламі пайшлі,
За імі хоругві няслі,
Як бы на той Вялікдзень самы.
«Маліцесь, брація, ў дзень гэты! —
Так благачынны пачынаў.—
Кругом святога Чыгрына
Пастане варта з таго свету,
Не дасць святога распінаць.
А вы Украіну трымайце:
Не дайце мацеры, не дайце
Ў руках у ката прападаць!
Ад Канашэвіча і досюль
Пажар не гасне, людзі мруць,
Гніюць у турмах, ласкі просяць...
Дзеці няхрышчаны растуць,
Казаччы дзеці; а дзяўчаты!..
Зямлі казацкае краса
У ляха вяне, як перш маці,
І непакрытая каса
Сячэцца стыдам... Кары вочы
Ў няволі гаснуць; раскаваць
Казак сястру сваю не хоча;
Сам не сароміцца канаць
У ляха ў путах... Гора, гора!
Маліцесь, дзеці! Страшны суд
Ляхі на Ўкраіну нясуць —
І чорныя заплачуць горы.
Успомніце сваіх гетманаў:
Дзе іх магілы? Дзе ляжыць
Астанак слаўнага Багдана?
Дзе Астраніцына стаіць
Хоць бы убогая магіла?
Дзе Налівайкава? Няма!
Жывога й мёртвага спалілі.
Дзе той Багун, дзе та зіма?
Інгул штозіму замярзае —
Багун не ўстане загаціць
Шляхоцкім трупам. Лях гуляе!
Няма Багдана чырваніць
І Жоўты Воды, й Рось зялёну.
Сумуе Корсунь старадзённы:
Няма журбу з кім падзяліць.
І Альта плача: «Цяжка ў свеце!
Я сохну, сохну... Дзе Тарас?
Няма, не чуць... Не ў бацьку дзеці!
Не плачце, брація: за нас
І душы праведных, і сіла
Архістратыга Міхаіла.
Не за гарамі кары час.
Маліцесь, брація!»
Спяшылі
Маліцца шчыра буяны,
Як дзеці, Госпада малілі,
Гадалі тое... а здабылі —
Над казакамі курганы!
Адно дабро, адна слава —
На крыжы хусціна,
Дый ту знімуць...
А дыякан:
«Няхай вораг гіне!
Во нажы вам! Пасвянцілі».
Званы загудзелі;
Раве гаем: «Пасвянцілі!»
Ажно сэрца млее.
Пасвянцілі! пасвянцілі!
Гіне шляхта! гіне!
Разабралі, заблішчалі
Па ўсёй Украіне.

Трэція пеўні

правіць

Штодзень Украйну катавалі
Крывава ляхі; йшчэ адзін,
Адзін астатні сумавалі
І Украіна, і Чыгрын.
І той мінуў, дзень макавея,
Украйны свята і надзея.
Мінуў... І лях, і жыдавін
З крывёй гарэлку выпівалі,
Клялі схізмата, распіналі,
Клялі, што нечага ўжо ўзяць.
А гайдамакі моўчкі ждалі,
Пакуль паганцы лягуць спаць.
Ляглі і ў голавы не клалі,
Што ўжо ім заўтра не ўставаць.
Заснулі ляхі ўжо, а Юды
Йшчэ лічаць грошы уначы,
Ўпацёмку лічаць барышы,
Каб не пабачылі, бач, людзі.
На золата й яны ляглі
І сном нячыстым задрамалі.
Дрэмлюць... Каб навекі яны задрамалі!
А тым часам месяц плыве аглядаць
І неба, і зоры, і зямлю, і мора
Ды на людзей глянуць, на іх долю, гора,
Каб раніцай Богу гэта расказаць.
Свеціць белаліцы на ўсю Украіну,
Свеціць, а ці бачыць маю сіраціну,
Аксану з Вільшаны, сірату маю?
Дзе яе катуюць, дзе яна варкуе?
Ці знае Ярэма? Ці знае, ці чуе?
Пабачыма потым... А цяпер спяю,
Не тую — другую, іншую зайграю;
Ліха — не дзяўчаты — будзе танцаваць.
Нядолю спяваю казацкага краю!
Слухайце ж, каб дзецям потым расказаць,
Каб і дзеці зналі,— ўнукам расказалі,
Як казакі шляхту цяжка пакаралі
За то, што не ўмела ў дабры панаваць.
 
Гаманіла Украіна,
Доўга гаманіла,
Доўга кроў цякла стэпамі,
Поле чырваніла.
Цякла, цякла, дый высахла.
Стэпы зелянеюць;
Дзяды ляжаць, а над імі
Магілы сінеюць.
Што з таго, што высокія?
Ніхто іх не знае,
Ніхто шчыра не заплача
І не ўспамінае.
Толькі вецер ціхусенька
Павее часамі,
Толькі росы ранюсенька
Дробнымі слязамі
Іх умыюць. Сонца ўзыдзе,
Асушыць, прыгрэе...
А унукі? Ім хоць бы што,—
Жыта сабе сеюць!
Багата іх, а хто скажа,
Дзе Гонты магіла?
Дзе мучаніка схавала
Варожая сіла?
Залязняк дзе з душой шчырай,
Дзе адпачывае?
Цяжка-цяжка! Кат пануе,
Іх жа як не знаюць.
Гаманіла Украіна,
Доўга гаманіла,
Доўга кроў цякла стэпамі,
Поле чырваніла.
Дзень і ноч гвалт і гарматы;
Зямля стогне, гнецца;
Сумна, страшна, а успомніш —
Сэрца усміхнецца.
 
Месячык мой ясны! З высокага неба
За гару схавайся, бо святла не трэба;
Страшна табе будзе, хоць гуляў на Росе,
На Альце, на Сене; і там разлілося
Крыві не знай за што шырокае мора.
А цяпер што будзе? Схавайся ж за горы;
Схавайся, мой дружа, каб не давялося
На старасць заплакаць...
 
Сумна, сумна сярод неба
Ззяе белаліцы.
Паўздоўж Дняпра ідзе казак,
Можа, з вечарніцы.
Ідзе смутны, невясёлы,
Ледзьве цягне ногі.
Мо за тое ўжо не любіць
Дзяўчына, што ўбогі?
І дзяўчына яго любіць,
Хоць лата ля латы.
Чарнабрывы, ён не згіне,
Будзе і багаты.
Чаго ж смутны, невясёлы
Ідзе, чуць не плача?
Якусь цяжкую нядолю
Сэрцайка казача
Хоць варожыць, ды не скажа,
Што за ліха будзе.
Міне ліха... Вокал яго —
Бы вымерлі людзі.
А ні пеўні, ні сабакі,
І толькі з-за гаю
Дзесь далёка небаракі
Ваўкі завываюць.
Хай выюць! Ідзе Ярэма,
Ды не да Аксаны,
Не ў Вільшану на досвіткі,—
Да ляхаў паганых
У Чаркасы. А там трэці
Певень заспявае.
А там... там... Ідзе Ярэма,
Дняпро аглядае.
 
«Ой, Дняпро, Дняпро мой, шырокі ды дужы
Багата ты, бацька, у мора насіў
Той крыві казацкай,— йшчэ панясеш, дружа
Чырваніў ты мора, ды не напаіў,—
А ў ноч гэту ўп’ешся. Пякельнае свята
Па ўсёй Украіне сёння зараве;
Пацячэ багата, багата, багата
Шляхоцкае крыві. Казак ажыве;
Ажывуць гетманы ў залатых жупанах,
Прабудзіцца доля; казак запяе:
«Ні жыда, ні ляха!» А ў стэпах Украйны —
О Божа мой мілы,— булава блісне!»
 
Так думаў, ідучы ў латанай свіціне,
З свянцоным гаротны Ярэма ў руках.
Дняпро ж бы падслухаў: шырокі ды сіні
Падняў горы-хвалі; грозна ў чаратах —
Раве, стогне, завывае,
Лозы нагінае;
Гром грахоча... А маланка
Хмару раздзірае.
Ідзе сабе наш Ярэма,
Нічога не бача;
Адна думка усміхнецца,
Другая заплача.
«Там Аксана, там вясёла
І ў шэрай свіціне;
А тут... а тут... што йшчэ будзе?
Можа, йшчэ загіну!»
А тым часам з-пад байраку
Певень — кукарэку!
«А, Чаркасы!.. Божа мілы,
Не ўкараці веку!»

Чырвоны банкет

правіць

Зазванілі ва ўсе звоны
Па ўсёй Украіне;
Закрычалі гайдамакі:
«Гіне шляхта, гіне!
Гіне шляхта! Пагуляем
Ды хмару нагрэем!»
Занялася Сміляншчына,—
Хмара чырванее,
А найпершай Медзвядзёўка
Неба награвае.
Гарыць Сміла; Сміляншчына
Крывёй падплывае.
Гарыць Корсунь, гарыць Канеў,
Чыгірын, Чаркасы;
Чорным шляхам запалала,
І кроў палілася
У Валынь аж. Па Палессі
Гонта банкятуе,
А Залязняк ў Сміляншчыне
Дамаску гартуе
У Чаркасах, дзе й Ярэма
Пробуе свянцоны.
«Вось так, вось так! Добра, дзеці,
Рэжце іх, шалёных!
Добра, хлопцы!» — так на рынку
Залязняк гукае.
Вокал пекла; гайдамакі
Па пекле гуляюць.
А Ярэма — страшна глянуць —
Па тры, па чатыры
Так і ложыць. «Добра, сыне!
Мацяру іх к віру!
Рэж, дарэзвай! У раю будзеш
Або есаулам.
Гуляй, сыне! Нуце, дзеці!»
І дзеці шугнулі
Па гарах і па каморах,
У склепе, ў гародзе
Ўсіх уклалі, ўсё забралі.
«Цяпер, хлопцы, годзе!
Утаміліся, спачыньце!»
Вуліцы, базары
Крывёй зліты, ўсланы трупам.
«Мала злыдням кары!
Трэба йшчэ раз перамучыць,
Каб не паўставалі
Нехрышчоныя іх душы!»
На рынак шыбалі
Гайдамакі. Ярэма йдзе,
Залязняк гукае:
«Чуеш, хлопча? Хадзі сюды!
Хадзі, не спужаю!»
«Не баюся!» Зняўшы шапку,
Стаў, як перад панам.
«Скуль ты будзеш? Хто такі ты?»
«Я, пане, з Вільшаны».
«З той Вільшаны, дзе ктытара
Псы замардавалі?»
«Дзе? якога?»
«У Вільшане...
І кажуць, што ўкралі
Яго дочку, калі знаеш».
«Дочку... у Вільшане?»
«У ктытара, калі ведаў».
«Аксана! Аксана!» —
Ледзьве вымавіў Ярэма
Дый бухнуўся долу.
«Эге! Вось што!.. Шкода хлопца!
Праветры, Мікола!»
Праветрыўся. «Бацька! браце!
Ах, каб быў старукі!..
Дай нож мне! дайце сілу!
Мукі ляхам! мукі!
Мукі страшнай, каб аж пекла
Траслося ды млела!»
«Добра, сыне! Нажы будуць
На святое дзела.
Хадзем з намі у Лісянку
Нажы гартаваці!»
«Хадзем, хадзем, атамане,
Бацька ты мой, браце
Мой ядыны! На край свету
Паляту, дастану,
З пекла вырву, атамане!..
На край свету, пане...
На край свету, ды не ўбачу,
Не знайду Аксаны!»
«Можа, й знойдзеш. А цябе як
Завуць? — я не знаю».
«Ярэмаю».
«А прозвішча?»
«Прозвішча не маю!»
«Байструк хіба? Без прозвішча...
Запішы, Мікола,
У рэестар! Няхай будзе...
Няхай будзе Голы!
Так і пішы!»
«Не, пагана!»
«Ну, хіба Бядою?»
«І не тое».
«Пачакай во:
Пішы Галайдою!»
Запісалі.
«Ну, Галайда,
Паедзем гуляці!
Знойдзеш долю... А не знойдзеш...
Ну, хлопцы, сядлайце!»
І Ярэме каня далі
Лішняга з абозу.
Усміхнуўся на гнядошы
Ды ізноў у слёзы.
Выехалі за вароты,—
Палаюць Чаркасы...
«Ці ўсе, дзеці?»
«Усе, бацька!»
«Гайда!»
Паняслася
Па дуброве, па-над Днепрам
Казачча ватага.
А за імі кабзар Волах
З кобзаю з павагай
На коніку кавыляе,
Казакам спявае:
«Гайдамакі, гайдамакі!
Залязняк гуляе».
 
Паехалі... а Чаркасы
Палаюць, палаюць.
Палайце! Ніхто й не гляне.
Смяюцца ды лаюць
Панкоў-шляхту і гамоняць,
Кабзара марочаць.
Залязняк жа насамперад
Пільна вухам сочыць;
Едзе сабе, люльку курыць,
Нікому ні слова.
А за ім нямы Ярэма...
Зялёна дуброва,
І гай цёмны, і Днепр дужы,
Й высокія горы,
Неба, зоры, дабро, людзі
І лютае гора —
Ўсё прапала, ўсё! Нічога
Не знае, не бача,—
Як забіты. Яму цяжка,
Цяжка, а не плача.
Крыважадная гадзюка
Смагла выпівае
Яго слёзы, душу давіць,
Сэрца раздзірае.
«Ой вы, слёзы! дробны слёзы!
Вы змыеце гора;
Змыйце яго... Цяжка! нудна!
І сіняга мора,
І Дняпро, каб гора выліць,—
І Дняпра не стане!
Загубіці хіба душу?
Аксана! Аксана!
Дзе ты? Дзе ты? Адгукніся,
Мая ты ядына!
Паглядзі ты на Ярэму!
Дзе ты? Можа, гіне;
Можа, цяжка кляне долю,
Кляне, умірае
Або ў пана у кайданах
У склепе канае!
Ўспамінае мо Ярэму,
Родную Вільшану,
Кліча яго: «Маё сэрца,
Абымі Аксану!
Абымемся, мой саколе!
Навекі замлеем.
Няхай здзекуюцца ляхі,—
Не пачуем!..» Вее,
Вее вецер з-за Ліману,
Гне таполю ў полі,—
І дзяўчына пахінецца,
Куды гне нядоля;
Пасумуе, пажурыцца,
Забудзе... і можа...
У жупане — сама пані;
А лях... Божа! Божа!
Карай пеклам маю душу,
Вылі мукі мора,
Разбі кару нада мною,
Ды не такім горам
Карай сэрца! Разарвецца,
Хоць было б як камень!
Доля мая! маё сэрца!
Аксана! Аксана!
Дзе ты дзелася, прапала?»
І хлынулі слёзы,—
Драбнюткія паліліся.
Скуль яны ўзяліся?
А Залязняк гайдамакам
Кажа запыніцца:
«У лес, хлопцы! Ўжо світае
І коні прысталі:
Папасём іх!» — і ціхенька
На папаску сталі.

Гупалаўшчына

правіць

Зайшло сонца; Украіна —
Дзе палала, тлела,
А дзе шляхта, запёршыся,
У будынках млела.
Скрозь па сёлах шыбельніцы;
Навешана трупаў —
Толькі старшых, а так шляхта —
Валяецца гуртам
На вуліцах, на расстанях
Сабакі, вароны
Грызуць шляхту, клююць вочы,—
Ніхто не бароніць...
Дый некаму: засталіся
Дзеці ды сабакі,—
Жанкі нават з качаргамі
Пайшлі ў гайдамакі.
 
Вось было якое ліха
Па ўсёй Украіне!
Горш ад пекла... А завошта,
За што людзі гінуць?
Таго ж бацькі, тыя ж дзеці,—
Жыць бы ды братацца.
Не, не ўмелі, не хацелі,—
Трэба раз’яднацца!
Крыві трэба, крыві братняй,
Бо зайздрасць, што ў брата
Ё ў каморы і на полі,
І поўная хата.
«Заб’ём брата! Спалім хату!» —
Сказалі, зрабілі.
Ўсё б, здаецца!.. Не, на кару
Сіротаў пусцілі.
Раслі ў слёзах дый выраслі;
Замучаны рукі
Развязаліся — й кроў за кроў,
І мукі за мукі!
Баліць сэрца, як успомніш:
У крыві заліты
Славян дзеці. А хто вінен?
Ксяндзы, езуіты!..
Вандравалі гайдамакі
Ярамі, лясамі,
А за імі і Галайда
З дробнымі слязамі.
Ўжо мінулі Вараноўку,
Вярбоўку, ў Вільшану
Прыехалі. «Спытаць хіба,
Спытаць пра Аксану?
Не спытаю, каб не зналі,
За што прападаю...»
А тым часам гайдамакі
Й Вільшану мінаюць.
Пытаецца у хлопчыка:
«Ктытара забілі?»
«Ды не, дзядзька, казаў бацька,
Што яго спалілі
Тыя ляхі, што ляжаць там,
І Аксану ўкралі.
А ктытара на цвінтары
Ўчора пахавалі».
Не даслухаў... «Нясі, косю!»
І паводдзе кінуў.
«Чаму ўчора, як не ведаў,
Ўчора не загінуў!
А калі і ўмру сягоння,
З дамавіны ўстану
Ляхаў мучыць. Сэрца маё!
Аксана! Аксана!
Дзе ты?»
Змоўкнуў, зажурыўся,
Паехаў ступою.
Цяжка-цяжка бедачыне
Змагацца з тугою.
Дагнаў сваіх. Баравіцкім
Полем ужо едуць.
Са стадолай карчма тлее,
А Лейбы ні следу.
Усміхнуўся мой Ярэма,
Цяжка усміхнуўся:
«Вось тут, вось тут пазаўчора
Перад жыдам гнуўся,
А сягоння!..» Дый жаль стала,
Што беды мінулі.
Гайдамакі каля яру
З шляху павярнулі.
Наганяюць парабчонка.
Хлопец у зрабнінах
Палатняных, у пастолах;
На плячах тарбіна.
«Гэй, старчэня! Пачакай, брат!»
«Я не старац, пане!
Я, як бачыш, гайдамака».
«Які ж абарванец!
Адкуль жа ты?»
«З Кірылаўкі».
«А Будзішча знаеш?
І возера каля Будзішч?»
«І возера знаю —
Вось яно там, гэтым ярам
Да яго даедзеш».
«Што, сягоння ляхаў бачыў?»
«Прапалі ўсе недзе!
А ўчора было багата,
Вянкоў не свянцілі:
Не далі паганцы-ляхі.
За то ж іх і білі!
І я нажом святым, бацька;
А маці нядужа,
А то й яна б...»
«Добра, хлопча!
Вось на табе, дружа,
Дукат гэты, не згубі, бач!»
Узяў залатога,
Паўзіраўся: «Шчыра дзякуй!»
«Ну, хлопцы, ў дарогу!
Ды чуеце? Без гамонкі.
Галайда, за мною!
Возера ё ў гэтым яру
І лес пад гарою,
А ў лесе скарб. Як прыедзем,
Дык каб вокал сталі,
Скажы хлопцам. Можа, ў лёхах
Варту пастаўлялі
Там паганцы».
Прыехалі,
Сталі кругом лесу;
Паглядаюць — анікога...
«Цю іх да ста бесаў!
Што за грушы урадзілі!
Збівайце, хлапчаты!
Жыва! жыва! Гэтак! гэтак!»
І канфедэраты
Пасыпаліся дадолу,
Грушы гнілабокі.
Пазбівалі, падабралі;
Не маргнуўшы вокам:
Знайшлі лёхі, скарб забралі,
У ляхаў кішэні
Ператрэслі дый рушылі
Чыніць кару дрэні
Ў Лісянку.

Банкет у Лісянцы

правіць

Змяркалася. А з Лісянкі
Агні засвяцілі:
Гэта Гонта з Залязнякам
Люлькі закурылі.
Страшна, страшна закурылі!
І ў пекле не ўмеюць
Курыць гэтак. Гнілы Цікіч
Крывёй чырванее
І шляхоцкай, і жыдоўскай,
А над ім палаюць
І хаціна, і будынак;
Бы доля карае
І вяльможных, і убогіх.
А сярод базару
Залязняк стаіць і Гонта,
Крычаць: «Ляхам кары!
Кары ляхам, хай каюцца!»
І дзеці караюць.
Стогнуць, плачуць; адзін просіць,
Другі праклінае;
Той моліцца, спавядае
Грахі перад братам,
Ўжо забітым. Не мілуюць,
Караюць заўзята.
Як смерць тая, не ўважаюць
На годы, на ўроду
Шляхцяначкі, жыдовачкі.
Цячэ кроў у воду.
Ні калекі, ні старога,
Ні дзіцё малое
Не мінулі,— не ўпрасілі
Часіны ліхое.
Паляглі ўсе, ўсе пакотам;
Ні душы жывое
Не засталася ў Лісянцы.
А пажар удвое
Разгарэўся, распаліўся
Да самае хмары.
А Галайда, знай, гукае:
«Кары ляхам, кары!»
Як шалёны, мёртвых рэжа,
Вешае з запалам.
«Дайце ляха, дайце жыда!
Мала іх мне, мала!
Дайце ляха, крыві дайце
Натачыць з паганых!
Крыві мора... Мала мора!..
Аксана! Аксана!
Дзе ты?» — крыкне і знікае
Ў полымі, ў пажары.
А тым часам гайдамакі
Сталы ўздоўж базару
Паставілі; нясуць страву
Ды што дзе папалі,
Засветла каб павячэраць.
«Гуляй!» — загукалі.
Вячэраюць, а кругом іх
Пекла чырванее.
Павешаныя ў пажары
На кроквах чарнеюць
Паноў трупы. Гараць кроквы
І падаюць з імі.
«Піце, дзеці! Піце, ліце!
З панамі такімі
Можа, йшчэ раз сустрэнемся,
Йшчэ раз пагуляем!»
І з паўгарца адным духам
Залязняк куляе.
«За праклятых вашых трупаў
І за душ праклятых
Шчэ раз вып’ю! Піце, дзеці!
Вып’ем, Гонта, браце!»
«Вып’ем, дружа, пагуляем
Удваёчку, ў пары.
А дзе ж Волах? Заспявай жа
Нам, стары кабзару!
Не пра дзедаў, бо не горай
Мы ляхаў караем;
Не пра ліха,— бо яго мы
Не зналі й не знаем.
Вясёлую ўтні нам, старча,
Каб зямля трашчэла,—
Пра ўдавіцу-маладзіцу,
Як яна цярпела».
 
Кабзар
(грае і прыпявае)
«Ад сяла да сяла
Танцы ды музыкі:
Курку, яйкі прадала,
Маю чаравікі!
Ад сяла да сяла
Буду танцаваці:
Ні каровы, ні вала,—
Сама адна ў хаце.
Я аддам, я прадам
Ды куплю хаціну,
Я куплю, я зраблю
Крамачку пад тынам;
Таргаваць, шынкаваць
Чарачкамі буду,
Танцаваць ды гуляць
З парабчанскім людам!
Ох вы, дзеткі мае,
Мае галубяткі!
Не журыцеся, глядзіце,
Як танцуе матка!
Сама ў наймы пайду,
Ў школу дзетак аддам,
А чырвоным чаравічкам
Такі дам, такі дам!»
«Добра! добра! Ну, да танцаў,
Да танцаў, кабзару!»
Сляпы ўрэзаў. У прысядкі
Пайшлі па базару.
Зямля гнецца... «Ану, Гонта!»
«Ну, браце Максіме!
Жарнем дружна, мой галубе,
Покуль не загінем!»
«Не ўзірайцеся, дзяўчаты,
Што я абадраўся;
Бо мой бацька рабіў гладка,
І я ў яго ўдаўся».
«Добра, браце! Ей жа богу!»
«Ану, ты, Максіме!»
«Пачакай, брат!»
 
«Вось рабі так, як раблю я:
Любі дочку хоць якую,—
Хоць папову, хоць дзякову,
Хоць харошу мужыкову!»
 
Ўсе танцуюць, а Галайда
Не чуе, не бача,
Сядзіць сабе ў канцы стала,
Цяжка-важка плача,
Як дзіцё. Чаго б, здаецца?
У чырвоным жупане,
золата ёсць, і слава,
Ды няма Аксаны!
Не з кім долю падзяліці,
Не з кім заспяваці!
Адзін, адзін сіратою
Мусіць прападаці!
А таго, таго й не знае,
Што яго Аксана
Па тым боку за Цікічам
Ў пакоях з панамі,
З тымі самымі ляхамі,
Што закатавалі
Яе бацьку. Недалюдкі!
А цяпер прапалі
За мурамі, ды глядзіце,
Як жыды канаюць,
Браты вашы! А Аксана
Ў акно выглядае
На асвечану Лісянку.
«Дзе-та мой Ярэма?» —
Сама думае, не знае,
Што ён тут не дрэмле,
У Лісянцы. Ды не ў світцы —
Ў чырвоным жупане,
Сядзіць адзін ды думае:
«Дзе мая Аксана?
Дзе яна, мая галубка
Бяскрылая, плача?»
Цяжка яму!
А з-пад яру
Ў кірэі казачай
Хтось крадзецца.
«Хто такі ты?» —
Галайда пытае.
«Пасланец я пана Гонты.
Няхай пагуляе —
Я пажду».
«Не, не дажджэшся,
Жыдоўскі сабака!»
«Хавай Божа, які я жыд?
Бачыш? Гайдамака!
Вось капейка... Прыглядзіся...
Хіба ты не знаеш?»
«Знаю, знаю!» — і свянцоны
З халявы вымае.
«Прызнавайся, жыд лукавы,
Ты прывёў у Млееў
Да ктытара ляхаў п’яных.
Я, Лейба, не ўмею
Жартаваці. Я — Ярэма,
Твой найміт, паганы.
Ці ж не пазнаў? Прызнавайся...
Дзе мая Аксана?»
Дый замахнуўся.
«Крый божа!..
Ў палацы... з панамі...
У золаце ўся...»
«Выручай жа!
Выручай, пракляты!»
«Добра, добра... Які ж бо вы,
Ярэма, заўзяты!
Іду зараз і выручу:
Грошы мур ламаюць.
Скажу ляхам: замест Паца...»
«Добра, добра! Знаю,
Хутчэй ідзі!»
«Зараз, зараз!
Гонту забаўляйце,
З паўчасіны, а няхай там!
Ідзіце ж, гуляйце!..
Куды везці?»
«У Лебядзін!
У Лебядзін,— чуеш?»
«Чую, чую».
І Галайда
З Гонтаю танцуе.
А Залязняк бярэ кобзу:
«Патанцуй, кабзару!
Я зайграю».
Наўпрысядкі
Сляпы па базару
Адбівае пасталамі,
Дадае славамі:
«На гародзе пастарнак, пастарнак;
Ці ж табе я не казак, не казак?
Ці ж цябе я не люблю, не люблю?
Ці ж табе я чаравічкаў не куплю?
Куплю, куплю, чарнабрыва,
Куплю, куплю таго дзіва.
Буду, сэрца, хадзіць,
Буду, сэрца, любіць».
 
«Ой гоп-гапака!
Палюбіла казака,
Ды рудога,
Ды старога,—
Ліха доля така!
Ідзі ж, доля, за журбою.
А ты, стары, за вадою!
А я — дык у шынок.
Вып’ю чарку і другую,
Выпіць трэцюю хачу я,
Пятай, шостай закушу я.
Пайшла баба у танок,
А за ёю галубок,
Выкрутасам,
Выхілясам,
Маладзец, галубок!
Стары руды бабу кліча,
Тая ж яму дулю тыча:
«Ажаніўся, сатана,
Даставай жа мне пшана!
Трэба дзетак гадаваць,
Трэба дзетак адзяваць,
А я буду дабываць;
А ты, стары, не грашы,
Ды ў запечку калышы,
Ды маўчы, не дышы!»
 
«Як была я маладою прыпадобніцаю,
Павесіла хвартушыну над аконніцаю;
Хто йдзе — не міне,
То кіўне, то міргне.
А я шоўкам вышываю,
У шыбінку выглядаю.
Сыманы,
Іваны!
Надзявайце жупаны,
Ды мы пойдзем пагуляем,
Ды мы сядзем заспяваем!»
«Заганяйце квочку ў бочку,
А курчат у сетку!..
…...............................................
…...............................................
І... гу!
Загнуў бацька дугу,
Цягне маці супоню,
А ты, донка, ссупоні!»
«Ці йшчэ? Ці годзе?»
«Яшчэ!
Хоць брыдкую! Самі ногі носяць».
«Ой, сып вядром квас
Ды крышы апенькі!
Дзед ды баба,
Той да ладу,—
Абое радзенькі».
 
«Ой, сып вядром квас
Ды крышы пятрушку!
…......................................
…......................................
Ой, сып вядром квас
Ды накрышы хрэну!
…................................
…................................
Ой, сып воду, воду
Ды ідзі шукаці броду!..»
«Годзе! Годзе! — крычыць Гонта:
Годзе, пагасае.
Светла, дзеці!.. А дзе Лейба?
Дзе ён прападае?
Знайсці яго ды павесіць.
Пяцелька свіняча!
Гайда, дзеці! Пагасае
Каганец казачы!»
А Галайда: «Атамане!
Пагуляйма, татка!
Глядзі — гарыць; на базары
І відна, і гладка.
Патанцуем. Грай, кабзару!»
«Не хачу гуляці!
Агню, дзеці! Дзёгцю, клочча!
Гарматы давайце;
Даць агню у склепы, сховы!
Думаюць — жартую!»
 
Заравелі гайдамакі:
«Добра, бацька, чуем!»
Цераз грэблю павалілі,
Гукаюць, спяваюць.
А Галайда крычыць: «Бацька!
Стойце!.. Прападаю!
Пачакайце, не страляйце:
Там мая Аксана!
Часіначку, бацькі мае!
Я яе дастану!»
«Добра, добра! Залязняча,
Давай знак страляці!
Годзе цацкацца з ляхамі...
А ты, мілы браце,
Знойдзеш іншую!»
Тут глянуў —
Галайды ні духу.
 
Равуць горы — дом з ляхамі
Пажарам забухаў
Каля хмар. Што засталося —
Пеклам запалала...
«Дзе Галайда?» — Максім кліча.
І следу не стала...
Пакуль малойцы танцавалі,
Ярэма з Лейбай не драмалі.
Пралезлі ў дом, у самы лёх.
Схапіў Аксану у хвіліну
Ярэма з лёху і сам рынуў
У Лебядзін...

Лебядзін

правіць

«Ой, сіротка, я з Вільшаны.
Сірата, бабуся!
Бацьку ляхі замучылі,
А мяне... Баюся,
Баюся, галубка, ўспомніць!..
Узялі з сабою.
Не распытывай, бабулька,
Што было са мною.
Плакала ды наракала,
Гора сэрца рвала,
Слёзы сохлі, душа мёрла...
Ох, каб гэта знала,
Што яго йшчэ раз пабачу
Жывым і здаровым,—
Выцерпела б яшчэ болей
За адно хоць слова!
Выбачай, мая галубка!
Можа, я грашыла;
Можа, Бог за то й карае,
Што я палюбіла,—
Палюбіла стан высокі
І карыя вочы,
Палюбіла, як умела,
Як сэрцайка хоча.
Не за бацьку малілася
Й за сябе ў няволі,—
За яго, мая бабуся,
За мілага долю.
Карай, Божа! Тваю праўду
Я выцерпець мушу.
Сказаць страшна: думала ж я
Загубіці душу.
Каб не ён жа,— можа б... можа,
Так і загубіла.
Цяжка было! Думала я:
«О Божа мой мілы!
Сірата ён,— без мяне хто
Яго прывітае?
Хто пра долю, пра нядолю,
Як я, распытае?
Хто абыме, як яго я?
Хто душу пакажа?
І хто ўбогаму сіроце
Слова ласкі скажа?» —
Я так думала, бабуся,
Смяялася сэрца:
«Без бацькоў я засталася
Сіратой на свеце;
І адзін ён на ўсім свеце,
Мяне верна любіць,
А пачуе, што не жыва,
Сам сябе загубіць».
Так я думала ў малітвах,
Ждала ў кожным часе:
І няма яго, не будзе! —
Адна засталася...»
Дый заплакала. Чарніца
Горка, без надзеі
Зажурылася.
«Бабулька!
Ты скажы мне: дзе я?»
«Ў Лебядзіне, мая птушка!
Не ўставай: ты хвора».
«Ў Лебядзіне? Ці даўно я?»
«Ды не, пазаўчора».
«Пазаўчора?.. Пачакайце!..
Пажар над вадою...
Жыд, Майданаўка, будынак...
Завуць Галайдою...»
«Так, Ярэмай Галайдою
Сябе называе
Той, прывёз што...»
«Дзе ён? дзе ён?
Цяпер жа я знаю!..»
«Цераз тыдзень абяцаўся
Прыйсці за табою».
«Цераз тыдзень! Цераз тыдзень!
Сэрцайка загоіць!
Бабусенька, мінулася
Ліхая часіна!
Той Галайда — мой Ярэма!..
Па ўсёй Украіне
Яго знаюць. Я глядзела,
Як сёлы гарэлі,
Бачыла я — каты ляхі
Трэсліся і млелі,
Як хто скажа пра Галайду.
Знаюць яны, знаюць,
Хто такі ён, і адкуль ён,
І каго шукае!..
Ён шукаў мяне й нарэшце
Адшукаў, саколік!
Прылятай жа, мой галубе,
Маё шчасце, доля!
Ох, як весела на свеце,
Хоць ідзі скакаці!
Цераз тыдзень, бабусенька...
Яшчэ тры дні ждаці.
Ох, як доўга!..
«Заграбай, мама, жар, жар,—
Будзе табе дочкі жаль, жаль...
Ох, як весела на свеце!
А табе, бабуся,
Ці весела?» «Я табою,
Пташка, весялюся».
«А чаму ж ты не спяваеш?»
«Я ўжо адспявала...»
Зазванілі на вячэрню.
Аксана ўздыхала,
А чарніца памаліцца
У храм падыбала.
 
Цераз тыдзень ў Лебядзіне
У царкве спявалі:
«Ісаія, лікуй!» Ранкам
Ярэму вянчалі;
А вечарам мой Ярэма
(От хлопец звычайны!),
Не злаваць каб атамана,
Пакінуў Аксану:
Ляхаў кончыць; з Залязнякам
Вяселле спраўляе
На Уманшчыне, ў пажарах.
Яна выглядае —
Выглядае, ці не едзе
З баярамі ў госці —
Перавезці яе з келлі
Ў хату на памосце.
Не журыся, спадзявайся
Ды маліся Богу.
А цяпер жа мне на Умань
Сцелецца дарога.

Гонта ў Умані

правіць

Хваліліся гайдамакі,
На Умань ідучы:
«Будзем драці, пане-браце,
З кітайкі анучы!»
 
Мінаюць дні, мінае лета,
А Украіна, знай, гарыць;
Галосяць дзеці неадзеты:
Бацькоў няма ўжо. Шалясціць
Лісцё пажоўклае ў дуброве;
Гуляюць хмары, сонца спіць;
Нідзе не чуць людское мовы;
Звер толькі вые за сялом,
Трупы грызучы. Не хавалі,—
Ваўкоў ляхамі гадавалі,
Аж пакуль снегам занясло
Агрызкі воўчыя.
Не спыніла завіруха
Пякельнае кары;
Ляхі мерзлі, а казакі
Грэліся ў пажары.
Вясна ўстала і зямельку
Сонную збудзіла,
Уквяціла ў зелень, кветкі,
Барвінкам пакрыла;
І на полі жаваронак,
Салавейка ў гаі
Зямлю, ўбраную вясною,
Ўранні сустракаюць...
Рай, ды годзе! Для каго ж ён?
Для людзей... А людзі?
На яго й зірнуць не хочуць,
А зірнуць — асудзяць.
Крывёй трэба змаляваці,
Асвяціць пажарам;
Сонца мала, кветак мала,
І багата хмараў.
Пекла мала!.. Людзі, людзі!
Калі ўжо з вас будзе
Дабра таго, што маеце?
Дзіўныя вы людзі!
І вясна кроў не спыніла,
Ні злосці людское.
Цяжка глянуць; а прыпомніш —
Так было і ў Троі.
Так і будзе.
Гайдамакі
Гуляюць, караюць;
Дзе праедуць — зямля ў прыску,
Крывёю сплывае.
Максім прыдбаў сабе сына
На ўсю Украіну;
Хоць не родны сын Ярэма,
А шчыры хлапчына.
Максім рэжа, а Ярэма
Не рэжа—лютуе:
З нажом вострым на пажарах
Днюе і начуе.
Не мілуе, не мінае
Нідзе анікога;
За ктытара ляхам плаціць,
За бацьку святога,
За Аксану... Дый замлее,
Ўспомніўшы Аксану.
А Залязняк: «Гуляй, сыну,
Покуль доля ўстане!
Пагуляем!» Пагулялі:
Купаю на купе
Ад Кіева да Умані
Леглі ляхі трупам.
 
Нібы хмара, гайдамакі
Умань абступілі
Апоўначы; да ўсход сонца
Умань затапілі;
Затапілі, закрычалі:
 
«Бі ляха, панове!»
Пакацілася па рынку
Jazda narodowa,
Пакаціліся і дзеці,
І калека хворы.
Гвалт і галас... На базары,
Як пасярод мора
Крывавага, стаіць Гонта
З Максімам заўзятым.
Крычаць удвух: «Добра, дзеці!
Вось так іх, праклятых!»
Аж вядуць во гайдамакі
Ксяндза-езуіта
І двух хлопцаў: «Гонта! Гэта
Твае дзеці ўмыты!
Ты нас рэжаш — рэж і іх ты:
Яны каталікі.
Чаго ж стаў? Чаму не рэжаш?
Покуль невялікі.
Зарэж і іх; бо вырастуць,
Дык цябе зарэжуць!..»
«Забіце пса! А псянятаў
Сваёю зарэжу.
Кліч грамаду. Прызнавайцесь,
Што каталікі вы!»
«Католікі... бо нас маці...»
«Божа міласцівы!
Маўчаць! маўчаць! Знаю, знаю!»
Збеглася грамада.
«Католікі — мае дзеці...
Каб не было здрады,
Каб не было перасудаў,
Панове грамада!
Прысягаў, як браў свянцоны,
Католіка рэзаць.
Ой, сыны! сыны мае вы!
Малыя гарэзы!
Што не рэжаце вы ляха?»
«Будзем рэзаць, татка!»
«О, не будзеце вы рэзаць!
Будзь праклятай матка,
Праклятая каталічка,
Што вас спарадзіла!
Чаму вас да ўсходу сонца
Была не ўтапіла?
Менш бы грэху: вы памерлі б
Не каталікамі!
А сягоння, сыны мае,
Горачка мне з вамі!
Пацалуйце мяне, дзеці,
Не я забіваю,
А прысяга!..» Махнуў ножам —
І дзяцей не мае!
Парэзаныя палеглі.
«Тата...— булькаталі.—
Тата, тата!.. Мы не ляхі!
Мы...» — дый замаўчалі.
«Пахаваць, можа?» «Не трэба
Дзяцей каталічкі.
Ой, сыны, сыны мае вы!
Чаму невялічкі?
Чаму ворага і матку
Не гналі ў магілу?
Тую матку каталічку,
Што вас спарадзіла?..
Хадзем, браце!»
Ўзяў Максіма;
Пайшлі ўздоўж базару
І абодва закрычалі:
«Кары ляхам, кары!»
І каралі... Страшна, страшна
Умань запалала.
Ні ў харомах, ні ў касцёле
Нікога не стала,—
Паляглі ўсе. Разні гэткай
Не было паганай,
Што ў Умані бушавала.
Школу базылянаў,
Дзе вучылі дзяцей Гонты,
Сам Гонта руйнуе:
«Ты паіла маіх дзетак! —
Гукае, лютуе.—
Тут паілі невялікіх,
Дабру не наўчылі...
Бурыць сцены!»
Гайдамакі
Сцены развалілі,
Развалілі, аб каменне
Ксяндзоў разбівалі,
А школьнікаў у крыніцы
Жыўцом пахавалі.
Да самае ночы ляхаў выразалі;
 
І душы не знойдзеш. А Гонта крычыць:
«Дзе вы, людаеды? Дзе вас пахавалі?
З’елі маіх дзетак,— цяжанька мне жыць!
Цяжанька мне плакаць! з некім гаварыць!
Ой, сыны, сыночкі, дзе мне вас шукаці?
Дзе вы запрапалі? Крыві, крыві дайце!
А крыві шляхоцкай, бо хочацца піць!
Хочацца ўзірацца, як яна чарнее,
Хочацца напіцца!.. Што вецер не вее,
Ляхаў не навее?.. Цяжанька мне жыць!
Цяжанька мне плакаць! Праведныя зоры!
Пакрыйцеся хмарай,— я вас не чапаў,
Я дзяцей зарэзаў!.. Горачка мне, гора!
Дзе я прытулюся?»
Так Гонта крычаў,
Па Умані бегаў. А сярод базару
Сталы гайдамакі ставілі ў крыві;
Дзе што адшукалі, стравы наняслі
І вячэраць селі. Апошняя кара,
Апошняя вячэра!
«Гуляйце, сыны!
Піце, покуль п’ецца! Біце, покуль б’ецца!»
Залязняк гукае: «Ану, разані
Што-небудзь, бязглузды! Няхай зямля гнецца,
Няхай пагуляюць мае казакі!»
І кабзар усыпаў:
«А мой бацька і купец,
І кравец;
Праля мая маці
Ды свацця;
Браты мае, кавалі,
Прывялі
І карову аж з дубровы
І маніста наняслі.
А я сабе Хрысця
Ў манісце;
А на ліштве лісце
Ды лісце,
Чаравічкі і падковы.
Выйду ранкам да каровы,—
Я карову напаю,
Падаю,
З дзецюкамі настаю,
Пастаю».
 
«Ой, гоп па вячэры!
Замыкайце, дзеці, дзверы!
Ты, старая, не журыся
Ды да мяне прытуліся!»
Ўсе гуляюць. А дзе ж Гонта?
Чаму не гуляе?
Чаму не п’е з казакамі?
Чаму не спявае?
Няма Гонты; як відаці,
Спяваці не смее
Ў гэтым часе.
А хто гэткі
У чорнай кірэі
Цераз рынак пераходзіць?
Стаў, рые ля слупа,
Ляхаў мёртвых раскідае.
Нагнуўся, два трупы
Узваліў сабе на плечы
І назад з базару
Цераз мёртвых пераходзіць,
Крыецца ў пажары
За касцёлам... Хто ж то гэткі?
Гонта ў горы ўночы
Нясе дзетак пахаваці,
Пяском закрыць вочы,
Каб казацкае іх цела
Сабакі не елі.
І па вуліцах, дзе меней
Калоды гарэлі,
Панёс Гонта сваіх дзетак,
Каб ніхто не бачыў,
Дзе сыноў ён пахавае
І як Гонта плача.
За дарогу ў поле вынес;
Свянцоны вымае
І свянцоным рые яму.
А Умань палае,
Свеціць Гонце пры рабоце
І на дзяцей свеціць.
Як бы спяць яны ў адзежы...
Чаго ж страшны дзеці?
Чаго Гонта, бы крадзе што
Або скарб хавае?
Аж трасецца... А з Умані
Чуваць, як гукаюць
Таварышы-гайдамакі.
Гонта як не чуе,—
Сынам хату сярод стэпу
Глыбоку будуе.
Збудаваў... Бярэ сыноў ён,
Кладзе ў тую хату
І не гляне, нібы чуе:
«Мы не ляхі, тата!»
Абаіх злажыў; з кішэні
Кітайку вымае
І цалуе ў вочы мёртвых,
Хрысціць, накрывае
Той чырвонаю кітайкай
Голавы казачы.
Паглядзеў, раскрыўшы, йшчэ раз...
Цяжка-важка плача:
«Ой, сыны мае, сыночкі!
На тую Ўкраіну
Паглядайце! за яе вы
І я з вамі гіну.
А хто мяне пахавае?
На чужацкім полі
Хто заплача нада мною?
Доля мая, доля!
Доля мая няшчасная!
Што ты нарабіла?
Нашто мне дзяцей дала ты?
Чаму не забіла?
Хай бы яны пахавалі,
А то я хаваю!»
Са слязьмі перахрысціўшы,
Накрыў, зарывае.
«Спачывайце, сыны мае,
Ў глыбокім прыселлі!
Сука-маці не прыдбала
Новае пасцелі.
Без васількоў і без руты
Спачывайце, дзеці!
Ды прасіце шчыра Бога,
Хай на гэтым свеце
За вас мяне пакарае,
За грэх мой без меры!
Мне даруйце. Я прашчаю,
Што вы польскай веры».
Зраўняў землю, накрыў дзёрнам,
Каб ніхто не бачыў,
Дзе палеглі Гонты дзеці,
Голавы казачы.
«Спачывайце і чакайце
Ўбачыцца са мною.
Скараціў жа я вам веку,
І мне будзе тое!
І мяне заб’юць... Хутчэй бы!
Ды хто пахавае?
Гайдамакі!.. Пайду йшчэ раз,
Пайду пагуляю!..»
Пайшоў згорблены ў свет Гонта;
Ідзе, спатыкнецца.
Пажар свеціць; Гонта гляне,
Гляне — усміхнецца.
Страшна, страшна усміхаўся,
На стэп азіраўся.
Абцёр вочы... Чуць мільгае
Ў дыме дый схаваўся.

Эпілог

правіць

Даўно то мінула, як малой дзяцінай,
Сіратою ў зрэб’і я калісь блукаў
Без світкі, без хлеба па той Украіне,
Дзе Залязняк, Гонта з свянцоным гуляў.
Даўно то мінула, як тымі шляхамі,
Дзе йшлі гайдамакі,— малымі нагамі
Хадзіў я ды плакаў, ды людзей шукаў,
Што дабру наўчылі б. Я цяпер пазнаў,
Пазнаў, дый жаль стала, што ліха мінула.
Маладое ліха!.. Як бы ты зірнула,
Прамяняў бы долю, што цяпер я маю,
Ліха тое ўспомню, бяскрайныя стэпы
І бацьку, і дзеда,— дзед яшчэ мой крэпак...
Бацька ж не жыве мой, дзед яшчэ гуляе.
Бывала, ў нядзелю, старадаўным следам,
Выпіўшы той горкай па чарцы з суседам,
Бацька дзеда просіць, каб той расказаў
Пра Каліеўшчыну ды як ваявалі,
Як Залязняк, Гонта ляхаў пакараў...
Сталетнія вочы, як зоры, зіялі,
А слова за словам крыніцай лілося:
Як ляхі каналі, як Сміла гарэла...
Суседзі ад страху слухалі нясмела.
І мне, йшчэ малому, не раз давялося
Па ктытару плакаць. І ніхто не бачыў,
Што дзіцё малое ды ў куточку плача.
Дзякуй табе, дзеду, што ты захаваў
Ў галаве сталетняй славу нам казачу:
Я цяпер унукам яе расказаў.
 
Выбачайце, людцы, што вам
Казацкую славу
Так расказваю наўгадкі
Без кніжнае справы.
Так расказваў дзед калісьці —
Няхай здароў будзе! —
А за ім я. Не знаў стары,
Што пісьменныя людзі
Тыя рэчы прачытаюць.
Дзедка, не сумуйся!
Няхай лаюць! А я покуль
Да сваіх вярнуся,
Ды ўжо давяду да краю,
Давяду,— спачыну,
Ды хоць скрозь сон пагляджу я
На тую Ўкраіну,
Дзе хадзілі гайдамакі
З святымі нажамі,
На шляхі тыя, што мераў
Малымі нагамі.
 
Пагулялі гайдамакі,
Добра пагулялі:
Год шляхецкаю крывёю
Паілі, злівалі
Украіну. Дый замоўклі,—
Нажы пашчарбілі.
Няма Гонты; няма яму
Крыжа, ні магілы.
Развеялі буйны ветры
Попел гайдамака,
І некаму памаліцца,
Некаму заплакаць.
Адзін толькі брат названы
Застаўся на свеце;
Той, пачуўшы, што так страшна
Пякельныя дзеці
Замучылі яго брата,—
Залязняк заплакаў
Першы раз і слёз не выцер,
Памёр, небарака.
Нуда яго задавіла
На чужацкім полі,
Ў чужу землю палажыла:
Такая ўжо доля!
Сумна-сумна гайдамакі
Жалезную сілу
Пахавалі... Насыпалі,
Як гару, магілу;
Заплакалі, разышліся,
Адкуль узяліся.
 
Адзін толькі мой Ярэма
На кій пахіліўся,
Стаяў доўга. «Спачынь, бацька,
На чужацкім полі!
Бо на сваім няма месца,
Няма месца, волі!..
Спі, казача, з добрым сэрцам!
Хто-небудзь успомніць».
 
Пайшоў стэпам небарака,
Галаву ў дол клоніць.
Доўга-доўга азіраўся,
Дый не відна стала;
Адна толькі сярод стэпу
Магіла стаяла.
 
Пасеялі гайдамакі
На Ўкраіне жыта,
Ды не яны яго жалі,—
Нехта будзе сыты.
Няма праўды, не вырасла,—
Крыўда спавівае...
Разышліся гайдамакі,
Хто куды дзе знае:
Хто дадому, хто ў дуброву,
З нажом у халяве,
Жыдоў кончыць. І такая
Дасюль ходзіць слава.
А тым часам зруйнавалі
Сеч тую былую:
На Кубань хто, за Дунай хто;
Адно толькі чуеш,
Як парогі сярод стэпу
Равуць, завываюць:
«Пахавалі дзяцей нашых,
І нас разрываюць!»
Равуць сабе й раўсці будуць,—
Іх людзі мінулі;
А Ўкраіна, яе дзеці
Навекі заснулі.
 
З таго часу на Ўкраіне
Жыта зелянее;
Не чуць плачу, ні гарматаў,
Толькі вецер вее,
Нагінае вербы ў гаі,
А кавыль на полі.
Ўсё замоўкла. Хай маўчыць жа:
На то Божжа воля.
 
Толькі вечарам часамі
Па-над Днепрам, гаем
Гайдамакі йдуць старыя,
Ідучы, спяваюць:
«А ў нашага Галайды хата на памосце.
Грай, мора! Добра, мора!
Добра будзе, Галайда!»