Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/VII/6
← 5. Марына | 6. Гарадок Абразок Аўтар: Максім Багдановіч 1927 год |
7. ⁂ → |
6.
ГАРАДОК.
Над крутым берагам ціхай, сьветлай рэчкі, на ўзгорку, стаіць гарадок. Ён увесь — драўляны, саламяны. Са ўсіх бакоў агаражывае яго моцны дубовы тын. Таму і завецца гэтае месца «горад». Пасярэдзіне гораду — пляц. Тамака сабіраецца агульная нарада мястоўцаў — «вечэ».
Там робіцца суд, адбываюцца кірмашы.
На відавочным месцы пляцу стаяць княжацкія харомы. Яны дубовыя, выгодныя, зробленыя на два паверхі. Блішчаць іх шыбы з чырвонага, сіняга, жоўтага шкла. Стаўні, дзьверы, балясіны аздоблены пекнай разьбой, памалёваны ў вясёлыя фарбы. Мястоўцы звыклі да княжацкіх харомаў і нават ня дзівяцца на іх. Але сяляне, калі бываюць у гарадку, цікава пазіраюць на гэтыя будынкі.
Проці княжацкіх харомаў — драўляная цэркаўка і высокая званіца. А вакол — хаткі і хаткі, прасьцюсенькія, з саламянымі стрэхамі; на шырокіх надворках — сьвірны, клуні, пуні, віднеюцца высокія жураўлі студняў. Па-за хаткамі — гароды. Паміж хатак разьбяжаліся крывыя, вузкія вулачкі, заросшыя траўкай-мураўкай.
Вось Кавальская вуліца. На ёй нікога ня відаць. Толькі дзеці сабраліся ў гурточак і водзяць карагод вакол аднаго хлапца, пяючы:
«Сядзіць, сядзіць яшчур |
Але з надворкаў па ўсёй вуліцы нясецца моцны грук. Там стаяць кузьні, і ўжо зраньня працуюць кавалі, вырабляючы гострыя сякеры, нажы, калёныя галоўкі да стрэлаў і коп’яў, мячы, а таксама «шэломы» (жалезныя шапкі), «кольчугі» (шырокія кашулі, зробленыя ўсе чыста з дробных жалезных калечак), шчыты ды іншыя рэчы, патрэбныя ў часе вайны. Калі выпадае, кавалі аздабляюць гэтыя рэчы рознымі вузорамі, асабліва шчыты ды ручкі мячоў і нажоў. Ваякі і стральцы вельмі кахаюцца па сваёй зброі і хочуць, каб яна была ня толькі добрая, але і прыгожая.
Апроч зброі, кавалі ўмеюць вырабляць яшчэ пекныя пярсьцёнкі, кольчыкі ў вушы, блішчастыя запоны і гузікі, і ня толькі з жалеза ці сьпіжу, а нават з золата і срэбра. Гэтыя рэчы купляюць амаль таксама ахвотна, як і зброю.
На другім канцы гораду, каля гліністага яру, стаіць слабодка Ганчароўка. Гаспадары з яе займаюцца тым, што вырабляюць з гліны добрыя паліваныя гаршкі ды місы, адмалёваныя фарбамі ў краскі і візэрункі. Ад Ганчароўкі ідзе Кажамяцкі завулак. Гаспадары з яго ня толькі абрабляюць скураты, але і не ад таго, каб пайсьці часам на паляваньне ды прынесьці якую-колечы някупленую скуру. Ходзяць на паляваньне і другія мястоўцы. Іншыя патроху гаруць поле, займаюцца жывёлай, і гэтак жывуць.
У гарадку ёсьць і хаты з цясовымі дахамі. Там жывуць болей грашавітыя людзі: баяры, княжацкія ваякі-дружыньнікі, багатыры-гандляры. Тамака жыве і сьвяшчэньнік з цэрквы, о. Ісідор, — грэк, што над’ехаў з Візантыі. Гаворыць ён пагрэцку, і яго ніхто ў гарадку не разумее.
Гарадок не памясьціўся ўвесь за тынам. Хаткі рассыпаліся і па-за ім, зьбягаючы ўніз, да ракі. Там стаяць рыбацкія чоўны, расьцягнуты і сушацца на сонцы сеці. Часам з аднаго берагу на другі плыве паром. А вакол, куды толькі сягне вока, лясы і бары, глухія, драмучыя.
Ціхі гарадок…
Увагі
правіць6. Гарадок. Друкуецца з аўтографу (п. III, № 9).
Напісаны быў у канцы 1916 году для беларускае хрыстаматыі (Са слоў А. Смоліча).
У сказе „Ваякі і стральцы вельмі кахаюцца па сваёй зброі“ трэба адзначыць нязвычайны зварот („кахаюцца па сваёй зброі“).
Слова „жывёлай“ (у сказе „займаюцца жывёлай“) трэба разумець „жывёлагадоўляй“.