Гаротнік
Верш
Аўтар: Міхась Васілёк
1926
Крыніца: Вершы. - 1973. — с. 35

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




— Скуль ты, вецер легкакрылы,
Адкажы?
Калі можаш, майму гору
Памажы...
Памажы мне, вольны дружа,
У бядзе,
Не знайду сабе спакою
Анідзе!
Ходзіць гора ценем злосным
Па слядах...
Як пазбавіцца яго мне,
Раду дай?
— Я параджу, каб не згінуў
Ты, мужык,
Каб не гнуўся, нібы колас,
На мяжы.
Перш за ўсё — не лі у роспачы
Ты слёз,
А вазьмі рукой мазольнаю
Свой лёс.
Атрасі з плячэй шырокіх
Ты паноў,
Каб ніколі не смакталі
Тваю кроў!
На пастрахі, на пагрозы
Не зважай,
Смела клікні — адгукнецца
Родны край!
На зямлі той, дзе бацькі жылі,
Дзяды,
Гаспадарыць, уладарыць
Будзеш ты!

1926