Гарчэй няма, чым у няволі… (Шаўчэнка/Глебка)

Гарчэй няма, чым у няволі…
Верш
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
Пераклад: Пятро Глебка

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Г. З.

Гарчэй няма, чым у няволі
Пра волю ўспамінаць. А я
Ізноўку, волечка мая,
Цябе прыгадваю. Ніколі
Больш не здавалася ты мне
Такой прыгожа-маладою
І чараўнічаю такою,
Як тут, у дальняй старане,
Дый шчэ ў няволі. Доля! Доля!
Мая праспеваная воля!
Хоць глянь на момант з-за Дняпра,
Хоць усміхніся з-за…
І ты, мая адзіная,
Устаеш з-за мора,
3-за туману, слухмяная,
Ружовая зора!
І ты, мая адзіная,
Вядзеш за сабою
Леты мае маладыя,
І перада мною,
Нібы мора, выступаюць
Шырокія сёлы
З вішнёвымі садочкамі
І народ вясёлы.
Тыя людзі, сяло тое,
Дзе мяне вітаці,
Быццам брата, ішлі. Маці!
Старэнькая маці!
Ці збіраюцца й дагэтуль
Вясёлыя госці
Пагуляці у старое,
Пагуляці проста,
Па-даўняму, па-старому,
З вечара да ранку?
А вы, мае маладыя
Чорныя смуглянкі,
Вясёлыя дзяўчатачкі,
І дасюль у старое
Танцуеце? А ты, доля?
А ты, мой спакою?
Маё свята-чарнаброўка,
І дасюль у старое
Ціха, пышна пахаджаеш?
І тымі вачыма,
Аж чорна-блакітнымі,
І дасюль кранаеш
Душы хлопцаў? Ці й дагэтуль
Марна паглядаюць
На стан гнуткі? Свята маё!
Адзінае свята!
Як абступяць цябе, доля,
Д зетачкі-дзяўчаты,
Зашчабечуць па своему
Добраму звычаю,—
І мяне мо ненарокам
Дзетачкі згадаюць;
І пра мяне мо якая
Скажа хоць бы ліха.
Усміхніся, маё сэрца,
Ціхенечка-ціха,
Каб ніхто і не пабачыў…
І болей нічога.
А я, долечка, ў няволі
Памалюся богу.

Кос-Арал 1848