Гаспадарскі ліст аб першым статуце ад 6 снежня 1522 года
Гаспадарскі ліст аб першым статуце ад 6 снежня 1522 года Прывілей Аўтар: Вялікае Княства Літоўскае 6 сьнежня 1522 году Крыніца: https://pravo.by/upload/pdf/krim-pravo/gaspadarski_list_1552_goda.pdf |
06.12.1522 г.
Привилей 1522 года, представляющий всем обывателем Великого Князьства впредь судиться одним писанным правом
Edictum Sigismundi I. regis, ut incolae magni ducatus Lithvaniae, tam spirituales quam seculares, uno scripto iure iudicentur
У імя Бога, амінь. На вечную памяць аб справе.
Час нясе старасць для спраў, якія лічацца па колькасці гадоў вельмі дзіўнымі і святымі. А каб ніводная з іх калі-небудзь не прышла ў забыццё, асабліва ж тыя, якія выдаюцца каралямі і князямі для агульнае карысці падданых, то належыць, каб яны былі запісаны для вечнай памяці ў граматы, з дапамогаю якіх яны захоўваюцца ад знішчэння і робяцца неўміручымі.
Таму мы, Жыгімонт, з Божай ласкі, кароль Польскі, вялікі князь Літоўскі, Рускі, Прускі, Жамойцкі, гаспадар і спадкаемец (наступнік) (dominus et haeres), абвяшчаем усім цяперашнім і будучым, для ведама якіх не будзе чужым змест гэтай граматы. Да гэтага часу ў нашым Вялікім Княстве Літоўскім суды адпраўляліся не па якіх-небудзь статутах законаў, пісаных літарамі, але юстыцыя кіравалася выключна звычаем і разважаннямі кожнай паасобку галавы і сумленнем, як здавалася кожнаму суддзі больш справядліва і правільна, і вельмі нястала. Адсюль нараджаліся многія скаргі з боку тых, якія атрымлівалі няправы суд. Гэтымі скаргамі і апеляцыямі мы часцей і часцей турбаваліся з прычыны рознагалосся ў поглядах суддзяў, якое паходзіла ад сяброўства (прыхільнасці, добразычлівасці), нянавісці, подкупа, ласкі і кахання (аmore). 3 гэтай прычыны маючы жаль да настойлівых просьбаў усяго шляхецтва і прымушаныя іх частымі скаргамі, жадаючы, каб у нашае шчаслівае панаванне шляхта ўся цалкам і кожны паасобку кіравалася-б адным правам і аднолькавай формулай і парадкам суда, каб правасуддзе адпраўлялася як найлепш і роўна для кожнага, каб павялічыўся спакой пагрозай пісанага закона, каб угамаваць (утаймаваць) распуснасць адшчапенцаў і каб захаваць добрае становішча ўсёй дзяржавы нашага вялікага князства ў большым спакою і пры аднамыснасці судаўніцтва, мы, пасля агульнай дарады (нарады) і згоды ўсіх паноў рад нашых духоўных і свецкіх, якія з намі з’ехаліся на гэты сойм і пасля адабрэння з боку баронаў, князёў і ўсёй шляхты, прыняўшы пад увагу непахісную вернасць іх да нас і да малалетняга нашага сына найсвятлейшага Жыгімонта Аўгуста, якога яны прынялі па праву справядлівасці аднамыснымі галасамі за наступніка і вялікага князя пасля нашага шчаслівага панавання і прысягнулі яму на вернасць і падданства, калі ён будзе добрым і шчасным, яго сыну і вялікаму князству нашаму, па адзінай нашай ласцы і прыроджанай спагадлівасці і нашай каралеўскай добрасці, ухвалілі агаласіць, даць і на вечнасць дараваць усім разам і кожнаму паасобку насельнікам і тубыльцам, якой бы высакароднасцю і знатнасцю яны не ззялі — адно пісанае права і адзіны закон, на падставе згрупавання ў гэтым спіску прывілеяў і пэўных статутаў, пасля агульнага абмеркавання для больш хуткага і аднолькавага выканання суда, законаў, ухвал і зацверджаных пастаноў.
Усе ваяводствы, землі і паветы і таксама земяне, маючыя права грамадзянства, трымаючыя дзяржавы і вотчыны, царкоўныя або свецкія ў вялікім княстве нашым, як біскупы, іх капітулы і іншыя духоўнікі, таксама ваяводы, каштэляны, рады нашы, князі, бароны, вяльможы, патрыцыі і ўсе нобілі і мяшчане Вялікага Княства нашага Літоўскага, якой-б, як было вызначана, годнасці (саноўніцтва), знатнасці, стану, роду і пасады яны ні былі, бедныя і багатыя, усе павінны судзіцца выключна толькі гэтымі статутамі і прывілеямі, сабранымі ў спіс, калі адкрыта кніга і прачытаны статут адносна справы, па якой узнік суд і спрэчкі, прычым суддзя пры выкананні суда назаўсёды павінен адкінуць усе неяснасці і злучаныя з вялікімі выдаткамі адтэрмінаванні.
3 той жа мэтай, каб кожны зразумеў, што мы выканалі ў гэтай справе службу і абавязак добрага правадыра, мы загадалі, каб вызначанае прадпрыемства, дарованае міласціва ад нас нашым падданым, было як найхутчэй накіравана да выканання. А каб гэты самы наш статут дайшоў да ведама кожнага, то мы загадалі яго надрукаваць у многіх экзэмплярах (асобніках).
На пасведчанне гэтай справы падвешана да гэтай граматы пячатка нашай вялікасці Вялікага Княства Літоўскага.
Дзеялася ў Вільні на сойме вальным, у суботу, у дзень св. Мікалая, 1522 г. каралеўства нашага 17 год. (Actum Vilnae in conventione generali sabbato in die sancti Nicolai (6.decembr.) anno Domini millesimo quingentesimo vigesimo secundo, regni vero nostri anno sedecimo).
Тут прысутнічалі пачэсныя ў Хрысце айцы паны:
- Віленскі біскуп Ян,
- Луцкі біскуп Павел,
- Медніцкі біскуп Мікалай,
- Кіеўскі біскуп Ян.
Вяльможныя і высакародныя:
- Альбрэхт Марцінавіч Гаштальд, ваявода Віленскі і канцлер нашага вялікага княства;
- Кастусь (Канстанцін), князь Астрожскі, ваявода Троцкі і найвышэйшы гетман войска літоўскага,
- Станіслаў Янавіч, кашталян Віленскі і староста Жамойцкі;
- Юры Радзівіл, кашталян Троцкі і староста Гарадзенскі,
- Пётр Станіслававіч Цэханавецкі, ваявода Полацкі і староста Дарагічынскі;
- Ян Забярэзінскі, ваявода Новагародскі, найвышэйшы маршалак земскі;
- Юры Іллініч, надворны маршалак, староста берасцейскі, ковенскі і лідскі.
- Януш Косцевіч, ваявода Падляшскі;
- Ян (Мікалаевіч) Радзівіл, наш (краўчы ?) падчашы — і многія іншыя сведкі вышвызначанага, годныя веры і сапраўды нам ласкавыя (любезныя, dilectis).
Sigismundus Rex (sst.)
Дакумент складзены на лаціне. Надрукаваны ў выданнях: Zbior praw litewskich od roku 1389 do roku 1529.
Tudzie rozprawy sejmowe o tyche prawach od roku 1544 do roku 1563 / [Wyda T. Dziayski], Pozna, 1841. S. 121—123;
Любавский М. К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. М., 1915. С. 340—342.
Цытуецца з некаторымі ўдакладненнямі ў адпаведнасці з тэксам перакладу прывілея на беларускую мову, змешчаным у выданні: Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах (IX—XVIII ст.) / Склад.: В. К. Шчарбакоў, К. І. Кернажыцкі, Д. І. Даўгяла. Т. 1. Менск: Выдавецтва АН БССР, 1936. С. 403—405.
Вішнеўскі, А. Ф. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах (Са старажытных часоў да нашых дзён): вучэб. дапаможнік / А. Ф. Вішнеўскі, Я. А. Юхо; пад агул. рэд. А. Ф. Вішнеўскага. — 2-е выд., дап. – Мінск: Акадэмія МУС Респ. Беларусь, 2003. — С. 112—114.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі (а таксама ў ЗША), бо, паводле беларускага заканадаўства, афіцыйныя дакументы (законы, судовыя рашэнні, іншыя тэксты заканадаўчага, адміністрацыйнага і судовага характару), а таксама іх афіцыйныя пераклады, дзяржаўныя знакі (сцяг, герб, гімн, ордэны, грашовыя і іншыя знакі), не з’яўляюцца аб’ектамі аўтарскіх правоў (арт. 7 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 года № 262-З «Пра аўтарскае права і сумежныя правы»).
Падрабязней гл. у дакументацыі.