Географія Беларусі (1919)/Паасобныя краіны Беларусі/II

I. Полацкае Наддзьвіньне II. Віленскі край
Падручнік
Аўтар: Аркадзь Смоліч
1919 год
III. Краіна Менскага Узгор‘я

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




II. Віленскі край.

Да Віленскага краю мы залічуем паветы даўнейшае Віленскае губэрні: Віленскі, Сьвянцянскі, Вялейскі, Ашмянскі і Троцкі. Дзісьненскі павет прылучаны намі да Полацкага Наддзьвіньня, а Лідзкі пав., які так сама належыў да Віленскае губ., мае больш у сабе падобнасьці з Горадзеншчынаю, куды мы яго і прылучаем.

Віленшчына ляжыць на двох горных ланцугох — Віленскім і Завялейскім узгор‘ях, паміж якімі ляжыць шырокая лагчына р. Вяльлі. Гэтыя ўзгор‘і даходзяць найбольшай вышыні ў сярэдзіне краю, на левым беразе Вяльлі. Завялейскае ўзгор'е мае ўжо меншыя вышыні і пакрысе схінаецца да Наддзьвінскае Нізіны. Так сама і Віленскае ўзгор‘е, ў паўднёвай частцы, зьніжаецца, перахадзячы ў Наднёманскую пяшчаную раўніну.

Па Віленшчыне цячэ Вяльля і яе прытокі. На ўсходзе ў Віленскім пав. Вялья цячэ сярод балоцістых і лясістых берагоў. Дно яе тут гляістае, шырыня да 15 сажняў. У сярэднім цячэньні берагі Вяльлі падыходзяць да ўзгор‘я і робяцца ўсхонаватымі і высокімі, а дно моцна камяністым. Шырыня Вяльлі пад Вільняю даходзіць да 45 сажняў. Тутака ўжо Вяльля судаходная, толькі плаваньню перашкаджаець каменьне. Урэшце ніжэй Вільні, Вяльля выйшаўшы з Панарскіх цясьнінаў, вольна разьліваецца па раўніне і шырыня яе моцна павялічуецца. Мяйсцамі яна даходзіць 130 сажняў. З прытокаў Вяльлі трэба адзначыць Вяле́йку і Нарач. З большых прытокаў Нёмна ў Віленшчыне цякуць Бярэзіна і Марачанка.

У паўночнай часьці краю ляжыць досіць многа вазёраў. Азёры заходняе часткі ляжаць у зямлі заселенай ліцьвінамі і зьяўляюцца працягам сеткі морэнных азёраў Наддзьвіньня. У Беларускай-жа частцы ляжыць група вялікіх вазёраў (Нарач, Мядзіол, Сьвір), якія ўжо адзначаюцца ад тыповых морэнных сваймі роўнымі берагамі і закругленай формаю. К паўдню ад гэтае, групы азёраў, блізка што не сустракаецца.

Грунты ў Віленшчыне ляжаць найбольш супяшчаныя і сугліністыя, часта моцна камяністыя. Суглінкі пакрываюць узгор‘і, а супяскі ляжаць у больш паніжаных раўнінных мяйсцовасьцях, найбольш уздоўж верхняга цячэньня Вяльлі. На паўдні Ашмянскага павету, ў басэйне Бярэзіны і іншых правых прытокаў Нёмна, якія разам ствараюць цэлую сетку рэчак, ляжаць на вялікім прасторы пяшчаныя грунты, занятыя хваёвымі барамі аднэй з найболышых беларускіх пушчаў — Налібоцкай. Бары гэныя ў блізкасьці Нёмна зьмяняюцца досіць вялікімі балотамі. Значныя лясныя і балотныя прасторы знаходзяцца і ў Вялейскім павеце, паміж Вялейкаю і Маладэчынам. Апрача таго, па паўдні ад Вільні, як раз ля мяжы Беларусі з Літвою, ляжыць Рудніцка пушча, ля р. Марачанкі. Тут так сама пяшчаны грунт і хваёвыя бары, але сустракаецца яшчэ і некалькі вазёраў.

Клімат у Віленшчыне цёплы, вільготны і наагул мяккі, дзякуючы блізкасьці мора, асабліва-ж, на заходніх спадах узгор‘яў, найбольш адкрытых з боку мора. Гэтак у Вільні сяр. гад. тэмпаратура + 6, 7, а ападаў бывае звычайна 600 міллім., у ўсходніх частках Віленшчыны клімат робіцца крыху сушэйшым і сьцюдзянейшым.

Дзякуючы сваёй лясістасьці, вясковая Віленшчына заселена крыху радзей, чымся суседнія краі — Надзьвіньне, Менскае ўзгор‘е Горадзеншчына. За тое тут павырасталі месты і мястэчкі. Вялічыня вёсак тут з большага такая самая, як і ў Наддзьвіньні (каля 50 чалавек у вёсцы) і так сама на захадзе крыху меншыя вёскі, на ўсходзе — большыя. Вясковае насяленьне займаецца гаспадаркаю і толькі ў лясістых частках Ашмянскага і Вялейскага пав. маюць значэньне лесавыя заробкі.

На полі сеюць жыта, з ярыны найбольш аўсу, ячменю і бульбы. Грэчкі сеюць вельмі мала. На лепшых грунтох спатыкаецца пшаніца. Гаспадарка стаіць досіць высака, асабліва ў дварох. Часьцей, чымся дзе, можна сутрэць тут заводзкую карову, каня, садок ля хаты, лубін на пяскох.

Хатнія рамёслы разьвіты слаба, навет ткацтва. Народ тут носіць найбольш крамную тандэтную вопратку; саматканы ўжываюцца толькі да работы. За тое ў мястэчках шмат рамясьнікоў. Мястэчкаў наагул шмат і ў іх ідзе бойкае гандлёвае і прамысловае жыцьцё. Усе яны вельмі цесна зьвязаны з Вільняю.

Вільня - культурны і эканамічны цэнтр усяе Беларусі і Літвы, сталіца вялікіх князёў літоўска-беларускіх, найбольшае места на ўсім прасторы Беларусі. Ляжыць Вільня ў катліне акружанай з усіх бакоў гарамі. З захаду і паўдня, ідуць Панарскія горы, а з усходу, ля самае Вільні, высяцца пяшчаныя горы — Замковая, Трохкрыжавая і Бякешовая. З поўначы катліну замыкае ўзгор‘е Шашкіні. Пасярод катліны цячэ Вяльля і тут у яе, у падножжа Замкавае гары, ўпадае Вялейка. Вільня пабудавана на левым беразе Вяльлі, пры ўтоку Вялейкі.

Хаця лягенда прыпісуе залажэньне Вільні Гэдыміну і адносіць яго да пачатку XVI веку, аднак можна з пэўнасьцю сказаць, што Вільня куды старэйшая. Хто і калі яе залажыў, навет які народ — нямаведама. У летапісі першая вестка аб тым, што віленцы выбралі сабе за князя аднаго з беларускіх полацкіх князёў — Расьціслава (унука Усеслава Чараўніка); было гэта ў 1128 гаду. Гэта дазваляе нам лічыць, што Вільня ад самага пачатку была беларускім местам. Пасьля, калі вялікія князі літоўскія перанесьлі сюды сваю сталіцу і абкружылі сябе беларускім баярствам, Вільня перахавала свой беларускі характар. Ліцьвіны займалі толькі паўночную частку гораду, каля Замкавае гары, каторая і звалася Літоўская Палавіца. Беларуская палавіца займала паўднёвую частку Вільні, пад Вострую Браму.

Вільня тых часоў была вялікім, багатым і культурным местам. Насяленьня у ёй было да 200 тысячаў; апроч беларусоў і ліцьвіноў, было шмат жыдоў, немцаў і інш. Прыдворнае жыцьцё вымагала раскошы і вяльможы, жывучы самі ў Вільні, сьцягавалі з усяго прастору дзяржавы ўсё, што было лепшага ў іхніх маемасьцях, а перад усім лепшых майстроў, рамясьнікоў. У сталіцу зьяжджаліся і ўсе лепшыя культурныя сілы. Затым у Вільні былі вельмі моцна разьвіты рамёслы, было шмат школаў, друкарняў. Урэшце красавала тады і гандлёвае жыцьцё Вільні. Для нас гэта цікава між іншым яшчэ і таму, што ўсе культурныя і тэхнічныя сілы йшлі ў Вільню найбольш з Беларусі і Вільня, дзеля таго, мела характар чыста — беларускага места.

Замкі Віленскія ў XVII веку.

У XVII веку беларускую культуру ў Вільні стала выціскаць польская. З гэтага-ж часу пачаўся і ўпадак Вільні. Рэлігійная барацьба, даведзеная да крайнасьці, пажары, хваробы, голад, напады чужаземцаў — усё гэта памагала ўпадку Вільні.

У канцы XVIII і пачатку XIX в., ў Вільні ўзноў закіпела культурнае жыцьцё. Справы асьветы пайшлі моцна ўперед, паадчынялася шмат новых школаў, стварыўся Віленскі унівэрсытэт, які стаяў на чале гэтага сьветнага руху. Хаця ўся навука йшла ў польскай мове, аднак, значэньне Віленскага Унівэрсытэту, для ўсяе Беларусі — было вялізазнае.

Віленскі універсітэт. Астронамічная обсэрваторыя.

Праістнаваўшы каля 30 гадоў, Унівэрсытэт быў зачынены расейскім Урадам. Тады-ж, у царстваваньне Мікалая I, была пазачыняна большая частка школ у Беларусі. Лепшыя школы, разам з іхнай маемасьцяй, перавезены былі ў Маскоўшчыну. У будынках Унівэрсытэту і іншых школ, паадчыняліся расейскія сярэднія школы. У палацах вяльможаў, у каталіцкіх манастырох

Абраз Прачыстай Багародзіцы Вострабрамскай.
(Старая гравюра).

расейскі ўрад зрабіў вастрогі, казармы. З эўрапейскага культурнага цэнтру, якому дзіваваліся чужаземцы, маскоўцы стараліся зрабіць звычайны „губэрнскі горад“— поўны казармаў і чыноўнікаў.

З другога боку, за апошнія 3 вякі, насяленьне Вільні вельмі моцна спалячылася. Патомкі беларусоў і ліцвіноў часта ўжо не разумеюць роднае мовы і шчыра лічуць сябе палякамі. Гэткім парадкам з беларускае Вільні сталася Вільня польско-маскоўская.

Вільня. Ратуша і пляц перад ёю ў пачатку ХІХ в.

За апошнія часы палажэньне зьмянілася. Абудзіліся нацыянальна і беларусы, і ліцьвіны і пакрысе адбіраюць адну па аднэй свае старыя пазіцыі ў палякоў. А маскоўцы былі наносным элемэнтам і з выхадам расейскіх войскаў з Вільні, счэзьлі. У Вільні засталося шмат старасьветчыны. Цэлыя дзесяткі старасьвецкіх касьцёлаў і цэркваў падымаюць свае вежы над Вільняю.

У Катэдральным касьцеле і ў Прачысьценскай царкве́, пахаваны вялікія князі Літоўска-беларускія. У катэдры знаходзяцца і іхнія партрэты і статуі. У капліцы, над Востраю Брамаю, ёсьць найслаўнейшая беларуская сьвятыня: абраз Прачыстае Багародзіцы, якога роўна шануюць і праваслаўныя, і каталікі і да якога з усёй Беларусі йдуць на багамольле. Пад Востраю Брамаю ўсе праежджыя і праходжыя, бяз розьніцы веры, ідуць з непакрытаю галавою.

Шмат якія з касьцёлаў і цэркваў годны ўвагі, дзеля свае архітэктуры, скульптуры і малярства. З гэтага боку Вільня ёсьць найцікавейшым местам Беларусі. Нідзе не захавалася гэтулькі цікавых і харошых будынкаў і абразоў.

У Вільні няма вышэйшае школы, ня вельмі многа сярэдніх і ніжэйшых школаў, ёсьць музэй і бібліатэка. Тым часам, у Вільні, культурнае жыцьцё йдзе байчэй, чымся ў якім іншым месьце. Выдаецца шмат газэт і журналаў у розных мовах, істнавалі ўвесь час культурныя і палітычныя таварыствы і гурткі, іншыя адкрыта, а то і патайна.

Вільня была да апошніх часоў цэнтрам нацыянальнага беларускага руху. Тут выдаваліся першыя беларускія газэты і кніжкі, закладаўся першы тэатр беларускі і навуковыя таварыствы, а так сама і беларускія школы. Вільню так сама лічаць сваім галоўным культурным цэнтрам і жыды (іх у Вільні больш палавіны жыхараў) і ліцьвіны. Усе нацыі Беларусі і Літвы згодна ўжываюцца ў гэтым месьце, павялічуючы ў ім свае культурныя багацьці.

Вільня — найвялікшае места Беларусі; у ім жыве больш за 200.000 чалавек. Апрача палітычных і гістарычных прычынаў гэтаму спрыяе палажэнне Вільні на важным вузьле чыгунак. З Вільні разыходзяцца чыгункі ў пяцёх кірунках. Яны злучаюць Вільню простымі лініямі з Захадам і паўднём Беларусі. Паўночны ўсход Беларусі гэтак добра з Вільняю не зьвязаны.

Хвабрычная прамысловасць у Вільні досіць разьвіта. Па вырабу тавараў Вільня займае другое, пасьля Беластоку, мейсца сярод мест Беларусі, па лічбе работнікаў хвабрычных — займае першае мейсца. Работнікаў у Вільні да 15.000 чал. У Вільні ёсць 8 вялікіх гарбарняў (з іх 4 паравыя), 2 паравых хвабрыкі панчохаў, шмат пільняў, ткацкія хвабрыкі, хвабрыкі мэталёвых вырабаў і інш. Але найбольшае значэньне ў прамысловасьці Вільні маюць дробныя хвабрыкі і майстроўні рамясьнікоў. У Вільні працуюць больш за 8000 краўцоў, шмаг шаўцоў і іншых рамясьнікоў. Частка іх працуе на сваю руку, але большая частка бярэ работу з кантораў, магазынаў, шго прадаюць тандэгную адзежу і вобуй.

Па гандлю гатовай адзежаю, футрамі, вобуем Вільня займае вельмі віднае мейсца на ўсім усходзе Эўропы. Апроч таго Вільня зьяўляецца галоўным гандлёвым цэнтрам Беларусі і для іншых тавараў. Тут зьмяшчаюцца найбольшыя гандлёвыя фірмы, ёсьць склады тавараў, адгэтуль тавары разыходзяцца ня толькі па ўсёй Беларусі і Літве, але навет і далей, за іх межамі.

Ваколіцы Вільні надта харошыя. Ад самага места ўва ўсе бакі расьцягнуліся прадмесьці аж да лясоў, што абкружуюць з усіх бакоў Вільню. Ужо і сярод лесу вырастаюць вуліцы, кварталы і цэлыя новыя прадмесьці.

Адно з важнейшых і старэйшых прадмесьцаў Антокаль, якое цягнецца на 6 вёрст, уздоўж левага берагу Вяльлі. Тут ёсць так сама некалькі цікавых старых будынкаў; асабліва варт увагі, па сваёй скульптуры, касьцёл Сьв. Пётры і Паўла.

Касьцёл Сьв. Пётры і Паўла, на Антокалі.

З гораў, што акружуюць Вільню, аткрываюцца надзвычайна харошыя віды на места Вільню і на ўсю ваколіцу. Асабліва часта публіка бывае на Замкавай гары, што высіцца над самаю Вільняю. На гэтэй гары стаяў даўней Замак, пабудаваны Гедымінам. Руіны яго відаць дагэтуль.

За мілю ад Вільні, ў сасновым бары, на правым беразе Вяльлі, параскіданы 33 каплічкі з абразамі прадстаўляючымі цярпеньні Хрыстовыя. Гэта Кальварыя. Пачынаючы з мая, сюды ўсё лета йдуць і йдуць тысячы багамольцаў. Пабудавана Кальварыя яшче ў XVI веку. Яшчэ дзьве вярсты далей за Кальварыяй, ля Вяльлі, відаць на высокай гары надзвычайна харошая мяйсцовасць Вэркі, сюды прыяжджаюць Віленцы ўлетку

Скульптура ў касьцеле Сьв. Пётры і Паўла, на Антокалі.

аддыхнуць сярод прыроды. Паміж Вэркамі і Вільняю ходзяць параходы.[1]

З іншых харошых ваколіцаў Вільні трэба ўспомніць аб Панарскіх горах, Закрэце (лес пад Вільняю), Паплавах (на ўсход ад Вільні, ля Вялейкі). Мала хіба ёсьць мест, каторыя-бы мелі такія харошыя ваколіцы, як Вільня.

Новая Вялейка пад Вільняю, дзе расходзяцца чыгункі на Менск і Дзьвінск, у харошай мяйсцовасьці ля р. Вялейкі. Досіць значнае (больш за 5 тыс. насяленьня) прамысловае мястэчка. Шмат хвабрыкаў: напр. хвабрыка косаў, анталяжаў і інш. Каля Н-Вялейкі ёсьць вялікая бальніца для хворых змысламі (варыятаў). На заход ад Вільні, пры ст. Ляндварове, ёсьць хвабрыка тэлеграфнага дроту.

Ваколіцы Вільні.

Недалёка ад Вільні, пры Ашмянскім гасцінцы, ляжыць Барэйкоўшчына, невялічкі фаліварак, дзе жыў апошнія гады жыцьця адзін з беларускіх паэтаў - Сыракомля (Л. Кондратовіч), пісаўшы пабеларуску і папольску. Далей на паўдня, над р. Марачанкаю, ляжыць двор Паўлаў. Канонік Бжастоўскі, да якага належыў гэты двор, у 1769 гаду аслабаніў усіх сваіх падданых, аддаў ім зямлю і ўстанавіў у Паўлаве маленькую рэспубліку, у якой сам стаўся звычайным грамадзянінам. Але ўдзячныя грамадзяне абралі аго за прэзыдэнта. Сэйм зацьвердзіў статут гэтае рэспублікі і яна праістнавала аж да 1824 году. У Паўлаўскай рэспубліцы былі школы, бальніцы, народ жыў вольна і багата. Гэта ўсё было ў часе найбольшага росквігу паншчыны.

Берагі Вялейкі.

Ля Вяльлі, на мяжы з Ліцьвінамі, ляжыць беднае мястэчка Кернова — некалісь — у XI—ХIII вякох — сталіца Літвы.

Віленскі павет мае добрыя, ураджайныя грунты, асабліва на поўначы, дзе жывуць ліцьвіны. Усходняя часьць павету лясістая і радзей заселеная. У паўднёва-заходнім рагу павету пачынаюцца лясы Рудніцкай пушчы, якая ляжыць найбольш у Троцкім павеце.

У Троцкім павеце беларусы займаюць толькі заходнюю частку павету, прымерна 1/5 частку ўсяго яго прастору; зямля тут пяшчаная. На паўдні беларускае часткі павету і ляжыць Рудніцкая пушча на пяскох і балотах ля р. Марачанкі. На поўначы беларускае часткі павету, за 4 мілі ад Вільні, ў вазёрнам краю, ляжаць Трокі, павятовае места, слаўнае сваёй мінуўшчынаю. Места ляжыць на паўвостраве, паміж азёраў; на востраве, сярод возера, высяцца руіны старасьвецкага вялікакняжскага замку. Тут жылі Кейстут і Ольгерд; тут жыў і памёр слаўны Вітаўт, тут жылі Казімір і Аляксандра, вялікія князі беларуска-літоўскія.

Сьвянцянскі павет ляжыць на правым беразе Вяльлі. У паўднёвай яго палавіне, засялёнай беларусамі, ляжаць лёгкія супяшчаныя грунты. На поўначы-ж ідзе Завялейскае ўзгор‘е пакрытае суглінкамі. На усходняй мяжы павету ляжыць найбольшае возера Беларусі — Нароч, а недалёка ад яго — другое вялікае возера — Сьвір. Ля апошняга возера знаходзіцца старасьвецкае мястэчка Сьвір — некалісь сталіца вудзельных князёў Сьвірскіх.

Сьвянцянскі павет досіць лясісты, асабліва ў заходняй частцы. Як і Віленскі, ён увесь засыпаны дробнымі вёсачкамі, засьценкамі. Гаспадарка вядзецца добрая. Шмат садзяць бульбы.

У Ашмянскім павеце ёсьць шмат мясьцінаў з вялікай гістарычнай мінуўшчынай. Сярод іх адзначаецца Крэва — З старым вялікакняжскім замкам, дзе быў забіты Кейстут. Некалькі мястэчак Ашмянскага пав. маюць асаблівае прамысловае і гандлёвае значэньне. З іх найбольшыя — Смаргоні і Ашмяна. У Смаргонях (больш 7 тыс. жыхараў) вельмі разьвіта гарбарства. Там працуе некалькі дзесяткаў гарбарняў. Даўней тут князь Радзівіл быў зрабіў школу для вывучкі медзьведзянятаў, якую на жарт называюць да гэтых часаў „Смаргонскай акадэміяй“. Вядомы Смаргоні яшчэ з сваіх абаранак. У Ашмяне (каля 8 тыс. жыхараў) так сама шмат гарбарняў.

Так сама ёсьць гарбарні ў досіць значным мястэчку Гальшанах (3 тыс. жых.), даўнейшай разыдэнцыі князёў Гальшанскіх. У мястэчку шмат рамясьнікоў, якія займаюцца воўнаю, вырабляюць рукавіцы, панчохі і інш.

Два вялікія мястэчкі Іўе (5 тыс. жых.) і Валожына (3 тыс.), ляжачыя ля чыгункі з Полацку на Седлец, — вядуць асабліва бойкі гандаль. У Валожыне ў мінуўшым веку была на ўвесь сьвет вядомая жыдоўская акадэмія. дзе вучыліся на рабінаў.

Трокі.

Усе гэтыя мястэчкі ляжаць у гарыстай паўночнай часьці павету, пакрытай найбольш ураджайнымі суглінкамі. На паўдні ляжаць, у наднёманскай нізіне, вялізазныя пяшчаныя прасторы, занятыя хваёвымі барамі, — гэтак званаю Налібоцкаю Пушчаю. Пушча даўней славілася дастаткам усякай дзічыны, а так сама зялезнаю балотнаю рудою, для выплаўкі якой у Вішневе, пад Налібокамі, былі пазакладаныя зялезныя гуты.

Пры пушчы ляжыць мястэчка Налібокі. Апроч зялезнае гуты, тут была яшчэ і шкляная і паташовы завод. Усе гэтыя хвабрыкі цяпер пазачыняліся, дзеля розных прычынаў; між іншым дзеля таго, што падаражэў апал — дровы.

У Вялейскім павеце ёсьць некалькі большых мястэчак, аднак досіць ціхіх і бедных. Гэтак Радашкавічы ў паўднёвай частцы павету, з 5 тыс. жахараў, досіць чыстае брукаванае мястэчка, ў харошай мяйсцовасьці, за 5 міляў ад Менску. Вялейка з 5 тыс. жыхараў, ля Вяльлі, апошнімі часамі пасьля правядзеньня чыгункі пачынае моцна разьвівацца. Так сама і Маладэчына. якое ляжыць на вузьле дзьвёх чыгунак. У Маладэчыне ёсьць старая вучыцельская сэмінарыя. Каля мяст. Ільлі ёсьць адна з найбольшых беларускіх шкляных гутаў — Залеская.

Вялейскі павет мае грунты на поўначы і на паўдні — сугліністыя, а пасярэдзіне павету, ля Вяльлі, супяшчаныя. Увесь павет досіць лясісты, але лясы з кожным годам моцна высякаюцца. Пасярэдзіне павету цячэ Вяльля з сваім прытокам Ільлёю. Ільля важная сплаўная рака; вясною яна ўся бывае, як мастом, накрыта сплаўным дрэвам. На поўначы павету ёсьць шмат дробных азёраў, на паўдні азёраў няма; ёсьць толькі значныя балоты на ўсход ад Маладэчына. Нясяленьне займаецца найбольш гаспадаркаю, жыве небагата; толькі з правядзеньнем новых чыгунак, край гэты пачаў аджываць у эканамічных адносінах.



  1. У Вэрках між іншым ёсьць паперня Шварца.