Географія Беларусі (1919)/Паасобныя краіны Беларусі/XIII

XII. Аршанская краіна XIII. Краіна Задзьвінскіх Узгор‘яў
Падручнік
Аўтар: Аркадзь Смоліч
1919 год
XIV. Смаленшчына

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ХІІІ. Краіна Задзьвінскіх узгор‘яў (Віцебшчына).

На поўнач ад р. Дзьвіны і ад Полацкай нізіны падыймаюцца, сярод лясоў і вазёраў, Задзьвінскія узгор‘і. Яны запаўняюць сабою паветы Невельскі, Гарадоцкі, Віцебскі, Себежскі і беларускія часткі паветаў Люцынскага і Апочацкага.

Падняўшыся ўсхонавата над правым берагам Дзьвіны ў Віцебскім павеце, ўзгор‘е запаўняе гэты павет і йдзе далей на поўнач у паветы Гарадоцкі і Невельскі, пад імем Віцебска-Невельскай Горнай Грады. Найбольшай высачыні даходзіць града на поўнач ад Гарадка (Паганаўская гара — 136 саж.). У Невельскім павеце, каля паўночнай мяжы Беларусі, узгор‘е робіцца асабліва высокім, спады яго ўсхонаватымі, мяйсцовасьць прыймае выгляд саўсім горны, як мы пісалі на стр. 13. Гэтае высокае горнае гняздо, як яго некаторыя географы называюць, „Райскія горы“, цягнецца з Невельскага пав. на захад, у Себежскі павет, і там ужо значна зьніжаецца, асабліва за м. Себежам. Заходзіць гэтае ўзгор‘е і ў Люцынскі пав., дзе дайшоўшы значнай высачыні каля м. Люцына, ізноў ніжэе, далей на захад пераходзячы ў Надбалтыцкую Нізіну. У Апочацкім і Вялікалуцкім пав. гэтыя-ж ўзгор‘і вядомы пад імем „Вязаўскіх гораў“.

Задзьвінскія ўзгор‘і дзеляць воды басэйну Дзьвіны і рэкаў Ловаці і Вялікай, ўпадаючых: першая ў возера Ільмень, а другая ў воз. Пскоўскае. Абодвы вазёры злучаны рэкамі з Фінскай затокаю. Рэкі Ловаць, Вялікая і некаторыя іх прытокі пачынаюцца ў Краіне Задзьвінскіх Узгор‘яў, ля самай беларускай мяжы з Маскоўшчынаю і вялікага эканамічнага значэньня для Беларусі ня маюць.

Як ні адна іншая краіна Беларусі, засеена Задзьвіньне невялікімі вазёрамі. Усё сказанае вышэй аб марэнным краю безпасрэдна адносіцца да Задзьвіньня, бо яно як раз і з‘яўляецца найбольш тыповаю — марэннаю краінаю. З вазёраў найбольшыя воз. Няшчорда, воз. Іван, воз. Себежскае, воз. Невельскае, воз. Сьвібла. У гэтых вазёрах водзіцца шмат рыбы і рыбалоўства, дзеля таго, дае тут люднасьці значны зарабатак. Аднак пры правядзеньні належнай рыбнай гаспадаркі можна было-б з вазёраў гэтых мець даходы ў шмат разоў большыя.

Рака Дзьвіна пераразае папалам Віцебскі павет. Тут ужо яна судаходная. Ад Віцебску ў абодвы бакі ходзяць і баркі і параходы. Недалёка ад Віцебску на р. Дзьвіне ёсьць значныя парогі. (Руба і Капачы). З прытокаў Дзьвіны важнейшы р. Вобаль, якая пачынаецца з возера Езярышча ў мяйсцовасьці, асабліва густа засеенай вазёрамі і як раз недалёка ад р. Ловаці. Істнаваў дзеля таго праект злучыць гэтыя рэкі каналамі. Праўда р. Ловаць лёгка было-б зьвязаць каналамі і з іншымі прытокамі Дзьвіны.

Краіну пакрываюць вельмі разнародныя грунты. На Віцебска-Невельскай Градзе ляжаць глаўным чынам сугліністыя і цяжкія гляістыя грунты, на захадзе-ж краіны, у Себежскім і Люцынскім паветах, пераважаюць супяскі, хаця шмат спатыкаецца і суглінкаў. На спадах узгор‘я, на ўсход і захад ад м. Гарадка, ляжаць дзьве значныя плямы неўраждайнага падзолу, а каля некаторых рэкаў заляглі значныя абшары пяшчаных грунтоў. Асабліва гэта трэба сказаць аб прытоках р. Вобалі.

Клімат краіны яшчэ мае на сабе значныя ўплывы недалёка ляжачага мора, але ўжо досіць халодны. Сярэдняя гадавая тэмпература каля + , тэмпература студзеня — 7,5°. Ападаў бывае шмат: — каля 6 міл. Неба па большай часьці захмурана.

Такі клімат ня вельмі спрыяе гаспадарцы на цяжкіх грунтох, ці можа, ляпей кажучы, вымагае на цяжкіх грунтох вельмі культурнай і акуратнай гаспадаркі, караючы за ўсякую памылку вымаканьнем руні, гніцьцём збожжа і г. д.

Хатнія вырабы ў Віцебшчыне. Бажніца сваёй работы[1].


Хатнія вырабы ў Віцебшчыне. Бажніца сваёй работы[1].

У гаспадарцы тут на першы плян выступаюць дзьве расьціны: ячмень і лён. Ячменю ў Задзьвінскай краіне сеюць больш, чым дзе на Беларусі. Аўса-ж за тое сеюць тут менш, чым у большасьці краінаў. Тлумачыцца гэта часткаю кліматычнымі варункамі, часткаю суседзтвам Латвіі, дзе ячменю сеюць асабліва шмат. Шмат сеюць у краіне і лёну, хаця менш, чым у суседняй Смаленшчыне. З гэтага боку краіна займае пасьля Смаленшчыны другое мейсца ў Беларусі. Гаспадарка ў Задзьвінскай краіне наагул стаіць нявысока. Затым і ўраджай тут нізкі.

Рамёслы ў краіне слаба разьвіты. Тых вялікіх прамысловых мястэчак, якія мы бачылі навет у суседняй Магілеўшчыне тут саўсім няма. Тутэйшыя мястэчкі бедныя і невялікія, вядуць найбольш толькі дробны гандаль. З рамёслаў найбольш разьвіты тыя, што вырабляюць дрэва — прыкл. бандарства, (у Віцебскім і Невельскім паветах). У гэтых-жа паветах шмат рамясьнікоў занята гонкаю смалы і дзёгцю.

Досіць разьвіта кравецтва (у Гарадоцкім, Люцынскім, Віцебскім, пав.), а на захадзе краіны (Люцынскі, Себежскі пав.) шмат кавалёў.

Хвабрычная прамысловасьць у краіне невялікая. Толькі піваварных бравароў ёсьць шмат (больш чым дзе), ёсьць некалькі хвабрыкаў сярнічак. Наагул кажучы, ўся блізка хвабрычная прамысловасьць працуе ў самым Віцебску, які сярод гарадоў беларускіх займае віднае мейсца па сваей прамысловасьці. Рэшта-ж краю з прамысловага боку стаіць вельмі нізка.

Такі эканамічны заняпад Задзьвінскай Краіны часткаю тлумачыцца яе рэдкай залюднёнасьцю. Аднак гэтае агульнае тлумачэньне тутака ўжо затым несправядліва, што як раз адсюль шмат народу йдзе на зарабаткі — асабліва ў расейскія вялікія гарады — Петраград і Маскву.

Трэба дзеля таго зьвярнуць асаблівую ўвагу на гісторыю краіны. Спрадвеку краіна была заселена крывічамі і належала да Віцебскага а часткаю да Полацкага княжстваў. Так сама спрадвеку праз яе йшлі вялікія шляхі з паўдня — да Ноўгараду і Пскова і да Варажскага Краю. Дзеля таго тут ніколі ня сьціхала барацьба беларусоў з суседзямі. Асабліва барацьба гэтая разгарэлася тады, калі ўзмацнела Масква і ўсе землі беларускія сабраліся ў Літоўска-Беларускую Дзяржаву. Азёрны Задзьвінскі край быў для гэтай дзяржавы тэй сьцяною, якая бараніла ад Маскоўшчыны самае яго сэрца, яго культурныя цэнтры Полацак, Вільню. Дзеля таго праз увесь час войнаў з Масквою тут адбываліся самыя зацятыя бітвы. Абедзьве стараны стараліся замацаваць за сабою Азёрны край, і дзеля таго, будавалі тут замкі і крэпасьці. Уся краіна засеена руінамі гэтых крэпасьцяў, якія сумна высяцца на астравох азёр, на ўсхонаватых узгорках, альбо ў лясной нетры. Саўсім зразумела, што спакойнай гаспадарскай люднасьці ў часе войнаў жыцьця ня было. I толькі калі барацьба скончылася, край пачаў аджываць.

Праз увесь 16-ты век, калі рэшта Беларусі жыла найбольш шырокім нацыянальна культурным жыцьцём, паветы Себежскі і Невельскі разам з Усходняй Беларусьсю (Смаленшчынаю) прабылі пад уладаю Маскоўшчыны, якая і тады старалася іх абмасковіць. Пэўне-ж гэтае сталецьце так сама вельмі нядобра адбілася на жыцьці Задзьвіньня. На мове тамашніх беларусоў гэта асабліва моцна адбілася. I да нашых часоў яны дамешуюць да мовы шмат расейскіх словаў і зваротаў.

Для лепшай абароны граніцаў Вялікія князі і Каралі раздавалі землі на паграніччы вайсковым людзям, якія называліся панцырнымі баярамі, альбо шляхтаю. У часох прыгону яны былі вольнымі. Гэта адбілася і на іх патомках, якія замажнейшыя і культурнейшыя ад звычайных сялян. Патомкаў гэтых панцырных баяраў шмат ёсьць у Себежскім, Невельскім і іншых прыгранічных паветах Беларусі.

Адным толькі Задзьвінская краіна папраўдзе багата — гэта шляхамі. Апроч вадзяных шляхоў, аб якіх ужо гаворана, краіну сякуць аж пяць чыгункавых лініяў. З кожнага з гарадоў: з Віцебску, Невеля і Себежу разыходзяцца чыгункі ў чатырох кірунках. Апроч таго праз усю блізка краіну йдзець шоса.

Беларускі шляхціц.


Беларускі шляхціц.

Так сама як і ў сівой мінуўшчыне застаецца Віцебшчына вялікім раздарожжам. Усе гарады краіны стаяць пры чыгунках (зраўнуй з Мсьціслаўшчынаю). Гэта дае надзею на тое, што ў недалёкай будучыне яе эканамічнае жыцьцё йзноў адродзіцца, калі толькі для таго, ведама, будуць патрэбныя палітычныя варункі.

Важнейшыя мяйсцовасьці.

Над Дзьвіною, дзе, зьвіваючыся на дне глыбокіх яроў, у яе ўпадае р. Віцьба, стаіць стары Віцебск. Гісторыю гэты горад меў багатую і цікавую. Ня важучыся пераказаць яе тут, успомнім хаця аб некаторых цікавейшых выпадках з гэтай гісторыі.

Так сама, як і шмат іншых беларускіх гарадоў, заложаны Віцебск не за памяцьцю гісторыі. Быў ён найбольш зьвязаны з Полацкам, але ў некаторыя часы быў у залежнасьці ад Смаленску. Віцебск вельмі доўга бараніў сваей незалежнасьці перад літоўскімі князямі. Дастаўся ён урэшце Альгерду, ды і той не заваяваў яго, а атрымаў, як пасаг за Віцебскай княжнай, з якою ажаніўся і стаўся такім чынам Віцебскім князем.

Альгерд, як ведама, быў грэцкай-усходняй веры. Вось-жа ў Віцебску ён пабудаваў некалькі цэркваў. Адна з іх, якую ён толькі перабудаваў, істнуе і да нашых часоў (Царква Благавешчаньня). Так сама пабудаваў Альгерд на левым беразе р. Віцьбы і Дзьвіны моцныя каменныя замкі.

Аб сьцены грозных замкаў віцебскіх ня раз разьбівалася чужаземная навала. Адважна бараніліся ў іх віцябляне перад маскоўскімі ваяводамі. А адбараніўшы роднае места няраз праганялі ворагаў і з межаў краю.

У 1605 г. прыкладам, віцебская дружына пад камандаю Марка Лыткі напала сваім адумам на маскоўскае войска і саўсім яго разьбіла.

Віцебск спрадвеку быў жывым гандлёвым горадам. Заўсёды меў ён гандлёвыя зносіны з Рыгаю, Кёнігсбэргам і іншымі заходнімі гарадамі. Гандаль гэты моцна ўзбагачываў люднасьць, а зносіны з Заходняй Эўропаю высака падымалі яе з боку культурнага. Але сталыя войны з Маскоўшчынай моцна падрывалі дабрабыт Віцебску.

Да ваенных бедаў далучыліся яшчэ ўнутраньнія рэлігійныя сваркі. У 1623 г. на грунце гэтых сварак быў забіты ў Віцебску гарачы прапаведнік Уніі арх. Іозафат Кунцэвіч, прызнаны пасьля Р.-Каталіцкім Касьцёлам за сьвятога. За гэта забойства ўвесь горад быў моцна пакараны. Але найгоршая бяда сталася Віцебску сто гадоў пазьней.

У часе швэдскай вайны віцебляне спрыялі швэдам і навет памаглі ім грашмі. За гэта Пётра I загадаў спаліць Віцебск. Казакі падпалілі места з усіх бакоў. Згарэлі пад той час замкі, усё места, ратуша, крамы, усе прадмесьці, 4 касьцёлы, 12 цэркваў, а ад Задзьвіньня казакі ўзялі выкуп. З гэтай пары Віцебск моцна падупаў і пачаў ён аджываць толькі ў апошнія дзесяткі гадоў, калі правялі чыгункавыя дарогі.

Цераз Віцебск цяпер праходзяць дзьве чыгункавыя лініі, шоса і на р. Дзьвіне ёсьць вялікая прыстань. Гандаль Віцебску цяпер значна вырас. Ен з‘яўляецца складачным мейсцам тавараў, якія раздае на мястэчкі і гарады сумежных паветаў. Найбольш таргуе Віцебск лесам і лёнам, якія адпраўляе ў Рыгу і заграніцу, а часткаю і хлебам. Апроч таго Віцебск таргуе гатовай адзежаю (тандэтнаю) ў досіць значным разьмеры.

Хвабрычная прамысловасьць Віцебску мае значныя разьмеры. На хвабрыках яго працуе каля 2000 чал. Хвабрыкі Віцебскія найбольш невялікія; з іх трэба адзначыць — картонную хвабрыку, некалькі табачных, досіць вялікую хвабрыку акуляраў. Апроч таго ёсьць некалькі піваварных бравароў, аляярняў і гарбарняў. З рамёслаў моцна разьвіта кравецтва.

Мала засталося старасьветчыны ў Віцебску. Ад замкаў не засталося ані сьледу; навет Гару Замковую раскапалі. Толькі дзьве прастарыя цэрквы засталіся на ўспамін аб слаўных часах Віцебску: гэта ўспомненая царква Благавешчаньня і царква сьв. Ільлі перабудаваная ў XVII вяку. Мае Віцебск, апроч таго, пекны сабор будаваны ў XVIII веку.

За тое мяйсцовасьць, у якой знаходзіцца Віцебск і яго ваколіцы робяць чаруючае ўражэньне.

Недалёка ад Віцебску, над Дзьвіною стаіць вельмі стары Маркаў Манастыр, перабудаваны толькі ў XVII веку.

З мястэчак Віцебскага павету вызначаюцца Янавічы з вялікім кірмашам на коні і Сураж, які лічыцца местам, мае каля 4 тыс. люднасьці. І ня гледзячы навет на сваё дагоднае палажэньне над Дзьвіною, пры вусьці р. Касплі і Усьвяту, мае вельмі малое значэньне з боку гандлю і прамысловасьці. Места гэтае досіць старое. Мяйсцовасьць навакола неўраджайная.

Віцебскі павет, якога Дзьвіна дзеліць папалам, мае ў паўднёвай частцы грунты добрыя, — супяшчаныя і сугліністыя. Паўночная-ж палавіна толькі на ўзгор‘і (Віцебска-Невельская Града), якое праходзіць пасярэдзіне павету, мае грунты сугліністыя. На захад ад узгор‘я ляжаць на значным абшары бедныя падзолы, а на ўсход, апрача падзолаў, што адтуль цягнуцца аж пад Вяліж, ёсьць яшчэ і значны абшар пяскоў. Паверхня павету наагул узгоркаватая, пакрытая дзе-ня-дзе невялікімі вазёрамі. Найбольшае з іх воз. Лосьвіда, ляжыць на поўнач ад Віцебску, ля чыгункавай дарогі.

У павеце сеюць шмат лёну. Гаспадарка тут стаіць някепска. Досіць разьвіта садаўніцтва (каля Віцебску ёсьць значная школка фруктовых дрэўцаў). Каля Віцебску, у Бабіцкай воласьці, здабываюць вапну.

У суседнім з Віцебскім Гарадзецкім павеце паўднёва-заходні і паўднёва-ўсходні куты заняты беднымі падзоламі. Пасярод іх на паўдні знаходзіцца самае места Гарадок, з 6 тыс. люднасьці; паўночную палавіну павету займаюць суглінкі. Тут над возерам у пекнай мяйсцовасьці стаіць старое мястэчка Езярышча. На востраве сярод возера знаходзіцца старасьвецкае гарадзішча. Некалісь быў тут моцны замак.

Пясярэдзіне Гарадзецкага павету йдзець узгор‘е, на якім лясоў мала. За тое на спадах яго на ўсходзе і захадзе, пакрытых беднымі грунтамі і багатых азёрамі і рэчкамі, лясоў шмат. З промыслаў у павеце маюць значэньне рыбалоўства і лясныя промыслы. У гаспадарках павету сеюць шмат ячменю і лёну.

Далей на поўнач ляжыць Невельскі павет. На мяжы яго з Гарадзецкім стаяў даўней, у XII веку, Полацкі горад — Емянец. Цяпер там засталося толькі сяло з гэтым імем.

Невель ляжыць між вазёраў, на крыжаваньні чыгункавых дарогаў. Люднасьці ў ім каля 14 тыс. Прамысловае жыцьцё ў ім досіць разьвіта. Бываюць так сама і вялікія кірмашы. Над возерам, на ўзгорку стаяў некалісь Невельскі замак. Ад яго засталіся толькі валы.

На ўсход ад Невеля ляжыць досіць вялікае воз. Іван. Грунты навакола яго лёгкія, супяшчаныя.

Рэшта Невельскага пав. мае грунты сугліністыя, а мяйсцамі і цяжкія гляістыя. Паверхня Невельскага пав. моцна няроўная, ўзгоркаватая, а на поўначы мяйсцовасьць мае выгляд гарысты (Райскія Горы). На поўначы і ўсходзе Невельскага павету лясы складаюцца найбольш з бярозы і дуба, а часта трапляюцца і чыстыя дубовыя лясы.

У двары Студзянец ёсьць серная крыніца. У Невельскім павеце вельмі пашырана рыбалоўства ў вазёрах (Невельскія вазёры славяцца рыбным багацьцем); так сама разьвіты і лясныя промыслы, гонка смалы і дзёгцю.

Себежскі павет, які ляжыць далей на захад, мае грунты найбольш супяшчаныя. Толькі ўздоўж паўднёвай яго мяжы йдзе паяс суглінкаў. Досіць рэдкая люднасьць гэтага павету займаецца апрача гаспадаркі — ляснымі промысламі. У павеце сеюць вельмі многа ячменю і лёну. Мяйсцовасьць у павеце пекная, ўзгоркаватая, пакрытая азёрамі. Тут ляжаць такія значныя вазёры, як возера Сьвібла, Няшчорда і Себежскае. На высокай паўвыспе сярод апошняга возера стаіць Себеж. Невялікі гэта горад (каля 4 тыс. люднасьці), але досіць гандлёвы. Вядзе гандаль скурамі і лёнам. Зьбіраецца ў ім некалькі кірмашоў у год. Цераз Себеж праходзяць крыжуючыся дзьве зялезна-дарожныя лініі.

Люцынскі павет моцна даўгі і дзеліцца на дзьве непадобныя адна да аднэй палавіны. Заходняя-нізінная, лясістая, заселена латышамі; ўсходняя-ж ляжыць на ўзгор‘і, мае лясоў мала, а заселена беларусамі. Мы будзем гаварыць толькі аб усходняй палавіне.

Па прыродзе сваёй і па гаспадарцы яна вельмі падобна да Себежскага павету.

Над возерам Лужаю стаіць паветавае места Люцын, з 6 тыс. люднасьці. Пры возеры на высокай гары высяцца руіны Люцынскага замку, якога залажылі лівонскія рыцары.

На паўдня ад Люцына, каля в. Адэлінова знаходзяцца зялезістыя крыніцы. Гэта дазваляе спадзявацца, што на нейкай глыбіне пад зямлёю ляжыць зялезная руда.

Урэшце на поўнач ад Люцына, на Паўночна-Заходняй зял. дар. ляжыць станцыя Корсаўка. Тут зыходзяцца тры народы: беларусы, латышы і маскоўцы. Ад Корсаўкі канчаецца мяжа беларуска-маскоўская, а пачынаецца беларуска-латышская.

Люцынскі замак у XVIII в.


Люцынскі замак у XVIII в.

На поўнач ад апісаных паветаў беларусы жывуць яшчэ ў Апочацкім і Вяліка-Луцкім паветах, у паўднёвай іх часьці.

На захадзе Апочацкага пав., каля р. Сіняй здабываюць вапну, а каля м. Апочкі — зялезную охру (фарба). Далей на ўсход, аж пад самыя Вялікія Лукі, цягнуцца высокія Вязаўскія Горы, якія тут становяць вададзел паміж р. Вялікаю і Ловацьцю. У гаспадарках сеюць шмат лёну, травы (канюшыны) і ячменю.

Прырубежны беларускі горад Вялікія Лукі ляжыць над р. Ловацьцю і на яе астравох. Успамінаецца аб гэтым горадзе яшчэ ў XII веку; тады ён лежачы на вялікім шляху з Варагаў у Грэкі, быў залежным ад Ноўгарада. Пасьля быў ён даўгі час пад Літвою. Цяпер у В. Луках каля 8 тыс. люднасьці. З промыслаў моцна разьвіта гарбарства.

Беларуская частка Вяліка-Луцкага павету (паўднёвая) моцна лясістая. Люднасьць мае зарабатак ад сплава лесу па р. Ловаці і наагул ад лясных промыслаў.



  1. Шафка, што стаіць на куце і ў ёй трымаюць грамніцу, проскуркі і інш. асьвячаныя рэчы.