Географія Беларусі (1919)/Прырода Беларусі
← Беларусь паміж суседзямі | Прырода Беларусі Падручнік Аўтар: Аркадзь Смоліч 1919 год |
Насяленьне Беларусі → |
Прырода Беларусі.
Паверхня. Тры віды беларускіх мясцовасьцяў.
На сьвеце ёсьць многа высокіх гор, якiх вярхі хаваюцца ў хмарах. Гэныя горы бываюць увышкi па некалькі вёрстаў. На Беларусі такіх вялікіх гор няма. Найвышэйшая гара на Беларусі — Лысая Гара (5 мiль на поўнач ад Менску) мае ўсяго вышыні 160 сажняў, значыць толькі ⅓ вярсты.
На паўдня ад Беларусі, на Украіне ляжаць стэпы. Тамака, як выйдзеш у поле, дык, бывае, нідзе дрэўца не пабачыш, як вокам глянуць — усё толькі поле ды поле. Таксама не пабачыш і ўзгорка такога, якiх у нас на Беларусі ўсюдых хапае. Роўнае, як стол, поле ідзе ў даль, аж пакуль ня зьліваецца з небам аж да самага гарызонту. І толькі дзе-ня-дзе трапляюцца глыбокія равы-яры, якія папракопавала вада, што зьбіралася з усяго вялікага поля. Равы гэныя бываюць вельмi глыбокiя i вялiзнае шырыні. Яны бягуць да рэчкі, якая так сама плыве па шырокай даліне паміж дзьвëх высокiх сьценаў, на ве́рсе якіх поле. Калі глянуць з нiзу ад рэчкі на гэныя сьцены-берагі — здаецца, што гэта такiя самыя горы, як і ў нас (бо часамі вышыня іх бывае так тама па сотні і балей сажняў). Але гэтак здаецца толькі зьнiзу. Калі ўзыйсьці на такую гару — мы пабачым з усіх бакоў сябе роўнае поле.
Яшчэ мы ведаем, што ў стэпу ляжыць тоўсты пласт чорнае зямлi па аршыну дый больш таўшчыні, што на гэным чарназëме надта дабра збожжа родзіць.
Вось-жа, калі мы глянем па Беларусі, дык мы такіх стэпоў нідзе ня знойдзем. Яны ляжаць як раз за нашай мяжою, за р. Дзясною. А на наш бок Дзясны праўдзівых стэпоў ужо няма. Есьць толькі лесастопы. Яны ляжаць найбольш у Чарнігаўшчыне і па суседзтву з ёю. Неклiсь тут таксама ляжалі стэпы, але пасьля пакрысе сталі зьяўляцца маленькія гаi лiсьцястых дрэў, з гаёў вырасталі лясы і на мейсцу стэпу зробіўся лес. Вiльгацi тут было і так больш чымся ў стэпу (бо далей на поўнач), а як пайшлі лясы, дык яшчэ балей яе стала. Вада павыкопавала шмат новых яроў, і павымывала з чарназëму шмат яго сытных для расьцінаў частак.
Цяпер лясоў тых ужо мала асталося, але ўсё ж нi там, то там выгляне зялёны таёк з старымі дубамі, яварамі, ляшчынаю У ярох і ў рачных далінах сустракаюцца вялікія прасторы пескавога грунту, на якім растуць хваёвыя бары.
У лесастэпу зямля ўсё ж вельмі багатая і добра родзіць збожжа. Толькі трэба ўмець на ёй гаспадарыць, бо інакш можна зьвесьці зямлю на чыстую пустыню.
Перанясёмся цяпер думкаю з нашага Чарнігаўскага лесастэпу на другі канец Беларусі, у Віцебшчыну.
Добра жыць у гэтым краю, ды цяжка гаспадарыць — зямлю робіць. Куды ні глянь — усё горы ды горы. Едзеш па дарозе, дык усё альбо пад гару альбо з гары; рэдка, рэдка трапіцца поўвярсты роўнага мейсца. Апрыч таго, усюдых як-бы пасеяна каменьня; ляжыць яно і паасобку і цэлымі грудамі альбо гнёздамi, а то дык і вялікае поле скрозь бывае завалена каменьнем. Асабліва многа каменьня на ўзгорках. Горы найчасьцей паабрасталі лесам — елкамі, хвоямі. Дзеля гэтага ўсюдых вока ўпіраецца ў лес. Горы гэтыя бываюць стромкiмi. Найчасьцей яны памалу падымаюцца над нізінаю, а зьверху роўныя, гладкiя як-бы рукой прагладжаны.
Паміж гораў ляжаць глыбокія вазёры. Увесь край чыста зрэзаны гэтымі вазёрамі. Дарога мусіць дзесятак вёрст круціцца паміж іх, каб выйсьці на другi бок возера за якую вярсту. Гэты край гораў, каменьня і вазёраў называюць морэнным краем.
А вось яшчэ адзін абразок, якi вельмі часта можна сустрэць на Беларусі. Невялікая роўненькая палянка. Навокал, як вокам сягнуць, хваёвы бор. У рагу палянкі з бору выплывае рэчка, ля рэчкі стаіць невялікая шэрая вёсачка, а ад яе па ўсёй палянцы цягнуцца роўныя зялёныя шнуры сялянскага збожжа. Ніводнага ўзгорка — усё роўна, як у стэпу. Але няма і тых яроў ды далінаў глыбокіх — у рэчцы вады поўныя берагі, рачное далiны зусім блізка ня знаць. Ціха цячэ гэтая вада па нязначнаму спаду, аж пакуль яе што не задзяржыць. А як задзяржыць яе што, яна разьліваецца шырака і зробiць на мейсцу поля балота.
Трапляецца часамі, што гэткае балота цягнецца на дзесяткі вёрстаў. На гэткім балоце травы расьце досiць трава благая, балоцiна, але шмат яе. Сяляне цярэбяць лазу, якою вельмi скора абрастаюць гэткiя балоты, і вось зьяўляюцца вялізарныя сенажаці.
Зямля тутака ўсюдых вельмі лёгкая — пясок. Ураджай з яе малы, дык народ па большай часьці з сена жыве, ды жывёлу гадуе.
Часамі бывае лясы высякаюць. Тады далёка-далёка, як вока сягае, вiдна ўсё тая самая раўніна з роўнымі паскамі нівы з абшырнымі балотнымі сенажацямі, аж пакуль недзе на гарызонце нi пакажацца палоска лесу.
Гэты край пясковых раўнінаў, паросшых хваёвымі барамі, называюць палесьсем. Гэткім парадкам мы разгледзілі тры галаўнейшыя віды беларускіх мяйсцовасьцяў: лесастэп, морэнны край і палесьсе. Трапляюцца яшчэ і крыху іншыя — аб іх будзем гукаць ніжэй. Цяпер паглядзём, як у навуцы рястлумачана, адкуль зьявіўся гэткі выгляд нашае зямлі і як ён стварыўся.
У далёкай мінуўшчыне, многа тысяч гадоў назад, быў такі час, калi над усёй паўночнай Эўропаю стаялі вялізныя сьцюжы. I разам з гэтым бязупынна ліліся дажджы, ішоў сьнег. Гэтак дзеялася па працягу тысячы гадоў. Дзякуючы гэтаму тамака — у Фінляндыі, у Скандынавіі павырасталі вялізазныя масы лёду на некалькі вёрстаў таўшчынёю. Тым часам дажджы ўсё ліліся, нарасталі усё новыя ледавыя горы, націскалі на тыя, што ўперад былі, і дзякуючы гэтаму ўся ледавая маса кранулася на паўдня, адрываючы ад скалаў ды перапіраючы ў дробны пясок большае i меншае каменьне. Шмат каменьня было зьверху на лёдзе, шмат было ў ім у сярэдзiне, шмат валок гэты, як яго называюць, ледавік пад сабою каменьня, пяску, гліны і г. д.
Гэтае каменьне, пясок, гліну называюць морэнаю. Гэты ледавік дапоўз і да Беларусі і накрыў яе ўсю. Доўга-доўга схавана была зямелька нашая пад ледавой вопраткаю, аж пакуль ізноў не вярнуліся цяплейшыя гады. Тады лёд пачаў пакрысе растапляцца. На паўдні скора ўжо яго зусім нястала, а цераз нейкі час і ўвесь лёд зыйшоў з Беларусi. *)[1]. Пэўне-ж, што ад такіх масаў лёду выйшла бяз меры многа вады і яна рынулася кудою толькі можна было, каб трапіць у моры ды акiяны.
На паўдня ад Беларусі — у Валыні ляжаць досiць высокія Аўратынскія горы. Гэныя горы задзяржалі цячэньне вады і яна перад імі стала, зробіўшы вялікае т. зв. Гэродотава мора. Гэнае мора як раз і заняло паўднёвую Беларусь.
Ледавіка ужо даўно ня было, але пазаставаліся па ім вялікія сьляды. Уся морэна — маса пяску, каменьня і цэлыя скалы, якія нёс з сабою ледавік, засталася на мейсцы. Шмат гадоў ляжала гэтая морэна на мейсцы і з ёю зробiлiся вялікія зьмены. Скалы парашчаплялiся на каменьне, каменьне парашчаплялася на жарству, а з жарствы зробiлася гліна.
Тым часам з поўначы ўсё цяклі патокі вады. Яны размывалi морэнную гліну і несьлі яе з сабою.
Калі ў бягучай вадзе раскалацiць жменю гліны, дык вада замуціцца. Мутная вада пацячэ далей, але хутка мута асядзе. У гліне ёсьць пяшчынкі і ёсьць глей. Пяшчынкі большыя і ця- жэйшыя — яны бліжэй асядуць. А глей вада можа далёка занясьці. Узмучаная вада з поўначы трапляла ў тое самае Гэродотава мора. Цячэньне яе тут было слабейшае і дзеля таго тут асядаў пясок. Гляiстыя-ж часткі вада несла далей.
Калі ледавік растапіўся, падняліся моцныя сухія паўночныя вятры. Яны абсушылі увесь морэнны матар‘ял, што застаўся пасьля ледавіка, i на мейсцу ледавіка хутка зробілася зусім сухая бязводная пустыня. Вецер дакончыў тую работу, якую пачала вада. Ен выдзьмухаў з зямлі, з гліны ўсе лягчэйшыя, гляністыя часткі і зробіў з іх над нашаю старонкаю беспрасьветныя хмары пылу.
Увесь гэты пыл вецер гнаў на паўдня і тамака, за Дзясною, дзе цяпер украінскія стэпы, ён асядаў на зямлю. Шмат сотняў гадоў цягнулася гэтая справа і за гэты час тамака павырасталі вялізазнай таўшчыні пласты гэтага пылу. Вучоныя яго завуць лёсам. Пасьля на ім парасьлі буйныя стэповыя травы і зробіўся чарназём.
Пласты лёсу трапляюцца і ў нас. Яны пакрываюць якраз наш чарнігаўскі лесастэп. На iх таксама быў калісь чарназём, хоць і не такі багаты, як на Украіне. Аб іх мы ўжо казалі вышэй.
Там, дзе морэннага матар‘ялу было асабліва многа, нi вада, нi вецер не змаглі яго сьцерці. Праз шмат гадоў каменьне зьверху зробiлася глiнаю і на ім сталі расьці дрэвы і трава. На мейсцу бесканечных грудаў каменьня зьявiлiся харошыя лясістыя ўзгоркі; у глыбокіх лагчынах паміж іх парабіліся вазёры.
Вецер і вада праўда адкопавалi ўсё новае і новае каменьне, але усё ж на мейсцу каменнае пустыні зьявіўся харошы морэнны край.
Патроху высыхала і Гэродотава мора. Між іншым Гэродотавым яно завецца дзеля таго, што адзiны вучоны, які аб ім пісаў зваўся Гэродот. Жыў ён 2400 гадоў назад. Значыць 2400 гадоў назад гэтае мора яшчэ было. Цяпер яго ўжо няма. Ад яго засталіся толькі вялiзазныя Пінскія балоты, што ляжаць уздоўж р. Прыпяці, ды пескавыя прасторы палесься, што былі калісь яго дном.
Мы ужо ведаем, што вялiкiх гораў на Беларусі няма; ёсьць толькi больш цi менш даўгія ланцугі, гнёзды ўзгоркаў або ўзгор‘і. Хоць вышыня іх невялікая, але значэньне яны маюць вельмi важнае — з беларускіх узгор‘еў расьцякаюцца ўва ўсе бакі найвялікшыя рэкі Эўропы — Нёман, Дняпро, Дзьвіна; навет Волга. Важнейшыя ўзгор‘і: Менскае, Наваградзкае, Вялейскае, Задзьвінская морэна, Смаленская морэна, Окаускі лес, Задняпроускае узгор‘е і Аршанскае. Менскае узгор‘е складаецца з некалькіх ланцугоў узгоркаў, якія йдуць у розных кірунках па заходняй часьці Барысаўскага павету, запаўняюць сабою бязмална ўвесь Менскі і заходзяць у некалькіх мяйсцох досіць далёка ў Ігуменскі пав. На мяжы Менскага і Барысоўскага паветаў гэтыя ўзгоркі даходзяць найвялікшае вышыні і тут ля вёскі Лысая Гара.
Есьць найвышэйшы пункт усяе Беларусі — Лысая Гара, якая паднята над морам на 1127 фут., альбо на 161 сажань. Таксама значную вышыню маюць узгоркі і некалькі міль на захад ад Менску. У паўднёвай частцы сваёй узгор‘е пакрыта багатай гляістай зямлёю. З Менскага ўзгор‘я выцякаюць Нёман, Вельля, Бярэзіна, Птыч і шмат драбнейшых рэчак.
Наваградзкае узгор‘е складаецца з некалькіх гнёздаў узгоркаў, спаміж каторых найвышэйшым ёсьць гняздо, што ляжыць ля самага Наваградку. Там пры Каменцы ёсьць горы, з якіх адчыняюцца віды на дзесяткі вёрст вакола. Наваградзкае ўзгор‘е заходзіць і ў Слонімскі павет, запаўняючы сабою тую частку павету, якая ляжыць на ўсход ад Шчары. Урэшце Наваградзкае узгор‘е ідзець шырокай пасай у Случчыну. Тамака ўзгор‘е памалу паніжаецца і нязначна пераходзіць у Палескую раўніну.
Усё ўзгор‘е пакрыта багатай гляiстай зямлёю, якая дае вельмі вялікія ўраджаi. Народ тут жыве вельмi густа; гаспадары ўсё багатыя. Лічаць, што Наваградзкая і Слуцкая зямля лепшая на ўсю Беларусь.
Віленскае узгор‘е iдзець уздоўж левага берагу Вельлі па Ашмянскім і Віленскім паветах. На мяжы гэтах паветаў ёсьць найвышэйшыя пункты гэтага ўзгор‘я каля Гудагаю (154 сажні) і пры Медніках (138 саж.) У гэтым мейсцу Віленскае ўзгор‘е дзеліцца на дзьве часткі. Адна паварочавае на паўднёвы захад і запаўняе сабою Лідзкі павет. Ступянëва зьніжаючыся падыходзіць узгор‘е да Нёмну і прымушае яго зьвярнуць на паўдня i аж да Горадня ісьці назад проці свайго першага кірунку. Другая ланцугом досiць высокіх узгоркаў iдзець да Меднік у кірунку на Вільню і пры ўпадзе Вялейкі ў Вельлю робіць шырокую катлавіну, у якой ляжыць Вiльня. Заходнюю сьцяну гэтай катлавiны твораць Понары — ланцуг высокіх лясістых узгоркаў, прарэзаных ярамі. Верст 7 за Вiльняю Понары ўпіраюцца ў Вельлю, творачы на рэцэ значнай высокасьці берагі, далёка вядомыя па сваiм харастве чаруючых ваколіцаў.
Пад Понарамі праложаны тунэль для чыгункі. З усходу Віленская катлавіна абмежана высокiмi ды ўсхонаватымі горамі, спаміж якіх найвышэйшыя — Замковая, Трох Кражавая і Бакішовая гара, што высяцца над Вільняю. Урэшце на правым беразе Вельлі, проці Вiльнi, ёсць узгор‘е, якое называюць Шэшкінямі.
Завялейскае узгор‘е складаецца з ланцуга досыць высокіх узгоркаў, які аддзяляе басэйн Вельлі ад басэйну Дзьвіны. Узгор‘е гэтае цягнецца па Дзісьненскім, Вялейскім і Сьвянцянскім паветах. Да Завялейскага ўзгор‘я у Лепельскім павеце прылучаюцца яшчэ два горных гнязды — узгор‘е Пышнагор — якое ляжыць сярод вазёраў на заход ад Лепля і горы Котарсы — на ўсход ад Лепля на мяжы трох паветаў: Лепельскага, Сенненскага і Барысаўскага.
Задзьвінскія узгор‘і. Усю Задзьвінскую Віцебшчыну пакрываюць морэнныя ўзгоркі і вазёры. На поўначы яе паміж Себежа і Невеля гэтыя ўзгоркі даходзяць значнае вышыні. У вадным досьледзе пішацца аб гэтым узгор‘і вось што: „Глыбокія прорвы, даліны і катлавіны чарадуюцца блізу-што няпрыступнымі усхонаватымі горамі. Істнуючыя карты не даюць ніякага прадстаўленьня аб гэтым горным ляндшафту. Вышыня гораў, нідзе ня мераная, павінна быць вельмі значнаю, бо навет лінія чыгункі, якая йдзець нізам, усё ж паднята больш чымся на 100 сажняў над морам“. Ад гэтых паўночных гораў у кірунку на паўдня адыходзіць ужо акуратна вымераная Віцебска-Невельская горная града. Яна складаецца з узгоркаў, якія маюць закругленыя вярхі і адхонаватыя спады. На паверхні — шмат каменьня.
Смаленскія узгор‘і. У паветах Парэцкім, Смаленскім і часткаю Духаўшчынскім і Вяліскім, так сама як і ў Віцебшчыне, край мае морэнны выгляд. Паса досыць высокіх узгоркаў з закругленымі і адхонаватымі спадамі дзеліць тут басэйны Дняпра і Дзьвіны. Найбалей рэзка выяўляецца гэтае ўзгор‘е на мяжы Духаўшчынскага і Парэцкага паветаў у вярхоўях р. Хмосьці.
Окаускі лес — гэтак называецца высакападняты край, які ляжыць на самай усходняй мяжы Беларусі і займае павет Бельскі, Дарагабужскі, Ельнінскі і часткі суседніх. Ні гораў, ні ўзгоркаў тут няма. Азëры сустракаюцца вельмі рэдка. Увесь край робіць уражэньне аднае бесканечнае раўніны. Мы аднак разглядаем Окаўскі лес разам з узгор‘ямі дзеля таго, што ён высака падняты над морам.
Рэкі ў Окаўскім лесе цякуць у высокіх і ўсхонаватых берагох. Такія самыя берагі маюць часта яры, якіх у гэтым краю ёсьць досіць многа. Яры з Окаўскага лесу па свайму выгляду крыху навет прыпамінаюць стэповыя яры, пракопаныя вадою ў лесе. Гэта дзякуючы таму, што Окаўскі лес пакрыты гляістай зямлёю, такою самаю мягкаю, як лёс. Каменьня ў ёй зусім няма. Гэтую мягкую гляістую зямлю завуць лёсавідным глеем.
Найвышэйшаю часткаю Окаўскага лесу зьяўляецца т. зв. Ельнінскі вузëл. Гэта так сама раўніна, як і ўвесь Окаўскі лес. Цікаўны Ельнiнскі вузёл тым, што з яго вельмі блізка адна ад аднае пачынаюцца такія вялікія рэкі, як Сож, Дзьвіна і інш. З паўночнае часткі Окаўскага лесу выцякае і вялікі Дняпро.
Пад пластамі гліны ў Окаўскім лесе ляжыць вапна. Вада, якая працякае зьверху, робіць у вапне цэлыя пячуры і ходы. Дзякуючы гэтаму часта трапляецца, што рэчка будзе цячы да пэўнага мейсца, а далей правалюецца пад зямлю — гэта яна сходзіць у вапенныя ходы. Цераз некалькі вёрстаў яна йзноў паказаваецца з-пад зямлі і цячэ далей.
Окаўскае ўзгор‘е ўсё пакрыта лясамі і бярозавымі гаямі. Дзеля гэтага яно і завецца „лесам“. Дняпроускае узгор‘е. Уздоўж левага берагу Дняпра па Красьненскім, Мсьціслаўскім, Горэцкім і Чаўскім паветах ідзець значна паднятая горная града, якую мы завём Дняпроўскім узгор‘ем. Гэтае ўзгор‘е прымушае Дняпро на працягу многіх вёрстаў цячы ў заходнім кірунку, аж пакуль ён не прабівае сабе дарогу скрозь узгор‘е каля Воршы і не паварочавае на паўдня. У гэтым мейсцы на Дняпры ёсьць Кобеляцкія парагі, якія моцна перашкаджалі судаходзтву; цяпер частку іх узарвалі. На правым беразе Дняпра ўзгор‘е, крыху зьніжыўшыся, ідзець па Аршанскім павеце, а часткаю і па суседніх, дзелячы басэйны Дняпра і Дзьвіны.
Усё ўзгор‘е пакрыта па большай часьці урадліваю гліністаю зямлёю.
На паўдні Дняпроўскае ўзгор‘е памалу пераходзіць у Палескую нізіну.
Нізіны Беларусі.
Бязмална ўся Паўднёвая Беларусь прадстаўляе з сябе балоцістую нізіну, якую завуць Палесьсем. З усходу, поўначы і захаду гэтая нізіна адмяжавана Дняпроўскімі, Менскім і Наваградзкім узгор‘ямі ды пакатай на паўдня Горадзенскай раўніною. На паўдні Палесьсе йдзець далёй у межы Украіны аж да Аўратынскіх гораў[2]). Беларускае Палесьсе займае каля 60 тыс. кв. вёр., значыцца пятую часьць усяго прастору Беларусі і цягнецца з усходу на заход на 800 вёрст. Пэўне-ж, што на гэткім прасторы прырода і характар мясцовасьці далёка ня роўны. Дзеля гэтага Беларускае Палесьсе трэба разьдзяліць на тры часткі — Усходняе або Дняпроўскае, Цэнтральнае — Прыпяцкае і Заходняе — Берасьцейскае Палесьсе.
Усходняе Палесьсе разлажылася па рэках Бярэзіне, Дняпру і Сожу. Займае яно Бабруйскі, Рэчыцкі, Рагачоўскі, Гомельскі і Гароднянскі (Чарнігаўшчыны) паветы. Гэта край лясных пескавых раўнінаў, якія чарадуюцца з бесканечнымі балоцістымі сенажацямі. Адвак трэба адзначыць, што ў частцы гэтага Палесься — у Гомельшчыне даўнейшых лясоў ужо няма. Гомельшчына прадстаўляе сабою адкрытую густазаселеную пескавую раўніну. Апроч таго, у некаторых мясцох Усходняга Палесься трапляюцца досіць значныя кліны багатае гляістае зямлі на якой добра расьце пшаніца. Тут мясцовасьць таксама траціць палескі характар і густа засяляецца. Але гэта толькі астраўкі сярод мора хваёвых і ліставых лясоў праўдзівага Палесься. Прыпяцкае Палесьсе ёсьць зусім апрычонная, непадобная да іншых краёў Беларусі, старонка. Большую яе частку займаюць непраходныя гразкія балоты, паросшыя то высокімі балотнымі травамі, то дробнымі зарасьнікамі і купінамі. Мясцовасьць на паўдня ад Пінску, т. зв. Зарэчча, каля 1500 кв. вёрстаў прастору, увясну і ўвосень зусім заліваецца вадою і мае выгляд вялізнага возера[3])
Паміж балотаў параскіданы астравы — крыху сушэйшыя лапікі зямлі, найчасьцей з пескавымі грунтамі. Па іх растуць хваёвыя бары, будуюцца і гаспадараць рэдкія вёскі паляшукаў. Над усім Прыпяцкім Палесьсем падняты два вялізных астравы з багатаю гліністаю зямлёю і густым насяленьнем — гэта Загародзьдзе каля Пінску і высокі бераг Прыпяці каля Мозыра.
Берасьцейскае Палесьсе, якое займае Кобрынскі, Слонімскі і Берасьцейскі паветы, мае ў сабе так сама вялізазныя балоцістыя прасторы. Аднак дзякуючы лепшай зямлі гэты край досіць густа заселены і бязьлесны.
Полацкая лізіна абыймае большую часьць паветаў Полацкага, Дзісьненскага, Дрысенскага і Дзьвінскага. Яна зьяўляецца прадаўжэньнем ляжачае далей на захад Балтыцкае нізіны. Усходняя яе часьць каля Полацку вельмі лясістая і балоцістая; зямля тут бедная, народ жыве рэдка. Зусім што іншае ў заходняй палавіне дзякуючы багатаму гліністаму грунту.
Абводненьне Беларусі.
Рэкі Беларусі.
Беларускія рэкі цякуць або ў Чорнае або ў Балтыцкае мора. Вададзелам паміж тымі і гэтымі, або, як кажуць, басэйнамі Чорнага і Балтыцкага мора ёсьць Смаленскія ўзгор‘і, Аршанская частка Дняпроўскага, Котарсы, Пышнагор, Менскае і Наваградзкае ўзгор‘е. Далёй на паўдня вададзел ідзець па балотах Берасьцейскага Палесься ажно да меж Баларусі.
Окаўскі лес аддзяляе Беларусь ад басэйну Касьпійскага мора, ад прытокаў Волгі, некаторыя з апошніх так сама маюць свой пачатак на беларускіх узгор‘ях.
У Чорнае мора цячэ найвялікшая ды найважнейшая беларуская рака — Дняпро. Дняпро пачынаецца на Окаўскім лесе, у Бельскім павеце, каля самае мяжы Беларусі. Ен выцякае з імшару каля в. Клёцавае у мясцовасьці вельмі лясістай глухой. Спачатку Дняпро цячэ на паўдня і творыць мяжу Беларусі з Маскоўшчынаю, а крыху не даходзячы м. Дарагабужу паварочавае на захад і цячэ ў гэтым кірунку ажно да Воршы. Пад Воршаю Дняпро перарываецца цераз Дняпроўскае ўзгор‘е і тут на ім ёсьць, ужо ўспамінаныя, Кобеляцкія парагі. Ад Воршы Дняпро ідзець у паўднёвым кірунку. Верхні Дняпро да Воршы цячэ у досіць шырокай даліне — да 3 вёр. у шыркі па гарыстай і лясістай мясцовасьці. На харошых лядняпроўскіх узгорках, прарэзаных глыбокімі ярамі, пабудаваны Смаленск. Каля Воршы Дняпро цячэ між усхонаватых, абрывістых берагоў, а далей на паўдня даліна Дняпра шырэе і даходзіць 5-ёх вёрстаў, асабліва пасьля ўпадзэньня ў Дняпро яго вялікіх прытокаў — Бярэзіны і Сожа. Глыбіня Дняпра вельмі няроўная. Навет ніжэй Магілева трапляюцца такія няглыбокія месцы, што цераз іх прыходзіцца параходы на лінах перацягаваць.[4])
Дняпро блізка Магілева.
Па Дняпры баркі ходзяць аж да Дарагабужу, а параходы да Смаленску. Асабліва жывы параходны рух між Воршаю і Магілевам і ніжэй утоку Бярэзіны. Значнейшыя Дняпроўскія прыстані вось якія: Смаленск, Дуброўна, Ворша, Копысь, Шклоў, Магіле́ў, Ст. Быхаў, Рагачоў, Жлобін, Рэчыца, і Лоеў.
У Дняпро цякуць вось якія рэкі і рэчкі: з правага боку — Воп, Хмосьць, Друць, Бярэзіна і Прыпяць; з левага — Сож і Дзясна.
Бярэзіна выцякае з Менскага ўзгор‘я недалёка ад м. Докшыц, і цячэ на большай часьці па нізіннай палескай мясцовасьці. Мясцамі аднак берагі яе робяцца ўсхонаватымі і няпрыступнымі. Ад м. Барысава па ёй ходзяць баркі і параходы, хаця і з перарывамі ўлетку, бо на Бярэзіне трапляецца многа плыткіх мясцоў. Цячэньне Бярэзіны ціхое, павольнае, бо спад невялікі. Шырыня яе пад Барысавам каля 20 сажняў, а ніжэй Бабруйска яна даходзіць 70 і балей сажняў. Даўжыня ўсяе ракі — 590 вёрстаў.
Бярэзіна злучана з Дзьвіною — Бярэзінскім каналам, які мае вялізнае значэньне для нашага гандлю.
З паміж прытокаў Бярэзіны трэба адзначыць найвялікшы Сьвіслач (мае ўдаўжкі 250 вёрстаў), на якой стаіць Менск. Улетку гэта невялічкая рэчка, за тое ўвясну яна дужа разьліваецца і затапляе частку места.
Прыпяць выцякае з Валыні (на Украіне), мае характар балотнае ракі. Цячэ яна ўвесь час сярод балотаў, дзеліцца сама на шмат рукавоў, якія то разыходзяцца, то ізноў злучаюцца паміж сабою. Асабліва ў верхнім сваім цячэньні яна прадстаўляе з сябе сетку рэк, якія пакрываюць сабою Пінскія балоты. Гэтыя рукавы Прыпяці часта маюць свае асобныя назовы (навет у некаторых мясцох раку завуць ня Прыпяцяй, а Струменем, Парком і г. д.). Даўжыня ўсяе Прыпяці каля 800 вёрст., з гэтага ліку на Беларусі яна цячэ на працягу 550 верстаў. Шырыня яе даходзіць да 200 сажняў, а ў веснавое разводзьдзе Прыпяць разьліваецца па 10-15 вёрстаў. Вады ў ёй тады гэталькі бывае, што баркі могуць хадзіць па тых мясцох, дзе ўлетку аралі ці касілі.
Прыпяць мае вялікія прытокі — з правага боку — Стоход, Стыр, Горынь, Уборць і Славечну, а з левага — Ясельду, Цну, Лань, Морач і Птыч. Гэтыя ўсе рэкі маюць асабліва важнае значэньне дзеля таго, што толькі па іх жыхары Палесься могуць мець зносіны з светам, бо іншых ніякіх дарог там няма. З прытокаў Прыпяці — па Стохаду, Стыру, Горыні, Ясельдзе ходзяць параходы, па шмат якіх іншых ходзяць непаравыя судны. Па самай-жа Прыпяці параходы ходзяць да Пінску. Вялікай перашкодай параходзтву ёсьць плыткія месцы, карчы, калоды, якіх шмат у гэтай палескай рацэ; затое парагоў няма. Важнейшыя прыстані: Пінск, Тураў, Петрыкоў і Мозыр. З Ясельды йдзець да Шчары — прытока Нёмнавага — Агінскі канал. А з прытоку Ясельдзінага — Піны ідзець цераз Мухавец да Бугу — Каралеўскі канал. Гэныя каналы так сама, як і Бярэзінскі, злучаюць Чорнае мора з Балтыцкім, збажжавыя ўкраінскія стэпы, багатае лесам беларускае палесьсе — з Заходняй Еўропаю, якая патрабуе і нашага лесу і ўкраінскага хлеба.
Сож пачынаецца пад самым Смаленскам, некалькі вёрстаў на паўдня ад яго. Цячэць ён цераз усю ўсходнюю Магіле́ўшчыну па шырокай балоцістай даліне́. Шырыня яго самага даходзіць 100 сажняў. Агульная даўжыня яго 550 вёрстаў. Ад м. Крычэва па Сожу ходзяць баркі, а ад Прапойска і параходы. Галаўнейшыя прыстані — Гомель, Ветка, Прапойск, Чэрыкаў і Крычэў.
Прытокі Сожа: Асьцёр, Проня, Беседзь і Іпуць. Усе яны даволі вялікія рэкі (найвялікшая Іпуць — 350 в. удаўжкі), якія абвадняюць вялікшую частку паўднёва-ўсходняе Беларусі.
Дзясна выцякае з Окаўскага лесу, з-пад м. Ельні. На працягу каля 250 вёрстаў яна ідзе па мяжы Беларусі, аддзяляючы яе ад Маскоўшчыны і Украіны. Шырыня яе даходзіць 70 сажняў. Правы — беларускі бераг яе высокі, з багатаю гляістаю зямлёю, густа заселены. На ім стаяць месты Бранск і Трубчэўск. Левы бераг нізкі, пескавы і лясісты. З беларускіх прытокаў Дзясны большыя — Сноў і Судасьць.
Калі мы цяпер абвядзём на карце басэйн Дняпра; дык пабачым, што вадою Дняпра і яго прытокаў жывіцца ўся ўсходня-паўднёвая палавіна Беларусі.
Паўночную і Заходнюю Беларусь займаюць басэйны Нёмна і Дзьвіны.
Нёман выцякае з балоцістых лясоў, якія ляжаць на спадах Менскага ўзгор‘я каля м. Узды Ігуменскага пав. Верхнім сваім цячэньнем абкружае Нёман Наваградзкае ўзгор‘е. Левы бераг яго тут высокі, густа заселены, правы прадстаўляе з сябе пескавую раўніну, пакрытую лесам, т. зв. Налібоцкую пушчу. Нёман цячэ выкручуючыся сярод нетры Дакудаўскіх лясоў. Пачынаючы ад м. Беліцы левы бераг Нёмна робіцца высокім і стромкім.
Ад м. Мастоў Нёман паварочавае на паўночны захад. Яго правы бераг цяпер пакрыты лесам, балотамі, а левы гарысты. Гэтак падыходзіць Нёман да старога Горадня, каля каторага берагі ракі ўкрыты ярамі ды курганамі. Зараз за Гораднем Нёман крута паварочавае на поўнач. Прайшоўшы яшчэ з дзьве мілі, Нёман даходзіць Друскенік, найлепшага нашага курорту. За Друскенікамі ўжо пачынаецца Літва. Ужо ў літоўскай старане ў Нёман уліваецца яго важнейшы прыток Вельля. Нёман у Балтыцкае мора ўліваецца ў Усходніх Прусах (у затоку Курыш-гаф). Шырыня Нёмна ў нас даходзіць да 70 сажняў. Баркі ходзяць па ім аж да Сьвержаня. Параходы ходзяць толькі на некаторых кавалках ракі, а па ўсёй рацэ ня ходзяць, бо вельмі многа на Нёмне падводнага каменьня і плыткіх мясцоў.
Прытокі Нёмна: — правыя: Барэзіна, Котра і Вельля, левыя: Шчара.
Вельля выцякае з Менскага ўзгор‘я — у Барысаўскім павеце. Уся яе даўжыня даходзіць 650 вёрст. Берагі Вельлі вельмі харошыя: то ўсхонаваты высокія горы, часамі навет няпрыступныя скалы, укрыты густым лесам і закіданыя розным увелькі каменьнем.
Судаходзтва па Вельлі ад м. Вялейкі. Яму вельмі перашкаджаюць падводныя камяні, якіх у рацэ ёсьць шмат. Дзеля гэтага пробы наладзіць параходную зьвязь па Вельлі у колькі не́будзь значнай меры — не ўдаваліся. Цяпер па Вельлі ходзяць параходы толькі на невялічкім кавалку ракі каля Вільні.
Шчара, пачаўшыся ў Наваградчыне, цячэ ўвесь час балотамі ды лясамі. Агінскім каналам яна зьвязана з Прыпяцьцю.
Дзьвіна выцякае з возера Жадзеньня, якое ляжыць у Цьверскай губэрні каля мяжы яе з Бельскім паветам
Дзьвіна ля Дзьвінска.
Смаленшчыны. Адтуль яна аж за Віцебск ідзець у паўднёвым і паўднёва-заходнім кірунках. Ад м. Бешанкавічаў Дзьвіна паварочавае на паўночны заход і гэтак ідзе аж да Рыжскае затокі, у якую яна ўпадае ў Ліфляндыі (Латвіі) пры м. Рызе. Агульная даўжыня яе 920 вёрст. З гэтага ліку каля 600 вёрст Дзьвіна ідзе па Беларусі. Шырыня Дзьвіны пад Віцебскам каля 50 сажняў. Ніжэй яна даходзіць 100-150 саж.
Па ўсім цячэньні Дзьвіны параскіданы парагі, вельмі перашкаджаючыя судаходзтву. Есьць парагі пад Вяліжам (Пушкарскія), каля Віцебску (Руба, Капачы), Дзісны, Краслаўкі; але найбольшыя парагі ляжаць за Дзьвінскам — яны завуцца Перакорыш (каля мястэчка Крэйцбургу)[5])
Баркі па Дзьвіне ходзяць аж за Вяліж — да ўтоку р. Межы. Паміж Дзьвінскам і Вяліжом ходзяць параходы. Важнейшыя прыстані: Вяліж, Сураж, Лепель (на Бярэзінскім канале), Полацак, Дзьвінск, Віцебск і Бешанкавічы.
Прытокі Дзьвіны: правыя — Вобаль, Полата, Дрыса; левыя — Межа (яе прыток Вобша), Каспля, Улла, Дзісенка. Большае значэньне маюць левыя прытокі, якія злучаюць Дзьвіну з Лядняпроўскім краем. Асабліва вялікае значэньне іх было ў далёкай мінуўшчыне, калі па іх ішоў вядомы шлях з Варагаў у Грэкі.
Апроч гэтых усіх вяжнейшых беларускіх рэк і іх прытокаў, пры межах Беларусі цякуць яшчэ і іншыя рэкі. На мяжы з Польшчаю (у Горадзеншчыне) цячэць прыток Віслы — Заходні Буг з сваймі прытокамі Мухаўцом, Нурцом і Нарэвам. Нарэў мае прытока — Бабра, які злучаны Аўгустоўскім каналам з Нёмнам. Мухавец-жа злучаны з Пінаю і Прыпяцьцю Каралеўскім каналам.
Прытокі Бугу выцякаюць з нязначных узгор‘яў, схаваных у нашых заходніх Горадзенскіх пушчах (Белавежскай, Аўгустоўскай і інш.) Сам-жа Буг выцякае з Карпацкіх гораў у Галічыне ў Аўстрыі, цякуць Нарэў і Бобр найбольш у вельмі балоцістых лагчынах.
На паўночным ўсходзе мяжа Беларусі на працягу некалькіх дзесяткоў вёрстаў ідзе берагом верхняй Волгі — найбольшае ракі ўсяе Маскоўшчыны. Тамака з Окаўскага лесу выцякаюць некаторыя прытокі Волгі — напр. Малады Туд, Угра (прыток Окі).
Паміж азёраў і ўзгор‘яў морэннага краю пачынаюцца яшчэ дзьве іншых важных для Маскоўшчыны ракі — Ловаць і Вялікая. Яны цякуць у Ільменскае возера, якое злучана пераз р. Волхаў з морам. Дзеля гэтага па Ловаці і Вялікай у даўнай мінуўшчыне ішлі важныя водныя дарогі з Варагаў — у Грэкі — гэта была дарога да мора. Аб ёй мы ўжо казалі.
Значэньне рэкаў.
У старадаўныя часы ўвесь наш край быў пакрыты непраходнымі балоцістымі лясамі — пушчамі. Вельмі многа трэба было патраціць часу і працы, каб праз тую нетру пралажыць хоць якую такую дарожку. Дзеля гэтага людзі пераяжджалі з аднаго мейсца ў другое па рэках і наагул — вадою. Гэта была лёгкая і хуткая дарога. Ня йначай жа, як па рэках перавозілі і ўсе тавары. На берагох рэк будавалі гарады, а ў іх на рынках ішоў торг-менка тавараў. Можна сказаць, што ўсё жыцьцё нашых прэдкаў ішло каля рэк і на рэках, на гэтых водных дарогах.
Вось-жа Дзьвіна была вельмі важнай воднай дарогаю — па ёй везьлі тавары з усходу, з Азіі да культурных заходніх народаў — у Нямеччыну, Скандынавію і г. д. Дзеля гэтага першыя беларускія гарады — Полацак ды Віцебск пабудованы ля Дзьвіны.
Вялікае значэньне меў і Дняпро. Гэта была дарога з Бізантыі (Грэцыі) ў Нямеччыну ды Скандынавію. Бізантыйскія, альбо Кіеўскія госьці падымаліся ўверх па Дняпру, ці па якім з яго прытокаў аж пакуль можна было плысьці, а пасьля перацягавалі свае чаўны ў бліжэйшы прыток Дзьвіны альбо Нёмну і плылі далей. Тое месца, па якому цягнулі (валаклі) чаўны называлася волакам. Між іншым успамінанае ўжо намі ўзгор‘е — Окаўскі лес, называўся даўней Валокаўскім, дзеля таго што цераз яго як раз ішлі волакі.
Цяперака няма даўнейшых лясоў, высыхаюць, і рэкі. Апроч таго людзі папракладалі новыя, нязнаныя ўпярод дарогі — чыгункі, на якіх езьдзіць і выгодна і скора. Дык цяпер рэкі ня маюць ўжо ўсяго даўнейшага значэньня.
Але ўсё-ж значэньне гэтае вялізазняе. Ня гледзячы на тое, што нашымі воднымі дарогамі мала апекаваліся і яны не агледжаныя, пакрысе псаваліся, усё-ж па іх ішла ў чужыя краі большая частка важнейшага нашага вывознага тавару — лесу і дрэва.
А шмат якія мяйсцовасьці, дзе няма чыгункі, і дагэтуль яшчэ зьвязаны з рэштай сьвету толькі вадою. Прыходзіць параход — прывозіць почту, тавары, новых людзей. У надрэчным мястэчку адразу ўсё ажывае, пачынае кратацца, мітусіцца. Хто прадае, хто купляе, хто зьбіраецца ў дарогу — на параход.
Адыйшоў параход і ізноў ціха ў мястэчку — усе заняты сваёй штодзеннай працаю.
Каб больш увагі ў нас зварочавалася на водныя дарогі, шмат багацьця знайшлі-б мы ў нашым глухім і дзікім Палесьсі.
Вазёры.
На Беларусі трапляюцца вазёры двох відаў — вазёры палескія і вазёры морэнныя. Першыя ляжаць на бесканечнай нізіне. Іхныя берагі на некалькі вёрст навокала прадстаўляюць з сябе непраходнае балота. Дно ў іх пакрыта цэлым лесам твані і іншых вадзяных расьцінаў. Форма гэтых вазёраў найбольш закругленая бяз ніякіх рэзкіх выступаў, зубцоў і г. п. Зусім што іншае морэнныя вазёры. Яны ляжаць паміж лясістых узгоркаў, маюць часта ўсхонаватыя стромкія берагі, форма іх заўсёды самая дзіўная з бесканечнай лічбаю затокаў, зубцоў, выкрутаў.
Спаміж палескіх возёраў важнейшыя: воз. Князь, Выганаускае, Пагостскае.
Воз. Князь ляжыць у глухім Палесьсі, у Мозырскім павеце. Займае яно само прастору каля 45 кв. вёрстаў. Гэтае возера ня злучана ні з якою вялікшаю ракою, а толькі ў яго цячэ невялічкая рэчка — Яма. Возера гэта вельмі рыбнае. Усе акалічныя жыхары жывуць з рыбы. На возеры шмат паляў, на якіх калісь была мусіць будоўля. Легенда кажа, што сярод возера адзін князь пабудаваў замак і ў ім запёр свайго брата. А як была вялікая паводка, дык замак увесь і затапіла; утапіўся і той князь. Дзеля гэтага і возера завецца Князем.
Выганаускае возера ляжыць на мяжы Пінскага і Слонімскага паветаў. Цераз яго праходзіць Агінскі канал. З усіх бакоў на якіх 10-15 вёрстаў да гэтага возера нельга даступіцца. Толькі ўзімку можна пад‘ехаць коньмі да яго берагу. Улетку-ж да яго можна трапіць толькі цераз канал на чоўне. Акружаюць возера тарфяныя балоты (Качай-балота), паросшыя дробным лазовым зарасьнікам. Прастору займае возера кяля 30 кв. вёр., але ў часе паводкі яно пакрывае суседнія лясы на шмат вёрст. Выганаўскае возера няглыбокае; на ім бываюць вялікія буры.
З паміж вазёраў морэннага краю трэба ўспамянуць Себежскае ваз., якое акружае паўвостраў, на каторым пабудавана м. Себеж. Асьвей — у Дрысенскім павеце — глыбокае і бурнае возера; займае прастору 42 кв. вярсты. Пасярод возера ляжыць вялікі востраў Ду. У Полацкім павеце ёсьць возера Нешгорда, 24 кв. вярсты. Яго паўночны бераг абсеян хорошымі ўзгоркамі, і вёскамі. На паўвостраве, што далёка ўрэзаваецца ў возера ёсьць руіны старасьвецкага замку, якога пабудаваў калісь Іван Грозны на страх нашым дзядом. — Недалёка ад руінаў ёсьць „княжая магіла“. Легенда кажа, што якісь князь напаў на замак, што тут стаяў, узяў яго ды перабіў бязміласэрна ўсіх людзей. За тое Бог пакараў яго — паслаў чуму, ад якое паўмірала ўся дружына князева і сам князь. Есьць яшчэ ў Себежскім павеце воз. Свібло, якое вядома з таго, што тамака вядуцца вялізазныя ляшчы і Лепельскае — цераз якое йдзець Бярэзінскі канал. Ля яго стаіць м. Лепель. На мяжы Вялейскага і Сьвянцянскага паветаў ляжыць найвялікшае беларускае воз. Нароч — якое займае каля 80-х кв. вёрстаў. Возера гэтае багата рыбаю; у буры хвалі бывае выкідаюць на берагі шмат рыбы. З заходняга берагу ў возера спушчаецца пад ваду каменная грэбля да востраву, які ляжыць сярод возера. Возера ня глыбокае, навет на сярэдзіне.
Каля воз. Нароча у суседзтве ляжаць яшчэ — даўгое ды вузкое воз. Сььвір, воз. Мадзёл і інш.
У Брацлаўскім павеце надзвычайна многа вазёраў. Некаторыя з іх досіць вялікія — воз. Дрысьвяты, Брацлаўскае, Спуды маюць каля 30-35 кв. вёрстаў кожнае. Воз. Дрысьвяты вельмі глыбокае. Мясцамі глыбіня яго даходзіць 25 сажняў. — Усе гэтыя вазёры багаты рыбаю. Часамі ў іх знаходзяць шчупакоў па пуду вагі і вялікшых.
Урэшце трэба ўспамянуць аб праслаўленым на ўвесь сьвет нашым Міцкевічам воз. Сьвітэзь. Ляжыць гэтае возера ў Наваградчыне, каля м. Гарадзішча. Берагі яго абкружаныя дубовымі і бярозавымі гаямі робяць чаруючае ўражаньне. Пад гэнымі дубамі ня раз сядзеў Міцкевіч пішучы свае несьмяротныя творы. Вада ў возеры чыстая, як у крыніцы, берагі высланы, як сумысьля, рознакалёрнымі каменьчыкамі. Дно цьвёрдае, пакрытае дробнымі каменчыкамі і белым пяском. Падарожныя, якіх шмат ходзіць, каб агледзіць бацькаўшчыну Міцкевіча, ніколі ня мінаюць гэтага харошага кутка.
Балоты.
Мала якая старонка мае гэталькі балотаў, як нашая Бацькаўшчына. Восьмая частка Беларускае Зямлі ляжыць пад балотамі. Дык варта нам бліжэй пазнаёміцца з балотамі.
Балоты бываюць розныя. Галоўныя віды балотаў гэта — імшары альбо сфагнавыя і травяныя.
Сфагнавыя балоты завуцца гэтак таму, што яны парасьлі мохам сфагнумам. Мох гэты мы ўсе добра ведаем — гэта белаваты мох, які кладуць у сьцены пры будоўлі. Таксама ўсюды трапляюцца, і можа найчасьцей, сфагнавыя балоты. Па большай часьці яны зарастаюць багуном, буякамі (ягады падобныя да чарніцы), журавінамі. У перамежку з усімі гэтымі ягадамі расьцець нізкая, хоць ужо старая, балотная хвойка. А пад мохам сфагнумам ляжаць тоўстыя пасты торфу. І вось часамі на цэлыя вёрсты і дзесяткі навет вёрстаў цягнуцца гэтыя прасторы маленькіх хвоек, хаваючых пад сабою сфагнавае балота. Найбалей сфагнавыя балоты ляжаць паміж лясоў. Як высякаюць лясы, дык высыхае і балота.
Сфагнум мае вялікую здольнасьць прыцягаць вільгаць. Там, дзе пасяліўся і разрастаецца сфагнум, пакрысе робіцца ўсё вільгатней і творыцца сфагнавае балота часамі на роўным месцы. Творацца сфагнавыя балоты іначай — зарастаньнем азёраў, Зарастаюць азёры і з берагоў — там часамі возера акружана бывае паясом ушыркі ў некалькі вёрстаў — чаротаў, асакі, сітніку, харошых касачоў, аеру і іншых балотных траваў. Пасярод возера растуць таксама ў бесканечнай лічбе ўсякія вадзяныя расьціны. Кожную восень яны адміраюць і апускаюцца на дно, творачы тое, што мы завём тваньню (ціна). Праз даўгія гады гэтае твані зьбярэцца шмат, возера будзе ўсё плынець і ўрэшце навет і пасярэдзіне яго пачне расьці чарот і сітнік. Гэтак на месцы возера творыцца травяное балота.
Палесское возера.
Паміж чароту і асакі пакрысе зьяўляецца сфагнум і што далей — усё балей разрастаецца ў балоце, выціскаючы балотныя травы. Аж урэшце на мейсцы травянога балота робіцца сфагнавае. Ня з кожнага травянога балота можа зробіцца сфагнавае. Сфагнум ня любіць праточнае вады, ня любіць мутнае вады і ня любіць цьвёрдае вады (калі ў вадзе ёсьць распушчана вапна альбо іншая соль). А любіць ён пасяляцца ў ціхіх прэсных вазёрах з чыстаю вадою ды пескавым дном. — Дзеля гэтага ў балотах з праточнаю, мутною вадою, і асабліва там, дзе вада цьвёрдая, сфагнуму ня бывае. Балота застаецца назаўсёды травяным балотам. Усьлед за буйнымі балотнымі травамі зьяўляюцца драбнейшыя — асокі, курасьлепы і інш. З часам яны зарастаюць хмызьнякамі, але ўжо ня хвойкаю, а больш лазою ды алешнікам. — З гэтых балотаў чалавеку лёгка скарыстаць, калі яны крыху падсохлі: выцерабіў лазу і ёсьць сенажаць. Ня лішне добрая трава, але ўсё-ж жывёла есьць. На сфагнавых-жа балотах трава па большай часьці не расьце. Ляжаць іхныя вялізныя прасторы бяз усякае карысьці для людзей. А ўсё затым, што ня ўсюдых навучыліся яшчэ нашыя людзі карыстаць з вялікага скарбу, што схаваны ў гэтых балотах, з торфу. Сфагнавыя балоты найбалей ляжаць у паўночнай Беларусі — у морэнным краі. Есьць іх даволі і ў Палесьсі, але тамака на першы плян выступаюць ужо травяныя балоты.
Найвялікшы прастор займаюць травяныя балоты Зарэчча (на паўдня ад Пінску) — каля 1400 кв. вёр. Тут зыходзіцца шмат прытокаў Прыпяці і яны пераплятаючыся паміж сабою пакрываюць усё Зарэчча густою сеткаю вадзяных пратокаў. Увясну, як разьліваюцца гэтыя рэчкі, усё Зарэчча робіцца вялізазным возерам і прыпамінае нам тыя часы, як на ўсім Палесьсі стаялі воды Гэродотавага мора. Аж да сярэдзіны лета стаіць паводка, так што па ўсіх кірунках сярод густых чаротаў можна езьдзіць у чаўнох. Над балотам толькі дзе-ня-дзе віднеюцца вёскі паляшукоў, пабудаваныя на пескавых узгорках.
Другое вялізнае балота ляжыць на ўсход ад р. Горыні — гэта Вялікія Галы. Галы займаюць старану вышэйшую, чымся Зарэчча і дзеля гэтага веснавыя паводкі рэдка калі іх заліваюць. Галы пакрыты купінамі і густою травою, з параскіданым усюды лазовым зарасьнікам. Пад Галамі ляжыць глыбокі слой торфу.
Такі самы характар, як В. Галы, маюць абшырныя балоты, што акружаюць возера Князь.
Вялізазныя травяныя балоты ляжаць і на паўдня ад Прыпяці. На самым захадзе каля м. Зьдзітава ляжыць балота Малочкава. Далей на ўсход, каля р. Шчары, ляжыць вялізнае балота Качайло. Яно акружае Выганоўскае возера і праразаецца Агінскім каналам. Лічуць, што балота Качайло займае больш 1.000 кв. вёр. прастору. Яшчэ далей на ўсход — за р. Цною ляжыць балота Грычын — як аб ім кажуць — затока даўнейшага Гэродотавага мора. Балота Грычын цікаўнае тым, што яно ўсё адкрытае і непраходнае і йдзець увесь час без перарыву. Прастору яно займае каля 500 кв. вёр. З берагоў балота косяць, трава расьце добрая. Але ніколі не дакошавалі да сярэдзіны балота.
Спаміж балотаў паўночнае Беларусі найвялікшыя — Верацейскае балота ў Аршанскім павеце — цягнецца на якіх 25 вёрстаў удаўжкі, балота Лоньніца ў Полацкім павеце — паміж рэкамі Дрысаю і Полатаю — якое займае каля 75 кв. в. прастору. На ім раскіданы сем невялічкіх вазёраў.
Тыповымі імшарамі ёсьць балоты паўночнае Смаленшчыны — Жакоускі мох і Сьвіцкі мох. Першы ляжыць на мяжы Парэцкага і Бельскага паветаў, а другі ў Бельскім павеце. Абодва яны цягнуцца вёрстаў на 15 удаўжкі.
Клімат Беларусі.
Дзякуючы блізкасьці Беларусі да мора і таму, што яна не аддзелена ад мора якімі не́будзь высокімі горнымі ланцугамі, у ёй пануе клімат (калі раўнаваць прыкладам з Маскоўшчынаю) мягкі, мерны, з цёплымі зімамі і ня вельмі гарачымі летамі.
Важным паказчыкам характару клімату ёсьць сярэдняя тэмпэратура паветра — гадавая, летняя і зімовая. Сярэдняй тэмпэратураю году для Беларусі трэба лічыць +6°. Ізотэрма[6]) +6° сячэ Беларусь як раз папалам. Яна йдзець з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход каля Ілукшты, Брацлава, Ігуменя, Бабруйску, Гомеля. Дзеля прыраўнаваньня возьмем тэмпэратуры году для іншых краёў. Для Масквы яна будзе +3,9°, для Рыгі, так, як і ў нас — +6°, а для Варшавы +7,5°. Мы бачым якое вялізазнае значэньне маюць гэтыя цыфры. Тыя два градусы, якія адрозьніваюць наш клімат ад клімату Масквы дазвалаюць расьці ў нашым краю грабу, просу, дасьпяваць кіяхам і далікатным гатункам садовіны.
Сярэднюю тэмпэратуру зімы[7]) (студня) для Беларусі трэба лічыць -6,5°. Для Масквы гэтая сярэдняя будзе -11°, для Рыгі -6°, для Варшавы -4°. За тое ў сярэдняй тэмпэратуры лета гэткіх розьніцаў няма. Для Беларусі сярэдняя тэмпэратура ліпня будзе каля +18,5°, дпя Масквы +19°, для Рыгі +17.5°, для Варшавы каля +19°.
Гэткі агульны характар клімату Беларусі. Але між асобнымі часткамі яе ёсьць таксама досіць значная розьніца ў клімаце. Досіць, сказаць, што сярэдняя гадавая тэмпэратура для Смаленска +4,5°, для Вільні +6,7°, а для Беластоку і Бярэсьця перавышае +7°. Яшчэ вялікшыя ёсьць розьніцы паміж зімовымі тэмпэратурамі. Сярэднія тэмпэратуры студня хістаюцца для Беларусі паміж -4,5° (Беласточчына) і -9° (Окаўскі лес). На грунце гэтых цыфраў мы можам разьдзяліць Беларусь на некалькі кліматычных краёў: 1) Окаўскі лес, Дняпроўскае ўзгор‘е і Смаленская морэна — якія маюць гадавую тэмпэратуру ніжэй +5°, а тэмпэратуру студня ад -9° да -8°. Тут клімат контынэнтальны — з сьцюдзёнай маразянаю зімою і гарачым летам, досіць падобны да клімату суседняе Маскоўшчыны. Сьнег тут ляжыць узімку каля 5-х месяцаў — ад палавіны лістападу аж да палавіны красавіка і ніколі сярод зімы ня гіне. Дый тут сьнягі бываюць глыбокія, бо вялікая частка опадзі прыпадае на зімовы час. Улетку тут бываюць часта навет сярод лета вялікія замаразкі, ад якіх, бывае, гіне збожжа, гароды і сады. 2) Наддзьвінскі край з гадавою тэмпэратураю ад +5° да +6°, з тэмпэратураю студня каля -7°, а ліпня каля +18° — мае клімат мягчэйшы дзякуючы свайму блізкому суседзтву з морам. Тут сьнег ляжыць каля 3—4-х месяцаў. 3) Дняпроўскае і Сожскае палесьсі, а так сама і лесастэп пры тэй самай, што і Наддзьвіньне гадавой тэмпэратуры (+5°—+6°) маюць крыху халаднейшую зіму і гарачэйшае лета (для Новазыбкава тэмпэр. студня -8,2°, а ліпня +19,6°). Гэта так сама край з контынэнтальным кліматам, пераходным да клімату стэпоў. Бязмала на ўвесь цэнтр і захад Беларусі — Менскае і Наваградзкае ўзгор‘і, Надвялейскія і Наднёманскія краі, усё Прыпяцкае палесьсе мае сярэднюю тэмпэратуру году ад +6° да +7°. Тутака ўжо клімат значна мягчэйшы. Сярэдняя тэмпэратура зімы каля -5,5°—6° — на цэлых 3° вышэй чымся, на ўсходзе, у Смаленшчыне, тым часам як улетку розьніца
Зімою у Меншчыне.
Вятры на Беларусі найбале́й дзьмуць паўднёва-заходнія, заходнія і паўднёвыя. У Смаленшчыне і наагул на ўсходзе Беларусі бывае шмат і ўсходніх сухіх вятроў. Найбалей дажджыстыя — заходнія вятры, тым часам як усходнія сушэйшыя. Гэта зусім зразумела. Заходнія вятры дзьмуць з над мора, а ўсходнія з сухіх контынэнтальных краеў.
Дні бяз ветру бываюць у нае вельмі рэдка.
Опадзі (дажджу і сьнегу) ў Беларусі хапае. Тым часам як у Маскоўшчыне ў сярэднім спадае каля 470 мілімэтраў, у Беларусі спадае 550 міл., а мясцамі і балей. Гэта мае важнае значэньне для нас. Каб у Беларусі падала меней дажджу, дык-бы нашыя лёгкія пескавыя грунты не давалі-б ураджаю збожжа і травы, але абярнуліся-б у выдму, пескавую пустыню. Дзякуючы дажджом нашыя бедныя пяскі даюць другі раз лепшыя ўраджаі, чымся навет усходні чарназём. У контынэнтальных краёх часамі за адзін раз спадае чацьвёртая часьць усяе гадавое колькасьці опадзі. Гэтая маса вады змывае і размывае зямлю, робіць шмат шкоды і сьцякае ў рэкі. Зямля пасьля таго хутка абсыхае і расьціны даўгі чае бывае сохнуць без вады, хоць гадавая колькасьць опадзі там і вялікая. Ня тое ў нас. Опадзь у Беларусі йдзе пакрысе, дробнымі порцыямі, азе раўнамерна праз увесь год.
Трэба аднак адзначыць, што ў паўднё-ўсходняй Беларусі (Лесастэп, Дняпроўскае і Раданскае палесьсе) опадзі меней, чымся ў рэшты Беларусі (меней за 500 міл.) і гэта робіць тамашнія пяскі менш ураджайнымі. Апроч таго, у гэтым краі найбалей опадзі йдзе ў чэрвені, тым часам як у рэшце Беларусі ў ліпні.
Трэба яшчэ адзначыць адно цікавае зьявішча. На поўначы Беларусі летняе опадзі ў два разы балей, чымся зімовае, а на паўдні ў чатыры разы. Гэта ўжо ясна паказуе, што на паўдні зімы бываюць зусім маласьнежныя, аб чым мы ўжо і казалі вышэй. Сухмяні[8]) бываюць у Беларусі рэдка ды найбалей на ўсходзе. А дзеля таго, што блізка ўсюды на ўсходзе ляжаць цяжкія гляістыя грунты, сухмяні шкоды вялікае ня робяць. Навет, наадварот, у Смаленшчыне бывалі выпадкі, калі пасьля вельмі даўгое сухмені ўраджаі выходзілі яшчэ лепшыя, чымся ў звычайны год. Гэта аднак ня можна лічыць за правіла, — асабліва, што да пескавых грунтоў.
Грунты Беларусі.
Мы ўжо ведаем, што першыя часы пасьля ледавіковага пэрыаду ўвесь прастор Беларусі быў пакрыты ледавіковым (морэнным) матэр‘ялам і што зьверху каменьне, прынесенае ледавіком пакрысе рассыпалася, аж пакуль з яго ня зробілася ўперад жарства, а пасьля гліна і пясок. Ведаем яшчэ, што на паўднёвым усходзе Беларусі ляжаў між іншым і лёсс, які асеў з пылу, што прынесены быў ветрам з поўначы. Вось на гэтых глінах, пяскох ды лёссе і павырасталі грунты.
Грунты ствараюцца з горных пародаў пры помачы расьцінаў і мікраарганізмаў. На дзікой скале пасяляюцца ўперад самыя непераборлівыя расьціны — лішайнікі, імхі і інш. Пасьля зьяўляюцца ўсё балей і балей пераборлівыя, вышэйшыя расьціны. Усе яны ўміраючы перагніваюць на зямлі і ўгноіваюць зямлю для тых расьцінаў, што растуць пасьля іх. Вось-жа дзікая гліна, альбо жвір угноены рэшткамі перагніўшых расьцінаў ці перагноем і робіцца грунтам. У грунце пашыраецца карэньне траў і збожжа, ворны грунт пераварочуе гаспадар сахою і бараною, гатуючы яго да сяўбы.
Калі беларускія грунты паробіліся з тае гліны, пяску і лёсу, якія пакінуў па сабе ледавік, дык пэўне і якасьці ўсіх грунтоў залежаць ад таго, з якое, як кажуць, мацярынскае пароды грунт злажыўся.
Мы ўжо казалі, што ў старадаўныя часы ўся Беларусь была пад лесам, апроч паўднёва-ўсходняга краю. Тамака ляжалі стэпы. Праўда, пасьля і там парос лес, але ўсё ж стэп пакінуў па сабе вельмі значныя сьляды, дзеля чаго і паўднёва-ўсходні край завуць лесастэпам. Грунты лесастэпу моцна розьняцца ад грунтаў лясное Беларусі і дзеля таго мы іх будзем разглядаць асобна.
Грунты лясное Беларусі. (Дзярновыя).
Гэтыя грунты ня вельмі багаты перагноем. Хоць у лесе перагнівае досыць многа рэштак расьцінаў, але перагною шмат ня зьбіраецца. Гэта дзеля таго, што тут вельмі многа вільгаці. Дзякуючы вільгаці робяцца перагнойныя квасы. Гэтыя квасы апушчаюцца ў ісподнія пласты грунту, вымываючы з усяго грунту шмат частак яго пажыўных для расьцінаў. Ад гэтага грунт робіцца бялейшым, найбалей яго ісподні пласт; гэты пабялеўшы, выпаласканы грунт завецца падзолістым. Бывае, што грунт бялее да самага верху і падобны зьверху да попялу. Тады яго завуць падзолам. Падзол, калі ён мокры — сьлізкі, як высахне — цьвярдзее, і з яго робіцца пыл. Гэтым ён прыпамінае гляісты грунт. Але з яго ўсе пажыўныя для расьцінаў часткі выпаласканы. Дык падзолы — вельмі бедныя грунты. Па ўраджайнасьці яны стаяць можа ніжэй навет за пескавыя грунты.
Падзолы ляжаць у паўночнай Беларусі, іх там досыць многа. Найбалей іх на поўначы Парэцкага і Бельскага пав., у Вяліскім і Полацкім паветах.
Найбалей ураджайным грунтам лічыцца ў нас гляісты грунт. У ім, таксама як і ўва ўсіх іншых грунтох, ёсьць шмат і пяску (да 40%, рэшта 60% — глей). Гэты пясок яму, ведама, толькі памагае, бо іначай-бы ён, высахшы, быў цьвёрды, як скала. І так ён да вырабу цяжкі, асабліва ў сушу. Але ў ім ёсьць шмат сытных для расьцінаў частак і дзеля гэтага ён даець добрыя ўраджаі, якія аплачуюць цяжкую працу.
Гляістага грунту найбалей ёсьць у паветах Слуцкім, Наваградзкім, Менскім, Невельскім і Гарадоцкім. Слуцкія і Наваградзкія грунты лічацца самымі ўраджайнымі на ўсю Беларусь.
Сугліністы грунт мае ў сабе балей пяску. Тут пяску роўна з глеем, або і балей чымся глею. Пераз гэта сугліністы грунт лягчэйшы за гляісты. Ен таксама лічыцца добра ўраджайным. Гляісты і сугліністы грунты завуць цяжкімі грунтамі і яшчэ завуць пшанічнымі грунтамі, дзеля таго што на іх добра ўдаецца пшаніца. З лясных пародаў ва гэтых грунтох растуць: елка, дуб, асіна, ляшчына і інш.
Сугліністых грунтоў на Беларусі шмат. Найбалей іх у цэнтральнай Смаленшчыне, паўночнай палавіне Магілеўшчыны, Віленшчыне і паўночна-заходняй Горадзеншчыне.
Супескавы грунт мае ў сабе яшчэ меней глею, а балей пяску. Гэты грунт дае вельмі добры ўраджай, калі яго акуратна гнаіць. Аднак ён па ўраджайнасьці лічыцца горшым за першыя два. Яго завуць жытнім грунтам.
Супескавых грунтоў у Беларусі яшчэ балей, як сугліністых. Іх ёсьць вельмі многа ўва ўсіх частках Беларусі, апрача Прыпяцкага і Дняпроўскага Палесься.
Пескавыя грунты маюць у сабе мала глею (не балей за 5-7%), рэшта пясок. Таксама мала ў іх бывае і перагною, і дзеля гэтага яны даюць ураджай толькі, калі іх добра гнаіць. Іначай ня толькі нічога не парасьце, але яшчэ да таго зямлю непакрытую расьцінамі вельмі лёгка разьдзьмухае вецер і зробіць з поля пескавую пустыню, выдму. На гэтых грунтох добра ўдаецца толькі грэчка (дзеля чаго іх завуць грачанымі). З лясных пародаў на пяску добра расьце хвоя. Гэтыя грунты найбалей пакрыты чыстымі хваёвымі барамі.
Пескавыя грунты параскіданы на ўсёй Беларусі, асабліва каля вялікіх рэкаў. Але найбалей іх у Паўднёвай Беларуcі. Тут яны перамяжаючыся з балотамі запаўняюць усё палесьсе — Прыпяцкае, Берасьцейскае, Бярэзінскае і Прыдняпроўскае, г. зн. вялізазныя прасторы на паўдня ад лініі Бярэсьце—Магілеў.
Грунты балотныя і прырэчныя, калі іх асушыць, звычайна аказуюцца вельмі багатымі і даюць вялікія ўраджаі траваў, а дзе можна, то і збожжа. Гэтых грунтоў найбалей у Палесьсі і на берагох рэк.
Грунты лесастэпу.
У лесастэпу сустракаецца шмат пескавых, супескавых і сугліністых грунтоў, зусім ня розьнячыхся ад толькі што апісаных. Але побач з імі ёсьць новыя грунты — гэта грунты ляжачыя на лёссе.
Лёсс багацейшы за морэнную гліну вапнаю і іншымі пажыўнымі рэчамі. Апроч таго пад стэпам грунт ня гэтак выпаласкуецца, як ў лесе. Дзеля гэтых прычын стэповыя грунты на лёссе — чарназёмы зьяўляюцца вельмі багатымі і даюць найвялікшыя ўраджаі. У лесастэпу на даўнейшых стэповых грунтох чарназёмах калісь парос лес і гэныя чарназёмы пад ім балей ці меней выпаласкаліся. Вось гэткія выпаласканыя грунты завуцца шэрымі суглінкамі. А калі грунты выпаласкаліся да таго, што аж ніжэйшы іхні пласт пабялеў, дык яны лічацца ўжо падзолістымі суглінкамі. Уся розьніца іх ад звычайных падзолістых суглінкаў тая, што яны ляжаць на лёссе.
Шэрыя суглінкі ляжаць у нашым лесастэпу астравамі. Найвялікшыя такія астравы ёсьць — 1) у Старадубскім павеце, дзе займаюць каля палавіны гэтага павету; 2) на мяжы Клімавіцкага і Чэрыкаўскага паветаў; 3) у Мсьціслаўскім павеце, каля самага места.
Суглінкі на лёссе займаюць вялікшыя прасторы. Яны пакрываюць увесь правы бераг Дзясны і пашыраны ў паветах — Рослаўскім, Бранскім, Мглінскім, Трубчэўскім, Старадубскім, Ноўгарод-Северскім, крыху меней іх ёсьць у паветах Новазыбкаўскім, Суражскім і Гараднянскім і ўрэшце ёсьць два іхных астравы ў Мазырскім павеце (каля места) і ў Рэчыцкім.
Хаця гэтыя грунты ўтварыліся пад лесам, аднак цяпер на іх лясоў блізка што няма. Іх, які і ўсе наагул урадлівейшыя грунты, чалавек расьцерабіў і заараў у першы чарод.Расьціннасьць.
У даўнейшыя часы бязмална ўся Беларусь была пакрыта бязмежнымі лясамі, ад якіх пазаставаліся толькі слабыя ўспаміны — цяперашнія нашыя пушчы. Тады-ж зямля была падзелена між лесам і балотам. Узвышшы пакрываў лес, а нізіны — балота. І толькі на паўднёвым усходзе Беларусі — за Сожам разьлёгся бязьлесны стэп. Але ў працягу вякоў леc адваяваў сабе і гэты невялікі кавалак беларускага стэпу і дайшоў да Дзясны. Стэп застаўся за Дзясною.
Панаваньню лесу палажыў канец чалавек. Ен павысякаў бары і зрабіў поле, парасьцярэбліваў балоты і зрабіў сенажаці. І цяпер, у нашыя часы ўжо мала лесу асталося ў Беларусі. Пазаставаўся лес найбалей на такіх грунтох, дзе нішто балей расьці ня можа. Цяпер лясы займаюць каля чэцьверці ўсяго прастору Беларусі.
Аднак лясы — галоўнае багацьце Беларусі. Хоць і ня лішне шмат іх у нас ёсьць, але ўсё-ж шмат балей, як у нашых суседзяў. Дзеля гэтага Беларусь свой лес вывозіць чуць ні ўва ўсе бакі — і ў Нямеччыну і на Украіну і ў іншыя Эўропэйскія краі. Апроч гэтага лясы маюць і іншае значэньне — праз увесь час гісторыі яны баранілі наш народ ад чужаземных нападаў, дый цяпер толькі лясы і балоты абараняюць нашыя межы з суседзямі. — Урэшце лясы задзержуюць у сабе вільгаць, дзякуючы чаму ў нас ня бывае сухменяў. Яны задзержуюць пескавыя грунты ад выдзьмухаваньня. Часта здараецца гэтак, што высеклі стары хваёвы бор і з пасекі робіцца пескавая выдма.
Найбалей лясоў — у Бярэзінскім і Прыпяцкім палесьсях, на Окаўскім лесе, у Вяліскім, Парэцкім і Аршанскім паветах. Ува ўсіх гэтых краёх лясы займаюць каля 40% усяго прастору.
У Заходняй Беларусі і ў лесастэпу лясоў мала. Таксама лясы павысяканы каля вялікшых местаў — Віцебску, Смаленску, Гомеля і інш.
Пароды лесу залежаць найбалей ад грунту. Кожын лёгка можа бачыць, што на пяску расьце хвоя, а на гляі — елка ды дуб. Па тым якое дрэва расьце навет пазнаюць які дзе грунт.
Залежаць яшчэ пароды лесу і ад клімату. На далёкай поўначы — у Магілеўшчыне ляжыць паяс чыстых хваёвых лясоў. На паўдні Беларусі — у лесастэпу і яшчэ далей на паўдня найбалей ліставыя дрэвы. А вялікшая частка Беларусі ляжыць у паясе мяшаных лясоў.
Чым далей на паўдня, тым % ліставых лясоў вялікшы. Вось для прыкладу 4 паветы, якія ляжаць адзін пры адным на адным балей-меней мэрыдзіане. Барысаўскі мае 15% ліставых лясоў, Ігуменскі і Бабруйскі па 20%, а Рэчыцкі 30%.
Аднак і на поўначы Беларусі ёсьць цэлыя краі, дзе пераважаюць ліставыя дрэвы. Гэтак вось Окаўскі лес — самы лясны край Беларусі, пакрыты бярозавымі ды асінавымі лясамі з невялікай прымешкаю елкі. Такія-ж бярозавыя ды асінавыя лясы з прымешкаю дубу і елкі пакрываюць і Невельскае ўзгор‘е. Трапляюцца тамака і чыстыя дубнякі і наагул чыстыя ліставыя лясы. І толькі на пескавых узгорках растуць там хваёвыя бары.
У мяшаных лясох вялікшае часьці Беларусі на цяжэйшых грунтох трапляюцца найбалей гэткія дрэвы: елка, бяроза ды асіна, а таксама белая вольха, арэшнік (ляшчына). Радзей трапляецца хвоя, а яшчэ радзей — дуб, клён і ліпа. На паўдні Беларусі да іх прылучаюцца яшчэ граб, вяз, ясень і ясакар. На захадзе Беларусі лясы пазаставаліся найбалей на пескавых грунтох і дзеля гэтага тут перавагу мае хвоя.
Дуброва у Новаградчыне.
Да апошніх часоў на захадзе Беларусі было некалькі вялізных кавалкаў яшчэ не чапанага лесу, гэта пушчы. Спаміж іх ёсьць вядомая на ўвесь сьвет Белавежская пуща. Пушча гэтая займае балей за 100 000 дзесяцін прастору у Пружанскім павеце і часткаю ў суседніх. Спаміж пародаў лесу найбалей у пушчы хвоі, елкі і дубу. Есьць і шмат іншых пародаў. Дрэва ў пушчы трапляецца надта добрае і вялікае. Пушча гэтая захавалася, дзякуючы асаблівай апецы каралёў і цароў, якія пераховавалі яе для свайго паляваньня. Апроч Белавежскае — ёсьць яшчэ пушчы Горадзенская — на поўначы ад Горадня, Налібоцкая — у Ашмянскім павеце ля Нёмну — адна з вялікіх пушчаў, Рудницкая ля Вільні, у якой заўсёды палявалі Вялікія Князі Літоўскія, Аўгустоўская ў Сувалшчыне і шмат іншых. Вялікшая частка іх зусім вынішчана, асабліва за час цяперашняе вайны.
Клімат Беларусі пазваляе расьці і не вымярзаць некаторым дрэвам, якія далей на поўнач ісьці ня могуць. Мы ўжо казалі аб грабу, які расьце ў паўднёва-заходняй Беларусі, на паўдня ад Менску. Там-жа расьце на дрэвах паразіт омела. У Прыпяцкім і Берасьцейскім Палесьсі расьце ракіта. Урэшце трэба сказаць, што ў паўночнай Віцебшчыне і Смаленшчыне ўжо не растуць сьлівы, а цёрн далей на паўночны-ўсход за Меншчыну і Магілеўшчыну ня йдзе.
Зьвярынае царства.
Даўней у Беларусі было шмат усякае зьвярыны. Былі часы, калі галоўным заняткам і спосабам пражыўленьня нашых прэдкаў было паляванне. Прэдкі нашыя найбалей гандлявалі дарагімі зьвярынымі скурамі — ды імі-ж і падаткі навет плацілі. Цяперака няма тых лясоў, няма тае зьвярыны.
Як памятка мінуўшчыны застаўся ў Белавежскай пушчы зубр. Па ўсёй Эўропе ўжо павыміралі ўсе яго сваякі і толькі на Каўказе ў горах засталіся. Ды і ў Белавежскай пушчы зуброў менее і менее. Цяпер іх некалькі сотняў. Яны ўжо досыць асвоеныя з чалавекам. Узімку іх падкормлююць сенам, зумысьля на гэта прыгатованым.
На палескіх рэчках каля Прыпяці і Бярэзіны сустракаюцца яшчэ хоць вельмі рэдка — бабры. І хоць кажа прыслоўе: „хто заб‘ець бабра, ня будзе мець дабра“ аднак баброў не шкадуючы зьніштажаюць дзеля дарагое шкуркі. Рэдка пачынае сустракацца ўжо ў нашых лясох і такая зьвярына, як мядзьведзь, лось, сарна, дзік, рысь. Затое хапае ваўкоў, лісоў, зайцоў і іншае драбнейшае зьвярыны. Трапляюцца часамі горнастаі і куніцы. Ля рэчак і азёр жывуць выдры.
Закон заўсёды абараняў зьвярыну ад лупежнага зьніштажэньня. Ашчаджалі яе і лепшыя гаспадары лясоў. Аднак мала гэта памагае. Радзеюць лясы, а паляўнічых усё прыбывае.
Ды найбольш нішчыцца зьвярыны ў часе войнаў. Асабліва страшныя былі для зьвярыны 1812 і 1863 гады, калі ў лясох адбывалася партызанская вайна.
Мінэральныя багацьці.
Мінэральныя багацьці Беларусі невялікія, дый тыя, якія ёсьць, зусім блізка не абсьледжаны. Зялезныя руды сустракаюцца ў Смаленшчыне і Віцебшчыне, але мала вядомы. Шмат балей увагі зварочавалася на балотную зялезную руду. Сустракаецца гэтая руда ўсюдых, але найбалей у Палесьсі. У мінуўшым вяку шмат дзе працавалі гуты, якія выплаўлялі з гэнае руды зялеза, але гэныя гуты пазакрываліся, бо руда аказалася ня прыгоднаю для выплаўкі. У балотах таксама сустракаецца охра, з якой робяць хварбу.
Каля Мозыра на беразе Прыпяці ляжыць досыць таўсты пласт бурага вугаля. У Лідзкім павеце знаходзяць лігніт. Урэшце шмат дзе, у тых мясцох, дзе ўжо не хапае лесу, пачынаюць капаць торф.
Друскеніцкіе крыніцы.
Торфу ў Беларусі вялізазныя запасы. І пэўне, калі на яго будзе зьвернена належная ўвага, ён зможа хоць часткаю замяніць нашай прамысловасьці чорнае золата — каменны вугаль. Махавы торф найбалей сустракаецца на поўначы Беларусі, а травяны — на паўдні, у Палесьсі. Самым глыбокім торфам пакуль што лічыцца рэчыцкі торф з над рэчкі Віці.
Бурштын (янтар) сустракаецца хоць рэдка ў Пінскім Палесьсі — каля м. Любязі.
Важнае значэньне для гаспадаркі маюць фосфорыты, якія мелюцца і пасьля ідуць на пагноеньне поля. Фосфорыты пакуль што разрабляюцца ў Рослаўскім павеце ў некалькіх мясцох. Але апошнімі часамі знаходзяць фосфорыты і ў іншых краёх, прыкл. Наваградчыне. З часам разрабляньне фосфорытаў пойдзе шмат баржджэй. Тады, трэба спадзявацца, паадчыняецца яшчэ шмат новых фосфорытных капальняў.
Гліны сустракаюцца вельмі добрыя і ў розных мясцох, але ніхто акуратней імі не заняўся і дзеля гэтага яны зусім блізка ня выкарыстаны. Таксама ў розных мясцох капаюць вапну. Асабліва славіцца Аршанская вапна. Урэшце разрабляюць для будоўлі пескавікі — у Рэчыцкім павеце, каля Лоева.
Мінэральныя крыніцы таксама вельмі мала асочаны і выкарыстаны. Найбалей вядомы Друскеніцкія крыніцы з бромо-ёдавымі солямі, ляжачыя ў харошай і здаровай мясцовасьці ля Нёмна. Што год сюды зьяжджаюцца лячыцца десяткі тысяч людзей з усяе Беларусі і Літвы.
З іншых мінэральных крыніц можна паказаць на Баркоўшчыну. У Баркоўшчыне Лепельскага пав. на возеры ёсьць серна-зялезная крыніца. У 30-х гадох прошлага веку быў тут невялічкі курорт, ад якога цяпер асталіся адны руіны. Такая самая серна-зялезная крыніца эксплюатуецца ў Пагулянцы Дзьвінскага павету. Пагулянка ляжыць у харошай мясцовасьці на беразе Дзьвіны. Серная крыніца ёсьць у Студзенцы Невельіскага пав. У Магілеўшчыне вядомы крыніцы зялезістыя каля Любавіч і Дворыцы, Аршанскага пав., в В. Слабады Мсьціслаўскага пав., Трошчыц і Рудні — Рагачоўскага пав. і яшчэ некалькі іншых. Крыніцы гэтыя ня выкарыстаны.
- ↑ Якісь час пасьля яшчэ раз надыходзіў ледавік на нашую старану, але далёка не зайшоў — абняў ён тады толькі паўночна-заходнюю частку Беларусі.
- ↑ Мы ўжо казалі, што цяперашняе Полесьсе зьяўляецца дном даўнейшага Гэродотавага мора, якое істнавала ў паледавіковыя часы.
- ↑ Зарэчча паднята над морам на 60-65 сажняў.
- ↑ Шырыня Дняпра ўлетку вышэй Воршы 15-25 сажняў, а ніжэй даходзіць да 100 і балей сажняў. Ніжэй Воршы ёсьць толькі два масты цераз Дняпро — ў Магілеве і ў Жлобіне.
- ↑ Дзьвіну зьвязавае з Бярэзінаю і Дняпром Бярэзінскі канал.
- ↑ Лінія, што злучае на пляне месцы з роўнаю тэмпэратураю.
- ↑ Самы сьцюдзёны месяц у Беларусі — студзень, самы гарачы — ліпень.
- ↑ Засухі.