Географія Эўропы (1924)/Заходняя Эўропа/Француская старана
← Брытанскія астравы | Француская старана Падручнік Аўтар: Мікалай Азбукін 1924 год |
Гэрманія → |
Француская старана.
(Азнач географічнае палажэньне. Назаві моры, якія атачаюць Францускую старану. Якія староны мяжуюцца з Францускай на поўдні і на пауднёвым усходзе?)
Ад усіх краёў Паўночна-Заходняй Эўропы рэзка адразьняецца Француская старонка, у якой бязмаль-што зусім няма сьлядоў ледавіковага часу, клімат якой адзначаецца мяккасьцю і цяплынёй, а люднасьць складаецца з романскіх народаў.
Як і паўсюды ў Заходняй Эўропе, паверхня старонкі складаецца з горставых гор і нізін, якія стварыліся на месцы даўных горных зморшчау, зьнішчаных выпятрэньнем у працягу многіх мільёнау гадоу. Сучасныя горсты-гэта нібы адноўленыя рэшткі тых зморшчаў. Павярхоуныя пласты сучасных горставых гор і нізін ляжаць лаземна, і толькі на вялікай глыбіні пад зямлёй захаваліся пагнутыя, зморшчаныя пласты земных парод-запраўдныя рэшткі даўнейшых зморшчавых гор. (Пераглядзі па кар. це назовы сучасных узвышшай і нізін Францускае стараны). Адны з горстаў Францыі маюць выгляд значных плоскаузвышшаў, другія выглядаюць нізкімі ўзгор'ямі, трэція-ланцугамі паасобных гор, але звычайна маюць адхонныя схілы і плоскія або акругленыя вярхі.
Клімат Францускай стараны, як мы ўжо казалі, значна цяплейшы і мякчэйшы, чымся ў іншых краëх на контынэнце у Паўночна-Заходняй Эўропе. Сярэдняя гадавая тэмпэратура тут заусёды вышэй за +10°, таго часу як у Нямеччыне, Чэхіі, Польшчы яна звычайна ніжэй за гэтую лічбу. Паводле сваёй цёплай безмарозная зімы Францыя нагадвае Ангельшчыну. Сярэдняя тэмпэратура студзеня тут за звычай вышэй за +2°, а ў Нямеччыне і Голяндыі ніжэй. Улетку розьніца між Францыяй і Нямеччынай меншая, але цёплая пара году (з сярэдняй Тэмпэратурай ночадзеньня болей за +10°) ува Францыі трывае больш за паўгода, у той час як у Нямеччыне, Голяндыі, Ангельшчыне яна цягнецца меней. Часта ува Францыі. бываюць дні з сярэдняй тэмпэратурай вышэй за +20°, між тым як у іншых старонках Паўночна-Заходняй Эўропы такія гарачыя дні здараюцца рэдка.
Рэкі Францускай стараны (пераглядзі іх назовы па карце) ніколі не замярзаюць, заўсёды выгодны для руху параходаў і граюць значную ролю у жыцьці краю, бо пачынаюцца блізка адна ад адней у асяродку Францыі, злучаны паміж сабой суднаходнымі каналамі і злучаюць розныя часткі краю ў адно.
Расьліннасьць Францускай стараны багацей, як у іншых старонах Паўночна-Заходняй Эўропы. Тут добра ўзрастае ядобны каштан, які ня можа расьці ў Ангельшчыне і Нямеччыне; на захадзе й на поўдні трапляюцца нават вечназялёныя дубы, ляўры, мірты і іншыя падзваротнікавыя расьліны. Лясоў ува Францыі крыху болей, як у Ангельшчыне (каля 16%), але й тут большую частку іх павысякалі, расьцерабілі і перавярнулі на нівы і сенажаці.
Насельнікі старонкі паводле свайго аблічча нагадваюць паўднёвых эўропэйцаў. Яны ніжэйшага за гэрманцаў росту, чарнявыя, смуглыя. Большая частка іх гаворыць на романскіх мовах: валёнскай на паўночным усходзе, Францускай-на поўначы, провансальскай-на поўдні. Мовы гэтыя маюць шмат супольнага паміж сабой і дзеля таго звычайна разглядаюцца, як асобныя падмовы адной Францускай мовы. Апроч таго поўначы побач з валёнцамі жывуць Флямандцы, якія ужываюць адну з на крайня гэрманскіх моў, а на паўночным захадзе на паўвостраве Брэтані захапалася мова, блізкая да кельцкіх моў, якія захаваліся на Брытанскіх астравох. Амаль усе насельнікі краю лічацца каталікамі, і паўсюды болей або меней пашырана француская пісьменная мова.
- Даўнымі насельнікамі Францускай стараны былі розныя кельцкія пляменьні, перамешаныя, як і на Брытанскіх астравох, з ібэрыйцамі. У часы панаваньня Вялікай Рымскай дзяржавы гэтую старану, або Галію, як яе тады называлі, захапілі латыньцы. Значная колькасьць латыньцаў перасялілася сюды з Італіі і занесла сюды сваю мову, звычаі, культуру. З часам сюды наваліліся з усходу розныя гэрманскія пляменьні: Франкі, якія далі сучасны назоў старонцы, бургунды і іншыя. Гэтыя пляменьні залажылі тутака свае дзяржавы, але хутка перанялі мову й звыча тубыльцаў-романізаваных кельтаў, расплыліся ў іх масе, і толькі на поўначы ўнесьлі ў люднасьць значны процант гэрманскай крыві. На поўдні, дзе ўплыў латыньцаў быў мацнейшым, засталося болей чыстае романскае насяленьне. На гэтым грунтуецца розьніца між паўночнымі французамі і провансальцамі. Спачатку кожны з гэтых народаў жыў сваім асобным жыцьцём. Аднак адсутнасьць прыродных перашкод паміж паўночнай і паўднёвай Францыяй, лёгкасьць зносін паміж імі дапамаглі злучэньню абодвух народаў у межах аднэй вялікай Францускай дзяржавы.
Большая частка Францускай стараны належыць да Францускай дзяржавы (552900 хв. Клм., 40 міл. насельн.); толькі на паўночным усходзе фляманцы і валёнцы стварылі асобную Бельгійскую дзяржаву, ды Нормандзкія астравы, што ляжаць у Ляманшы, належаць да Ангельшчыны. Па сваім дзяржаўным ладзе Францыя-гэтак званая демократычная рэспубліка, на чале якой стаіць парлямэнт, законадаўчая ўстанова, складзеная з сэнату і палаты народных прадстаўнікоў, і прэзыдэнт, начальнік дзяржавы, абіраны парлямэнтам на кожныя 7 гадоў. Бэльгія — констытуцыйнае каралеўства, у якім улада караля, як і ў Ангельшчыне, абмяжована парлямэнтам. Географічнае палажэньне францускай дзяржавы вельмі выгоднае: на поудні да яе належыць бераг спрадвеку гандлёвага Міжземнага мора, на захадзе яна ўладае берагамі сучаснай галоўнай гандлёвай дарогі сьвету-Атлянтычнага акіяну. Лежачы паміж Італіяй і Ангельшчынай, Гішпаніяй і Нямеччынай, Францыя была пасярэдніцай паміж імі. Запазычыушы культуру ад італійцаў, Францыя распаўсюджвала гэтую культуру у іншых краёх Заходняй Эўропы. Француская мова зрабілася мовай зносін, мовай міжнароднай; францускія погляды, звычаі, парадкі запанавалі ўва ўсіх эўропэйскіх дзяржавах. У XVІІ, XVІІІ і ў пачатку XІX стогодзьдзя Францыя была найдужэйшай і найбагацейшай дзяржавай сьвету. Яна адначасна кіравала гандлем і на Міжземным моры і на Атлянтыцы: яе урад загадваў сваю волю усім зўропэйскім дзяржавам. Францыя першая дасягнула найвышэйшага становішча сваёй прамысловасьці і сельскай гаспадаркі. Аднак узрастаньне сучаснай прамысловасьці, якая патрабуе вельмі многа каменнага вугалю, адсунула Францыю на другараднае месца, бо ў яе межах адчуваецца недахват у пакладах гэтага апалу. Сусьветная вага францускай рэспублікі пачала зьмяншацца.
- Спынілася ўзрастаньне францускага гандлю і прамысловасьці, спыніўся і прырост насяленьня Францускай рэспублікі. У 1800 г. Француская дзяржава налічвала 27 мільёнаў насельнікаў, Нямеччына-21 м., Брытанская дзяржава-16 м. Праз сто гадоў з гэтых трох дзяржаў на першым месцы стаяла ужо Нямеччына, якая мела 56 мільёнаў нас., Брытанская дзяржава мела 41,5, Францыя-толькі 39 м.
Перад сусьветнай вайной Францыя была значна бяднейшай за Злучаныя Штаты Паўночнай Амэрыкі, за Вялікабрытанію і за Нямеччыну. Каб утрымаць войска больш-менш роўнае нямецкаму, Францыя мусіла 290о сваіх дзяржаўных выдаткаў траціць на ўзбраеньне. Дзяржаўны доўг Францыі быў найвялікшым у сьвеце. 33% выдаткаў ішло на квоту па гэтых даўгох. і ўсё-ж такі Нямеччына мела мацнейшае войска, лепшы Флёт, лепшую зброю, бо падземныя багацьці Нямеччыны былі большымі. даходы былі вялікшымі, прамысловасьць стаяла вышэй.
Пасьля вайны 1914-1918 г., адціснуўшы свайго галоўнага супарніка на зўропэйскім контынэнце, Нямеччыну, Францыя зноў набыла вельмі вялікую вагу, і цяпер паводле сваёй магутнасьці яна зьяўляецца другой пасьля Ангельшчыны дзяржавай Заходняй Эўропы. За межамі Францускае стараны у Эўропе Францыя ўладае паўночнымі схіламі Пірэнэяў, заходнімі схіламі Альп і Юры і востравам Корсікай. У заэўропэйскіх краёх да франныі належаць вялізныя колёніі ўва ўсіх частках сьвету. Паводле колькасьці і значэньня сваіх заэўропэйскіх уладаньняў Францыя стаіць на першым месцы пасьля Вялікабрытаніі.
- У Афрыцы да Францыі належаць староны Атлясу, Сахара, Судан, Экваторыяльная Афрыка, Мадагаскар і г. д.; у Азіі — багаты Усходні Інда-Кітай; у Амэрыцы-частка Гваяны і Вэст-Індыі; у Вялікім акіяне-астравы Новая Каледонія, Таіты і шмат дробных. Разам 11416000 кв. клм. з 61148000 насельнікаў.
Французы лічацца вясёлым, жвавым, жыцьцярадасным, прыветлівым, здольным і дасьцінным народам. На полі народнай асьветы Франдыю апярэдзілі толькі Нямеччына, Голяндыя і Норвегія. Францускія навуковыя установы зьяўляюцца ўзорам для ўсяго сьвету. Ува ўсіх галінах навукі, пісьменства і мастацтва французы маюць сваіх гэніяльных прадстаўнікоў, поплеч з ангельцамі і немцамі французы стаяць на чале сучаснай культуры.
Усе галіны гаспадаркі стаяць у Францускай старане вельмі высока. у Францускай дзяржаве болей за палову ўсёй зямлі займаюць нівы, вінаградні, сады, гароды. Паводле вырабу пшаніцы толькі Злучаныя Штаты і СССР перавышаюць Францыю. У Бельгіі збожжа зьбіраюць мала, але затое ральніцтва стаіць там вельмі высока. Нідзе ня бывае такіх вялікіх ураджаяў, якія зьбірае Бельгія. Вельмі высока стаіць выраб бурачнага цукру як у Бельгіі, гэтак і ў Францыі; па вырабе аіна Францыя займае 1-ае месца ў сьвеце. Ня глездячы на высокае становішча сельскай гаспадаркі, свайго збожжа у краі не хапае, іспажыўныя продукты падвозяцца з-за межаў. Каб мець магчымасьць купляць тавары за межамі, Францыя мусіць усімі спосабамі пашыраць у сябе фабрычную прамысловасьць, продукты якой можна было-б вывозіць у замену. Але для разьвіцьця фабрычнай прамысловасьці патрэбны запасы апалу, галоўным чынам каменнага вугалю.
На поўначы Францускае стараны ёсьць значныя паклады каменнага вугалю, прыблізна палова якіх належыць да Бельгіі, так што Бэльгія мае вугалю у дастатку. Наадварот, для вялікай Францыі свайго вугалю не хапае. Нямеччына, Вялікабрытанія, а тым барджэй Злучаныя Штаты Паўночнай Амэрыкі маюць у многа разоў большыя запасы падземнага апалу. Каб граць галоўную ролю на контынанце Эўропы, Францыя перш за ўсё мусіць забясьпечыць сябе вугалем. З гэтай прычыны пасьля сусьветнай вайны Францыя захапіла так званую Саарскую каменна-вугальную акругу, якая належыла да Нямеччыны і ляжала на самай мяжы францускае і Гэрманскае старон. Аднак і пасьля гэтага Нямеччына здабывала вугалю многа болей, як Францыя. Нават окупацыя ўсёй часткі Нямеччыны, якая ляжыць на захад ад Рэну, не дала Францыі перавагі над Нямеччынай. З гэтай прычыны Францыя ймкнецца зауладаць багатай на вугаль Рурскай акругай, якая ляжыць ужо на ўсход ад Рэну.
Жалеза ўва Францыі заўсёды здабывалася болей, чымся патрэбна для мясцовага ужытку. Пасьля вайны да францыі адышла ад Нямеччыны яшчэ вельмі багатая на жалеза Альзас-Лётарынгія. Такім чынам па здабываньню жалезнай руды Францыя ня мае супарнікаў у Эўропе. Ёсьць жалеза і ў Бэльгіі.
Фабрычная прамысловасьць Францыі вырабляе пераважна каштоўныя рэчы: акрасы, каштоўную вопратку, модныя прадметы і г. д. Продукты Францускай і бэльгійскай прамысловасьці зьяўляюцца галоўнымі продуктамі вывазу з Францускае стараны. Значную ролю ў замежным гандлі Францыі грае вываз віна.
Унутраному гандлю Францускай стараны дапамагае густая сець найлепшых дарог. Чыгунак тутака крышку меней, чымся ў Нямеччыне, але на колькасьці вадзяных і шосавых дарог Француская старана займае гершае месца на зямлі. Суднаходныя рэкі злучаюцца за дапамогай каналаў у адну сець вадзяных шляхоу.
Па прыродзе і паводле асаблівасьцяй у занятках люднасьці Францускую старану можна падзяліць на 7 краін: 1) Брэтанскі масыў.. 2) Паўночна-Францускую нізіну, 3) Біскайскую нізіну, 4) Міжземнаморскую Францыю, 5) Сярэдня-Францускае ўзвышша, б) Усходнюю Францыю і 7) Бэльгійскую прамысловую краіну.
Брэтанскі масыў можа разглядацца, як працяг узгор'яў Паўднёва-Заходняй Ірляндыі і Корнуэльсу. Калісь гэтая краіна была горнай, але горы яе існавалі многа мільёнаў гадоў, выпятрэліся, размыліся вадой, і ўся краіна зрабілася нізкім узгор'ем, якое ледзь уздымаецца над суседнімі: нізінамі. Цьвёрдыя граніты спарахнелі меней, як мяккія пласты. З гэтай прычыны яны складаюць галоўныя ўзгоркі краіны і месцам, асабліва каля берагоу мора, выглядаюць значнымі скалаватымі гарамі.
У склад Брэтанскага масыву ўваходзяць паўвостравы Брэтань і Koтантэн, паузьбярэжныя астраўкі і землі, што ляжаць абапал вусьцяў Люары. Мора глыбока ўразаецца ў паўвостраў Брэтань многалічнымі затокамі, падобнымі да заток Ірляндыі.
- Прыплывы моцна адчуваюцца ў гэтых затоках; морскія хвалі бязупынна навальваюцца на скалаватыя берагі, з грукатам. разьбіваюцца на тысячы пырскаў і няпрыметна руйнуюць гранітныя скалы.
Клімат краіны такі самы, як у Паўднёва-Заходняй Ірляндыі або на Корнуэльсе. Заходнія вятры прыносяць сюды з акіяну хмары, нелагоду, дажджы. Узімку тут цёпла, як на узьбярэжжах Міжземнага мора (сярэдняя тэмпэратура студзеня ў Брэсьце +6,3°), улëтку мала сонца і мала. цяплыні (сяр, тэмп. ліпеня ў Брэсьце +17,9°). Адсутнасьць маразоў дазваляе туг узрастаць вечназялённым ляўрам, міртам, камеліям і фігам, але вінаграднік, пэрсікавыя ды абрыкосавыя дрэвы, якія добра растуць у суседніх нізінах, тутака гінуць ад недахвату цяплыні і сьвятла. Ігрушы і асабліва яблыні даюць тутака добрыя ўраджаі, з пладоў іх гатуюць яблычнае віно--сыдр, цукеркі; плады сушаць і вывозяць за межы краіны. Лепей, як у суседніх краінах, расьце тутака і гародніна: тут яна раней пасьпявае і дзеля таго вывозіцца ў Паўночна-Францускую нізіну, асабліва ў той час, калі там яшчэ няма ўласнай сьвежай гародніны. Найлепшыя, гусьцей за ўсё залюдненыя куточкі краіны ляжаць каля мора. Вялізныя прасторы тамака знаходзяцца пад сочнай заўсёды зялёнай пашай, па якой пасьвіцца добрае малочнае быдла і найлепшыя заводзкія коні. У моры ловяць селядцы, макрэлі, сардынкі і іншую рыбу. Насельнікі ўзьбярэжжаў выяжджаюць на рыбу далёка ад бацькаўшчыны пад Ісляндыю і на падморскія мяліны каля амэрыканскага вострава Нью-Фаўндленду.
У сярэдзіне краіны, за выняткам маленькіх ураджайных куточкаў, краявід аднатонны і нудны. Сенажаці там горшыя, і насельнікі займаюцца пераважна гадоўляй авечак ды сеюць авëс, грэчку і бульбу. Вёсак там нала, пераважваюць хутары, а палі розных уласьнікау аддзяляюцца адно ад другога жывымі платамі з дрэу і хмызьнякоу. Хмурая, бедная прырода і ускрайнае палажэньне краіны адбіліся і на яе насельніках. Брэтанцы заўсёды мелі большую сувязь з морам, чымся з рэштай Францускай старонкі, жылі сваім асобным жыцьцём, засталіся ззаду ад іншых французаў у адносінах да асьветы, але у большай чыстаце захавалі даўныя звычаі і мову. На захадзе Брэтанскага паўвострава да гэтага часу яшчэ гавораць на старасьвецкай кельцкай мове-мове дауных тубыльца Галіі.
- У той час, калі Ангельшчыну заваёўвалі англы і саксы, частка яе даўных насельнікаў пераехала на Брэтань і зьлілася з тамтэйшымі кельтамі. Гэтым тлумачыцца і назоў паўвострава, які дауней зваўся ў адзнаку ад Вялікабрытаніі Малой Брытаніяй або Малой Брэтаняй.
За выключэньнем Заходняй Брэтані рэшта краіны залюднена пауночнымі Французамі, якія пераважваюць і на Нормандзкіх астравох, што ляжаць у Ляманшы. Нормандзкія астравы належаць не да Францыі, як рэшта краіны, а да Брытанскай дзяржавы. Яны адзначаюцца ўраджайнай глебай, добрым становішчам садоўніцтва і гародніцтва. У час зьбіраньня пладоу сюды наяжджае шмат людзей з контынэнту на заработкі. Гандлёвыя зносіны злучаюць гэтыя астравы з Брэстам (74 тыс. нас.), найлепшай морскай крэпасьцю краіны, якая ляжыць на заходнім канцы паўвострава Брэтань.
Яшчэ большую, як Брэст, гандлёвую вагу мае Нант (184000 нас. у 1921 г.), што ляжыць на лейкавым вусьці Люары каля невялікай каменна-вугальнай акругі. Гэта асяродак гандлю сардынкамі і важны прамысловы горад з цукраварнямі, гарбарнямі і фабрыкамі мэталёвых вырабаў. Даўней у час прыплываў да Нанту даплывалі морскія караблі. У апошнія часы вусьце Люары памялела, а акіянскія караблі сучаснага тыпу, што сядзяць у вадзе глыбей, як даўнейшыя, ня могуць даплываць да самага гораду. З гэтай прычыны каля мера блізка вусьцяў Люары пабудавалася новая прыстань Сэн-Назэр (38000 нас.), праз які тавары, што прывозяцца з Францыі па Люары, выпраўляюцца ў Сярэднюю Амэрыку.
- На поўдзень ад вусьцяў Люары ляжыць акруга Вандзя, вядомая сялянскімі паўстаньнямі ў час Францускай Рэволюцыі.
Паўночна-Француская нізіна, што ляжыць на ўсход ад Брэтанскага масыву, зьяўляецца калыскай і асяродкам Францускае дзяржавы. Гэта--вялікая раўніна, месцам гладкая, як стол, месцам крыху ўзгаркаватая або хвалістая. Паўднёвая палова краіны пахіляецца на захад у бок Атлянтычнага акіяну і абвадняецца ракой Люарай. Паўночная палова мае выгляд катліны, у якой ускрайкі пакрысе падымаюцца і раптам абрываюцца знадворку. Ад краěу да асяродку гэтай катліны сьцякаюць рэкі, якія зьліваюцца ў поўнаводную павольную Сэну. Дзякуючы прамяністаму кірунку сваіх прытокаў, злучаных каналамі з усімі іншымі суднаходнымі рэкам Францускай старонкі, Сэна зрабілася галоўнай гандлёвай дарогай францыі, а яе вадазбор з гляістымі ўраджайнымі грунтамі заўсёды быў і застаўся ядром і сэрцам фракцускай дзяржавы. У адзнаку ад Сэны, Люара. што цячэ з Сярэдня-Францускага ўзвышша, часамі мялее, так што яе мяліны перашкаджаюць руху параходаў; часамі-ж, наадварот, шырока разьліваецца і сваімі разводзьдзямі робіць многа шкоды насельнікам берагоў, затапляючы іх сады, нівы і будынкі. Грунты ў Люарскім вадазборы горшыя, як у Сэнскім. Значныя прасторы тут займаюць няўродныя пяскі балоты. Аднак чалавек пастараўся к тут скарыстаць кожны кавалак зямлі. Пяскі тут засаджваюцца лесам; балоты, якіх нельга было асушыць, ператвараюцца у саджалкі, па якіх гадуюць розную рыбу.
Мал. 49.-Крэйдавы бераг Нормандыі.
Клімат Паўночна-Францускай нізіны мяккі, але ужо не такі хмарны, як у Брэтані. Цяплыні і сьвятла тутака хапае для вінаградніку і іншых далікатных расьлін. Сухменяў тут ніколі ня бывае, але няма і тэй залішняй вільгатнасьці, якая перашкаджае узрастаньню збожжа ў Брэтані або у Ірляндыі. Толькі узьбярэжжа Ляманшу, так званая Нормандыя, адзначаецца частымі навальніцамі і хмарнасьцю.
- У асяродку краіны ў Парыжы сярэдняя тэмпэратура году +11° ц, студзеня +2,2°, ліпеня +18,1°, ападкаў там каля 600 мілім.
Калі Брэтань нагадвае Ірляндыю або Заходнюю Ангельшчыну, дык Паўночна-Француская нізіна падобна да усходня-Ангельскай раўніны, але перавышае яе выгодамі для сельскай гаспадаркі. Клімат тут цяплейшы, болей сонечны, грунты яшчэ болей ураджайныя, рэкі маюць вельмі выгодную будову. Усе куточкі краіны добра, старэнна апрацованы, уся зямля ўгнойваецца. З гэтай прычыны збожжа тут родзіць нават лепей, як на чорназеме Украіны і Паволжа. Больш за ўсё тут засяваюць пшаніцы, а хлеб пякуць выключна з пшанічнае мукі. Апрача таго сеюць авëс, а на хмарным узьбярэжжы Ляманшу авёс і ячмень нават болей пашыраны, чымся пшаніца. Паўсюды сеюць цукровыя буракі, так што ту тэйшым цукрам задавальняецца ўся Француская старана, а частка цукру вывозіцца і за межы яе ў іншыя староны. Як і заўсёды пры палепшаных способах сельскай гаспадаркі, значныя прасторы засяваюцца кармавымі буракамі і кармавымі травамі, так што насельнікі краіны маюць магчымасьць гадаваць добрую жывёлу, асабліва коняй і малочных кароў. На Нормандзкім узьбярэжжы поплавы пераважваюць над ральлёй. Там, як у Братані, скаціну можна ганяць на пашу скрозь цэлы год. Сыр і масла вывозяцца адтуль ува усе куты Францыі і за межы. У далінах рэк, галоўным чынам у вадазборы Люары і на усходзе ў так званай Шампані, добра ўзрастае вінаграднік. Праўда, кусточкі вінаградніку тутака дробныя, нізенькія, але з пладоў іх вырабляюцца найлепшыя гатункі віна, напрыклад, слынныя шампанскія віны, якія вывозяцца адгэтуль ува ўсе краі сьвету. На паўночным захадзе краіны вінаград ужо не дасьтявае, але там добра расьце садовіна: яблыні, ігрушы, вішні і сьлівы. З яблыкаў, як і ў Брэтані, вырабляецца сыдр, які замянае тамака віно. Апроч таго, Норманды слыне сваімі гародамі.
Наагул усе галіны сельскай гаспадаркі маюць вельмі добрае становішча ў Паўночна-Францускай нізіне і даюць галоўны даход большасьці насельнікаў. Нетракапальная прамысловасьць тутака ня мае значэньня, але выгоднае палажэньне краіны дазваляе лёгка прывозіць сюды вугаль з Ангельшчыны цераз Ляманш і з Бельгійскай краіны па штучных вадзяных дарогах і чыгунках. На гэтым прывезеным вугалі грунтуецца рознастайная буйная фабрычная прамысловасьць, асабліва пашыраная ў асяродку Сэнскага вадазбору у Парыжы і яго ваколіцах. У Шаклані, на вадападзелах якой пасьвяць шмат авечак, пашыраны выраб войны, па паўночных прытоках Люары апрацоўваюць ільняніну, у Нормандыі вырабляюцца карункі, апрацоўваецца баваўна і г. д.
Добрае становішча сельскай гаспадаркі, фабрычнай прамысловасьц і гандлю зрабіла Паўночна-Францускую нізіну найбагацейшай краінай Францыі. Тут, асабліва ў вадазборы Сэны, жыве вельмі густое насяленьне (каля 226 ч. на 1 кв. клм.). Як на Брытанскіх астравох толькі на Усходня-Ангельскай нізіне магла стварыцца магутная дзяржава, гэтак і ува Францускай старонцы калыскай Францускай дзяржавы была Сэнская катліна і наагул Паўночна-Француская нізіна. Насельнікі гэтай краіны зьяўляюцца найболей тыповымі французамі, ад провансальцаў яны адразьняюцца вышэйшым ростам, сьвятлейшым колерам скуры. Сярод іх часьцей можна спаткаць бялявых і шэравокіх. Наагул тут адчуваецца значная падмешка гэрманскай крыві у романізаванай кельцкай люднасьці. Тутэйшыя французы адзначаюцца спакайнейшым норавам, большай роўнаважнасьцю, чымсь іншыя романцы. Але параўнаўча з ангельцамі і іншымі гэрманскімі народамі яны болей жвавыя, рухавыя, прыветлівыя, дасьціпныя, жыцьцярадасныя. Романская бязрупатнасьць злучаецца у французе з ашчаднасьцю і уменьнем зьбіраць грошы.
- Разам з агульным узбагачэньнем Францыі ў працягу XVІІ і XVІІІ в. гэта спрь разьвіцьцю капіталізму ў Францускай дзяржаве.
- Тут раней, як у іншых дзяржавах Эўропэйскага контыненту, зьнік фэодальны лад, раней панаваньне шляхты за мянілася панаваньнем буржуазіі. Затое тут раней абвастрылася змаганьне капіталу з працай. Ужо каля ста гадоў назад работнікі Францыі пачалі гуртавацца ў Саюзы Узаемнай дапамогі. У 1871 г., пасьля няўдалай вайны з Нямеччынай, работнікі сталіцы нават скінулі ўладу буржуазіі, хаця і не маглі затрымаць надоўга ўладу ў сваіх руках. Аднак пасьля рэволюцыі 1871 г. Францускія работнікі зразумелі патрэбнасьць адзінства, згуртованасыі, злучнасьці у час змаганьня з капіталам. У 1872 г. профэсыянальныя саюзы францускіх работнікаў аб'ядналіся ў так званае Профэсыянальнае Работніцкае Аб'яднаньне. У 1895 г. большасьць профсаюзаў Францыі ўвайшла у склад Гэнэральнай Конфэдэрацыі Працы. Гэтая Конфэдэрацыя трымалася незалежна ад політычных партый, але члены яе выразна падзяліліся на 2 групы, так што ў 1920 г. і самая Конфэдэрацыя распалася згодна з гэтым на 2 організацыі: Агульны Работніцкі Хаурус і Унітарную Гэнэральную Конфэдэрацыю Працы. Першым кіруюць так званыя рэформістыя, на чале другой стаяць рэволюцыйныя сындыкалістыя. Рэформістыя імкнуцца да супрацоўніцтва з буржуазіяй, баяцца грамадзянскай вайны, але у час сусьветнай вайны заклікалі работнікаў да зброј супроць немцаў. Да СССР і Чырвонага Профінтэрну яны трымаюцца воража. Разам з падобнымі групамі другіх краёу яны згуртаваліся у так Званы Амстердамскі Інтэрнацыянал. Рэволюцыйныя сындыкалістыя, наадварот, заклікаюць работнікаў да адкрытай барацьбы з капіталістымі і лічаць неабходна патрэбнай агульную забастоўку. У 1914-18 г. яны выступалі супроць вайны і супроць захватніцкіх замераў Францускае дзяржавы. Анархісцкая большасьць іх не прызнае ані буржуазнай, ані савецкай дзяржавы, ня бачыць патрэбы ані у дыктатуры пролетарыяту, ані у чырвонай арміі. Сярод іх ёсьць і комуністыя, але дабіцца далучэньня Унітарнай Гэнэральнай Конфэдэрацыі да Маскоўскага Чырвонага Профінтэрну яны не пасьпелі. Політычныя організацыі францускіх работнікаў таксама. як і профзсыянальныя, часткай падтрымліваюць буржуазны ўрад Францыі, часткай упарта змагаюцца з ім. У час вайны большасьць Францускіх політычных партый заклікала народ да абароны бацькаўшчыны, і толькі маленькі гурток трымаўся воража да вайны, маючы на ўвазе адзінства інтарэсаў працоўнага люду усяга сьвету. У 1920 г. да гэтых ворагаў мілітарызму далучылася большасьць галоўнай з соцыялістычных партый Францыі, якая вырашыла далучыцца да Комуністычнага інтэркацыяналу і прыняць імя комуністычнай партыі. Цяпер компартыя Францыі налічвае 130000 членаў і вядзе ўпартую барацьбу за паляпшэньне дабрабыту работнікаў.
Галоўны горад Паўночна-Францускае нізіны- Парыж-зрабіўся сталіцай Францускай дзяржавы і грашовым і гандлёва-прамысловым асяродкам усёй Францускай стараны. Каля Парыжу сходзяцца галоўныя прыток Сэны (якія?), на якой ляжыць гэты вялічэзны горад. Па рэках сюды з усіх бакоў прывозяцца важкія тавары. Як сьпіцы ў коле, у Парыжы сходзяцца і ўсе галоўныя чыгункі Францыі. Парыж-асяродак унутранага гандлю Францыі. З усіх яе куткоў, з усіх яе колёній дый з усіх краін зямлі сюды прывозіцца ўсё, што толькі вырабляецца на сьвеце.
- Зразумела, што Парыж лічыцца горадам, у якім можна весела пажыць і, як кажуць, прыямней страціць грошы. Багатыры ўсяго сьвету часта наяжджаюць у Парыж, шукаючы там адпачынку, забаў і ўцех.
Для Францыі Парыж мае такую вагу, якой ня мае ніводная сталіца для сваёй дзяржавы. Перш за ўсё гэта разумовы асяродак Францускай дзяржавы. Тут знаходзяцца лепшыя вышэйшыя школы сьвету, найбагацейшыя бібліотэкі, музэі, тэатры. Моладзь з усіх кутоў Эўропы, з Амэрыкі, з Афрыкі, нават з Азіі і Аўстраліі ў вялікім ліку зьяжджаецца вучыцца у Парыж. З гэтай прычыны і да сяго яшчэ часу Парыж мае права звацца сусьветнай сталіцай, хаця па колькасьці насельнікаў ён застаўся далёка пазаду Лёндону і Нью-Ёрку. Усе выдатныя пісьменьнікі і мастакі Францыі, вучоныя, наагул усе талентныя, выдатныя людзі імкнуцца ў Парыж, каб тамака знайсьці поле для сваёй працы. Гэта нават шкодзіць Францускай дзяржаве, бо такім способам Парыж выкачвае ўсе жывыя сілы яе, адцягвае іх ад зямлі і ад другарадных гарадоў. Парыж увасабляе усю Францыю. Настрой Парыжу — гэта настрой усёй Францыі, погляды Парыжу―погляды Францыі.
Як прамысловы горад, Парыж мае шмат рознастайных фабрык. Тут вырабляюцца шоукавыя, баваўняныя і ваўняныя тавары, асабліва модная гатовая вопратка. Мэбля, абуцьцё, хімічныя продукты, гадзіньнікі, мыла, парфума, фізычныя і оптычныя прылады, машыны і іншыя парыскія вырабы слынуць на ўвесь сьвет. На сусьветны рынак Парыж пастаўляе перш за ўсё дарагія тавары, рэчы раскошы і моды.
- Перад вайной Парыж быў 3-ім горадам сьвету па ліку насельнікаў, але спрачаўся за гэтае месца з сталіцай Нямеччыны Бэрлінам, бо меў, як і той, каля 3000000 насельнікаў. З пачатку вайны ў час наступу немцаў на Марну горад часова апусьцеў, потым ізноў засяліўся, і цяпер налічвае 2906000 насельнікаў, а разам з прадмесьцямі 4411000.
Мал. 50.-Эйфелева вежа ў Парыжы.
Парыж-адзін з найпрыгажэйшых гарадоў зямлі. Багатыя прыгожыя сучасныя будынкі, званіцы і вежы сабораў, харошыя бульвары й сады, гаі-паркі, шырокія пляцы, пекныя помнікі робяць надта прыемнае ўражаньне.
- Пасярэдзіне гораду на востраве паміж дзьвюма адтокамі Сэны ляжыць, "Сітэ", найдаўнейшая частка Парыжу з услаўленым саборам парыскай божай маткі. Яшчэ ў VІ в. да пачатку хрысьц. эры тут пабудаваўся горад Лютэцыя, які з цягам часу пашырыўся, перакінуўся цераз абедзьве адтокі Сэны і зрабіўся Парыжам, на правым паўночным беразе Сэны знаходзіцца сучасны асяродак сталіцы з найлепшымі крамамі, кавярнямі, тэатрам і г. д. Трамваі, самаходы, Фурманкі дзень і ноч мітусяцца па вуліцах і завулках. Сотні тысяч людзей ходзяць, бегаюць, турбуюцца ў гэтай частцы Парыжу. Нават пад зямлёй гудуць і грукаюць вагоны мэтрополітэну. На левым беразе Сэны ляжаць культурна-асьветныя установы, вышэйшыя школы,
скучаныя ў так званым латыньскім квартале, дзе жывуць студэнты, уцекачы з чужаземных дзяржкаў, што знаходзяць прытулак у гасьціннай францускай сталіцы, вучоныя, мастакі і г. д. Тут знаходзіцца і вялізнае Марсава поле з слыннай Эйфэлевай вежай, якая лічыцца адным з найвышэйшых будынкаў зямлі (Гл. мал. 50).
Мал. 51.-Парыж. Сабор парыскай божай маткі.
У ваколіцах Парыжу знаходзіцца шмат прадмесьцяў сталіцы, дачных мест, фабрычных пасёлкаў і г. д. Сюды калежаць Булёнь-на-Сэне (68000 н.), аддзеленая ад сталіцы прыгожым Булëньскім лесам, месцам шпацыру парыжцаў; Сэн-Дэні (76000 н.); Вэрсаль (65000 н.), даўная бліскучая гаспода францускіх каралёў з чароўнымі садамі і палацамі; Сэўр з вялікай парцалянавай фабрыкай і іншыя. Буйное разьвіцьцё Парыжу перашкаджае ўзрастаньню іншых гарадоў Паўночна-Францускай нізіны. Большасьць сярэдніх і малых гарадоў краіны зьяўляюцца ціхамірнымі старасьвецкімі местамі.
- Такі характар маюць і галоўныя пункты Люарскага вадазбору: Орлеан (69000 н.) з ваўнянымі і баваўнянымі фабрыкамі, Тур (75000 н.), вырабляючы шоўк і скуру, Ле-Ман (72000 н.), слынны апрацоўкай ільняніны і г. д.
Параўнауча багатым горадам зьяўляецца Руан (у 1921 г. 124000 нас.) з буйной баваўнянай і мэталёвай прамысловасьцю, які ляжыць на Сэне у тым яе месцы, да якога у час прыплыву даблываюць морскія караблі.
Сучасныя акіянскія караблі, што ходзяць з Эўропы ў Амэрыку, не даходзяць да Руану. З гэтай прычыны галоўнай Францускай прыстаньню на Ляманшы зрабіўся Гаўр (163000 нас.), які ляжыць каля адкрытага мора блізка вусьцяў Сэны. Сюды прывозяць для Парыжу баваўну і колёніяльныя тавары, а адгэтуль вывозяцца модныя і каштоўныя фабрычныя вырабы сталіцы. (Вартасьць прывезеных і вывезеных праз Гаўр тавараў дасягала да вайны 1032 мільён. рублёў золатам).
На ўсходзе краіны ў Шампані самым вялікім і важным горадам зьяўляецца Рэймс (77000 нас.) з вядомым прыгожым саборам, сапсутым няжецкімі снарадамі ў час вайны 1914-18 г. Тут апрацоўваецца шампанская воўна і вырабляюцца слынныя шампанскія віны.
Мал. 52.-Парыж. Надземная электрычная чыгунка.
Біскайская нізіна абымае паўднёва-заходнюю частку францыі і зьяўляецца крайнім паўднёва-заходнім кутком тэй вялікай нізіны, якая цягнецца блізка-што праз усю Эўропу ад Пірэнэяў аж да Ледаватага і Белага морау. Лежачы ля берагоў Біскайскае затокі, краіна выглядае сухаземным працягам яе дна, і запраўды была калісь часткай Біскайскай затокі. Нават і цяпер бераг краіны паступова, хоць і павольна, нарастае, і ўсё новыя часткі мора што-год ператвараюцца каля берагоў у сухазем'е. Паўзьбярэжныя морскія хвалі бязупынна накідваюць на бераг шмат пяску, з якога на ўсім узьбярэжжы стварыліся выдмы ў 45 і болей сажняў увышкі. За йстужкай выдмаў распасьціраецца палоска лагчын, пакрытых балотамі і вазёрамі. Гэта так званыя лянды, няуродная пескавая або балотная мясцовасьць, па якой даўней бадзяліся толькі статкі авечак ды тупалі, як буслы па балоце, пастухі на хадулях. Цяпер чалавек засадзіў па выдмах хваёвыя бары, пабудаваў сярод іх смалярні і дзягцярні, а балоты асушыў і таксама перавярнуў іх на лясы.
За выняткам паўзьбярэжных ляндау большая частка Біскайскай нізіны можа лічыцца багатым і ўраджайным краем. Палі кіяхоў і пшаніцы чаргуюцца тутака з садамі пэрсікаў, абрыкосау і йгруш, вінаграднямі і гародамі. Асабліва добра ўзрастаюць усялякія карысныя расьліны ў далінах рэк (Гароны, Адуру, Шаранты). Найвялікшая з гэтых рэк Гарона, злучыўшыся з Дордоньню, уліваецца ў Біскайскую затоку шырокім лейкавідным вусьцем (якое мае назоу Жыронды). Гарона пачынаецца ў Пірэнзях, жывіцца іх сьнягамі і заўсёды мае шмат вады. Часамі пасьля улеваў або пасьля залішне шпаркага раставаньня горных сьнягоў Гарона моцна разьліваецца, затапляе сады, фэрмы, вёскі і гарады, што ляжаць у яе даліне. Вышнявіну Гароны злучылі штучным суднаходным каналам з Міжземным морам і такім чынам пралажылі простую вадзяную дарогу ад паўднёвых да заходніх берагоў Францускае дзяржавы.
Клімат Біскайскай нізіны цёплы і мяккі. Суседзтва мора зьмяншае летнюю сьпякоту, а узімку тут таксама цёпла, як у Брэтані. Ападкі тутака выпадаюць ува усе поры году: летніх сухменяў, падобных да сухменяў Гішпаніі ці Італіі, ня бывае.
- Больш за ўсё ападкаў выпадае на ўзьбярэжжы (каля 1000 мілім). Сярэдняя тэмп. году тутака віхаецца між +12° і +14°, самы холодны месяц мае сяр. тэмп. ў сярэдзіне краіны, у Бордо +5,6°, самы цёплы +20,6°.
Тут ужо могуць расьці шмат якія вечназялёныя дрэвы: каменны дуб, міжземнаморская хвоя, ляур, на поўдні трапляецца нават корачны дуб. Аднак алейнае дрэва, галоўная расьліна Паўднёвай Эўропы, тутака ня можа расьці; летняй цяплыні, сонца і сьвятла ёй тут не хватае. Наадварот, дрэвы з ападаючым лісьцем і між імі ядобны каштан пераважваюць над дрэвамі вечназялёнымі.
Люднасьць краіны складаецца з провансальцаў, у вадазборы Гароны, і паўночных французаў, на поўнач ад Жыронды.
- Апрача таго ў паўднёвай частцы можна прымеціць уплывы, пакінутыя тубыльцамі-баскамі, якія у межах краіны ўжо афранцузіліся.
Галоўным заняткам люднасьці зьяўляецца ральніцтва, вінаградніцтва, садоўніцтва. Кіяхамі, якія тутака пераважваюць сярод гатункаў збожжа, кормяць сьвіней; паусюды трымаюць многа хатніх птушак, а ў ляндах пасьвяць авечак. Па берагох Біскайскай затокі ловяць рыбу-сардынак і ядобных сьлімакоў-вустрыц. З вінаграду вырабляюць слынныя бордоскія віны.
Палажэньне краіны між Атлянтыкай і Міжзем'ем на мяжы Францыі і Гішпаніі спрыяе гандлёваму значэньню краіны, але нявыгодная будова берагоў, пескаватых, плыткіх, недаступных для сучасных акіянскіх караблёу і аддзеленых ад сярэдзіны краю бязьлюднымі выдмамі і балотнымі ляндамі, перашкаджае морскаму гандлю. Толькі на Жырондзе морскія караблі знаходзяць месца прыстою каля гораду Бордо (у 1921 г. 267000 нас.), прыстань якога даступна для іх у час прыплыву. З Бордо вывозяцца найлепшыя гатункі бордоскіх він. Праз Бордо праходзіць важная чыгунка, якая пераразае Пірэнэі і злучае Парыж з Мадрыдам.
Мал. 53.-Лоў вустрыц каля берагоў Паўд.-Зах. Францыі.
На вышнявіне Гароны, у тым яе месцы, дзе ад гэтай рак адходзіць канал у Ліонскую затоку Міжземнага мора, ляжыць Тулюза (175000 нас.) з унівэрсытэтам і многалічнымі фабрыкамі, якія апрацоўваюць сельскагаспадарчыя продукты (асабліва там многа паравых млыноў).
Міжземнаморская Францыя абымае ўзьбярэжжа Ліонскай затокі Міжземнага мора і даліну ракі Роны ад яе сутокі з Саонай да вусьцяў. Большая частка гэтай краіны зьяўляецца нізінай, але й тут можна прасачыць ня вельмі выразныя адгор’і Пірэнэйскага ўкладу горных зморшчаў, якія дасягаюць значнай вышыні на ўсходзе ўжо у беспасрэднай блізкасьці да Альп, дзе яны маюць назоў Провансальскіх гор. Паўднёва-ўсходні куток краіны, што ўразаецца ў Міжземнае мора між Ліонскай і Гэнуйскай затокамі (а таксама адломаныя там ад сухазем’я гізрскія астравы), мае выгляд горсту і нагадвае горсты Тырэнскіх астравоў (Корсікі і Сардыніі).
Палажэньне Міжземнаморскай Францыі вельмі выгоднае. Лагчына, па якой цякуць Рона і яе прытока Саона, зьяўляецца адзінай дарогай ад берагоў Міжзем’я ў Сярэднюю і Паўночную Эўропу, дарогай на якой няма значных перашкод у стане папярочных горных ланцугоў. З гэтай прычыны Саонска-Ронская лагчына заўсёды была шляхам, па якім ішлі гандлёвыя і культурныя зносіны між Італіяй і іншымі міжземнымі старонамі з аднаго боку і Францыяй ды Нямеччынай - з другога. Па гэтай дарозе пасоўвалася рымская культура, пашыраючыся ў нашай частцы сьвету; па гэтай дарозе латыньская мова ўлілася ў Францускую старану.
Рона, галоўная рака Міжземнаморскай Францыі, пачынаецца у Альпах, заўсёды мае многа вады, бо жывіцца альпійскімі ледавікамі і зьяўляецца суднаходнай на усім сваім працягу ад сутокі з Саонай да дэльты. Самая дэльта аднак заносіцца пяском, так што параходы ледзь могуць праціснуцца з ракі ў мора.
- Дэльта гэтая адзначаецца вялікай колькасьцю балот і зьяўляецца добрым прытулкам для качак і іншых вадзяных птушак, што хаваюцца тутака паміж чаротаў і асакі. Даўней у гэтай дэльце пасьвіліся напалову дзікія коні, каровы і бавалы; цяпер і сюды заглянула культура, але нездаровае надбалотнае паветра і распаўсюджаныя тут трасцы й да гэтага часу робяць гэтую акругу нявыгоднай для жыцьця чалавека. Затое навокала суседнія мясцовасьці, дзякуючы цёпламу сонечнаму клімату, могуць лічыцца аднымі з найлепшых куточкаў Францыі.
Адгароджаная з усходу Альпамі, а з паўночнага захаду зрывістым краем Сярэдня-Францускага ўзвышша - Сэвэнамі, Міжземнаморская Францыя знаходзіцца пад беспасрэдным уплывам Міжземнага мора і карыстаецца тыповым падзваротнікавым кліматам, такім самым, як і паўднёвыя паўвостравы Эўропы. Лета тут сухое і гарачае, зіма і восень вільгатныя, цёплыя. (У Марсэлі сярэдняя тэмпэратура студзеня ±6,4°).
- Асаблівасьцю мясцовага клімату зьяўляецца халодны сухі паўночны вецер-містраль, які часамі што-дзень дзьме гэтак моцна, ажна зьбівае з ног людзей, коняй і перакульвае цягнікі. Пад уціскам гэтага ветру ўсе дрэвы Ронскай даліны пахіліліся сваімі верхавінамі на поўдзень.
Падзваротнікавы клімат Міжземнаморскай Францыі спрыяе разьвіцьцю там багатай расьліннасьці. Паўсюды там вельмі добра ўзрастаюць морва, і вечназялёныя хмызьнякі ляўраў і міртаў, вечназялёныя дубы, міжземнаморская хвоя і купрэсы.
- (Купрэсам тутака абсаджваюць сады, каб засланіць іх ад містралю).
Ува усёй францускай старонцы толькі тут можа расьці галоўная міжземнаморская расьліна-алейнае дрэва, з пладоў якога выціскаюць найлепшы прованскі алей. Плянтацыі алейных дрэў, морвы, прыгожых кветак, якія адгэтуль вывозяцца ўва ўсе мясцовасьці Паўночнай і Сярэдняй Эўропы, вінаградні, сады паўднёвых пладовых дрэу складаюць галоўнае багацьце краіны. Выцісканьне прованскага алею, гадоўля шаўкоўных вусеняў, выраб віна зьяўляюцца галоўнымі заняткамі насельнікаў. На узьбярэжжах, апроч таго, займаюцца рыбацтвам — ловяць рыбу-тунцоў, а на захад ад дэльты Роны у маленькіх, аддзеленых ад мора затоках—лягунах, здабываюць соль.
Фабрычная прамысловасьць грунтуецца на апрацоўцы шоуку і асабліва пашырылася ў даліне Роны пасуседзтву з каменна-вугальнымі пакладамі Сярэдня-Францускага ўзвышша. Там перарабляецца ня толькі мясцовы, але галоўным чынам прывезены з Італіі і іншых старонак шоўк-сырэц.
Як і ў Паўднёвай Эўропе, раскошная расьліннасьць садоу і плянтацый трапляецца у Міжземнаморскай Францыі толькі ў штучна абваднëных мясцовасьцях пераважна каля рэк. Там, дзе штучнае абвадненьне не магчыма, па сухіх пылаватых прасторах сустракаецца толькі ўбогая стэпавая трава.
- Лежачы каля самай Італіі, Паўднёва-Усходняя Францыя, раней за усе іншыя часткі Францускае стараны, падпала пад уплывы латыньцаў і зрабілася провінцыяй даўна-Рымскай дзяржавы. З гэтай прычыны і да сяго часу люднасьць гэтай краіны адзначаецца найбольшай падобнасьцю да італійцаў. Мова тутэйшых насельнікаў завецца провансальскай (па імю Provance=латыньская Provіncіa, як звалася паўднёва-ўсходняя частка краіны) і мае шмат супольнага з каталенскай мовай, пануе ўва Усходняй Гішпаніі. На провансальскай мове ў сярэднія вякі складаліся творы даўных трубадураў, якія пяялі свае вершы па палацах розных каралёў, гэрцогаў і графаў. З часам провансальская поэзія заняпала. Большасьць сучасных насельнікаў краіны навучаецца ў паўночна-Францускай пісьменнай мове і працуе на карысьць паўночна-францускай культуры, усё роўна як беларусы некалькі вякоў працавалі на карысьці расійскай або польскай культуры.
- У апошнія часы провансальская мова зноў пачала разьвівацца; цяпер яна мае ўжо сваю досыць багатую літаратуру[1].
Дзякуючы свайму выгоднаму палажэньню, Міжземнаморская Францыя мае важнае гандлёвае значэньне. Сюды прывозіцца збожжа з Украіны, лес з Беларусі, шоўк-сырэц з Італіі, Японіі, Кітаю і г. д. З Францыі праз тутэйшыя прыстані вывозяць віно, прованскі алей, апрацованы шоўк, мыла і г. д. Большая частка гэтых тавараў ідзе праз горад Марсэль 1685000 нас. у 1921 г.), які з даўных часоў лічыцца брамай з Міжзем'я у сярэднюю паласу Эўропы. Гэта самая важная прыстань на Міжземным моры (гандлёвы абарот 1318 міл. рубл. золатам да вайны) пабудована на ўсход ад вусьцяў Роны, бо самая дельта Роны недаступна для морскіх параходаў, дый на захад ад яе паўзьбярэжнае цячэньне прыбівае да берагоў шмат пяску і робць гэтыя берагі нявыгодным для прыстою караблёў. На ўсход ад Марсэля ляжыць вайсковая прыстань Тулен (106000 н.) з майстэрнямі караблёў, а яшчэ далей ужо блізка ад Ніцы ў прыгожай мясцовасьці находзіцца курорт Каны (30 т. н.), слынны карысным кліматам і плянтацыямі кветак. Прамысловыя гарады краіны ляжаць далей ад мора бліжэй да Сярэдня-Францускіх узвышшаў. Галоўным з іх ёсьць Ліон (562000 н ), што ляжыць пры сутовы Роны і Саоны. Гэта першы горад Эўропы па апрацоуцы шоўку і па вырабе аксаміту. (Апроч таго тут пашыраны выраб машын, жалезных тавараў і хімічных продуктаў).
- Значныя шоўкавыя фабрыкі ёсьць яшчэ ў гарадох: Німе (83000н.). Монпэлье (82000 н., унівэрсытэт) і Авіньоне (49000 н.), даўнейшай гасподзе рымскіх папаў у часы заняпаду Рыму.
Сярэдня-Францускае ўзвышша ляжыць на паўночны захад ад Міжземнаморскай Францыі і на паўночны ўсход ад Біскайскай нізіны. На кахад гэтае ўзвышша спадае паволі і пакрысе пераходзіць у нізіну, на паўднёвы ўсход строма раптам абрываецца. Калі з Ронскай нізіны глядзець на паўднёва-ўсходні край Сярэдня-Францускага узвышша, дык гэты край здаецца значным горным ланцугом, які атрымаў назоў Сэвэнаў. Але узьлезшы на Сэвэны ўбачым, што на захадзе гэты горст ня мае выразнага схілу і пераходзіць у пустынную і камяністую роўнядзь, ледзь прыкрытую убогай траўкай. Сярод нудных голых плоскаўзвышшаў толькі дзе-ні-дзе вызначаюцца рэчныя даліны, па якіх у зелені каштанаў, садовых драу і вінаградняў хаваюцца вёскі, здароўніцы і гарады. Для рэк Францыі Сярэдня-Францускае ўзвышша зьяўляецца галоўным вадападзелам, галоўным рэчным вузлом. Паводле свайго пахаджэньня Сярэдня-Француская краіва зьяўляецца горставым краем. Калісь, яшчэ ў першыя часы жыцьця на зямлі, тут існавалі зморшчавыя горы, якія з цягам часу былі зьнішчаны выпятрэньнем і размываньнем. Потым, ужо параўнаўча нядаўна, земная кара тут патрэскалася, раскалолася на кавалкі, з якіх адны, сучасныя горсты, павыпіраліся ўгару, другія зрабіліся грабанамі, перавярнуліся ў лагчыны, па якіх цяпер бягуць рэкі, напрыклад, вышнявіна Люары і яе прытока Алье. З шчылін, якія засталіся паміж суседнімі кавалкамі земнай кары, павылівалася шмат цякучай лявы, якая заліла вялікія прасторы у краіне. У мясцовасьцях, пакрытых гэтай астыглай, але яшчэ не спарахнелай лявай, цяпер яшчэ ўздымаецца шмат згаслых дульканаў (найвышэйшы з іх Мон-д'Ор-1886 м. н. р. м.), якімі асабліва багата мясцовасьць Овэрнь у сярэдзіне краіны, Магчыма, што лява там пасьпела астыснуць толькі на самай паверхні. Многалічныя мінэральныя крыніцы з цёплай або і з гарачай вадой выходзяць там на паверхню, а гэта сьвед. чыць, што ня вельмі глыбока пад зямлёй яшчэ захаваліся гарачыя пласты. Месцам вульканічныя скалы, што стварыліся з астыглай лявы, яшчэ не пасьпелі пакрыцца глебай, і мала якая трава можа расьці на іх.
Ня лепшая расьліннасьць трапляецца па вапнякох, з якіх месцам складаюцца Сэвэны (напрыклад, мясцовасьць Кос у вышнявіне ракі Тарн, прытокі Гароны). Як у Дынарскіх горах, рэкі тамака прамылі глыбокія цясьніны-каньёны, або пячоры, па якіх бягуць пад зямлёй; скалы там часта маюць нязвычайныя, дзіўныя формы; па пустынных прасторах могуць расьці самыя нягрэблівыя травы. (Як завуцца і чым тлумачацца такія зьявы?).
Лежачы на дарозе заходніх вятроў, Сярэдня-Францускае узвышша мае хмарны, вільгатны клімат, а з прычыны сваёй досыць значнай вышыні адзначаецца ад суседніх краін меншай цяплынёй, болей трывалым сьнегавым насьцілам і досыць моцнымі маразамі ўзімку. Толькі ў далінах клімат крыху сушэйшы, а непагода бывае радзей. Дауней па схілах гор расьлі ігластыя лясы, цяпер іх павысякалі, і на месцы зьявіліся зарасьнікі верасу або скудныя лугі. Аднак і верасы добра растуць толькі па лепшых куткох, дзе падгруньце складаецца з гранітау ці крышталічных лупнякой (а ня з лявы і вапнякоў).
У далінах Алье і люары растуць гаі грэцкіх арэшнікаў і ядобных каштанаў, плады якіх граюць значную ролю ў пражыўленьні мясцовай люднасьці. Плады каштанаў, яблынь і груш зьяўляюцца гут важным дадаткам да хлеба. Па далінах сеюць кіяхі, а ў лепшых месцах вадападзелау-жыта, грэчку, бульбу.
Наагул ральніцтва стаіць кепска. Большую вагу мае гадоўля жывёлы: коз у Сэвэнах, авечак у Овэрнь, быдла па лепшых, болей сочных лугох на захадзе краіны.
Падземныя багацьці сустракаюцца толькі дзе-ні-дзе ў маленькіх, раскіданых пераважна на усходзе акругах. Там здабываюць каменны вугаль, жалеза і цыну, там пашырылася і фабрычная прамысловасьць, там люднасьць жыве досыць густа. Наадварот, па голых скалах Овэрні і па вапнякох гушчыня залюдненьня малая (25-45 ч. на кв. клм.).
Найгусьцей залюдненая акруга знаходзіцца на ўсходзе ў ваколіцах гораду Сант-Эт'ен (168000 нас. у 1921 г.-гушчыня залюдненьня дасягае да 300 ч. на кв. клм.). Вугалем суседніх капальняў карыстаюцца фабрыкі зброі, машын і іншых жалезных вырабаў, якія адгэтуль вывозяцца праз Ліон.
Другі прамысловы, багаты вугалем куток ляжыць на паўночным усходзе, дзе праходзіць важны суднаходны канал, што злучае Саону з Люарай. Там знаходзіцца места Крэзо (35 тыс. нас.), якое супарнічала з Эсэнскімі фабрыкамі Крупа у Нямеччыне па вырабе гармат і машын. У Овэрні каля гары Мон-д'Ор ляжыць культурна-асьветны асяродак краіны Клермон-Фэран (83000 н.) з унівэрсытэтам. Апроч таго, у розных мясцовасьцях краіны, дзякуючы вялікай колькасьці жінэральных крыніц, пабудована невялікія, але важныя месты-здароўніцы або курорты, да якіх што-год прыяжджаюць тысячы хворых з усёй Францыі лячыцца вадою крыніц. (Найболей вядомы курорт Вішы (17000 н.) на рацэ Алье). Насельнікі Сярэдня-Францускага ўзвышша-працавіты, ашчэдны і упарты народ. Паводле сваёй мовы яны блізка стаяць да паўднёвых французаў-провансальцаў.
Усходняя Францыя мае вельмі рознастайную паверхню. У склад яе ўваходзіць: грабен, па якім цячэ прытока Роны Саона, грабэн Вышняга Рэну, які аддзяляе Францускую старану ад Нямеччыны, Вогезы, правільны горст (1426 м. увышкі), складзены з крышталічных скал і засланяючы Вышня-Рэнскую нізіну з захаду, лётарынгскае плоскаузвышша, нарэшце усходнія ўскрайкі Паўночна-Францускай нізікы, якія строма абрываюцца на ўсход і паволі зьніжаюцца у бок вадазбору Сэны.
- Да гэтых паднятых ускрайкау Сэнскай нізіны належаць Кот-д'Ор, што засланяе з захаду Саонскую нізіну, і злоскаузвышша Лянгр, паміж якімі праходзіць так канал, што злучае вадазборы Саоны і Сэны. Ад плоскаузвышша Лянгр да Вогез цягнуцца серпавідныя горы званы Бургонскі (Мон-Фосіль), у якіх пачынаецца з аднаго боку Саона, з другога Маас, што цячэ ў глыбокай даліне між лётарынгскім плоскаузвышшам і Аргонскім лесам, як там завуць усходнія паднятыя ўскрайкі Сэнскай катліны.
Лётарынгскае плоскаўзвышша абвадняецца прытокай Рэну Моээлем і зьяўляецца пераходным краем паміж Францускай стараной і Нямеччынай. Выразнай прыроднай мяжы між гэтымі дзьвюма старонамі тут няма. Лётарынгія слыне вельмі вялікімі пакладамі жалезнай руды.
- Лётарынгія заўсёды была спрэчным кавалкам, з-за якога Французы біліся з немцамі. Апошні раз немцы захапілі Усходнюю лётарынгію ў вайну 1870-71 г. і з таго часу пасьпел значна анямечыць яе насельнікаў, але ў сусьветную вайну 1914-18 г. француская рэспубліка адваявала яе і нават часова захапіла гэтак званую Саарскую каменна-вугальную акругу, што ляжыць на паўночны ўсход ад лётарынгіі і залюднена выключна немцамі. Лёс Усходняй Лётарынгіі разьдзяляў Альзас, што ляжыць між Вогезамі і Рэнам у Вышня-Рэнскім грабэне. Люднасьць яго гаворыць на адной з нямецкіх гаворак, але ня лічыць сябе немцамі і зьяўляецца асобным народам, пераходным паміж Французамі і немцамі. Запраўдныя немцы пасяліліся у Альзасе і на паўночным усходзе лётарынгіі, галоўным чынам у час нямецкага забору з 1871 1918 г. Рэшта краіны залюлнена паўночнымі французамі.
Грунты Ўсходняй Францыі лепшыя, а клімат сушэйшы, як у Сярэдня-францускім узвышшы. Неба тутака болей яснае, розьніца між зімой і летам большая, чымся у іншых краінах Францускай старонкі. Па схілах гор захавалася яшчэ многа букавых і каштанавых лясоў, па якіх яшчэ й цяпер жыве многа ваўкоў, якія ужо зьвяліся у рэшце Францыі.
Як амаль і паусюды ува Францыі, большая частка зямлі знаходзіцца тут пад нівамі і вінаграднямі. Альзас у даліне Вышняга Рэну і даліна Саоны адзначаюцца вялікай ураджайнасьцю і слынуць найлепшымі гатункам він (асабліва вядомы бургонскія віны, якія вырабляюцца ў Саонскай нізіне). Там добра сьпеюць пшаніца, кіяхь, хмель. Па вадапздзелах пашырана гадоўля жывёлы. Дзякуючы багацейшым накладам жалезнай руды, у Лётарынгіі добра стаіць нетракапальная прамысловасьць. Мясцовая руда
Мал. 54.-Сабор у Страсбурзе.
адгэтуль вывозіцца ў іншыя краіны Францыі і нават за межы Францускай дзяржавы. Наадварот, мясцовага каменнага вугалю не хапае, і яго сюды прывозяць з поўначы і з усходу (з Саарскай акругі і іншых куткоў Нямеччыны). Фабрычная прамысловасьць складаецца з апрацоўкі жалезнай руды і воўны; апроч таго, у Альзасе мае вагу баваўняная, а ў Лётарынгіі шкляная прамысловасьць (у Бакара).
Галоўным горадам у Саонскай візіне зьяуляецца Дыжон (79000 нас.), склад бургонскіх він і культурны цэнтр (унівэрсытэт). У Лётарынгіі галоуны горад Нансі (113000 нас. у 1921 г.) з унівэрсытэтам і шматлічнымі фабрыкамі жалезных і вауняных вырабаў.
- На Маасе ляжыць Вэрдэн (21 т. нас.), француская крэпасьць, вядомая адбіцьцем упартых атак нямецкага войска у час сусьветнай вайны. На Мозэлі ў тэй частцы Лётарынгіі, якая была пад нямецкім заборам, ляжыць даўней нямецкая, цяпер Француская крэпасьць Мэц (62 тыс. нас.).
У Альзасе на скрыжаваньні дарог, што злучаюць Нямеччыну з Швайцарыяй і Рэн з Марнай (канал), ляжыць Страсбург (167000 нас. у 1921 г.) гандлёвы асяродак Альзасу з слынным харошым саборам і унівэрсытэтам.
Прамысловым асяродкам Альзасу трэба лічыць Мюльгуз (99000 н.), які стаіць на канале з Рэну ў Саону, з буйнымі фабрыкамі баваўнянкі.
- Паўднёвы куток Альзасу, які заставаўся францускім праз увесь час забору рэшты гэтай акругі, мае свой асяродак — Бэльфор (40000 нас.), крэпасьць, якая пануе над так званай Буртонскай Брамай. Гэтая Брама між Юрой і Вогезамі злучае нізіну вышняга Рэну з вадазборам Саоны. Праз яе праходзіць Рэнска-Саонскі канал і важныя чыгункі.
Бэльгійская краіна займае самую паўночную частку Францускай стараны. Галоўныя адзнакі гэтай краіны-вялікае багацьце карыснымі мінэраламі, асабліва-ж вугадем, багацьце, якое адбіваецца на усім жыцьці краіны і дадае асаблівае адценьне яе краявіду. Другая асаблівасьць Бэльгійскай краіны-магутнае разьвіцьцё гандлю у зьвязку з палажэньнем сярод трох найвялікшых дзяржаў Эўропы: Францыі, Ангельшчыны і Нямеччыны, для якіх краіна зьяўляецца гандлёвай пасярэдніцай.
Паводле сваёй прыроды Бэльгійская краіна можа быць падзелена на 3 часткі: паўднёвую, сярэднюю і паўночна-заходнюю.
Паўднёвая частка мае выгляд узвышша, строма паднятага над лётарынгіяй. Гэта так званы масыў Ардэны, складзены з цьвёрдых лупнякоў. На усходзе ён пераходзіць ў Рэнскія Луцняковыя горы Нямеччыны, ад якіх адразьняецца адсутнасьцю вульканічных скал. Ардэны-неўраджайнае ўбогае ўзвышша з параўнаўча сьцюдзёным кліматам і значнай колькасьцю ападкаў, якія ўзімку выпадаюць у стане сьнегу. Вярхі Ардэнау пакрыты толькі ўбогімі лугамі, гожымі хіба што на пашу авечкам; па схілах захавалася яшчэ досыць многа лясоў. Гарадоў тутака мала, люднасьць даволі рэдкая (на 1 кв. клм. прыпадае каля 40 ч.), галоўным заняткам яе зьяўляецца гадоўля жывёлы, пераважна авечак.
На поўнач ад Ардэнаў цягнецца глыбокая даліна, па якой цячэ рака Самбра і сярэдні Маас, у які Самбра ўліваецца. Даліна гэта мае вялікае гандлёвае значэньне, бо па ёй праходзіць найлепшая дарога з Парыжу ў Кэльн і Паўночную Нямеччыну. Аднак яшчэ важней тое, што па даліне Самбры-Маасу цягнецца паласа багатых пакладаў каменнага вугалю. Тут раней, як ува усіх іншых месцах контыненту Эўропы, пачалося здабываньне каменнага вугалю. З таго часу распрацавалі ўжо цалком вышэйшыя пласты яго пакладау. але здабываньне вугалю не зьмяншаецца; толькі шахты уразаюцца глыбей пад зямлю. Апрача вугалю тутака здабываецца многа жалезнай руды, знаходзяць цынк, волава і медзь. Паласа каменна-вутальных пакладаў ад вышняй Самбры цягнецца на захад у ваколіцы францускіх гарадоу Ліля, Рубе і інш. Паусюды у паласе каменнавутальных пакладау мясцовыя насельнікі займаюцца нетракапальнай і фабрычнай прамысловасьцю. Буйныя прамысловыя гарады, дробныя фабрычныя пасёлкі, капальні, рудні і гуты чаргуюцца тут, як у ПаўночнаЗаходняй Ангельшчыне. Гушчыня залюдненьня тут надзвычайна вялікая (месцам дасягае да 1350 ч. на 1 кв. клм.).
Мал. 55.-Краявід у Бэльгіі.
Сярэдняя частка Бэльгійскай краіны ляжыць на поўнач ад паласы каменна-вугальных пакладаў між рэкамі Маасам і Шэльдай. Гэта ўзгаркаватая раўніна пакрыта вельмі ўраджайнымі гліністымі і суглінкавымі грунтамі. Клімат гэтага краю мякчэйшы, як у Ардэнах, дзякуючы большай блізкасьці да мора, але ападкаў тутака меней. (Чаму ў горах выпадае болей ападкаў, чымся на раўнінах?).
- Горад Брусэль мае сярэдн. тэмп. году +9,9°, студзеня +2,0° ліпеня +18,0°, ападкаў у год 750 мілім.
Ядобны каштан тут сустракаецца ўжо рэдка, але ўсялякае збожжа, садовіна і гародніна сьпеюць вельмі добра. Кожны кавалак зямлі старэнна вырабляецца, угнойваецца і дае вялікі зыск. Сельская гаспадарка стаіць тутака лепей, як у іншых мясцовасьцях Бэльгійскай краіны, але з прычыны блізкасьці багатых каменна-вугальных пакладаў і тут фабрычная прамысловасьць мае большую вагу. З расьлін, якія тутака засяваюцца, на першым месцы стаяць так званья тэхнічныя расьліны, што даюць матарял, які апрацоўваецца на мясцовых фабрыках. Сюды належаць цукровыя буракі, лён, каноплі, цыкорыя, хмель, табака. Збожжа тутака, зразумела, не хапае, але бульбай, гароднінай і садовінай узгору Сярэдняй Бельгі сябе забясьпечваюць. Дзякуючы шчырай працы чалавека над паляпшэньнем грунтоу, нават бясплодныя калісь пескавыя куточкі (напрыклад, Кэмпэнская акруга на мяжы з Голяндыяй) перавярнуліся ў харошыя сады. Каля буйных гарадоу, напрыклад, каля Брусэлю, значныя прасторы знаходзяцца пад цяпліцамі пад шклом. Там выхоўваюць далікатныя пауднёвыя расьліны: ананасы, вінаграднік, розныя кветкі і г. д. Люднасьць Сярэдняй Бэльгі жыве бязмаль таксама густа, яку паласе каменна-вугальных пакладаў. (Гушчыня залюдненьня дасягае 400 ч. на 1 кв. клм.). Па адхонных схілах тутэйшых узгоркаў, сярод ніу, аддзеленых адна ад адной радочкамі жывых платоў, раскінуліся вялікія вёскі, харошыя дачныя месты, людныя фабрычныя гарады з старасьвецкімі будынкамі ратуш і сабораў.
Рака Шэльда аддзяляе ўзгор'і Сярэдняй Бельгій ал паўночна-заходняй часткі краіны, так званай фляндрскай нізіны. Гэтая нізіна злучае ПаўночнаФранцускую нізіну з Паўночна-Гэрманскай і цягнецца ад пратокі Па-де-кале удоуж берагоў Нямецкага мора да вусьцяў шэльды. Фляндрыя ледзь уздымаецца над роунем морскіх прыплываў, а месцам ляжыць нават ніжэй гэтага роўню. Мора каля берагоу Фляндрыі бурнае, хаця і плыткае; сваімі хвалямі яно заўсёды накідвае на бераг шмат пяску. Патроху з гэтага пяску павырасталі цэлыя паузьбярэжныя груды-выдмы, якія перашкаджаюць, праўда, зносінам ураджайных мясцовасьцяй краіны з морам, але затое засланяюць Фляндрыю ад націску гэтага мора і затапленьня самых нізкіх яе куточкау. Каб выдмы яшчэ лепей выконвалі гэтую работу, людзі умацавалі іх каменнымі брукамі і грэблямі, а каб вецер не выдмухаў з іх пясок і не засыпаў-бы гэтым пяском Фляндрскую нізіну, яны засаджваюцца хвоямі, травой-дзікім аўсом і іншымі расьлінамі. Клімат Фляндрыі яшчэ мякчэйшы, а грунты яшчэ лепшыя, як у Сярэдняй Бельгіі. Раскошныя сады, засевы кветак і лёну, гароды і поплавы пакрываюць роўную Фляндрскую нізіну. На поплавах, якія ніколі не пакрываюцца сьнегам, пасьвяць лепшую малочную жывёлу, каля мора займаюцца рыбацтвам.
Фабрычная прамысловасьць Фляндрыі грунтуецца на апрацоўцы мясцовай ільняніны і прывезенай з-за меж баваўны. Сучасны замежны гандаль карыстаецца прыстанямі, якія ляжаць каля глыбокіх лейкавідных ВУСЬЦЯЎ рэк, бо адкрытае мора ня мае добрых буктаў. У апошнія часы ўвесь тандаль згуртаваўся каля вусьцяў шэльды у Антвэрпэне.
- У сярэднія вякі мора ўразалася ў берагі Фляндрыі некалькімі затокамі, каля якіх існавалі багатыя гандлёвыя морскія прыстані. З цягам часу гэныя затокі засыпаліся адкладамі рэк, мялелі і нарэшце перавярнуліся ў балотныя нізіны, якія цяпер ужо асушаны і зроблены сочнымі лугамі. Гарады каля даўных заток заняпалі.
Насяленьне Бэльгійскай краіны складаецца з двох народаў: Флямандцаў, гэрманскага пахаджэньня, на поўначы, асабліва ўва Фляндрыі, і валёнцаў, кроўных французам, на поўдні, пераважна ў Ардэнах. Ня гледзячы на пляменьневыя асаблівасьці, абодва гэтыя народы жывуць супольным жыцьцём ужо здаўна.
Варункі жыцьця прыблізна аднальковыя па ўсёй краіне. Вялізныя запасы вугалю і руды дазваляюць паўсюды пашыраць фабрычную прамысловасьць, паўсюды даюць магчымасьць жыць густому насяленьню. (Сярэдняя гушчыня залюдненьня ў краіне 270 ч. на 1 кв. клм., у нас у Менскай акрузе 58, а ў Мазыршчыне толькі 15). Паўсюды сельская гаспадарка мае меншую вагу, як фабрычная прамысловасьць: паўсюды большасьць насельнікаў жыве па гарадох, якія шпарка растуць, дзякуючы пастуловаму пашырэньню іх гандлёва-прамысловай вагі. Фабрыкі і капальні вымагаюць многа працоуных рук і даюць добрыя заработкі.
З гэтай прычыны колькасьць люднасьці ў краіне хутка ўзрастае, а ўсяленьне чужаземцаў (іміграцыя) перавышае высяленьне мясцовых насельнікаў за межы краіны (эміграцыю). Густая сетка чыгунак і каналаў пакрывае Бельгійскую краіну. З гэтага боку, паводле гушчыні і сеці штучных дарог, краіна займае першае месца на сьвеце. З гэтай прычыны, а таксама дзеля выгоднага географічнага палажэньня між Ангельшчынай, Францыяй і Нямеччынай, тут вельмі пашыраны як унутраны, гэтак і замежны гандаль. Вывозяць адгэтуль вырабы фабрычнай і нетракапальнай прамысловасьці, сюды прывозяць сырыну, збожжа, лес, колёніяльныя тавары.
Дзякуючы буйному разьвіцьцю прамысловасьці і гандлю, Бельгійская краіна зрабілася аднай з багацейшых капіталістычных краін. Аднак, як і Ў Ангельшчыне, капіталы згуртаваліся пераважна у руках нямногіх мільëнэраў, да якіх належаць фабрыкі і капальні і якія, апроч таго, зьмяшчаюць. частку сваіх капіталаў за межамі у прадпрыемствах Расіі, Украіны, Гішпаніі 1 іншых бедных капіталамі краёх. Побач з гэтым фабрычныя работнікі і вуглякопы жывуць у беднасьці і працуюць за маленькую плату.
- Ужо многа дзесяцёхгодзьдзяў у краіне адбываецца ўпартае змаганьне паміж капіталістымі і работнікамі. Першым сваім заданьнем работнікі паставілі агульнае права выбараў у парлямэнт. Аднак забастоўкі бельгійскіх работнікаў канчаліся перамогай капіталу. Прадстаўнікі Бельгійскай Работніцкай Партыі ўвайшлі ў парлямэнт; змаганьне перайшло і туды, але да апошняга часу краінай кіравалі буржуазныя партыі. Праўда, цяпер у Бельгіі Ужо ўведзена агульнае права выбараў, але становішча работнікаў мала палепшылася. У час вайны напад немцаў і іx уціск адцягнулі працоўны люд ад змаганьня p капіталізмам. Бэльгійскія соцыялістыя злучыліся з буржуазіяй для барацьбы з немцамі.
- Расійская рэволюцыя і выхад Расіі з складу Антанты выклікалі абурэньне сярод бэльгійскіх соцыялістых. Усе яны зьяуляюцца ворагамі савецкага дзяржаўнага ладу. Аднак у 1920 г. і ў Бэльгì ўтварылася компартыя, якая ўваходзіць у склад Комінтэрну і мае на мэце рашучую барацьбу з капіталам.
Ніжэйшая асьвета у Бельгіі стаіць ня вельмі высока. Няпісьменных яшчэ вельмі многа сярод працоунай беднаты. Затое вышэйшая, асабліва-ж тэхнічная адукацыя мае вельмі добрае становішча. У бельгійскіх унівэрсытэтах вучыцца шмат чужаземцау. Бэльгійцы многа зрабілі ўва ўсіх галінах навукі і мастацтва. Бельгійскія пісьменьнікі пракладаюць новыя шляхі у поэзіі і могуць стаяць поплеч з найлепшымі пісьменьнікамі Ангельшчыны, Францыі і Нямеччыны.
Большая частка краіны (30440 кв. клм. з 7700 тыс. нас.) належыць да Бельгійскай дзяржавы, у якой прыблізна пароуну Флямандцаў і валенцаў.
- Гэтая дзяржава стварылася пасьля паўстаньня тубыльцаў у 1830 г. за межамі Эўропы да Бельгіі належыць вялікая колёнія Конго (2414200 кв. клм. 15380000 нас.) у Афрыцы. Адтуль у Бэльгію прывозяць сланёвую косьць, каучук і пальмавы алей.
Паўднёва-заходнія ускрайкі краіны, у вадазборы вышняй шэльды і вышняй Самбры, уваходзяць у склад Францускай рэспублікі; паўднёваусходні куток складае маленькае самастойнае гэрцогства Люксембург (2586 кв. Клм. 270 тыс. н.), і паўночна-ўсходні куточак (Лімбург) належыць да Голяндыі.
Гарады Бэльгійскай краіны згуртаваліся у асабліва вялікай колькасьці ў паласе каменна-вугальных пакладаў.
Там, у даліне Маасу у багатай на вугаль, жалеза і цынк акрузе ляжыць багаты бэльгійскі горад Льеж (165 тыс. нас.) з фабрыкамі машын, зброі і іншых мэталёвых вырабаў.
У адным з прадмесьцяў (Гэршталі) знаходзяцца унівэрсытэт і вышэйшая тэхнічная школа, дзякуючы якім Льеж лічыцца адным з галоўных культурных асяродкаў краіны.
Заходняя частка паласы каменна-чугальных пакладаў належыць да Францыі. Там знаходзіцца і галоўная прамысловая акруга францускай дзяржавы, слынная апрацоукай ільняніны, мэталау, скуры, вырабам хімічных продуктаў і г. д. Унівэрсытэцкі горад Ліль (201000 нас. у 1921 г.), багатае прамысловае места Рубэ (113000 н.), Туркуэн (79000 н.) і шэраг іншых драбнейшых местаў бязмаль-што зусім зьліліся тут у адзін бяскрайна вялікі горад, у бясконцае згуртаваньне фабрык, рудняў і капальняў.
У сярэдняй узгаркаватай Бэльгіі на скрыжаваньні галоўных чыгуначных і штучных вадзяных дарог краіны ляжыць сталіца Бельгійскага каралеўства Брусэль (685 тыс. насельнікаў).
Гэта галоўны асяродак унутранога гандлю краіны, важны прамысловы і культурны горад. Мясцовыя фабрыкі вырабляюць анталяжы, дываны, спрат і калёсы. Тут аж 2 унівэрсытэты, багата музэяў, навуковых і ма стацкіх устаноу. Горад ляжыць на мяжы прастораў, залюдненых флямандцамі і валенцамі. Самы горад складаецца з дзьвёх частак: на ўзгорку жывуць валёнцы, на раўніне пад узгоркам-флямандцы. Прыгожыя сучасныя і старасьвецкія будынкі, шырокія шыкоўныя вуліцы, харошыя схілы узгорку, багатыя экіпажы і самаходы на вуліцах дадаюць гораду зграбнасьць і хараство.
- На ўсход ад сталіцы ляжыць ціхамірны гарадок Лювэн (30000 н.) з багатым унівэрсытэтам, слынная бібліотека якога была зьнішчана ў час вайны 1914-18 г.
Ля вусьцяў шэльды, ужо у нізіннай частцы Бельгіі, ляжыць Антвэрпән (або Анвэр, 334 тыс. нас.), праз які вывозяць блізка што ўсе тавары Бельгіі і значную частку лётарынгскага жалеза. Хаця гэты горад ляжыць досыць далёка ад мора, але ў час морскіх прыплывау сюды па шэльдзе могуць прыплываць самыя вялікія морскія караблі. Маючы за сабой адну з багацейшых краін Эўропы, Антвэрпэн зьяуляецца адней з першых прыстаняй Эўропэйскага контынэнту. Толькі Гамбург (ня лічачы ангельскіх прыстаняй), галоўная прыстань Нямеччыны, перавышае яго па сваіх гандлёвых абаротах. (Гандлёвы абарот Антвэрпэну перад вайной дасягаў 2180 міл. р. золатам).
Вышэй на Шэльдзе ляжыць Гэнт (166 тыс. нас.), культурны (унівэрсытэт) і прамысловы асяродок Фляндрскай нізіны.
Тут апрацоўваюць баваўну, што прывозіцца праз Антвэрпэн, і лён, галоўную культурную расьліну Фляндрыі.
На захад ад Гэнту знаходзіцца Бруге (54000 н.), які быў асяродкам сусьветнага гандлю ў сярэднія вякі, калі да яго даходзілі морскія затокі. Цяпер гэта невялікі горад з вырабам анталяжаў і ільняніны.
Па-за выдмамі каля самага Нямецкага мора ляжыць Остэндэ (18000 н.), купальнае места і месца пераправы пасажыраў з Бельгіі ў Ангельшчыну.
Такое-ж значэньне маюць францускія гарады: Дюнкэрс або Дюнкірхэн (55000 н.) з флямандзкай люднасьцю, Кале (73000 н.) і Булёнь-сюр-Мэр (55000 н.). Кале вядзе асабліва бойкія зносіны з ангельскім горадам Дуурам праз пратоку Па-дэ-Кале.
Як Кале, гэтак і Булëнь добра ўмацованы і мелі вялікую вагу у час сусьветнай вайны 1914-18 г., як месцы высадкі ангельскіх войск на контынэнт Эўропы.
- ↑ Провансальская мова завецца яшчэ іначай langue d'oe у адзнаку ад паўночна-францускай, якую завуць langue douі, бо провансальцы гавораць замест нашага "але"— "ос", (ок), а паўночныя французы "oui" (вуй).