Гляджу на змены у прыродзе…

«Гляджу на змены у прыродзе...»
Верш
Аўтар: Альберт Паўловіч
1914
Крыніца: «Віеlаrus», 1914, № 16; Беларуская дакастрычніцкая паэзія - 1967 - с. 313

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!






Гляджу на змены у прыродзе:
Як гасне дзень і блеск зары,
Як ноч з паспехам надыходзе
І зоркі свецяць; як з гары
Устаў глыбокі месяц думны,
Глядзіць і цешыцца сабой,
Як дня няскончаны рух шумны
Змяняе жданы супакой.
І ў думку, поўную пакоры,
Я углыбляюся душой —
Аж там далёка, покуль зоры
Не бліснуць з ранічнай расой.
У хвілю гэту я шчаслівы —
Кругом спакой і цішыня —
І толькі матылёк блудлівы
Ўляціць і выляціць з вакна;
Шукае месца, дзе прыткнуцца,
Дзе прытуліцца, а мае
Услед за ім бягуць-снуюцца
Такія ж думкі ў галаве...
Вось матылька заняты доляй,
Сяджу, бывала, доўгі час,
І ў смутных думках мімаволі
Я застываў душой не раз.