Гняздзін
Гняздзін Паданне Аўтар: народ Крыніца: https://novychas.by/kultura/legendi_padann_nashaga_kraju |
У тыя пракаветныя часы Гняздзін быў зусім маленькай вёсачкай, і яе аблюбавалі буслы. А гэтае здарэнне надарылася яшчэ тады, калі буслы ў вырай не ляталі. Яны жылі з людзьмі і зімой, сябравалі з людзьмі.
А вораг роду людскога, чорт, не любіць, калі ўсё ідзе добрым ладам. Вось і вырашыў чорт пасварыць людзей з бусламі. І дабіўся, нячысцік, свайго. Сталі гняздзінцы злоснымі, нецярпімымі, крыўдзілі адзін аднаго, жывёл і птушак перасталі шанаваць.
Неяк увосень сабраліся ўсе буслы і пакінулі гэтых людзей. Засталіся на дрэвах толькі іхныя гнёзды. І так іх многа было, што саму вёску назвалі Гняздзін.
Праз некалькі гадоў буслы даравалі-такі людзям і вярнуліся па вясне на радзіму. Але зноў доўга вытрымаць цяжкога характару гняздзінцаў не змаглі і цяпер ужо назаўсёды пакінулі гэту вёску. А разам з імі зляцелі і многія іншыя птушкі.