Год таму назад
Год таму назад Артыкул Аўтар: Лявон Вітан-Дубейкаўскі Крыніца: Вольная Беларусь – 1918 — №10 — с. 74—75 |
Усерасійская рэвалюцыя, паўстаўшая у канцы лютага 1917 гаду, разьбіла ланцугі, каторымі былі закованы усе народы вялікай Расійскай дзяржавы. Упадак старога ярма самадзяржаўнай уласьці прынёс вольнасьць дзеля усіх нароўдаў Расіі.
Новы тымчасовы расійскі урад на самым пачатку свайго панавання, як-бы для падзякі за дружнасьць народаў у вялікім дзеле рэвалюцыі,—абецаў вольнасьць і самаадзначэнне усім народам. І здавалося, што настаў вялікі і сьветлы час вольнасьці і творчай працы.
Першымі пайшлі да працы суседкі нашы—Украіна і Літва. Беларусь так-жа у важным гэткім момант ні засталася безчыннай і пачала шчыра брацца за працу дзеля адрадзін і адбудавання свайго роднага краю.
І ужо ні дальш, як 25-го сакавіка [марца] зьехаўся да Менска І-шы зьезд дэлегатаў ад Беларускага народу. Зьезд гэты на пачатку свае працы спаткаўся з ворагамі самабытнага беларускага жыцця. Зьявіліся, зусім ніпрошаныя, на зьезд загаворшчыкі, між каторымі—у большасьці—былі настаўнікі-русіфікатары у часе царскага пакавання над нашым краем. Павадыром гэтых загаворшчыкаў быў расіец. Пачалася барацьба. Загаворшчыкі манілісь, даказаць: што «ніякай там самабытнай Беларусі і быць ні можа, што гэта толькі выдумка нейкіх паноў і што зусім і ні пара цяпер пачынаць нейкія там нацыянальныя думкі. Трэба памагаць, каб вайну кончыць! Дый есьціка-ж гатовая вялікая расійская культура каторую павінна Беларусь прыняць с падзякаю.» А калі усе гэтыя «дабітнасьці» ні маглі пераканаць зьезд, — маніліся яго сарваць. Але зьезд атаку адбіў і... паказаў дарогу ворагам. Мсьціліся потым яны, сабіраючы паветовыя і губэрскія зьезды вучыцялёў і селян, і такім чынам намагаліся запыніць ход беларускага руху.
На зьездзі посьля гэтай буры, пачалася спакойная творчая праца. Зьезд, падзяліўшыся на сэкцыі, выпрацаваў даклады, пастанавіў рэзалюцыю і зрабіў выбары у «Беларускі Нацыянальны Комітэт», у склад катораго увайшло 13-ць членаў з «Беларускай Соцыялістычнай Грамады», пяць—рожных праконанняў, — усіх-жа разам-18 чалавек.
У выканаўчы орган Камітэту былі выбраны мейсцовыя людзі-мінчане—с п. Р. Скірмунтам на чале. Пасылалася дэлегацыя у Петраград да Часоваго ураду для прадстаўлення патрэб і дамаганняў Беларускаго народу. Расійскі Урад дэлегатаў прыняў, шмат чаго абецаў, але нічога потым раяльнае ні зрабіў і тым паказаў, што ні толькі цар, але і сам народ вялікарускі хацеў самадзяржаўна шанаваць над другімі дзяржаўнымі народамі Расіі.
Ход жыцця прымусіў п. Скірмунта падацца да дымісіі. Беларускі рух рос і пашыраўся; заварушылася вёска, загаманілі салдаты на фронтах. Скірмунт, як вялікі земляўласьнік, ні мог заставацца на чале кіраўніцтва беларускім нацыянальным рухам. 8-10-го ліпня адбыўся у Мінску Зьезд дэлегатаў ад беларускіх партыйных і грамадзянскіх арганізацый. На гэтым зьездзі была выбрана т. з. «Цэнтральная Рада беларускіх арганізацый», каторая склікала на 5-е жніўня новы зьезд, апавесьціўшы усе вядомыя арганізацыі адозваю: «Да усіх сьвядомых беларусаў.»
Цэнтральную Раду зьмяніла Вялікая Беларуская Рада, - глаўнай заслугай каторай трэба лічыць скліканне 1-го Усебеларускаго Зьезду.
Л. в.-д.