Голад
Апавяданне
Аўтар: Макар Краўцоў
Крыніца “Вольная Беларусь” №18/1918 г. (http://exlibris-by.livejournal.com/14483.html)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Голад — ніадхільны мой кампан, мой прыяцель стары! Ты моцна ўчапіўся за дружбу нашу і ні хочаш пашукаць сабе каго-небудзь іншаго, — ні йначай я вельмі ўпадабаўся табе, пакорна нясучы тваю страшэнную апеку, твой цяперашні і даўнейшы зьдзек над усім маім жыццём. Ці ж ні пара ўжо табе адыйсьці ад мяне? Я аддам табе ўсю крыўду сваю. Ніхай будзе яна табе жонкаю. Ні вяжы міне, я вольным падзіўся, я люблю волю і ёй ахвярую ўсю моц, я пачну біцца с табою ні на жыццё, а на сьмерць, каб скінуць тваю апеку так лішнюю, так ніпатрэбную мне.

Ах! Які ты ліпкі, як цісьнеш грудзі мне, як сушыш мае вусны, — хіба задушыць міне хочаш, каб я больш ні жыў. Ой, як ты абрыд мне, як даўно я цярплю ніпатрэбную знаёмасьць с табою. Ішчэ малюсенькім, як чэрвяк, лежучы ў калысцы на полі, дзе матка мая гадавала міне, жнучы разам с тым сьпелае жыто, каб абараніцца аб цібе, каб ні ўлез ты зімою у бедную хату нашу, — ішчэ тагды, у першыя годы жыцця майго, я енчыў ад страху, як зьвісала нада мною худая рука твая. Матка была занятая гарачаю жнейскаю работаю, яна ні мела часу сядзець каля калыскі мае, ні мела часу штомінюты праганяць цібе ад міне. А ты, як шалёны, маніўся выцягнуць дзіцячую душу маю з маленькаго, нідужаго цела. Я енчыўся — ты ўсьміхаўся, нібы дурны. Падрос я, пастушком стаў, вясельшым, дужэйшым, а ўсё ж трэ’ было ад цібе бараніцца ўсё лето, пасучы скаціну. Мусіў насіць я торбачку с хлебам, с кавалкам сыра, або сланіны ці чарачкай масла, каб ні баяцца цібе. А ты сачыў міне, як воўк авечку, і калі-ні-калі паказваўся на мае вочы. А як прыходзіла зіма ды аддавалі міне ў школу да чужое вёскі, у цесную, як склеп, хатку беднае ўдавы-пьяніцы на кватэру, — тагды ты цешыўся, хапляючы міне.

Навука лезла ў галаву маю, яна і так сушыла мазгі мае; любіў я кніжкі і так чытаў іх, што запамінаў ні раз аб ядзе. А яда мая была простая — бульба салёная ды кавалак чорнаго жытняго хлеба. Яны памагалі мне прагнаць цібе. А як пушчалі міне да хаты на сьвято, хапляў я саначкі з малодшым братам ды каталіся мы з ім па вуліцы, або с прыгорка на выган, з рання аж да вечара, запамінаючы, што даўно ўсе папалуднавалі. Ты быў рад, але ж мы ішлі ў хату і, добрая мама наша, пасварыўшыся крыху, карміла нас, і мы цібе ні баяліся. А калі пажар зьеў усё дабро бацькоў маіх, ты думаў замарыць усю сямью нашу, але добрыя людзі выратавалі нас сваёю дапамогаю і ахвярамі. Вырас я, і ў горадзі службу знайшоў. Думаў: вось калі адкараскаюсь ад цібе. Але ж не! Ты пасьмеіваўся, як я мусіў жыць у цёмнай бакоўцы ўбогае кватэры стоража. Ты пачаў тут да міне лашчыцца і так і гэтак падманваў маладую душу, каб япатрапіў нівялічкія грошы свае на цацкі. І я тады слухаў цібе, — купляў сабе гармонік, або аддаваў капейкі на тое, каб увайсьці ў садок мястовы, дзе блішчэлі электрычныя агне ўсялякіх коляраў, усіх гатункаў, іграла музыка, паліліся і стрэлялі ракеты, уздымаючы ў вышыню, грукаталі фэйерверкі, падымаючы ў гару мільёны рознакаляровых іскраў — і ты на бляск гэты падманваў міне, вырываючы з рук маіх ніперачытаную кнігу, нідапісаныя думкі, ніскончаны верш, ніразлучную ліру. А потым, як ашукаеш, ты зноў рагатаў, пазіраючы, як сьціскаліся зубы мае, жадаючы гразьці.

Адзін раз ты моцна ўшчаміў мяне, і я гатоў быў пятлю накінуць на шыю сабе, абы не пакарыцца табе. Выратаваў міне бедны добры жыд, пазычыўшы мне на павер цукру і абаранкаў, што меліся ў яго нівялічкай крамцэ. І ўсюды, куды б ні ступіў я, ты, як зьвер, без устыду пільнуеш кожын крок мой. Праз маленькі кавалак часу, у каторы я меў шчасьце бадай што саўсім забыцца аб табе, забралі міне на вайну. Во калі ты абрадаваўся, пачуўшы сьвято сваё! Але ж ні буду гаварыць аб гору маём: я быў там ні адзін пад гразою касьцістае маўчалівае сьмерці. Прайшоў і гэты час. Я думаў спакойна адпачыць ад пякельных жахаў вайны і ў ціхай вёсцы знайсьці сваю долю, крыху шчасьця. Ты прышпіліў міне да галоднаго шумліваго гораду, дзе пануе, як дэспот, як царыца далёкіх мінулых сталеццяў, твая маладая сястра — шалёная дарагоўся. Ні да чаго яна нават даступіцца ні дае. Яна рада, што вакол нас яшчэ гудзе старая-старая прыяцелька твая, — дзікая безлітасная вайна. Ах, мілы стары компан мой, ніадступны мой дзядзька сівы, ніахайны голад! Паглядзі, я ўжо ні злую на цібе, а спадзяюся, што даволі табе цяпер прыяцеляў і без міне. Глянь, навокал жывуць твае пакорныя рабы, над усімі ты пануеш цяпер, і маё горо мо й ні горшае, як іх горо. Над горадам распрасьцёрла анельскія крыдлі свае жыатворныя вясна. Залатое соўнейка разлівае па зямлі чароўны сьвет свій і цяпло. Выскачыўшы з зямлі, вітае іх мілая зялёная травіца. Уся прырода сьпевае вакол гымн наступаючаму маю, радзіцялю расцьвіўшаго жыцця.

Я хачу ўстрывожыць маўчалівыя струны разьбітае скрыпкі мае. Голад, даўнейшы прыяцель мой, я ненавідзеў цябе столькі гадоў! Ні шанаваў нават сівую старасьць тваю. Дык паслухай жа ты малебную музыку маю. У ёй скарга і просьба, у ёй жаль і надзея, у ёй жаль і надзея, у ёй вечная думка мая зазьвініць і прошласьць прачнецца і таёмнасьць нівядомай туманнай будучыны выплывае, як месяц, каб асьвятліць безнадзейную душу маю і да шчасьця дарогу прабіць. Не, сьмяешся ты, як і даўней: ні цікавяць цябе песьня мая. Ні трывожыць цябе пякельны боль мой. Ты глухі да ўсяго, што дзеецца ў душы маёй. Нідобры ты! Вунь босая жонка мая жаласьліва паглядае на міне. На што ты мучыш яе маладое сэрцо? На што зацямняеш яе шчырае да міне каханьне? Чаго сьмяешся мы над доляй нашай? Сьцеражыся! Абое мы маладыя, дужыя, — мы ні паддамося табе, мы ваеваць можам с табою. Пракляты! Пакінь цесцы, як норка, пакоік наш. Ідзі сабе ў багатыя хаты! Там ні знаюць цябе. Ёсьць сытыя, нідумаючыя аб нішчасьці і горы другіх. Іх поўныя жыватэ на сон іх маняць, каб жыцьцё іх ляцело лягчэй, лагодней. Безлітасны голад, чаму ты ні там?..