Грымі, не моўкні, ліра!

Грымі, не моўкні, ліра!
Верш
Аўтар: Міхась Васілёк
1926
Крыніца: Вершы. - 1973. — с. 32

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Усё, што ў жыцці я перажыў і зведаў,
Мне легла на душу жывым, глыбокім следам…

Звіні, мая струна, іграй пявуча, шчыра,
Грымі аб долі брата, мая ліра!

Ты ласкаю дыхні ў яго збалелы твар,
Надзею сэрцу дай і сонцам глянь з-за хмар.

І пакажы братам шырокі шлях да волі,
І з шляху гэтага не дай сысці ніколі.

Хай песня струн тваіх звініць ад сэрца, шчыра, -
Грымі, не моўкні, ліра!

1926