Гукі далёкія
Гукі далёкія Верш Аўтар: Міхась Явар |
Крыніца: "Шлях моладзі" №9 (верасень 1932 г.) |
Гукі далёкія, гукі чароўныя,
Ціха-салодкія, мілыя, родныя
Песняў тых, з цудных, дзіцячых гадоў!
Вас у адзіноцтве я чую ізноў:
Цуднай мелодыяй у сэрцы мне граеце,
Часам і гора і сум праганяеце,
Гімнам святым вы пяеце ізноў
3 цуднай краіны дзіцячых гадоў!
Віхры халодныя, віхры жыццёвыя,
Знішчыць няздольныя вас гукі родныя,
А песні чужынцаў на нашай зямлі
Вас замяніць мне ніяк не маглі.
Гукі далёкія, мілыя, родныя,
Грайце ж, магутныя, грайце ж, чароўныя,
Дзіўнай мелодыяй у сэрцы маім,
Пакуль яшчэ струны трымаюцца ў ім.