Гутарка аб нашай «простай» мове

Гутарка аб нашай «простай» мове
Аўтар: Казімір Сваяк
1915
Крыніца: Сваяк, К. Выбраныя творы / Казімір Сваяк; Мінск: Кніга збор, 2010. — 472 с. - с. 257-262

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Божа, што калісь народы,
На асобкі падзяліў
І хацеў, каб люд заўсёды
Мовай роднай гаварыў.
Ўзглянь жа на народ бяздольны
Беларускі, што к Табе
Голас ціхі, паднявольны
У пакорнай шле мальбе.
А. Зязюля

Колькі разоў думаў я аб тым глыбока, чаму наша мова не займае месца, якое належыцца ёй паводле ліку тых, што ёй гамоняць, — чаму, з другога боку, перастаюць дзе-нідзе любіць яе нашы сялянцы, — чаму яна кідаецца праз усіх, што адзеліся ў чорныя вопраткі?..

Сумны заўсёды выхадзіў адказ: мы самі вінны. Мова наша адналітная, але мы падзяліліся і ідзём, хто куды, забываючыся бацькоўскага звычаю. Мова наша стройная, харошая, але мы перасталі адчуваць гэта хараство, шукаем яго ў чужым народзе. Мова наша гарманічная, хоць «простая», — толькі мы скрывіліся ў душы сваёй, захварэлі на «паноў» і дзеля таго аддалі яе на здзек сваяком і чужынцам.

Благаслаўлю час, у каторым мы аглянуліся і зразумелі пекнасць, хараство мовы роднае, узяліся падняць яе жывую з дамавіны грабовай, даць ёй належнае месца і права, не стыдацца яе нідзе і ніколі, увесці яе ў паўсюднае жыццё сваё, пачынаючы ад найменшага (хоць бы лістоў беларускіх), а канчаючы на стварэнні формы, у каторай можна было б перадаваць рэлігійныя мыслі, перажыванні: рэлігійнае жыццё. Мэта вельмі далёкая, але ў правох здаровай логікі, поступу і справядлівасці.

Чаму наша мова называецца простай, не ведаю. Можа, таму, што ўсе іншыя ў чым-кольвек ужо скрывіліся, а наша асталася нярушанай, цэлай, — як яшчэ дзе-нідзе нашы бары і пушчы дзявічыя. Яна простая, як і натура наша: без хітрасці, без подласці — чыста славянская. Яна простая, як і прырода наша без мораў, без гор, без скал, — спакойная, светлая, чыстая, свойская: русінская, як даўней звалі, беларуская — як завём цяпер — «простая», як хацеў бы я зваць заўсёды. Прыпамінае яна мне тыя часы, калі хадзіў па зямлі Пан Светласці — Хрыстос. У гэных часах была мова ўсясветная, мова паэтаў і філосафаў, мова рымская. Не ведаем, ці Ён калі гаварыў гэнай урадовай мовай. Была другая — мова вучоных і фарысеяў: мова габрэйская. Хрыстос ужываў пэўна яе ў зносінах з гэнымі аблуднікамі, вучонымі жыдоўскімі, — але не з народам. І была трэцяя мова, мова званая арамейскай, простая мова людовая. У гэтай мове былі выказаны боскія навукі Няземскага вучыцеля: Благаслаўлёны ўбогія з духу, бо іх ёсць Каралеўства Нябеснае…

Дзівіўся я часта з тэй прыемнай адналітнасці мовы «простай», бо ці прыйшлося гаварыць з мінчуком, ці з гродзенцам, ці з надвілейцам, — заўсёды знаць той самы дух языка, тое дзеканне, тое самае ўжыванне а, што не любіць у адным слове ані о, ані е, і прымае іх толькі з акцэнтам (прыціскам). Такое акаванне ёсць чыстай уласнасцяй нашай мовы, і змяншаць яго штучна няможна без шкоды для духу мовы. Нідзе не чуў я ў чыстых словах беларускіх літары г. Па гэтай літары адразу пазнаюць у маёй старонцы (над вяллёй) або літвіна, або расейца. Асаблівасцю, сказаць можна, супольнай нашай мовы ёсць т, з, кароткае у, што вымаўляецца амаль таксама, як в, а такжа падвойны, канчатак часоўнікаў у 3 асобе на ць і е (ідзець — ідзе), што асабліва можна спаткаць у песнях чыста беларускіх. Розніцы гаворак беларускіх пайшлі так з прычыны характару самае мовы, як і з суседства з другімі народамі. Ёсць у нашай мове нейкая, як я назваў бы, гнуткасць (флексійнасць), дзеля каторай тыя самыя словы можна вымаўляць на колькі ладоў, залежна ад акцэнту (транслакацыі літараў о і е). Для прыкладу словы: покуль і пакуль, пойду — пайду, посля — пасля, роскаш — раскош, вельмі — вяльмі, зерне — зярно, лепей — ляпей і да т. п. З прычыны гэтай гнуткасці многа слоў іначай вымаўляе не толькі надвялейская, мінская або гродзенская гаворка, але нават сумежная парафія. Аднак гэта гнуткасць ані на малую макулінку не перашка- джае адналітнасці мовы, а для паэтаў, што пішуць вершы, гэта праўдзівае дабрадзейства. важнейшыя розніцы спатыкаюцца ў названні саміх прадметаў і часоўніках. Нп.: чыста беларускія словы: сахары — завуць у нас віламі, улёслівасць — грэшнасць, касулькі — праменні, брызы — каронкі, уцяміць — зразумець, летуцець — майначыць (мечтаць), хутчэй, барзджэй — скарэй, тыкеля — толькі, маўляў — казаў бы і г. д. У апошніх часах шмат слоў бадзяецца між нас пазычаных з другіх моў. Прыносяць нам іх найболей з места нашы беларускія «паны» з ляскай у руках, з папяросай у зубах і з пустотай у чубах.

Разгледзім цяпер бліжэй акаванне і акцэнт мовы беларускай. Акаванне — гэта ахвота мовы да частага а — меркаваць, кілішак, справядлівасць, почапка, далато. Кажуць, што гэты часты падскок а псуе гармонію (згучнасць) мовы. Я ў гэта не веру. Колькі разоў слухаў я па вёсках роднай мовы, дзе гутараць яшчэ без прыкрасы чужых слоў і зваротаў, і надзівіцца не мог тэй меладыйнасці, якая чуецца ў вымаўленні частага а і ў лакаванні акцэнту на о і е. Гэна а вымаўляцца досі скора. Першае толькі, незалежна ад акцэнту, мае на сабе малы працяг. Часам яно вымаўляецца з малым нахілам да е. Паводле мяне пробы нашых пісьменнікаў зменшыць акаванне, устаўляючы е або о (нп.: бялее мест бялея, грамадзянство мест грамадзянства, цярпенне мест цярпення) — не дойдзе сваёй мэты. Літара е можа толькі зменшыць сілу акавання ў такіх словах як: хіляе, іграе, але, або ў слове, дзе ёсць о, як шапочэ, у школе; але не ў такіх, як: жаўцея, слабея, махлюя, у небя і да т. п. Урывак верша А. Зязюлі1 найлепей дакажа гарманійнасці такога акавання.

Жаўцея ліст на ліпах і бярозах
І ціхі валіцца на сумную зямлю,
Кара чырвеніцца на стройных, ценкіх лозах;
Пчала ўжо мёд згарусціла ў вуллю.
У леся грыб вылазіць з-пад зямліцы
І вабіць повідам лакомых ласуноў;
Гарэхі зносяць ў склад вавёркі і куніцы,
Руплівасць знаць у бедных грызуноў.

Акцэнт у мове беларускай заўсёды прымае літары о і э (дамок, погляд, чало, нічога, гарэлка, мяцеліца, Адверд, па крысе). Прызнаўшы тое, што было сказана аб акаванні, няможна знайсці слова, у каторым было б э або о без акцэнту, апроч выпадку вышэйшага, дзе мова аб змяншэнні акавання (іграе, хіляе і да т. п.), хіба гэта слова будзе зложанае або чужаземнае. Прыкладам словы: Светавід, беларус, пералом; рэдакцыя (радакцыя, сказаў бы чалавек «просты»), каляндар, энергія, еўхарыстыя, механік і да т. п. Няма дзіва, што, чытаючы «Беларуса», нашы сялянцы ставяць інстынктам нейкім акцэнт на о і э. Літары о і э не вельмі любяцца, але годзяцца часамі ў адным слове, толькі э заўсёды ідзе ў канец і ўступае акцэнт для о, нп.: Божэ, прозвішчэ, падгорле, сакочэ, слонцэ, аконцэ і г. д. Можна, аднак, сказаць, што тутака ёсць трохі штучнасці, бо беларус у гэтых разах вымаўляў бы словы, верны акаванню: Божа, прозвішча і г. д. З прачытанага відаць, што акаванне вымагае, каб а асталося ў канцы такіх слоў, як — піва, крэсла, гультайства, бо літара о або э прымае заўсёды акцэнт. Таксама а кончыць словы: дзялення, цярпення, летуцення — дзеля тых жа прычын. Пярэчнікі не і без змяншаюць акаванне. Прыкладам словы: не знай, не раз, неахвотны, безмала, без сябра, — але ў словах: не вер, не гэты, не йдзі, не было, бяз ведама, бяз гора — акаванне беражэ свайго права.

На полі лён ужо рвуць і абдзіраюць:
Сямення сыпецца галоўкамі з снапкоў,
А там вязуць, ў машулу іх кідаюць,
Паспех відаць у рупных вазакоў.
Куды ні глянь — пустая шыр віднея,
Аржышча збітая, ды ляннішча тырчыць,
І толькі бульба йшчэ дзе-недзе зялянея
Ды сухадрэў на межах ледзь блішчыць.
                   А. Зязюля
Не цурайся мяне, панічок,
Што далонь пакрываюць мазолі:
Мазоль працавітых значок,
Не заразе цябе ён ніколі.
              Ф. Багушэвіч

Не вельмі трудна нам зразумець, чаму шмат беларусаў перастала любіць сваю родную мову. Рэч тутака простая — бо яна стала сімвалам цемнаты і адсталасці. І ў гэтым самі мы вінны. Хто з нас выйшаў з хаты вясковай — «у людзі», як кажуць, — хто стаўся мешчанінам або якім вясковым інтэлігентам, зара забываўся «мовы простай». Яна для яго злучана з успамінам, як быў ён сам «просты», хадзіў зімой у кажушку, улетку ў кашуліне і змалку ганяў жывёлу доўгай пугай. А во шчасны лёс вывеў яго чуць не на пана. Дакол яго гукаць «папросту» тыкеля т. з. мужыкі — тут і ўся прычына пагарды і здзеку з свайго роднага, наказ свайму сэрцу, наказ свайму сумленню.

Будзьма пэўнымі, наймілейшыя, — покуль мы гэтага фальшывага стыду не зможам, мова наша не будзе мець ані пашаны, ані права быць роўнай між роўнымі. Згэтуль відаць ясна патрэба не толькі падтрымліваць і развіваць наша пісьменства, чытаць пільна, што добрага па-беларуску друкуецца, але самім пісаць і гаварыць «папросту» дзе толькі змога.

Які б дасканальны ні быў язык, мусіць ён, аднак, пазычаць дужа-многа слоў чужаземных. Польскі язык, нп., хоць высока культурны, налічвае болей дваццаці тысяч слоў «обшчых» — чужых. Мы яшчэ маем такіх слоў нямнога. Але з другога боку мы не ведаем, колькі маем слоў чыста беларускіх, бо дагэтуль не маем патрэбных збораў, а слоўнік Насовіча не атрымаў права нормы. Трэба было б, каб хто з нас сабраў усе на лік словы чыста нашыя, без чужой акрасы.

Што датычыцца старэння новых слоў і формаў, патрэбна тут знаёмства славянскіх языкоў і духу нашай мовы. Аглядацца трэба пільна, каб не пазычаць нічога, пад пакрыўкай новага, ад суседаў, калі ж іначай быць не можа — трэ рахавацца з псіхікай і характарам нашых людцаў. Многа хто не хоча лёгка выбачыць нашым пісьменнікам, што ўвялі ў «Беларуса» словы: Спас (замест Збаўца), Найсвяцейшая (Найсвятшая — святы, святшы), Анёл Стораж (Ан. Страж), святы Галаварэз (?), на хрысце (на крыжы), Святое Пісанне (Свят. Пісьмо) і г. д.

Агулам сказаць трэба, што калі мова наша простая, дык і ейная граматыка і складання мусяць быць простымі. Заходы апошніх часоў, каб стварыць язык з найпростшымі формамі (эсперанта), хай будуць для нас навукай. Лепей падцягнуць пад адно правіла многа, чым дзяліць на выняткі.

Спатыкаю часамі прыпады ў друках беларускіх: ноччу, хмараю. Кожны з нас сказаў бы пэўна — ночай, хмарай, бо ў гэтым прыпадзе канчаюцца ўсе названні рэчаў і асоб (назоўнікі) у жаноцкім родзе на -ай, -ой — а некаторыя так і так, пр., ночай, начой (на засадзе гнуткасці, аб каторай было вышэй). Ніколі: туччу, ноччу, хмараю. вельмі арыгінальныя формы знайсці можна ў Сакольскім павеце Гродз. губ. Ёсць там такія звароты: «дай сечкі каней, валей» — «на чорнум твары» — «гавора да мае душэ» — «хвайке, камарэ». Трэба прызнаць, што формы вельмі арыгінальныя і харошыя, прынамсі далёка страйнейшыя тых, што змысляць некаторыя нашы пісьменнікі. У маёй гаворцы надвялейскай такіх формаў я не нахаджу, хоць у казках і песнях старых людзей найшоў многа чыста беларускага.

Другі прыпад лічбы множнай мае канчатак -ай, -ой, -ей. Літары о і е тут, як і ўсюды, прымаюць акцэнт. Канчатак на -ай ёсць ва ўсіх гаворках, там нават, дзе хацелася б, з прывычкі да другіх славянскіх моваў, пакінуць саму аснову слова: хмура — хмураў, дзеткі — дзеткаў, форма — формаў, прамення — праменняў. Прыпад 1-шы тэй жа лічбы ніякага роду мае -а.

Вось каб стараліся мы берагчы сваістасць і чыстату сваёй мовы, хутка сталася б яна нам наймілейшай. Каб развівалі б разумна сваё пісьменства, скора зачалі б шанаваць яго і чужынцы. «Не стыдайся падаць ты мне руку, бо на гэтай руцэ няма сказы», — жаліцца беларус у аднэй з паэзіі Багушэвіча. Тое самае можа сказаць да нас наша родная мова. Няхай моладзь наша яе не цураецца. Хай дзеля яе аддае ўсе свае здольнасці і таленты — не будзе яна тады наракаць на нас і называць горкім словам перакіншчыкаў. У яе ж пісьменстве маладым не павінна быць сказ: горычы жыццёвай і палыну, бруду маральнага і смецця. Найболей павінна быць думкаў светлых, хоць часта вельмі сумных — бо лёс наш гістарычны быў сумны, ды і цяпер такі. Адным словам, няхай паўстае такая літаратура, каторая вядзе чытальніка ўзвыш, да праўды і дабра вечнага, а не такая, што рыне яго на дол нізкасці і марнаты.

Праз адважнасць, маладую энергію, любоў роднага, каханне вышшага, міласць вечнага, — мы дойдзем да сваёй мэты: адраджэння саміх сябе і сваёй мовы ў духу праўды і справядлівасці.

Дык жыві ж ты і красуйся,
Наша Маці Беларусь!
Да краёў чужых раўнуйся,
Ісці к табе дзяцей прымусь!

1915