Гэй вы, сілы мае...
Гэй вы, сілы мае... Верш Аўтар: Міхась Васілёк 1925 Крыніца: Вершы. - 1973. — с. 30 |
Гэй вы, сілы мае, колькі маю ў грудзёх,
Завірухай жыцця гартаваных!
Паслужыце вы мне, каб я вызваліць мог
Братоў родных, на здзекі адданых...
Пакуль сэрца гарыць, млець не будзеце вы,
Ў бойцы з крыўдай не будзе знямогі, -
Толькі трэба віхур, бліскавіц агнявых,
Каб спаліць, змесці цемру з дарогі.
Яшчэ бродзіць за вёскаю прывід яе,
Лёд зімовы не ўсюды разбіты, -
Ды бурліцца вада, валам грозна ўстае,
На шляху сваім крышыць граніты!
Не стрымаць, не суняць бурнай хвалі ракі,
Нікне лёд напрадвесні пад сонцам,
І праменнем жывым зіхацяць маякі
Па ўсёй паднявольнай старонцы!
1925