Гістарычная няўхільнасць
Гістарычная няўхільнасць Публіцыстыка Аўтар: Язэп Лёсік Крыніца: Упершыню — газ. «Вольная Беларусь», 3 сакавіка 1918 г.; Лёсік Язэп. Творы. Апавяданні. Казкі. Артыкулы — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — 335 с. — (Спадчына). |
Прайшло 125 гадоў з таго часу, як Міншчына разам з прылеглымі да яе землямі была прылучана да Масквы. Гэта было ў 1793 годзе, пры першым раздзеле Польшчы. Другія часткі Беларусі, як Магілёўшчына, Віцебшчына і інш., былі прылучаны раней, пры першым раздзеле быўшай Рэчы Паспалітай, у 1772 г.
21(8) лютага нямецкая армія ўвайшла ў горад Мінск, у гэтае сапраўднае сэрца Белай Русі, заняла Міншчыну і тым палажыла канец маскоўскаму панаванню.
За ўвесь час маскоўскай улады, многапакутная старонка нашая не бачыла светлага дня ні гадзіны. Маскоўскі ўрад лучыў нас не брацкім яднаннем і воляй, а нацыянальным гнібеннем, гвалтам і няволяй. Ён не лічыўся з нашай нацыянальнай самабытнасцю і панявераў нашай гістарычнай прошласцю. Спачатку ён глядзеў на нас як на палякаў, а далей залучыў да свайго велікарускага народу і груба душыў усе зачаткі нацыянальнай свядомасці і развіцця нацыянальных сіл. Нацыянальнае гнібенне і азіяцкая палітыка абмаскалівання шырокай хваляю разліліся па нашаму краю. Край напоўніўся спецыяльнымі чыноўнікамі-абрусіцелямі: была хітра выкарыстана рэлігійная розніца і паланізацыя шляхецкіх станаў; семінарыі, гімназіі, ніжэйшыя школы — усё было скіравана на тое, каб задушыць у народзе ўсё роднае, беларускае, і навярнуць на маскоўскі лад. Падчас грубы маскоўскі жандар стаў прыдавацца народу нейкім абаронцам і заступнікам…
Лепшыя і святлейшыя людзі, выйшаўшыя з народу, бачылі гэты страшны гвалт і падашуканства і, шукаючы паратунку, думалі, што ў нашым нацыянальным прыгнябенню вінават не народ велікарускі, а яго азіяцкі ўрад. І падаўшы братэрскую руку велікарускай інтэлігенцыі, яны адважна рынуліся на бой з праклятым царызмам, цвёрда верачы, што разам з палітычнай воляй знойдуць сабе і нацыянальны паратунак. Гадалася, што тады народ наш без перашкоды стане на роўную нагу са сваім большым па ліку братам, велікарусам.
Але цяжка зняверыліся…
Рэвалюцыя парвала кайданы палітычнай няволі. Здавалася, што народы Расіі сталі напярэдадні новага сацыяльнага жыцця і нацыянальнага росквіту. Здавалася, што ўжо нічога не перашкаджае злучыцца народам Расіі ў адну згодную таварыскую сям’ю. Тым часам пры свеце палітычнай волі выявілася, што велікарускі народ устаў перад намі як новы валадар і гвалтаўнік. Зваліўшы самадзяржавіе, ён праз сваіх міністраў-сацыялістаў рашуча заявіў, што не адкажацца ад свайго нацыянальнага панавання. Карыстаючы з народнай цемнаты, павадыры маскоўскай дэмакратыі, згуртаваныя ў рады работніцкіх, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў, дзеля лягчэйшага ўтрымання свайго ўладарства абазвалі нацыянальны рух буржуазным і контррэвалюцыйным і сталі крывёю і жалезам бараніць сваё панаванне. Так была задушана Украіна, разагнаны першы Усебеларускі З’езд і знішчаны ўсе цэнтральныя беларускія арганізацыі. Батый пашкадаваў хараства слаўнага Кіева, але не злітавалася над ім рука некультурнай маскоўскай дэмакратыі. Наёмныя банды бальшавізму не спыніліся ні перад чым, каб утрымаць сваё нацыянальнае ўладарства…
Так быў паложан канец брацкаму яднанню славянскіх народаў Расіі. Але паспаліты, просты народ яшчэ доўга верыў бы ў братэрскае пачуцце велікарускай дэмакратыі, каб яна сваімі самабытна-маскоўскімі сацыяльнымі ўчынкамі не апаганіла ўсіх дэмакратычных прынцыпаў. А бязладдзе, голад і агульная разруха дарэсцілі апошнюю кроплю надзеі…
І вось сталася, што сталася. Пры ўтвораным палажэнні, народ моўчкі і пакорна, з патаемнай надзеяй на паратунак іншага гатунку, стрэў акупацыю роднага краю праз нямецкае войска. «Была без радасці любоў, разлука стала без печалі…»
І гэты паратунак іншага гатунку ўстаў перад намі ва ўвесь свой рост, ва ўсім яго гістарычным значэнні.
Цэнтр старай арыентацыі адсунуўся ў гістарычную прошласць. Раптам не стала і разбілася магчымасць на федэратыўны звязак пры старым палітычным цэнтры. Зніклі надзеі на далёка сягаючыя сацыяльныя перамены пры старой разбітай арыентацыі. Засталося адно — моцнае і непарушнае, як само жыццё і яго светлая будучыня. Гэта — дзяржаўная незалежнасць нашай многапакутнай бацькаўшчыны Беларусі. Тут і толькі тут наш паратунак ад нацыянальнага, палітычнага і сацыяльнага палону.
Захаванне цэлакупнасці і нацыянальнай самабытнасці нашага народу, развіццё яго эканамічнага дабрабыту і грамадзянскага ладу павінны стаць першымі заданнямі ў нашай палітычнай чыннасці і далейшай будзённай працы…