Гістарычная справядлівасць
Гістарычная справядлівасць Аўтар: Кузьма Чорны Крыніца: https://knihi.com/Kuzma_Corny/Histarycnaja_spraviadlivasc_zbor8.html |
Шчаслівы, радасны момант!
Адбылася вялікая гістарычная справядлівасць.
Адбылася вялікая справа вызвалення народаў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны.
Два дзесяцігоддзі панская Польшча трымала ў жудасных пакутах беларускі і ўкраінскі народы, якія апынуліся пад уладай польскай дзяржавы. Гэта дзяржава бязлітасна і неміласэрна душыла народы. Раз’юшанае польскае панства адабрала ў народа ўсё: і зямлю, палітую яго потам і крывёю, і чалавечую долю. Топчучы паганымі нагамі свяшчэнную зямлю беларускага і ўкраінскага народаў, польскае панства імкнулася адабраць ад народа і яго чалавечую годнасць, называючы яго «быдлам».
Слаўная наша Чырвоная Армія пайшла на вызваленне нашых братоў — беларусаў і ўкраінцаў. Жудасны цяжар прыгнечання спадае з плеч чалавека. Наш родны, любы брат, аб якім так балела заўсёды сэрца, робіцца шчаслівым і радасным. Народ варочаецца да жыцця.
Ад усёй душы, ад самых лепшых пачуццяў, просіцца слова:
Падзяка і слава вялікай Камуністычнай партыі, якая няспынна дбае аб шчасці народаў! Няхай жыве наша слаўная Чырвоная Армія!
Жыві ў шчасці, красуй у радасці, вызвалены, вольны народ!