Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1928)/Паўстаньне 1830-31 году

Пачатак мікалаеўскай эпохі Паўстаньне 1830-31 году
Лекцыя
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1928 год
Русіфікацыя Беларусі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Паўстаньне 1830-31 году.

Мы ўжо гаварылі аб працы патайных організацый у Польшчы і на Беларусі. Яны мелі ў сабе шмат моладзі—як студэнцкай, так і вайсковай. Цэнтрам організацый Польшчы была Варшава, Літвы і Беларусі—Вільня. Разгром дзекабрыстых у Расіі і патайных гурткоў на Беларусі ня спыніў вызваленчаскага руху на захадзе,—тым больш, што ў Польшчу рускае самаўладзтва так і не прабралася, што відаць з процэсу над членамі польскіх патайных гурткоў. Вельмі хутка пад уплывам Варшавы ўзмацняецца рух за аднаўленьне Польскай дзяржавы і на Беларусі. Тут ён атрымоўвае такіх відных ідэёвых кіраўнікоў, як профэсара Віленскага унівэрсытэту Лелевэля і польскіх песьняроў—А. Міцкевіча і Ю. Нямцэвіча.

У 1828 годзе Расія пачала Турэцкую кампанію, каторая патрабавала шмат сродкаў і сіл. Зразумела, што ўся увага рускага ураду была накіравана на поўдзень, дзе адбывалася кампанія. Надзеі польскіх вызваленцаў падняліся. Агітацыя сярод студэнцкай і вайсковай моладзі павялічылася. Момант для паўстаньня быў зручны, бо Расіі ня было магчымасьці зварачаць увагу на захад.

Улетку 1830 году рэволюцыйны вызваленчаскі настрой у Польшчы яшчэ больш падняўся, дзякуючы падзеям францускай ліпнёўскай рэволюцыі. Рэволюцыянэры спадзяваліся, што рэволюцыя з Францыі перакінецца ў другія гаспадарствы і дакоціцца да Польшчы. Рэволюцыя адразу перакінулася ў Бэльгію. Рэакцыйны урад Мікалая І ня мог ня прыняць дзейнага удзелу ў пагашэньні рэволюцыі. У восень 1830 году ў Варшаву з Пецярбургу прышоў загад прывясьці ў баявую гатоўнасьць польскую армію і накіраваць яе на захад, каб задушыць бэльгійскую рэволюцыю. Зразумела, што гэты загад пагражаў плянам рэволюцыянэраў. У вадказ на яго і пачалося польскае паўстаньне ў Варшаве.

Вынікла паўстаньне ў ноч з 17 на 18 лістапада (стар. стылю). Маладыя афіцэры й вучні ваенных школ на чале з галоўным агітатарам Высоцкім кінуліся на палац намесьніка—Бэльвэдэр. Ім удалося раззброіць варту палаца, а праз нейкі час захапіць арсэнал. Намесьнік - ледзьве выратаваўся ад сьмерці. Ён наагул выявіў поўную бязьдзейнасьць і даў загад рускай арміі, каторая была ў Варшаве, трымацца ў старане. Пры такіх умовах яму заставалася толькі ўцячы з ахопленай паўстаньнем сталіцы, што ён і зрабіў, выехаўшы сьпешна ў падгародную вёску Вержбу. Туды-ж пачалі зьбірацца часьці рускай арміі і тыя часьці польскай арміі, каторыя засталіся вернымі намесьніку і рускаму ураду. Горад, такім чынам, вельмі лёгка, амаль што бяз бою, дастаўся паўстанцам.

Праз дзень да намесьніка ад паўсталай Варшавы была адпраўлена дэлегацыя з польскіх арыстакратаў на чале з Любецкім. Яна паставіла пытаньне аб прызнаньні за Польшчай рэальных праў незалежнага гаспадарства, якім яна толькі лічылася, і аб далучэньні да Польшчы Літвы і Беларусі. Намесьнік адмовіўся даць той ці іншы адказ, скідаючыся на тое, што ён ня мае поўнамоцтва ў гэтых пытаньнях ад свайго брата Мікалая І. Дэлегацыя вярнулася зноў у Варшаву. Канстантын, адпусьціўшы ад сябе, што былі вернымі яму, польскія войскі, толькі з рускай арміяй, каторая сабралася пры ім, выгнаў зусім з тэрыторыі Польскага каралеўства. Гэта разьвязала рукі паўстанцам, і паўстаньне пачало разрастацца. У Варшаве быў утворан Часовы Урад Рэчы Паспалітай, па чале каторага стаў у якасьці дыктатара і галоўнакамандуючага збройнымі сіламі дзяржавы гэнэрал Хлапіцкі.

З самага пачатку стала выяўляцца, што паўстанцы ня маюць адзінай програмы і рэзка падзяляюцца на дзьве партыі. Адна партыя—белых—складалася з арыстакратаў. На чале гэтай партыі стаіць добра вядомы нам польскі патрыот, быўшы прыяцель Аляксандра І, Адам Чартарыскі. Магнацкая партыя лічыла, што паўстаньне ня трэба даводзіць да крайняга пункту, што трэба захаваць сувязь з Расійскай імпэрыяй і вясьці з ёю перагаворы, націскаючы адначасна на расійскую ўладу праз дыплёматыю чужаземных двароў. Польшча, на іх погляд, павінна застацца, як і дагэтуль, абмяжованай монаірхіяй. Ніякіх соцыяльных рэформ рабіць ня трэба. Сяляне, як і раней, павінны заставацца ў прыгонным стане. Другою групіроўкаю паўстанцаў была партыя чырвоных. На чале яе стаяў вядомы дэмократ свайго часу проф. Лелевэль. Складалася партыя з дробнабуржуазнай інтэлігэнцыі лібэральнага настрою. Партыя лічыла, што трэба канчаткова парваць сувязь з расійскай уладай і не вясьці ніякіх перагавораў з Мікалаем І, бо яны не дадуць ніякіх вынікаў. Не дыплёматыя, а толькі збройная барацьба можа і павінна вырашыць долю Рэчы Паспалітай. На думку чырвоных, Польшча ў будучыне павінна быць дэмократычнай рэспублікай. Прыгон павінен быць cкасован і вольнае сялянства надзелена зямлёю, для якой мэты трэба ў кожнага з паноў адабраюць частку зямлі. Апошні пункт, хоць і ня зусім ясна выражаны ў чырвоных, уносіў вялікую нязгоду паміж дзьвюма партыямі паўстанцаў.

У часовым урадзе ахопленай паўстаньнем Польшчы атрымала верх магнацкая партыя белых. Дыктатар Хлапіцкі быў тыповым прадстаўніком яе. Ён зусім не разумее значэньня для паўстаньня ў Польшчы і асабліва на Беларусі вырашэньня сялянскага пытаньня. Паглыбленьне рэволюцыі яго палохае. Узяўшы ўладу ў свае рукі, ён не парывае зносін з рускім урадам. Вось перад намі асабісты ліст яго да Мікалая І: «Найміласьцівейшы кароль! Перакананы ў тым, што сойм ня здолее сярод буры ўстанавіць спакой і маючы перад вачыма прошлыя страшныя дні (пачатку рэволюцыі), я пастанавіў узяць выканаўчую ўладу ў свае рукі, каб яна не папала ў рукі агітатараў і бурыцеляў, каторыя хоць і ня маюць адвагі ў мінуты небесьпячэнства, але ўсё-ж такі ўмеюць падбураць і злучаць натаўп. Будучы ворагам анархіі і прытым бачачы на працягу некалькіх дзён тры зьмены ураду, я пастанавіў узяць уладу ў свае рукі». (B. Limanowski. Historya demokracyi polskej. Wyd. ІІ, Cz. І, W. 1922, стр. 208).

Так глядзіць на паўстаньне і ўся партыя белых: лепш з Мікалаем, чым з чырвонымі. Белыя пастанавілі, ня гледзячы на протэсты дэмократаў, паслаць у Пецярбург двух дэлегатаў: Езерскага і таго самага Любецкага, аб якім ужо гаварылася. Яны, зьявіўшыся ў паўночнай сталіцы, дабіваліся ад рускага ураду, каб Мікалай І прыняў іх, як поўнамоцных дэлегатаў новаўтворанага польскага часовага ураду. На гэта Мікалай не згадзіўся і даў ім аўдыенцыю толькі як прыватным асобам. Зразумела, што на гэтай аўдыенцыі яны нічога не дабіліся ад рускага ураду. Мікалай згадзіўся толькі на амністыю пры умове, калі паўстанцы адразу зложаць зброю. З такім адказам дэлегаты вярнуліся ў Варшаву. Пасьля такога адказу партыя чырвоных у Варшаве ўзмацнілася.

Быў склікан сойм, каторы, пад уплывам чырвоных, 13 студзеня 1831 году абвясьціў дынастыю Раманавых нізложанай з польскага каралеўскага пасаду. У вадказ на паўстаньне і на соймавую пастанову, 25 студзеня быў выпушчаны маніфэст Мікалая I, у каторым было сказана так: «Мы даем загад нашым верным войскам выступіць проціў мяцежніка».

Пачала комплектавацца руская армія. К канцу 1830 году было скомплектавана 45.000, але праз некалькі месяцаў лік рускай арміі даходзіў да 100.000. Пад камандаваньнем Дзібіча рускія войскі былі пакірованы на паўстанцаў. Паўстанцы, з свайго боку, пачалі гатавацца да абароны свае справы. Польская армія, лік каторай у пачатку даходзіў да 35.000, была павялічана так званымі касіньерамі. На чале арміі, замест Хлапіцкага, быў пастаўлен Радзівіл, чалавек хоць мала здольны для вайсковых спраў, але больш рашучы і сьмелы, чым Хлапіцкі. Ня гледзячы на павялічэньне, польская армія мела каля 60.000 салдат, каторыя маглі быць пастаўлены на поле бітвы.

Руская армія без вялікіх перашкод дашла амаль што не да самай Варшавы. У сярэдзіне лютага адна за другою адбыліся дзьве бітвы,—адна пры Ваўру, другая пад Грохавым. У абедзьвюх бітвах польскія войскі былі разьбіты і адступілі пад Варшаву. Тут яны занялі і ўзброілі Прагу. Руская армія застанавілася, бо ў яе ня было прылад для аблогі. У Варшаве пачалася паніка, бо ўсе чакалі, што Дзібіч будзе рабіць пераправу праз Віслу і наступ на Варшаву. Але руская армія гэтага не зрабіла і, такім спосабам, не скарыстала зручнага моманту. У Варшаве, паміж тым, паніка памалу пачала спыняцца. Замест Радзівіла, на чале польскай арміі быў пастаўлен больш здольны галоўнакамандуючы Скржынецкі, каторы ўсе свае сілы накіраваў на тое, каб падняць настрой арміі, які ўпаў пасьля ранейшых няўдачных бітваў. Ён выбраў тактыку зацягнуць кампанію і скарыстаць нявыгаднае распалажэньне рускай арміі.

Руская армія стала пад Варшаваю на зімоўку. У арміі зьявілася халера, каторая пачала разьвівацца вельмі хутка і касіла шмат людзей. Зразумела, што настрой арміі быў прыгнечаны. Паўстаньне з польскай тэрыторыі перакінулася на Літву й Беларусь. На чале паўстаньня тут стаіць падпольны Віленскі цэнтральны рэволюцыйны комітэт. Ён абвясьціў сябе падданым Варшаўскаму часоваму ураду, і паўстаньне ішло ў імя прылучэньня Літвы і Беларусі да Польшчы. Часовы ўрад прагнуўся ўсімі сіламі падтрымаць і пашырыць паўстаньне на Беларусі, каторае тут з самага пачатку пашло даволі слаба. На дапамогу паўстанцам сюды быў пакірован вясною атрад Гелгуда, каторы, пасьля злучэньня яго з атрадам Хлапоўскага і другімі мясцовымі групамі, дарос да 25.000. Пры дапамозе гэтай арміі паўстанцам пашанцавала заняць на нейкі час Вільню. Але яны тут утрымацца не маглі. Руская армія пад начальствам Сакена, даросшы да 27.000, разьбіла галоўныя паўстанчаскія сілы і заняла зноў Вільню.

Паўстаньне на Беларусі, як гаварылася раней, не захапіла шырокіх мас. Удзел у паўстаньні прыняло панства і дробныя шляхецкія і інтэлігэнцкія элемэнты. А на гэтых групах далёка ня выехаць, асабліва на Беларусі, што добра разумелі і лепшыя з паўстанцаў. «Нідзе ў даўнейшай Рэчы Паспалітай пытаньне ваеннае не залежала так ад пытаньня грамадзянскага, як на Русі. Усякае паўстаньне, каторае не начынялася ад вызваленьня сялян і дапушчэньня іх да грамадзянскіх праў, ня мела ніякай будучыны» (Мераслаўскі. Паўстаньне польскага народу. Парыж, 1846, т. 2, стр. 4). У сялянскіх колах паўстаньне ня было папулярным. Політычны дэвіз паўстаньня ня мог цікаваць беларускага запрыгоненага селяніна. Яму было ўсё роўна, дзе ён будзе рабом,—у Польшчы ці ў Расіі. Сацыяльны дэвіз чырвоных паўстанцаў— вызваленьне сялян — зацямняўся тым, што яны самі былі панамі і, апроч таго, дапусьцілі да улады такіх паноў (белую партыю), каторыя воража адносілася да скасаваньня прыгону. Наадварот, вельмі часта селянін на Беларусі, як потым і галіцыйскі селянін у 1848 годзе, адмоўна адносіўся да паўстанцаў, лічачы іх сваймі соцыяльнымі ворагамі. Былі і такія факты, што сяляне прымалі удзел у паўстаньні па загаду паноў, каторыя мелі над імі ўладу, але такі прыгонны, паднявольны удзел ня мог быць дзейным. Часам, карыстаючыся з агульнага ззбурэньня, сялянства падымала свае ўласныя бунты проціў паноў, напр., у Меншчыне і ў Горадзеншчыне, каторыя праходзілі няпрыметна ў агульным руху. Адным словам, на Беларусі польскае паўстаньне вялікай моцы ня мела.

Паўстаньне на Валыні і Падолі таксама пасьпехам не карысталася. Туды для падтрыманьня паўстаньня часавы урад паслаў атрад, на чале каторага стаяў адольны начальнік Дзьвярніцкі. Яго здольнасьць разьбілася аб поўнае неспачуцьце паўстаньню украінскіх сялянскіх мас. Яго атрад, акружаны амаль што з усіх бакоў рускай арміяй, павінен быў пакіравацца ў Галіцыю і схаваўся на аўстрыйскай тэрыторыі, дзе ён і быў інтэрнованы.

Няўдачы падалі на паўстаньне і ў Польшчы. Пад Астраленкаю, дзе была згрупована польская армія, 14 траўня адбылася крывавая бітва з арміяй Дзібіча, каторая скончылася перамогаю рускіх. Польская армія панясла вялікія страты, пасьля якіх яна ўжо не магла аправіцца.

Праз два тыдні пасьля бітвы ад халеры памёр галоўнакамандуючы Дзібіч. Яшчэ праз два тыдні (15-VI) у Віцебску таксама ад халеры памёр няўдалы намесьнік Польшчы Канстантын. На месца Дзібіча галоўнакамандуючым быў назначан Паскевіч. Пасьля яго прыезду ў армію, справа ліквідацыі паўстаньня пашла хутчэй. Паскевіч па наведзенаму масту пераправіў армію праз Віслу і стаў пагражаць Варшаве. У Варшаве зноў пачалася паніка. Замест Скржынецкага, галоўнакамандуючым быў назначан Дэмбінскі, каторага хутка зьмянілі на Малахоўскага. Прэзыдэнтам рэспублікі абралі белага магната Крукавецкага. Як вынік панікі, 3 жніўня ў Варшаве адбылося сваё паўстаньне. Пачалі шукаць здраднікаў. Натаўп кінуўся на турмы, і там пачаліся забойствы тых, каго лічылі здраднікамі. Паўстаньне было хутка прыпынена, тым ня менш паміж Крукавецкім і дэмакратамі йшла патаемная барацьба. Крукавецкі не давяраў народнай масе Варшавы, дзякуючы чаму ён ня мог скарыстаць яе проці ворага, каторы ўжо пачаў аблогу сталіцы. Замест таго, каб усю армію рушыць проці рускіх, ён частку яе выдзеліў для ахраны парадку ў горадзе, каб змагацца з «анархістымі», каторымі ён лічыў чырвоных.

26 жніўня руская армія ўжо заўладала ваколіцаю Варшавы, Воляй, а на другі дзень была ўзята і Варшава. Рэшткі польскай арміі паўцякалі за прускую і аўстрыйскую межы, дзе былі разброены. У кастрычніку 1831 году Мікалаем І была абвешчана гучная амністыя з такімі выключэньнямі, каторыя амаль што нічога не пакідалі ў гэтай амністыі. З амністыі былі выключаны: зачыншчыкі паўстаньня, удзельнікі забойстваў З жніўня, члены сойму, каторыя падавалі свае галасы за нізлажэньне дынастыі Раманавых з польскага каралеўскага пасаду, афіцэры і жаўнеры, што не палажылі зброі ў час капітуляцыі Варшавы.

Пасьля ліквідацыі паўстаньня, рускі урад заняўся рэарганізацыяй кіраваньня былой Польшчы. Констытуцыя, дадзеная Польшчы ў часы Аляксандра І, была скасавана. Замест яе, у 1832 годзе быў выданы так званы органічны статут. На аснове статуту быўшае Польскае каралеўства інкорпоруецца ў організм Расійскай імпэрыі. Уся яго тэрыторыя дзеліцца на губэрні, каторыя прыроўнены да другіх губэрань Расіі. Закасованы ўсе прыметы дзяржаўнасьці: сойм, законы, войска і г. д. Уводзяцца прысутныя месцы і ўстановы імпэрыі. На чале польскіх губэрань былі пастаўлены адміністрацыйны і дзяржаўны Саветы, складзеныя з чыноўнікаў рознастайных устаноў. Адміністрацыйны Савет пасылаў на зацьверджаньне цара кандыдатаў на грамадзянскія пасады. Дзяржаўны Савет утвараў законапроэкты і складаў бюджэт на польскія губэрні. Заканадаўчая ўлада належала да рускага цара.

Паўстаньне 1831 году правалілася. Галоўнейшаю прычынаю правалу была політыка белых у сялянскім пытаньні, каторая аддаліла ад паўстанцаў запрыгоненыя сялянскія масы. Гэты факт асабліва адчуваўся на Беларусі. Перад намі ёсьць вельмі цікавы дакумэнт, каторы яскрава сьведчыць аб адносінах беларускага селяніна да паўстаньня. Афіцэр польскай разьбітай арміі Багданскі разам з трыма таварышамі прабіраецца з Беларусі ў Галіцыю. Ім трэба прабрацца праз балоты, і стары паляшук узяўся быць іх павадыром. Па дарозе стары селянін так аб’ясьніў прычыну няўдачы паўстаньня: «Як за Касьцюшкам, так і цяпер ёсьць адна прычына няўдачы паўстаньня—гэта адносіны паноў да сялянства. Паны думалі самі зрабіць паўстаньне, але забыліся, што іх мала, а мужыкоў столькі, як мурашак. Паны не хацелі вызваліць сялянства, бо, згубіўшы паншчыну і падданства мужыкоў, яны згубілі-бы свае даходы ад мужыка і сваю вагу ў гаспадарстве, дзе яны—усё, мужык—нішто. Вы ніколі ня будзеце мець Польшчы, пакуль мужыкі яе не адваююць, а яны не адваююць яе, ня маючы перакананьня, што адбіваюць яе для сябе. Паншчына ёсьць прычына упадку паўстаньня» (Zbor pamietnikow z 1831 г., str. 219—220).

Сяляне з-пад Пінску ў пачатку XIX веку.

Няўдача паўстаньня значна павялічыла польскую эміграцыю. Частка эміграцыі, зьвязаная ў свой час з чырвонымі, дае пачатак польскаму ўтапічнаму сацыялізму. У такім кірунку йшла, напрыклад, праца Ворцэля, Сьвентаслаўскага, Крэмпавецкага і др., што залажылі з польскіх жаўнераў у Портсмуце ортанізацыю «Люд польскі». Часам закладаюцца проста дэмократычныя організацыі, як, напрыклад, «Маладая Польшча». Эміграцыя белая разьмясьцілася па чужаземных дварох. Яна прагнецца рабіць уплыў на урады і камандныя кругі Заходняй Эўропы. Найбольш эміграцыі абселася ў Францыі. У розных куткох Эўропы пачынаецца зноў праца па аднаўленьню Польшчы.