Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1928)/Сялянскае пытаньне

Часы кампаніі 1812 году Сялянскае пытаньне
Лекцыя
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1928 год
Пачатак мікалаеўскай эпохі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сялянскае пытаньне.

Яшчэ ў XVIII сталецьці зарадзіўся прамысловы капіталізм як у Расіі, так і на Беларусі. У вадносінах да Беларусі даволі ўспомніць чыннасьць у другой палавіне XVIII сталецьця ў Горадні падскарбія Антона Тызэнгаўзэна. Пры яго дапамозе зьявілася ў Горадзеншчыне суконная, палатняная, мэталічная і інш. фабрыкі. Была прыведзена ў парадак друкарня. Былі ўтвораны школы чыста практычных ведаў, па вэтэрынарыі, бухгальтэрыі, ральніцтву і г. д.

Але трэба сказаць, што XVIII сталецьце яшчэ ня мела адпаведнага грунту для росту новай галіны капіталізму. У Горадзеншчыне, напр., к канцу сталецьця амаль што ўся вызваная да жыцьця прамысловасьць прыпынілася. З аднаго боку, для маладога прамысловага капіталізму бракуе машын. Прамысловыя прадпрыемствы XVIII сталецьця найчасьцей зьяўляюцца мануфактурамі, што не дае ім дадатковых карысьцяй у параўнаньні з ранейшаю кустарнаю прамысловасьцю. Нават вельмі часта рабочы мануфактуры даваў менш дадатковай цэннасьці, чым кустар. З другога боку, прамысловаму капіталізму не хапала вольных рабочых рук, каторыя былі ў гэтыя часы скуты прыгонам. У той час, як гандлёвы капітал, жыўшы ня вытворчасьцю, а купляй-продажам, быў зацікаўлен у прыгняценьні дробнага вытворцы-кустара і рамесьніка і быў ярым абаронцам прыгоннага права,— прамысловы капіталізм, эксплёатуючы працу вольных рабочых рук, патрабаваў вызваленьня сялян ад пана і ад зямлі. Гэтая процілежнасьць старых і новых экономічных адносін будзе рабіць уплыў увесь час на пастаноўку і выяўленьне сялянскага пытаньня як у Расіі, так і на Беларусі.

У пачатку XIX сталецьця руская фабрычна-заводзкая прамысловасьць пачынае крыху ўзмацняцца, што зьяўляецца адным з рэзультатаў контынэнтавай сыстэмы 1807 году і кампаніі 1812 году. Пачаўшы разьвівацца прамысловы капітал ставіць свае вызваленчаскія запатрабаваньні па сялянскім пытаньні. Аднак гэтыя запатрабаваньні ён вымаўляе тонкім, слабым галаском дзіцяці. Што датычыць да гандлевага капіталу, то гэты стары скупшчык-прыгоншчык яшчэ моцны, і яго голас зычыць куды гучней, чым галасок падрастаючага прамысловага капіталу.

Вопраткі сялян і мяшчан на пачатку XIX ст.

Вось у чым хаваецца прычына таго, што урад Аляксандра І ўжо прагнецца паставіць пытаньне аб сялянах, але пастаноўка гэтага пытаньня будзе зроблена зусім нясьмела. Ня гледзячы на мноства сказаных лібэральных слоў, урад Аляксандра І у справе вызваленьня сялян нічога не зрабіў. Экономічнаму лепету новых запатрабаваньняў жыцьця як у Расіі, так і на Беларусі адпавядаў і політычны лепет. Пачалося з таго, што Аляксандар І хацеў забараніць продаж сялян без зямлі. Але далей хаценьня справа не пашла, бо прадстаўнікі рэакцыйнага дваранства былі ярымі праціўнікамі такой забароны.

Першым загадам у справе сялянскага пытаньня быў вельмі цікавы ўказ 1801 году, на аснове каторага было забаронена друкаваць у газэце «С.-Петербургские Ведомости» абвесткі аб продажы сялян. Прадаваць сялян памешчык можа, але друкаваць абвестку аб гэтым ён ня можа, каб «лібэральнаму» ураду ня прыходзілася чырванець перад Заходняй Эўропай за такія абвесткі. На аснове загаду сялян прадавалі ці проста без абвестак, ці з абвесткамі «об отдаче в услужение», што друкаваць дазвалялася. Па абвестках мы бачым, што цэны на сялян былі рознастайныя, ад 685 рублёў да 2½ рублёў, залежна ад кваліфікацыі, полу і ўзросту.

У 1803 годзе адзін з лібэральных дваран таго часу С. П. Румянцаў падае ураду дакладную запіску, дзе ён прапануе даць паном права адпускаць на волю сялян па ўзаемнай згодзе з імі, надзяляючы іх зямлёю, за каторую сяляне павінны даць выкуп. Разам з тым, Румянцаў просіць урад дазволіць яму вызваліць сваіх уласных сялян на тых асновах, каторыя ён вызначыў у сваёй дакладной запісцы. Проэкт Румянцава найраней быў разгледжан у Інтымным Комітэце і тут ніякіх супярэчзк не спаткаў. Адсюль ён папаў на разгляд у Дзяржаўны Савет. Тут наўкола лібэральнага проэкту ўтварылася вялікая бура і падняліся гарачыя спрэчкі. Зразумела, што ўнесеным проэктам былі абураны дваране-прыгоншчыкі, прадстаўнікі старога экономічнага укладу жыцьця, зьвязанага з формамі гандлёвага капіталізму. На чале іх стаў ідэолёг «матушки Екатерины», поэта «богаподобной царевны Фелицы», Г. Р. Дзяржавін. Ён і ўся кансэрватыўная опазыцыя даказвалі, што проэкт Румянцава шкадлівы, бо ён нясе небясьпеку сучаснаму экономічнаму і політычнаму стану імпэрыі.

Як вынік усіх гэтых разваг і гарачых спрэчак зьяўляецца ня ўказ, як гэта няправільна вызначаецца ў старых падручніках, а толькі царскі рэскрыпт аб вольных хлебаробах на імя С. П. Румянцава, падпісаны Аляксандрам І 20 лютага 1803 году. На аснове гэтага рэскрыпту, Румянцаву асабіста і тым паном, якія таго пажадаюць, даецца дазваленьне вызваляць сваіх сялян. Пішуцца умовы аб узаемных абавязках, селянін плаціць пану, па згодзе з ім, выкуп за атрыманую зямлю і волю і робіцца пасьля гэтага вольным хлебаробам. Самае афармленьне такога вызваленьня зьяўляецца вельмі зацяжлівай процэдурай. Па сваім прававым палажэньні вольныя хлебаробы прыроўніваюцца да скарбовых сялян: разам з імі яны маюць суд і кіраваньне і плацяць у дзяржаўны скарб падушны падатак. Падпісаўшы рэскрыпт, Аляксандар І адважваецца яго публікаваць. Раней яго публікуецца і пашыраецца па губэрнях з вялікай пасьпешнасьцю цыркуляр міністра ўнутраных спраў губэрнатарам. Цыркуляр зацьверджан імпэратарам пазьней ад рэскрыпту на цэлы тыдзень (27 лютага), але апублікован, як мы сказалі, раней ад рэскрыпту затым, каб паменшыць і без таго малое значэньне рэскрыпту. Сутнасьць цыркуляру, прыблізна, такая. Міністар абвяшчае, што ў хуткім часе будзе апублікован царскі рэскрыпт на ймя С. П. Румянцава аб вольных хлебаробах. У сувязі з гэтым, губэрнатарам даецца загад, каб яны не зразумелі вышэйпамянёнага рэскрыпту, як указу, і не націскалі на памешчыкаў у сэнсе вызваленьня імі сялян на аснове рэскрыпту. У цыркуляры даволі ясна вызначана, што рэскрыпт мае на мэце задаволіць ня столькі інтарэсы сялянства, сколькі інтарэсы паноў: яго мэта—утварыць для паноў магчымасьць аддаць мужыком свае землі па выгаднай цане.

Вышэйпаказаны рэскрыпт ня меў ніякага значэньня ні для паноў, ні для сялянства. Амаль што за 60 год яго дзейнасьці (з 1803 да 1861 году) ува ўсёй Расіі было вызвалена каля 100.000 сялян. На Беларусі гэтая цыфра даходзіла да 5-6 тысяч чалавек. «Лібэральны» урад, такім спосабам, асьмеліўся толькі паставіць сялянскае пытаньне, але ня больш. Панства зьберагло ў цэласьці сваю «сьвяшчэнную» жывую ўласнасьць.

У часы кампаніі 12 году сялянскае пытаньне на Беларусі вельмі завастрылася. Думкі аб вызваленьні ад панскага прыгону пачынаюць праходзіць у масы. Імпэрыялістычная вайна разбурыла і зруйнавала край, а разам з тым разбурыла звычайныя, штодзённыя экономічныя і політычныя адносіны паміж панам і прыгонным селянінам. На Беларусі адбывалася частая зьмена ўлад, каторая ўтварала для селяніна магчымасьць астацца воч-на-воч з тым панам, каторы ў звычайныя часы ўкрываўся за моцным каркам сваёй панскай дзяржаўнай улады. Гэты факт у сваю чаргу дае магчымасьць селяніну рабіць тое, што ён сам хоча. Найперш ад усяго, селянін выяўляе сваю волю тым, што ён проста-на-проста кідае пана і ўцякае ад яго апекі ў лясы і балоты. Там ён вольны чалавек, асабліва, калі ў яго завядзецца зброя. Весткі таго часу гавораць нам, што па лясох і балотах Беларусі ўтварыліся даволі значныя ўзброеныя сялянскія атрады, якія не давалі паном спакойна спаць. Калі жыцьцё на нейкі час уцішылася і на чале Літвы і Беларусі стаў так званы Часовы Ўрад, то беглыя сяляне і ня думалі вяртацца з атрадаў дамоў для выкананьня сваіх «халопскіх» абавязкаў. Гэтыя атрады рабілі шмат клопату Часоваму Літоўска-Беларускаму Ураду, учыняючы непарадкі і наводзячы страх на паноў. Вядома, што проціў сялянскіх атрадаў, для падтрыманьня старога соцыяльнага парадку урад павінен быў організаваць 6 батальёнаў егэроў з лясных каманд. Адначасна з організацыяй лясных егэроў у ліпені 1812 году Часовы Урад выдае адозву да ўсіх жыхароў Беларусі, каторая ў сутнасьці сваёй мае адносіны выключна да зьбеглага сялянства. Адозва прапануе сялянам, якія пакінулі двары і паноў, каб яны зараз-жа вяр-

Сяляне з-пад Вільні на пачатку XIX ст.

нуліся на месцы сваёй ранейшай аселасьці і прыступілі да выкананьня сваёй звычайнай земляробскай працы і павіннасьцей. Далей, у вадозьве прапануецца сялянам слухацца паноў, уласьнікаў, арандароў маёнткаў ці асоб, што іх заступалі; нічым не парушаць права ўласнасьці, каторае, відаць, у гэтыя часы сялянамі парушалася, бо йначай аб гэтым ня трэба было-б і пісаць. Панства ня кідае надзеі ўзяць зноў у свае рукі сялян, ня робячы ім ніякай палёгкі, бо разьмеры павіннасьцяй вызначаюцца «па ранейшых загадах і прадпісаньнях:». У канцы адозвы пералічаны тыя «меры воздействия», каторыя урадам будуць накірованы проціў неслухаў. «Тыя, што не выпаўняюць ці выраўняюць свае абавязкі дрэнна, па дакладзе вясковых улад павінны ўгаварвацца, карацца і прымушацца да выкананьня сваіх абавязкаў пры дапамозе павятовай адміністрацыі і нават вайсковай сілы, калі гэтага будуць вымагаць абставіны». Па тых карах, якія вызначаны ў адозьве, відаць, што сялянскае пытаньне стала вострым і часта патрабуе для свайго вырашэньня карных мер.

У запісках сучасьнікаў мы спатыкаем скаргі паноў на «необузданности» сялян. Паны баяцца сваіх мужыкоў. Наполеон падліў яшчэ масла ў агонь. Ён вельмі часта выказваўся, што мае намер вызваліць ад пана рускага мужыка. Сталі хадзіць чуткі, што Наполеон ужо выдаў закон аб скасаваньні прыгону, што паноў слухаць далей ня трэба. Апроч таго, вельмі часта і францускія салдаты падкідалі запалкі ў сухую салому: падымалі сялян на паноў і разам рабавалі панскую маёмасьць. Перад намі невялікі твор Я. Баршчэўскага, сучасьніка кампаніі 12 году, пад назваю «Рабункі мужыкоў», у каторым аўтар апісвае факт, які адбыўся ў маёнтку пана Маякоўскага—Шнітаўках, каторы знаходзіўся ў 50 вёрстах ад Полацку. Там, паміж іншым, сказана: «Як пранцуская сіла з-за Дзьвіны наступіла, нам стала карціць, што-б парадак прывраціць. Аднака-ж сядзелі ціха. Аж тут прыносіць ліха пранцузаў у наш двор. І нутка делаць здор. Клеці паразьбівалі, паноў нашых загналі, нас казалі пазьбіраць і гарэлку піць і браць. Пранцузы нас пахвалялі, аб нашым краю ўпаўнялі (незразумелае слова) і на мігі нас прасілі, каб мы з імі двор лупілі, і мы доўга там гулялі, што хацелі, пілі, бралі. Той браў плацьця на вяроўку, чым абшыць жонцы шнуроўку. Іншы быдла занімаець, другі адзеньне хапаець». Калі адкінуць насьмешліва-шляхецкі тон апавяданьня, напісанага аўтарам-шляхціцам, то перад намі паўстае яскравы малюнак тагачаснага жыцьця. Мужыком ужо карцела расправіцца з панамі, але яны не адважваліся. Прышлі францускія салдаты, у масе сваёй сяляне, і моваю клясы, жэстамі ўцягнулі беларускіх сялян у рабунак панскага маёнтку.

Зразумела, што такія факты, апроч Шнітавак, адбываліся і ў другіх мясцовасьцях Беларусі. Проф. У. І. Пічэта піша аб гэтым так: «Рабункі, забойствы, падпальваньне дамоў—звычайныя формы протэсту. Побач з гэтым, нездаволеныя сяляне рабавалі хлебныя сьвірны, забіралі сабе маёмасьць. Такога роду бунты былі распаўсюджаны ў Менскай губэрні. Падобныя бунты былі і ў другіх губэрнях. Сяляне ў м. Бешанкавічах Віцебскай губ. адмовіліся слухацца пана і ня слухаліся ўгавораў адміністрацыі. У другім маёнтку вынік рух з прычыны рэкруцкага набору. Сяляне зрабавалі панскія палацы, адабралі 500 руб. грошай, разьбілі 2.400 вёдзер віна і пабілі панскую адміністрацыю. І ў другіх паветах Віцебшчыны былі бунты, вынікаўшыя, згодна офі цыяльнаму аб'ясьненьню, «по внушениям необузданной вольности и независимости неприятельского войска». Гэтыя бунты былі рэзультатам цяжкага стану сялянскай масы, аб чым сьведчыць і маркіз Пастарэ, быўшы інтэндантам у Віцебшчыне. Паўстаньні ў Віцебшчыне прынялі такі характар, што памешчыкі-палякі зьвярнуліся да Наполеона з просьбаю аб абароне. Былі нават арганізаваны лятучыя атрады, каб уціхамірыць беспарадкі, у каторых Налолеон бачыў падгаворы рускай адміністрацыі проці яго самога». (В. И. Пичета. История крестьянских волнений в России. Минск, 1923, стар. 76).

Пасьля кампаніі 1812 году мы на Беларусі спатыкаем ужо такіх паноў, каторыя рады былі-б як-небудзь адчапіцца ад сваіх сялян. Гэтыя паны ўжо зразумелі, што рукі прыгоннага селяніна далёка менш выгадны для прогрэсыўнай гаспадаркі, чым рукі вольна-наёмнага рабочага. Прыгонная гаспадарка затрымлівала разьвіцьцё вяскова - гаспадарчай тэхнікі і перашкаджала інтэнсыфікацыі гаспадаркі. Апроч таго, сялянскія бунты ў часы кампаніі 12 году паказалі, што рукі сялян пры адпаведных выпадках могуць наносіць маёнтку руйнаваньне і нават праганяць з маёнтку самога пана. Само сабой зразумела, што беларускія лібэральныя паны хацелі вызваліцца ад селяніна так, каб уся зямля цалкам засталася ў іх руках. У такім выпадку яны мелі-б капітал у зямлі, а ў асобе вызваленых сялян яны мелі-б зусім танныя вольна-наёмныя рукі. Але на такое вызваленьне не згаджаўся рускі урад, які добра разумеў, што зьяўленьне на сьвет вяскова-гаспадарскага пролетарыяту для яго небясьпечна. Тады лібэральныя паны на Беларусі дадумаліся да вельмі добрага для іх выйсьця. Яны пачалі аддаваць сваіх сялян у наймы прамысловаму капіталу. Дзякуючы гэтаму, яны найперш ад усяго збывалі з рук ужо непатрэбнага ім прыгоннага селяніна і за гэта яшчэ атрымлівалі плату ад наёмніка сялянскіх рабочых рук. Апроч таго, яны вызвалялі сваю зямлю ад сялян і сялян ад зямлі. Вынікам з усяго гэтага было значнае пагоршаньне палажэньня беларускага сялянства. Адзін з дзекабрыстых (Н. Тургенеў) так апісвае падобныя зьяўленьні: «Адно з самых абурлівых злачынстваў прыкмячаецца ў беларускіх провінцыях (Віцебскай і Магілёўскай), дзе сяляне так абяздолены, што выклікаюць жаласьць нават рускіх прыгонных. У гэтых провінцыях паны аддавалі сваіх сялян сотнямі і тысячамі падрадчыкам, каторыя праводзілі землякопныя работы ва ўсіх канцох імпэрыі. Гэтыя гаротныя людзі наймаюцца галоўным чынам на будоўлю вялікіх шляхоў і канаў. Пан бярэ абавязак зрабіць пастаўку на вядомы лік людзей па ўмоўленай цане, а падрадчык бярэ абавязак харчаваць іх у час работы. Урадавыя інжынэры, што наглядалі за работамі, не патрабуюць ад падрадчыкаў нічога больш ад таго, што трэба для падтрыманьня іх жыцьця. А што датыча да грошай, каторыя атрымлівае за іх пан, то ўрад ня ўмешваецца ў гэта. Такім спосабам былі пракладзены дарогі наўкола Царскага Сяла» (Ред. Семенова Россия, т. ІХ. Верхнее Поднепровье и Белоруссия. СПБ., стар. 110). Мы нічога ня можам дадаць да гэтага малюнку. Само сабою зразумела, што прыгнечанае беларускае сялянства адказвае паном бунтамі, забойствамі і рабункамі маёнткаў, аб чым ужо гаварылася вышэй. Паўстаньні сялян пакуль што дробны, неорганізаваныя і ня зьвязаныя адно з другім. Урад з імі лёгка спраўляецца ўсялякімі рэпрэсіямі.