Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1928)/Сялянскае пытаньне ў часы мікалаеўскай эпохі

Беларускі рух у першай палавіне XIX сталецьця Сялянскае пытаньне ў часы мікалаеўскай эпохі
Лекцыя
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1928 год
Урад Аляксандра II (1855—1881)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сялянскае пытаньне ў часы мікалаеўскай эпохі.

Другая чвэрць XIX сталецьця была часам росту агульна-рускай прамысловасьці. Прамысловасьць ужо вырасла настолькі, што для продуктаў яе вырабу зьяўляўся зацесным стары хатні рынак. Прыгоншчык пан адбіраў у селяніна лішкі, каторыя давалі-б яму большую купчую здольнасьць. Каб уцягнуць сялянства ў пашырэньне рынку, трэба было пакінуць гэтыя лішкі яму, вызваліўшы яго ад панскага прыгону. Гэтага-ж вызваленьня селяніна ад прыгону патрабаваў моцна растучы кляс фабрыкантаў і прадпрыемцаў, каб мець рабочыя рукі больш танныя, чым яны былі дагэтуль. А заработная плата павышалася затым, што значная большасьць рабочых была з аброчных сялян, каторыя павінны былі запрацаваць і сабе на пражыцьцё, і пану на выплату аброку. Тыя фабрыканты, каторыя карысталіся прыгоннымі рабочымі, зразумелі, што для прадпрыемства вольна-наёмная праца зьяўляецца больш продукцыйнай, чым прыгонная. Фабрыкі і заводы, да каторых былі прыпісаны прыгонныя, так званыя посэсыйныя сяляне, у якасьці рабочых, пачалі іх вызваляць, што прабівала дзірку ў мурох векавога прыгону.

Зьявіліся паны-прадпрыемцы і ў вясковай гаспадарцы. Яны, зганяючы з зямлі сваіх сялян, пашыралі сваю панскую запашку і прагнуліся да інтэнсіфікацыі гаспадаркі. Гэты факт даволі часта спатыкаецца на Беларусі. Тут сагнаныя з панскай зямлі сяляне носяць назву месячнікаў. Яны забіраюцца панам на яго ўтрыманьне. Зразумела, што пан дае ім толькі такое ўтрыманьне, каб яны не памерлі з голаду. Месячнікі, каторыя такім чынам, ужо зусім ня мелі сваёй уласнай сялянскай гаспадаркі, былі пастаяннаю рабочаю сілаю маёнтку, каторая рабіла магчымаю інтэнсіфікацыю панскай гаспадаркі. Прыгоннае права ўжо не здавальняла паноў новага тыпу, бо перашкаджала інтэнсіфікацыі іх гаспадаркі.

Але стары гандлёвы капітал, які карміўся сокамі запрыгоненага сялянства, яшчэ не здаваўся. Прыгоншчыкі паны, ня чуючы новых запатрабаваньняў жыцьця, моцна стаялі на старых, сталецьцямі пабудаваных позыцыях. Прыгоннае права, на іх погляд, было тэю экономічнаю асноваю жыцьця гаспадарства, каторая цалкам яго трымала. Зруйнаваньне гэтай асновы няўхільна давядзе гісторыю да поўнага упадку.

Урад апынуўся паміж двух агнёў—паміж молатам прамысловага капіталу і кавадлам гандлёвага капіталу.

Між тым палажэньне сялянства ўсё пагаршаецца. Урад завален скаргамі сялян на паноў. Факты, апісаныя ў скаргах, настолькі пагражаючыя існуючаму строю, што нават царскі урад часам назначае расьследваньне. Павялічаюцца ўцёкі сялян на поўдзень. Сярод забітых мас пашыраюцца самагубствы, каторыя прымаюць стыхійны характар. Каб зацямніць гэтыя факты, для іх устанаўліваецца нават, як фігавы лісток, офіцыяльная назва «скоропостижно умершие». У некаторых паветах такіх «скоропостижно умерших» прыходзіцца лічыць сотнямі.

Справа ня спыняецца на гэтым пасыўным протэсьце. Сялянскае нездавальненьне выяўляецца і актыўнымі спосабамі. Яно выяўляецца ў сялянскіх паўстаньнях, каторыя носяць хоць і спорадычны характар, але ніколі не перарываюцца. Рэпрэсыйныя мерапрыемствы ўлады нічога ня могуць зрабіць: толькі што задушаць паўстаньне ў адным месцы, яно вынікае ў другім. За часы мікалаеўскага цараваньня вынікла па прыблізным падліку больш 650 паўстаньняў, што ў сярэднім дае на год больш 20 паўстаньняў. Але тыпова тое, што лік паўстаньняў раскладаецца па гадох не роўнамерна, а прогрэсыйна ўзрастае. У 1826 годзе налічвалася 85 сялянскіх паўстаньняў, а ў 1845 годзе яны дашлі да лічбы 207. Локальныя, спорадычныя паўстаньні ў 1854 і 1855 гадох перашлі ў масавае паўстаньне ў сувязі з чуткамі, што хто запішацца ў апалчэньне, той будзе мець волю.

Палажэньне селяніна на Беларусі было яшчэ цяжэйшае, чым наагул у Расіі. Толькі што адбылося паўстаньне 1831 году. Край перажыў грозную буру, каторая пакінула пасьля сябе сьляды зруйнаваньня. Калі паўстаньне распачыналася і селянін быў патрэбен як паўстанцу, так і рускай уладзе, то яму з двух бакоў абяцалі ўсялякія палепшаньні. Польскія паны заклікалі беларускага селяніна да удзелу ў паўстаньні, стараючыся даказаць яму, што вольная Рэч Паспалітая дасьць яму і яго дзецям узгароду за яго удзел у адбудаваньні Польшчы. Вельмі часта паны цягнулі беларускага селяніна ў паўстаньне сілком, карыстаючыся з паднявольнасьці прыгоннага «хлопа». Што датычыць да прадстаўнікоў рускай улады, то яны наадварот, заклікалі селяніна на дапамогу да сябе, таксама абяцаючы яму палепшаньне яго долі. І тут часта бывала, што селянінам урад карыстаўся зусім проціў яго волі. Кончылася паўстаньне, і селянін ня толькі не атрымаў ніякіх здабыткаў ні з таго, ні з другога боку, але яшчэ больш зьбяднеў ад спусташэньня краю, каторы цярпеў і ад паўстанца і ад рускага салдата. У тых мясцох, дзе селянін воляй ці няволяй пашоў за палякам-панам, яго пустошылі атрады рускіх. Там, дзе ён ішоў проціў паўстанца, яму пападала ад прыгоншчыка-пана. Там, дзе селянін трымаўся нэўтральна, яму найчасьцей пападала з двух бакоў разам, бо кожны ваюючы бок лічыў яго сваім ворагам.

Пасьля паўстаньня беларускае сялянства вельмі неспакойна. То там, то сям вынікаюць неорганізаваныя локальныя бунты, для пагашэньня каторых прыходзіцца ураду ўжываць збройную сілу. Вельмі часта бунты канчаюцца ці пачынаюцца забойствам паноў. Данясеньні поліцэйскія гавораць нам, што пабольшалі асобныя напады на панскія двары, каторыя, на думку поліцыі, рабілі сяляне. Зразумела, што абураныя паны не астаюцца ў даўгу ў сялянства і робяць помсту, каторая ў сваю чаргу ня толькі не супакойвае запрыгоненую масу, але яшчэ больш распаляе яе злобу. Адным словам, утвараецца небясьпечнае палажэньне, каторае пачынае зварачаць на сябе увагу прадстаўнікоў царскай улады. Менскі губэрнатар таго часу Допэльмайер у паперы, разасланай ім да ўсіх павятовых шляхецкіх маршалкаў, піша: «Пры такім стане справы страшэнныя і неаднакроць зробленыя забойствы ўласьнікаў сваймі сялянамі і частыя данясеньні аб тым, што той ці іншы селянін «скоропостижно умер», што тая ці іншая сялянка, будучы ўцяжку, скінула дзіця ці скончыла жыцьцё самагубствам, дзякуючы нялюдзкай кары за малаважныя праступкі,—усё гэта зьвярнула на сябе увагу ня толькі начальства, але і самога гасудара-імпэратара». Віцебскі губэрнатар у 1835 годзе закідае сваймі данясеньнямі вышэйшую ўладу. Гэты чыноўнік, каторы зусім ня можа быць западозраным у спачуваньні да сялян, піша, што сялянства зусім замучана няволяй, што ў яго няма нават і пажаданьня мець якую-небудзь уласнасьць, бо яна не забясьпечана ад сваволі пана. Такі факт прыносіць убытак гаспадарству. Селянін працуе на пана 6 дзён у тыдзень і толькі ў нядзелю працуе на сябе, што руйнуе сялянскую гаспадарку. Аб немагчымым палажэньні сялянства піша і беларускі губэрнатар, вызначаючы небясьпечнасьць для дзяржавы такога стану.

Адным словам, губэрнатары на Беларусі, баючыся паўстаньня, лічаць за патрэбнае зьвярнуць увагу як дваранства, так і цэнтральнага ураду на патрэбу сялянскай рэформы, каторая-б абмежавала правы і ўлад паноў на Беларусі ў адносінах іх да сялянства. Панская сваволя і ўціск над сялянствам становяцца ўжо небясьпечнымі для нормальнага політычнага і экономічнага жыцьця ў цэлай дзяржаве. Яны нясуць небясьпеку і самому самаўладзтву. Ураднікі на Беларусі, каторыя стаяць каля дзяржаўнага руля бліжэй, чым звычайныя дваране, і каторыя маюць больш практычнага дзяржаўнага розуму, вельмі часта выказваюць думку, што ўжо наступае час так ці йначай скасаваць сялянскую няволю. Але вышэйшыя колы мікалаеўскага ураду, на чале з самым Мікалаем, гэтай думкі ня прымаюць і не рэалізуюць. З аднаго боку, яны лічаць прыгон небясьпечным, а з другога боку—яны баяцца глыбака закрануць яго. У габінэце Мікалая І стаіць шафа з паперамі па сялянскім пытаньні. Часта расхрабрыўшыся, пад сакрэтам, ён паказвае гэтыя скандальныя паперы некаторым з бліжэйшых сваіх прыдворных і абяцае прыняцца за выкараненьне рабства. Але сакрэт так і застаўся сакрэтам. Нерашучасьць ураду будзе залежыць ад нявыяўленасьці эканамічнага палажэньня вялікага краю і ўвесь час будзе рабіць уплыў на мерапрыемствы ў справе сялянства. Вельмі тыповых у гэтых адносінах зьяўляецца адзін з улюбёных афорызмаў самога Мікалая і: «Прыгоннае права ёсьць зло, але скасаваньне яго ёсьць яшчэ горшае зло». Верна і нязьменна трымаючыся такога прынцыпу, мікалаеўскі урад не скасуе прыгону. Ён здаволіцца напоўмерамі, каторыя не дадуць ніякіх рэальных вынікаў і не здаволяць запатрабаваньняў складнага бягучага моманту.

Сялянскую справу урад пачаў выяўляць у зьвязку з пытаньнем аб скарбовых дзяржаўных маемасьцях. Гэты факт ёсьць вельмі тыповы для таго часу, бо скарбовы (казённы) селянін мікалаеўскай эпохі зьяўляецца маёмасьцю гаспадарства, а не яго грамадзянінам. На чале справы быў пастаўлен Мікалаем І. П. Д. Кісялёў, міністр скарбовых маемасьцяй (государственных имуществ), якое міністэрства было ўтворана ў 1839 годзе. Лічачы сялянскае пытаньне вельмі важным і балючым, Мікалай І увесь час прагнецца сам кіраваць усёю справай і рукаводзіць дзейнасьцю Кісялёва. Урад ня мае рашучасьці адразу заняцца палепшаньнем быту прыватнаўласьніцкіх сялян, бо баіцца раптам закрануць інтарэсы паноў-земляўласьнікаў. Першы шляхціц фэўдальна-бюракратычнага свайго гаспадарства, рускі самаўладца, з вялікаю асьцярожнасьцю падыходзіць да інтарэсаў сваіх малодшых таварышаў, дваран Расіі. Вось чаму сялянская справа пачынае разглядацца з сялян не прыватнаўласьніцкіх, а скарбовых. Скарбовых сялян, паміж іншым, значна менш, чым прыватнаўласьніцкіх і палажэньне іх усё-ж такі лепшае, чым апошніх.

У канцы 1839 году быў абвешчан указ аб тым, каб па ўсёй імпэрыі пачаць так званую люстрацыю скарбовых маёнткаў. На аснове ўказу і ў Расіі і на Беларусі было прыступлена да складаньня люстрацыйных сьпіскаў для скарбовых маёнткаў. Люстрацыйны сьпісак устанаўліваў ніжэйпаданае: 1) агульны зямельны фонд маёнтку; 2) расклад па сялянскіх дварох тых зямель з фонду, каторыя для іх нарэзваліся для больш-менш сталага карыстаньня; 3) дакладнае пералічэньне тых абавязкаў і павіннасьцяй, каторыя трэба было нясьці сялянскаму двару за атрыманую зямлю. Люстрацыйнымі сьпіскамі ўрад хацеў цьвёрда ўстанавіць колькасьць зямлі і на сялянскі двор і абавязкі скарбовага селяніна ў адносінах да скарбу, каб такім спосабам, з аднэй стараны, селянін ня мог ухіліцца ад падаткаў і павіннасьцяй, а з другой стараны, каб было менш гвалтаў і злоўжываньня ў адносінах да селяніна з боку кіраўнікоў скарбоваю маёмасьцю. Скарбовыя сяляне на Беларусі пры ўтварэньні люстрацыйных сьпіскаў атрымалі надзелы ад 12 да 22 дзесяцін зямлі на двор. Раней плата за адлуск скарбовага селяніна на аброк залежала ад кіраўніка маёнтку і была разнастайная. Цяпер была ўведзена цьвёрдая плата, якая падлягала скарбоваму кантролю. Кіраўнік скарбовай маёмасьці меў права, як і раней, караць селяніна, але цяпер кара накладвалася па суду, а не па асабістым поглядзе кіраўніка. Суд звычайна адбываўся ў так званых «сельских расправах», каторыя былі ўтвораны ў скарбовых пасёлках. Хоць і далей гвалты ў адносінах да скарбовых сялян не прыпыніліся зусім, але ўсё-ж такі люстрацыя ў некаторых мясцох крыху палепшыла іх палажэньне, устанавіўшы нейкія прававыя нормы. Што датычыць усёй скарбовай сялянскай масы, то яна мала скарыстала з гэтых норм, дзякуючы агульным умовам самадурскай мікалаеўскай эпохі.

Потым загаварылі і аб прыватнаўласьніцкіх сялянах, палажэньне якіх пагражала імпэрыі вялікай небясьпекай. Кісялёў падаў ураду дакладную запіску, дзе ён падышоў да гэтага пытаньня вельмі асьцярожна. Кісялёў лічыць, што вызваленьне сялянства без надзяленьня яго зямлёю ўтворыць значны лік бабылёў-пролетараў, чаго не павінна быць. З другога боку, калі пры вызваленьні даць сялянам надзелы, то гэта зусім аслабіць экономічную і разам з тым політычную вагу дваранства. Трэба было знайсьці такі шлях, каб былі воўкі сыты і авечкі, хоць для вока людзкога, былі цэлы. У сваёй запісцы Кісялёў Ё. У. прапанаваў: памешчыкі павінны зьберагчы за сабою права ўласнасьці на зямлю, а сяляне павінны атрымаць асабістую вольнасьць. Паны наразаюць «вольнаму» сялянству ў карыстаньне дзялянкі зямлі, за што яно абавязана нясьці паншчыну і павіннасьці ў адносінах да пана. Павіннасьці вызначаюцца ў асобных інвэнтарох. Разьмер зямельных дзялянак вызначаецца ня ўрадам, а самым панам, таксама вызначаюцца і павіннасьці. За панамі астаецца адміністрацыйная ўлада над сваімі сялянамі. Усе лясы і ветраное багацьце зямлі знаходзіцца ў руках паноў. Сяляне, стаўшыя ў такія адносіны да пана, атрымліваюць назву «абязаных» сялян. Кісялёў раіў як найхутчэй прыступіць да ўлажэньня інвэнтароў у прыватнаўласьніцкіх маёнтках. Інвэнтарныя запісы ў панскіх дварох па зьместу, прыблізна, раўняліся люстрацыйным сьпісам скарбовых маёнткаў. У іх павінна было быць вызначана: 1) зямельны фонд маёнтку, 2) расклад дзялянак зямлі па сялянскіх дварох, 3) абавязкі сялян у адносінах да пана. Для Беларусі інвэнтарныя запісы ня былі новасьцю. Яны існавалі тут яшчэ з часоў Рэчы Паспалітай. Яшчэ тады яны мелі на ўвазе выясьніць разьмер сялянскага надзелу і лік рабочых рук, платы і павіннасьцяй з надзелу. У даўнейшыя часы інвэнтарныя запісы мелі практычнае значэньне, але з цягам часу, калі прыгон стаў узмацняцца, яны згубілі сваё значэньне, бо яны, з аднаго боку, застарэлі, а з другога боку—паны з імі зусім ня лічыліся.

Запіска Кісялёва была аддадзена на разгляд аднаго з «Сакрэтных Комітэтаў». Комітэт згадзіўся з пропозыцыяй Кісялёва і свае пастано вы паслаў на конфірмацыю цара. Мікалай І на адпаведных пунктах журналу 27 сакавіка 1840 году палажыў рэзолюцыю, у каторай, паміж іншым, было сказана: «Лічу, што магчыма рашуча прыказаць увесьці ў панскіх маёнтках тыя інвэнтары (гэта значыць—люстрацыі), каторымі сам урад здавольваецца ў сваіх арэндных маёнтках. Калі ад гэтага будзе некаторае зьмяншэньне праў паноў-земляўласьнікаў, то яно беспасрэдна датычыць іх прыгонных людзей і ніякім спосабам не павінна супыняць добрай мэты ўраду».

У сакавіку 1842 году законапроэкт аб «абязаных» сялянах быў пастаўлен у Гасударственым Савеце. Цар у сваёй прамове сказаў, што указ, з аднаго боку, не адбірае ў землеўласьнікаў зямлі, а з другога боку—ня робіць сялянства безьзямельным пролетарыятам. Прынцыпу абавязковасьці для ўсіх паноў указ ня мае, і выпаўненьне яго залежыць ад іх добрай волі. Такім чынам, мы бачым, што цар, параўнальна з 1840 годам, ужо пачынае біць адбой. Адзін з членаў Савету (кн. Д. Галіцын) дадаў, што ўказу трэба надаць прынцып абавязковасьці. На гэта цар адказаў, што хоць ён і самаўладны цар, але такога кроку ня можа зрабіць. Указ быў абнародаваны ў красавіку 1842 году. Паны спачатку крыху спалохаліся ўказу, але хутка супакоіліся, бо зразумелі значэньне яго. Сярод сялянства ўказ падняў чуткі аб вызваленьні, што яшчэ больш паднімала абураных сялян.

Сялянская справа ішла ўперад надзвычайна ціха. У красавіку 1844 году быў выдан царскі ўказ аб утварэньні інвэнтарных комітэтаў у заходніх губэрнях імпэрыі. Кожны такі комітэт павінен быў складацца з 4 ураднікаў цэнтральных губэрскіх устаноў і трох шляхціцаў-земляўласьнікаў. Ураднікі назначаліся ў комітэт губэрнатарамі, а землеўласьнікі абіраліся шляхецтвам губэрні. Старшынства ў комітэце меў губэрнатар. Комітэты ў заходніх губэрнях былі, такім спосабам, больш чыноўніцкімі, чым землеўласьніцкімі, што залежала ад недавер'я ураду да польскага панства, каторае прымала удзел у польскім паўстаньні 1831 году. Комітэт павінен быў разглядаць тыя інвэнтарныя сьпісы, каторыя падаваліся яму землеўласьнікамі. Найчасьцей гэтыя інвэнтары прымаліся комітэтамі бяз усякіх рэальных паправак. Зразумела, што інвэнтары складаліся панамі так, каб яны адпавядалі іх уласным, а не сялянскім інтарэсам. Землеўласьнікі, апроч таго, апіраючыся на неабавязковасьць для іх указу 1842 году, стараліся зацягнуць справу і не падавалі ў комітэты інвэнтарных сьпіскаў. Вельмі часта адміністрацыя сама павінна была складаць інвэнтары за рахунак земляўласьнікаў, калі апошнія адмаўляліся з тых ці іншых прычын складаць інвэнтары ў сваіх маёнтках. Такія чыноўніцкія інвэнтары таксама не маглі адпавядаць сялянскім інтарэсам. Пачынаючы з 1844 г., інвэнтары на Беларусі пісаліся аж да 1852 году, не даючы сялянству нічога практычнага і не абхапляючы ўсіх прыватнаўласьніцкіх маёнткаў.

Тады па дакладу міністра ўнутраных спраў Бібікава царскім указам было загадана, каб на Беларусі пашырыць інвэнтары ў тэй форме, каторая была зацьверджана для Кіеўскага гэнэрал-губарнатарства ў 1848 годзе. На аснове кіеўскіх інвэнтароў, прыватнаўласьніцкі селянін асабіста, як юрыдычная асоба, лічыўся вольным; затое ён быў у поўнай залежнасьці ад пана ў экономічных, зямельных адносінах. Інвэнтары дакладна вызначалі тую надзельную зямлю, каторая была нарэзана панам. Калі ў асобнага селяніна ня было экономічнай моцы, каб апрацаваць нарэзаны для яго надзел, то ён, на аснове інвэнтароў, павінен быў перайсьці не назад да пана, а залічаўся ў склад грамадзкай сялянскай зямлі. Інвэнтары вызначалі і абавязковую колькасьць надзелу зямлі на адзін сялянскі двор. Яна была меншаю ад надзелаў скарбовых сялян і раўнялася ⅔ яе, што складала ад 8 да 15 дзесяцін на адзін сялянскі прыватнаўласьніцкі двор. У інвэнтарох былі вызначаны і павіннасьці сялян да паноў. Гэтыя павіннасьці не маглі перавышаць з аднае цяглае сям’і трох дзён паншчыны ў тыдзень мужчынскіх і аднаго дню — жаноцкага. Усякая другая праца селяніна на пана лічылася незаконнаю. Калі прыватнаўласьніку для яго маёнтку патрэбна была яшчэ праца сялян, што ня ўходзіла ў норму, вызначаную інвэнтаром, то ён меў права карыстацца ёю ці за плату, ці ўключаючы новыя рабочыя дні ў рахунак будучай, назначанай інвэнтаром паншчыны.

Так пісалася на паперы, але ня так абстаяла справа ў рачавістасьці. Рэволюцыя 1848 году на Захадзе перапалохала як рускі урад, так і тых лібэралаў, каторыя былі прыхільнікамі новых узаемаадносін паміж прыватнаўласьнікам і прыгонным селянінам. Панства, звыклае да неабмяжованай працы мужыка, і ня думала лічыць для сябе абавязковымі новыя нормы, што абмяжоўвалі панскае самавольства і гвалты над сялянамі. А што датычыць да ураду, то ён ня лічыў магчымым, як мы ведаем з ранейшага, рабіць зьверху той ці іншы націск на паноў. Указ 1852 году, апроч таго, робіцца няпрыметным на Беларусі яшчэ і затым, што ён вельмі спазьніўся. Экономічныя умовы ў Расіі і на Беларусі ўжо злажыліся так, што праз некалькі год павінна адбыцца новая сялянская рэформа 1861 году.

У другой чвэрці XIX сталецьця урадам Мікалая І былі праведзены яшчэ некаторыя дробныя рэформы, пакірованыя на тое, каб урэгуляваць сялянскае пытаньне спэцыяльна на Беларусі. На гэтым трэба крыху затрымацца.

Пан-прыватнаўласьнік на захадзе імпэрыі, а таксама на Беларусі, вельмі рана, — раней, чым усходні яго брат, зразумеў цэннасьць нага капіталу. Дзеля гэтага ён усімі сіламі стараўся збыць са сваёй зямлі сядзеўшых на ёй прыгонных сялян. Калі яму, дзякуючы ўказу 1842 году, не ўдалося вызваліць сялян без зямлі, ён дадумаўся да другіх мер, напрыклад, аддаваць іх у наймы на адходным промыслы, сярод якіх асабліва былі пашыраны земляныя работы, каторыя адбываліся ў розных канцох імпэрыі.

Малады прамысловы капітал патрабаваў ужо для свайго існаваньня шмат рабочых рук. Такое запатрабаваньне і скарысталі земляўласьнікі на Беларусі. Аддаючы свайго прыгоннага селяніна ў найміты, земляўласьнік гэтым самым здымаў з сябе ўсякую апеку над асобай і дабрабытам селяніна. Ён кідаў яго ў найміты бяз вопраткі і без харчоў. Пан апраўдываў такія свае адносіны да селяніна тым, што аб утрыманьні наймітаў павінен клапаціцца прадпрыемца, катораму патрэбна праца нанятых ад пана сялян. Прадпрыемца і не адмаўляўся ад утрыманьня наймітаў-сялян. Але ён, зьбіраючы капітал, карміў і адзяваў нанятых такім спосабам сялян пастолькі, паколькі яму былі патрэбны іх жыцьцё і рабочая сіла. Ён утрымваў іх паўгалоднымі і паўадзетымі. Зразумела, што сьмяротнасьць сярод выкінутага ў наймы сялянства была страшэнная. Памёршых замянялі новымі, а калі і тыя ўміралі, то і іх замянялі зноў новымі і г. д. Цэлымі вёскамі паны збывалі са сваіх рук, такім спосабам, непатрэбных ім сялян, атрымваючы ад гэтага пэўныя даходы. Як кажа проф. У. І. Пічэта, кожны год адбываўся з нашага краю свайго роду «ісход» беларускага народу.

Урад Мікалая І павінен быў зьвярнуць увагу на гэты факт, лічачы яго вельмі небясьпечным для дзяржавы ў сэнсе рэволюцыянізацыі мас. У 1835 годзе былі выданы правілы аб аддачы беларускімі панамі сваіх сялян у наймы. Сутнасьць гэтых правіл была такая. Пан ня мае права аддаць у наймы ўсю вёску цалком і з сям'і ён ня можа аддаць у наймы больш палавіны. (Цікава тое, што менш палавіны—можна). Паводле правіл, пан павінен за зданых у наймы сялян заплаціць у скарб патрэбныя падаткі і забясьпечыць ім харчы і вопратку. Правілы, апроч таго, бралі на сябе абарону сялян-наймітаў з боку паляпшэньня умоў іх працы і павышэньня аплаты працы. Была вызначана велічыня рабочага дню, якасьць і колькасьць харчоў у дзень на кожнага рабочага. Былі вылічаны процанты заработнай платы, якія павінен быў застаўляць селянін для сябе і якія ён мусіў аддаваць свайму пану. Адным словам, добрыя намеры аўтараў гэтых правіл былі вельмі шырокія. Але з гэтых добрых намераў нічога ня вышла. Правілы засталіся на паперы, а падвойная эксплёатацыя панам-земляўласьнікам селяніна засталася ў рачавістасьці.

На Беларусі сярод багатых вялікіх паноў, магнатаў вельмі быў пашыран звычай аддаваць свае маёнткі ці ў арэнду, ці пад нагляд кі раўнічых (упраўляючых) і аканомаў. Вялікі пан лічыў ніжэй свайго гонару самому гаспадарыць у маёнтку. Паны падарожнічалі, а панскія маёнткі знаходзіліся ў руках іх паслугачках, каторых беларускі селянін называў агульнаю назваю падпанкаў. Надужыцьце і гвалты з боку падпанкаў былі вялікія. Яны карысталі з свайго выпадковага палажэньня, каб выцягнуць з селяніна здабыткі легальныя і нелегальныя

Сяляне з Магілёўшчыны ў пачатку XIX ст.

для пана і зусім нелегальныя для сябе. Дзеля гэтага вельмі часта яны аказваліся яшчэ горшымі эксплёататарамі і гвалтаўнікамі, чым самі паны. Сярод беларускага сялянства ў некаторых мясцовасьцях нават злажылася прыказка, што падпанак—сабака, зьлейшы ад пана. На гэтым грунце на Беларусі ўтварылася шмат сялянскіх протэстаў і бунтаў. Прадстаўнікі ўлады, баючыся бунтаў, зьвярнулі на такое зьявішча сваю увагу. Губэрнатары краю бачылі ў пашырэньні арэнды на Беларусі вялікую небясьпеку. Цікава ў гэтым сэнсе прывясьці тут вынятак з памянёнага ўжо вышэй цыркуляра менскага губэрнатара Допэльмайера на імя павятовых шляхецкіх маршалкаў. Ён піша: «У губэрні амаль што ўсюды існуюць нейкія варожыя адносіны сялян да іх улась нікаў. Разбураючыся ў прычынах гэтага непрыемнага зьяўленьня, я пераканаўся, што воражасьць сялян да іх паноў вынікае часам ад падбухторваньня злонамерных асоб, але найчасьцей ад таго, што ўласьнікі маёнткаў перадаюць сваіх сялян у рукі бязьлітасных і карысталюбівых кіраўнікоў і арандатараў, каторыя абкладаюць іх цяжкімі работамі, ня гледзячы ні на годы, ні на пол, ні на хваравітае здароўе, і адмаўляюць ува ўсякай дапамозе на набыцьцё патрэбных для сялянскага быту рэчаў. Усё гэта робіцца, звычайна, бяз ведама і проці волі землеўласьніка. У некаторых дробных маёнтках уціск бывае ад самых уласьнікаў». Тут мы спатыкаемся з вельмі тыповым для таго часу поглядам: уся бяда ня ў прыгонным праве, а ў некаторых надужыцьцях прыгону, каторыя ўчыняюцца благімі панамі ці падпанкамі. Даволі зьніштожыць такое зло, і ўсё будзе добра. Бяда ў нягодных кіраўнікох і арандатарах, а ня ў прыгоне.

Гэтае самае пытаньне было закранута ў дакладзе і Віцебскага губэрнатара. Віленскі гэнэрал-губарнатар таксама падняў пытаньне аб арэндах у «паўночна-заходнім краі» ў сваім дакладзе цару. Павінен быў зьвярнуць увагу на арэнды і Мікалай І. Цэнтральны урад вырашыў, што кожны пан павінен сам кіраваць сваім маёнткам, а калі ён гэтага ня робіць, то маёнтак забіраецца пад дагляд палаты скарбовых маемасьцяй. У 1853 годзе быў выдан адпаведны закон, на аснове каторага аддача панамі маёнткаў у арэнду была забаронена. Гэтае распараджэньне засталося існаваць на паперы і зусім не праводзілася ў жыцьцё.