Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX сталецьця (1928)/Пачатак мікалаеўскай эпохі

Сялянскае пытаньне Пачатак мікалаеўскай эпохі
Лекцыя
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1928 год
Паўстаньне 1830-31 году

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пачатак мікалаеўскай эпохі.

З 20-ых гадоў XIX сталецьця ідзе ўпартая рэакцыя. Пачаўшыся з аракчэеўшчыны, яна, пасьля паўстаньня ў сьнежні, пераходзіць у Мікалаеўшчыну. Што датычыць да аракчэеўшчыны, то яна павінна разглядацца, як надворны політычны выказ тых глыбокіх экономічных працэсаў, каторыя тады перажывала імпэрыя. З 20-ых гадоў зноў моцна пачынае расьці ў Расіі маладая прамысловасьць. У 1822 годзе урад устанаўлівае высокае мыта на замежным тавары, каб менш пусьціць іх на рынак і такім спосабам падтрымаць рускую прамысловасьць, забясьпечыўшы ёй вольнае месца на рынку. Стары лад, пабудованы на грунце экономічных узаемаадносін гандлёвага капіталу, адчуваючы прыход на зьмену новага капіталу, каторы будзе руйнаваць старую політыку, бязглузда і ўпарта, рукамі дэгэнэрата Аракчэева, апошні раз будзе бараніць свае політычныя падставы.

На барацьбу з аракчэеўшчынай, як політычнай сыстэмай, выступаюць дзекабрыстыя. Не астанаўліваючыся на апісаньні падзей дзекабрызму, што ў нашы заданьні ня ўходзіць, мы павінны адзначыць, што дзекабрыстыя былі тыповымі прадстаўнікамі інтарэсаў прамысловага капіталу, катораму з соцыяльнага боку было патрэбна вызвалень не з прыгону сялянства, а з політычнага баку—такая констытуцыя, каторая-б абмежавала абсолютную ўладу імпэратара сабраньнем народных прадстаўнікоў.

Час улады прамысловага капіталу яшчэ ня прышоў. Праўда, ён быў цяпер куды мацнейшы, чым раней; тым ня менш, ён быў яшчэ слабейшым ад гандлёвага капіталу. Дзекабрыстыя праваліліся. Царскі пасад «цаною крыві сваіх падданых», паводле яго ўласнага выразу, займае Мікалай І. Пачынаецца тыповая мікалаеўская эпоха. Яна прагнецца вясьці політыку, якая адпавядала-б інтарэсам ня толькі гандлёвага, але і прамысловага капіталу, каторы ўжо пачынае ставіць свае запатрабаваньні. І таму і другому капіталу патрэбна пашырэньне тэрыторыі; тут іх інтарэсы сходзяцца. Вось дзеля гэтага урад Мікалая ўвесь час вядзе войны на захадзе і на ўсходзе. Але далёка не заўсёды магчыма пагадзіць запатрабаваньні гэтых двух драпежнікаў. У такіх выпадках мікалаеўскі ўрад прагнецца прайсьці пасярэдзіне. Адсюль і выцякае даволі частая падвойнасьць політыкі Мікалая І. Наагул, усё-ж такі ўрад больш будзе падтрымоўваць інтарэсы гандлёвага капіталу. Эпоху яго трэба лічыць рэакцыйнаю. Але трэба сказаць, што мікалаеўская рэакцыя не падобна на аракчэеўскую, каторая зусім ня лічылася з запатрабаваньнямі новых экономічных умоў.

Мікалай І, як чалавек, не падобен на Аляксандра І шмат з якіх бакоў. Няма ў яго той інстытуцкай сэнтымэнтальнасьці, расплыўчатасьці і адсутнасьці лініі, якія мы бачым у васобе Аляксандра І. Мікалай І—натура рэальная, цьвёрдая і нават упартая. Яму няможна адмовіць у даволі значнай працаздольнасьці, каторая, праўда, ня выходзіла з рамак канцэлярскай пісаніны. Ніводзін цар не пакінуў пасьля сябе столькі рэзолюцый, паметак на дакладах і інш., як Мікалай. Яго цараваньне мае сваю сыстэму, сваю лінію. Тады, як часы цараваньня Аляксандра І назваць аляксандраўшчынай немагчыма, часы Мікалая І—Мікалаеўшчынай мы можам.

Экономічныя рэальныя умовы патрабуюць ад ураду войнаў за пашырэньне тэрыторыі. Асоба Мікалая з гэтага боку падходзіць да запатрабаваньняў моманту. Ён любіць вайсковы, казармены парадак і дысцыпліну, разумеючы іх, праўда, з чыста формальнага боку. Яшчэ з дзяцінства ён любіць вайсковыя цацкі; шаблі, стрэльбы, барабаны, трубы і г. д. Гэта вучань не часоў Лягарла, а часоў Ламсдорфа, каторы цялесныя кары лічыў найлепшай мерай пэдагогічнага ўплыву, а ваенную муштру—найважнейшай і найпатрэбнейшай навукай. На погляд Мікалая І жыцьцё ўва ўсёй імпэрыі павінна быць пабудована так, як і ў арміі, пры тым, у мікалаеўскай арміі, імпэрыя павінна зрабіцца падобнай на мікалаеўскую казарму. На гэтую тэму ён часта любіў гаварыць: «Тут, у арміі, парадак, строгая бязумоўная дысцыпліна, усё выходзіць адно з другога, усё накіроўваецца да аднэй мэты, усё мае адно заданьне, вось чаму мне так добра сярод ваенных, і я заўсёды буду трымаць пачэсна званьне салдата. Я гляджу на ўсё чалавечае жыцьцё, толькі як на службу, бо кожны служыць» (Стеблев. Очерки по истории ХІХ в.).

Адносіны ураду Мікалая І да польскага пытаньня былі вынікам агульнай політыкі мікалаеўскай эпохі. Мы ўжо казалі, што урад павінен будзе здабываць для рускага капіталу новыя землі. Само сабою зразумела, што Польшча павінна будзе згубіць нават уяўную сваю незалежнасьць. Ня можа быць і размовы аб далучэньні да яе Беларусі. Наадварот, яна сама павінна будзе ўвайсьці ў склад звычайных губэрэнь Расіі. Урад Мікалая І не згаджаўся з лібэралізмам польскай політыкі часоў Аляксандра І. Ён лічыў такую політыку шкадлівай для інтарэсаў імпэрыі і нязгоднай з прынцыпамі самаўладзтва рускага цара.

Асабісты настрой Мікалая І зусім адпавядаў такой політыцы. Яшчэ з дзяцінства ён мае погляд на палякоў, як на «бунтаўшчыкоў», і як такіх—ненавідзіць. Такі погляд на палякоў ён атрымаў ад сваёй нянькі Лаон, каторая была выпісана для яго выхаваньня з Англіі. У часы польскага паўстаньня 1794 году Лаон якраз ехала праз Польшчу ў Расію па вызаве рускай царскай фаміліі. Па дарозе яна папала ў Варшаву ў самы разгар паўстаньня. Разам з рускімі яна была заарыштована і пасаджана ў турму. У вельмі цяжкіх абставінах яна прасядзела там цэлых 7 месяцаў. Само сабою зразумела, што арыштаваныя ў турме павінны былі перажыць усе жахі польскага паўстаньня, часта рызыкуючы быць забітымі. Сувораў, пасьля штурму Прагі, узяў Варшаву і вызваліў з турмаў усіх рускіх, а разам з імі і Лаон. Толькі пасьля гэтага Лаон прыехала ў Пецярбург і зрабілася нянькай малога Мікалая. Вельмі часта потым яна апавядала яму ўсе тыя жахі рэволюцыі, каторыя яна перажыла ў польскай турме. Мазгі дзіцяці з жывасьцю ўспрымалі гэтыя бабскія ды яшчэ і прыфарбованыя апавяданьні, яны моцна адбіліся ў яго памяці на ўсё жыцьцё.

Падзеі 1812 году замацавалі ў Мікалая І адмоўны погляд на палякоў. Палякі былі для яго ня толькі ненавіснымі рэволюцыянэрэмі, але й зацятымі ворагамі Расіі, бо яны ў ліку «двадесяти языков» былі ў Маскве і палілі яе, як тады гаварылі кансэрватыўныя кругі камандных вярхоў. Такі адмоўны погляд на Палякоў, ня толькі тых, што жылі ў Польшчы, а і тых, што жылі на Беларусі, Мікалай І захаваў на ўсё жыцьцё. У яго журнале, у каторы ён запісваў свае штодзённыя мысьлі, здарэньні і пляны, мы чытаем аб польскім шляхецтве такія словы: «На Беларусі шляхецтва, што складаецца амаль што ўсё з вельмі багатых палякоў, зусім ня выказала вернасьці да Расіі і, апроч нека торых віцебскіх і паўднёва-магілеўскіх шляхтаў, усе іншыя прысягнулі Наполеону» (Шильдер. Николай І, т. І, стр. 68).

Заняўшы царскі пасад, Мікалай ня раз адкрыта казаў, што ён не згаджаецца з сваім прадмесьнікам наконт польскай політыкі і што яго нават абурае дараваньне Аляксандрам I канстытуцыі польскім землям. Адмоўна адносячыся да ўсякага парлямэнтарызму, ён лічыць вельмі шкадлівым для неабмежаванай імпэрыі мець яго пад бокам. Абсолютызм новага імпэратара быў так яскрава выразным, што нам зразумелы ўсе гэтыя заявы.

Не прашло і некалькіх месяцаў, як мы ўжо бачым, што паміж царом і яго намесьнікам у Польшчы, Канстантынам Паўлавічам, вынікаюць непаразуменьні. Ня гледзячы на ўсю сваю сумбурнасьць і нетактоўнасьць, Канстантын у польскім пытаньні трымаўся лініі лібэральнай політыкі. Польскую дзяржаўнасьць, на яго погляд, трэба зьберагчы. Для імпэрыі карысна мець у Польшчы буфэр, настрой камандных кругоў каторага пакірован у бок Расіі. Што датычыць да меж Польшчы, то іх трэба пашырыць, аддаўшы польскаму куртатаму каралеўству тэрыторыю Літвы і Беларусі. Адным з мотываў такіх поглядаў Канстантын на польскую політыку было жаданьне пашырыць свой асабісты ўплыў на ўсход і ўзмацніць сваю уладу намесьніка. Само сабою зразумела, што Мікалай І не згаджаецца з поглядам Канстантына. Яго прынцып—гэта прынцып Катарыны ІІ. Расія вярнула сабе свае ўласныя «отторженные» калісь землі і павінна цяпер моцна трымаць іх у сваіх руках. Калі польская дзяржаўнасьць прызнана Венскім конгрэсам, то з гэтым пакуль што прыходзіцца мірыцца, але ні ў якім выпадку ня можна дапускаць думкі аб тым, што Літва і Беларусь павінны ўвайсьці калі-небудзь у склад польскага гаспадарства. Літва і Беларусь гэта «исконные» рускія землі.

Супярэчнасьці паміж намесьнікам польскага каралеўства і Мікалаем І вынікаюць з-за дробных здарэньняў, але ў гэтых драбніцах выяўляюцца прынцыповыя погляды таго і другога. Канстантын быў галоўнакамандуючым польскай арміі, разам з тым ён быў і камандзірам так званага Літоўскага корпусу на Беларусі. Як гэта было звычайна ў мікалаеўскія часы, з Пецярбургу быў дадзен загад перамяніць форму мундзіраў Літоўскага корпусу. Канстантын прапанаваў, каб Літоўскаму корпусу былі дадзены мундзіры з польскімі адзнакамі і афарбоўкай. Мікалай, наадварот, даў загад, каб мундзіры корпусу мелі рускія адзнакі і афарбоўку. Гэта было зроблена, па заяве Мікалая, затым, каб ня даць польскім патрыётам нават намёкаў на магчымасьць якой-небудзь блізкасьці Літвы і Беларусі да Польшчы.

У свой час, калі падняўся рух дзекабрыстых, то ён стаў у сувязь з рухам за адбудаваньне Польшчы. Пасьля разгрому паўстаньня па чала працаваць комісія па разглядзе справы дзекабрыстых. Яна жорстка расправілася з загаворшчыкамі. Паказаньні абвінавачаных выявілі, што дзакабрыстыя вялі жывыя зносіны і трымалі пастаянную сувязь з патайнымі гурткамі як у Польшчы, так і на Беларусі. Гэтыя гурткі ставілі сваёю мэтаю падтрымаць пераварот дзекабрыстых у Расіі і скарыстаць яго для адбудаваньня Рэчы Паспалітай, незалежнай ад Расіі, у старых яе межах. Проэкты рускіх дзекабрыстых, напрыклад, «Русская Правда» Пэстэля, таксама прымалі пад увагу пажаданьні польскіх патрыотычных гурткоў. З польскіх гурткоў, зьвязаных з дзекабрысты-

Беларускія салдаты ў канцы XVIII веку (Конная артылерыя).

мі, нам вядомы: «Грамада праўдзівых палякаў», «Грамада вольных палякоў», «Прыяцелі» і г. д. Што датычыць гурткоў на Беларусі, то яны былі таксама польскімі па сваіх мэтах і па сваім складзе. Яны былі зьвязаны з студэнцкімі гурткамі Віленскага унівэрсытэту. З гурткоў на Беларусі, зьвязаных з дзекабрыстамі, нам вядомы: «Патрыотычны саюз», «Чорныя браты», «Вайсковыя прыяцелі» і інш. Па некаторых зьвестках можна думаць, што ў 1823 годзе ўсе патайныя гурткі ў Польшчы і на Беларусі ўстанавілі паміж сабою сувязь і зьліліся ў адзін «Агульны патрыотычны саюз». Усе гэтыя організацыі ня выступілі проціў рускага ураду ў сьнежні 1825 году толькі таму, што рух дзекабрыстах падняўся неспадзявана для іх, і яны не пасьпелі зрабіць адпаведнай падгатоўкі да выступленьня. Такія матар'ялы, атрыманыя рускім урадам, выклікалі ў Мікалая І яшчэ большае абурэньне проці Польшчы. Члены патайных гурткоў, раскрытых на Беларусі, судзіліся і караліся тым самым Вярхоўным Угалоўным Судом, каторым караліся наагул усе дзекабрыстыя ў Расіі. Загаворшчыкі на Беларусі паплаціліся, хто крэпасьцю, хто турмою, хто катаргаю, хто выгнаньнем «в места не столь отдаленные Сибири». Што датычыць да членаў польскіх патаемных організацый, то, па констытуцыі польскага каралеўства, яны не маглі быць аддадзены пад суд імпэрыі. Для сьледзтва і кары над імі, па загаду польскага караля, якім быў Мікалай І, быў організован асобны суд пры польскім сойме. Гэты суд не сьпяшаўся з разборам справы і разьбіраў яе больш чым год, наўмысьля зацягваючы процэс. Прыцягнутым да суду членам патайных арганізацый было пастаўлена абвінавачаньне ў тым, што яны ведалі аб загавары дзекзбрыстых і не данясьлі аб ім ураду і што яны мелі намер зьвергнуць законны парадак у Польшчы і ўвесьці констытуцыю З мая 1791 году. Ня гледзячы на такое цяжкае абвінавачаньне, суд апраўдаў абвінавачаных, чым, зразумела, быў вельмі абуран урад Мікалая І. Паміж іншым, старшыня соймавага суду Бялінскі на запытаньне рускага ураду, чаму суд апраўдаў абвінавачаных, адказаў так: «Маё сэрца перашкаджала мне асудзіць нацыянальнае пачуцьцё». Даведаўшыся аб такім адказе Бялінскага, Мікалай І, кажуць, кінуў такія словы: «Няшчасныя, яны выратавалі віноў-

Беларускія салдаты у канцы XVIII в. (улан і пачтавік.) ных, але загубілі бацькаўшчыну». З гэтых слоў ясна відаць настрой польскіх грамадзянскіх кругоў і намеры адносна Польшчы рускага ураду. Соймаваму суду за непажаданы, на погляд Мікалая, разбор справы быў зроблен выгавар, але прыгавор яго ўсё-ж такі быў зацьверджан.

5 траўня 1829 году ў Варшаве адбылася ўрачыстасьць каранацыі Мікалая І польскім каралём. Праз год (1830) у траўні адчыніўся чарговы сойм, каторы пачаў сваю бягучую працу. На адчыненьне сойму ў Варшаву зноў прыяжджаў Мікалай І і адчыніў яго сваёю прамоваю. Прамова царственага караля насіла сухі, офіцыяльны характар, не давала ніякіх, нават дэкляратыўных, абяцанак і на прысутных зрабіла няпрыемнае ўражаньне. Праца сойму пашла сваёю чаргою, але гэта была толькі знадворнасьць. У глыбіні ўжо гатаваліся сілы для паўстаньня, каторае і пачалося з восені гэтага самага 1830-га году.

Паўстаньне 1830-31 году.

Мы ўжо гаварылі аб працы патайных організацый у Польшчы і на Беларусі. Яны мелі ў сабе шмат моладзі—як студэнцкай, так і вайсковай. Цэнтрам організацый Польшчы была Варшава, Літвы і Беларусі—Вільня. Разгром дзекабрыстых у Расіі і патайных гурткоў на Беларусі ня спыніў вызваленчаскага руху на захадзе,—тым больш, што ў Польшчу рускае самаўладзтва так і не прабралася, што відаць з процэсу над членамі польскіх патайных гурткоў. Вельмі хутка пад уплывам Варшавы ўзмацняецца рух за аднаўленьне Польскай дзяржавы і на Беларусі. Тут ён атрымоўвае такіх відных ідэёвых кіраўнікоў, як профэсара Віленскага унівэрсытэту Лелевэля і польскіх песьняроў—А. Міцкевіча і Ю. Нямцэвіча.

У 1828 годзе Расія пачала Турэцкую кампанію, каторая патрабавала шмат сродкаў і сіл. Зразумела, што ўся увага рускага ураду была накіравана на поўдзень, дзе адбывалася кампанія. Надзеі польскіх вызваленцаў падняліся. Агітацыя сярод студэнцкай і вайсковай моладзі павялічылася. Момант для паўстаньня быў зручны, бо Расіі ня было магчымасьці зварачаць увагу на захад.

Улетку 1830 году рэволюцыйны вызваленчаскі настрой у Польшчы яшчэ больш падняўся, дзякуючы падзеям францускай ліпнёўскай рэволюцыі. Рэволюцыянэры спадзяваліся, што рэволюцыя з Францыі перакінецца ў другія гаспадарствы і дакоціцца да Польшчы. Рэволюцыя адразу перакінулася ў Бэльгію. Рэакцыйны урад Мікалая І ня мог ня прыняць дзейнага удзелу ў пагашэньні рэволюцыі. У восень 1830 году ў Варшаву з Пецярбургу прышоў загад прывясьці ў баявую гатоўнасьць польскую армію і накіраваць яе на захад, каб задушыць бэльгійскую рэволюцыю. Зразумела, што гэты загад пагражаў