Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX сталецьця (1928)/Русіфікацыя Беларусі
← Паўстаньне 1830-31 году | Русіфікацыя Беларусі Лекцыя Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі 1928 год |
Ліквідацыя царкоўнай вуніі 1596 году → |
Прылучыўшы Беларусь да імпэрыі, урад Катарыны ІІ, лічачы новы край «искони русским», паставіў сабе за мэту русіфікаваць яго і пачаў ужо гэтую справу. Але Катарына хутка памёрла, а новы урад Паўла І не падзяляў поглядаў ранейшага ураду на Польшчу і на Беларусь. Русіфікацыя Беларусі прыпынілася, і пачалося другое. Мы бачым, што на працягу першай чвэрці XIX сталецьця на Беларусі йдзе добра знаёмая краю полёнізацыя, якая праводзіцца цьвёрдаю рукою польскіх патрыотаў, на чале каторых стаяць добра вядомыя нам Чартарыскі, Чацкі і др.
Іначай стала справа ў часы мікалаеўскай эпохі, каторая будавала сваю політыку на трох падставах—праваслаўе, самадзяржаўе і народнасьць. Пад народнасьцю разумелася руская народнасьць, якая, на думку камандных кругоў, павіла была праглынуць усе другія народнасьці, каторыя дасталі назву «інародцаў». У палажэньне «інародцаў» папалі і беларусы, і ліцьвяны, і палякі, і яўрэі. У сувязі з гэтым, на Беларусі старую полёнізацыю зьмяняе русіфікацыя.
Першы плян русыфікацыі Беларусі быў утворан добра вядомым потым «вешацелем» М. Н. Мураўёвым. Пакуль што гэта проста «раскаявшийся» дзекабрысты, каторы пачынае рабіць сваю чыноўніцкую кэр’еру. Месцам яго кар'ернай чыннасьці зьяўляецца Беларусь. Летам 1827 году ён назначан Віцебскім губэрнатарам; праз год, у восень 1828 году, ён перамешчан на тую самую пасаду губэрнатара ў Магілёў, дзе і сядзіць да восені 1830 году. З пачатку паўстаньня Мураўёў пакідае губэрнатарскую пасаду і назначаецца чыноўнікам для асобых даручэньняў пры штабе рэзэрвнай арміі, каторая была ўтворана на Беларусі для падмацаваньня той арміі, якая гасіла паўстаньне ў Польшчы. Пасьля таго, як паўстаньне было задушана ў 1831 годзе, Мураўёў назначаецца на пасаду горадзенскага губэрнатара, на якім месцы ён і прабыў да 1835 году.
За ўвесь гэты час малады кар'ерысты, каб зьвярнуць на сябе увагу начальства, піша шмат усялякіх дакладных запісак наконт Польшчы і Беларусі. Для нас цікавы дзьве запіскі аб русіфікацыі Беларусі, напісаныя ім у 1831 годзе. Зьмест іх такі. Усе чыноўнікі на Беларусі, асабліва гусарскія, павінны набірацца з цэнтральнай Расіі. Іх трэба выклікаць адтуль спэцыяльнымі абвяшчэньнямі і вабіць сюды, «предоставив выгоду в чинах и содержании». Што да «туземцев», то было-б карысна «даць ім магчымасьць служыць у імпэрыі, пасла чаго, калі некаторыя з іх заслужаць давер’е начальства, то могуць дастаць пасады і на Беларусі». Каб утварыць рускі выгляд краю, трэба ўводзіць у быт рускія назвы ўстаноў, пасад, мясцовасьцяў вуліц і г. д. У рускай мове павінны пісацца і друкавацца урадавыя і службовыя паперы і абвесткі. Старыя літоўскія законы па сваёй сутнасьці і форме адчужаюць Беларусь ад Расіі, а загэтым трэба выкасаваць з ужываньня ў судох на Беларусі Літоўскі Статут. «Трэба рашуча зьніштожыць гняздо літоўскага вольнадумства скасаваньнем Віленскага унівэрсытэту і расформаваньнем яго па розных школах унутры імпэрыі». Усе другія школы ў Літве і на Беларусі трэба паступова і няўхільна перарабляць на ўзор рускіх школ. Трэба адабраць прывілеі ў каталіцкага духавенства, зьменшыць яго моц, узяць пад строгі нагляд і адсунуць бязумоўна ад асьветы. Усе каталіцкія ордэны, манастыры і школы— зачыніць. Тое месца, якое раней займала каталіцкае духавенства ў жыцьці Беларусі, павінна заняць праваслаўнае духавенства.
Вышэйпаказаныя запіскі Мураўёва зьяўляюцца урадаваю праграмаю мікалаеўскай русіфікацыі на Беларусі, каторая, з дадаткам усялякіх дэталяй, выконвалася ў другую чвэрць XIX сталецьця. Справа пачалася з ненавіснага для рускага ураду «гнязда літоўскага вольнадумства»—Віленскага унівэрсытэту, які станавіў цэнтр ня толькі «патрыотычнай» польскай культуры, але й мясцовай беларускай культуры, каторая разьвівалася тут побач і ў сувязі з польскай. 1 траўня 1832 г. Віленскі унівэрсытэт быў зачынен, профэсары яго часткаю разьбегліся самі, часткаю былі разагнаны урадам. Замест унівэрсытэту, быў астаўлен толькі адзін мэдыцынскі факультэт, каторы атрымаў назву мэдыцынскай акадэміі. Пры акадэміі існаваў вэтэрынарны аддзел, які быў вельмі рэдкім зьяўленьнем у тыя часы. Акадэмія ў Вільні праіснавала 10 год, зьяўляючыся, як раней унівэрсытэт, цэнтрам патрыотычнага руху польскай і беларускай шляхецкай моладзі. У 1838 годзе руская полатыя ўстанавіла сувязь студэнтаў акадэміі з эмісарам чырвонай польскай эміграцыі Канарскім. Загаворшчыкі былі адкрыты. Канарскі, злоўлены урадам, скончыў сваё жыцьцё на шыбеніцы ў Вільні на Лукіскім пляцы (1839 г.), а студэнты, што мелі з ім сувязь, паплаціліся катаргаю і выгнаньнем у далёкія краі Сібіры. Улада пастаралася даказаць, што прэзыдэнт акадэміі, проф. Кучкоўскі, ведаў аб політычных настроях студэнтаў, а таксама аб зносінах іх з Канарскім і не паказаў на іх рускаму ураду. Усё гэта ўтварыла для рускай улады мотывы, каб зачыніць рэштку Віленскага унівэрсытэту—акадэмію. Акадэмія была зачынена ў 1842 годзе. Профэсары і студэнты былі раскасіраваны па мэдыцынскіх факультэтах рускіх унівэрсытэтаў. Так скончыў сваё больш чым трыццацёхлетняе існаваньне на Беларусі Віленскі унівэрсытэт. Замест яго, Беларусь так і не атрымала ад Расійскай імпэрыі ніякай вышэйшай школы. Гэты факт цяжка адбіўся на навукова-культурных дасьледзінах Беларусі. Толькі ў нашыя часы, калі Беларусь зрабілася Савецкай рэспублікай, улада рабочых і сялян дала краю тое, чаго ён ня мог дачакацца ад царызму. У 1921 годзе быў заснован унівэрсытэт, а ў 1922 г. сельска-гаспадарчы інстытут, каторыя зьяўляюцца асяродкамі новай культуры і навукі на Беларусі.
У свае часы (у 1832 і 1842 гадох), пасьля зачыненьня Віленскага унівэрсытэту ўсе навуковыя яго цэннасьці—бібліотэка, габінэты, музэй і г. д.—былі перавезены ў Кіеў, і там быў эаложан Кіеўскі унівэрсытэт (1834 г.), каторы і існуе да нашых дзён.
За унівэрсытэтам наступіла чарга і для Віленскае вучэбнае акругі. На думку яе заснавацеля Чартарыскага, акруга концэнтравала ў сваіх межах усе землі былой Рэчы Паспалітай, што ўвашла ў склад Расійскай імпэрыі. Такім спосабам утваралася поўная магчымасьць адзінага концэнтраванага польска-патрыотычнага ўплыву на тэрыторыях Літвы, Беларусі і Украіны. Гэтыя землі культурна-політычнаю дзейнасьцю акругі як-бы падстаўляліся да таго, каб потым уліцца ў будучую Польшчу. Зразумела, што урад Мікалая І дапусьціць далейшае існаваньне акругі, утворанае для такіх мэт, ня мог. Віленская акруга была падзелена на дзьве часткі. Адна частка яе (паўночная) злажыла Беларускую акругу, а другая (паўднёвая) адышла да новае Кіеўскае акругі.
Потым урад прыняўся за рэформу школ. У 1834 годзе былі выданы новыя штаты для школ на Беларусі, ці, як сказана ў палажэньні аб штатах,—«для учебных заведений Северо-Заладного края». Пры разглядзе гэтых штатаў мы бачым, што пры замене польскіх школ рускімі агульны лік школ зьмяншаўся, прыблізна, на палавіну. Перад паўстаньнем 1831 году на Беларусі лічылася 13 гімназій і 33 павятовых школ, усяго 46; паводле рускіх штатаў 1834 году, на Беларусь было вызначана гімназій і павятовых школ разам толькі 25. Была закасаваны, такім спосабам, 21 школа з 46. Потым урад пачаў папраўляцца, і лік рускіх школ паступова павялічваецца. Праз 10 год (1844 г.) на Беларусі (губэрні-Віленская, Горадзенская, Ковенская і Менская), замест 25 школ, налічваецца ўжо 44.
Само сабою зразумела, што выкладоваю моваю ў гэтых школах была руская мова. На праграмах і сыстэме іх выказалася ўся рэакцыйнасьць мікалаеўскай асьветнай політыкі. Програмы гімназій былі зложаны на квазі-клясычным грунце. Мотывы для гэтага грунту ў палажэньні аб гімназіях былі фармуляваны так: «Дабы заснаваць рускую адукацыю цьвярдзей і глыбей на старажытнай адукацыі той нацыі, ад каторай Расія атрымала і сьвятое навучэньне веры і першыя пачаткі сваёй асьветы». Ясна, што пад нацыяй, вызначанай тут, урад разумеў ня грэкаў антычнага часу, а грэкаў-візантыйцаў эпохі ўпадку антычнай культуры. Вось гэтая ўпадачная культура і лягла ў аснову програмы мікалаеўскай гімназіі. Сыстэма асьветы была наўмысьля пабудована так, каб парушыць адзінства і паступовасьць школы; каб з школы ніжэйшага тыпу ня можна было без перашкод перайсьці ў школу вышэйшага тыпу. Клясычная програма была злучана з саслоўнай сыстэмай школы. Гімназіі павінны былі абслужваць толькі шляхту. Людзі «подлых станаў» не павіны была пераходзіць па сканчэньні школы ў гімназію. Зразумела, што, разам з гімназіяй, для ня шляхціца быў зачынен і унівэрсытэт, бо шлях у вышэйшую школу ішоў праз гімназію. Вышэйшая школа, на думку ураду, была шкадлівай для людзей ніжэйшых станаў грамадзянства, «ибо, составляя лишнюю роскошь, оно (высшее образование) выводит их из круга первобытного состояния без выгоды для них и государства». На думку ураду, прадстаўнікі працоўных мас не павінны лезьці ўгару, а павінны аставацца ў «першабытным стане».
Для незаяўленых рускіх школ на Беларусі не хапала настаўнікаў. Каб запоўніць гэты прабел, выклікаюцца з цэнтральнай Расіі настаўнікі, каторых урад прываблівае сюды павышанымі пэнсіямі і падарожнымі грашыма. Для пачатковых школ урад прагнецца выкарыстаць мясцовых сьвяшчэньнікаў. Апроч таго, ім даецца загад адчыняць рускія школы напарафіях пры цэрквах. Не хапае і папоў, якія добра ведалі-б рускую мову. Дзеля гэтага урад выклікае на Беларусь рускіх папоў, даючы ім тыя самыя прывілеі, што і настаўнікам. Заадно рускія папы павінны русіфіхаваць і праваслаўную царкву на Беларусі. Забаронена як у праваслаўных, так і вуніяцкіх цэрквах гаварыць казаньні пабеларуску, што часта практыкавалася ў вёсцы, бо беларуская мова была прыроўнена да польскай і рэшткі яе выжываліся разам з польскай мовай
Потым урад прыняўся за польскую культуру і літаратуру, а разам з ёю і за беларускую. Ставіліся ўсялякія перашкоды пры цэнзуры і выданьнях твораў, аўтары іх браліся пад нядрэмнае вока мікалаеўскай поліцыі. Цікава тое, што беларуская літаратура часам больш падлягала рэпрэсіям, чым нават польская. У той час, як «Пан Тадэуш» Міцкевіча вольна зьяўляўся ў друку ў польскай мове, пераклад яго дзьвюх першых песень, зроблены беларускім песьняром Б. Дунін-Марцінкевічам, быў зьнішчан.
Ува ўсіх адміністрацыйных і судовых установах была ўведзена руская мова як для вуснага карыстаньня, так і для канцэлярскіх спраў. Зразумела, што пры такой перамене не хапала мясцовых ураднікаў, каторыя-б ведалі рускую мову, бо раней ува ўстановах яны карысталіся польскай мовай. Недахват запаўнялі вызывамі ураднікаў з цэнтральнай Расіі. Старыя польскія ураднікі звыклі да мясцовага быту і беларускай мовы, чым палягчалі для сялянства зносіны з урадовымі ўстановамі, дзе дзелаводзтва вялося ў польскай мове. Апроч таго, большасьць ураднікаў былі полёнізаванымі беларусамі, для каторых бела руская мова і быт былі больш зразумелымі і блізкімі, чым польская мова і польскі быт, дзеля чаго яны карысталіся моваю беларускай большасьці на кожным кроку. Новыя ураднікі, выкліканыя з Расіі, зусім ня былі знаёмы ні з мясцовым бытам, ні з моваю, дзеля чаго беларускія працоўныя нізы, каторыя, апроч сваёй мовы, ніякай другой ня ведалі, сталі тым лагаднейшым матар'ялам для чыноўніцкага кручкатворства і судовай валакіты. Трэба сказаць, што вызывы ураднікаў з цэнтральнай Расіі вялікіх вынікаў у першыя часы ня мелі. Першыя кадры рускага чынавенства на Беларусі зьбіраліся паціху. У саракавыя годы лік выкліканых ураднікаў складае 25-30% усяго чынавенства на Беларусі. Бачачы гэта, рускі урад выдаў загад, каб мясцовыя ураднікі, палякі і беларусы, вучыліся для дзелаводзтва рускай мове. Быў назначан тэрмін, пасьля якога ня ведаўшыя рускай мовы ураднікі выключаліся з урадавых устаноў.
Што датычыць да панства, каторае прымала удзел у паўстаньні, то яно ў сваёй большасьці пастаралася ўсякімі спосабамі ўвастанавіць добрыя адносіны з рускім урадам па зразумелых прычынах. Пацярпела больш шляхта, каторая ў паўстаньні далёка зашла. Найбольш дадалося безабароннай, малазямельнай, дробнай, так званай засьценкавай шляхце. Нязначная меншасьць панства і шляхты, каторая не ўвашла ў згоду з рускім урадам, часткаю ўцякла заграніцу ў эміграцыю, часткаю была асуджана і выслана «в места не столь отдаленные Сибири». Маёнткі тых і другіх былі рэквізаваны ў скарб і раздаваліся потым за «заслуги пред царем и отечеством» рускім дваранам і ураднікам. Вельмі часта з рэквізаваных зямель выкрайваліся надзелы для сьвяшчэньнікаў праваслаўных парафій. Земляўласьніцтва на Беларусі ў сваёй аснове ўсё-ж такі засталося польскім, як і раней. Гэты факт утварыў для польскай эміграцыі магчымасьць, цераз аблажэньне нелегальнымі падаткамі зямель сваіх радакоў, прыгатаўляць экономічныя рэсурсы для будучага паўстаньня і падрываць усе адміністрацыйныя распараджэньні ураду, накіраваныя на ўраўненьне краю з цэнтральнай Расіяй.
Пачынаючы з часоў Паўла І, суд на Беларусі зноў адпраўляўся па нормах Літоўскага Статуту, каторы пры далучэньні Беларусі да Расу быў выкасаван з ужытку урадам Катарыны ІІ. Беларускія масы звыклі да гэтых норм, карыстаючыся імі на працягу соцен год. Яны вырасьлі на мясцовай глебе і, як такія, адпавядалі укладу мясцовага жыцьця. Урад імпэрыі па сваёй гістарычнай і політычнай няпісьменнасьці быў пераконаны, што Літоўскі Статут цалкам ёсьць продукт польскай дзяржаўнай творчасьці. Адсюль урадам рабіўся вывад, што «польскае» права, апрацованае ў Літоўскім Статуце, трэба замяніць рускім правам, аб чым і пісаў у сваёй запісцы М. Н. Мураўёў. Якраз у часы мікалаеўскага ураду, у 1833 годзе, амаль што пасьля 200-гадовага перарыву (1649—1833), была канчаткова зроблена кодыфікацыя рускага права. Над гэтым працаваў лібэрал аляксандраўскіх часоў, што потым пакаяўся ды стаў тыповым чыноўнікам мікалаеўскай эпохі, вядомы Сьперанскі. Раней ён сабраў усе юрыдычныя матар'ялы і разлажыў іх у хронолёгічным парадку. Пасьля гэтай падгатоўчай працы сабралася 45 томаў «Полного собрания законов Российской империи». Потым Сызранскі зрабіў сыстэматызацыю сабраных матар’ялаў па асобных відах праступкаў, выбіраючы толькі тыя законы, якія былі прыстасованы да сучаснага яму жыцьця. Такіх законаў набралася 15 томаў; яны былі выдадзены пад назваю «Свод законов Российской империи».
Пасьля таго, як імпэрыя атрымала «Свод законов», яна пашырыла яго па сваім абшары. У 1834 годзе, па распараджэньні ураду, Літоўскі Статут быў скасаваны ды заменен агульнарасійскім «Сводом». Гэтая замена пагоршыла судовую справу на Беларусі. Найперш за ўсё, па заяве самога Сьперанскага, «Свод» ня быў яшчэ апрацован да канца; яго трэба было яшчэ раз пераглядзець, значна скараціць і зрабіць больш цэльным і зьвязным. Апроч таго, «Свод» ня мог адпавядаць умовам і абставінам бягучага жыцьця на Беларусі, бо ўзрос і быў апрацован на грунце быту цэнтральнай Расіі.
А цікава адзначыць, што Беларусь мела ў гэты самы час апрацованы для яе і адпаведны умовам яе жыцьця зборнік законаў. Вядомы вучоны юрысты таго часу, профэсар Віленскага унівэрсытэту І. Даніловіч, доўга працаваўшы над нормамі мясцовага права, прыгатаваў для друку так званы «Западный Свод законов». У аснову гэтага «Своду» якраз былі паложаны нормы старажытнага беларускага права, на каторых утварыўся Статут Вял. Княства Літоўскага. Гэты зборнік лепш быў апрацовак чым «Свод» Сьперанскага, і больш адпавядаў умовам беларускага жыцьця. Урад Мікалая І забракаваў працу Данілевіча, як працу «польскага» характару, і Беларусь ніколі так і не пабачыла «Заходняга Своду законаў».