Гісторыя Беларусі (Пічэта)/Тэрыторыя і яе мінулае
Тэрыторыя і яе мінулае Аўтар: Уладзімір Пічэта |
Беларускія землі ў ХІ-ХІІІ в. → |
Тэрыторыя і яе мінулае.
І. Агульны выгляд.Рэльеф. Славянскія пляменьні, якія асноўным ядром увайшлі у склад беларускага народу, засялялі паўночна-заходнюю часьць усходня-эўропэйскай раўніны, замкнёную ў чатырохкутніку рэк: Заходняй Дзьвіны, Нёману, Прыпяці, вышнявіны Дняпра з Бярэзінай. Паверхня першапачатковай беларускай тэрыторыі дзеліцца па свайму характару на дзьве часьці: паўночную—узгоркавую і паўднёвую—нізінную. Паўночна-ўсходняя часьць Беларусі зьяўляецца працягам сярэдня-расійскага ўзвышша. На паўночна-заходняй часьці раскінуты Вілейска-Нёманскія ўзвышшы, якія зьяўляюцца вадападзелам паміж вадазборамі Чорнага мора й Бальтыцкага. На поўначы тэрыторыі цягнецца ў палуднікавым кірунку з поўдня і паўднёвага-ўсходу на поўнач і паўночны-захад ад Віцебску Нэвэльска-Віцебская горная града, якая падымаецца над роўнем мора да 100—140 с. Усходняя часьць тэрыторыі, раскінутая ў паўднёва-заходняй часьці сярэдня-расійскага ўзвышша, мае хвалістую паверхню, на якой сустракаюцца ўзвышшы, да 147 с. вышыні над роўнем мора. Самае высокае ўзвышша „Окаўскі лес” злучае Валдайскае ўзвышша з сярэдня-расійскім узвышшам. Другая горная града цягнецца на паўднёвы захад ад Валдайскага ўзвышша і дасягае 100 с. вышыні над роўнем мора. Іншыя ўзвышшы падымаюцца на 120—140 с. над роўнем мора. Усе гэтыя ўзвышшы зьяўляюцца вадападзелам паміж Волжскім, Заходня-Дзьвінскім і Дняпроўскім рэчнымі вадазборамі. Паўднёвая часьць беларускай тэрыторыі—гэта ёсьць багніста-лясістая нізіна, гэтак званае Палесьсе. Толькі ўздоўж крутых і высокіх правых берагоў Прыпяці, асабліва каля Мазыра, знаходзяцца мясцовасьці, якія крыху падымаюцца над агульным роўнем, гэта аднак нязначна зьмяняе агульны характар мясцовасьці.
Абвадненьне. Рэкі Беларусі прыналежаць да чатырох галоўных рэчных вадазбораў: Нёманскага, Заходня-Дзьвінскага, Дняпроўскага і часткай Волжскага. Першыя два рэчныя вадазборы ўваходзяць у склад вадазбору Бальтыцкага мора. Два апошніх рэчных вадазборы зьяўляюцца часткамі вадазбораў Чорнага й Касьпійскага мораў. Вадападзеламі, як паміж морскімі, гэтак і паміж рэчнымі вадазборамі, зьяўляюцца ўзвышшы, раскінутыя на тэрыторыі. Віленска-Нёманскія ўзвышшы аддзяляюць Бальтыцкі вадазбор ад Чарнаморскага, „Окаўскі лес” зьяўляецца вадападзелам паміж Дняпром з аднаго боку і прытокамі Заходняе Дзьвіны і Волгі—з другога. Узвышша, што знаходзіцца на паўднёвы-захад ад „Окаўскага лесу", зьяўляецца вадападзелам паміж прытокамі Заходняй Дзьвіны і Дняпром. Іншыя ўзвышшы аддзяляюць вадазбор Дняпра ад вадазбору Волгі. На поўначы тэрыторыі цячэ р. Заходняя Дзьвіна, аддзеленая шэрагамі узгоркаў ад вадазбору р. Нёману і Валдайскімі гарамі ад вадазбору р. Вялікай і Лаваці. Дняпро цячэ амаль-што па сярэдзіне тэрыторыі, а паўднёвая частка тэрыторыі абвадняецца Прыпяцьцю. Вадазборы рэк значна прыбліжаюцца адзін да другога. Нязначная вышыня ўзгоркаў не перашкаджала зносінам і ўзаемнаму ўплыву паміж усімі насельнікамі тэрыторыі. Правыя прытокі З. Дзьвіны—Дрысса, Абольля, Усьвяча збліжаюць З.-Дзьвінскі вадазбор з вадазборам Чудзкага і Ільменскага вазёр. Левыя прытокі—Лучэса, Каспля, Улла—злучаюць З. Дзьвіну з вадазборам Дняпра. Вышнявіны З. Дзьвіны, падыходзячы вельмі блізка да вышнявін Волгі, злучаюць вадазборы гэтых рэк. Левай прытокай—Уллою З. Дзьвіна злучаецца з Бярэзінай. Левай прытокай З. Дзьвіны—Дзіснай і правай прытокай Віліі—Жымянай, злучаюцца вадазборы З. Дзьвіны і Нёману. Дняпроўскі вадазбор р. Бярэзінай і яе прытокай Поняй праз Вілію збліжаецца з вадазборам Нёману. Вышнявіны Дняпра злучаюць вадазбор Дняпра і Волгі разам з Акой. Прыпяць сваім вусьцем зьвязваецца з сярэднім Дняпром, а сваімі вышнявінамі праз сваю прытоку Піну і Мухавец, прытоку заходняга Бугу, прыбліжаецца да Вісьлянскай воднай артэрыі; рэчкай Ясельдай праз Шару, прытоку Нёману, Прыпяць злучаецца з вадазборам Нёману. Дзякуючы гэтаму вадазборы Бальтыцкага і Чорнага мораў былі вельмі блізкі паміж сабой. Тэрыторыя Беларусі багата вазёрамі і балотамі. Ува ўсходняй часьці тэрыторыі вазёр нямнога. Найбольш значнымі з паміж вазёр зьяўляюцца: возера Лубань (73,9 кв. в.) у паўночнай часьці тэрыторыі, возера Князь (49,5 кв. в.) у паўднёвай часьці. Балоты пераважна спатыкаюцца ў заходняй і паўднёвай частках тэрыторыі.
Глеба. У стасунку да глебы тэрыторыя Беларусі прыналежыць да нечарназемнай паласы і азначаецца вялікай разнастайнасьцю ў залежнасьці ад паасобных районаў. Наогул-жа на тэрыторыі Беларусі спатыкаюцца глебы: суглінкавыя, балотныя (багністыя), пясчаныя, патрабуючыя або значнага ўгнаеньня, або зусім няпрыгодныя для сельскае гаспадаркі.
Клімат. У стасунку да клімату тэрыторыя Беларусі прыналежыць да мернай паласы, у якой няма раптоўных пераходаў ад дзённай гарачыні да ночнага холаду. Кліматычныя ўмовы залежаць ад палажэньня Беларусі ў паўночна-заходняй часьці ўсходня-эўропэйскай раўніны. Пераважным ветрам трэба тут лічыць паўночна-заходні, які прыносіць з сабою значную колькасьць вільгаці і павышае зімовую тэмпэратуру. Сярэдняя гадавая тэмпэратура хістаецца паміж +4,5° ува ўсходняй, +5° у паўночнай і +6° у заходняй частках тэрыторыі. Поры году не разьмяжованы раптоўна адна ад другой і вызначаюцца вялікай нясталасьцю. Часта бывае, што ў маі і чэрвені паяўляюцца халады, якія значна шкодзяць расьліннасьці. Лета бывае то засушлівым, то надта дажджыстым. Гэткая самая й восень. Зіма бывае або сьнежнай і цёплай, або бясьсьнежнай і халоднай. Большую частку году неба бывае пакрыта воблакамі. Найбольшая колькасьць воблачнасьці прыпадае на зімовыя месяцы: лістапад, сьнежань і студзень. У летнія месяцы воблачнасьць найменшая. Што датыча вільгаці, то ўся тэрыторыя Беларусі даволі ёю багата. Першае месца ў гэтых адносінах займае Палесьсе. Найбольшая колькасьць атмосфэрных ападаў прыходзіцца на летнія месяцы.
Расьліннасьць і жывёльнасьць. Тэрыторыя Беларусі—гэта краіна лясоў, раскінутых на ўзвышшах і на нізінах — паміж балот. Лясы Беларусі маюць характар мяшаных лясоў. У ігластых лясох найчасьцей спатыкаецца хвоя, а ў ліставых лясох — вольха, бяроза, асіна. Апрача гэтага растуць ясень, клён, ясакар, бук, ліпа, дуб, рабіна, вяз. Даволі часта спатыкаюцца хмызьнякі, заросшыя барбарысам, баярышнікам, шыпшынай, чарніцай, брусьніцай, калінай, цярноўнікам, малінай, парэчкамі. Распаўсюджаны і садовыя фруктовыя гатункі, як яблыны, грушы, сьлівы, вішні. Тэрыторыя багата травяной расьліннасьцю. Усяго спатыкаецца да 900 відаў расьлін, якія адносяцца да расьліннасьці сухіх лугоў, леснай, травяной, воднай і балотнай, а гэтак сама да расьліннасьці ўзоравых лугоў. З паміж травяністых расьлін зьвяртаюць на сябе асаблівую ўвагу лекавыя травы: крываўнік, буквіца, чарада, клін, падтыньнік, малочніца, сардэчнік і інш. Жывёльнасьць Беларусі ў даўнейшыя часы была вельмі багатай і разнастайнай. Спатыкаліся тут дзікія каты, расамахі, буры мядзьведзь, ласка, барсук, рысь, воўк, ліса, куніца, тхор, выдра, гарнастай, норка, вавёрка, бабры. Капытныя жывёлы былі прадстаўлены выміраючымі зубрамі, ласямі, дзікамі і звычайнай свойскай жывёлай. Нязвычайна багата тэрыторыя птушкамі, паміж іх нямала драпежных, як напрыклад: арлы, бэркуты, арляняты, крыкуны, белахвосты, сокалы, ястрабы, сычы, совы, пугачы і соўкі. Вельмі багата прадстаўлены вераб'іныя гатункі; спатыкаем тут — начніц, стрыжоў, ластавак, удодаў і інш. Багата спатыкаецца тут і сьпеўных птушак — дразды, пеначкі, малінаўкі, пліскі, чыжы, шчыглы. З паміж лазячых птушак маюцца зязюля, дзяцел, круцігалоўка. Курыны род прадстаўлен — глушцамі, цецярукамі, курапаткамі, перапёлкамі. Распаўсюджаны і цыбатыя птушкі: жураўлі, буслы, чыбісы, шэрыя чаплі, дзяргачы, лысухі, водныя куркі. Плывуны-птушкі прадстаўлены чайкамі, шэрымі гусямі, дзікімі качкамі і інш. У параўнаньні нямнога на тэрыторыі гадаў, паміж якіх найчасьцей спатыкаюцца: яшчаркі, вужы, сьліўні і гадзіны. Нязвычайна багата царства рыб: вокунь, судак, ерш, бычкі, язі, мянтузы, сом, карп, шчупак, карась спатыкаюцца ўсюды. У Заходняй Дзьвіне апрача гэтага — ласосі, міногі, калюшкі, быстранкі, а ў Прыняць часамі заплываюць асетры, чарнаморскія селядцы, стэрлядзі.
З прычыны мноства лясоў на тэрыторыі Беларусі багата маецца шасьціножак, галоўным чынам, двукрылых: камароў і мошак.
Уплыў прыроды на гісторыю. Географічныя варункі маюць вялікі ўплыў на гістарычнае жыцьцё народу. Адсутнасьць горных перашкод спрыяла аб’яднаньню насяленьня і зносінам. З другога боку, вялікая колькасьць лясоў зьяўлялася часткова перашкодай расьсяленьню насяленьня па ўсёй тэрыторыі. Блізкасьць аднаго рэчнага вадазбору да другога давала магчымасьць насяленьню перасоўвацца па рэках і дзякуючы гэтаму даволі хутка калянізаваць тэрыторыю. У той самы час тыя-ж вадападзелы служылі як этнографічнымі граніцамі беларускага пляменьня, гэтак і політычнымі граніцамі ўтвараючыхся політычных організмаў. Аднак нявыгадным з надворнага боку для тэрыторыі было тое, што яе граніцы былі пазбаўлены значных прыродных перашкод. Тэрыторыя была даступна розным чужаземным нападам і найсьцям. Злучаная сваімі рэчнымі вадазборамі з Бальтыцкім морам, тэрыторыя Беларусі зьяўляецца пляцам барацьбы чужаземных дзяржаў за берагі Бальтыцкага мора. Беларусь ня раз была спустошана вайной, а гэта прыпыняла яе экономічнае і культурна-соцыяльна-політычнае разьвіцьцё. Пад уплывам і ў залежнасьці ад прыроды ўтвараўся і першапачатковы экономічны быт народу і ўвесь уклад яго жыцьця. Прымітыўная эксплёатацыя (выкарыстаньне) прыродных багацьцяў будзе на працягу доўгага часу падставай народнае гаспадаркі. Злучнасьць галоўных рачных вадазбораў з Бальтыцкім морам прымусіць Беларусь стыкацца з іншымі народамі, з якімі на тэрыторыі Беларусі будзе наладжвацца гандаль і кулыурна-экономічныя зносіны. З другога боку, блізкасьць вадазбору верхняга Дняпра да вадазбору Волгі і Дону дасьць магчымасьць насяленьню прымаць удзел ва ўсходнім гандлі і разам з гэтым быць перадавальнікам усходніх тавараў на Захад. У залежнасьці ад палажэньня тэрыторыі знаходзяцца і культурна-політычныя сувязі і адносіны Беларусі ў гістарычныя часы. Суседзтва з больш дужымі экономічнымі і політычнымі організмамі, як Польшча і Масква, зьяўлялася значнай перашкодай на шляху нацыянальна-культурнага і політычнага разьвіцьця беларускага народу. На тэрыторыі Беларусі стыкнуцца польскі і велікарасійскі культурныя ўплывы. Нацыянальна-культурнае і політычнае адраджэньне пачнецца пазьней і будзе адбывацца больш павольным тэмпам, чымся ў іншых краёх.
Геолёгічная будова. У большасьці геолёгічных пэрыодаў тэрыторыя Беларусі была морскім дном, хаця рэшткі гэтых адкладаў спатыкаюцца даволі рэдка. У паўночна-ўсходняй часьці тэрыторыі (б. Віцебскай і б. Магілёўскай губ.) усюды спатыкаюцца ледавіковыя адклады, якія пакрываюць ніжэйпаложаныя пароды. Тут мае перавагу гэтак званая дэвонская формацыя. Пласты яе цягнуцца ад Рыскае затокі праз увесь вадазбор Заходняе Дзьвіны. Мінэральны склад, які спатыкаецца ўкраіне ўтвораў дэвонскае формацыі, адзначаецца недахватам цьвёрдых і разнастайных земных парод. Спатыкаюцца толькі вапнякі і пескавікі. У першых пападаюцца выкапні чарапашын, а ў другіх — рэшткі рыб. У паўднёва-ўсходняй часьці Беларусі маюць перавагу абгаленьні крэйдавай формацыі. Апрача крэйдавых парод вядомы гэтак сама зеленавата-шэрыя гліністыя пяскі з рэшткамі цьвёрдага скалкавага пескавіку. У Палесьсі крэйдавыя адклады складаюцца з даволі рыхлае крэйды з скалкамі і непрапушчаючых воду белых крэйдавых маргеляў. Нарэшце, у паўднёвай часьці б. Магілёўскай губ. і Палесься спатыкаюцца глаўконітавыя і белыя кварцавыя пяскі з праслоямі цёмнай гліны; гэтыя пяскі зьяўляюцца вынікам утварэньня трэтычнай сыстэмы з дамешкай крэйдавай формацыі ў выглядзе кавалкаў крэйды, вымытай з крэйдавых парод. Ад геолёгічнае будовы залежыць убогасьць Беларусі карыснымі выкапнямі. На тэрыторыі маецца ў нязначнай колькасьці жалезная руда, галоўным чынам у паўночнай часьці. У паўднёвай і паўднёва-ўсходняй часьці тэрыторыі спатыкаецца ў вялікай колькасьці балотная жалезная руда, аднак, даволі дрэннага гатунку, а гэтак сама знаходзіцца гліна ўва ўсходняй часьці тэрыторыі. Апрача гэтага, у паўночнай і ўсходняй Беларусі распаўсюджаны вапнякі і доломіты, а гэтак сама ёсьць торф, асабліва ў паўночна-ўсходняй часьці Палесься. Нарэшце, у паўночнай часьці знаходзяцца мінэральныя крыніцы, пераважна жалезістыя, але невялікай вартасьці. Агульны характар геолёгічнае будовы меў для народнае гаспадаркі вялізарнае значэньне.
Археолёгічнае мінулае. Эпоха палеоліта. Архэолёгічныя раскопкі на тэрыторыі Беларусі маюць сваю значную даўнасьць. У параўнаньні з архэолёгічнымі дасьледваньнямі поўдня і ўсходу ўсходня-эўропэйскай раўніны, тэрыторыя Беларусі зьяўляецца мала дасьледаванай. Архэолёгічныя помнікі — матар'ял вялікай гістарычнай вартасьці. Яны даюць магчымасьць як пранікнуць далёка ў мінулае тэрыторыі, гэтак і намеціць асноўныя вехі ў яе гістарычнай эволюцыі; адначасна з гэтым архэолёгічныя помнікі даюць багаты матар'ял, на падставе якога можна выявіць бытавы ўклад жыцьця насяленьня. З архэолёгічнага боку найбольш дасьледваны б. Віцебская губ., у яе заходніх частках, і Смаленская губ. Рэшта тэрыторыі толькі пачынае дасьледвацца. Найбольш старажытнай эпохай зьяўляецца эпоха каменнага веку. Гэты апошні дзеліцца на палеоліт і нэоліт. Характэрнай азнакай першага зьяўляецца ўжываньне прыладаў з неацесанага каменя, тады як у эпоху нэоліта ўсе прылады адшліфованы. Эпоха палеоліта ў параўнаньні слаба прадстаўлена на тэрыторыі Беларусі. Палеолітычныя прадметы знаходзяцца ў паўночнай і сярэдняй частчастках. У вадазборы верхняга Дняпра іх зусім не знаходзяць. Найбольшая колькасьць прадметаў палеоліта прыпадае на Віцебскую губ. Гэтак, у Себескім павеце, на беразе возера Глубачынскага, знойдзен экзэмпляр адбіўнай скалкавай стралы. У Гарадоцкім павеце знойдзена мноства скалкавых нажоў. Скалкавыя прылады спатыкаюцца і ў іншых паветах: Веліскім, Нэвэльскім, Віцебскім на правым беразе З. Дзьвіны. Паасобныя прадметы палеоліта знаходзяцца і на тэрыторыі Меншчыны.
Эпоха нэоліта. Помнікі нэолітычнага пэрыоду прадстаўлены больш багата. Яны спатыкаюцца на ўсёй тэрыторыі Беларусі, хаця разьмяркованы няроўна. На поўнач ад левага берагу З. Дзьвіны прадметы эпохі нэоліта пападаюцца невялікімі групамі. На тэрыторыі на поўдзень ад Заходняй Дзьвіны нэолітычныя прадметы спатыкаюцца гусьцей. Вялікая майстэрня каменных прыладаў была знойдзена каля злучэньня рэк Нарвы і Бабра ў Горадзеншчыне. Гэткае разьмеркаваньне прадметаў нэоліта сьведчыць аб тым, што часьць насяленьня жыла вандроўным жыцьцём, а другая аселым. Нэолітычныя становішчы былі раскінуты на берагох рэк, вазёр, дзе можна было знайсьці рыбу для жыўнасьці і скалку для вырабу прыладаў. Разам з гэтым спатыкаюцца прадметы нэолітычнай эпохі, зробленыя з такіх гатункаў каменя, якія не спатыкаюцца ў паўночнай часьці Беларусі, а гэтак сама пацеркі і чарапашыны, што сьведчыць аб разьвіцьці таваразмену з суседзьмі. Прадметы нэоліта зьяўляліся прыладзьдзямі для барацьбы з жывёлаю і дзеля паляўніцтва. Апрача гэтага, да нэоліта адносяцца: долаты, рубілы, сякеры, сярпы, жорны і інш. У эпоху нэоліта ўжо было вядома ганчарнае рамясло. У паўднёвай Беларусі была знойдзена магіла з чатырма глінянымі пасудзінамі. Пахаваньне нябожчыкаў у эпоху каменнага веку яшчэ ня мела пэўнай усталенай формы. Існуюць магілы дваякага тыпу пахаваньня: адны – рэзультат трупаспаленьня, другія—рэзультат трупазакапаньня.
Мэталічная эпоха. Помнікі бронзавага веку тэрыторыі Беларусі спатыкаем даволі рэдка. У паўночнай часьці тэрыторыі зусім ня знойдзена помнікаў гэтае эпохі. У Смаленшчыне, у гэтак званым Гнездаўскім могільніку, знойдзена некалькі невялікіх выпуклых гузікаў, рэшткі доўгага, падобнага да чаравіка, бронзавага футляра, бронзавая спражка, бронзавы персьцень, прасунуты ў загнуты канец дроту, кавалак бронзавай чатырохкутнікавай бляшкі, загнутай дужкай, з чатырма цьвічкамі на канцох. Наогул, бронзавыя помнікі Смаленшчыны нязначны. Больш помнікаў бронзавага веку спатыкаецца ў Меншчыне. Прадметы мэталічнай эпохі прыналежаць да жалезнага веку; гэты век папераджаўся гэтак званай “пераходнай эпохай”, калі побач з прадметамі жалезнымі ўжываліся і каменныя прылады. Пераход ад каменнага пэрыоду да жалезнага веку адбываўся вельмі паволі. Помнікі мэталічнага пэрыоду не адносяцца раней Х—XI сталецьцяў. Да іх адносяцца: пацеркі са шкла, нашыйныя ланцугі з буйных або дробных колак, пакручастыя наручнікі, сякеры, пікі, нажы, мячы, мэталічныя бляшкі, жалезныя астрогі, жалезныя цьвікі, вянкі на голаў, ланцужкі на шыю, фібулы, пярсьцёнкі, паясы, кальчужныя тканіны, прасьніцы. Ад эпохі мэталічнага веку захавалася значная колькасьць курганоў, могільнікаў. Раскопкі высьвятляюць форму пахаваньня нябожчыкаў. У районе З. Дзьвіны пераважна палілі трупаў. У районе Прыпяці і Бярэзіны пераважна закопвалі трупаў у зямлю. У районе верхняга Дняпра і Сожы шмат-дзе часьцей закопвалі трупаў, чымся палілі. Немагчыма азначыць, да якога народу належаць раскіданыя па тэрыторыі, могільнікі. У кожным выпадку яны былі не славянскія і не латыскія. Латышы называюць гэтыя магілы чужымі. Разам з гэтым па левых прытоках Заходняй Дзьвіны, а гэтак сама ў Горадзеншчыне, Віленшчыне знаходзяцца ў вялікім ліку курганы, у якіх труны пароблены з каменных пліт. Побач з гэткімі магіламі спатыкаюцца курганы, абложаныя каменьнямі, а на Бярэзіне каля Барысава — нават з каменным скляпеньнем. Каменныя магілы знойдзены каля р. Бабра і на правым беразе З. Дзьвіны, у вельмі аднак нязначным ліку. Гэтыя курганы адносяцца да культуры нейкага іншага народу ў параўнаньні з курганамі і магіламі першага тыпу.
Першыя насельнікі. Азначыць нацыянальнасьць першых насельнікаў вельмі трудна. Магчыма думаць, што найбольш старажытнымі насельнікамі былі фіны, мова якіх прыналежыць да ўрала-алтайскай групы моваў. Фінскае племя дзеліцца на дзьве галіны: заходнюю і ўсходнюю, і спрадвеку жыло на тэрыторыі ўсходня-эўропэйскай раўніны ад Бальтыцкага мора да вусьця Янісея. Пад уплывам славянскай калянізацыі фінскія пляменьні ня раз пераходзілі з месца на месца. Фінскія пляменьні, што жылі на тэрыторыі Беларусі, прыналежаць да заходняй галіны. Географічная номэнклятура дазваляе пабудаваць гэты вывад. Паміж вялікай колькасьці неславянскіх географічных назоваў у районе паўночнага Падзьвіньня і верхняга Падняпроўя спатыкаецца шмат назоў рэк з канчаткам на ва, за, ма, га, сі, ша (Вязьма, Орша, Костра, Протва, Лучэса, Дрыса, Волга, Нічэсма, Велеса і г. д.), якія ўсе фінскага пахаджэньня. Дасьледваньне Люцынскага могільніку і параўнаньне яго з могільнікамі на тэрыторыі фінскага пляменьня ліваў, а гэтак сама архэолёгічныя раскопкі на поўдзень і паўднёвы-ўсход ад Люцына і па Дзьвіне, ніжэй Полацку, сьведчаць аб падабенстве з пахаваньнем Люцынскага могільніку. Апрача географічнай номэнклятуры фінскага пахаджэньня маецца вялізная колькасьць назоваў ня фінскага характару, але бязумоўна чужацкіх і вельмі дзіўна-гучных назоваў, як напр.: Жэкта, Докша, Кодосна, Гордосна, Семта, Дунгіты, Обочы, Рычы, Чамнасы. Гэткія назовы спатыкаюцца ў Падзьвіньні і ў верхнім Падняпроўі, але найбольш іх у районе левых прыток Прыпяці і на сярэдзіне Заходняй Дзьвіны. Гэтак сама і прытокі Бярэзіны: Мрой, Гнюта, Нача, Усяж, Зор — чужаземнага пахаджэньня. На тэрыторыі паміж Прыпяцьцю і Бярэзінай пападаюцца гэтак сама чужаземныя назовы: Іпна, Олла, Пютча, Даколька. У даліне р. Нёману гэтыя чужаземныя назовы зьяўляюцца пануючымі. Сама Прыпяць з правымі прытокамі — Стаход, Стыр, Горынь, Весялуха, Жалобніца, Случ, Быстрыца, Млынок, Струбля, Плотніца, Балотніца, Зімуха і інш. — славянскага пахаджэньня. Можна дзеля гэтага думаць, што другімі прыходцамі ня тэрыторыю Беларусі былі ліцьвіны, якія жылі ў дагістарычныя часы значна далей на ўсход ад сваёй гістарычнай айчыны, і ў IV веку прымушаны былі пасунуцца на захад. Курганы, раскопаныя ў Калускай губ. на р. Протве, і па форме пахаваньня — закапаньне трупаў, і па прадметах культуры тыя самыя, што і курганы р. Нёману і З. Дзьвіны, літоўскае пахаджэньне якіх не выклікае жаднага сумненьня — (сякеры, засьцежкі, спражкі, пікі, падвескі, персьцяні з рэзьбай, сярпы, брансалеты — усе прадметы зроблены надта дасканала). Далейшы рух ліцьвінаў на захад у межы Ковеншчыны, Горадзеншчыны і Віленшчыны злучан з напорам славянскага пляменьня з вадазбору Прыпяці на поўнач па Бярэзіне і Дняпры. Фінаў і ліцьвінаў зьмянілі славяне, якія занялі тэрыторыю з даволі значнай культурай.
Культура фінаў. Фіны, жывучы ў лясох, пераважна па берагох рэк, займаліся зьвералоўствам: скура ўжывалася на вопратку і дзеля вымены. Земляробства знаходзілася яшчэ ў зачатковым стане. Ад суседніх іранскіх пляменьняў, што жылі на поўдні ўсходня-эўропэйскай раўніны, фіны пазнаёміліся з мэталямі і медзьдзю. У фінскіх магілах знаходзяць наступныя прылады: нажы, сякеры, мячы, стрэлы, молаты, лемяхі. Заходнія фіны падлягалі значнаму культурнаму ўплыву суседніх ліцьвінаў, пазнаёміўшых фінаў з жытам, лёнам, сьвіньнёй і казой і з прыгатаўленьнем сена. Ліцьвіны навучылі фінаў будаваць цёплыя хаты. Фінскі бог — Грамавік называецца „Пуркінэ“, што гэтак сама ёсьць скутак культурнага ўплыву ліцьвінаў, які адбіўся часткова і на мове заходніх фінаў. Грамадзкія адносіны заходніх фінаў былі даволі прымітыўны і ня выходзілі за межы старажытнага радавога саюзу.
Культура ліцьвінаў. Літоўская культура была вышэй за фінскую. Ліцьвіны былі добра знаёмы з ральніцтвам, але пераважнай жыўнасьцю была мясная. Адзін сучасьнік XVII сталецьця — немец — цьвердзіў, што „ліцьвіны ядуць ваўкоў, лісіц, варон, соваў, сарок і ўсялякае іншае паскудзтва”. Матар‘яльны быт ліцьвінаў прымітыўны. Найбольш пашыраным тыпам памяшканьня была курная хата. Пад уплывам суседзяў славян ліцьвіны навучыліся будаваць цёплыя хаты з шырокай рускай печчу (істуба). Хаты будаваліся з тоўстых плашак елкі. Жывёла знаходзілася разам з людзьмі. Соцыяльна-політычны быт ліцьвінаў характарызуецца панаваньнем радавых саюзаў з усімі выплываўшымі адгэтуль звычаёва-праўнымі поглядамі на жанчыну, як на дабытак роду. Радавыя саюзы жылі паасобку адзін ад другога. Сучасная сяліба зьяўляецца паказальнікам паасобкавага жыцьця радавых саюзаў. Што датыча рэлігіі, дык ліцьвіны доўгі час заставаліся паганцамі. Яшчэ ў XVI ст. паганскія ўплывы былі вельмі моцны на Жмудзі. Паганства ліцьвінаў афармляла сябе пад уплывам суседзяў-фінаў і агульна-індоэўропэйскага культу продкаў. Звычай частых гаданьняў, прынашэньне ў ахвяру чорных курэй, парасят, бараноў і белых коняў розным бажком, культ мураўёў, зьмей, загаворы і заклінаньні — скутак фінскага ўплыву. У ліцьвінаў быў пашыраны культ жывёл, расьлін і прадметаў, як напр.: мядзьведзяў, зайцоў, вужоў, жаб, каменьняў, дубовых дрэваў — усё гэта ёсьць выразны паказальнік рэлігійнага фэтышызму. Культ продкаў выяўляўся ў выглядзе падтрыманьня бязупыннага дамовага агню, у звычаях, зьвязаных з памінкамі нябожчыка, у легэндах аб тым, што душы памёршых адпраўляюцца да іншых продкаў, у кульце вужа, як увасабленьня душы продка, які тоіцца ў хаце і ахоўвае яе. Старажытныя ліцьвіны ня ведалі ніякай рэлігійнай сыстэмы. Уся рэлігія грунтавалася на прымітыўным абагаўленьні сіл прыроды: сонца, месяца, зораў, агню, вады, грому і маланкі.
Прабацькаўшчына славян. Славяне зьяўляюцца часьцю індо-эуропэйскай сям'і і прыналежаць разам з ліцьвінамі да ўсходняй яе групы. Славяне і ліцьвіны спачатку жылі пасуседзку. Можна меркаваць, што каля апошняга тысячалецьця да Нар. Хр. ліцьвіны пачалі выасабняцца ад славянскіх пляменьняў. Гэтае выасабненьне ўжо зусім вызначылася ў першым веку пасьля Н. Х. Славянскія вандроўкі ІІІ і IV веку пасьля Н. Х. канчаткова выасабнілі славян ад ліцьвінаў. Разам з гэтым гэтыя вандроўкі спрыялі і выасабненьню паасобных славянскіх народаў. Славянскае племя — спрадвечнае племя на тэрыторыі Эўропэйскай раўніны. Славяне не зьяўляюцца выхадцамі з Азіі, дзе даўней шукалі бацькаўшчыны ўсіх арыйцаў. Начальны летапіс захаваў паданьне аб супольным жыцьці славян на Дунаю, адкуль распачаўся працэс расьсяленьня славянства. Аднак летапісу нельга прыдаваць вялікага значэньня. Само слова „Дунай” не славянскага, а кэльцкага пахаджэньня. Паяўленьне славян на Дунаю ня было першапачатковым фактам у гісторыі славянскай калянізацыі. Славяне прышлі на Дунай, пакінуўшы сваю старую бацькаўшчыну. Чэскі вучоны Нідэрле лічыць, што тэрыторыя, якая была для славян прабацькаўшчынай, была мясцовасьцю, багата зарослай лясамі: букам, дубам і бярозаю; была багата зоолёгічнымі і воднымі багацьцямі і пазбаўлена ад усялякіх прыродных перагарод. Граніцай славянскай прабацькаўшчыны на паўднёвым захадзе было Карпацкае плоскаўзвышша. Затым яна паварачвалася на захад у кірунку Віслы і на поўнач да вадазбору правага паўднёвага берагу Прыпяці. Левыя прытокі Прыпяці — літоўскага пахаджэньня. На паўночным усходзе граніца даходзіла на Дняпры да г. Магілёва. На ўсходзе славяне занялі вадазбор сярэдняга Дняпра, а на поўдні граніца перасякала вышнявіны рэк Серэта, Прута, Днястра, Паўднёвага Бугу, даходзячы па Дняпры да ўток і ў яго Псёлу.
Суседзі славян. Паўночныя суседзі. Суседзьмі славян на паўночным захадзе было гэрманскае племя готаў. Да ІІ веку пасьля Н. Х. готы пасьпелі ўжо аб’яднацца, мелі моцную княжую ўладу і дасягнулі даволі значнага культурнага разьвіцьця. Гоцкая мэталічная культура была даволі добрага гатунку. Готы выраблялі пераважна зброю. Яны складалі ўсходнюю часьць гэрманскага пляменьня і засялялі ўзьбярэжжа Бальтыцкага мора на ўсход ад Віслы. Готы былі сьціснуты з усходу славянамі, з другога боку суседнія гэрманскія пляменьні перашкаджалі ім пасоўвацца на захад. У пачатку ІІ веку колькасьць насяленьня готаў значна павялічылася. Готы прымушаны былі шукаць выхаду для свайго павялічанага насяленьня. Гэтак падстаўляўся паток гоцкай эміграцыі, якая мела вялікі ўплыў на славянскія вандроўкі.
Паўднёвыя суседзі славян. Грэцкая калянізацыя. Эльлінскі сьвет даволі рана знайшоў паўночныя берагі Чорнага мора. Магчыма, што грэкі прышлі сюды сьледам за фінікіянамі і малаазійскімі карыйцамі, якія мелі тут вялікія гандлёвыя сувязі. Грэцкая калянізацыя пачалася з VII ст. Грэкі выбіраліся на поўнач па жывёлу, рыбу, хлеб, хутры, шэрсьць, мёд, воск, ільняныя і канапляныя тканіны. Асаблівае значэньне меў гандаль збожжам. У IV веку да Н. Х. палова збожжа прывозілася ў Грэцыю з поўначы, з берагоў Чорнага мора. А Грэцыя пасылала сюды віно з вастравоў Хіоса, Тадоса і Радоса. Ганчарныя (керамічныя) вырабы прыбывалі з Афін і Карынфу, а гэтак сама мэталічныя, залатыя і срэбныя аздобы і розныя прадметы роскашы. Партыйная барацьба ў гарадох, знадворныя мітрэнгі, пералюдненьне спрыялі пашырэньню калянізацыйнай дзейнасьці грэкаў. Калянізацыйную політыку пачалі гарады Мілет у Малой Азіі і Мэгара ў Эўропе. Мілету прыпісваюць заснаваньне 80 калёній. Мілет заснаваў Ольвію на правым беразе Бугу, Тыру на Днястроўскім лімане, а на паўднёвым узьбярэжжы Крыму — Феодосію і Пантыкапэю (Керч) і Фанагорыю на процілеглым беразе супроць Пантыкапэі. Выхадцы з Мэгарскай калёніі — Гэраклеі заснавалі Хэрсонэс. Побач з разьвіцьцём Афінскае дзяржавы ўсё ўзьбярэжжа Чорнага мора як культурна, гэтак політычна і экономічна папала ў сфэру ўплыву Афін. Адначасна з упадкам політычнага ўплыву Афін у ІІІ—ІІ вякох у калёніях узмацняецца ўплыў М. Азіі і Александрыі. У І сталецьці да Н. Х. асталёўваецца рымскі ўплыў, які зьмяняецца візантыйскім.
Гістарычныя лёсы калёній. Тыра — свабодная незалежная рэспубліка з народным соймам, сэнатам і 4 архонтамі на чале — захавала сваю незалежнасьць да паловы І стал. пасьля Н. Х., калі яна перайшла пад уладу Рыму. Цэнтрам грэцкага гандлю была Ольвія, якая праіснавала да ІІІ стал. пасьля Н. Х. і зусім заняпала, дзякуючы найсьцю вандроўных гордаў, што зьмянілі скіфскія пляменьні. З часам у Ольвіі была пастаўлена рымская залога. Хэрсонэс перажыў звычайны лёс усіх чарнаморскіх калёній—росквіту і заняпаду. Стаўшы ў візантынскую эпоху асяродкам грэцкае культуры, Хэрсонэс меў вялікі ўплыў на культурнае разьвіцьцё ўсходняга славянства пасьля яго расьсяленьня. Пантыкапэя стала сталіцаю Басфорскага царства, якое пашырыла свой уплыў і на вусьце Дону з калёніяй Танаіс. Сельскагаспадарчая культура ў Басфорскім царстве атрымала вялікае разьвіцьцё. Вёскі былі асяродкам збожжавай продукцыі, а гарады зьяўляліся мясцамі для гандлю і прамысловасьці. Гандаль і рыбацтва павялічвалі экономічнае значэньне Пантыкапэі. У ІІ стал. да Н. Х. Басфор паддаўся рымскаму ўплыву. Затым ён папаў у сфэру візантыйскага ўплыву. У VII стал., калі на ніжняй Волзе паявіліся хазары, на Басфоры асталявалася ўлада хазар. Фанагорыя пачала называцца Таматархі. А славяне пазьней называлі гэту мясцовасьць Тмутаракань.
Уплыў грэцкай культуры. Народы, што жылі ў чарнаморскіх стэпах і былі беспасрэднымі суседзямі славян, вынесьлі на сабе ўплыў грэцкай культуры. Архэолёгічныя раскопкі сьведчаць аб прысутнасьці тут мноства прадметаў грэцкага вырабу як ганчарных, гэтак і мэталічных. Сфэра грэцкага ўплыву даходзіла да сярэдняга Дняпра, дзе была знойдзена пасуда артыстычнай работы і розныя юбілерныя рэчы.
Іранскія пляменьні. Чарнаморскія стэпы спрадвеку былі заселены. Грэцкія пісьменьнікі Гомэр, Гэзіод і Гэродот падаюць даволі дакладныя аб іх весткі. Самымі старажытнымі насельнікамі былі кімэрыйцы — народ вандроўны, які карміўся малаком. У V стал. да Н.Х. чарнаморскія стэпы былі заняты скіфскімі пляменьнямі, якія знаходзіліся ў пастаянных зносінах з грэцкімі каляністымі. Скіфскія пламеньні — іранскага пахаджэныія і былі выхадцамі з Сярэдняй Азіі. Скіфскія курганы поўдня Расіі і сярэдняй Азіі разам з Сібір'ю зьмяшчаюць у сабе аднастайныя помнікі.
Тэрыторыя скіфаў. Зямля скіфаў, паводле слоў Гэродота, прадстаўляла сабою раўніну, багатую травой і добра абводненую. Па ёй цякуць рэкі: пяцёхвусьцевы Істр (Дунай), за ім Тырас (Днестр), Гіпаніс (Буг), Борысфэн (Дняпро), Танаіс (Дон). Найбольшае значэньне для Скіфіі меў Дняпро. Ён даваў стадам вельмі багатыя пасьвішчы, віхорную рыбу; вада яго вельмі прыемна на смак і адзначаецца чыстатою. Уздоўж яго цягнецца вельмі добрая ворная зямля або расьце вельмі высокая трава там, дзе глеба не засяваецца; у яго вусьці багата асядае солі: у ім ловяцца на саленьне вялікія рыбы бяз хрыбетніка асетры. У ІІІ веку скіфы былі падбіты сарматамі. Скіфы растварылі сябе і сваю культуру паміж прыходцаў-заваявальнікаў. Часьць скіфаў патрапіла выасабніцца ад сарматаў і затрымалася на Каўказе. На месца сарматаў у І веку пасьля Н. Х. паяўляюцца аляны, якіх зьмяняюць готы, гуны.
Скіфа-сармацкія курганы. На тэрыторыі старажытнай Скіфіі ад вусьцяў Дунаю і Дняпра, уверх па Бугу, па Дняпры і яго прытоках да мястэчак Сьмелы і Ромнаў Палтаўскай губ., да Харкаўскай губ., па Таўрыцкім паўвостраве, па Дону і берагох Азоўскага мора, па Кубані і яе прытоках — знаходзіцца вялікая колькасьць курганоў. Скіфы-сарматы хавалі сваіх нябожчыкаў у старанна зробленых магілах, якія характарызуюць быт багатых ваяк. Раскопкі скіфа-сармацкіх магіл пачалі адбывацца даўно. Паміж раскопаных курганоў выдатнае месца займае Кульобская магіла, раскопаная ў 1831 г. недалёка ад Керчы, а гэтак сама Чартамлыцкі курган, каля мястэчка Нікопаля ў Екацерынаслаўскай губ., раскопаны ў 1862 г. Абедзьве магілы адносяцца да ІІІ—І стал. да Н. Х. У апошнія часы многа архэолёгічнага матар'ялу далі раскопкі ў Крыме. Скіфская культура знаходзілася пад моцным уплывам суседняга грэцкага сьвету. Залатыя вырабы і вазы, знойдзеныя ў магілах, — грэцкага пахаджэньня. У паўночных магілах знойдзена шмат прадметаў, зробленых непрактычнаю рукою, дзе чуецца часткай перайманьне грэцкіх прадметаў. Гэта былі пачаткі самастойнай скіфскай культуры.
Быт скіфаў. Скіфы дзяліліся на дзьве групы: на вандроўнікаў і на рольнікаў. Першыя жылі паміж Донам і Дняпром, карміліся вараным мясам, пілі кабыльле малако і елі сыр з кабыльляга малака. Усходнія скіфы займаліся гадоўляй жывёлы і паляўніцтвам. Стады ў скіфаў складаліся з коняў, авец і валоў. Скіфы палявалі на дзікаў і аленяў. Заходнія скіфы займаліся ральніцтвам, рыбацтвам, пчалярствам і часткай жывёлаводзтвам. Скіфы ўжывалі ў якасьці жыўнасьці хлеб, часнок, чачавіцу і проса. Збожжа вывозілася ў вялікай колькасьці. Скіфскія звычаі былі суровыя і ваяўнічыя. З чарапоў найбольш выдатных ворагаў скіфы рабілі сабе кубкі, часамі аздаблялі іх золатам і карысталіся імі ва ўрачыстыя мамэнты. Хто забіў найбольшы лік ворагаў, той карыстаўся найбольшай павагай і пашанаю. З політычнага боку скіфскія плямёньні былі аб'яднаны дэспотычнай царскай уладай, які вырашаў усе справы самаўладца і меў у сваіх руках неагранічанае права жыцьця і сьмерці.
Рэлігія скіфаў. Рэлігія скіфаў для нас ня зусім ясна. Грэцкаму пісьменьніку Гэродоту не ўдалося падмеціць сутнасьць скіфскага культу. Можна думаць, што рэлігія скіфаў разьвілася з першапачатковага пакланеньня небу і зямлі, і затым дайшла да ўвасабленьня сіл і зьяваў прыроды ў паасобных боствах. Найбольшай пашанай карысталася багіня дамовага вогнішча і сямейнага дабрабыту. Затым ішло боства неба, багіня ўрадлівасьці і ральніцтва, бог сонца і сьвету. У скіфаў ня было ні сьвятынь, ні прыслужнікаў культу. Старэйшыя ў родзе выступалі наперад пры рэлігійных урачыстасьцях і прыносілі ахвяры. У ахвяру найчасьцей прыносілі коняў, якіх душылі пятлёй. Лепшую частку мяса і вантробы прыносілі ў ахвяру багом, а рэшту мяса смажылі. З вялікай урачыстасьцю знатныя скіфы хавалі сваіх нябожчыкаў. Гэродот апавядае, што памёршага цара, пасьля таго, як яму рабіліся розныя ўшанаваньні, апушчалі ў выкапаную магілу і закопвалі разам з ім адну з яго жон, а гэтаксама слуг, конаў, лепшую жывёлу, залатыя прылады. Над магілай насыпаўся вялікі курган. Ужо генуэскія каляністыя XIV стал. ведалі аб багацьцях, якія знаходзяцца ў скіфскіх магілах, і раскопвалі гэтыя магілы.
Іранскі ўплыў. Скіфы-сарматы мелі вялікі ўплыў на сваіх суседзяў — фінаў, славян і нават грэкаў. Іранцы пазнаёмілі фінаў з мэталямі, — з медзьдзю, серабром, золатам, часткай з ральніцтвам і свойскаю жывёлай — каровамі і авечкамі. Суседні эльлінскі сьвет, дзякуючы бязупынным стычкам з іранскімі пляменьнямі, падлягаў уплыву скіфаў. Грэкі страцілі чыстасьць сваёй мовы, адзяваліся паскіфску, носячы нагавіцы і плашчы чорнага колеру.
Вандроўкі готаў. Рух усходня-гэрманскага пляменьня готаў ад берагоў Бальтыцкага мора на поўдзень у чарнаморскія стэпы быў выкліканы як ростам насяленьня, гэтак і націскам суседзяў — славян і германцаў. Рушыўшыся ад берагоў Бальтыцкага мора, готы перайшлі праз непраходныя багны, праўдападобна, Пінскага Палесься. У часе гэтае вандроўкі на плытох і пераправах загінула многа народу. Мінуўшы гэтыя небясьпечныя месцы, готы прыйшлі ў краіну, празваную імі Ошт; адгэтуль яны былі прымушаны пасоўвацца далей на поўдзень у чарнаморскія стэпы, дзе готы пражывалі ў працягу ІІІ — IV стал. у межах ад Дняпра да Дунаю і Карпат. Мясцовае іранскае насяленьне, падобліва, было падбіта готамі. Рака Днестр дзяліла готаў на ўсходніх і заходніх — остготаў і вэстготаў. Готы ўтварылі даволі значную дзяржаву і ваявалі з Рымам. Гоцкі ўплыў пашыраўся і на суседнія народы, паасобку і на славянскія плямёньні. Гандлёвыя і вайсковыя зносіны з Візантыяй спрыялі хрысьціянізацыі готаў. Масавае хрышчэньне готаў адбылося ў палове IV стал. Знаходзячыся ў чарнаморскіх стэпах, готы рабілі напады на суседнія народы і грабавалі іх. Гоцкая эміграцыя была штуршком для славянскай калянізацыі.
Рух гунаў. У канцы IV стал. ў Эўропу з Азіі хлынула хваля вандроўных татарскіх народаў, вядомых пад назовам гунаў. Яны падбілі ўсходніх готаў. Заходнія готы перайшлі за Дунай, у межы Візантыйскай імпэрыі. Зруйнаваўшы гоцкую дзяржаву, гуны рушыліся ў Панонскую нізіну і залажылі вялікую дзяржаву, якая дасягнула найбольнайбольшай магутнасьці пры Атыле. Рымскія пісьменьнікі падаюць некаторыя весткі аб гунах.
Быт гунаў. Пісьменьнік Аміон Марцэлён апісвае гунаў, як агідлівую брыдоту, з каранастым станам і грубой шыяй, зусім безбародых. Гуны ня маюць сталых памяшканьняў і жывуць вандроўным жыцьцём. Адзежа гунаў зроблена з палатна або скуры і надзяваецца праз голаў. Носяць яе датуль, пакуль яна не пашарпаецца так, што сама зваліцца з плеч. На галовы надзяваюць хутраныя шапкі, а ногі абвіваюць казьлінаю скураю. Страву ядуць нявараную і няпрыпраўленую. Гуны ня маюць ядынай царскай улады, але падлягаюць паасобным верхаводцам. Гуны надта спрытныя коньнікі і вельмі трапныя стралкі.
Лёс гунаў. Гунская дзяржава развалілася пасьля сьмерці Атылы (453). Падбітыя гунамі народы паўсталі і прагналі гунаў з Паноніі. Часьць гунаў перайшла на правы бераг Дунаю і пасялілася ў Дабруджы. Другая часьць расьсеялася ў чарнаморскіх стэпах. Падобліва, што суседнія з гунамі славянскія пляменьні прызнавалі ўладу Атылы.
Баўгары. Сьледам за гунамі ў чарнаморскіх стэпах паяўляюцца баўгары. Першыя весткі аб іх маюцца з канца V ст. У VI ст. баўгары жылі на Азоўскім узьбярэжжы па Дону і Кубані. У VII ст. баўгарская горда распадаецца на некалькі горд. Заходнія баўгары перайшлі Дунай і разам з славянамі рабілі напады на Візантыйскую імпэрыю. Падбіўшы славян, баўгарская горда растварылася ў славянскім моры. Усходнія баўгары пасяліліся пры ўтоцы Камы ў Волгу, дзе ўтварылі ў ІХ—Х ст. вялікую дзяржаву. Другая часьць усходніх баўгар спынілася на паўночным Каўказе.
Авары. У VI—VII ст. у чарнаморскіх стэпах паяўляюцца авары, якіх начальны летапіс называе „обрамі". Авары рабілі напады на славянскія пляменьні, што жылі каля Карпат. Авары ня раз перапраўляліся праз Дунай і рабілі набегі на Візантыйскую імпэрыю.
Першапачатковыя весьці аб славянах. Славянскія пляменьні прыналежаць да сям'і індо-эўропэйскіх народаў. Рымскі пісьменьнік Пліні і грэцкі географ Птолемэй ведалі аб славянах і называлі іх „вэнэтамі“, жывучымі паміж Віслай і Бальтыцкім морам. Птолемэй называе славян многалюдным народам. Пісьменьнік VI ст. Іордон называе славян „вэнэтамі“, але дзеліць іх на дзьве часьці: уласьціва славян ад Дунаю да Днястра і на поўнач да Віслы, і антаў—ад Днястра да Дняпра. У VI ст. славяне, што жылі на Дунаю, робяць напады на Візантыйскую імпэрыю. Грэцкія пісьменьнікі VI ст. Пракоп і імпэратор Маўрыцы падаюць каштоўныя весьці аб славянах. Трэба лічыць даведзеным, што ў VI ст. славянства разьдзялілася на дзьве галіны—заходнюю—славян, і ўсходнюю—антаў.
Славянскія вандроўкі. Славянскія пляменьні распачалі вандроўку пад уплывам гоцкай эміграцыі, якая прайшла па сярэдзіне славянскай прабацькаўшчыны. Готы разьдзялілі славянскую сям’ю на дзьве групы: заходнюю і ўсходнюю. Першыя павінны былі пасунуцца на захад да Віслы і Эльбы і на паўднёвы захад прабацькаўшчыны за Карпаты к Дунаю. Усходняя галіна славянства пасунулася на ўсход к Дняпру і спусьцілася на поўдзень да вадазбораў вялікіх чарнаморскіх рэк. З утварэньнем Гоцкай дзяржавы славяне ўваходзілі ў яе склад і знаходзіліся пад уладай остготаў. Распад Гоцкай дзяржавы і ўтварэньне Гунскага царства адпаведным чынам адгукнуліся на славянах і антах. Распад Гунскай дзяржавы вярнуў славянскім пляменьням політычную свабоду. Заходня-славянская галіна пасунулася далей к Дунаю. На сярэднім Дунаю заходня-славянскія пляменьні стыкаліся з паўднёва-славянскімі. Калянізацыйная хваля ўсходня-славянскай галіны не пашырылася на чарнаморскае ўзьбярэжжа. Паміж абедзьвюма славянскімі галінамі не заўсёды былі добрыя суседзкія адносіны. У 534 годзе паміж славяславянамі і антамі, недзе каля Дунаю, адбылася спрэчка, быць можа за непадзеленую дабычу. Анты былі пераможаны.
Усходнія славяне і авары. У палове VI ст., калі авары пасоўваліся з прыкасьпійскіх стэпаў на захад, адбылася стычка паміж аварамі і антамі і пры гэтым не бяз уплыву суседняй Візантыі. Тэрыторыя антаў была вельмі спустошана. Авары падбілі сабе антаў і разам з імі рабілі напады на баўгар і Візантыйскую імпэрыю. Аднак, гэтая залежнасьць была недаволі моцнай і сталай. У другой чвэрці VII стал. аварская горда пачынае занепадаць. Пры Каралі Вялікім франкі задалі аварам апошні ўдар. Вызваленьне ад авараў і пераход славян на Баўканскі паўвостраў далі магчымасьць антам заняць левы бераг Дунаю.
Культура славянства перад калянізацыяй. На падставе славянскай лінгвістыкі магчыма пабудаваць даволі дакладнае прадстаўленьне аб матэрыяльным быце славян. Яны былі знаёмы з ральніцтвам (жыта, пшаніца, ячмень, проса, авёс, лён, каноплі). У славян была свая земляробская тэрмінолёгія „араць, ратай, ніва, ральля, леха". Славяне мелі і земляробскія прылады: саху, барану, плуг, сярпы, косы, граблі. Ведалі мельніцы, умелі зьвязваць збожжа ў снапы і малаціць. Славяне ўмелі пячы хлеб. Ім было вядома агародніцтва і садоўніцтва (боб, гарох, чачавіца, хмель, рэпа, мак, часнок, яблыні, грушы, чарэшні, вішні, арэхі). З паміж свойскае жывёлы славянам былі вядомы: быкі, валы, каровы, цяляты, коні, кабылы, вепры, сьвіньні, парасяты, бараны, авечкі, ягняты, гусі, вуткі, куры і галубы. Елі славяне мяса, пілі малако, умелі вырабляць сыр і масла, ужывалі яйкі і шэрсьць жывёлы для свае патрэбы. Займаліся пчалярствам (пчала, борць, мёд, воск), паляўніцтвам (бабры, куніцы, ваўкі, мядзьведзі, зайцы, ласі, алені) і рыбацтвам (ласосі, шчупакі, асятры, угры, вокуні і інш.). Славяне ўмелі вырабляць скуры, умелі карыстацца шэрсьцю, вырабляць рэчы з гліны і дзерава (цясаць, цясло, долата, струг, клешчы, піла, кола, вось, човен, лодка, бочка, бодня, дзяжа, вядро, збан, карыта). Славяне мелі паасобныя памяшканьні (дамы, хаты (ізбы), сьцены, кроквы, вокны, дзьверы). Славянам былі вядомы мэталы: золата, срэбра, медзь, жалеза. Агульнаславянскімі зьяўляюцца словы: кузьнец, кавач, залатар; назовы аружжа: кап'ё, шчыт, суліца, сякера, лук з цяціваю, страла, броня, шолам, а гэтак сама мэталічныя аздобы: персьцень, абручы, грыўні і музычныя інструмэнты: бубны, гусьлі. Дзеля гандлёвага карыстаньня ўжываліся словы: торг, мера, локаць.
Іранскі ўплыў на славян. Скіфа-сармацкая культура мела ўплыў на культуру славян. Словы: курган, шатры, бугар, чартог, сабака, тапор, кура—іранскага пахаджэньня. Прадметы-аздобы: шыйныя грыўні, званочкі, брансалеты—гэтак сама рэзультат ірынскага ўплыву.
Гоцкі ўплыў. Ад готаў славяне навучыліся вырабляць зброю і розныя мэталічныя рэчы. Ад іх-жа запазычаны словы: князь, меч, пенязь, некаторыя тэрміны земляробскага і жывёлаводчага быту: скаціна, асёл, яблыка, вярблюд, піла. Готы пазнаёмілі славян са шклом.
Грэцкія пісьменьнікі аб культуры славян. Пракоп і імп. Маўрыцы Мудры, якія мелі магчымасьць пазнаёміцца са славянамі ў VI ст., апісваюць іх як вельмі някультурных. Лінгвістычныя даныя, якія былі пададзены вышэй, даюць поўнае права лічыць культуру славян больш высокай.
Усходня-славянская калянізацыя. Другі пэрыод усходня-славянскай калянізацыі пачынаецца з VII ст. і цягнецца да канца Х і пачатку XI сталецьцяў. Калянізацыя разьвівалася ў трох кірунках: на паўночны захад у Палесьсе і Задняпроўе, поўдзень, паўночны-ўсход і паўднёвы ўсход ўсходня-эўропэйскай раўніны. Праваднікамі калянізацыі былі рэкі, якія далі магчымасьць славянам дабрацца да Дняпра і перабрацца ў вадазборы суседніх рэк. Упадак аварскае магутнасьці, калі тэрыторыя паўднёва-ўсходня-эўропэйскай раўніны асвабадзілася ад насельнікаў, дапамог разьвіцьцю тэмпу самой калянізацыі. Вялікая моц лясоў, што спатыкаліся на шляхох славянскае калянізацыі, прыпыняла процэс калянізацыі. Недахват крыніц не дазваляе намаляваць дакладны абраз славянскае калянізацыі. Даныя „Начальнага летапісу", весткі арабскіх і візантыйскіх пісьменьнікаў Х—XI сталецьцяў падаюць каштоўны матар'ял аб пазьнейшай славянскай калянізацыі.
Паўночна-заходняя калянізацыя. Славянскія пляменьні, што знаходзіліся на сярэднім Дняпры, падняліся на поўнач да верхняга Падняпроўя, а адтуль да Заходняй Дзьвіны, заняўшы сярэднюю і верхнюю Дзьвіну. Сярэдзінай Дзьвіны цераз р. Вялікую славянскія каляністыя дайшлі да Чудзкага возера, а з верхняга Дняпра, дайшоўшы да вышнявіны Лаваці, уніз па апошняй спусьціліся да возера Ільмені. Гэта тэрыторыя была зацята крывічамі, якія ў пазьнейшым часе калянізавалі паўночна-ўсходнюю часьць эўропэйскай раўніны і гэтым самым зьявіліся асноўным ядром ва ўтварэньні велікарасійскага пляменьня. Крывічы разьдзяліліся з часам на дзьве галіны: заходнюю Падзьвінскую, з Полацкам у асяродку, і ўсходнюю, у якой асяродкам стаў з часам Смаленск.
Палесьсе. Тэрыторыя на поўдзень ад крывічоў на правым баку Дняпра паміж Прыняцьцю і Дзьвіной была занята дрыгвічамі. Правы бераг ракі Прыпяці быў заняты драўлянамі, якія жылі тут здаўна. Суседзьмі дрыгвічоў на захадзе былі ліцьвіны, паціснутыя на захад прыйшоўшымі каляністымі, а суседзьмі драўлян былі дулебы па р. З. Бугу.
Задняпроўе. З верхняга Дняпра славянскія каляністыя пасунуліся на ўсход у вадазбор р. Дзясны, Сэйму, Сулы і Сожа. Гэтыя пляменьні называліся севяранамі і радзімічамі. Заняўшы вадазбор верхняй Волгі і верхняга Дняпра, славянскія пляменьні пасунуліся на паўночны ўсход да верхняй Акі. Каляністыя верхняй Акі сталі называцца вяцічамі.
Сярэдняе і ніжняе Падняпроўе. Сярэдняе Падняпроўе было занята палянамі, якія жылі ў стэпах. Спушчаючыся ўніз па Дняпры, слявяне дайшлі да вусьця Дняпра і пачалі называцца „улічанамі”. З ніжняга Дняпра улічы, перайшоўшы Буг, занялі Днестр. Але адтуль район іх пасяленьня дасягаў Дунаю. Другая група чарнаморскіх усходніх славян называлася ціверцамі, якія занялі р. Днестр і даходзілі сваімі паселішчамі да самага мора.
Паўднёва-ўсходняя калянізацыя. Арабскія пісьменьнікі адзначаюць, што славянскія паселішчы знаходзіліся на ўсход ад Дняпра і на поўдзень ад Сулы. Падымаючыся ўверх па р. Сэйму, славянскія каляністыя праз р. Сасну маглі прабрацца на Дон, а вышнявінамі Псёлу і Ворсклы дайсьці да вышнявіны Данца. У Х стллецьці севяране дабраліся да вусьця р. Кубані, якое зьяўлялася выдатным гандлёвым пунктам паміж грэцкімі гарадамі і валожскімі хазарамі, і залажылі на месцы старой калёніі—Фанагорыі—новую, вядомую пад назовам Тмутаракань. Пашырэньне калянізацыі на паўднёвы ўсход было магчыма толькі дзякуючы таму, што хазары, заняўшыя дольнюю Волгу, ахоўвалі шляхі ад азіяцкіх вандроўнікаў.
Тры групы славянскіх пляменьняў. Усходня-славянскія пляменьні дзеляцца на тры групы: на заходнюю і паўночна-заходнюю (крывічы, дрыгвічы, радзімічы), паўднёвую (паляне, драўляне) і паўночна-ўсходнюю, якая калянізавала міжрэчча Акі і Волгі ўжо ў пазьнейшыя гістарычныя часы Х—XIІІ сталецьці. Гэтыя тры групы зьяўляюцца ядром трох народаў—беларускага, украінскага і велікарускага. Самы процэс утварэньня нацыянальнасьцей адносіцца да пазьнейшых часоў, але ўжо ў момант калянізацыі існавалі асаблівасьці ў мове і звычаях паасобных пляменьняў.
Матар'яльная культура славян. Даныя мовы сьведчаць аб значным натуральным і культурным разьвіцьці славян эпохі да расьсяленьня. Зробленыя архэолёгічныя раскопкі і прадметы, знойдзеныя ў курганох, пацьвярджаюць даныя мовы. На падставе гэтага матар'ялу трэба адмовіцца ад погляду некаторых гісторыкаў, галоўным чынам нямецкіх, аб малым культурным разьвіцьці славян. На новых мясцох славяне займаліся ральніцтвам, гадоўляй жывёлы, рыбацтвам, пчалярствам. Прамысловасьць здабываючая была пануючай, і сама гаспадарка, дзякуючы вялікай прасторы і малой залюдненасьці тэрыторыі, адзначалася надзвычайнай экстэнсыўнасьцю. У драўлянскіх і дрыгвіцкіх магілах архэолёгі знаходзілі жалезныя сярпы і рэшткі збожжа (жыта, ячменю і пшаніцы). Абрабляючая прамысловасьць была слаба разьвіта. Славяне былі знаёмы з ткацкім, ганчарным і бандарскім рамяслом. Найбольш былі пашыраны два апошнія. Вельмі пашыраны былі вёдры з срэбнымі ручкамі, знойдзеныя ў дрыгвіцкіх магілах, якія ўжываліся, як чары для напояў, а гэтак сама глінянае начыньне, якое аднак даволі рэдка спатыкаецца ў курганох дрыгвічоў і радзімічаў, і надта часта ў крывічоў. Апрача гэтага, апошнім былі вядомы мэталы: бронза, жалеза, срэбра, медзь і золата. У курганох спатыкаецца шмат мэталёвых рэчаў: цьвікоў, жалезных клямраў, спражак, нажоў, астрог, сякер, сковак, стрэл, шпілек, звычайна жалезных. Спатыкаюцца гэтак сама срэбныя брансалеты, пярсьцёнкі, спражкі, срэбная аздоба з падвескамі. Медзь і жалеза трапляюцца ў зьлітках. Мабыць, у крывічоў было пашырана кавальскае рамясло. На тэрыторыі радзімічаў і крывічоў былі знойдзены бурштыновыя і шкляныя пацеркі. Нямнога знойдзена аружжа, за выняткам крывічоў, як то: пік, мячоў, шчытоў, кальчуг, шоламаў, сковак і стрэл.
Гандаль. Крывічы, радзімічы і дрыгвічы ня жылі замкнёнымі пляменьнямі. Яны падтрымлівалі гандлёвыя зносіны з суседзьмі. У курганох архэолёгі знаходзілі вагі і вагавыя каменьні. Відавочна, ужо пасьпела выдзяліцца асобная грамадзкая група, якая спэцыяльна займалася гандлем. Бальтыцкае мора і вусьці рэк, што ўліваюцца ў яго, былі багаты бурштынам. Гэта было ўжо вядома фінікійцам, а затым грэкам і рымлянам; аб гэтым сьведчаць знаходжваныя монэты афінскія, эгіпецкія, кіранейскія, сіракускія, мацэдонскія і рымскія. Знойдзеныя арабскія монэты—дыргэмы, у Віцебскай губэрні VIII-ІХ сталецьцяў, і ў Віцебску Х ст. сьведчаць аб гандлі з арабамі. Ёсьць знаходкі дыргэм на вадападзеле паміж сыстэмаю р. Дняпра і 3. Дзьвіны, а гэтак сама ў самой Смаленшчыне—VIII, ІХ, Х ст. Гандаль з усходам адбываўся па Дзьвіне, Касплі, Дняпры, Вязьме, Маскве, Ацэ, Волзе, Каме. Гандлёвымі зносінамі з азіяцкімі культурнымі краямі тлумачыцца прысутнасьць у курганох радзімічаў і крывічоў бронзавых лямп усходняга стылю, ядвабных тканін і каштоўных каменьняў. Тэрыторыя крывічоў была, мабыць, асяродкам усходняга гандлю, пасрэднікамі якога былі валожскія баўгары. Можна спадзявацца, што крывічы гэтак сама рана наладзілі гандлёвыя зносіны з Грэцыяй. Не падлягае сумненьню, што ў пачатку ІХ ст. зносіны крывічоў з грэкамі на Дняпры зусім наладзіліся. І заходні гандаль мае вельмі раньняе пахаджэньне. На тэрыторыі крывіцкага пляменьня былі знойдзены ў значнай колькасьці монэты англа-саксонскія, ангельскія, дацкі, нямецкія. Знойдзеныя на гэтай-жа тэрыторыі мячы скандынаўскага пахаджэньня сьведчаць аб гандлёвых зносінах з Захадам.
Унутраны гандаль. Загранічны гандаль дапамагаў разьвіцьцю ўнутранага гандлю. Пашыранасьць аздобаў срэбных, бронзавых (пярсьцёнкі, шпількі, завушніцы, фарфоравых і шкляных сьведчыць аб унутраным гандлі.
Дамовы быт. Павярхоўны выгляд славян. Арабскі пісьменьнік Ібн Фадлан апісвае славян, як народ дужы, спратны, высокі, з сьветлымі валасамі, з загарэлым але прыгожым тварам. Адзеньне мужчын вызначалася прастатою і складалася з кашулі, падпяразанай поясам, і нагавіц. Канечнай прыналежнасьцю вопраткі былі раменныя паясы з жалезнымі або бронзавымі спражкамі. Жаночая вопратка была больш багатай. Тут мы бачым нашыйнікі з пацерак шкляных, карніолевых, амэтыставых, бронзавых, срыбных. На руках насілі брансалеты і пярсьцёнкі, якія часамі вызначаліся надта далікатнай работаю. Бяднейшыя жанчыны насілі пацеркі з гліны. Усходні і Візантыйскі гандаль даваў магчымасьць багатым адзявацца ў дарагія тканіны, ядвабы і златаліты, што ў гэту эпоху ня было яшчэ надта пашырана. Звычайна на адзеньне ўжывалася ільняная тканіна. У курганох захаваліся рэшткі хутраных і войлачных шапак.
Характар славян. Славяне былі жыцьцярадасным народам, любілі сьпевы, музыку і танцы, надта густавалі віно, якое пілі ўдзень і ўночы, як піша аб гэтым арабскі пісьменьнік Ібн Фадлан. Гасьціннасьць і пашана да чужаземцаў зьвярнулі на сябе ўвагу як усходніх арабскіх, гэтак і нямецкіх пісьменьнікаў.
Сямейны быт. Славянская сям’я стала патрыярхальнай яшчэ перад расьсяленьнем. Гэткай яна засталася і пасьля расьсяленьня. Улада мужа і бацькі была вельмі значнай. Становішча жанчыны было залежнае. На яе глядзелі, як на ўласнасьць мужа, і бывалі выпадкі, калі жон пасьля сьмерці мужа забівалі. Распаўсюджаньне многажонства гэтак сама сьведчыць аб тым, што кабета была ў залежным стане. У эпоху панаваньня радавога ладу ў часе ігрышч „умыкалі” (хапалі) нявест, і гэта форма шлюбу была пераважнай. Летапісец адзначае, што такая форма шлюбу была ў радзімічаў, вяцічаў і севяран. Трэба аднак ведаць, што такая форма шлюбу ў пэўныя эпохі мела месца ўсюды. Адначасна з тым, як радавы лад развальваўся, „умыканьне” нявест адбывалася са згодай жаніха і нявесты, і пры гэтым выплачваўся пасаг бацьком нявесты. Нарэшце, калі радавы лад зусім адмёр, звычайнай формай шлюбу былі ўводзіны нявесты ў дом жаніха. Летапісец адзначае, што такая форма шлюбу была ў палян.
Грамадзянскі быт. Славяне перад расьсяленьнем жылі родамі, утворанымі з некалькіх праславянскіх сем'яў. Апошняя будавалася на прынцыпе патрыярхату. Словы: айцец, маці, брат, сястра і г. д. утварыліся яшчэ ў эпоху сумеснага жыцьця ўсіх арыйцаў. Род супольна ўладаў усёй рухомай і нярухомай маёмасьцю і кіраваўся сваім старшым у родзе: прадзед, дзед, айцец, старшы брат або старшы па выбару. Адносіны ўнутры роду вызначаліся звычаямі. Пастановы роду прымаліся на радавым сходзе—вечы. Пад уплывам калянізацыі распаліся старыя радавыя сувязі і замяніліся адносінамі па суседзтву. Асновай грамадзка-палітычнага быту славян стала грамада, якая злучала некалькі патрыярхальных сем'яў, зьвязаных суседзтвам і супольнымі экономічнымі інтарэсамі. Утварэньне грамадзкіх саюзаў ня зьніштожыла радавых перажыткаў. Радавыя сувязі і адносіны захавалі сваю моц на працягу вельмі доўгага часу. У Беларусі, у Падзьвіньні і Прыдняпроўі радавыя сялянскія абяцаньні захавалі сваю сілу яшчэ ў другой палове XVI веку. Славянскія каляіністыя былі ўзаемна злучаны географічна, этнографічна і політычна. Крывічы, дрыгвічы і радзімічы мелі поўную магчымасьць падтрымліваць узаемныя зносіны і гэтым самым падрыхтоўваць будучае этнографічнае аб’яднаньне. Еднасьць мовы, быту, рэлігіі, заняткаў гэтак сама падрыхтоўвала аб’яднаньне славян у этнографічныя комплекты. Супольныя ўмовы політычнага жыцьця паасобных груп усходняга славянства павінны былі мець значны ўплыў на далейшы процэс політычнага аб’яднаньня ў адзіны этнографічна-політычны організм.
Культура славян пасьля расьсяленьня. Грамадзкая організацыя магчыма толькі тады, калі маецца тэрыторыя, з якою зьвязаны беспасярэдна ці пасярэдна сельскія грамады. У цэнтральных мясцох грамад утварыліся ўмацованыя паселішчы, якія называліся гарадамі або гарадзішчамі. Асабліва шмат такіх ёсьць на Украіне. Горад у простым сэнсе гэтага слова азначае месца, агароджанае або землянымі валамі, або дзеравяннымі сьценамі, празначанае для прытулку і абароны. Канечнасьць захоўваць гарадзкія фортыфікацыі ў добрым стане спрыяла ўтварэньню пэўных сувязей паміж грамадамі. Паступова гарады сталіся асяродкамі жыцьця насяленьня ўсёй наўкольнай тэрыторыі. Гэткім чынам утварыўся ў палян Кіеў, у падзьвінскіх крывічоў—Полацк, у прыдняпроўскіх—Смаленск, у севяран—Чарнігаў і Любеч, у дрыгвічоў—Тураў і Пінск. Сельскія грамады, зьвязаныя з тым або іншым горадам экономічнымі і політычнымі інтарэсамі, паволі пачалі вылівацца ў тэрытарыяльныя зьяднаньні, якія выходзілі за межы грамадзкай організацыі. Утварыліся гэтак званыя гарадавыя воласьці, якія былі першапачатковай стадыяй у пераходзе ўсходня-славянскіх пляменьняў да больш разьвітых дзяржаўных організмаў, краін-земляў ХІ-ХІІІ стал.
Духоўная культура. Рэлігія. Рэлігійныя погляды ўсходняга славянства былі агульна-арыйскага пахаджэньня, і яны складаліся пад уплывам тых сіл прыроды, якія дапамагалі славяніну ў яго гаспадарчай дзейнасьці. Фэтышызм быў першай формай рэлігійнае сьвядомасьці славянства і выражаўся ў агульным распаўсюджаньні культу лесу і вады. Славяне пакланяліся вазёрам, балотам, студням, гаям і дрэвам. Другім момантам у рэлігійнай сьвядомасьці славянства было разьвіцьцё анімістычнага погляду на прыроду. Славянам пачало здавацца, што ўся прырода ажыўлена. Кожны прадмет, кожная праява прыроды былі адухоўлены і ў кожным з іх бачылася прысутнасьць жывога духа. Гэтыя духі маглі перасяляцца ў іншыя формы. Духі маглі прыняць форму зьвяроў, людзей, або мяшаную. Да ліку духаў прадметаў або праяваў прыроды адносяцца русалкі, лесавікі, вадзянікі. Адначасна з разьвіцьцём культу продкаў і прадстаўленьня аб душах памёршых паяўляюцца духі родавыя або сямейныя. Дамавы род, раджаніца—былі духамі родавымі і сямейнымі. І матар’яльная культура мела сваіх духаў-апякупоў. Жытні дзед і палявік былі апякунамі ральніцтва і жывёлаводзтва. Маюцца і злыя духі, якія прыносяць людзям няшчасьці: вупыры, ваўкалакі, дэманы, трасцы. З працягам часу рэлігійнае разьвіцьцё славян значна пасунулася наперад. У славян паявіліся свае вышэйшыя боствы. Агульна-распаўсюджаным культам быў культ Пяруна – бога грому і бліскавіцы, уладара неба, Даж-бог і Велес, якія ўвасабляюць сабою бога сонца, як крыніцу жыцьця на зямлі людзкога і жывёльнага, Сварожыч—бог агню. Вышэйшыя боствы—гэта богі паганскай інтэлігэнцыі-арыстократыі. Славянская народная маса знаходзілася на ніжэйшым стопню рэлігійнага разьвіцьця. Політычнае аб’яднаньне ўсходняга славянства ў Х веку было прычынай таго, што культы мясцовых вышэйшых бостваў былі перанесены ў Кіеў.
Культ. Паганскі культ не атрымаў глыбокага разьвіцьця. У славян ня было ні сьвятынь, ні духоўнікаў, ні балваноў. Апошнія паяўляюцца ў Кіеве толькі ў палове Х сталецьця, бязумоўна, пад уплывам хрысьціянства. Паганскі культ быў вельмі просты і складаўся з прынясеньня ахвяр дзе-колечы ў лесе, або каля рэчак ці вазёр. Прыслужнікамі культу выступалі ад імя сям‘і бацькі, ад імя грамады, воласьці—прадстаўнікі апошняй. У Х веку паяўляюцца прарокі-чараўнікі, якія мелі вялікі ўплыў на грамадзянства: ім прыпісваецца асаблівая моц у зносінах з боствам.
Замагільнае жыцьцё. Славяне былі перакананы, што жыцьцё чалавека не канчаецца адначасна са сьмерцю: душа пераносіцца ў невяневядомую краіну. Адгэтуль утварыўся звычай пакідаць пры нябожчыку ўсе тыя рэчы, якія асабліва былі яму дорагі: на магіле наладжваліся памінкі, у часе якіх нябожчыка пацяшалі ядою, пітвом і песьнямі. Культ продкаў гэтак сама рэзультат веры ў замагільнае жыцьцё. Аднак гэтае рэлігійнае прадстаўленьне ў паганскую эпоху не дасягнула значнага разьвіцьця. Замагільнае жыцьцё прадстаўлялася славянам як зямное.
Пахавальныя абрады. Славянам былі вядомы дзьве формы пахаваньня сваіх нябожчыкаў: трупаспаленьне і трупапахаваньне. Першая форма была пераважнай у крывічоў, радзімічаў, вяцічаў, севяран, якія паводле слоў летапісу, наладзіўшы памінкі па пакойніку, „творяху краду веліку” клалі на вогнішча нябожчыка, а потым, сабраўшы рэшткі, укладвалі іх у урну і ставілі іх над магілаю. Разам з нябожчыкам палілі і яго дамовы скарб, калолі коняў і жывёлу, а часамі і людзей. Арабскі пісьменьнік Ібн Фадлан, апісваючы пахаваньне багатага славяніна, кажа, што разам з нябожчыкам была спалена забітая нявольніца (рабыня), якая згадзілася памерці разам з сваім гаспадаром. На тэрыторыі дрыгвічоў пераважнай формай было трупапахаваньне. Нябожчыка ў труне або проста бяз труны клалі на зямлю, пасыпаную попелам і белаю глінаю, а пасьля над ім будавалі драўляны зруб.
Паганскія сьвяты. Славяне мелі свае сьвяты, якія ўтварыліся пад уплывам прыроды, а дзеля гэтага былі злучаны з кругазваротам году. Пачатак сонечнага году адзначаўся сьвятам, вядомым лад назовам Коляды. У палове зімы сьвяткаваліся провады зімы—Марэны, якія супадаюць цяпер з масьляніцай. Увесну сьвяткавалася Радуніца—„Красная горка", у часе якіх вадзілі на зялёнай сьвежай траве карагоды, пелі песьні, умыкалі нявест. Заканчываліся веснавыя сьвяты „Русаліямі", ахвярованымі ўшанаваньню дрэваў, траў, красак, калі і душы нябожчыкаў выходзілі з магілы, каб павесяліцца з жывымі. У канцы чэрвеня, калі летні дзень дасягаў найбольшай даўжыні, адбывалася сьвята ў чэсьць Купалы і Ярылы, у аснове якіх было пакланеньне богу каханьня. Дзяўчаты плялі вянкі і кідалі іх у воду, гадалі аб сваім лёсе, вадзілі карагоды, сьпявалі песьні, скакалі праз агонь.
Расьсяленьне падзьвінскіх крывічоў. Славянскае племя крывічы, заняўшае сярэдні бег Заходняй Дзьвіны, паволі расьсялялася ў вадазборы ракі і межах тэй тэрыторыі, якая ў політычных адносінах з часам утворыць Полацкую зямлю. Сьлядамі гэтага калянізацыйнага процэсу зьяўляюцца весткі аб населеных пунктах. Самым старажытным славянскім паселішчам быў горад Полтеск (Полацк), аб якім успамінаецца ў летапісе пад 862 годам. Займаючы выгоднае географічнае палажэньне, Полацк стаў цэнтрам для падзьвінскіх крывічоў. Адарваныя летапісныя весткі не даюць магчымасьці адтварыць гістарычна-дакладны малюнак калянізацыйнага процэсу. Калянізацыя з Полацку паніхіда ў розных кірунках і перш-на-перш уверх і ўніз па Заходняй Дзьвіне. На верхняй Дзьвіне пабудаваўся Відбеск пры ўтоцы рэчкі Відзьбы, аб якім успамінаецца ў летапісе пад 1021 годам. Падобліва, што адначасна з гэтым былі калянізованы і правыя прытокі Заходняй Дзьвіны. Раньні ўспамін летапісу аб паселішчы Усьвяч пры возеры тае-ж назовы — (1021) і Еменец (1186) пацьвярджае выказаную вышэй дагадку. Забясьпечваючы сабе вышнявіну З. Дзьвіны, падзьвінскія крывічы калянізавалі і левыя прытокі З. Дзьвіны. У летапісе ўспамінаюцца Неклач (1128) пры возеры тае-ж назовы, з якога бярэ пачатак р. Палота, Стрыжаў (1127) падобліва пры возеры Стрыжэва. К палове XI ст. калянізацыя на паўднёвы ўсход дайшла да Ршы на Дняпры (1067) і Копыся (1059). Калянізацыйны рух на захад ад гэтых гарадоў завяршыўся пабудовай каля Лукомльскага возера г. Лукомля на р. Ульле; аб гэтым успамінае Ўладзімір Манамах у яго навучэньні. На поўдзень знаходзіўся — Дрютьск. К пачатку XII ст. увесь бег Бярэзіны быў захоплены крывіцкай калянізацыяй; тут пабудаваўся г. Барысаў, вядомы з 1127 г. На паўднёвы захад ад Барысава быў пабудован г. Менск (1067) і на паўночны захад ад Менску на вышнявіне Сьвіслачы—Заслаўе, вядомае з 1127 г. На захад ад Менску калянізацыя перакінулася на рэчку Бярэзіну, прытоку Нёману. У летапісе пад 1162 г. спатыкаецца назова гарадка Гарадзец. На гэтай граніцы знаходзіўся Гарадзец (Горадня), аб якім успамінаецца ў „Слове а Палку Ігаравым“, але дзе ён знаходзіўся — невядома. Гэта быў пагранічны пункт на Літоўскай граніцы. Быць можа заходнія паселішчы, занятыя полацкімі крывічамі, былі яшчэ раней заснованы літвінамі, але ў Х—XIII ст. гэтыя паселішчы мелі зусім славянскі характар. Літоўскія пляменьні аславяніліся. Даволі рана пачалася калянізацыя крывічамі ніжняга бегу Дзьвіны. Архэолёгічныя раскопкі сьведчаць аб тым. што да XIII ст. калянізацыя паміж літоўска-латыскіх пляменьняў ішла пасьпешна. Мажліва, што калянізацыя паміж латышоў была асабліва энэргічнай у княжую эпоху, калі полацкім князём праз вусьце 3. Дзьвіны прыходзілася падтрымліваць гандлёвыя зносіны з Зах. Эўропай. Герцыка, Куко-Нойс, здаецца, рана папалі ў сфэру ўплыву крывічоў. Стаўшы асяродкам невялікае акругі, Полацк з часам зрабіўся цэнтрам цэлае краіны і ў той-жа час быў ключом заходняга гандлю для ўсёй тэрыторыі. Займаючы сярэдні бег Дзьвіны, полацкія крывічы на поўдні спусьціліся да вышнявін Бярэзіны і Сьвіслачы на левым беразе сярэдняй Бярэзіны. У XII—XIV ст. крывічы спусьціліся ўніз па Бярэзіне да Бабруйска (1387) і па Сьвіслачы да яе вусьця, дзе быў пабудован г. .Сьвіслач, які ўспамінаецца першы раз у 1349 г.
Граніцы калянізацыі падзьвінскіх крывічоў. На захадзе крывічы гранічылі з літвінамі і немцамі. Крывіцкая калянізацыя пакіравалася за граніцу літоўскага пляменьня ў глыб яго тэрыторыі. На ўсходзе крывічы гранічылі з Смаленскай зямлёй. На поўначы калянізацыя дайшла да р. Вялікай. На поўдні крывічы падыйшлі да дрыгвіцкай калянізацыі на сярэднім бегу Бярэзіны, вышнявінах Птыча, прытокі Прыпяці.
Расьсяленьне дрыгвічоў. Рака Прыпяць была занята дрыгвічамі, якія калянізавалі верхні і сярэдні яе бег. У „начальным летапісе“ маецца параўнаўча мала вестак аб заселеных цэнтрах тэй тэрыторыі, якая ў політычных адносінах склала Турава-Пінскую краіну. Утварэньне гарадзкіх паселішчаў адносіцца да вельмі раньняга часу. Цэнтрам дрыгвіцкай тэрыторі быў Тураў — вядомы з 980 г. На вышнявінах Прыпяці, пры ўтоцы ў яе Піны, вырас Пінск, аб якім успамінаецца ў 1097 г. Абодва гэтыя гарады кантралявалі гандлёвы шлях, што злучаў Дняпро з прывісьлянскай воднай артэрыяй праз Заходні Буг. На ўсход ад Турава знаходзіўся Мазыр на паўднёвым беразе Прыпяці, вядомы з 1155 г. У куце паміж Прыпяцьцю і Дняпром знаходзіўся гарадок Брагін на р. Брагінцы, вядомы з паловы XII ст. Паўночнымі гарадзкімі цэнтрамі былі Клічэск і Случэск (Слуцк). Першы ўспамінаецца ў летапісе пад 1127 г., а другі пад 1116 г. Дрыгвіцкая калянізацыя на захадзе стыкнулася з валынскай калянізацыяй, а на паўночным захадзе сваёй тэрыторыі пранікла і на ўласна літоўскую землю.
Калянізацыя верхне-дняпроўсніх крывічоў. Дняпроўскія крывічы калянізавалі занятую фінскімі пляменьнямі тэрыторыю. Цэнтрам крывіцкіх грамадзкіх паселішчаў быў Смаленск, раскінуты на вялікім гандлёвым шляху, што цягнецца з краіны вазёр у сярэдняе і ніжняе Падняпроўе, адтуль у Грэцыю. Другі гандлёвы шлях праходзіў з верхняга Падзьвіньня ў Паваложжа, і Смаленск стаў перадавальным пунктам для тавараў усходу на захад і наадварот, для перадачы заходніх тавараў на ўсход. З вышнявін Дняпра крывічы праніклі ў вадазбор Сожа —у глыб зямлі радзімічаў. Блізасьць вадазбораў Дняпра і Волжска-Окскага дала магчымасьць разьвівацца калянізацыі крывічоў ува ўсходнім кірунку па р. Угры і яшчэ далей на ўсход. Паселішчы крывічоў маглі даходзіць на ўсходнім кірунку да сярэдняга бегу р. Масквы. Летапіс паведамляе аб вялікай колькасьці гарадзкіх паселішчаў на тэрыторыі дняпроўскіх крывічоў. Весткі аб апошніх маюцца і ў „Устаўной грамаце князя Расьціслава Мсьціславіча", дадзенай ім смаленскай эпархіі ў 1160 г. Крывіцкая тэрыторыя, стаўшая тэрыторыяй Смаленскай зямлі, была, як відаць, даволі густа заселена. На тэрыторыі знаходзілася да 60 гарадоў. На поўначы краіны на галоўным гандлёвым шляху знаходзіўся Тарапец, які празываўся ў старажытнасьці Крывітэпск. На паўднёвы захад ад Тарапца, гэтак сама на вялікім водным шляху, —Жыжчы на беразе возера. На паўночны захад ад Смаленску знаходзілася Каспля, там дзе пачынаецца заходні шлях. На гэтым жа шляху на паўднёвы захад ад Смаленску знаходзіліся Лодэйніцы. Дарога ў Суздальскую зямлю ішла або праз Вазузу-Волгу, або праз Вязьму. На гэтых гандлёвых шляхох знаходзіліся гарады Саладоўнічаў і асабліва важны ў гандлёвых і політычных адносінах—Вязьма. Гэтак сама на волаках паміж вышнявінамі Масквы і Протвы знаходзіўся шэраг гарадзкіх паселішчаў: Балонеск, Ветца і Вышняе-Глінска. Увесь бег Масквы быў даволі густа заселены. Цэнтральным пунктам гэтай часткі Смаленскай зямлі быў горад Мажайск на рэчцы Маскве, утрачаны смальнянамі ў 1303 г. На поўдні і на паўднёвым усходзе тэрыторыі вырасьлі Прапойск, Крычаў і Зара, які быў скрайнім пагранічным горадам. Тэрыторыя Смаленскай зямлі на захадзе гранічыла з Полацкай зямлёй, на ўсходзе і паўночным усходзе з Ростава-Суздальскім краем, на паўднёвным захадзе— з Турава-Пінскай зямлёй і на поўдні—з Северскай зямлёй.
Утварэньне беларускага народу. Беларускі народ утварыўся ў рэзультаце ўзаемнага ўплыву некалькіх пляменьняў. Падзьвінскія і падняпроўскія крывічы, радзімічы, дрыгвічы, часткаю драўляне, склалі асноўнае этнографічнае ядро беларускага народу. Гэтае выдзяленьне продкаў беларусаў з агульна славянскага жыцьця і ўваход з часам паасобных беларускіх краін у склад Літоўска-Беларускае дзяржавы прычыніліся да ўтварэньня асобнае беларускае мовы і беларускага народу, які зарадзіўся ў вадазборы. З. Дзьвіны і Нёману і ахапіў агромную тэрыторыю. Калі цэнтральная часьць гэтае тэрыторыі (Віленшчына, поўнач Меншчыны, б. Магілёўская губ., поўдзень Смаленскай губ.) зьяўляюцца па мове чыста беларускімі, то ў паўднёвай часьці Меншчыны адбываецца збліжэньне беларускае мовы з украінскай, у той час, як у паўночнай паласе тэрыторыі (паўночны-захад Смаленскай, паўднёвы-захад Цьвярской, Віцебская і поўдзень Пскоўск. губ.) беларускія гаворкі збліжаюцца з паўднёва-велікарасійскімі гаворкамі. Беларускі народ, як выдзеленая этнографічная адзінка, утварыўся у пэрыод -XIII—XV ст. Тэрмін „Белая Русь" не атрымаў яшчэ зусім правільнага тлумачэньня. Найперш ён спатыкаецца ў нямецкіх пісьменьнікаў XIV веку. На нямецкай мове называлі тэрыторыю Weisse Russen, а на лацінскай у польскіх крошках АlЬа Russia. У суседняй Маскве тэрмін „Белая Русь" пачынае ўжывацца ў часы Івана ІІІ (1462-1505). Тэрмін “белы" паводле думкі адных вучоных азначае „незалежны", „свабодны". Белая Русь — свабодная Русь, незалежная, непадбітая татарамі. Іншыя ставяць эпітэт Белая Русь у залежнасьць ад павярхоўнага выгляду беларусаў. Белы колер—найбольш пашыраны колер у беларусаў, якія апраналіся ў старажытнасьці ўва ўсё белае. Акадэмік Ламанскі лічыць, што тэрмін Белая Русь—агульна народнага пахаджэньня, і што ён ужываўся ў палове XIII ст.Разьдзельнасьць пляменьняў. Славянскія пляменьні, з якіх утварыўся беларускі народ, па свайму географічнаму палажэньню былі адасобнены адны ад другіх. Заходнія крывічы, заняўшы верхнюю і сярэднюю 3. Дзьвіну з яе прытокамі, пасоўваліся ў сваім калянізацыйным процэсе на захад і паўднёвы-захад у бок Бальтыцкага мора і сярэдзіны Нёману. Усходнія крывічы з вышнявін Дняпра пасоўваліся на ўсход, захапіўшы з часам сваёй калянізацыяй вялізныя абшары аж да вышнявін ракі Волгі і р. Масквы. Дрыгвічы, асеўшы на Прыпяці і яе левых прытоках, былі прывязаны да сярэдняга Дняпра і да вадазбору верхняга Нёману і 3. Бугу. Радзіміцкая калянізацыя ня мела ніякіх самастойных рэзультатаў. Радзімічы папалі ў сфэру ўплыву крывічоў, якія не спатыкалі ніякае перашкоды для сваёй калянізацыі ў вадазборы Дняпра і Сожа. Географічная разьдзельнасьць вызначыла політычнуіо самабытнасьць славянскіх пляменьняў, якія былі незалежны адно ад другога: „Жывяху в міре поляне і деревляне і север і радімічі і вятічі“. Кожнае племя мела свае звычаі і законы: „отец своіх і преданія, кождо свой нрав“. У кожным племені быў свой цэнтральны горад, навокал якога адбываўся працяглы процэс пляменнага аб’яднаньня. Апрача старшых гарадоў на тэрыторыі існавалі і прыгарады. Арабскія пісьменьнікі ІХ—Х ст. называюць тэрыторыю, занятую славянамі, „краінай гарадоў". Нарвэская сага Ольва называе гэту тэрыторыю Гардарыкіяй.
Шляхі зносін. Праз тэрыторыю, занятую крывічамі і дрыгвічамі, праходзілі важнейшыя водныя шляхі, быўшыя і калянізацыйнымі дарогамі і гандлёвымі-шляхамі. Гэтак званы „вялікі водны шлях з Вараг у Грэкі" праз Няву, Ладаскае возера, Волхаў, воз. Ільмень, р. Лаваць, злучаў Ноўгарад з сярэднім Дняпром і яго экономічным цэнтрам—Кіевам, а гэтак сама Бальтыцкае мора з Чорным. З Падзьвіньня некалькі шляхаў цягнулася ў бок Пскова і Ноўгараду. Падзьвіньне праз Касплю злучалася з верхнім Дняпром, адкуль ішла дарога на ўсход праз Вязьму і р. Маскву да рынкаў сярэдняе і ніжняе Волгі. Гэтай дарогай азіяцкія тавары маглі беспасярэдна адпраўляцца на ўсход. Вялікая колькасьць знойдзеных на гэтай дарозе арабскіх дыргэм сьведчыць аб ажыўленым таварамене Азіі з Эўропай. Падняпроўе праз Прыпяць і прытоку Ясельду злучалася з 3. Бугам і вадазборам Віслы. Політычныя лёсы крывічоў і дрыгвічоў у значнай меры залежалі ад гэтых гандлёвых шляхаў на іх тэрыторыі.
Гарадавыя краіны. Пляменнае згуртаваньне заходніх крывічоў навокал Полацку, усходніх—навокал Смаленску, дрыгвічоў—навокал Турава, як гарадоў раскінутых на галоўных гандлёвых шляхох, з працягам часу вылілася ў новую політычную формацыю, гэтак званую „гарадавую краіну". Па водных шляхох вёўся ажыўлены гандаль. У гарадох пачало зьбірацца шмат прышлага люду. Умацованыя пляменныя асяродкі сталі экономічнымі цэнтрамі. Экономічныя сувязі злучалі цэнтр краіны з ускрайкамі. Прыгарады зьявіліся гэткімі злучальнымі сувязямі. Гэтак паўсталі Полацкая, Смаленская, Тураўская, Кіеўская, Ноўгарадзкая і інш. краіны. Утварэньне урадавых краін спрыяла распаду пляменных саюзаў, паасобныя часьці якіх цягнуліся да сваіх экономічных цэнтраў з прычыны географічнага палажэньня, а ня дзеля пляменнай прыналежнасьці. Гэткім чынам заходнія паселішчы смаленскіх крывічоў і паўночная часьць дрыгвічоў цягнуліся да Полацку. Часьць радзімічаў увайшла ў склад Смаленскай краіны. Паўночныя паселішчы верхне-дпяпроўскіх крывічоў цягнулі да Ноўгараду. Паўночна-заходнія паселішчы драўлян цягнулі да Турава, а паўднёва-ўсходняя часьць драўлян і паўднёвая часьць крывічоў увайшла ў склад Кіеўскай краіны. Дзякуючы ўтварэньню гарадавых краін політычная адасобненасьць аднэй краіны ад другой стала яшчэ больш значнай. Побач з гэтым адбываўся процэс этнографічнага аб’яднаньня крывічоў і дрыгавічоў, крывічоў і радзімічаў, вызначыўшы ў далейшым падзел беларускага народу на дзьве галіны — заходнюю і ўсходнюю; у той-жа час намячалася экономічная залежнасьць Смаленскай і Полацкай краін ад Ноўгарадзкай і Кіеўскай земляў, што мела ўплыў і на політычныя лёсы першых дзьвёх краін.
Экономічны быт. Пераважным заняткам насяленьня было ральніцтва. У магілах славян гэтай эпохі знойдзены сярпы, зярняты жыта, аўса, ячменю і пшаніцы. Вяцічы на Ацэ (Оке) плацілі даніну хазарам па „шлягу от рала". Паводле ўмовы Сьвятаслава з Іванам Цімісхіем Візантыя павінна была дазволіць прывозіць да сябе збожжа. Гадоўля жывёлы мела другараднае значэньне. Багацьце лясоў спрыяла распаўсюджаньню пчалярства і паляўніцтва на пушных зьвяроў, дастарчаўшых хутры. Географічнае палажэньне ўцягвала славян у гандлёвыя зносіны з суседзьмі. Вялікая колькасьць на тэрыторыі скарбаў, у якіх мы знаходзім молаты і розныя прадметы мастацтва народаў паўднёвых, усходніх і заходніх,—сьведчыць аб разьвіцьці гандлю. Аб гэтым-жа ўспамінаюць і арабскія пісьменікі: Ібн Хордадбэ (ІХ ст.) аб гандлі з Візантыяй; Ібн Фалдам (Х век) аб гандлі з баўгарамі. Весткі летапісу аб рачных шляхох у моры Касьпійскае, Чорнае і Бальтыцкае, паходы Аскольда і Дыра на грэкаў (ІХ в.), умовы з грэкамі (Х в.) пацьвярджаюць даныя аб значным разьвіцьці гандлю славян з сваімі суседзьмі.
Грамадзянскі ўклад. Сацыяльны лад вызначаўся прастатой свайго ўкладу, адсутнасьцю няроўнасьці, хаця ў параўнаньні з папярэдняй эпохай ён стаў больш складаным. У гандлёвых гарадох спатыкаюцца “градскія старцы". Гэта былі людзі, якія паходзілі ад патомкаў радавых старшынь, або разбагацеўшыя купцы. Вольнае насяленьне гарадоў, што займалася або рамяслом, або ральніцтвам, або гандлем, называлася людзьмі. Нявольнае насяленьне складалі рабы, „чэлядзь". Рабамі станавіліся палоньнікі. Як сьведчыць грэцкі імпэратар Маўрыцы (VI в.), славяне ня трымалі палоньнікаў у вечнай няволі. Па ўплыве пэўнага тэрміну можна было выкупіцца на волю.
Дзяржаўны ўклад. У дзяржаўных адносінах кожнае племя складала асобнае пляменнае княжаньне. Летапіс паведамляе аб легендарных князёх—Кію, Шчэку і Харыве, якія панавалі ў палян; гэта сьведчыць аб тым, што і ў іншых пляменьняў былі свае княжэньні „в Деревлех свое, а Дреговічі—свое, а Словене свое в Новогороде а другое на Полоте, иже Полочане". У паходзе Алега на Канстантынопаль (Х в.) прымалі ўдзел усе князі „под Олегом сушчі". Ігар пасылае князёў у Грэцыю „ад усіх князёў і ад усіх людзей рускае зямлі". Кожнае племя было незалежным у адносінах да сваіх суседзяў і магло завязваць з імі дабрэюць мірныя і ваенныя адносіны: „жывяху Поляне і Деревляне і Север і Радімічі і Вятічі і Хрвате. Поляне быша обідіма Деревлянамі і інемі окольнымі”.
Веча. Найвышэйшая ўлада ў кожным пляменьні прыналежала вечу — цэнтру пляменнай організацыі. Веча — старажытная ўстанова. Паводле слоў грэцкіх пісьменнікаў Маўрыкія, Пракопа (VI в.) і Канстанціна Багранароднага (ІХ в.) славяне вырашаюць усе справы на народных сходах. Летапіс паведамляе, што „Новгородцы бо із начала Смолняне і Кіяне і Полочане і вся власті (воласьці) яно же на думу на вече сходятся". Веча вырашала і абгарвавала дзяржаўныя справы. Ва ўсіх важных выпадках зьвярталіся да веча. Аб такіх агульных пастановах летапісец адзываецца гэтак: „сдумавше поляне", „послаша древляне“, „послаша ны деревска земля". Веча выбірала князёў. Пастановы веча пашыраліся і на прыгарады.
Быт. Славянскія пляменьні мелі „обычаі своі і законы отець своіх і преданія, каждый свой норов“. Найбольш культурнымі, паводле летапісу, зьяўляюцца паляне, якія мелі „стыденіе к снохам своім і сёстрам і к матерям своім“ і якія жаніліся, прыводзячы нявесту ў дом жаніха, а ня „ўмыкаючы" яе. Драўляне, радзімічы, вяцічы, севяране, крывічы, што жылі сярод лясоў, былі культурна адсталымі: Яны хапалі нявест у часе ігрышчаў і скокаў. Дазвалялася і многажонства. Нябожчыкаў палілі, а сабраны попел усыпалі ў начыньне і ставілі яго на слупох пры дарогах. З прычыны слабасьці дзяржаўнай улады была распаўсюджана крывавая помста. Летапісец паведамляе, што драўляне „убіваху друг друга". Паводле сагі Ольва „у Холмгардзе, кожны забіўшы другога чалавека бяз суду, караўся сьмерцю". Крывавая помста пачала замяняцца выкупам, і к палове XI ст. сыстэма штрафу аканчальна асталявалася. Сыны Яраслава: Ізяслаў, Сьвятаслаў, Усевалад, сабраўшыся разам „отложыша убіеніе за голову но кунамі ся выкупаті", гэта звана, адмянілі крывавую помсту, замяніўшы яе грашовым штрафам.
Суседзі славян VIII—ІХ ст. Норманы. Суседзьмі славян на паўночным захадзе былі норманы, вядомыя ў летапісе пад назовай „варагаў"—выхадцы з Скандынаўскага паўвострава. Розныя ўмовы прымушалі насяленьне да эміграцыі. Пералюдненасьць утварала нявыгодныя ўмовы для жыцьця, прымушала насельнікаў пакідаць бацькаўшчыну і шукаць шчасьця ў іншых старонках. Дзякуючы ўтварэньню дынастычных дзяржаў у Швэцыі, Нарвэгіі, Даніі паасобныя ўладары сталі падданымі сваіх каралёў. Гэта прымусіла паасобных уладароў, якія не жадалі пагадзіцца з такім політычным становішчам, пакінуць бацькаўшчыну. Прычынілася да гэтага і права першародзтва. Пакінутыя без зямельнага надзелу, малодшыя ў сям‘і былі прымушаны шукаць сабе сродкаў у чужых краёх. Норманская калянізацыя разьвівалася ў двох кірунках: адна частка вараскіх выхадцаў накіроўвалася на захад, пераважна ў Англію, і паўночную Францыю. Норманы ў працягу двох сталецьцяў наводзяць жудас на эўропэйскія землі сваімі разбойніцкімі нябёсамі. На сваіх вузкіх, але доўгіх лодках, аднолькава прыгодных да шчыпаньня на жаглях і на вёслах, яны паднімаліся ўверх па рэчках і дашчэнту спусташалі наўкольныя мясцовасьці. Другая часьць пасоўвалася на ўсход Эўропы па рэчных дарогах і шляхох. Па вялікім водным шляху норманы пасоўваліся ў бок славян і ў Візантыю. Паўночныя сагі добра ведаюць усходні шлях у Міклаград (Царград), Гордарык (Ноўгарад) і Холмград (Кіеў). Норманы паяўляліся ў Візантыі то ў якасьці ваяк на службе імпэратара, то ў якасьці купцоў. Відавочна, па дарозе ў Канстантынопаль пэўная часьць норманаў заставалася ў славянскіх гарадох, якія адчувалі патрэбу ў ваеннай сіле. Стычка славянскага і шаманскага сьветаў зьявілася пачаткам дынастычнага аб’яданьня славянства.
Хазары. Тэрыторыя хазар. Турскае племя хазары, заняўшы ніжнюю Волгу, пашырыла паступова сфэру свайго ўплыву на ўвесь Каўказ: У VIII веку арабы выцесьнілі хазар з Закаўказьзя і Каўкаскія горы былі на поўдні ўскрайнім пунктам іх уплыву. Хазары падбілі прамысловае насяленьне Падоньня і Прыазоўя і распаўсюдзілі свой уплыў на Крымскі паўвостраў. Сталіцай хазарскага царства быў горад Ітыль, пабудованы ля вусьця Волгі.
Экономічны быт. Хазары займаліся ральніцтвам і культурай вінаграду. Гадоўля жывёлы гэтак сама была значна пашырана. У іх руках быў згуртованы ўвесь усходні гандаль. Апрача гэтага хазары гандлягандлявалі з Баўгарыяй, Крымам, Пэрсыяй, Візантыяй. Крэпасьць Саркел, на тым месцы, дзе збліжаецца Волга і Дон, была асяродкам візантыйскага гандлю. Ня гледзячы на шырокае разьвіцьцё гандлю, галоўным чынам усходняга, хазары заставаліся напоўвандроўным народам. Рыба і рыс былі галоўнай іх жыўнасьцю. Багатыя гарады ўлетку звычайна пуставалі. Жыхары, як толькі пачыналася вясна, высяляліся ў стэпы і толькі ўвосень варочаліся назад у горад.
Політычны ўклад. Начальнік дзяржавы называўся „каган”. Улада яго была неабмяжованая і насьледніцкая. Яго асоба лічылася сьвятой. Кіраўніцтва дзяржавай знаходзілася ў руках намесьніка.
Рэлігія хазар. Спачатку хазары былі паганцамі. У VIII веку ад крымскіх жыдоў хазары перанялі іудэйскую веру, тады-ж у Хазарыі пачало распаўсюджвацца і магомэтанства, якое аднак ня мела ваяўнічага характару. Гандлёвыя і політычныя сувязі з Візантыяй і хрысьціянскім усходам спрыялі пашырэньню тут хрысьціянства. Хазары вызначаліся веразноснасьцю. У Ітыле для людзей кожнае рэлігіі былі асобныя суды, два для магомэтан, два для іудэяў, два для хрысьціян і адзін для славян-паганцаў.
Хазары і славяне. Хазары, займаючы дарогу, па якой паасобныя пляменьні пасоўваліся з Азіі ў Эўропу, зьявіліся абаронцамі славян ад знадворных ворагаў. Раньнія гандлёвыя сувязі спрыялі ўзаемнаму збліжэньню. З працягам часу паляне, радзімічы, вяцічы і севяране падпалі пад уладу хазарскага хана і пачалі плаціць яму даль. Хазарскі гандаль і політычная залежнасьць ад хана прычыніліся да політычнага аб’яднаньня ўсходняга славянства. Славяне плацілі хазарам дань: паляне і севяране „по белке" з кожнага дому, радзімічы—„по шлягу", вяцічы—„по шелегу от рала". Славяне, што прыяжджалі ў Хазарыю, карысталіся там свабодаю. Яны захоўвалі свае рэлігійныя абрады, свой суд.
Заняпад Хазарскага царства. Унутраныя няладзіцы прычыніліся да аслабленьня хазарскага царства. У Хазарыі пачало бракаваць сіл спыняць націск азіяцкіх вандроўных гордаў. У палове ІХ ст. прарваліся ўглыб чарнаморскіх стэпаў вэнгры. У канцы ІХ веку вэнгры прайшлі на захад каля Кіева і прынялі ўдзел у барацьбе грэкаў з баўгарамі. У 70—80 г. г. гэтага-ж ст. прайшлі і печанегі. Спыніўшыся ў чарнаморскіх стэпах, яны занялі абшары паміж Донам і Дунаем. Гэта прымусіла славянскіх каляністых пакінуць вадазбор ніжняга Дону, ніжняга Дняпра, паўднёвага Бугу, ніжняга Днястра. Часьць славянскіх пасяленцаў была зьністожана вандроўнікамі. Район славінскай аселасьці звузіўся. Толькі на Чарнаморскім і Азоўскім узьбярэжжах засталося крыху заселеных месц. На Таманскім паўвостраве, па нізоўях Кубані захавалася славянская калёнія Тмутарачань. У 915 г. печанегі прышлі „первое на рускую зямлю". Заняўшы стэпы, вандроўнікі перагарадзілі „вялікі водны шлях" і значна скарацілі паўднёвы гандаль.
Норманы і славяне. Норманы спачатку праніклі на тэрыторыю Біарміі — узьбярэжжа Белага мора і Завалочча, што цягнулася ад р. Анегі да Пячоры і далей да Уральскага хрыбта. Жыхары Біарміі гандлявалі з Норманамі хутраным таварам у вымену на золата і серабро. Па р. Волзе скандынаўскія выхадцы накіроўваліся на ўсход у бок Вялікіх Баўгар, дзе мянялі свае мэталічныя вырабы на продукты мясцовага краю. З пашырэньнем эміграцыі норманы пачалі пранікаць на тэрыторыю славян па рэчных шляхох, якія вялі з Бальтыцкага мора. Адна часьць варагаў пакіроўвалася ў чарнаморскія стэпы па дарозе ў Канстантынопаль, водным шляхам „з Вараг у Грэкі”. Другая часьць пранікала на тэрыторыю славян па р. З. Дзьвіне. Готляндзкая Гутосага сьведчыць аб тым, што адважныя готляндзкія маракі пранікалі ў Візантыю на Дзьвіне. Готляндзкія выхадцы паехалі па вадзе, што завецца Дзьвіна, і ўгору праз Русаляндыю так далёка яны ехалі, што прыехалі ў Грыкляндыю (Грэцыю). Тут прасіліся ў грэцкага консула дазволу пасяліцца. Першая стычка славян з норманамі была няўдачнай для першых. Крывічы, ноўгарадзкія славяне і фінскія пляменьні былі прымушаны заплаціць дань заморскім выхадцам, накшталт таго, як паляне, севяране і вяцічы плацілі лань хазарам. Толькі дрыгвічы былі пакуль-што свабодны ад чужацкае няволі. Націск чужаземнай сілы прымусіў славянскія пляменьні аб’яднацца дзеля адпору. Утвораны саюз, у які ўвайшлі фінскія і славянскія пляменьні — крывічы, ноўгарадзкія і пскоўскія славяне, вызваліў славян ад выплаты дані. Варагі былі прагнаны за мора. Пляменьні пачалі „самі в себе володеті“. Ваенны саюз распаўся і пачаліся міжпляменныя няладзіцы: „Вста род на род, і быша усобіцы в ніх і воевати самі на ся почаша". Спаткаўшы адпор з боку саюзу паўночна-заходніх славянскіх пляменьняў, норманы мелі большую ўдачу ў краіне палян, якія, дзякуючы паветам вандроўнікаў, адчувалі вялікія перашкоды ў сваім усходнім і паўднёвым гандлі і адчувалі патрэбу ў добра організаванай вайсковай сіле дзеля аховы гандлёвых шляхаў.
Вараскія князі. Унутраныя няладзіцы аслаблялі славян. Пры новым націску ворагаў атрымалі перамогу апошнія, і ў Ноўгарадзе, Ізбарску і Белавозеры паявіліся вараскія князі Рурык, Сінявус і Трувар. Адначасна ў Кіеве аселі Аскольд і Дыр, якія зьвольнілі кіяўлян ад выплаты дані хазарам. Так утварыліся ў ІХ ст. два вараскіх княствы: Ноўгарадзкае і Кіеўскае. Паміж прадстаўнікамі гэтых княстваў ня было ладу. Паўднёвыя варагі імкнуліся захапіць Полацк а разам з гэтым захапіць важны гандлёвы шлях пад свой кантроль. Гэта аднак ім не ўдалося. Палачане ўсё-ткі муселі перанесьці на сабе ўвесь цяжар чужаземнага найсьця. Барацьба за гандлёвыя шляхі прывяла да стычкі поўнач з поўднем. Прадстаўнік поўначы — Алег пакіраваўся водным шляхам на поўдзень. Паход быў удачны. Смаленск і Любеч прызналі ўладу Алега. Захапіўшы абманным спосабам Кіеў і забіўшы Аскольда і Дыра, Алег пачаў кіраваць Кіевам. Полацкія крывічы і дрыгвічы ўвайшлі ў склад дзяржавы Алега. Крывічы прымалі ўдзел у паходах на „Грэкі" Алега (907) і Ігара (944). Політычнае становішча Полацку заставалася нязьменным пры кн. Ігару, Вользе і Сьвятаславе, якія стараліся падчыніць усіх славян сувэрэнітэту кіеўскага князя. Паўстаўшыя пры Ігару драўляне былі зноў падбіты і абложаны даньню вялікшай у параўнаньні з тэю, якую налажыў на іх Алег. Гэта выклікала новае паўстаньне. У часе паходу Ігара па дань паўстаўшыя драўляне забілі Ігара; гэта выклікала крывавую помсту, якую учыніла жонка Ігара — Вольга над драўлянамі за сьмерць мужа. Пры кн. Сьвятаславе ў склад Кіеўскае дзяржавы ўвайшлі вяцічы. Паўстаньне пры Уладзіміру закончылася няўдачай. Павярхоўны процэс аб’яднаньня не датычыў унутранага жыцьця славянства. Пляменныя князі засталіся на сваіх пасадах. Алег у 912 г. зрабіў умову з грэкамі ад свайго імя і ад „всех, іже суть под рукою его светлых бояр“.
Выдзяленьне Полацку. Політычнае становішча Полацку зьмянілася пры Ўладзіміру Сьвятаславічу (Х в.). У Полацку паяўляецца кн. Рагвалод, які прышоў з Замор’я. Умацаваньню політычнай самастойнасьці Полацку спрыяла тое, што ўлада кіеўскага князя была аслаблена дзякуючы дамовым сваркам паміж сынамі Сьвятаслава: Уладзімірам, Яраполкам і Алегам. Спачатку пачалася наладзіца паміж Алегам і Яраполкам. Перамог Яраполк. Алег быў забіты. Уладзімір, які княжыў у Ноўгарадзе, уцёк за мора. Атрымаўшы дапамогу ад ворагаў, Уладзімір прагнаў з Ноўгараду пасаднікаў Яраполка, і грамадзянская вайна распачалася. У гэтай барацьбе абодва бакі хацелі ўвайсьці ў саюз з Рагвалодам, праз шлюб з яго дачкой — красуньняй Рагнедай. Сам Рагвалод схіляўся на бок Яраполка. Але перамог Уладзімір, пасьля чаго пасьпяшыў заняць Полацк. Рагвалод быў забіты. Уладзімір ажаажаніўся з Рагнедаю. Затым Уладзімір пасадзіў Яраполка ў Кіеве. Сам Яраполк быў забіты здрадзіўшым яго Блудам. Політычная самастойнасьць Полацку была немагчымай пры экономічнай сувязі з Кіевам. У Полацку былі пасаджаны „мужі“ Ўладзіміра. З часам, яшчэ пры жыцьці, Уладзімір аддаў Полацкую землю Ізяславу — сыну Рагнеды. Полацкае княства стала зноў самастойным. Ізяслаў заставаўся полацкім князем да самай сьмерці.
Тураў і Смаленск. Дрыгвічы знаходзіліся з самага пачатку ў сфэры ўплыву кіеўскага князя. Аднак, і тут меў месца процэс утварэньня ў паасобныя княствы. Дрыгвічы, падобліва, выдзеліліся ў часе грамадзянскай вайны пасьля сьмерці Сьвятаслава. Пры Ўладзіміру і Тураўская зямля зноў была далучана да Кіева. Уладзімір пасадзіў свайго старшага сына Сьвятаполка, але гэтая акалічнасьць сьведчыла аб політычнай сувязі дрыгвічоў і Кіевам, якія мелі да яго экономічны нахіл. Смаленская зямля застаецца ў беспасярэднай залежнасьці ад кіеўскіх князёў, якія кіравалі ёю праз свайго намесьніка. Пасьля таго, як Уладзімір ахрысьціўся, ён пасадзіў у Смаленску свайго сына Станіслава, але дзякуючы экономічнай залежнасьці ад Кіева, смаленскі князь ня меў ніякага політычнага значэньня, а быў проста тытулованым пасаднікам кіеўскага вялікага князя.
Новая грамадзянская вайна. Па сьмерці Ўладзіміра Сьвятаславіча (1015) выбухнула новая грамадзянская вайна. У ёй прымалі ўдзел сыны Ўладзіміра. Тураўскі князь Святаполк пасьпяшыў умацавацца у Кіеве зараз-жа па сьмерці бацькі. Супроць Святаполка выступіў яго брат Яраслаў, што сядзеў у Ноўгарадзе і пасварыўся з сваім бацькам за дань, якую трэба было ноўгарадцам плаціць Кіеву. Барацьба поўначы і поўдня вымагала напружаньня абедзьвюх ваюючых старон. Сьвятаполк апіраўся на ўласную партыю ў Кіеве, набіраючы войска з дрыгвічоў і драўлян . Яраслаў знайшоў падтрыманьне з боку варагаў і ноўгарадцаў. Грамадзянская вайна закончылася на яго карысьць. Перамога дынастычнага аднадзяржаўя прывяла да стычкі Яраслава з Мсьціславам Тмутараканскім і Брачыславам Ізяславічам Полацкім.
Згода з Брачыславам і Мсьціславам. Політычнае ўмацаваньне Яраслава не магло не адгукнуцца на становішчы Полацку. Жадаючы павярэдзіць заняцьце Полацку Яраславам, Брачыслаў напаў на Ноўгарад. Шмат палонных і вялікая здабыча дасталася ў рукі Брачыслава, які пасьпяшыў вярнуцца дамоў. Па дарозе аднак Брачыславу прышлося сустрэцца з Яраславам на рэчцы Судоміры. У гэтай стычцы Брачаслаў быў разьбіты. Адбітыя палонныя і награбленая маёмасьць былі зьвернуты ў Ноўгарад. Брячаслаў уцёк у Полацк. Разьбіўшы гэтак Брачыслава, Яраслаў пачаў шукаць з ім згоды. Політычнае становішча Полацкае зямлі засталося бяз зьмены, але тэрыторыяльна яна павялічылася далучэньнем Віцебску і Усьвята. Дзякуючы гэтаму верхняе Падзьвіньне і волакі паміж Дняпром і Дзьвіной знаходзіліся пад кантролем Брачаслава (1021). Мсьціслаў распачаў барацьбу з Яраславам у саюзе з хазарамі і касогамі. Спачатку захапіць Кіеў не ўдалося. Мсьціслаў мусіў здаволіцца Чарнігавам. Яраслаў, які знаходзіўся ў Ноўгарадзе, выступіў супроць брата ў саюзе з варагамі. Стычка братоў пры Ліствэне (1026) закончылася перамогай на баку Мсьціслава. Яраслаў быў прымушаны зрабіць згоду з братам. Кіеў застаўся за Яраславам, а землі на ўсход ад Дняпра былі аддадзены Мсьціславу. Такая політыка Яраслава, сьведчачы аб яго ваеннай слабасьці, узмацніла абодвых супраціўнікаў кіеўскага князя. Мсьціслаў хутка захварэў і памёр (1023). Уся паўднёвая Русь ізноў было аб'яднана пад уладай аднае асобы. Становішча Полацкай зямлі засталося бяз зьмены, Брачаслаў памёр у 1044 годзе.
Беларуская зямля ў складзе Кіеўскай дзяржавы. Утварэньне вараскіх княстваў у Тураве і Полацку ня мела вялікага ўплыву на ўнутраўнутраную пабудову славянскіх пляменьняў. Увойсьце беларускіх зямель у склад Кіеўскай дзяржавы прымусіла іх прыняць удзел у тэй замежнай і гандлёвай політыцы, якую праводзілі кіеўскія князі. Гандлёвыя шляхі і гандлёвыя сувязі зьвязвалі самым цесным чынам беларускія княствы з экономічным і політычным асяродкам поўдня — Кіевам. Экономічная залежнасьць ад Кіева вызначыла політычнае становішча паасобных земляў. Імкненьне да самастойнасьці з боку апошніх, напрыклад, Полацку, прымушала князёў вызваляцца ад экономічнай залежнасьці ад Кіева і захапляць пад свой кантроль галоўныя гандлёвыя шляхі. З другога боку, князі не маглі дапусьціць значнага політычнага ўмацаваньня кіеўскага князя. Гэта прымушала полацкіх князёў пільна сачыць за тым, што робіцца ў Кіеве і адпаведным чынам на гэта рэагаваць.
Замежная політыка. Візантыя. Вараскія конунгі ў Кіеве — Аскольд і Дыр пакіраваліся на поўдзень да Канстантынопалю. З гэтага моманту паходы кіеўскіх князёў на Візантыю сталі звычайнай зьявай ў політыцы кіеўскіх князёў, бо непаразуменьні гандлёвага характару паміж Візантыяй і Кіевам можна было разьвязваць толькі зброяй. Аснавальнік Кіеўскае дынастычнае дзяржавы—Алег адправіўся ў паход на Грэцыю з мноствам «вараг, славені, чуді і крывічы і мерю і поляне і северу і древляне і родімічы і хорваты і дулебы і тыверцы». Паход закончыўся ўдачна. Алег патрэбаваў „даті воем на две тысячі кораблей по двенадцать грівн на ключ і потам даяті уклады на рускіе города: первое на Кіев, также на Чернігов і на Переяславль і на Полтеск і на Ростов і на Любечі і прочая города, по тем бо городам седаху князья под Ольгом суще". У 912 г. Алег паслаў паслоў у Візантыю, каб наладзіць згоду паміж „Хрістіаны і Русью“, дзеля якой мэты было паслана спэцыяльнае пасольства ад „Олега Великого князя Руского і от всех, іже суть под рукою его светлых бояр“. Мірныя адносіны з Візантыяй былі парушаны пры Ігару (941). Паход закончыўся поўнай няўдачай. У 944 годзе Ігар, сабраўшы вялікае войска ў складзе варагаў і Русі „пойде на Греков в лодьях і на конех, хотя мстіті за себя“. Паход закончыўся ўдачна. Ігар „взем у Греков злато і паволокі на вся воя“, вярнуўся дамоў. У 945 г. была зроблена новая ўмова з грэкамі. Ігаравы паслы былі прадстаўнікамі „от ігоря в. к. Рускага і от всея княжья і от всех людей Руское землі”. У 967 г. в. к. Сьвятаслаў па прапазыцыі Нікіфара Фокі распачаў барацьбу з баўгарамі і перамог іх. Застаўшыся ў г. Пераяслаўлі, атрымліваў дань ад грэкаў. Дварцовы пераварот 10-га сьнежня 970 г. аддаў уладу Івану Цымісхію. Апошні, каб вызваліць Візантыю з-пад уплыву славян, распачаў з Сьвятаславам барацьбу, якая закончылася для кіеўскага кн. няўдачна. Сьвятаслаў быў прымушаны зрабіць мірны дагавор з І. Цымісхіем у 971 г. Апошні паход у Х в. быў наладжан Уладзімірам Сьвятаславічам.
Прычыны паходаў. Паўтаральнасьць паходаў па Візантыю была выклікана канечнасьцю наладзіць гандлёвыя справы Кіева, якія спатыкалі шмат перашкод з боку Візантыі. Гэтая акалічнасьць папхнула Сьвятаслава на барацьбу з баўгарамі з тэй мэтай, каб заўладаць шляхам на Канстантынопаль. Вынік гэтага паходу быў няўдачны. Грэкі выявілі сябе даволі сільнымі, каб адкінуць ад Канстантынопалю адарванага ад Кіева Сьвятаслава. Каб прымусіць грэкаў не перашкаджаць гандлёвым адносінам, Уладзімір уступіў у саюз з баўгарамі для барацьбы з грэкамі. Злучанымі „патугамі баўгар і рускіх славян грэкі былі разьбіты, а ў 989 годзе Уладзімір адабраў ад Візантыі Корсунь — важны гандлёвы пункт на паўднёвым узьбярэжжы Крымскага паўвострава. У XI ст. ваенных стычак паміж Візантыяй і Кіеўскай дзяржадзяржавай ня было. У 1043 г. рускія атрымалі права свабодна гандляваць з Грэцыяй.
Паходы на ўсход. Політыка князёў у адносінах да камскіх баўгар і Хазарыі гэтак сама вызначалася гандлёвымі інтарэсамі. Ужо Алег у 913 г. зрабіў свой знамяніты паход да Касьпійскага мора і даволі паграбіў хазар. Ігар, Святаслаў, Уладзімір ня раз хадзілі паходам на камскіх баўгар. У 1006 г. Уладзімір зрабіў з камскімі баўгарамі ўмову, паводле якой рускія купцы атрымалі права свабоднага праезду ў баўгарскія гарады з пячацямі сваіх пасаднікаў. Баўгарскія купцы атрымоўвалі права прыяжджаць на Русь для гандлю толькі па гарадох. У 965 г. Сьвятаслаў зьністожыў Хазарскае царства і сталіцу Ітыль. Распачаўся яго заняпад, а разам з гэтым і заняпад усходняга гандлю.
Унутраная політыка. Уваходзячы ў склад Кіеўскай дзяржавы, славянскія пляменьні мусілі плаціць даyь. Гэтак драўляне плацілі Алегу „по черне куне", севяране сталі плаціць меншую дань, чымся хазарам. Радзімічы плацілі тую самую дань, што і хазарам. Пры Ігару драўляне паўсталі, але пасьля гэтага на іх была наложана большая дань, чымся тая, якую яны плацілі Алегу. Пры Вользе „деревская земля“ папала ў поўную залежнасьць ад Кіева. Вольга ўстанаўляла свае „уставы і урокі”. Сьвятаслаў падбіў вяцічаў і налажыў на іх дань. Іх паўстаньне пры Уладзіміру закончылася няўдачай. Княжая дань зьбіралася дваякім чынам: або пасяленьне само прывозіла належную дань, што называлася „повозом”, або самі князі езьдзілі па дань па гарадох. Гэткі спосаб збору дані называўся „полюдьем”. Паездка Ігара за зборам дапі ў драўлянскую землю закончылася для князя сьмерцю. Паяўленьне вандроўнікаў у стэпах і напады іх на гандлёвыя шляхі прымушалі князёў прымаць меры да аховы гандлёвых шляхаў. Гэтак печанегі, якія паявіліся у 915 г., заняўшы ўсе стэпы ад Дону да Карпат, нападалі на гандлёвыя караваны і затрымлівалі таварамен з Візантыяй. Ігар і Сьвятаслаў ня раз ваявалі з печанегамі. Калі Сьвятаслаў, наладзіўшы мір з І. Цімісхіем, варочаўся дамоў, на яго напалі печанегі на Дняпроўскіх парогах і забілі (972). Уладзімір „безперестані” ваюе з печанегамі. Ён будуе крэпасьці па Дзясьне, Остру, Трубежы, Суле і Стужы з мэтай абароны Кіеўскай дзяржавы ад печанегаў.
Гандаль з Візантыяй. Гандлёвыя зносіны Прыдняпроўя з Візантыяй—вельмі даўняга пахаджэньня. Сярэдне-дняпроўскія славяне з даўных-давён гандлявалі з грэцкімі гарадамі на паўночным беразе Чорнага мора: Белгарадам — на Днястры, Корсунем, Танаісам ля вусьця Дону, Алешшам—на Дняпры, Таматархай—на Таманскім паўвостраве. Насяленьне Прыдняпроўя з даўных-давён адчувала патрэбу ў солі, што здабывалася ў ліманах Чорнага мора. Пасьля ўтварэньня Усходняй Рымскай Імпэрыі славяне сярэдняга Дняпра наладжваюць беспасярэднія гандлёвыя зносіны з Візантыяй, якая, дзякуючы свайму географічнаму палажэньню, дасягнула значнага росквіту і багацьця. Суседзтва з усходнім сьветам і разьвіцьцё гандлёвых сувязей з усходам былі галоўнымі крыніцамі багацьця Візантыі, якая ў VIII в. была ядыным пасрэднікам усходня-азіяцкага гандлю з заходнямі народамі. У Візантыю прывозіліся індыйскія і кітайскія тавары праз Хазарыю, Дон, паўночнае ўбьзярэжжа Чорнага мора і Сярэдня-Азіяцкую гандлёвую дарогу. Праз Візантыю эўропэйскія вырабы пакіроўваліся на ўсход на славяна-рускую поўнач. Візантыя была значным спажывецкім рынкам, на якім быў асаблівы попыт на прадметы роскашы і рознага гатунку сырэц. Вырабы з слановай косьці, золата, шкла, візантыйская мозаіка, кераміка, дасканалыя шаўковыя матэрыі знаходзілі збыт на захадзе і на поўначы. Індыйскія і кітайскія тавары, прыправы, каштоўныя каменьні, жомчуг, каралі і шоўк у вялікай колькасьці прывозіліся ў Візантыю па старых шляхох. Адзін з іх—ад Пэрсыдзкае затокі праз Мэсопотамію, Эгіпет і Сірыю быў захоплены арабамі з канца VII ст. Другі шлях ішоў з Азіі праз Алтай, Туркестан, Хіву, Хазарыю і Басфор Камэрыйскі, а адтуль морам у Візантыю. Сыстэма Візантыйскае гандлёвае і прамысловае політыкі з часоў Юстыніана (527—565) была пабудована на прынцыпе монополіі і дробнай рэглямэнтацыі. Ня гледзячы на існаваньне апошняй, прамысловасьць дасягнула значных рэзультатаў. Монополія на збожжа, віно, масла, соль і іншыя прадметы першай неабходнасьці—вельмі цяжка адгукнулася на насяленьні, дзякуючы надужыцьцям з боку адміністрацыі. Вялікая колькасьць налогаў, законных і незаконных збораў, утварала шмат няпрыемнасьцяў і перашкод для таварамену. Асабліва гэта цяжка адгукалася на чужаземцах, якім прыходзілася і на сушы і на моры плаціць мытныя налогі і падлягаць агляду з боку пільных мытных ураднікаў. Спачатку гандаль ва ўсіх кірунках знаходзіўся ў руках грэкаў. У ІХ ст. становішча зьмянілася. Гандаль папаў у рукі к чужаземцам, галоўным чынам арабам і італьлянцам. Паўночны гандаль зноходзіўся ў руках славяна-рускіх. Арабскі пісьменьнік Масуды называе Чорнае мора Рускім. На тэрыторыі сярэдняга і ніжняга Дняпра знаходзяць у магілах шмат прадметаў візантыйскага мастацтва з золата, серабра, медзі і жалеза, з каштоўнымі каменьнямі. якія адносяцца да IV—V ст. У паганскіх магілах VIII—ІХ ст. былі знойдзены златаліты і залатыя шоўкавыя тканіны. Візантыйскія і арабскія пісьменьнікі падаюць нямала вестак аб візантыйска-славянскім гандлі.
Гандлёвыя дагаворы. Гандлёвыя сувязі Прыдняпроў’я з Візантыяй з працягам часу сталі гэтак значны, што паявілася канечнасьць іх упарадкаваць паасобнымі дыплёматычнымі актамі. Можна лічыць, што гандлёвыя дагаворы былі ўпяршыню завязаны ў палове ІХ ст. хаця тэксты дагавораў не захаваліся. Першымі гістарычнымі дакумэнтамі, якія датычаць гандлю, зьяўляюцца дагаворы Алега і Ігара з грэкамі, Алег завязаў спачатку дагавор у 907 г. з царамі Левам і Аляксандрам. Дагавор быў пацьверджаны ў 911 і 912 г. г. Паводле першага дагавору прыяжджаўшыя купцы павінны былі затрымлівацца ў прадмесьці манастыра Мамы і мелі права ўваходзіць у горад партыямі па 50 асоб, але бяз зброі і пад кантролем царскага чыноўніка. Яны мелі права купляць тавары, „неплотяче мыта ні в чем же“. У часе побыту ў Канстантынопалі купцы атрымліваюць у працягу паўгоду „месячное". Гандлёвы дагавор з 911 году дапоўніў папярэдні трактат шэрагам артыкулаў, якія датычаць розных пытаньняў грамадзянскага і крымінальнага права. Дагавор Ігара з Візантыяй, з царамі Раманам, Канстантынам і Стэфанам (945) быў менш выгодным, чымся папярэднія трактаты. Дагавор пацьвярджае права „вялікага князя і яго баяр пасылаць у Грэкі караблі з пасламі і гасьцямі" „яко-же ім установлено есть". Госьці павінны мець адпаведныя велікакняскія граматы. Прыехаўшыя бяз граматы могуць быць арыштаваны. Гасьцём забараняецца зімаваньне ў сьв. Мамы. Бязмытная купля тавараў адмяняецца. Купцы ня маюць права купляць павалокі болей, чымся на 50 залатнікоў. У зваротную дарогу ад'яжджаючыя атрымліваюць адпаведнае „брашно". Але рускі князь павінен быў адмовіцца ад праў на Корсунь. Дагавор в. князя Сьвятаслава з імпэратарам Іванам Цымісхіем быў завязаны пры такіх політычных акалічнасьцях, якія ня спрыялі славянам (971). Дагавор пацьвярджаў усе ранейшыя дагаворы, але Сьвятаслаў павінен быў адмовіцца ад усякіх ваяўнічых намераў супроць Грэцыі, а гэтак сама ад пасяленьня на Корсунь з наўкольнымі гарадамі і на Баўгарыю. Паміж Сьвятаславам і Візантыяй быў наладжаны аднабокі абаронны саюз. Сьвятаслаў у выпадку нападу на Візантыю якога-колечы ворага, быў абавязаны дапамагаць імпэрыі. Дагавор ставіў замежны гандаль у поўную залежнасьць ад грэкаў. Спроба Сьвятаслава захапіць сухаземную дарогу дзеля гандлю з Канстантынопалем не ўдалася. Няспрыяючыя ўмовы гандлёвага дагавору павінны былі зрабіць уплыў на адносіны да Візантыі насьледнікаў Святаслава. Пытаньне аб вызваленьні замежнага гандлю ад дыктатуры грэкаў стала чарговым заданьнем замежнай політыкі.
Прадметы ўвозу і вывезу. Прамысловая Візантыя дастарчала славянам прадметы сваёй індустрыі і ўсходняе продукцыі. З Візантыі вывозілі золата, павалокі, агародніну, віна і „всяко узорочье". Вялікая княгіня Вольга, вярнуўшыся дамоў з паездкі ў Канстантынопаль, прывязла з сабой „дары многы золото і серебро, поволокы с сосуды разлічныя" (963). Паводле другіх вестак, Візантыя дастарчала славянам каштоўнае начыньне, багатыя вопраткі, дываны, сукны, саф'ян, перац, а пасьля прышчапленьня тут хрысьціянства, — прадметы рэлігійнага культу: грэцкія кубкі, мармур, хварбы, мозаіку. Кіеўскія князі і купцы гандлявалі рабамі і прадметамі прамысловае гаспадаркі. Вольга абяцала візантыйскаму імпэратару прыслаць у падарунак „многа дары, челядь і воск і скору”. Паводле слоў Сьвятаслава з Русі вывозіліся на Дунай „скора, воск, мёд і челядь".
Удзел Беларускіх зямель у гандлі. Беларускія землі прымалі ўдзел у паходах на Візантыю і ў гандлі з апошняй. Калі ў часе свайго паходу на Канстантынопаль у 907 годзе Алег патрэбаваў ад грэкаў дані „по 12 грывен на ключ" і „уклады" на гарады, то Полацк паміж пералічаных гарадоў займае трэцяе месца. Смаленск прымаў удзел у візантыйскім гандлі з ІХ ст. На тэрыторыі Смаленскай краіны візантыйскія монэты пападаюцца не раней ІХ ст. Паасобныя прадметы, што знаходзяцца ў курганох крывічоў, як-то: залаты позумэнт, прывескі бітай работы, шкляныя пацеркі з пазалотай, талеркі з вобразам грыфона—сьведчаць а грэцкім гандлі. Імпэратар Канстантын Багранародны ў сваім творы „Аб кіраваньні імпэрыяй" паведамляе, што людзі з таварамі прыходзяць у Канстантынопаль з Ноўгараду, з Смаленску, Чарнігава, Любеча і Вышгараду. На тэрыторыі верхняга Прыдняпроў’я былі знойдзены візантыйскага пахаджэныія якары, канаты і жаглі. Ажыўленыя гандлёвыя зносіны Смаленску з Візантыяй вызначаюцца перш-на-перш яго географічным палажэньнем на вялікім гандлёвым шляху.
Іншыя паўндёвыя гандлёвыя шляхі ад Кіева. Кіеў знаходзіўся ў асяродку гандлёвага шляху. З Кіева цягнуўся вялікі гандлёвы шлях да Дону і Азоўскага мора, дзе пры вусьці р. Кубані утварылася Тму-Тараканскае княства на месцы ранейшай грэцкай калёніі. З Кіева йшла дарога і ў Крым, дзе знаходзіліся вялікія гарады—Хэрсонес (Корэсунь) і Судак (Сурож), адкуль купцы вывозілі соль, бавалняныя і шаўковыя тканіны, агародніну, віна, травы, прыпраўныя карэньні ў абмен на хутры. Гэты шлях называўся саляным. Апрача гэтага з Кіева вёўся гандаль у Алешшы (Сільвіі). Значэньне Кіева, як асяродка паўднёва-славянскага гандлю, вызначала яго політычнае пераважнае значэньне.
Заходні гандаль. Гандлёвыя дарогі зьвязалі Кіеў з Заходняй Эўропай. З Кіева гандлёвыя шляхі ішлі і на Валынь і ў Галіччыны адкуль адны гандлёвыя дарогі вялі ў Візантыю праз прыдняпроўскія або прыдунайскія гарады, значэньне якіх было справядліва ацэнена в. князем Сьвятаславам: „не любо ме есть в Кіеве быті“ перадае летапіс думку Сьвятаслава „хощу жіті в Переяславце на Дунае, яко то есть середа в земле моей, яко ту вся благая сходятся: от Грек—pлата, паволока, віна, овошчеве разлічная, із Чех і Угор—серебро і камені, із Русі—скора, воск, мёд і челядь”. Іншыя гандлёвыя дарогі вялі ў Польшчу і ў Чэхію, куды рускія славяне вывозілі рабоў і коняў, якія разам з валамі і авечкамі набываліся ў печанегаў. Заходнія гандлёвыя шляхі з Кіева праходзілі праз тэрыторыю дрыгвічоў. Яны ставілі апошніх у экономічную і політычную залежнасьць ад Кіева. У свой чарод гандлёвыя сувязі спрыялі матар'яльнай і духоўнай культуры тэрытотэрыторыі Тураўскай краіны. Аб раньнім разьвіцьці заходняга гандлю сьведчыць вельмі пашыраная назова старажытнай монэты „шэляг“, якая ёсьць нішто іншае, як адменьнік англо-саксонскага шыльлінага. Росквіт заходняга гандлю Кіева адносіцца да пазьнейшае пары. З беларускіх гарадоў падтрымліваў гандлёвыя сувязі з Захадам Полацк. Няўродлівая глеба і выгоднае географічнае палажэньне на вялікім гандлёвым шляху спрыялі разьвіцьцю заходняга гандлю Полацку. Гандаль пачаўся, падобліва, яшчэ ў VIII в. і вёўся ў двох кірунках: з скандынавамі і з Готляндам. Скандынавы гандлявалі з палачанамі або беспасярэдна, або праз фінскія і латыскія пляменьні, што жылі на рацэ Дзьвіне і ўсходнім узьбярэжжы Бальтыцкага мора. Скандынавы дастарчалі прадметы з бронзы і серабра, асабліва гэтак званыя фібулы, мячы і стрэлы. З Полацку гэтыя прадметы накіроўваліся на ўсход. Цэнтрам гандлю на востраве Готляндзе быў горад Візьбі, заложаны ў VIII в. Вялікая колькасьць скарбаў з нямецкімі і англасаксонскімі монэтамі сьведчаць аб гандлёвых зносінах Полацку з востравам Готляндам, які быў пасярэднікам у гандлі паміж усходам і захадам. Чысьленасьць арабскіх монэт ІХ, Х ст. і заходне-эўропэйскіх монэт зьяўляецца відавочным пацьвярджальным фактам. І гандлёвыя сувязі Смаленску з Захадам—вельмі даўняга пахаджэньня. У смаленскіх крывіцкіх і рздзіміцкіх курганох спатыкаюцца бурштыновыя пацеркі і нашыйнікі, мячы скандынаўскага пахаджэньня, монэтныя скарбы ў складзе монэт: англасаксонскіх, ангельскіх, дацкіх і нямецкіх. Самыя старажытныя монэты адносяцца да ІХ, а пазьнейшыя да Х сталецьцяў. Падобліва, беспасярэдныя гандлёвыя сувязі да пачатку XII ст. былі нязначны, бо гандлёвыя інтарэсы Смаленску былі згуртаваны на паўднёвых і ўсходніх рынках.
Усходні гандаль. Гандлёвыя сувязі Прыдняпроў’я і Падзьвіньня з усходам—старажытнага пахаджэньня. Яшчэ ў 1707 г. ў Кіеве быў знойдзены скарб з 2380 куфіцкімі монэтамі. У пазьнейшым часе, асабліва ў XIX ст., археолёгі ў далейшым цягу знаходзілі монэты ўсходняга пахаджэньня, галоўным чынам арабскія. На тэрыторыі Полацкае зямлі гандаль з арабамі праз баўгар наладзіўся ўжо ў VIII в. Арабскія монэты, знойдзеныя на тэрыторыі Меншчыны і Віцебшчыны, адносяцца да VIII в. У Смаленскай зямлі і Смаленску арабскія монэты адносяцца да VIII—Х вякоў. Усе арабскія монэты былі знойдзены на берагох р. З. Дзьвіны і Дняпра. Некаторыя монэты былі біты ў Афрыцы і Гішпаніі. Усе гэтыя монэты сваёй старажытнасьцю не пазьней 1012 г. Вялікая колькасьць арабскіх монэт у Смаленшчыне сьведчыць аб тым, якое вялізнае значэньне меў для смаленскіх крывічоў арабскі гандаль. Перад ім на другі плян адступаў гандаль з Захадам. Значная колькасьць усходніх слоў у стараславянскай мове гэтак сама сьведчыць аб значных гандлёвых сувязях з Усходам. Гандлёвыя сувязі з Усходам падтрымліваліся ў двох кірунках: па сярэдняй і ніжняй Волзе з баўгарамі і хазарамі і праз Касьпійскае мора—з Далёкім Усходам. Для прыдзьвінскіх і прыдняпроўскіх славян гандаль з Паваложжам меў пераважнае значэньне. Гандаль з Далёкім Усходам з прычыны географічных умоў ня мог атрымаць шырокага разьвіцьця. І гандлёвы шлях на Волгу ў Баўгарыю і Хазарыю ішоў у двоіх кірунках: з Смаленска патраплялі на Аку або Волгу, праз правую прытоку Волгі—Вазузу. Ноўгарадцы падтрымлівалі гандлёвыя сувязі з усходам звычайна гэтай дарогай. Другі шлях, праходзіўшы праз землю радзімічаў, ішоў праз Дзясну і Сож у Паваложжа. Гандаль Прыдняпроў’я і Прыдзьвіньня з хазарамі і баўгарамі пачаўся адначасна, але гандлёвыя сувязі з баўгарамі трывалі даўжэй, чымся з хазарамі. У канцы Х ст. пачынаецца заняпад хазарскага гандлю. Гандаль-жа з баўгарамі ў далейшым цягу разьвіваецца аж да татарскага найсьця, і гэтым самым спрыяе значнаму разьвіцьцю беларускага заходняга гандлю. Сталіца Хазарыі мела вялізнае гандлёвае значэньне ў ва ўсходнім сярэднявякоўі. Хазары падтрымлівалі гандлёвыя сувязі з Візантыяй і Крымам, а гэтак сама з пэрсамі, арабамі і Туркестанам. Энэргічныя баўгары сьціналіся на купецкіх караванах да Ітыля і назад. У сталіцу баўгарскага царства ішлі гандлёвыя караваны з Туркестану, Пэрсыі і Арабіі. Баўгары скуплялі ўсе тавары ад усходніх купцоў і не прапушчалі іх далей на Захад. Хазарскі і баўгарскі гандаль зьявіліся пасярэднікамі паміж Усходам з аднаго боку і славяна-фінскімі пляменьнямі з другога: славянабаўгарскія і хазарскія гандлёвыя зносіны вельмі раньняга паходжаньня, быць можа з паловы VIII веку. У першай палове ІХ веку, паводле вестак араба Хордадбэ, славянскія купцы часта наведваліся ў Хазарыю, што пацьвярджаецца нумізматычнымі скарбамі VIII і ІХ ст. ст. Знахаджэньне ў Прыбальтыцы і на тэрыторыі паўночна-ўсходняй Русі монэт волжскіх баўгар VIII—Х вякоў сьведчыць аб старажытнасьці славянскіх гандлёвых сувязей з сярэднім Паваложжам. Аб гандлі славян з далёкім усходам паведамляе арабскі пісьменнік Ібн Хордадбэ, які адзначае, што гандаль вёўся ня толькі на узьбярэжжы Касьпійскага мора, але што славянскія купцы гэтак сама беспасярэдна езьдзілі ў Багдад. Па гэтай дарозе славянскія купцы ў пазьнейшую пару (XIV в.) праніклі ў Індыю. Гандаль з Усходам меў караванны характар. Купецтва дзеля гандлю складала асаблівыя гандлёвыя грамады з супольным капіталам. Купцы выяжджалі ў дарогу ўзброенымі і ў дарозе займаліся паляўніцтвам, рыбацтвам і грабествам фінскіх паселішчаў.
Прадметы вывазу і ўвозу. Праз хазар і баўгар прывозіліся да славян: індыйскія і кітайскія бавалняныя і шаўковыя тканіны, дываны, перац, прыправы, каштоўныя каменьні, залатыя і срэбныя рэчы, асабліва паясы і конскія ўбёры, дамаскія шаблі, нажы і інш. Смальняне і ноўгарадцы прадавалі арабскім, хазарскім і баўгарскім купцом розныя хутры: сабольлі, вавёрчыны, кунічныя, гарнастаевыя, лісьсі, бабровыя, заячыя, козьзі скуры, бабровую струю, юхт, авец, рагатую жывёлу, бурштын, арэхі, бярозавы лес, мёд, воск і славянскіх нявольніц. У галодныя гады баўгары дастарчалі смальнянам збожжа. Беларускія купцы асабліва цанілі пэрлы зялёныя, якія былі нацыянальнымі беларускімі ўбёрамі смаленскіх жанчын. У курганох Віцебшчыны і Смаленшчыны, а гэтак сама ў Даніі і Швэцыі былі знойдзены ў вялікай колькасьці: гранёныя карніолі акруглай формы, шкляныя пацеркі, нашыйныя брансалеты, пярсьцёнкі, запясьці, нашыйнікі—усё вырабы ўсходняе арабскае культуры. Гэтак сама ў літоўскіх курганох было знойдзена шмат прадметаў усходняе работы, якія папалі туды праз гандаль са смальнянамі і сьведчаць а калянізацыі беларусамі—смальнянамі тэрыторыі, заселенай літоўскімі пляменьнямі. Гэта калянізацыя мела зусім спакойны характар і не спатыкала з боку літвінаў ніякага актыўнага адпору.
Значэньне ўсходняга гандлю. Смальняне, зьяўляючыся пасярэднікамі паміж усходам і захадам ува ўсходнім гандлі, выдзяляліся ў складзе Кіеўскае дзяржавы. Вялізнае экономічнае значэньне Смаленску і яго гандлёвыя сувязі з Ноўгарадам паднімалі політычную вагу Смаленскае зямлі і гэтым самым падрыхтоўвалі будучы экономічны і політычны росквіт Смаленскага княства.
Печанегі і тюркі. Хазарскае царства, дзякуючы свайму географічнаму палажэньню, мела вялізнае для славян стратэгічнае значэньне. Хазары, стрымліваючы націск азіяцкіх народаў, далі магчымасьць славянскаму пляменьню калянізаваць узьбярэжжа Чорнага і Азоўскага мора, якое мела вялікае гандлёвае значэньне. Славянскія каляністыя заснавалі на Таманскім паўвостраве славянскую калёнію Тмутаракань, праз якую праходзіў гандлёвы шлях па Судак. Аслабленьне Хазарскага царства і далейшы заняпад апошняга адчынілі свабодны доступ азіяцкім народам, у паасобку печанегам, якія ўжо ў ІХ ст. вандравалі паміж Волгаю і Уралам. Пад націскам хазараў, яны падаліся на захад, адапхнулі вэнграў і занялі стэпы ад вусьця Дону да Дняпра. Калянізаваўшы чарнаморскія і прыазоўскія стэпы, яны сагналі мясцовае славянскае насяленьне, якое было прымушана падацца на поўнач. Прыблізіўшыся да межаў Кіеўскае дзяржавы, печанегі захапілі паўднёвыя гандлёвыя шляхі і гэтым самым прычынілі вялікі ўшчэрбак паўднёваму гандлю. Адначасна напады печанегаў на пагранічныя мясцовасьці набылі пастаянны характар. Уладзімір Сьвятаславіч быў прымушаны будаваць гарады па рэчках Дзясьне, Астру, Трубежы, Суле і Стужы. Яраслаў Уладзіміравіч у далейшым цягу праводзіў політыку свайго бацькі, умацаваўшы рэчку Рось. У пачатку XI веку торкі прагналі печанегаў з паўднёвых стэпаў. Барацьба з вандроўнікамі, якая вымагала вялікага напружаньня матэрыяльных і духоўных сіл, падарвала экономічную моц і еднасьць Кіеўскае дзяржавы і, зьмяншаючы політычнае значэньне Кіева, падрыхтавала выдзяленьне беларускіх краін з складу Кіеўскай дзяржавы. Набегі печанегаў і тюркаў зусім не закраналі ўсходняга гандлю смальнян і ноўгарадцаў, экономічнае значэньне якіх усё павялічвалася. З свайго боку смальнянам удалося наладзіць зносіны з печанегамі, адкуль Смаленская краіна атрымлівала коняў і рагатую жывёлу. Дзякуючы гэтаму смальняне сталі дастаўцамі рагатае жывёлы і коняў для усёй Беларусі.
Склад грамадзянства. У эпоху дынастычнае дзяржавы ня было станаў, як групы асоб, якая сваімі правамі і прывілеямі адрозьнівалася-б ад іншае групы. Грамадзянства дзялілася па месцы свайго замяшканьня на дзьве групы: на гарадзкое і на сельскае. З другога боку ўсё грамадзянства ў юрыдычных адносінах падзялялася на вольных і нявольных. У свой чарод у гарадзкім грамадзянстве было дзьве катэгорыі асоб. Адна катэгорыя складала княжае грамадзянства —дружыну. У другую ўвайшлі ўласна гарадзкія элемэнты—гэтак званая земшчына.
Дружына. Княжая дружына складала вышэйшы стан у дынастычнай дзяржаве. З нацыянальнага боку склад дружыны быў даволі пярэсты. Асноўным ядром дружыны былі спачатку норманы, да іх з часам далучыліся розныя аматары прыгодаў і пашукальнікі шчасьця, як-то: ліцьвіны, фіны і славяне. Умова Алега з грэкамі, у якой пералічаны дружыньнікі, пасланыя Алегам дзеля завязаньня ўмовы, сьведчыць а нацыянальнай рознастайнасьці ў асяродзьдзі дружыньнікаў.
Усе гэтыя: Каралі, Фарлов, Інегелд, Верэмут, Рулаф, Туды, Руалд, Карн, Фрэлав, Руар, Актэву, Труон, Лідульфост, Стэнір—прыналежалі да норман. У дагаворы Ігара спатыкаюцца паміж дружыньнікаў славяне і яцьвягі. Ў летапісе гэтак сама спатыкаюцца чыста славянскія іменьні дружыньнікаў: Вышата, Блуд, Сінько, Сьвянельд. У князя Барыса Ўладзіміравіча ўлюбёнцам дружыньнікам быў „угрын". Князь Глеб Уладзіміравіч быў забіты дружыньнікам „торчыном" па пахаджэньню. Дружыньнікі—бліжэйшыя спадручныя князя, з якімі ён адбывае свае паходы і бароніць гандлёвыя шляхі. З-паміж дружыньнікаў выдзяляліся асобы, якія былі найбольш блізкімі да князя: Сьвянельд—пры Ігару, Блуд—пры Яраполку, Дабрыня—-у князя Уладзіміра. З-паміж дружыньнікаў назначаліся пасаднікі ў падлеглыя князем гарады. Гэтак пры заваяваньні Смаленску і Любеча Алег пакінуў у іх сваіх пасаднікаў. Дружына харчавалася і жыла на кошт князя. Дружына дзялілася на дзьве групы: старэйшую і малодшую. Першая, зьяўляючыся бліжэйшым дарадчыкам князя, складала яго асноўную ваенную сілу. Другія, вядомыя пад назовам „детскіе", „открокі”, „гріді", адбывалі розную службу пры княжым двары. Гэтак, калі Вольга частавала драўдраўлянскіх старшын, то за сталом прыслужвалі „отрокі"; падарункі, прысланыя грэкамі князю Святаславу, былі схованы „отрокамі". З малодшай дружыны з часам можна было перайсьці ў старэйшую, у баярства.
Земскія баяры. Побач з дружыньнікамі трэба паставіць земскіх баяр, вядомых у „начальным летапісе" над назовам „градскіх старцев", „нарочітых людей". Гэта прадстаўнікі гарадзкога грамадзянства, быць мо‘ патомкі радавых старэйшын, асобы, якія карысталіся аўтарытэтам у грамадзянства, або дзеля свайго становішча, або з прычыны свайго багацьця, дзякуючы якому паасобныя разбагацеўшыя асобы маглі заняць у гарадзкім грамадзянстве выдатнае становішча. Гэтая радавая або купецкая арыстакратыя мела вялікае значэньне, напрыклад, драўлянская—ў барацьбе з Кіеўскай зямлёй, „нарочітые люді" у горадзе Белградзе, у часе яго аблогі праз печанегаў у 997 годзе, калі за парадаю аднаго старца была адложана здача гораду печанегам. Уладзімір Сьвятаславіч, абгаварваючы пытаньне аб прыняцьці хрысьціянства, меў нараду з гарадзкімі старцамі.
Пачатак злучэньня. Дружынны і земскі баярскі элемэнт быў супроць пастаўлен адзін другому. Адзін блізкі да князя, — другі да насяленьня. З працягам часу адбываецца процэс збліжэньня дружынных элемэнтаў з земскімі, якія пачалі ўваходзіць у склад княжай дружыны. Гэты паварот стаў асабліва прыметны пры Ўладзіміру Сьвятаславічу і яго сыне Яраславе.
Гараджане. Другую групу гарадзкога насяленьня складалі „госьці", купцы, якія прымалі ўдзел у замежным гандлі. У дагаворы Ігара купцы ўпамінаюцца, як члены пасольства, якія завязалі дагавор з грэкамі. Рэшта гараджан займаліся ральніцтвам, а часткаю рамёсламі.
Сельскае насяленьне. Вольныя насельнікі, што жылі ў вёсках, называліся сьмердамі; яны займаліся ральніцтвам і іншымі промысламі і плацілі дань князём.
Рабы. Нявольнае насяленьне складалі рабы, а якіх ужо ўспаміналася ў дагаворах з грэкамі. Палон зьявіўся галоўнай крыніцай рабства. Рабы, уцёкшыя ў Грэцыю, павінны быць выданы, калі іх знойдуць, і пры гэтым не вымагаецца ніякага судовага сьледзтва.
Княжая ўлада. Улада князя мела аднаасабовы характар. Барацьбой за самаўладзтва тлумачацца ўсе княжыя ўзаемаадносіны ў пэрыод ІХ—XI ст. Алег, Ігар, Вольга і Сьвятаслаў кіравалі самаўладна Кіеўскай дзяржавай. Па сьмерці Сьвятаслава засталіся тры сыны: Яраполк, Уладзімір і Алег. Грамадзянская вайна закончылася перамогай на баку Уладзіміра, які згуртаваў у сваіх руках кіраўніцтва ўсёй Кіеўскай дзяржавай. Барацьба, якая распачалася па сьмерці Уладзіміра Сьвятаславіча паміж Сьвятаполкам і Яраславам, закончылася перамогаю на баку апошняга. Новая барацьба з братам Мсьціславам Тмутараканскім прымусіла Яраслава разьдзяліць уладу з братам, па сьмерці якога кіраўніцтва ўсёй Кіеўскай краінай зноў было згуртавана ў адных руках. Норманскія князі, прыбыўшы ў славянскія гарады, засталі тут ужо асталяванае гарадзкое жыцьцё, з формамі якога яны не маглі ня лічыцца.
Веча. У гарадох мы бачым народнае веча, якое разглядаецца летапісцам, як форма славянскага жыцьця, якая існавала „ізначала”. Пры пэўнай слабасьці княжае ўлады і пры нязначным аб’яднаньні у політычных адносінах паасобных краін з Кіевам, народнае веча павінна было йграць у жыцьці краін выдатную ролю, хаця канечнасьць абароны гандлёвых шляхоў ад нападу вандроўнікаў у значнай меры спрыяла політычнаму ўмацаваньню ўлады кіеўскага князя, ня гледзячы на існаваньне князёў і ў іншых землях. Кіраўніцтва дзяржавай. Князь глядзеў на Кіеўскую дзяржаву праз вузкую прызму сваіх дынастычных інтарэсаў. Для кіеўскага князя гарады і землі зьяўляюцца крыніцай даходаў. Насяленьне разглядаецца як об'ект вызыску з боку княжай улады. Князь кіраваў землямі, назначаў у гарады пасаднікаў „своіх мужей” (Смаленск, Любеч, Полацк).
Княжая дума. Пры князі зняходзілася рада з дружыньнікаў, гэтак званая „дума”. Баяры-дружыньнікі, што прымалі ўдзел у нарадах князя з баярамі, называліся „баярамі думаюшчымі”. Уладзімір Сьвятаславіч меў звычай радзіцца са сваёй дружынаю, „думая о строе земленом і о ратех і уставе земском”. Часамі ў склад „думы" уваходзілі і пабочныя асобы: „градскіе старцы"—пры Уладзіміру, пасаднікі іншых гарадоў. Дума прымала ўдзел у вырашэньні розных пытаньняў, запрапанованых князем на разгляд. Гэтак Уладзімір аддаў пад суд баяр сваю жонку Рагнеду за замах на забойства. Баяры параілі не забіваць Рагнеды, а адаслаць яе разам з сынам Ізяславам у Полацк. Зразумела, пастановы княжай думы мелі выключна дарадчы характар, але князь з імі ня мог ня лічыцца; гэтак рада баяр адносна Рагнеды была Уладзімірам выканана.
Крыніцы даходаў. Галоўнай крыніцай князёўскіх даходаў была дань, якая або прывозілася выплатчыкамі дані (павоз), або сам князь езьдзіў па яе па гарадох (походы на полюдье). Дані былі рознастайныя па велічыні. Гэтак Ігар вызначыў такія дані ў Драўлянскай зямлі, што яны выклікалі паўстаньне. Гэтак-жа паступала Вольга і сын Сьвятаслаў. Па дань князі езьдзілі ўзімку на санях. Апрача гэтага на карысьць князя йшлі судовыя падаткі, розныя аброкі і даходы ад эксплёатацыі розных прамысловых рубрык.
Пачатак хрысьціянізацыі Кіеўскай зямлі. Гандлёвыя сувязі паміж Візантыяй і Кіевам спрыялі пашырэньню хрысьціянства, якое распаўсюджвалася спачатку паміж князеўскіх дружыньнікаў. У часы князя Ігара ўжо ў Кіеве быў даволі значны лік хрысьціян-варагаў. У ўмове Ігара з грэкамі хрысьціяне і паганцы разглядаюцца, як раўнапраўныя староны. Пры завязаньні ўмовы з грэкамі часьць паслоў прыносіла прысягу паводле хрысьціянскага абраду. Пры княгіні Вользе хрысьціянізацыя грамадзянства стала яшчэ больш значнай. Сама Вольга прыняла хрысьціянства па сваёй уласнай ахвоце. Летапісныя драбніцы а хрышчэньні Вольгі не заслугоўваюць увагі, бо ў іх шмат легэндарнага. Візантыйскі імпэратар Константын Багранародны, які пакінуў падрабязнае апісаньне прыйма княгіні Вольгі ў Канстантынопалі, нічога ня кажа а нібыта адбыўшымся хрышчэньні Вольгі ў Візантыйскай сталіцы. Прыняцьце хрысьціянства было яе асабістай справай. Дзяржаўная ўлада формальна прытрымлівалася паганства. Гандлёвыя зносіны Кіева з Тмутараканьню, дзе хрысьціянізацыя мела ўжо значныя рэзультаты, гэтак сама спрыялі пранікненьню хрысьціянства ў Кіеў.
Паганская партыя. Пашырэньне хрысьціянства выклікала натуральна рэакцыю супроць яго. Князь Сьвятаслаў, які доўга ваяваў з Візантыяй за гандлёвыя шляхі, адносіўся да хрысьціянства больш, чымся ўсяроўна. Нездаволенасьць Візантыйскай політыкай прычынілася да ўзмацненьня паганства і ўтварэньня нацыянальнай паганскай партыі, на чале якой стаяў сам князь Сьвятаслаў. Пасьля сьмерці Сьвятаслава паганская партыя ўскладала надзеі на Уладзіміра, у той час як хрысьціянская партыя падтрымлівала князя Яраполка. Барацьба паміж братамі Уладзімірам і Яраполкам была ня толькі барацьбою асоб, але і дзьвёх рэлігійна-політычных партый. Перамога Ўладзіміра азначала адначасна і перамогу паганскай партыі. У Кіеве быў пабудованы балван-Пярун, як знадворны адбітак сілы і магутнасьці паганства. Аднак, паганская партыя памылілася. Уладзіміру прышлося ня толькі самому прыняць хрысьціянства, але і офіцыяльна падтрымліваць і пашыраць апошняе. Грунт для прыняцьця хрысьціянства быў падрыхтаваны ўсім папярэднім ходам візантыйска-славянскіх адносін.
Апавяданьне а хрышчэньні Ўладзіміра. Летапіснае апавяданьне а хрышчэньні Уладзіміра дае нам падрабязны малюнак самога факту. У гэтым процэсе апавяданьне адзначае тры мамэнты. Спачатку да Ўладзіміра прышлі паслы—казальнікі баўгарскія, нямецкія, хазарскія і грэцкія. Кожны з іх хваліў сваю веру. Уладзімір застаўся нездаволеным ні іюдэйствам ні магамэтанствам; больш за ўсё яму спадабалася казаньне грэцкага філёзофа, асабліва, калі апошні разьвінуў перад ім малюнак страшнага суду. Затым Уладзімір паслаў сваіх мужоў для азнаямленьня з рознымі рэлігіямі. Грэцкае праваслаўнае набажэнства больш за ўсё спадабалася паслом. Паслы раілі Ўладзіміру прыняць хрысьціянскую веру, падкрэсьліваючы пры гэтым, што яе прыняла і яго бабка Вольга. Схіліўшыся на бок хрысьціянства, Уладзімір адправіўся ў паход на Корсунь і аблажыў яго. Тут-жа пад Корсунем, дзякуючы цуду, адбылося хрышчэньне Ўладзіміра, сьледам за якім адбыўся і шлюб Уладзіміра з сястрою візантыйскіх імпэратараў Васіля і Константына—Ганнай. Гэтае апавяданьне, у якое ўвайшлі тры легэнды, падае толькі тры верыгодных факты: хрышчэньне Ўладзіміра, паход на Корсунь і шлюб з Ганнай. Гандлёвыя сувязі Кіева з Усходам, Захадам і Візантыяй рабілі з Кіева цэнтр, дзе сутыкаліся прадстаўнікі розных рэлігійных кірункаў, і кожны кіеўлянін меў поўную магчымасьць пазнаёміцца ў Кіеве з істотаю тае ці іншае рэлігіі. Уладзімір хрысьціўся па ўласнай ініцыятыве, і само хрышчэньне адбылося ня ў Корсуні, а каля Кіева, за два гады да паходу на Корсунь.
Паход на Корсунь. Гандлёвыя зносіны, што існавалі паміж Кіевам і Візантыяй, былі аднака важны, як для славян, так і для Візантыі. Аднак Візантыйскі ўрад рабіў кіеўскаму гандлю розныя перашкоды. Асабліва гэта мела месца з тых часоў, калі,князь Сьвятаслаў панёс няўдачу на Баўканскім паўвостраве. З гэтым не маглі пагадзіцца ні кіеўскі ўрад, ні кіеўскія купцы—дружыньнікі. Уладзімір у 985 годзе, карыстаючыся барацьбою баўгарскага цара Сымона з грэкамі, у саюзе з баўгарамі выступаў супроць грэкаў. Пры дапамозе кіеўскіх войск, грэкі былі разьбіты пры Сардзіку, і дзякуючы гэтаму адчыніўся шлях за Баўканы. Паход за Баўканы не адбыўся з тае прычыны, што грэкі пасьпяшылі заключыць мір з Сымонам Баўгарскім. Ня гледзячы на гэта, становішча Візантыйскага імпэратара было вельмі цяжкім. Вайскаводца Варда-Фока падняў паўстаньне. Імпэратар Васіль і яго брат ня мелі магчымасьці змагацца з мяцежнікам і зьвярнуліся за дапамогаю да кіеўскага князя. Уладзімір згадзіўся даць на дапамогу войска пры ўмове, што браты выдадуць за яго сваю сястру Ганну. Імпэратар згадзіўся, але з тэй аднак умовай, каб Уладзімір ахрысьціўся. Кіеўскі князь выпаўніў усе прынятыя на сябе ўмовы. На дапамогу імпэратару быў пасланы шасьцёхтысячны аддзел войска, які дапамог Васілю ўсьмірыць паўстаньне. Аднак імпэратар і яго брат адмовіліся выдаць за яго сваю сястру. Гэтая адмова прымусіла князя Уладзіміра паслаць ваенную экспэдыцыю ў Крым на Корсунь—выдатнейшы цэнтр грэцкага гандлю на паўночным беразе Чарнаморскага ўзьбярэжжа. Аблога Корсуня закончылася для Ўладзіміра ўдачна. Корсунь быў узяты. Катастрафічнае становішча Візантыйскае імпэрыі прымусіла цара Васіля распачаць перагаворы з Уладзімірам і згадзіцца на выпаўненьне раней падпісанага абавязаньня—выдаць за Ўладзіміра сястру Ганну. Апошняя прыехала ў Корсунь, дзе і адбыўся шлюб яе з Уладзімірам. Заваёваны Корсунь быў зьвернуты імпэратарам „за вено“, у якасьці выкупу за жонку, а сам Уладзімір, забраўшы з сабою абразы і царкоўнае начыньне, у таварыстве з грэцкім духавенствам накіраваўся ў Кіеў.
Хрышчэньне кіеўлян. Калі Ўладзімір вярнуўся з Корсуня, то ў Кіеве адбылося прымусовае хрышчэньне кіеўлян, якіх пазганялі на бераг Дняпра. Гэтае прымусовае хрышчэньне не спаткала з боку паганскай партыі ніякага офіцыяльнага протэсту. Паганскія балваны былі паскіданы, а на месцы паганскіх сьвятынь Уладзімір пачаў будаваць хрысьціянскія цэрквы. Адначасна з прыняцьцем хрысьціянства ў Кіеве была ўстаноўлена царкоўная іерархія. Прадстаўнікамі духавенства былі грэкі і баўгары. У царкоўна-адміністрацыйных адносінах новая царква знаходзілася ў залежнасьці ад Канстантынопальскага патрыарха, які стараўся праводзіць царкоўную політыку ў інтарэсах Візантыйскага ўраду. Сацыяльнае ўсваеньне хрысьціянскай веры сьведчыла аб слабасьці організацыі паганскай партыі, якая не магла папхнуць народную масу на протэст супроць учынкаў князя ў імя абароны паганства. Але прыняцьце хрысьціянства не азначала яшчэ адмовы ад прывычных паганскіх вераваньняў і абрадаў, якія мелі і ў далейшым вялікі ўплыў на хрысьціянскія абрады. Зьніштожанае афіцыяльна паганства было яшчэ вельмі блізкім для насяленьня і рабіла вялікі ўплыў на ўспрыйманьне новых догматаў і царкоўных абрадаў, уносячы ў хрысьціянскі культ нямала паганскіх прадстаўленьняў і абрадаў.
Царква і дзяржава. Паяўленьне новай грамадзянскай організацыі ў выглядзе царквы высоўвала пытаньне аб яе юрыдычным палажэньні. З гэтай мэтай пры Уладзіміру быў апублікованы „Устав о церковных судех", які хаця і не зьяўляецца помнікам офіцыяльнага пахаджэньня, але адбівае на сабе тое праўнае палажэньне, якое новая царква займала ў дынастычнай дзяржаве, як у адносінах да княжае ўлады, так і ў адносінах да грамадзянства. Царкоўны статут забясьпечвае неўмяшальнасьць княжае ўлады ў царкоўныя суды. Справы аб разводзе (роспуск) «сьмільнае» (валакіты а пасагу), „заставаньне" (блуд), „пашыбаньне" (сваркі) паміж мужам і жонкаю з прычыны маёмасьці, бойкі і лаянка бацькоў з дзяцьмі, выкапваньне з магіл нябожчыкаў, вырубаньне прыдарожных крыжоў—падлягаюць царкоўнаму суду. У гэтых справах (рэлігійных, сямейных і звычаёвых) царкоўнаму суду падлягае усё грамадзянства; але царкоўныя станы, як-то «ігумен, поп, дыякан і хто ў клірасе,—чарнец, чарніца, пападзьдзя, праскурніца, паповіч, лечац, прошчэньнінк, задушны чалавек (вольна-адпушчаны па духоўнай), монастырэве, больніцы, гасьцініцы «страннопрыімніцы»,—якія знаходзіліся пад апекай царквы, падлягалі суду мітрапаліта або біскупа. У царкоўным статуце знайшлі адбітак візантыйскія царкоўна-юрыдычныя погляды, якія пры пасярэдніцтве царкоўнай іерархіі пачалі пранікаць у сьвядомасьць вярхоў хрысьціянскага грамадзянста. На карысьць царквы была ўстаноўлена дзесяціна.
Асьвета. Побач з хрысьціянствам паяўляецца ў Кіеве асьвета і пісьменства Візантыйскага пахаджэньня ў баўгарскім перакладзе. Паяўляюцца пераклады сьвятога пісьма. Канечнасьць мець граматнае рускае духавенства прымусіла Ўладзіміра прыняць шэраг мер асьветнага характару. Уладзімір пачаў зьбіраць дзяцей баярства „нарочітые чаді" і аддаваў іх па адукацыю да грэцкіх настаўнікаў. Гэтакі быў пачатак граматнасьці.
Хрысьціянізацыя Полацкай зямлі. Хрысьціянства пашыралася з Кіева па гандлёвых дарогах. Распаўсюджаньне хрысьціянства мела павярхоўна-прымусовы характар. На колькі шпарка пасоўвалася знадворная хрысьціянізацыя сказаць цяжка, бо крыніцы аб гэтым не ўспамінаюць, але заснаваньне Полацкай епархіі адносіцца да часоў Уладзіміра Сьвятаславіча. Ізяслаў Полацкі быў ахрышчаны яшчэ Уладзімірам. Падобліва, хрысьціянізацыя Полацкай зямлі пасоўвалася вельмі павольна, бо ў начальным летапісе ёсьць успаміны а нейкіх «валхвох», якія мелі ўплыў на пародныя масы яшчэ ў ХІ ст. Тэрыторыя першапачатковага біскупства (епіскопіі) ня выходзіла за межы гораду, і ўся ўвага бісбіскупскай і княжае ўлады згуртоўваецца пераважна на аздабленьні і пабудове сьвятынь, якія зьяўляліся знадворнымі паказчыкамі посьпехаў новае рэлігіі. У царкоўна-адміністрацыйных адносінах Полацкае біскупства, захоўваючы сваю самастойнасьць, залежала ад кіеўскага мітрапаліта.
Хрысьціянізацыя Смаленскай зямлі. Павярхоўны процэс хрысьціянізацыі Смаленскай зямлі адбываўся такім-жа шляхам, як і ў Полацкай зямлі. Хрысьціянства тут прышчаплялася з часоў Уладзіміра Першага. Уся розьніца была ў тым, што ў Смаленску ня было самастойнага біскупа. Смаленская зямля ў царкоўных адносінах залежала ад Пераяслаўскага біскупа. Утварэньне ў Смаленску самастойнай епархіі адносіцца толькі да 1137 году.
Хрысьціянізацыя Тураўскай зямлі. Паяўленьне хрысьціянства ў Турава-Пінскай зямлі гэтак сама адносіцца да часоў Уладзіміра Першага. Хрысьціянства паяўляецца ў гарадох, але наколькі пасьпешна адбываўся процэс хрысьціянізацыі—на гэта станоўчага адказу даць нельга. У Тураве з часоў Уладзіміра Першага была самастойная біскупская катэдра, якая знаходзілася ў царкоўна-адміністрацыйнай залежнасьці ад кіеўскага мітрапаліта. Паяўленьне ў Тураве самастойнага біскупа начальны летапіс адносіць да часоў Уладзіміра Першага. (1005).
Характар хрысьціянізацыі. Прымаючы хрысьціянства павярхоўна, народныя гушчы заставаліся вернымі традыцыям паганства. Яно жыве ў глыбіне сьвядомасьці народу; само хрысьціянства апаганьваецца і прыстасоўваецца да простага сьветаразуменьня. Царква з павярхоўнага боку перамагла народную масу, але дух гэтай масы застаўся непарушны. Царква, нават апіраючыся на сьвецкую ўладу, была бясьсільна што-колечы зрабіць у гэтым кірунку, за выключэньнем царкоўных пракляцьцяў і знадворна-формальных забарон.
Крыніцы права. Славянскія праваадносіны вызначаліся звычаёвым правам. Славянскія юрыдычныя звычаі гэтай эпохі знайшлі сабе адбітак у дагаворах Алега і Ігара з грэкамі, у запісках арабскіх вандроўцаў (Ібн Даста), у кароткай рэдакцыі „Рускай Праўды”, якая адносіцца да часоў Яраслава Мудрага.
Панаваньне крывавай помсты. Істотнасьць прастадушнае славянскае правасьвядомасьці вылілася ў формы крывавай помсты, але гэткая адплата ў эпоху дынастычнае дзяржавы ўжо ня мела зусім свабоднага характару. Неабмяжованая асабістая, або грамадзкая помста ўжо адыйшла ў краіну мінулага. З разьвіцьцём пасярэдніцкай судовай чыннасьці князёў, крывавая помста замянялася сыстэмаю композыцый, судовых штрафаў. Паводле кароткай рэдакцыі «Рускай праўды» крывавая помста агранічваецца межамі сям‘і. Пры адсутнасьці мсьціўцаў выплачваецца за галаву 80 грыўняў. Крывавая помста канчаткова зьнікла ў палове XI в. Пры сынох Яраслава мае пераважнае месца сыстэма композыцыі штрафаў. Матар'ялізацыя погляду на карныя праступкі бязумоўна вялікі крок наперад у народнай правасьвядомасьці.
Судовыя органы. Найвышэйшым судовым органам было народнае веча. Ісьляндзкая сага аб Олафе сыне Трыгвіевым, апавядаючы а праступку ўчыненым Олафам, падае наступнае: у Ноўгарадзе гэтак сурова захоўвалася грамадзкая бясьпека, што кожны, забіўшы іншага чалавека, бяз суду караўся сьмерцю. Цяпер зьбегся народ, згодна з іх звычаямі і законамі, шукаць Олафа, дзе ён схаваўся, і хацеў пазбавіць яго жыцьця, як загадваў закон. Ібн Даста падае весткі а судзе пляменнага князя, да якога зварачаюцца патрабуючыя суду асобы. Калі цар выносіць прыгавор, то тое, што ён загадае, выконваецца. З утварэньнем дынастычнае дзяржавы, побач з уладай пляменных князёў трэба паставіць уладу кіеўскага князя і яго органаў, якія судзілі ў тым выпадку, калі да яго зьвярталіся заінтарасованыя асобы.
Судовы процес. Калі ёсьць даныя (яўныя довады, прызнаньне праступнікаў), якія сьцьвярджаюць факт праступленьня, то не вымагаецца ніякіх дакумэнтаў, пацьвярджаючых праступленьне. Гэтак, калі хто-колечы зьявіцца ў суд акрываўлены, або з сінякамі ад пабояў, то ён можа не прадстаўляць сьведак. Толькі пры адсутнасьці адпаведных пераконваючых даных, вымагаецца, каб на суд прыводзіліся сьведкі. У шэрагу судовых довадаў выдатнае месца займала прысяга і судовы паядынак. Аб прысязе, як форме судовага доваду, гаворыцца ў дагаворы Алега з грэкамі. Ібн Дзега адзначае, што паміж славян быў пашыраны судовы паядынак: у выпадку, калі бакі нездаволены з вынесенай пастановы, то па прыгавору цара, аканчальная пастанова вырашаецца аружжам.
Сыстэмы праступленьняў. У дагаворы з грэкамі праступленьне называецца „проказой“ і „согрешеніем"; праступак называецца „татем“ і „здолеем". У дагаворах прызнаецца кара за наступныя праступленьні: забойства, цялесныя пабоі, кража, спроба на грабества, грабества і невыкананьне распараджэньняў улады.
Культурныя сувязі. Географічнае палажэньне і гандлёвыя шляхі вызначалі культурныя сувязі Беларусі да паловы XI в. Вялікая колькасьць арабскіх монэт, якія былі знойдзены на тэрыторыі крывічоў, радзімічаў і якія адносяцца да VIII—ІХ ст., сьведчыць аб ажыўленых гандлёвых сувязях з Усходам. Вялікая колькасьць знойдзеных у курганох прадметаў усходняга пахаджэньня сьведчыць аб тым, як на тэрыторыю Беларусі пранікаў усходні ўплыў. Гэты ўплыў адбіўся ня толькі на матар’яльным быце ядра беларускага найменьня. Духоўная культура разьвівалася незалежна ад уплыву Усходу. Гандлёвыя сувязі і політычныя адносіны з Кіеўскай зямлёй зьяўляліся правадніком візантыйскага ўплыву, які найбольш поўна адбіўся на рэлігійных вераваньнях і больш позьнім росквіце духоўнага жыцьця Беларусі. Праз гандаль з Захадам на тэрыторыю Полацкае і Смаленскае краін пранікала ня толькі матар'яльная, але і духоўная культура Захаду, якая знайшла свой адбітак у духоўным жыцьці беларусаў у пазьнейшую гістарычную пару. Культурныя ўплывы, дзякуючы тэрытарыяльнаму палажэньню Беларусі, закраналі няглыбока асновы духоўнага разьвіцьця беларускага народу. Адсутнасьць на тэрыторыі Беларусі чужых славянству этнічных элемэнтаў мела пэўны асноўны ўплыў на чыстату ў этнічных адносінах беларускага пляменьня.