Гісторыя ЗША ў дакументах (2014)/Прадмова аўтара-складальніка
Прадмова аўтара-складальніка Публіцыстыка Аўтар: Андрэй Берастоўскі 2014 год |
Петыцыя аліўкавай галінкі → |
Прадмова аўтара-складальніка
Гісторык – як прафесіянал, так і аматар – мае працаваць непасрэдна з дакументамі, а не толькі з работамі па інтэрпрытацыі гэтых дакументаў. Але, калі гаворка ідзе пра вывучэнне гісторыі Злучаных Штатаў, значная колькасць работ беларускіх і расійскіх гісторыкаў грунтуецца не на дакументах а на высновах іншых даследчыкаў. Таму атрымоўваецца, што нярэдка «нашы» гісторыкі проста паўтараюць тое, што пісалі іх калегі часоў СССР ці амерыканскія гісторыкі. Але ці можна судзіць аб творчасці, маўляў, Пушкіна, не прачытаўшы аніводнага верша гэтага паэта? А ці шмат сучасных беларускіх амерыканістаў чыталі такія дакументы як Дэкларацыя незалежнасці Злучаных Штатаў, Петыцыя аліўкавай галінкі Артыкулы Канфедэрацыі? А ці ведаеце Вы, панове чытачы, што Пракламацыя аб вызваленні нявольнікаў, прынятая Лінкальнам падчас Грамадзянскай вайны 1861-65 гг. адмяняла рабства толькі там, дзе ўладу Лінкальна не прызнавалі? А хто ведае, што зняволенне ў канцлагерах патэнцыяльна небяспечных грамадзян падчас Другой сусветнай вайны – гэта з'ява не толькі ўласцівая СССР і гітлераўскай Германіі, але і ЗША, дзе японцы, немцы і італьянцы разглядаліся як «патэнцыяльна небяспечныя чужынцы»?
Пераклад дакументаў (пераважна пастановы і прамовы палітычных лідараў) зроблены пераважна студэнтамі вну ў рамках маіх заняткаў па англійскай мове і перакладу. Праца над перакладам дакументаў пачалася ў 2009 г. і цягнулася да 2014 г. Адэкватнасць перакладу і яго адпаведнасць арыгіналу праверана ў кожным дакуменце. Каб кожны мог азнаёміцца з арыгінальнымі тэкстамі, пасля беларускай назвы кожнага дакумента ідзе яго назва на англійскай мове. Пры неабходнасці тлумачэнні асобных выразаў ці гістарычнай сітуацыі дадзены ў зносках.
Не ўсе дакументы ідуць у храналагічным парадку. Напрыклад, усе папраўкі да Канстытуцыі ЗША дадзены асобным дакументам. Таксама мы не спрабавалі ахапіць усё, і кожны можа знайсці нейкую прэзідэнцкую пастанову, прамову ці загад, якая змяніла гісторыю Злучаных Штатаў і якую мы не пераклалі. Але тое, што мы здолелі ахапіць, можа быць добрым дапаможнікам па вывучэнню гісторыі ЗША, а таксама права гэтай краіны.
Апублікаваныя ў гэтым зборніку матэрыялы ўжо былі неаднаразова размешчаны на розных інтэрнет-старонках. На гэты момант праект па перакладу гістарычных дакументаў з'яўляецца некамерцыйным і не патрабуе спонсарскай дапамогі. Арыгінальныя тэксты дакументаў па гісторыі ЗША ўжо з'яўляюцца грамадскім набыткам; у такі ж грамадскі набытак на свабоднае выкарыстанне перакладчыкі гэтых матэрыялаў перадаюць вынікі сваёй працы. Вынікі дадзенай інтэлектуальнай працы можна неабмежавана пераносіць у рэсурсы электроннага доступу або ў друк, пры ўмове захавання імёнаў перакладчыкаў і спасылкі на рэсурс, на якім знаходзіўся гэты зборнік.
Андрэй Берастоўскі, гісторык і перакладчык
4