Гісторыя беларускае літэратуры (1920)/II/Бібліаграфія
← Рукапіснае народнае пісьменства | Бібліаграфія Падручнік Аўтар: Максім Гарэцкі 1920 год |
Агульны пагляд → |
Бібліаграфія.
1. Г. Арцімоўскі. — Пісаў у 40 гадох 19-га сталецьця. Захаваўся яго пераняты з А. Міцкевіча верш „Паня Твардоўская“.
2. Уладыслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч), польскі пісьменьнік — родам беларус, пісаў троху і пабеларуску. У 1848 годзе ён напісаў верш „Добрыя весьці“, каторы малюець тую будучыну, калі палякі і беларусы скінуць ярмо маскалёў.
3. Пранцішак Вуль (Пранцішак-Ялегі Карафа-Корбут), памёр ў Варшаве ў 80 гадох 19 ст. У яго зьбіраўся варшаўскі беларускі гурток. Апрача верша ў альбоме Дарэўскага, ёсьць у яго і другія беларускія творы. Ён меў нямалыя поэтычныя здольнасьці, добра валадаў беларускім вершам і добра ўмеў мову.
4. Ксавэры Нядзьведзкі блізка 1854 г. падаў у пецярбурскую акадэмію граматыку беларускае мовы.
5. Адам Кіркор (Ян са Сьлівіна), родам з м. Сьлівіна з Магілеўшчыны. Вядомы беларускі культурны дзеяч і пісьменьнік 60 гадоў 19 ст. Пісаў пабеларуску, папольску і памаскоўску. Працаваў над этнографіяй, гісторыяй, літэратурнай крытыкай, гісторыяй літэратуры і популярызацыяй беларусазваўства. Зьбіраў Віленскі музэй.
6. Ян Шамёт-Палачанскі (1826—1905) напісаў „Пагром у Даўгінаве“, „Ашмянскую рэзь“ і інш.
7. Іван Іванавіч Насовіч (1788—1877), родам з Амсьціслаўля, з Магілеўшчыны. Пахадзіў з уніяцкага духавенства. Яго літэратурная праца прыпадае на 60—70 гады 19 ст. Уславіў яго і па нашы дні вялікі „Беларускі слоўнік“, матар’ял для каторага ён пачаў зьбіраць у 1848 г. У сьвет кніга выйшла ў 1870 г. „Слоўнік“ мае больш за 30 000 беларускіх слоў, аднак, сярод іх няма многіх звычайных слоў, як: маці, дзіця, кашолка і інш., і не пералічаны словы агульныя для нас і для нашых суседзяў. Заганы слоўніка, апрача таго: прынята цьвёрдае і мягкае мсьціслаўскае „р“, няма „ў“ і інш. Насовіч напісаў яшчэ „Зборнік беларускіх прыказак і загадак“, „Беларускія песьні“ і зборнікі народнага рукапіснага пісьменства.
8. Фэлікс Тапчэўскі (Хвэлька з Рукшэніц), жыў у Лепельскім павеце, у Віцебшчыне. Напісаў многа беларускіх вершаў, асабліва ў 80-х гадох 19 ст. Пісьменства яго было выключна рукапіснае. З твораў яго прыметны: „Вечарынка“, верш з сакавітым апісаньнем панскага баля ў Ухвіцы; „Саўсім ня тое, што было“ — даўгі верш, у каторым малюецца даўнае панскае жыцьцё на Беларусі і раўнуецца яно да жыцьця заняпалых паноў — сучасьнікаў песьняра; „Грошы і праца“ — услаўленьне мужыцкай працы:
Кажуць, мужык — хам, няцнота, |
„Ен і яна“ — абразок каханьня. Мова Тапчэўскага чыстая і прыгожая, блізкая да народнай. Верш яго лёгкі і плаўны. У творчасьці Тапчэўскаго ня знойдзем новых ідэй, але тыя звычайныя абразы, якія добра змалёваны ў яго творах, цікавяць і вабяць сваёю колёрытнасьцю.
9. Адам Гурыновіч, родам з Вялейшчыны. У 1893 годзе сядзеў паўгода ў пецярбургскай крэпасьці. Пісаў пабеларуску прозу і вершы, зьбіраў народныя песьні ў Лідзкім павеце. Захаваліся яго рукапісы з штэмпелямі крэпасьці. Памёр у 1894 г. Гурыновіч выдаў кніжку: „Дзядзька Антон, або гутарка аб усім-чыста, што баліць“.
10. Аляксандар Ельскі (1834 — 27 жніўня (ст. ст.) 1916 г.) — астатні тыповы прадстаўнік шляхоцкага кірунку ў нашай літэратуры. Гэта быў багаты пан з Меншчыны (двор Замосцье). У 1861 г. А. Ельскі быў за судзьдзю ў Ігуменшчыне. Ен дружыў з Марцінкевічам. З 1864 г. А. Ельскі зьбіраў старадаўныя памяткі для беларускага музэя і меў шмат рукапісаў і дакумэнтаў. З яго беларускага пісьменства трэба азначыць такія рэчы, як 1) пераклад „Пана Тадэуша“ А. Міцкевіча (Львоў, 1892 г.), 2) „Сынок“, вершаванае апавяданьне (Пецярбург, 1895 г.), 3) „Выбіраймася ўпрочкі!“ прозаічны артыкул (Пецярбург, 1896 г.), 4) „Аб жыцьці і сьмерці п’яніцы“ і інш. У сваіх народных апавяданьнях А. Ельскі навучаў беларускі люд, як трэба жыць, засьцярагаў ад перасяленьня ў Сыбір, дакараў за розныя заганы, асабліва за п’янства („Слова аб праклятай гарэлцы“). Апрача таго, А. Ельскі працаваў над беларусазнаўствам, пісаў па гісторыі беларускай літэратуры. Ад сучаснай беларускай сьвядомай працы, ён, як пан і вельмі стары чалавек, стаяў воддаль, але часам памагаў.