Гісторыя беларускае літэратуры (1920)/II/Несьвядомае адраджэньне/«Тарас на Парнасе»

П. Бахрым „Тарас на Парнасе“
Падручнік
Аўтар: Максім Гарэцкі
1920 год
Я. Баршчэўскі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Поэма „Тарас на Парнасе“

(1837 г.).

Час напісаньня поэмы „Тарас на Парнасе“ пазнаюць тэтак. Есьць у ёй радкі:

Памалу, браццы, не давіце
Мой фэльетон вы і «Пчалу»,
Мяне-ж самога вы пусьціце
І ее дзяржыце за палу.
А не, дык, дадушы, у газэце
Я вас аблаю на увесь сьвет
Як Гогаля у прошлым леце, —
Я-ж сам рэдактарам газэт!

Гогаля „лаяў“ Булгарын у „Сѣверной Пчелѣ“ ў 1836 годзе: значыцца, поэма напісана ў 1837 годзе, а можа троху пазьней. Адны думалі, што напісаў яе слаўны беларускі поэта Вінцук Дунін-Марцінкевіч (1807—1885). Але таму ня ймецца веры дзеля гэтакіх прычын: 1) твор напісан танічным вершам, а не сілябічным, якім пісаў зазвычай Марцінкевіч; 2) ён маець асаблівасьці мовы, не прызвычаеныя Марцінкевічу; 3) у ім няма марцінкевіцкага сантыменталізму й дыдактычнасьці; 4) у ім закрануты парадкі маскоўскіх літэратараў, што не магло так дужа цікавіць Марцінкевіча; 5) ён быў пашыраны болей на ўсходзе Беларусі. Не падобна поэма й да колектыўнага твору (студэнтаў Гарэцкага агрономічнага інстытуту), як гэта меркавалі другія. Трэба думаць, што „Тараса на Парнасе“ напісаў нехта адзін, а напеўна ўсходні беларус, блізкі па свайму духу й стану да аўтора беларускай „Энеіды“, палкоўніка В. Ровінскага, ці яе стараннага пашыраньніка Т. Манькоўскага. Зусім магчыма, што напісаў яго сам аўтор беларускай „Энеіды“ — В. Ровінскі. Прызнаваць, што напісаў гэтую поэму В. Марцінкевіч, можна толькі з той умовай, што на яго мела велікі ўплыў „Энеіда“ і пецярбургскія беларусы і ўкраінцы, блізкія да маскоўскіх літэратурных грамадак. А калі-б і так, усё роўна, тая найлепшая рэдакцыя, у якой хадзіў твор па Віцебшчыне й Магілеўшчыне, была ўжо ня блізкая да спасабоў творчасьці Марцінкевіча. Значыцца, „Тараса на Парнасе“, можа быць, напісанага спачатку Марцінкевічам, нехта з невядомых беларускіх поэтаў значна перарабіў на ўсходзе Беларусі. Забаўна тое, што ёсьць старыя сьпіскі, на якіх пад поэмай „Тарас на Парнасе“ стаіць імя Адама Міцкевіча!

„Тарас на Парнасе“ яшчэ больш за „Энеіды“ пашыраўся ў народзе рукапісным і пераказным спосабам. Надта любіла дэклямаваць яго дробная беларуская шляхта, а пазьней — беларуская мужыцкая інтэлігенцыя. У самыя астатнія гады хадзіў гэты твор па Беларусі ў сьпісках сярод школьнай моладзі цэлымі тысячамі. Першы раз яго надрукавалі ў 1889 годзе („Минскій Листокъ“, № 37). З тае пары друкаваўся ён дзесяткі два разоў у розных кніжках, газэтах, журналах і асобнымі выданьнямі.

Аўтор гэтай поэмы, хто-б ён ня быў, пісаў свой твор, бязумоўна, пад „Энеіду“; можа быць, вучыўся ён пісаць па „Энеідзе“. Уся абстаноўка поэмы „Тарас на Парнасе”, яе мова і будова верша паказуюць на цесны і радаводны зьвязак абодвух твораў, пазьнейшага з ранейшым. Розьніца толькі тая, што ў пазьнейшым ёсьць свой, не пазычаны, хоць просьценькі, але орыгінальны сюжэт. І тут таксама іменьні і назовы з грэцкай і рымскай міфолёгіі, але і толькі; пад відам багоў са сьмехам змаляваў аўтор поэмы заможных беларускіх сялян, іх жыцьцё і быт. І гэтая поэма скрозь прахоплена беларускім народным духам, каторы ёсьць тут у кожным руху й слове апісаных асоб.

Мова поэмы — дужа чыстая народная. Пераважаюць асаблівасьці ўсходніх гаворак, а найболей у словах (рахманы, раньне, пякець, прыгожа, адкулецька, круглалікі, хадзяйства, дзеўкі, быццам, — у Марцінкевіча часьцей мэрам, — дзела, плясуха і інш.). Есьць некалькі вялікарусізмаў (вор, сашчытаць, паташчыць і інш). Есьць пара слоў і зваротаў, занесеных з Маскоўшчыны стараверамі і цяпер пашыраных у Дрысенскім, Полацкім, Лепельскім паветах, як да прыкладу: зубам (замест: зубамі), на жалейкі (замест: па жалейцы). Сінтаксіс, наадварот, маець такі ўхіл на захад: „Хадзіўшы па гары Парнаскай, мне дужа захацелась есьць.“ Некаторыя вульгарызмы, як і барбарызмы, сьведчуць, што пісьменьнікі несьвядомага адраджэньня сядзелі ў межах народнай гутаркі і этнографічнасьці, а ня мелі патрэбнай для літэратурнага разьвіцьця шыракосьці ў паглядзе на беларускае слова. Ды аб гэтым сьведчыць уся іх творчасьць. А наагул мова поэмы жывая і абразная. Верш лёгкі, танічны і адшліфаваны так, што чытаецца, як сучасныя нам вершы.

Можна сказаць, што аўтор „Тараса на Парнасе“ не глядзеў на свой твор, як на поэму, але ён таксама не ўважаў яе і за пародыю на псэўда-клясычныя поэмы, пісаў яе ня дзеля таго, каб пасьмяяцца і пакпіць з псэўда-клясыцызму. Яго ідэя: напісаць пабеларуску, завесьці беларуса-палясоўшчыка з яго мужыцкай моваю на Парнас. Аднак, пайшоў ён безвач гатовым сьледам „Энеіды“, чым абнізіў і свае пясьнярскія здольнасьці і значаньне свайго твора ў гістарычнай літэратуры. Толькі „Тарас на Парнасе“ быў гэткі популярны, што пабуджаў беларускасьць болей, як „Энеіда“.