Гісторыя беларускае літэратуры (1920)/II/Нова-шляхоцкія пісьменьнікі/А. Дарэўскі-Вярыга
← В. Каратынскі | А. Дарэўскі-Вярыга Падручнік Аўтар: Максім Гарэцкі 1920 год |
Рукапіснае народнае пісьменства → |
Арцём Дарэўскі-Вярыга.
Ен быў родам з Віцебшчыны (наддзьвінскі дудар). Пісаў папольску. Праслухаўшы „Пана Тадэуша“ ў беларускай мове, ён заахвоціўся сам і пераклаў „Конрада Валенрода“. Пісаў Дарэўскі пабеларуску многа, але творы яго ня былі друкованы, апрача некалькіх невялічкіх вершыкаў. Загінулі ці дагэтуль ня знойдзены яго лепшыя, як сьведчыць Кіркор, творы, гэта: 1) „Гутарка з пляндроўкі па зямлі латышоў“, 2) „Паўрот Міхалка“, 3) „Быхаў“, 4) пераклад „Конрада Валенрода“ і іншыя рэчы. А ёсьць пеўныя весткі, што яны, асабліва астатні твор, былі значна пашыраны ў рукапісах. Захаваліся яго такія вершы: 1) „Ліцьвінам, запісаўшымся ў мой альбом, на пажагнаньне“ (1858 г., Вільня), 2) „Мужычая думка з ваколіц Віцебска на агалашэньне вольніцы“ (1858 г.) і 3) адрывак, надрукаваны ў брошурцы Р. Зямкевіча „Адам- Ганоры Кіркор“, у каторым Дарэўскі пішаць да Кіркора так:
Адаська, родны Адаська! і г. д. |
Альбом А. Дарэўскага-Вярыгі, пісаны папольску і пабеларуску, надта цікаўная літэратурна-гістарычная памятка. У вальбоме адбіліся краёвыя сымпатыі, тэндэнцыі, думкі і жаданьні беларускай інтэлігенцыі польскай культуры. Альбом сьведчыць і аб тым, што тыповы прадстаўнік і болей-меней правадыр гэтай інтэлігенцыі Дарэўскі многа і добра пісаў пабеларуску. З беларускіх запісяў, апрача раней разгледжаных, цікаўны ў альбоме гэтакія:
1. М. Караткевіч (1858 г., Менск) напісаў:
Беларускі дудару! |
2. Якуб Т—кі (1858 г., Магілеў) запісаў ў альбом Дарэўскаму, што ён надта радуецца такому гасьцю і што сам хацеў-бы іграць на сваёй жалейцы так, як госьць умее іграць на дудзе. Параўнаваньне жалейкі з дудою трэба тут разумець так, што і Якуб Т—кі пісаў беларускія творы, але свае поэтычныя здольнасьці ставіў многа ніжэй за здольнасьцяў Дарэўскага. Якуб Т—кі навет гардзіцца сваёй блізкасьцю да поэты Дарэўскага, ён кажа:
Слоуна з неба божы дар, |
3. Я. Вуль у вершу „К дудару Арцёму ад наддзьвінскага мужыка“ (1859 г., Віцебск) між іншым пытаецца ў Дарэўскага, што яму „прысьпела сьмела песьні завадзіць?“ Ен з засмучэньнем кажа: „Ці то лёгкае, брат, дзела нашу брацьцю прасьвяціць.“ Значыцца, Дарэўскі сьмела завадзіў беларускія песьні і ў нацыянальна-краёвым духу прасьвячаў сваю сфэру. Як высака цанілі гэтую працу песьняра разумнейшыя сучасьнікі, відаць хоць-бы з таго, што Вуль, прызнаючы і горача вітаючы пашырэньне сььядомай беларускасьці, пацяшаець песьняра ў яго трудах тым, што бог падаруець яго вянком з рож і васількоў:
Белы рожы — то за гэта, |
4. Апрача таго, ёсьць ў „Альбоме“ цікаўныя запісі Сыракомлі, Кіркора (Ян са Сьлівіна), Марцінкевіча і іншых выдатных сучасьнікаў Дарэўскага.
Дарэўскі ў нашай літэратуры — пясьняр нова-шляхоцкай школы і найболей сьвядомы будзька беларускасьці. Пад уплывам Дарэўскага навет Рыпінскі пачуў сябе беларусам. Як тое пішуць, і да народу беларускага стаяў Дарэўскі найбліжэй і найпрасьцей, натуральней за ўсіх сваіх папярэднікаў. Аб пясьнярскіх яго здольнасьцях і аб рэзультаце іх выкарыстаньня мы можам меркаваць толькі па прысуду людзей таго часу. Але ў нашым адраджэньні, якое цесна зьвязана з разьвіцьцем нашага пісьменства, Дарэўскі прыслужыўся ня столькі пісаным, сколькі жывым словам і жывым прыкладам.