Гісторыя беларускае літэратуры (1920)/III/Народніцкая пара/А. Пшчолка

Я. Няслухоўскі А. Пшчолка
Падручнік
Аўтар: Максім Гарэцкі
1920 год
М. Косіч

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Аляксандар Пшчолка.

(Радз. ў 1870-х г. г.)

Аляксандар Пшчолка.


Аляксандар Пшчолка.

Біаграфічны матар’ял. Аляксандар Раманавіч Пшчолка родам з Віцебшчыны, з Лепельскага павету. Ен дзякоў сын. Вучыўся ў віцебскай духоўнай сэмінарыі, каторую скончыў у пачатку 1890 гадоў. Патым быў ў Арэхаўне, Лепельскага павету, пачатковым вучыцелем і кароткі час дзяком. Пазьней Пшчолка паступіў ў Юраўскі унівэрсітэт і выўчыўся на адваката. Па пераказу яго блізкіх знаёмых, Пшчолка, быўшы вучыцелем і студэнтам, любіў „хадзіць у народ“. Хадзіў ён па Беларусі і Украіне. Зьбіраў памяткі народнай поэзіі і рабіў этнографічныя запісы. Адноўчы ён цэлае лета праслужыў за дворніка ў Палтаве. У Вільні Пшчолка жыў з 1907 г., як кандыдат на судовыя пасады пры акружным судзе. Перад вайною быў міравым судзьдзёю ў Себежу.

Пагляды Пшчолкі. Беларускай нацыянальнай сьвядомасьці ў Пшчолкі спачатку ніякай ня было. Як некалі Рыпінскі лічыў сябе за паляка, так Пшчолка уважаў сябе за „рускага“ і глядзеў на ўсё роднае зусім абмаскаленымі вачмі. Пісаць ён пачаў памаскоўску, і толькі пазьней, няўпрыцям для самаго сябе, прыймаў у свой літэратурны жаргон усё болей і болей беларускіх слоў, зваротаў мовы, цэлых гутарак, а патым пісаў апавяданьні-монолёгі ў даволі чыстай народнай беларускай мове. Аднак, ніякага зьвязку з ранейшай беларускай літэратурай ён ня меў, а магчыма, што апрача „Тараса на Парнасе“, нічога з гэтай літэратуры і ня ведаў. Значна пазьней, калі жыў у Вільні, супрацоўнічаў у маскоўска- беларускім правым журнальчыку „Крестьянинъ“ і пазнаёміўся здалёку і ў фальшывым асьвятленьні з беларускім рухам, ён пачаў усё болей набірацца краёвасьці, беларускасьці, хоць, разумеецца, вельмі аднабокай. „Крестьянинъ“ і усё так званае „Бѣлорусское общество“, дзе Пшчолка быў сваім і важным чалавекам, глядзела на беларускі рух з бязьверыцай, памылкова ўважаючы яго, з-за свайго няшырокага сьветагляду, за польскую інтрыгу; яно не магло сходаць сваей абмаскаленасьці, ня мела патрэбнай пашаны да свае роднае мовы і сыноўскага жалю да ўсяго роднага народу, бо вымагала, да прыкладу, каб і ў касьцёлах беларусы-каталікі маліліся памаскоўску, што было зусім яўным абсурдам і коса памагала толькі абпалячываньню. Ня дзіва, што сябры „Бѣлорусского общества“ самі сабе йшлі наўпрэкі: у вадным нумары „Крестьянина“ была ганьба на родную мову, у другім Пшчолка зьмяшчаў свае вершы пабеларуску. Гэткі сорам спарадзіўся ад аднабокага, благога беларусазнаўства гадунцоў русіфікацыйнай школы, ад клясавага становішча іх і іншых прычын.

Літэратура Пшчолкі складзецца з расказаў (прозаю) і начыркаў этнографічнага характара. Творы яго выхадзілі асобнымі зборнікамі некалькі разоў з 1899-га па 1910 год. Расказы яго можна падзяліць гэтак: 1) гутаркі-монолёгі, у каторых скрозь сьмех чуюцца сьлёзы; 2) гутаркі-монолёгі, напісаныя для жарту і насьмешкі; 3) розныя расказы з беларускага жыцьця, каторыя маюць часам дужа многа лішняга і сырога этнографічнага матар’яла, часам поўны лірызму, беларускай элегічнасьці і прыгожых, захопліваючых апісаньняў нашае прыроды. Першыя і другія гутаркі напісаны пабеларуску, а ўва ўсіх іншых расказах найчасьцей перавышае маскоўская мова, хоць асабліва адчутыя мясьцінкі — заўсёды беларускія. Цікаўна, што і ў маскоўскай мове Пшчолкі ёсьць памылкі — беларусізмы, часам такія навет звароты, як „отгонялъ мухи“!

1. Сьлёзныя гутаркі-монолёгі, у каторых скрозь сьмех, а часам і бяз сьмеху чуюцца гарачыя, горкія сьлёзы спрадвеку бяздольнай пакрыўджанай і гаротнай народнай Беларусі, — лепшыя творы Пшчолкі. У іх аўтор выказаў ня толькі сваю добрую літэратурную талань, але і чулае сэрца запраўднага народнага пісьменьніка. І яшчэ смутней робіцца ад чытаньня гэтых гутарак, што і аўтор іх прапаў для адраджэньня ўбогай бацькаўшчыны. Тут Пшчолка апісуець долю самых гаротных людцаў, каторых штурхаець ня толькі рознае начальства, паны, гандляры, але і свой троху дужэйшы брат-суседзька. Адзін з лепшых па сваей паўнаце абразкоў — „Каніцель“, але яшчэ з большым, чымся ў „Каніцелі“, драматызмам напісана „Бабылкіна гора“. Гэта — монолёг убогай бабылкі, каторая спадзяецца яшчэ знайці на сьвеце праўду і рыхтуецца ў дарогу з усімі сваімі паперамі, каб іх начальства „разабрала“. Яна бядуець, што сама няпісьменная і ня можаць прачытаць, што там у іх так дробна, як макам, насыпана. Каб заплаціць за тое пісаньне, рушыла бабылка тры рублі ад трох гадоў… Пакрыўджаная з адчаю кідаецца ў абурэньне, яна хоча змагацца, але раптам апускаецца: перад вачмі стаіць яе доля, якая будзе, калі ня знойдзець праўды і цяпер. То — старэчая доля. Яна баіцца гэтага сораму болей за ўсяго: „Даб’юся праўды, а ў старцы не пайду… таго, што хатка ёсь… Улетку зьбяру на хлебец… Буду ізноў жаць, пайду палоць… А прасіць стыдна… Ні бацька не прасіў, ні матка“… У гэтых нязвычайна-драматычных словах паказана тыповая чырта ўсяго беларускага сялянства. Наагул, бабылка Пшчолкі — самы дасканальны беларускі тып і адзін з лепшых мастацкіх тыпаў беларускае літэратуры.

2. Сьмяхотныя гутаркі-монолёгі, напісаныя толькі для жарту і сьмеху, — яны па аўторскай прыцямнасьці і абразнасьці мовы нагадуюць разгледжаныя драматычныя абразкі, але яны, можна сказаць, зусім бяз’ідэйны і маюць прыметныя заганы даўнай шляхоцкай літэратуры. Паміма сваей волі аўтор, аднак, і сюды ўклаў нешта такое, што сур’ёзны чытаньнік заўсёды і сярод сьмеху заўважыць: гэта тую дзікую розьніцу між „дзеравенскімі людцамі“ і „культурнымі людзьмі“ на Беларусі, якую стварыла нацыянальнае і соцыяльнае зло. Адылі аўтор, як відаць, сам ня меў гэтага на ўвазе і стараўся толькі насьмяшыць чытаньнікаў (і якраз з ліку тых „культурных людзей“). Жартаўлівых гутарак-монолёгаў у Пшчолкі болей, чымся драматычных. Сюды можна залічыць гэткія творы: „У губэрню з бумагай“, „У ціятры“, „Панскае ігрышча“, „Сідарава радня“, „Сьведка“, „Більярд у дзярэўні“ і інш. Для літэратурна-гістарычнага зразуменьня добра параўнаваць яго гутарку „У губэрню з бумагай“ з „З маленькім білецікам“ Ядвігіна Ш. і „Як дзядзька езьдзіў у Вільню“ Я. Коласа.

3. Розныя расказы з жыцьця беларускага сялянства, пісаныя ў маскоўска-беларускай мешанай мове, складаюць большую частку пісьменства Пшчолкі. Тут многа ёсьць чыста-этнографічнага матар’яла, многа чыста-бытавых апісаньняў, многа не апрацаваных фотографічных зьнімкаў з беларускай натуры, але сярод іх ёсьць апавяданьні вельмі літэратурныя, з вялікімі мастацкімі вартасьцямі, як „Піліпава вясельле“, „Мікітавы хаўтуры“ і інш. „Піліпава вясельле“ (1901 г.) трэба ўважаць за адзін з самых лепшых літэратурных твораў Пшчолкі і за надта добрае апавяданьне прозаю ў беларускай літэратуры. Яно так агорнута нашым смуткам, так ахоплена нашай шчырасьцю, так спавіта нашаю спрадвечнаю жальбою, што не заўважаецца ні прыкрасьць маскоўска-беларускага жаргона, ні лішак этнографіі. Падробна і з пачуцьцём апісана і сватаньне, і вясельле — гэтая прыгожая і смутна-поэтычная опэра багатага сваім старадаўным культам народа, — апісан п’яны шлюб і вялікае п’янства людцаў на старэцкія дастаткі маладога. Апавяданьне чыста-нацыянальнае і вызначаецца псыхолёгічнай пеўнасьцю беларускіх характарыстак. „Мікітавы хаўтуры“ напісаны ў тым-жа тоне і з тым-жа далікатна-засмучоным настроем. „Замайжанскі кірмаш“ (1897 г.) — эскіз; як пазачыняліся карчмы, кірмаш зрабіўся важным пунктам беларускага народнага жыцьця, але беларускія пісьменьнікі быццам ня любяць хадзіць на кірмашы; толькі Пшчолка даў тут сакавіты абразок кірмашовае гульні з дужа прыметным апісаньнем старцаў. Замайжанскі кірмаш, як ужо было зазвычай, кончыўся бойкай п’яных сялян. У другіх творах Пшчолка чапаець з большай ці меншай літэратурнасьцю беларускае жыцьцё з розных бакоў. Як і ўсе нашы ранейшыя песьняры, ён найгоршаю заганаю беларуса лічыць п’янства і часта і войстра накідаецца на сялян за гарэлку („Валасная сходка“, „З жыцьця лепельскіх сялян“ і інш). Есьць у яго і вельмі добрая сатыра на нашы калішнія, проста гідкія з моральнага пагляду валасныя суды („Янкіна жальба“, 1902 г., драматычны этуд у 2 актах з жыцьця лепельскіх сялян). Есьць добрыя, хоць часам яўна тэндэнцыйныя абразкі беларускай затуканасьці, няцьвёрдасьці ў слове („Хурман“), нядбаласьці ў справе прасьветы („Барылаўскі валасны сход“). Сяляне ў Пшчолкі аб навуцы кажуць так: „І граматны гусей пасець, і няграматны гусей пасець“. „Што там вучэньне мужыку! Усё роўна ля зямлі пойдзець. Што там грамата, — панам грамата, а з нас паноў ня будзець“… Пагляд гэты схоллен і запісан правільна, адылі няма пры гэтым разгадкі яго, што ў Багушэвіча ўжо раней было. Есьць у Пшчолкі, хоць слабая, спроба паказаць новага чалавека („Дзяды“), як Ягор, каторы „пашоў па зарабатках і ад пастаноў бацькаўскіх адбіўся“; Ягор ужо ня ймець веры, каб па зямлі хадзілі нябожчыкі-дзяды, ён забараняе, наўпрэкі звычаю, даваць гарэлкі малому дзіцёнку, мову сваю наварачывае памаскоўску і г. д. Есьць у Пшчолкі орыгінальная фотографія самародка-пяюна з беларускай мужыцкай сфэры („Флор з Дубаўкі“), каторая спораджае веру ў народ. Есьць у яго странічкі з цяжкога жыцьця народнага вучыцеля і войстрая ганьба на п’янае сельскае начальства. Соцыяльныя жаданьні самаго пісьменьніка мы відзім болей-меней у яго „Навагоднім сьне“ — ня вельмі літэратурнай, але-ж яркай ілюстрацыяй супярэчнасьці між лятуценьнем і жыцьцём. Жаданьні гэтыя — чыста-народніцкія з дадаткам некаторай незразумелай у Пшчолкі крайнасьці (карыстаньне зямлёй комунальнае) і сьмяхотнай вузкасьці (ніхто ня курыць, бо за табаку штрафуюць).

Спрабаваў пісаць Пшчолка і вершы („Чараўніца“, 1907 г.), але спробы літэратурнага пасьпеху ня мелі. Есьць у яго і камэдыя-опэрэтка, музыку да якой напісаў яго віленскі прыяцель, вучыцель Вячаслаў Багдановіч, родам таксама з Лепельшчыны.

Значаньне Пшчолкі ў гісторыі беларускай літэратуры было дагэтуль надта невялічкім. Кнігі яго былі пашыраны сярод масквафільскай і несьвядомай беларускай інтэлігенцыі, з рахубай на каторую Пшчолка зумысьля і прыбліжаў беларускую мову да маскоўскай. У такім выглядзе яны маглі толькі пашкодзіць адраджэньню бацькаўшчыны ў посьле-багушэвіцкі час, што на практыцы і было. Творы Пшчолкі, як і сам здольны пісьменьнік, былі яшчэ добраю заслонкаю для ганебнай справы ворагаў беларускага народа і яго адраджэньня. Літэратурная цана Пшчолкі, можа быць, з часам і здабудзець належнае значаньне, калі творы яго увідзяць сьвет у чыста-беларускай вопратцы.