Гісторыя беларускае літэратуры (1920)/III/Нашаніўская пара/Маладзейшыя/Ф. Аляхновіч

А. Гарун Ф. Аляхновіч
Падручнік
Аўтар: Максім Гарэцкі
1920 год
Матар’ял аб іншых пісьменьніках

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Францішак Аляхновіч.

(Радз. ў 1883 г.)

Францішак Аляхновіч.


Францішак Аляхновіч.

Яго біаграфія. Францішак Аляхновіч арадзіўся 9-га сакавіка (марца) 1883 г., ў мяшчанскай сям’і беларусаў-каталікоў, у Вільні. Бацька яго быў музыкантам-скрыпачом у тэатральных оркестрах і вельмі часта браў з сабою Францішка ў тэатр. Вучыўся Аляхновіч у 2-й віленскай мужчынскай гімназіі, дзе скончыў пяць клясаў; патым ён перайшоў у віленскую хэмічна-тэхнічную школу і прабыў там адзін год. Але гэта яго не здавальняла, і ён паехаў у 1903 годзе ў Кракаў, у польскую драматычную школу, адтуль пераехаў у 1904 годзе ў Варшаву, дзе і скончыў драматычную школу пры Музыкальным Таварыстве. Пасьля гэтага Аляхновіч езьдзіў з польскімі тэатрамі па розных мясьцечках, у 1908 годзе трапіў ў роднае места Вільню, жаніўся тут і пачаў працаваць як рэпортэр у розных віленскіх газэтах. У 1910 годзе ён разам з нябожчыкам І. Буйніцкім ды А. Бурбісам і іншымі наладзіў першы ў часе адраджэньня публічны беларускі спэктакль. У гэтым-жа годзе ён выдаваў польскі гумарыстычны тыднёвік „Perkunas“, за каторы яго пацягнулі пад суд. Аляхновіч уцёк заграніцу, у Галічыну, прабыў там тры гады, туляючыся па галіцкай провінцыі з польскім тэатрам або йграючы ў Кракаве і Львове (пад псэўданімам Моявіда). У 1913 годзе, уважаючы на маніфэст аб амністыі з прычыны трохсотлецьця Раманавых, Аляхновіч вярнуўся ў Вільню і пад’явіўся да пракурора. Яго пасадзілі ў вастрог на адзін год. Аляхновіч адседзіў, і гэта пайшло на карысьць яму. У вастрозе пачалася яго літэратурная праца. У 1914—1915 г. г. ён напісаў спачатку папольску, а патым перарабіў пабеларуску сваю п’есу „На Антокалі“. Інтэнсіўная, запраўдная праца Аляхновіча для беларускае літэратуры і наагул усяе справы пачалася ў часе нямецкай окупацыі. Ён ладзіць у Вільні беларускія спэктаклі, арганізуе трупу, пішаць для беларускай сцэны, і за 1916—1917 г. г. з-пад яго пяра выходзіць шмат сцэнічных рэчаў („На вёсцы“, „Бутрым Няміра“, „Манька“, „Калісь“, „Базылішк“). Але матар’яльныя варункі страшна цяжкія, і Аляхновіч малюе шыльды (вывескі), служыць у міліцыі, пасьля працуе ў магістраце як кантралёр электрычных лічнікаў, а змучаны віленскай галадоўляй едзець у Чорны Бор, пад Вільняй, у беларускі дзіцячы прытулак, як беларускі вучыцель, пазьней служыць у пажарніцкай камандзе як пажарнік. Дачуўшыся аб шырокай беларускай рабоце ў Менску, Аляхновіч без нямецкага перапуска, пехатою, бяз гроша ў кішэні пусьціўся ў дарогу. Перапрануўшыся за хурмана, ён з нейкімі засьцянховымі шляхцянкамі перабраўся цераз лінію старога фронту (каля Маладзечна) і абарваны, босы, з ранамі на нагах, посьле васьмёхдзённай падарожы прыйшоў у Менск. Там ён паставіў свайго „Бутрыма Няміру“ і так споўніў яго роль, што адразу здабыў вялізны пасьпех. Менскі беларускі тэатр ажыў. Тут-жа Аляхновіч напісаў яшчэ колькі рэчаў („Чорт і баба“, „Страхі жыцьця“, „Дзядзька Якуб“). У вясну 1919 г. ён вярнуўся ў Вільню (пры бальшавікох), а з прыходам польскіх легіонаў пачаў выдаваць і рэдактаваць ілюстрованую часопісь „Беларуское жыцьцё“. Апрача драматычных твораў, Аляхновіч пішаць апавяданьні („Пісьмы да яе“ — 1918 г., „Дзіцячыя сьлёзы“ — 1918 г.) і лірычныя вершы пад псэўданімам Монвід („Ты, Вільня, мяне ўзгадавала“, „Як памру“ і інш.).

На Антокалі (1914—1915 г.г.) — п’еса ў 3 актах з пяяньнем і скокамі. Яна была надрукавана ў „Гомане“, а ў 1918 г. выйшла асобнай кніжкай. Пастаўленая на менскай беларускай сцэне, як опэрэтка, яна здабыла сабе вялікі пасьпех і займае пачэснае места ў беларускім рэпэртуары. П’еса маець і добрыя літэратурныя вартасьці. Гэта — надта добра зробленая, мастацкая фотографія жыцьця віленскіх жыхароў прадмесьця Антокаля. П’еса была-б дужа паважнай бытавой комэдыяй, каб не яе опэрэтачная лёгкасьць і некаторая павярхоўнасьць ў псыхолёгічных зарысоўках апісаных людзей. І ня гледзячы на гэта, маем у ёй колькі мастацкіх тыпаў, што як жывыя стаяць уваччу. Першым з іх па значаньню стаіць Ігнат Радзівіловіч, бо найлепей паказан з псыхолёгічнага пагляду. Немалады ўжо чалавек, пачтовы чыноўнік, ён лятуціць аб ціхім сямейным шчасьці, аб жыцьцёвым спакою і дастатку. Ен „ня п’е, грошы ня кідае, можа навет крыху надта ашчадны“, — як кажа аб ім драбязьлівая на капейку Міхаліна. Жыцьцё прызвычаіла яго да асьцярожнасьці, і ён надта асьцярожна прыймае вестку аб амэрыканскіх міліёнах. Але спакуса такая салодкая для яго, што Радзівіловіч паміма волі, няўпрыцям для сябе усё болей неасьцярожна спакушаецца. Слабаваты на розум, ён, апрача таго, затуканы сваім начальствам, мяккі і добры па характару, дык лёгка трапляе на мізэрнае і сьмяхотнае становішча. Ен ня здацен да абы-якога змаганьня, але інстынктыўна ўпорчыў. Ен не бароніцца, калі на яго нападаюць, што выйшла „ня тая лінія“, ён быццам вінаваты. У яго словах часам чуюцца запраўдныя чалавецкія сьлёзы, стон абніжонай душы. Вінцэнт Сьліжык, гаспадар шавецкай майстэрні на Антокалі, і яго жонка Міхаліна — тыповыя прадстаўнікі беларускага мяшчанства з віленскіх узьмежкаў. Яны — людзі места. Сьліжык любіць выпіўку, а яго жонка — пагаманіць, палахаць языком з суседкамі. Аднак, абое не забываюцца на працу і шануюць працоўнага чалавека. Соцыяльныя ўмовы мястовага жыцьця вырабілі некаторую моральную лёгкасьць у іх паглядах на рэчы, дзеля таго Міхаліна хоць ставіць шавецкага чалядніка вышэй за чыноўніка ў нормальным ходзе жыцьця, але згаджаецца прамяняць яго для дачкі, калі-б чыноўнік дастаў міліёны. Лёгкадушную гарадзянку Зоську знаем добра з гэткіх яе слоў да Юзюка: „Дзе няма грошы, там і каханьне хутка пройдзе. Ды нашто многа казаць. Так павінна быць і канец! Калі-б вы мяне запраўды кахалі, дык былі-б рады, што мне здараецца такое шчасьце, а ня тое, каб адгаварываць мяне ад гэтага“. Шавецкі чаляднік Юзюк, ці Язэп Жалейка — самая сьветлая, хоць і няглыбокая, як і ўсе, асоба. Ен шчыра любіць дзяўчыну з усімі яе заганамі, ён шануе працу і ненавідзіць тыя грошы, за якія можна купіць чалавека. Другія асобы, як п’янюга-рэпортэр Пяровіч, дабрадзейны купец Арон, язычлівая Мацеіха, жабракі і іншыя, — усе яны дужа сакавіта змалёваны. Цікаўна, што Аляхновіч, вырасшы ў сфэры нявіднага ўжо для масы, але бесьперастаннага абпалячываньня, увайшоў у саю родную літэратуру з творам без характэрных нашаніўскіх прымет і матываў. Ен, зусім тут спакойны ад адраджэнцкай мукі, багата паказаў новую ў літэратуры беларускую сфэру, сфэру мяшчанскага жыцьця. Гэта знак, як вырасла адраджэньне.

На вёсцы (1916 г.) — ідылічны абразок у двух актах. Друкаваўся ў „Беларускім жыцьці“ за 1919 г. Як вядома, Аляхновіч — жыхар места; да дзесяцёх гадоў жыцьця ён навет ніколі ня бачыў вёскі. Ніколі доўга ў вёсцы ён ня жыў; псыхолёгіі селяніна ня ведае. Ня дзіва, што сяляне ў яго п’есах гавораць такою самаю моваю, што й антакольскія мяшчане-рамесьнікі ці беларускія інтэлігенты-адраджэнцы. Але галоўная загана абразка ня ў тым, а ў яго духоўнай слабасьці, каторая асабліва відаць з астатняга монолёга Стасюка. Пытаньне, прыгожа паказанае Аляхновічам у гэным абразку — ў нашай літэратуры ня новае. Навука, якую нашы пісьменьнікі, пачынаючы з Багушэвіча, выводзілі з гэтага пытаньня, згубіла для посьле-нашаніўскіх часоў сваю орыгінальнасьць, сьвежасьць і глаўнае, духоўную войстрасьць. Бо мы зрабілі гіганцкі ход наперад ад ідылічна-нацыянальнага ідэала „насіць вясковыя вопраткі, пяяць простыя песьні ды ўвесь век сядзець на родным загоне“, каторы для масштабу нашых дзён выглядае дзяціным забаўляньнем. Урэшце, шкода, што драматург не паказаў нам з нацыянальнага боку зчаёмай яму сфэры.

Бутрым Няміра (1916 г.) — п’еса ў двух актах з пролёгам, напісаная аўторам у 1916 годзе паводле легенды В. Ластоўскага „Каменная труна“. Яна маець высокія літэратурныя і сцэнічныя вартасьці. Як твор літэратурны, п’еса выдаецца сваёй стылізаванасьцю, прыгажством мовы (хоць і не старыннай), пеўнасьцю псыхолёгічных абрысовак, стульнасьцю і адзінствам у разьвіцьці падзей. Як твор сцэнічны, яна азначаецца дасканальнасьцю тэхнікі і колькімі харошымі з мастацкага боку эфектамі. Апрача таго, п’еса „Бутрым Няміра“, быць можа, паміма сьвядомага жаданьня яе аўтора, — дужа ясная і сакавітая ілюстрацыя соцыяльных злыдняў. Яна сьведчыць што корнем усялякіх ліхадзействаў у вадносінах людзей ёсьць благі соцыяльны парадак, які ствараець Бутрыма Няміру (прототып Івана Грознага).

Манька (1917 г.) — п’еса ў 4 актах, у каторай колёрытная жывасьць нашага мястовага жыцьця, паказаная Аляхновічам ў комэдыі-опэрэце „На Антокалі“, гарманічна зьліваецца з глыбінёй думкі яго пазьнейшых твораў. Галоўная думка гэтай драмы заключаецца ў тым, што наша культура, падзяліўшая людзей на паноў і „простых“, забіваець усе лепшыя парываньні ідэалістаў (Міхалка) і даводзіць да самагубства расчараваных, абязьвечаных (Манька).

Калісь (1917 г.) — рэволюцыйны сцэнічны абразок на 2 акты з жыцьця беларускіх мястовых работнікаў. Гэта час забастовак, рэволюцыйных маніфэстацый, растрэлаў, калі маладыя работнікі аддавалі сваё жыцьцё, здабываючы волю.

Базылішк (1917 г.) — казка ў 3 актах. Гэты надта поэтычны, мастацкі твор Аляхновіча трэба разглядаць, як другую за „Бутрымам Няміраю“ спробу драматычнай творчасьці з абстаноўкай нашай далёкай мінуўшчыны. Людзі кажуць на Янку, што ён дурны, бо не разумеюць душы поэта. Тымчасам, ён — запраўдны герой, паказаны, як сымвол сярмяжнай грамады (гл. эпілёг).

Чорт і баба (1918 г.) — надта добра ўсцэнізаваная ў адным акце вядомая народная казка-сатыра, раней зьвершаваная Багушэвічам („Гдзе чорт ня можа, там бабу пашле“). Усюдых заваевала беларускую сцэну.

Страхі жыцьця (1918 г.) — драма ў 3 актах. На творах сучасных драматургаў, а ў тым ліку і Аляхновіча, паклаў выразны адбітак рэволюцыйны настрой, прычым кідаецца ў вочы цікаўная праява: пісьменнікі ня могуць сагнацца са шпаркім лётам жыцьця, маючы сілы, дадзеныя ім. Аляхновіч — удумчывы да свайго наваколу і васпрыймаець акружаючае глыбока, але і ён не пасьпявае даць абраз „сяньня“ і дае ў больш дасканальнай форме абраз „учора“. Хаця аўтор ніводным словам не намікае аб тым, гдзе і калі рэч дзеецца, але можна здагадацца, што гэта яго ўспаміны з апошніх гадоў нямецкай окупацыі (у Вільні). — „Я йшоў па вуліцы цяпер… Ляжыць якійсь, — ужо труп… Людзі міма йдуць… Нічога… Кожны думае толькі аб сабе“… (Сымон, І акт). На гэткім удзячным фоне аўтор змаляваў соцыяльнае зло. Прачытаўшы ці паглядзеўшы на сцэне ўсе тры акты, мы так уражаны жахам гэтага зла, гэтых страхаў, што сэрца закіпае гняўлівым абурэньнем і напаўняецца смагаю новай творчасьці, жаданьнем зьніштожыць страхі старога сьвету і стварыць новае, ясьнеючае, ня блізкае да ўсякіх страхаў жыцьцё. На такое шчасьце галіўся фантазёр, лятучонік Сымон, каторы даводзіў, што маладосьць — вечная, але адурэў і пагінуў ад страхаў старасьці. Лепшыя часткі драмы — калі дзяўчына першы раз прыходзіць з вуліцы і спатыкае на парозе кватэры свайго любага. Яе монолёг азначаецца вялікімі мастацкімі вартасьцямі. Ен хапаець за спод душы. Яшчэ — размова Юзі з любым перад сьмерцьцю, калі яго нялюдзкая шчырасьць духоўна забівае няшчасную. А бесьпярэчна найлепшыя часткі — монолёгі цэнтральнай фігуры, здурнелага лятучоніка і п’яніцы, зьнямоглага ад страхаў старога бацькі. Да заган п’есы трэба запісаць падазрэнна вялікую лічбу сьмерцяў, хаця гэткія рэчы, можа, і зусім звычайныя на полі страхаў.

Дзядзька Якуб (1918—1919 г. г.) — драматычны абраз ў 2 актах з пяяньнем і скокамі.

Цені (1919 г.) — драма ў 3 актах, навейшая рэч Аляхновіча. Глыбака задуманы і мастацкі твор гэты, аднак, зусім ненацыянален, і значаньне яго ў нашай драме аналёгічна значаньню апавяданьня А. Гаруна „П’еро і Коломбіна“ ў нашым эпосе. Ен дае нам у роднай мове тое, што дагэтуль мы бралі выключна з чужых моў. Галоўная думка драмы, ня зусім ясна і даступна выказаная і нямаючая пеўнага адзінства ў сваім зьясьненьні, заключаецца, подлуг актавых прадмоў, вось у чым: людзі — ніштожныя капашлівыя чарвякі, мізэрныя мімаходвыя цені; жыцьцё іх — мамэнцік Вечнасьці; аднак, надароныя веснавымі, поэтычнымі парываньнямі, яны часам лезуць у спрэчку з гэнай Вечнасьцю. Хочуць здабыць яе тайны, — і ў тым краса і змысл іх істнаваньня. Подлуг самога дзеяньня, каторае не павінна-б было патрабаваць тых актавых прадмоў, галоўная думка маець яшчэ тую старану, што благое жыцьцё і наагул заганы божай творчасьці, як горб, нішчаць веснавыя парывавьні, губяць поэтаў, робяць іх калекімі.