Гісторыя беларускае літэратуры (1920)/III/Нашаніўская пара/Старэйшыя/К. Каганец

Нашаніўская пара К. Каганец
Падручнік
Аўтар: Максім Гарэцкі
1920 год
Цётка

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Старэйшыя пісьменьнікі.

Карусь Каганец.

(† 1918 г.)

Біаграфічны матар’ял. На сьмерць пісьменьніка ў „Вольнай Беларусі“ (№ 20—21, 1918 г.) было напісана вось што: „К. Каганец (Казімір Кастравіцкі) належыць да найстарэйшых песьняроў беларускага адраджэньня. Гэта ён, у пару страшэннай нацыянальнай цішы на Беларусі, зьвяртаўся да бога ў такіх хвалюючых душу словах: „О, божа, спасе наш! Ты міласьць нам пакаж, з няволі вызваль нас!“ Цяпер гэта песьня пераложана на ноты. К. Каганец выступіў на беларускі шлях у самую дзікую пару аляксандраўскай рэакцыі. Сыстэма абрусіцельства была ў поўным росквіце. У той час, — кажа А. Уласаў, блізка знаўшы К. Каганца, — назвацца гімназісту беларусам было тое самае, што зрабіць вялікі чын Муцыя Сцэволы, або голым прайці па вуліцы. І бяспрыменна выгналі-б з гімназіі за такую крамолу, бо для царскіх чыноўнікаў ні беларусаў, ні Беларусі ня было; быў толькі „истинно-русскій край“ з „истинно-русскими людьми“ на Беларусі. Але „ад барадатай, прысадзістай постаці Каганца, насіўшага дэмонстратыўна кажух і боты і падперазанага чорна-рускім паясом“, піша А. Уласаў: „веяла моцнай, непарушнай, як скала, верай, што „Беларусь трэба падымаць.“ К. Каганец, як ідэйна-грамадзкі працаўнік, вядом ня толькі беларускай інтэлігенцыі, але і шырокім колам працаўнікоў асвабаждаўчага руху 900 гадоў. Ен быў адзін з тых, хто палажыў пачатак Беларускай Соцыялістычнай Грамадзе. Каганец пісаў граматыку беларускай мовы ў той час, як беларускі друк быў забаронены.“

Памёр Кастравіцкі 20-га мая 1918 года ў фальварку Юцкі блізка Койданава. Пахавалі яго ў Навасёлках.

Літэратура і творчасьць Каганца. Творы пісьменьніка, апрача некалькіх рэчаў, вышаўшых асобнымі кніжкамі („Модны шляхцюк“, „У іншым шчасьці няшчасьце захована“), параскіданы па розных маскоўскіх часопісях 90-х і 900-х гадоў і па беларускіх выданьнях нашаніўскае пары; некаторыя былі зьмешчаны ў тыднёвіку „Вольная Беларусь“ (1917 і 1918 г.г.), а пасьмертныя — ў газэце „Беларусь“ (1919 і 1920 г. г.). Пісаў Каганец, як відзім, скрозь усю народніцкую і нашаніўскую пару. Па свайму нацыянальна-беларускаму народніцкаму романтызму ён належыць да часу Багушэвіча, а стаіць у гэтым часе зусім самабытна, орыгінальна, па-за ўсякімі ўплывамі і перайманьнямі; тут ён народнік і романтык-адраджэнец. Па сваёй-жа нацыянальна-палітычнай ідэолёгіі і па сваіх, залежных ад яе, спасабох творчасьці ён — духоўны бацька нашаніўства і сам пачатковы нашанівец. Каганец — апавяданьнік, лірык і драматург. Пачаў ён з апрацаваньня беларускіх легенд і казак („Прылукі“, „Вітаўка“, „Адкуль мядзьведзі“, „Хто міл богу“, „Машэка“, „Скрыпач і ваўкі“) і з пісаньня невялічкіх апавяданьняў гістарычнага характара, пераймаючых па укладу падобныя народныя пераказы („Навасадзкае замчышча“, „Засульскія турэ“, „Ваўчок“, „Халера 40-га року“ і інш.). Ужо тут адбіваецца старая Беларусь, „атуленая пушчамі, лугамі, абвеяная казкамі зруйнаваных замчышч беларускіх князёў“, і пісьменьнік выступае ня толькі, як сын народу, але як „дух з беларускай пушчы". Разам з гэтым, зьбіраючы гісторыка-этнографічны матар’ял і запісуючы народныя песьні, Каганец, як некалі Чачот, спрабуе сваю пясьнярскую здольнасьць у лірычных песьнях, галоўным чынам, гістарычных па зьместу, а па ўкладу, па разьмеру, і, глаўнае, па духу зусім падобных да чыста-народных твораў. Так што першае слова яго кніжнай творчасьці было астатнім словам народнай творчасьці.

Лірыка Каганца.

Лірыка Каганца выдаецца ў беларускай поэзіі сваёй беларускасьцю. Яна беларуская ня толькі па мове ці па нацыяналістычных лёзунгах, а дапраўды нацыянальна-беларуская. Рытміку верша Каганец прызнаваў толькі народную. Верш Каганца часам ня можна адрозьніць ад народнай беларускай песьні („Кабзар“, „Нёман“, „Збор“ і інш.); у гэтым хараство яго верша, а з другога боку і загана, бо той верш часта і не падымаецца вышэй за песьні. Зьмест каганцовай лірыкі даволі розны, але таксама мала шырэйшы за народнае песьні. Найчасьцей бярэць яго Каганец з мінуўшчыны беларусаў. Гледзячы на Нёман, ён вельмі поэтычна разважае: „Ой, Нёман цячэ, Нёман плыве ад нас у літоўскія зямліцы. А хто там пайме, хто разьбярэ топат і гоман нашай рачыцы“; потым з маркотай успамінае мінулыя падзеі і паснулую, забытую славу бацькаўшчыны („Нёман“, 1893 г.). Каганец у захапленьні ад славы нацыянальных змаганьнікаў за волю народа і тужыць, як падумае, што ўсё тое даўно мінулася, і цяпера беларусы ня ведаюць пра сваіх героеў („Гадка пра Галубка“, 1893 г.). Той настрой і думкі разьвіваюцца ў вялізазнае, няўніманае жаданьне запаліць у радакоў дюбоў да бацькаўшчыны, усьведаміць іх, што патрэбна адраджэньне. Дзеля гэтага ён малюе ўцісканьне ад Маскоўшчыны і Польшчы („Чы праўда гэта?“, 1902 г.), бязконцае, ганебнае і больнае апекаваньне Беларусі чужынцамі („Былое“, 1908 г.) і пераймаецца народнымі песьнямі, дзе паказаны сялянскія мукі ад паншчыны („Пра пана Ленскага“), цяжкая служба у царскім войску („Царская служба“). Адным словам, ён усё болей пераходзіць на палітычна-нацыянальны голас і ўрэшце заклікае да адраджэньня („Збор“, 1902 г.). Ен складае гімны адраджэньня і з драматызмам моліцца, каб яно прыйшло, каб людзі збудзіліся, каб вочы іх прасьвятлелі („Малітва“). Як духоўны правадыр, паказуець поэт маладым братом патрэбную сьцежку-пуцявіну і навучаець іх змагацца („Наш сымвал“). Каганец пісаў вершы ня столькі дзеля таго, што чуў сябе поэтам, сколькі дзеля таго, што „Беларусь трэба падымаць“. Дык справядліва, хоць і надта стродка, сказаў аб яго вершах М. Багдановіч: „…Каганец, пішучы вершы, аглядаўся на народную песьню і намагаўся, каб яны былі праняты яе духам, яе прыкметамі. Ды, на жаль, мала было ў яго творах натхненьня, і выхадзілі яны ў яго важкімі, тапорнымі, бясьсільнымі. Таму ў друку яны бадай што не зьяўляліся і ніякага сьледу ў беларускай поэзіі яны не пакінулі. Аднак, хоць і зрэдку, Каганец, падвышаўся да праўдзівай творчасьці, і тагды ў яго вынікалі такія вершы, як „Кабзар“ („Наша Ніва“, 1909 г.) — рэч самародная, патыхаючая народным духам і пакідаючая моцнае ўражаньне“.

Модны шляхцюк.

Самы лепшы твор Каганца — камэдыя ў аднэй дзеі з засьцянковага жыцьця „Модны шляхцюк“. У камэдыі добра змалявана бытавая абстаноўка і даведзена нацыяльная думка. У васобе Пранцішка Карчэўшчыка абсьмеяна тая беларуская моладзь з дробнай шляхты, што набіраецца гарадзкое быццам-то культуры, хварэець на панства, гоніцца за „модаю“ гаварыць папольску і адракаецца ад усяго роднага, бо яно у іх засьлепленым ваччу — простае, хамскае. Карчэўшчык — мастацкі тып. У ім сабраты і паказаны азнакі, тыповыя для ўсіх „модных шляхцюкоў“, ненатуральны пераход каторых ад аднэй культуры да другой робіць іх мала-сумленнымі, нізкімі людзьмі, згубіўшымі грунт пад нагамі і мізэрнымі ў сваім упадку. Нахапаўшыся вяршкоў усяго для іх чужога, яны застаюцца цёмнымі, але пошла-амбітнымі людзьмі. Уся іх культурнасьць і вучонасьць — сурдут і манішка на голым целе; яна ня прыстаець да іх як мае быць. Для іх няма нічога чыстага, высокага ў жыцьці; няма каханьня, а ёсьць пасаг, няма людзкога гонару, а ёсьць амбіцыя, няма адвагі, а ёсьць трусасьць.

У іншым шчасьці няшчасьце захована — бытавыя драматычныя сцэнкі ў пяцёх часьцях, толькі збольшага накіданыя Каганцом (1903 г., знойдзеныя ў паперах і надрукаваныя пасьля яго сьмерці (1919 г). Драма гэтая грунтуецца на соцыяльных пытаньнях і таксама паказуець бытавую абстаноўку. Соцыяльная несправядлівасьць разлучаець Астапа з Марыляю, аддаець дзяўчыну на згубу панічу, мучаець беднага парабка ў войску, а патым у вайстрозе і вымагае ад Піліпа сказаць так: „Вось і шукай тут праўды на сьвеце! Здаецца-б хто, ато паны! Пойдзеш ў двор — такія, здаецца, добрыя, так аб усім хораша гавораць. А паглядзіш, дык вось што вычвараюць… Ну, я гэтаму панічу не дарую, папомніць ён мяне!

Двойчы прапілі (1910 г.) — недапісаная драма ў 4 часьцёх; вызначаецца дужа нацыянальным абліччам сялян, што мы відзім з іх размоў. І тут завязка ў соцыяльнай няроўнасьці.

Старажовы курган — няскончаны драматычны нарыс у 3 зьявах; напісаў яго Каганец на сюжэт народнай песьні таго-ж назову, — так сказаць, інсцэнізаваў народную творчасьць.

Сын Даніла — драма ў 3 дзеях з завязкай, узятай таксама з народнай творчасьці. Народ паказаў толькі адносіны маткі, сына і маладухі, а Каганец дадаў сюды старадаўна-баярскую абстаноўку і колькі абразкоў змаганьня за родны край, стварыў патрыятычна-беларускі настрой і ўсім тым дамагаецца сваіх нацыянальна-грамадзкіх заданьняў: зварушыць беларусаў да адраджэньня. Драматызм тут няпоўны, надворны, невыцякаючы з натуральнага разьвіцьця змаганьняў і перажываньняў і паказаны скачкамі. У гістарычнай абстаноўцы — некаторыя анахронізмы.

„Старажовы курган“ і „Сын Данілы“ — першая ў навейшы час спроба даць беларускую гістарычную драму. І вось мы відзім, што „Модны шляхцюк“ лепей задаўся Каганцу, бо напісан з сучаснага жыцьця і ў сатырычным тоне, што было, відаць, бліжэй да здольнасьцяў драматурга і зручней для нашай адраджэнцкай літэратуры (славу нашай мінуўшчыны ворагі зьнішчылі ў народнай памяці і сьвядомасьці). Гістарычныя творы ў Каганца выйшлі слабейшыя, бо і грунт для такой творчасьці ня быў падрыхтован ні ў нашай літэратуры ні ў навуцы.

Мова Каганца — дужа прыгожая і чыстая беларуская народная мова. У яго ёсьць старадаўныя словы і формы, каторыя вабяць сваёй беларускасьцю і хараством. Каганец шукаў багацьця слоў толькі ў народнай крыніцы, ня браў слоў чужых і нова-прыдуманых. Гэтае нахіненьне ён захаваў навет у навукова-популярных рэчах („Гутаркі аб небе і зямлі“).