Гісторыя беларускае літэратуры (1921)/I/Залатая пара (16 век)/В. Цяпінскі
← Ф. Скарына | В. Цяпінскі Падручнік Аўтар: Максім Гарэцкі 1921 год |
С. Будны → |
Васіль Цяпінскі.
(Другая палав. 16 стал.).
Біаграфічны матар‘ял. Быў родам з Полаччыны, як і Ф. Скарына. Радзіўся ў 40-х гадох 16-га сталецьця. Меў свой двор Цяпін і яшчэ колькі двароў, але, відаць, невялікіх, бо пісаў аб сваей маемасьці, што яна „ўбогая“. Ня меў ён і такой адукацыі, як Ф. Скарына. Захапіўся рэфармацыйным рухам на Беларусі і належаў да рэлігійнай сэкты арыянітаў. Знаўся з беларускім пісьменьнікам С. Будным, з каторым нейкі час разам друкаваў кніжкі. Пад старасьць меў ён двор на Валыні, каторы, быць можа, дастаўся яму ад князя Астрожскага, як дар за літэратурную і выдавецкую працу. Калі памёр В. Цяпінскі, невядома. У актах астатні раз спамінаецца ў 1604 годзе, калі сыны яго судзіліся за бацькаву маемасьць. У 1915 годзе ў бібліатэцы Сьвятаполк-Завадзкага, у м. Крошыне блізка Баранавіч, пашчасьціла бібліафілу Р. Зямкевічу знайці партрэт В. Цяпінскага.
Эвангельле В. Цяпінскага. У 1570 — 80 гадох В. Цяпінскі пераклаў на беларускую мову і надрукаваў у сваёй ўласнай пераезнай друкарні Эвангельле. У цэласьці яно да нас не дайшло, бо Цяпінскі ў прадмове пішаць аб трох эвангелістах, а маем толькі двух. Вельмі цікаўна і важна для нас прадмова, напісаная Цяпінскім да Эвангельля. Цяпер кніга Цяпінскага — нязвычайная бібліаграфічная рэдкасьць; вядомы толькі два акзэмпляры, адзін у Салавецкім манастыры, другі ў Петраградзкай публічнай бібліатэцы. Шрыфт кнігі Цяпінскага падобен шрыфту кніг Ф. Скарыны і С. Буднага, але хараства скарынінскіх выданьняў яна ня маець, бо Цяпінскаму ніхто не памагаў ні коштам, ні працаю. Друкаваў ён два тэксты: царкоўна-славянскі побач з беларускім, а на краёх кнігі зьмяшчаў розныя паясьненьні. Мова Цяпінскага маець полëнізмы, царкоўна-славянскія і стара-беларускія словы.
Пагляды В. Цяпінскага выказуюць у ім перадавы розум свайго часу і гарачае сэрца патрыота. У сваёй Прадмове В. Цяпінскі даў высокі прыклад грамадзянскай сьвядомасьці і павіннасьці. Аб сваёй працы ён казаў: „З убогае свае маетнасьці народу майму услугую“, „з жычлівасьці ку маей атчызьне“. Ен хацеў, каб людзі „трымаліся языка свайго прыражонага“, бо відзеў у гэтым пеўны спосаб захаваць нацыянальную адзінасьць і падняць родную культуру. Ен пісаў, што трэба адчыніць школы за грошы з двароў, якія ўдаўнасьці дастала духавенства „не на марнатрацтва, не на строй і на што такое, але для навук“. Ен пісаў беларускім паном, што калі ў іх засталося хоць колькі-небудзь улітаваньня да роднага народу, народу „зацнага, слаўнага, войстрага і даўсьціпнага“, але „неумеетнага і утрапленага“, дык каб яны закладалі школы для яго. З запалам кажаць ён аб патрэбе асьветы і гнеўна сароміць паноў і духавенства як за іх уласную цемнату, так і за іх нядбаласьць у справе культурнага разьвіцьця бацькаўшчыны. Яго патрыатычная душа не магла сьцерпіць, што ёсьць такія з княжат і знатных паноў, каторыя „і пісьмом ся сваім, а злашча ў слове божым устыдаюць“. Яго культурная праца была вельмі цяжкою для яго сіл, але ён рабіў яе,—„поневаж каторым бы то ўласьней учыніці прыстоіла, мітрапалітаве, ўладыкі і ніхто з вучоных чэраз так многі час не хацелі“…