Гісторыя беларускае літэратуры (1921)/III/Народніцкая пара/Этнографы і вучоныя
← В. Арлоўскі | Этнографы і вучоныя Падручнік Аўтар: Максім Гарэцкі 1921 год |
Нашаніўская пара → |
Выдатныя беларускія этнографы і вучоныя.
А. Слупскі выдаваў беларускія календары на 1892 і 1893 г. г. ў Менску, да якіх прыкладаў альманахі з артыкуламі і вершамі ў беларускай мове ці па беларусазнаўству. Сам Слупскі шмат пісаў па беларускай этнографіі.
Мікалай Якаўлевіч Нікіфароўскі (1844—1910)—родам з Віцебшчыны, выдатны беларускі этнограф-самавук, працаю каторага карыстаў для сваіх зборнікаў вядомы этнограф Шэйн. Можна з пеўнасьцю сказаць, што толькі неспагадныя ўмовы жыцьця не дазволілі Нікіфароўскамў разьвіць свае здольнасьці ў беларускай белетрыстыцы, хоць ён меў да таго пеўны нахіл. З яго працы асабліва цікаўны і важны такія рэчы: 1) „Нарысы простанароднага жыцьця-быцьця ў Віцебскай Беларусі і апісаньне рэчаў штодзеннага ўжытку“ (Віцебск, 1895 г.); 2) „Простанародныя прыметы і забабоны“ (Віцебск, 1897 г.); 3) „Нарысы Віцебскай Беларусі“ (1892—1897 г. г.). Апрача таго, Нікіфароўскі напісаў колькі невялічкіх кніжачак этнографічна-белетрыстычнага характару з дзіўнымі малюнкамі побыту. Беларускую народную мову ўмеў ён дасканальна. Праз усё жыцьцё Нікіфароўскі быў вучыцелем прыгатаваўчае клясы ў мужчынскай гімназіі ў Віцебску.
Аўдакім Раманавіч Раманаў (рад. ў 1855 г.) — з беднай сям‘і, з Беліцы блізка Гомлю, з Магілеўшчыны; плодны сучасны беларускі этнограф, надта заслужоны ў беларускай этнографіі. Кніжкі яго „Беларускага зборніка“ зрабіліся дужа популярнымі на Беларусі. Яны даўно ўсе разыйшліся, глаўным чынам, ў народзе, і ў продажы іх не знайці. Іх надта ахвотна і з вялікай цікаўнасьцю чытаюць сяляне-беларусы, для каторых „Беларускі зборнік“ Раманава—не этнографія, а улюбёная „прыгожая“ літэратура.
Валадзімір Мікалевіч Дабравольскі—родам са Смаленшчыны, стары беларускі этнограф, напісаў слоўнік Смаленшчыны, сабраў смаленскі этнографічны зборнік і інш., чытае ў Смаленску ў археолёгічным інстытуце лекцыі і ўсім тым сеяў і сеець беларускасць поўнай жменяй на ўсходніх узьмежках Беларусі.
М. В. Даўнар-Запольскі.—З канца 80-х гадоў працуе на ніве адраджэньня наш слаўны профэсар М. В. Даўнар-Запольскі. У яго шмат капітальнай працы па беларускаму праву, гісторыі, этнографіі і літэратурнай крытыцы. Пісаў ён аб Васілю Цяпінскім, аб В. Дуніну-Марцінкевічу, разглядаў творы ,Гапон“, Тарас на Парнасе“ і інш. Ў 1898 годзе ў Маскве пад рэдакцыяй Даўнар-Запольскага выйшаў беларускі календар, дзе між іншых твораў аб Беларусі былі зьмешчаны вершы Марцінкевіча і іншых нашых песьняроў. У часе рэволюцыі профэсар цьвёрда стаў на грунце незалежнай гаспадарстванасьці Беларусі, аб патрэбе якой таланавіта і пераканаўча даводзіў у кіеўскай і ў другіх беларускіх газэтах, а таксама і ў асобнай кнізе „Асновы дзяржаўнасьці Беларусі“, надта пашыранай сярод беларусаў і перакладзенай на эўропэйскія мовы.
Е. Ф. Карскі—акадэмік-беларусавед, слаўнейшы бадач беларускай мовы і гісторык беларускай літэратуры, асабліва старадаўнага пісьменства. Па яго ўсім вядомых кніжках, пад агульным назовам „Беларусы“, навучалася роднаму слову ўсё мададое пакаленьне беларускай інтэлігенцыі.
Міхал Федароўскі—слаўнейшы беларускі этнограф у польскай мове, зьбіраньнік гутарак. Здабыў славу сваей вядомаю працаю „Lud białoruski“ (найлепшы этнографічны зборнік з боку мэтоду гэтай працы).
А. К. Сержпутоўскі—аўтор знамянітай кнігі „Казкі і расказы беларусаў-паляшукоў“, у якой ёсьць рэчы, па сіле і мастацтву роўныя новэлям Бокачыо. Гісторыку беларускае народнае славеснасьці кніга Сержпутоўскага даець мнагацэньнейшы, выключны па хараству і багацьцю матарб‘ял.
Этнографічны перыад нашае літэратуры, які стварылі гэтыя і многія іншыя, менш выдатныя нашы пісьменьнікі-этнографы і наагул беларусаведы, маець значаньне зьбіральнага перыаду ў нашай літэратуры. Зьбіраючы і парадкуючы матар‘ял, надта важны для нормальнага разьвіцьця пісанага слова, яны сьвядома ці несьвядома зрабілі нязрушным той грунт, на каторым расла навейшая беларуская літэратура.