Гісторыя беларускае літэратуры (1921)/III/Народніцкая пара/Я. Няслухоўскі
← Ф. Багушэвіч | Я. Няслухоўскі Падручнік Аўтар: Максім Гарэцкі 1921 год |
А. Пшчолка → |
Ян Няслухоўскі.
(1851—1897).
Яго жыцьцё. Няслухоўскі радзіўся ў Менску, у сям‘і адваката. Скончыўшы менскую гімназію, ён вучыўся ў Пецярбурзе: спачатку на матэматычным аддзеле ў унівэрсітэце, а пазьней у тэхнолëгічным інстытуце, каторы ён і скончыў у 1877 годзе. Патым Няслухоўскі служыў на Каўказе, як начальнік зялезнадарожных складаў. Прыехаўшы ў Менск, даведацца радні, быў ён спаралізаваны, але вылячыўся так, што з двумя кійкамі мог хадзіць. Пасьля ён яшчэ працаваў у тэхнічным бюро на Лібава-роменскай чыгунцы.
Яго літэратура. Няслухоўскі пісаў і папольску і пабеларуску. Некаторыя свае вершы, напісаўшы іх у ваднэй з гэтых моў, ён перакладаў патым на другую. Але і ў польскіх яго вершах апісуецца беларускае жыцьцё і чуецца душа беларуса; многа і чыста-беларускіх слоў і зваротаў мовы. Найбуйнейшае разьвіцьце яго талані прыпадаець на час між 1883-1890 г. г., але большасьць яго беларускіх твораў увідзела сьвет пазьней. Да большых прац Няслухоўскага залічаюцца „Hanusіa“, „Wіoletta“, „Andrej“. У 1898 годзе выйшаў томік яго поэзіі ў польскай мове, каторы абыймаець „Akwarelkі myślіwskіe“ і „Wіersze lіryczne“. У беларускай літэратуры пакінула сьлед яго „Вязанка“, у каторую трапілі і некаторыя вершы, зьмешчаныя ў беларускіх календарох і „Минскомъ Листкѣ“.
Вязанка—невялічкі зборнічак вершаў Няслухоўскага пад псэўданімам Янкі Лучыны. Выдаў яго ў 1903 годзе пецярбурскі гурток студэнтаў-беларусаў. Пераказуюць, быццам кніжачку гэтую, дзеля забароны беларускага друку, прыйшлося правесьці скрозь цанзуру пад відам баўгарскай; аднак, дагэтуль яшчэ ніхто ня даў аб тым пеўных вестак. „Вязанка“ складаецца з орыгінальных вершаў Няслухоўскага і з перайманьняў, запазычаньняў і перакладаў. Тут змаляваны абразкі беларускае прыроды, беларускага жыцьця, гаротнай мужыцкай долі, а таксама паказаны грамадзянскія жаданьні поэта-народніка. Тут прыемна згарманізавана лірыка сазярцацельная з лірыкай ідэйнай. Родную прыроду Няслухоўскі першы апісаў з асаблівай поэтычнай мягкасьцю, з беларускім лірызмам. Маляваньне прыроды таксама і ён ня ставіў за наўмыснае заданьне творчасьці, адылі у яго вершах, навет напісаных на соцыяльныя мотывы у сатырычным тоне („Што птушкі казалі?“), ёсьць надта прыгожыя, сьветлыя, спакойна-лірычныя абразкі роднае прыроды. Часам у яго апісаньнях чуецца і нейкі таёмны, містычны зьвязак пясьнярскага настрою з тым, што дзеецца ў прыродзе („Каршун“). У беларускім жыцьці ён вабіцца спакойным тыпам старога лясьніка, прадстаўніком аджыўшай романтычнай Беларусі. Гаротную долю беларускага сялянства ён апісуець без таго гняўлівага багушэвіцкага абурэньня, бяз той узварушлівай энэргіі, а з пакорным засмучэньнем, з маркотай, замінаючай у жыцьцёвым змаганьні („Што думаець Янка, вязучы дровы ў горад?“). Ен наракае на людзкую крыўду, на няпраўду, на няволю, але робіць гэта ў такой форме, што трудна згадаць яго рэяльныя грамадзянскія жаданьні; ня выцякаюць яны і самі па сабе з маляваньня адваротнае стараны, як у Багушэвіча. Жаданьні яго залежаць ня столькі ад соцыяльнай ці нацыянальнай сьвядомасьці, сколькі ад добрага і поэтычнага сэрца, ад агульнага протэстуючага настрою грамады, ад прыкладаў, якія даюць песьняру сьвядомыя правадыры. Жаданьні яго даволі туманныя і носяць агульны характар романтычна-народніцкага і поэтычнага настрою („Сівер“).
Апрача зьмешчаных у „Вязанцы“, Няслухоўскі напісаў яшчэ колькі беларускіх вершаў, з каторых іншыя друкаваліся, а іншыя то і дагэтуль знаходзяцца ў рукапісах у прыватных руках. З друкаваных асабліва вызначаецца яго верш „Роднай старонцы“, дзе чуецца засмучоная душа шчырага сына роднай старонкі. У гэтым вершу беларуская творчасьць Няслухоўскага дасягла свайго вышэйшага пункту. Пясьняр даў тут поўны абраз Беларусі, які жыў у яго сэрцы. Верш напісан з запраўдным натхненьнем, з глыбокім пачуцьцём і пад настроем, каторы чуваць у самай музыцы слоў. Свой сум поэт-народнік разважае гэтак: „Сонца навукі скрозь хмары цёмныя прогляне ясна над нашай ніваю, і будуць жыці дзеткі патомныя добраю доляй, доляй шчасьліваю“.
Няслухоўскі ў нашай літэратуры ідзець сьледам за Багушэвічам, з каторым ён адначасна і пісаў. Уплывы Багушэвіча ясна відаць на яго творчасьці. Аднак, поэзія Няслухоўскага бяднейшая; няма ў ёй той выразнасьці мотываў і таго багацьця фарбаў, што у Багушэвіча; дужа слабейшая соцыяльная сьвядомасьць і даволі нявыразная сьвядомасьць нацыянальна-беларуская. Быць можа, тут пашкодзіла ахвота ўславіцца ў літэратуры польскай, у каторай Няслухоўскі, аднак, неорыгінален і мала відзен, — ён толькі пераказуець там другіх, асабліва Сыракомлю. У гісторыі нашае літэратуры Няслухоўскі вызначаецца мягкасьцю поэтычных тонаў і лірычнасьцю, што так добра наагул падходзіць да беларускае поэзіі.