Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі/XIII стагодзьдзе
← XII стагодзьдзе | XIII стагодзьдзе Літаратуразнаўчая праца Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1926 год |
XIV стагодзьдзе → |
ХІІІ Стагодзьдзе.
ЖЫЦЬЦЁПІС СЬВ. МЭРКУРЫЯ СМАЛЕНСКАГА. Жыцьцёпіс гэты пісаны ў Смаленску, ў ХІІІ ст., аднак да нашых часаў дайшоў толькі ў пазьнейшых сьпісках. Адзін з такіх пазьнейшых сьпіскаў знаходзіцца ў рукапісе Сынадальнай бібліатэкі № 908; акром гэтага гл.: „Патерикъ Печерскій“ бал. 177; „Мѣсяцесловъ Кіевскій“ і „Четьи Минеи“, октября 14; „Степенная книга“, І, 235. Буслаевеъ „Смоленская легенда о св. Меркуріи и Ростовская о Петрѣ царевичѣ Ордынскомъ“ („Древне-русская литература и искуство“ СПБ, 1861), з Буслаева ўзяты і ніжэйпададзены нарыс аб сьв. Мэркурым.
Смаленская легенда аб сьв. Мэркурым належыць да найцікавейшых і найвыдатнейшых твораў стара-крыўскай літэратуры. Гэта легенда злучае ў адно поэтычнае цэлае найстарадаўнейшыя пагудкі народнага эпосу з характэрыстыкай моральнага і рэлігійнага крыўскага жыцьця да XIII ст. Твор гэты прыналежыць як пісанай літэратуры, так і народнай паэзіі і хоць захаваўся на пісьме, але ва ўсей поўнасьці выяўляе сваё першапачатнае чыста народнае паходжаньне.
Смаленская легенда дайшла да нас у некалькіх розных рэдакціях: 1) народнай, якая істотна рожніца большай свабодай фантазіі; 2) лірычнай, у царкоўных кантах і вершах, якія служаць пераходам да кніжнай пераробкі і 3) літэратурнай, якая увайшла ў Макар’еўскія „Четьи-Минеи“ і, ўрэшце, 4) самая кароткая, мабыць народнага паходжаньня, але запісаная ўжо ў пазьнейшую эпоху ў „Книгѣ глаголемой о россійскіх святых“.
Трэба адзначыць, што і народная рэдакція, якая запісана кніжнікам, мае ў сабе літэратурную сказу, і, наадварот, літэратурная рэдакція, якая зложана на грунце вустных пераказаў, мае ў сабе цікаўныя рысы да гісторыі народных пагудак. Мы адрожнюем тут народную рэдакцію ад літэратурнай паводле удзелу, ў тэй і другой, элемэнтаў народных.
Народная рэдакція, па Сынадальнаму „Цвѣтнику“ Жюлёва 1665 г. (№ 908, карта 218 і далейшыя), мае такі зьмест:
„У горадзе Смаленску жыў нехта малады чалавек — Мэркуры; быў ён богабойны і ў загадах Божых павучаўся дзень і ноч, расквітаў прыкладным жыцьцём, пастом і малітвай, і сьвяціў, як гвязда богаяўная, пасярод усяго сьвету. Быў кволы душой і сьлёзны, часта прыходзіў да крыжа госпадавага маліцца за грамаду (мір), завомы Пятроўскага Ста. А ў той час злыдны цар Батый палоніў рускую зямлю і марыў хрысьціянаў, праліваючы бязвінную кроў, як сільную ваду. І прыйшоў той цар з вялікім войскам на богазбаўчы горад Смаленск, і стануў ад яго на 30 попрышч; многа сьвятых цэркваў папаліў, і хрысьціянаў пабіў, і цьвёрда азброіўся на той горад. Людзі-ж былі ў вялікім смутку, бязвыходна прабывалі ў саборнай царкве Прачыстай Богародзіцы і ўмільна галасілі з вялікам плачам і з многімі сьлязамі да Усемагутнага Бога і да Прасьвятой Богамаці і да ўсіх сьвятых, аб захаваньні гораду таго ад усякага зла“.
„І была відзежа гараджанам. Недалёка ад гораду за Дняпро-ракой, у Пячэрскім манастыры, праслаўна явілася Прачыстая Богародзіца панамару і сказала: „О, чалавеча Божы! ідзі да таго крыжа, дзе моліцца выбранец мой Мэркуры, і скажы яму: кліча цябе Божая Маці!“ Панамар пайшоў; знайшоў яго молючыся каля крыжа, і назваў па імю: „Мэркуры!“ — А той адказаў: „Што табе, гаспадзіне мой?“ — І сказаў яму панамар: „Ідзі борзда, браце! цябе кліча Божая Маці ў Пячэрскую царкву!“ І пашоў богамудры Мэркуры ў сьвятую царкву, і ўбачыў там Прачыстую Богародзіцу на залатым пасадзе з Хрыстом у абоймах сваіх, акружаную анельскім войскам. І паў ён да ног яе з вялікай пакорай і страхам. Божая Маці падняла яго з зямлі і сказала яму: „Мэркуры, выбраньча мой! Пасылаю цябе! ідзі пасьпешна, ўчыні помсту крыві хрысьціянскай; ідзі, упакор злыднага цара Батыя і ўсё войска яго! Пасьля прыдзе да цябе чалавек, прыгожага аблічча: аддай яму ў рукі ўсю зброю сваю, і ён адсячэ табе галаву; ты-ж вазьмі яе ў руку сваю і ідзі ў свой горад; там прымеш сьмерць, і паложана будзе цела тваё ў маей царкве“. Мэркуры вельмі ўстужыў аб тым і заплакаўшы мовіў: „О Прачыстая Богародзіца, Маці Хрыста Бога нашага! Як-жа я, грэшны і худы, непатрэбны раб твой, магу быць сільны на гэткі чын! Хіба-ж недастала Табе нябесных сіл, о Валадарыца, перамагчы злыднага цара?“ Пасьля ўзяў ён ад яе благаслаўленьне, і ўвесь узброены быў і адпушчаны, і, пакланіўшыся да зямлі, выйшаў з царквы. І знайшоў там прахаробрага каня; сеў на яго і выехаў з гораду. Дасьцігшы палкоў злыднага цара, божай помаччу і Прасьвятой Богародзіцы, пабіваў ён ворагаў, забіраючы палонных хрысьціянаў і адпушчаючы іх у свой горад; і насіўся ён па палкох, як арол лётае па паветры. Злыдны-ж цар, бачучы перамогу над людзьмі сваімі, агорнуты быў страхам і жудасьцю, і хутка ўцёк ад гораду таго без пажытку, з малой дружынай. І ўцёк ён у Угры, і там быў забіты царом Сьцяпанам“.
„Тады зьявіўся Мэркурыю прыгожы ваяр. Мэркуры пакланіўся яму і аддаў ўсю сваю зброю; пасьля нахіліў сваю галаву і быў сьцяты. І, благаслаўлены, ўзяўшы галаву сваю ў адну руку, а другой вядучы каня пад уздцы, прышоў у свой горад абезгалоўлены. Людзі-ж, гледзячы на яго, дзівіліся Божаму устраеньню. І так дайшоў ён да Малогінскіх варот. Нейкая дзеўка, выйшоўшы па ваду, убачыла, як сьвяты ідзе без галавы і пачала яго непрыстойна лаяць. Ен-жа ў тых варотах лёг і чэсна аддаў душу сваю Госпаду, і конь яго зьнік з вачэй“.
„І прышоў архібіскуп таго гораду з крыжамі і з множствам народу, каб узяць чэснае цела сьвятога. І ня даўся ім сьвяты. Вялікі плач быў тады ў людзёх і прычытаньне, што не схацеў сьвяты падняцца; архібіскуп-жа быў вельмі зьдзіўлены, молючыся аб тым Госпаду. І быў да яго голас, мовячы: „О, слуга Госпаду! не смуціся гэтым! Хто паслаў яго на перамогу, той і пахавае“. І тры дні ляжаў сьвяты не пахаваны. Архібіскуп усю ноч бяз сну прабываў, молючыся Богу, каб выявіў яму гэту тайну. І гледзячы ў аконца сваё, проста да саборнай царквы бачыць ён: ясна, ў вялікай сьветласьці, як у сонечнай зарэ, вышла з царквы Прачыстая Богародзіца з Арханеламі Госпадавымі, з Міхайлам і Гаўрыелям, і, дайшоўшы да таго мейсца, дзе ляжала цела сьвятога, ўзяла яго Прачыстая Богародзіца ў палу сваю, і прынясла ў сваю саборную царкву, і палажыла на яго мейсца, дзе дагэтуль, бачаны ўсімі, творыць цуды ў славу Хрысту Богу нашаму, вохнучы як кіпарыс. Архібіскуп-жа, ўвайшоўшы раніцай у царкву, ўбачыў праслаўнае дзіва: сьвяты ўжо ляжаў на сваім мейсцы, спачываючы. Зышоўся народ, і бачучы тое дзіва, праслаўляў Господа Бога“.
Гэткая ёсьць рэдакція „народная“. Важнейшыя пункты, на якія трэба зьвярнуць у ёй увагу, ёсьць ніжэйпісаныя:
1. Мэркуры выступае тут чыста народным героям. Прынамні, ў гэтай рэдакціі няма і сьледу аб рымскім ці нямецкім яго паходжаньні.
2. Усё акружаньне героя ідэальнае. Конь чакае яго пры выхадзе з царквы, зрэшта конь гэты нязвычайны. Абезгалоўлены Мэркуры прывёў яго з бітвы ў горад, дзе ён цудоўна зьнік, стаўся нябачным. Гэты цудоўны конь прыпамінае нам дахрысьціянскае багомленьне коней, якое мае адгалосак у міце аб Сьлейпнару, каню Одына, аб каню Сьвятавіда заходных славянаў, аб вілаватым ці вешчым каню ў сэрбскім эпосе, аб Сіўцы-Бурцы — Вешчай Буланцы нашых казак і інш. Як-бы там не было, а толькі цудоўны конь Смаленскай пагудкі паказуе на жывы зьвязак яе з народным эпосам.
3. Паводле гэтай рэдакціі сьвяты герой змагаецца не з татарскім волатам, а з усім Батыявым войскам, і, што асабліва важна, — забівае Мэркурага ня сын волата, ў помсту за забойства бацькі, а нехта „чалавек прыгожага аблічча“, або, як сказана ў другім мейсцы, „прыгожы ваяр“. Мэркуры павінен быў, па загаду Богародзіцы, пакорна аддаць яму сваю зброю і, каб быць сьцятым — пахіліць перад ім галаву. Ясна, што не ад татарына, нават не ад звычайнага чалавека прыключылася яму сьмерць, але ад нейкай істоты прыгожай, ад прыгожага ваяра, якімі выабражаюцца ў старасьвецкай літэратуры анелы. Споўніўшы загад Богамаці, выпаўніўшы сваё назначэньне ў сьвецкім жыцьці, Мэркуры павінен быў у расквіце сваіх годаў пазбыцца жыцьця. Сьмерць павінна была накінуць сваю таемную павалоку на няведамыя, гэтак сама таемныя стасункі героя з сьветам цудоўнага, няземскага. Народнай фантазіі шкада было выставіць харобрага свайго магута ахвярай татарына. Ен заслужываў лепшай долі, і ўжо калі ня суджана было яму жыць, то няхай лепей самахоць і ціха аддасьць ён сваю душу ў рукі няземскай, сьвятой істоты. Зрэшта пакінута было яму жыцьцё да таго часу, пакуль ён ня дойдзе да свайго гораду. Для гісторыі народнай паэзіі, як здаецца, ня трэба упускаць з-пад увагі, што „прыгожы ваяр“, які сьцяў Мэркурага, ў тэксьце не названы анелам. Знача, гэта зьверхнатуральная істота, можа, — ня што іншае, як слабы адсьвет старэйшага, дагістарычнага міту, адгалосак якога колечы сьветлага бога паганскіх часаў.
4) Мяйсцовыя рысы відаць у тым, што Мэркуры да свайго геройскага выступу „часта хадзіў да крыжа Госпадава маліцца за грамаду („мір“), завомую „Пятроўскага Ста“, і што вярнуўшыся з бітвы, абезгалоўлены „дайшоўшы да варот Малогінскіх“ — быў сустрэчаны ў гэтых варотах дзеўкай, якая ішла па ваду і, ўбачыўшы сьвятога, пачала непрыстойна лаяць яго, — дзіўная і наіўная падробнасьць, відаць чыста народнага і мясцовага паходжаньня.
Урэшце, 5) ўся пагудка, паводле „народнай“ рэдакціі, вызначаецца прастатой, незавіласьцю і кароткасьцю, наперакор завілай і велягорнай штучнай рэдакціі. Зрэшта, як мы ўбачым далей, і гэта апошняя, літэратурная, рэдакція дае нам магчымасьць дагледзіць некатарыя новыя народныя асновы, якія часьцю увайшлі ў яе зьмест. Але, каб ясьнейшым быў нам склад яе, спярша трэба пазнаёміцца з некатарымі рысамі смаленскай легенды-пагудкі з кантаў і хваласьпеваў. Да гэтага паслужыць нам рукапіс Бібл. гр. Уварава № 681, карта 404–420.
Гэтыя пахвалы вельмі істотна рожняцца сваім зьместам ад народнай рэдакціі і ва ўсіх галоўнейшых пунктах выяўляюць гэткае зыходжаньне з рэдакціяй літэратурнай, што прост сьведчаць аб ачавістым уплыве аднаго літэратурнага твору на другі. Мабыць не літэратурная рэдакція увайшла ў аснову пахвал і разьбілася на часьці, а наадварот — аўтор гэтай редакціі карыстаўся пахваламі, прыводзячы ў сыстэму ўсё тое, што было разсыпана ў пахвалах і малітвах з многімі паўтарэньнямі і распашырэньнямі.
У карысьць гэтай дагадкі гаворыць адна характэрыстычная падробнасьць у пахвалах, ужо выкінутая ў літэратурнай рэдакціі пагудкі, як анахронізм ці незразумелае збочаньне. Хоць і гаворыцца ў кантах, што Мэркуры змагаўся з Агаранамі, с Татарамі, напр. на балоне 409: „тут перамог многа войск татарскіх“, — але шмат часьцей ворагамі Мэркурага і Смаленска называюцца тут не Татары, а Печанегі; напр, на адв. 404 б. пахваляецца Мэркуры: „яко злога богаборца цара Батыя набегшы скінуў і волата перамог і злочынных Печанегаў крэпка паразіў“; 405 адв.: „яко зьдзівілася анельскае войска, бачучы тваё крэпкае змаганьне супроць злых Печанегаў“ 412 і адв.; — „калі злы богаборац цар Батый бачыў як волата забіў і многае множства Печанегаў пабітых, і не важыўся гораду аблогу ўчыніці, і ўцёк пасаромлены ад Богародзіцы, дзіўнейшай заступніцы нашай“: 413 і адв.
Гэтае дзіўнае памяшаньне Татараў с Печанегамі адкінута ў літэратурнай рэдакціі пагудкі, якая, зрэшта ва ўсіх іншых падробнасьцях выяўляе самае поўнае зыходжаньне з гістарычнымі мяйсцамі кантаў. З гэтага відаць, што ў легендзе ўжо папраўлена тое, што было супярэчлівым у яе крыніцах.
Ведама, ў многіх здарэньнях ня трэба зьвяртаць сурьёзнай увагі на анахронізмы і памяшаньне гістарычных фактаў у старадаўныхъ помніках пісьменнасьці, так сама як і ў народнай паэзіі. Але тут памяць аб Печанегах мае немалаважнае значэньне. Ужо неадноразовае упамінаньне гэтага найменьня, і пры гэтым у хваласьпевах, адкідае ўсякае дапушчэньне аб прыпадковай памылцы або апісцы перапісчыка. Безумоўна, што так, а не йначы пеялася ў пахвалах Мэркурыю смаленскаму і Прачыстай Богародзіцы, заступніцы горада Смаленска супроць бязбожнага Батыя. Калі-б гэтае памяшаньне Татараў з другім народам ня мела ніякага грунту, то, ведама, што не с Печанегамі, а хутчэй с Полаўцамі трэ было-б чакаць гэтай прыпадковасьці — бязсэнсоўнага памяшаньня. Памяць аб Полаўцах была яшчэ сьвежай, калі ўкладаліся апавяданьні аб Татарах, тады як Печанегі даўно ужо зышлі са сцэны гістарычных падзей. Аткуль-жа маглі ўзяцца ў пахвалах Мэркураму гэткія упорныя, многаразовыя звароты да народу, здавалася-бы даўно ўжо забытага? Нашто змагаецца Мэркуры з волатам? Гісторыя народнай літэратуры дае нам многа збліжэньняў рожных падзей і эпох, па сходству ідэй ці нават некатарых падробнасьцяў у двох або некалькіх пагудках, аддзеленых адна ад другой стагодзьдзямі.
У кождым здарэньні ў „Печанегах“ смаленскай легенды захаваўся сьлед старэйшай легенды, толькі не гістарычнай, а поэтычнай.
Даўныя стасункі с Печанагамі, перадаваныя з вусн у вусны ў народных показках, жывы былі яшчэ тады, калі складалася легенда аб перамозе Мэркурым Батыя. Гэткім чынам у смаленскай легендзе-пагудцы, скрозь пазьнейшыя падзеі даходзіць да нас голас народнай пагудкі з тэй раннай эпохі, да якой прыналежаць многія баечныя апавяданьні летапісца Нэстара аб змаганьні Русі з Печанегамі.
Другая падробнасьць, унесеная ў літэратурную рэдакцію аповесьці, мабыць, такжа належыць да старадаўных эпічных народных пагудак; Гэта — сымвалічнае уасобленьне зямлі, як асобы жывой, з самой Богародзіцай. Як-бы там ня было, толькі поэтычны плач Маці-Зямлі і пачынаецца і канчаецца малебным зваротам да Богамаці. Гэта мейсца ў пахвалах Мэркурыю заслужывае асаблівай увагі для гісторыі паэзіі ў зьвязку з народнай верай. Вось яно:
„Маці Цара і Госпада славы, Маці Бога Эмануіла, Маці, якая радзіла ўсяго жывога Стварыцеля, Маці, якая радзіла Збавіцеля і Спаса душ нашых, цябе істую Богародзіцу ўсе роды выслаўляем“.
Зараз за гэтым зваротам ідзе 6-я песьня гэткага зьместу:
„Калі было злых Ізмаліцянаў вялікае паняволеньне, тады зямля ўсплакалася, як якая дзеталюбівая маці, мы-ж тады ўзрадаваліся і ўзвесяліліся, бачучы Божае міласердзе і Прачыстай Богародзіцы абарону, і мукі ваяра хрыстовага пабожна хвалім“. „Калі было ад няверных прававерным стагнаньне, вялікая маркота і крык да Госпада Бога, тады наша маці зямля жарлом (г. зн. горлам, голасам) застагнала, клічучы: Дзеці мае! дзеці мае! угнявілі Госпада свайго, а майго Стварыцеля і Бога! Мы-ж тады да Госпада Бога і да Прачыстай Богародзіцы пакорна ўсклікнулі, кажучы: заступніца наша Гаспаджа Богародзіца! збаў нас ад барбарскай навалы і злога паняволеньня. Тады зямля бачучы (гэта) заплакала, што ад пазухі яе прававерныя адрываны і пасяканы былі; тагды мы рукі ўзьняўшы са ўздыханьнем сьлёзы пралівалі, молючыся Хрысту Богу і Прачыстай яго Маці, клічучы і кажучы: Слава Табе Іісусе сыне Божы! Слава Табе, сьвятая Богародзіца, збаў нас ад агаранскага гвалту і горкага тамленьня! Калі-ж нам даравала стократнае і міласэрнае заступніцтва, Гаспаджа і Богародзіца, тады ўсклікнулі да Богародзіцы шчыра молючыся, сьлёзы праліваючы і кажучы: Прасьвятая Гаспаджа і Богародзіца! Ты збавіла род хрысьціянскі ад пякельных мук, і цяпер нас збавіла ад паганскай навалы, і злога і агіднага паняволеньня і пасячэньня! Мы-ж Цябе, Богародзіцу, сьпевамі славім і вялічаем і пакланяемся Прачыстаму Твайму абразу“.
Перш, пакуль установім літэратурнае значэньне гэтага мейсца, трэба дзеля яснасьці прыпомніць, што мастацкая форма уасобленьня зямлі, хоць і згаджаецца з народным мітолёгічным выабражэньнем: аб Маці Сырой Зямлі, але ў нашу духоўную літэратуру увайшла праз Візантыю і падтрымлівалася старахрысьціянскай літэратурай (Зраўняй „Златоструй“ у 135 слове „Плач зямлі і мора“).
Поэтычнае уасобленьне зямлі ў вачох нашых пабожных прашчураў ня толькі ня мела ў сабе нічога паганскага, але нават прыпамінала сьвятарныя выабражэньні мастацтва і літэратуры. У гэтым здарэньні, як і ў шмат якіх другіх, народныя, сваяземныя вераньні знайшлі сабе пацьверджаньне ў чужаземнай штучнай літэратуры, здаўна прынесенай да нас у перакладах. Якія-бы не былі погляды пры уасобленьні зямлі ў смаленскай легендзе, мясцовыя, крыўскія, ці візантыцкія, — у кождым здарэньні мясцовае і гістарычнае дапасаваньне іх дае ім чыста народны характар. У данным здарэньні тут разумеецца толькі Зямля Крыўская. Яна жаліцца на навалу татарскую, як на няшчасьце, робленае як бы жыхарамі не зямлі, а нейкай другой, бязбожнай планэты. Гэткае нелёгічнае звужаньне паняцьця аб зямлі, гэткае зацесьненьне паняцьця да вядомага краю, — самы звычайны сьветагляд у эпічнай паэзіі. Праўдзівая зямля — толькі тая, на якой жыве крыўскі народ, гэта — крыўская зямля; ўсё іншае, што акружае гэтае жыльлё праўдзівых людзей, праўдзівых хрысьціянаў — напоўнена воражымі, праклятымі сіламі, нягоднымі збаўленьня і засужданымі на вечную пагібель.
І вось, уасобленьне ў смаленскай легендзе, з паняцьцем зямлі, злучаеца з выабражэньнем зямлі крыўскай. Яна, — дзеталюбівая маці ўсіх прававерных, зн. крывічоў — бачучы як ад пазухі яе прававерныя вырываюцца і пасякаюцца, застагнала і клікнула: „О, дзеці мае! загнявілі вы Госпада свайго, а майго Стварыцёля і Бога“. Але, калі так смуцілася зямля — і прававерныя зьвярталіся з удзячнай малітвай да Богародзіцы і яе справядліўца Мэркурага аб ратаваньні горада Смаленска і ўсей зямлі Крыўскай, то ў гэтым урочыстым лірызме сьпеву, жыва чуецца, як „Маці-Сыра-Зямля“, гэта — Маці ўсіх людзей, пакорна перадае сваё заступніцтва Маці Нябеснай.
Плач і тамленьне зямлі ад навалы татарскай шчырасьцю і сьвежасьцю лірызму, прымушае думаць, што гістарычныя асновы смаленскай легенды злажыліся ў эпоху змаганьня з татарамі. Калі народная рэдакція смаленскай легенды пераносіць нас у дагістарычныя часы народнага эпосу, і калі Печанегі, што ўпамінаюцца у пахвалах, паказуюць на сляды яшчэ старэйшых пагудак, — то плач Крыўскай зямлі, аб гібелі прававерных, ёсьць адзін з найдаражэйшых помнікаў нашай паэзіі.
Цяпер зьвернемся да другіх падробнасьцяў у пахвале Мэркураму. Усе пахвалы, як вышэй заўважана, увайшлі ў літэратурную рэдакцію легенды выключаючы дзьве, аб якіх мова будзе ніжэй.
Народная рэдакція нічога ня ведае аб паходжаньні магута, ці прынамні не гаворучы аб гэтым — лічыць Мэркурага Крывічом. Але ў пахвалах ён называецца ўжо Рымлянінам: „Рым пакінуўшы, да нас прыйшоў ты; багацьце рымскае пакінуў і прыняў багацьце на нябёсах і цяпер з анелемі пасяліўся“… „Рымскае княжэньне і славу марную за нішто палічыўшы, пакінуў княжэньне, і прыняў царства нябеснае і цяпер жывеш з асобамі анельскімі“… „Рымскіх бацькоў сваіх пагардзіў, адзін зажадаўшы за веру Хрыстову кроў сваю праліці і за прававерных, веручых у Госпада, і дзеля гэтага весялішся ў сёлах нябесных“… „Рымлянін родам будучы, але верай праўдзівай аслонены, а не палуверьем хворы; хітрага ваяра застыдзіў, волата з сынам пабіў, і вянечнік Хрыстоў явіўся і да славы радаснай далучыўся: дзеля гэтага сьвятарную яго памяць сьвяткуем цяпер“.
У пахвалах гаворыцца аб узросьце героя: „малады целам, сьвяты душою, вераю пабожны, па добрачэсьлівасьці паборнік, за прававерніцтва мучанік“.
Падробнасьці самой легенды перадаюцца гэткім чынам:
„Пачнем датыкаці духоўнай бясёды, мукі ўспомнім справядліўца і мучаніка Хрыстовага Мэркурага, калі агідны і богапраціўны цар Батый напаў на горад наш з многім множствам барбараў, хочучы горад наш спустошыць, а нас загубіць; але Богам і Прасьвятой яго Мацяю і мукамі справядліўца, ваяра Хрыстовага, уратаваны быў горад і людзі. З прасьвяды Сьвятой Богародзіцы, прыйшоў сьвяты ў Богародзіцкую царкву і знайшоў сьвячу гарашчую перад самой іконай Гаспаджы Богародзіцы; ад яе вышаў голас панамару, і паўшы сьвяты перад абразом цудоўным, пачаў маліцца: „Гаспаджа Богародзіца! будзь памочніцай на супраціўных гэтых. І такжа голас быў іконы Прасьвятой Богародзіцы і была відзежа сьвятому, мейсца бязбожных знаходжаньня, і паслала перамагчы іх сілай Хрыстовай. Ад цудоўнай іконы Прачыстай Богародзіцы быў голас мовячый: слуга мой Мэркуры! ідзі злачыннага Батыя і ізмаіліцкіх людзей агразі; нявольных звольні дарам Хрыстовым; дом мой і горад і людзей бязбеднымі ўчыні. Ад прачыстага і цудоўнага абраза Прасьвятой Богародзіцы быў голас прадобраму ваяру Хрыстоваму: Слуга мой Мэркуры! ідзі і забі сільнага волата, злачыннага цара Батыя і паганых Агаранаў пражані; Божай прасьвядай людзі і горад ад іх уратуюцца. Прачыстая Гаспаджа і Богародзіца! руплівая наша заступніца! крэпкая дзяржава, непераможны ваявода гораду нашага, маючы ў сваім горадзе гэтага ваяра і справядліўца свайго Мэркурага, і так сьвятога пасылала агразіць і перамагчы злаверных і прагнаць ад аблічча нашага“… Калі прайшоў сьвяты гарадзкія вароты і сьцены безперашкодна (ў арыгінале: „бещука“, без „ущука“) і дайшоў злоіменнага цара Батыя, ўжахнуўся і немаччу абложанага сільнага волата перамог, а іншых ізмаіліцкіх людзей мячу аддаў, і астаўшыя кінуліся на ўцёкі; і вярнуўся сьвяты да сьветлага вянца радуючыся“… „Прышоўшы сьвяты на месца, дзе сказала сьвятая Богародзіца, і тут перамог многа войск татарскіх, і астаўшыяся барбары разьярыліся сэрцамі і разгарэліся марнадумнымі душамі на богахоўны горад Смаленск. І бачылі жанку правялікую і прасьветлую, сонцападобную, з множствам войск нябесных, і спужаўшыся, скора ўцяклі ад на“.
Аб забіцьці сьвятога ў адным мейсцы сказана глуха:
„Калі злыя Агаране адсеклі галаву сьвятому Мэркурыю, і ўзяў яе сам сьвяты і прынёс у горад, перад усімі людзьмі гаварыла і пяяла галава, як адбывалася перамога і якое ад Богародзіцы заступніцтва і сьвятому ад яе дапамога“.
Але ў другім мейсцы больш акрэсьлена:
„Сканчаўся сьвяты ад волата; Мэркурыю мячам усечана галава“.
З пададзеных выпісак відаць, што песьні гэты былі ўложены ў Смаленску, які дзеля гэтага і называецца заўсёды: наш горад. Што датыча да часу, калі складаліся гэтыя пахвалы ў іх даканчальным выглядзе, то трэба аднясьці іх да першай палавіны ХVІ ст. У гэтым-жа часе была ўложана і літэратурная рэдакція смаленскай легенды, якая увайшла ў Макар’еўскія „Четьи Минеи.“ Аб гэтым сьведчаць наступныя мейсцы літэратурнай рэдакціі: „… усходнай старане было вялікае радаваньне усей расійскай зямлі самадержцу гасудару нашаму цару вялікаму князю“. — „І цяпер сьвяты выпрасі цару і гасудару нашаму вялікаму князю здароўе і на супастатаў перамогу“.
Што да зьместу, дык літэратурная рэдакція рожніцца ад пахвальных вершаў у трох пунктах:
1) прапушчана вестка аб Печанегах;
2) прапушчана апавяданьне аб уцяканьні Батыя ў Угры;
3) дададзена аб забойстве Мэркурага сынам паваленага ім волата.
Зрэшта, апошні пункт, які не ўвайшоў ні ў народную рэдакцію, ні ў хваласьпевы, здаецца, ня цьвёрда быў яшчэ устаноўлены, калі смаленская легенда была ўнесена ў Макарьеўскую Чэцью-Мінэю; дзеля гэтага аб забойцы Мэркурага ў ёй сказана глуха: „варварын лют или сын того исполина“. Але пасьля гэта неакрэсьленнасьць была заўважана і папраўлена; па сьпіску ХVІІ ст. разьдзяляючы злуч „или“ выкінуты, і забойства прыпісана „лютому варвару, сыну исполина“.
Разгледзіўшы галоўныя матывы смаленскай легенды аб Мэркурым, ў выніку спробуем даць вывады.
1) У аснове смаленскай легенды захаваўся найдаўнейшы народны міт аб маладым веснавым сонцу, якое ў постаці ярага грамавіка пабівае агіднага волата — духа цемры і холаду. Калі-ж пад уплывам новай хрысьціянскай веры даўныя багі пачалі замяняцца ў людзей, то мясцовы міт прыбраў рысы націянальнага героя, і яго дзеяньні былі зьвязаны з даўнымі, але яшчэ памятнымі народу змаганьнямі з Полаўцамі. Як ведама, Смаленская зямля ня была паярэмлена Татарамі, — і гэтае апошняе здарэньне само-сабой было народам прыпісана сьвятому Мэркураму. Згэтуль атрымалася памяшаньне ў хваласьпевах Полаўцаў і Татараў. Дамешка ў гэту гісторыю Ізмаіліцян і Агаран паказуе на тое, што сьпевы і нават т. з. народная легенда, прайшлі праз рукі кніжнікаў і былі перанесены духавенствам на грунт хрысьціянскі. Літэратурная рэдакція, ўнесеная ў Чэцьі-Мінэі, апрацавана была пасьля заваяваньня Смаленска Масквой, знача — пасьля утраты Смаленскам свае незалежнасьці. Націянальны міт заваяванай зямлі, заваёўнікі зрабілі спробу анэктаваць, пераносячы яго цалком на грунт змаганьня паярэмлянай Русі з Татарамі. Гэткую, меней-болей, эволюцію прайшоў смаленскі міт (аб Ярым Пяруну, пабіваючым Кашчу зімы і халадоў) у сваім гістарычным паходзе, ад часоў глыбокай паганшчыны да хрысьціянства, і, ўрэшце — да часаў утраты Смаленскам свае незалежнасьці.
2) Смаленская легенда аб Мэркурым носіць глыбока націянальныя рысы: гэта — герой выключна Крыўскай зямлі, які дбае выключна аб сваім горадзе і сваім народзе прававерным, ў стасунку да якога ўсе акружаючыя яго зьяўляюцца нявернымі, барбарскімі. Сьвяты Мэркуры, паводле легенды, зьяўляецца няўсыпным старожам свае зямлі. На яго гробе смаленцы пераховывалі яго зброю і копье, якія служылі націянальнымі рэгаліямі, бо іх надзявалі на вянчаных крэўскіх князёў ня толькі Смаленскіх, але і Полацкіх, дзеля якой мэты ў важнейшых крыўскіх цэнтрах у мясцовых сьвятынях пераховываліся, як нацыянальная рэліквіі часьці зброі сьв. Мэркурага.[1] Вера ў тое, што націянальны крыўскі герой уставаў з гробу, ўзбраіваўся ў сваю зброю, садзіўся на вешчага каня выступаў у кождай вайсковай патрэбе краю, падсунула мысль Крывічом выабражаць сьв. Мэркурага на дзяржаўных пячатках і дзяржаўных сьцягах. І, запраўды, на ўсіх княжых пячацях часоў дзяржаўняй самаістасьці крыўскіх зямель, мы бачым два выабражэньні: Богародзіцу з аднэй стараны і сьв. Мэркурага на белым кані з другой стараны.
Што датыча імя героя — Мэркуры, — то яно праўдападобна падменена ў хрысьціянскія часы, такжа, як у зах. славянаў, дзе замест паганскага Сьвятавіда, атрымаўся сьвяты Віт. Аснова м р у імені Ільі Мурамца і Мэркурага дае падставу думаць, што абодвы гэты імёны маскуюць сабой з падобнай-жа асновай паганскае імя, ці эпітэт бога Грамавіка. Імя Мурамца — Ільля дае просты на гэта паказ, бо ўсе атрыбуты Пяруна, як ведама, народ пад уплывам духавенства перанёс на сьв. Ільлю. У Кіяўскім Пячэрскім манастыры між іншымі грабніцамі сьвятых і слаўных людзей, як ведама, істнавала і грабніца „блажэннага“ Мурамскага ваяра Ільлі. Раннае заваяваньне Кіява варагамі прычынілася да ператварэньня мітычнай постаці Украінскага героя Ільлі ў княжага слугу, і, наадварот, сэпэратыстычны (а пазьней, па доўгім змаганьні, цалком незалежны) Смаленск з мітычнай постаці мясцовага магута вытварыў ідэальную постаць націянальнага героя, а з часам, згодна з духам часу, — націянальнага сьвятога.
Што датыча сьцяцьця Мэркурага сьветлай нябеснай постацьцю, то абясьненьне гэтага эпізоду знаходзім у быліннай аповесьці аб тым, як перавяліся магуты на Русі. Пры пераходзе ад стараславянскай мітолёгіі да хрысьціянскай, старыя багі павінны былі замерці, бо мейсца іх заступалі новыя, хрысьціянскія сьвятыя. І гэты пераход ад аднэй да другой эпохі славянская быліна прадставіла ў той спосаб, што не зямная сіла, якую яны-ж самі выклікалі на бой перамагла старых магутаў. Супроць сямёх славянскіх магутаў зьявілася двое „сілы нетутэйшай“ і што магуты перасякуць іх папалам то становіцца іх удвая болей, і ўсе жывы. Урэшце атрымалася з дваіх, сіла незлічоная:
Спужаліся магуты харобрыя |
З ліку старых магутаў не скамянеў адзіна сьв. Мэркуры, дзякуючы заступніцтву Богародзіцы і апякаваўшамуся гэтым мітам духавенству. Хоць і прыняў ён сьмерць нараўне з іншымі старымі магутамі з рук „сілы нетутэйшай“, але прыняў яе, як прававерны хрысьціянін, за хрысьціянаў і быў самой Богародзіцай перанесены ў царкву і паложаны ў грабніцу.
Да цыклю легенд аб сьв. Мэркурым цесна прымыкае другая смаленская легенда з ХІ ст.: „Аб дзевах смаленскіх, яко ігры тварылі“ (гл. балону 20).
З усяго вышэйсказанага відаць, што смаленская легенда, як націянальна-літэратурны помнік, ня толькі ня ўступае вялікім націянальным эпічным творам заходнай Эўропы, але глыбокай зьлітнасьцю, сваей з крыўскім народам, шмат якія з іх перавышае.
ЖЫЦЬЦЁПІС АЎРААМІЯ СМАЛЕНСКАГА, ПІСАНЫ У СМАЛЕНСКУ ВУЧНЯМ ЯГО ЕФРЭМАМ, НЕЗАДОЎГА ПАСЬЛЯ СЬМЕРЦІ АЎРААМІЯ († 1221 г.) Жыцьцёпіс Аўраамія Смаленекага гэта — простае і праўдзівае апавяданьне аб пабожным і высокаадукаваным мніху, здольным і красамоўным прапаведніку, пісьменніку і іконапісцу, які многа выцярпеў прасьледаваньняў ад цёмнага духавенства, каторае не разумела высокакультурных імкненьняў Аўраамія і заздросьціла яго папулярнасьці народзе.
Асабліва цікава тое, што просты народ, мяшчане, баяры і сам князь былі на старане Аўраамія, ў той час, як духавенства яго прасьледавала, вінавацячы, што ён гэрэтык, чарнакніжнік і фальшывы прарок: „ён увесь горад навярнуў да сябе“, і „уже наши дѣти вся обратилъ есть“. Закідалі Аўраамію, што ён чытае нейкія „Глубинныя книгы“, праўдападобна апокрыфічныя.
Ефрэм апавядае аб Аўраамію, што ён быў умелым пісцом кніг, што многа чытаў, між іншым — Сійскі патэрыкон і Златую Чэпь Яна Златавустага.
Заканчывае Ефрэм жыцьцёпіс пахвалой Аўраамію, ў якой гучаць ноткі гарачага патрыатызму да свайго роднага гораду Смаленска:
„Нынѣ преподобнаго и блаженнаго отца Авраамія успенія память празднуемъ и радующеся ликоствуемъ. Радуйся градѣ твердъ, набдимъ и хранимъ десницею Вседержителя. Радуйся, Пречистая Дѣво, Мати Божія, иже град Смоленскъ всегда свѣтло радуется о тебѣ, хвалитсе тобою, избавляемъ отъ всякыя бѣды. Радуйся градѣ Смоленскъ отъ всѣхъ находяшихъ золъ избавляемъ молитвами Пресвятыа Богородица и всѣхъ святыхъ сил“…
Жыцьцёпіс Аўраамія надрукаваны ў „Прологу“ і „Чет. Мин." пад датай 21 жніўня, а такжа — ў „Истор. Росс. Іерарх.“, ІІІ, б. 65; „Истор. Русск. церкви“ еп. Макарія. Т. ІІІ, бал. 47; у Буслаева, „Древне-руск. народ. лит. и искуст.“ СПБ. 1861.
УГОДЧАЯ ГРАМАТА ПОЛАЦКА З НЕМЦАМІ 1200 ГОДУ. Гэту грамату ў ліку загінуўшых падае І. Срезневскій („Славяно-русская палеографія“ СПБ. 1884, б. 168).
Усходныя пабярэжжы Балтыцкага моря здавён-даўна былі вядомы Норманам. Сагі перапоўнены апавяданьнямі аб таргоўлі з Гардарыкам (Усх. Славяншчынай) і Гольмгардам (Ноўгарадам). Старая готляндзкая сага дае пэўнае сьведчаньне, што адважныя готляндзкія маракі езьдзілі ў Візантыю па Дзьвіне. „Гуто-сага“ апавядае, што „Гутляндзію“ адкрыў Тьельвар (Thielwar); у сына яго, Кафті, былі тры сыны, з якіх размножыўся народ на Готляндзе, так што зямля не магла пракарміць усіх. Яны кінулі берці: ісьці з зямлі кождаму трэцьцяму чалавеку. Адправіліся на Авечы востраў (Far-оу). Але і тут не маглі пракарміцца, а дзеля гэтага адправіліся на востраў каля Айстляндзіі (Aistland — Эсція), які называўся Даго (Dagaiti), і там пасяліліся, але і там ім стала цесна. „Тады яны паехалі ўверх па вадзе, якая называецца Дзьвіна (Dyna), і далей праз Рызалянд (Ryzaland — Русь); так далёка ехалі яны, што прыбылі ў Грыкляндзію (Grikland — Грэція); тут прасіліся яны ў грэцкага конунга пасяліцца („Историческій Вѣстникъ“, 1875 г. № 3 і 1885 г. апрѣль).
Другая сага „Krisnisaga“ апавядае: „Торвальд, сын Кодрана, і Стэфнер сын Торгільса, былі ў зямлі Іерузалімскай (Jorsaloheim), пасьля у Константынопалі (Miklagardas), а ўрэшце ськіраваліся праз усходныя краіны па рацэ Дняпру (Nepr) у Кіяў (Koenogards). Каля Полацка (Palltesksiu), Торвальд памер і быў пахаваны на высокай гарэ „Drafne“, каля царквы сьв. Іана.
Усходныя славяне, а перадусім Крывічы з найдаўнейшых часаў шырока карысталіся шляхам па Дзьвіне для праезду на Захад. Крывічы езьдзілі па Балтыцкаму пабярэжжу і на востраў Готлянд. Востраў Готлянд „вока Усходнага мора“ ляжыць пасярод Балтыцкага мора, паміж Швэдзіяй і Латвійскім узбярэжжам. Заснаваны ў VIII ст. на Готляндзе горад Вісбі, ў якім пасьля было да 200.000 жыхароў, быў асяродкам абшырнай таргоўлі Захаду з Усходам. Сюды пераважна і высылаліся тавары з крыўскіх зямель з гарадоў Ноўгарада, Смаленска, Вітабска і Полацка. Сюды прыбывалі і нямецкія купцы. Урэшце, нямецкія купцы пастанавілі завязаць беспасярэдныя стасункі з народамі, якія жылі па ўсходным узбярэжжы Балтыцкага мора. Выпраўлены імі карабель бурай прыбіла ў Рыжскую затоку. Купцы прайшлі шэсьць міль у глыб краю і пабудавалі на гарэ гарадок для басьпечнасьці таргоўлі. Гэты гарадок быў названы Ікскулям.
Гэткім чынам нямецкія купцы прыпадкова адкрылі усьця Дзьвіны; да таго часу яны зусім не зналі гэтых мейсц, так добра вядомых скандынаўцам. Гэтае здарэньне мела вельмі важныя вынікі.
Прыбыцьцё Немцаў да усьцяў Дзьвіны „Рытмаваная Кроніка“ (Reimchronik) адносіць на палавіну ХІІ ст. (раней 1143 году): большасьць гісторыкаў думае, што гэта былі брэмэнскія купцы.
Немцы спярша ня мелі ніякіх заваёўніцкіх мэт, але хутка сталася рэзкая перамена.
Трэба думаць, што нямецкія купцы прыязджалі з таварамі вясной, таргавалі ўсё лета і восеньню вярталіся назад. Разам з купцамі прыбыў неўзабаве сюды:
„пашаны годны і пасівеўшы ў пабожнасьці муж, бездаганны сьвятар, па імю Мэйнгард, які распаліў слова Божае сярод паганскага народу“.
Пропаведзь Мэйнгарда пачалася ў 1186 годзе; да гэтага-ж часу адносяць і пабудаваньне царквы ў Ікскулі (1184–1185).
Мэйнгард умела павёў сваю справу. Перш за ўсё ён пастараўся атрымаць пазваленьне на прапаведываньне хрысьціянства сарод Ліваў, ад полацкага князя Валадзімера, якому Лівы ў тыя часы плацілі дань. Кроніка Гэнрыка Латыша даслоўна так апавядае аб гэтым:
„Мэйнгард атрымаўшы пазваленьне ад полацкага князя Валадзімера ў якога Лівонцы (Liv), былі ў падданстве і прыняўшы ад яго дары, сьмела прыступіў да Божай справы“…
Пропаведзь Мэйнгарда ўсьціжна шырылася, так што брэмэнскі архібіскуп пасьвяціў яго ў біскупы. Каб утрымаць у паслушнасьці новахрышчоных Лівонцаў, Мэйнгард зьвярнуўся да папежа, які апавесьціў крыжовы паход на Ліваў.
Мэйнгард хутка памер. Наступнік яго, біскуп Бэртгольд, быў забіты ў хуткім часе пасьля прыезду ў Лівонію. Яго наступнікам быў Альбэрт, чалавек шырокага розуму, энэргічны і далёкабачлівы. Бачучы, што бытнасьць біскупаў у Ікскулі, дзеля адлегласьці ад мора — небаспечна, Альбэрт выбраў у 14 вярстах ад мора мейсца, якое Лівы называлі Рыгай, і тут, вясной 1201 году залажыў горад; новы горад быў названы Рыгай.
У 1203 годзе залажыўся вайскова-мнішскі ордэн „Брацьцяў Ваяроў Хрыстовых“ (Frter militiae Christi), ведамы пазьней пад назовай Лівонскага ордэну або Крыжакаў; азнакай іх быў чырвоны крыж і меч на белым плашчы. Ужо да 1207 годзе крыжакамі былі заваяваны ўсе лівонскія землі, а ў хуткім часе такжа землі латышскія і эстонскія.
Першую вядомасьць аб таргоўлі рыжскіх Немцаў з Крывічамі знаходзім у тэйжа крыніцы Гэнрыка Латыша. У год заснаваньня Рыгі адзін купец плыў уніз па Дзьвіне, хочучы праплыць паміма Рыгі, але тут быў затрыманы Немцамі і забіты разам з корнікам, пасьля чаго рэшта людзей на вадаплаве павінна была вярнуцца назад. (А. Сапуновъ „Рѣка Западная Двина“ Вітабск, 1893 б.б. 264–269).
УМОВА ПОЛАЦКА З РЫГАЙ 1210 Г. Аб гэтай грамаце знаходзім у летапісца Гэнрыка Латыша гэткія падробнасьці:
„У той час царква лівонская была прыгнечана рускімі і літоўскімі плямёнамі, якія імкнуліся яе зьнішчыць; а дзеля гэтага Рыжане пастанавілі паслаць да полацкага князя даведацца ці няможна будзе заключыць угоду на якіх колечы варунках; з гэтай мэтай быў пасланы Рудальфъ Эрых з некалькімі другімі асобамі."
Але што гэтае пасольства не дасьцігла Полацка (па дарозе яно было ўцягнута ў бітву з Эстамі, каля Вэндэна), — то
„пасланы быў Арнольд, брат войска Хрыстовага (рыцар), да полацкага князя дзеля таго, каб гэты апошні заключыў мір і адкрыў рыжскім купцом вольны шлях у сваю зямлю. Князь прыняў іх ветла, хоць не без тайнай хітрасьці; разам з імі ён паслаў Лудольфа са Смаленска, мужа паважнага і вельмі багатага; яны разам прыйшлі ў Рыгу і вылажылі варункі князя, якія падабаліся рыжанам; тады паміж князям і Рыгай быў заключаны вечны мір, але з тым варункам, што Лівы, або замест іх біскуп, павінны даваць дань князю полацкаму; і ўсе узрадаваліся, тым больш, што цяпер стала магчымым ваяваць з Эстамі і другімі суседнімі плямёнамі."
У гэтай першай умове крыўскіх гарадоў з Рыгай, паводле ўсякай праўдападобнасьці прыймаў удзел і Вітабск, мяркуючы з яго заўсёднай блізкай сувязі з Полацкам, а такжа і Смаленск; на удзел апошняга паказуе спомнены вышэй купец Лудольф са Смаленска. Праўдападобна ён атрымаў поўнамоччы ад князя Мсціслава Раманавіча, які ў той час быў князям у Смаленску (1197–1212 г.).
УГОДЧАЯ ГРАМАТА КРЫВІЧОЎ З НЕМЦАМІ 1214 Г. Срезневскій („Славяно-руская палеографія“ СПБ. 1884, б. 168) упамінае ў ліку загінуўшых і прыпісуе яе смаленскаму князю Мсціславу Раманавічу. Мсціслаў Раманавіч княжыў з 1197 да 1212 г. у Смаленску; дык заключэньне гэтай граматы ня можа быць прыпісана Мсціславу Раманавічу.
Гэнрык Латыш падае гэткія падробнасьці з падзей, якія маглі прыпадаць на 1212–1214 годы. Полацкі князь праз два гады пасьля заключэньня з Немцамі умовы 1210 году назначыў Рыжскаму біскупу пабачаньне каля Гэрцыка. Князь пачаў горача пераконываць і пагражаць біскупу, каб ён пакінуў пропаведзь і хрышчэньне Ліваў, яго падданых, якіх ён, князь, волен хрысьціць ці пакінуць саўсім не хрышчонымі: бо — заўважае кронікар — крыўскія князі ня маюць звычаю навяртаць у хрысьціянства, а толькі зьбіраюць з іх дань. На гэта біскуп адказаў, што ён ня можа адмовіцца ад абавязку, узложанага на яго сьв. айцом папежам; Валадзімер разгневаўся, — і ледзь не дайшло да стычкі людзей, якія былі ў почце князя і біскупа. Але пасьля пагадзіліся на гэткіх варунках: полацкі князь адмовіўся ад сваіх вярхоўных правоў на Лівонію, а супроць Літвіноў і другіх паганаў заключыў з біскупам сувязь; што датыча купцоў, то, па даўнаму, Дзьвіна апавешчана вольнай для іх плаваньня.
Але ў 1216 годзе Валадзімер Полацкі ізноў пасварыўся з Рыгай і сабраўшы вялікае войска з Крывічоў і Літвы, хацеў ужо плысьці на аблогу Рыгі, ды ўходзячы ў вадаплаў, неспадзеўна памер (Сапуновъ „Западная Двина“).
Угода ў Герцыку праўдападобна была заключана ня толькі ад Полацка, але і ад Смаленска, гэтым можна вытлумачыць прыпісываньне яе Смаленскаму князю Мсціславу Раманавічу.
УМОВА СМАЛЕНСКА І ПОЛАЦКА З РЫГАЙ 1223 Г. Ведамку аб гэтай умове знаходзім у Гэнрыка Латыша; ўслед за апісаньнем бітвы на рацэ Калцы, ў летапісі сказана:
„князь Смаленскі, Полацкі і другія рускія князі паслалі паслоў у Рыгу просячы аб заключэньні міру, які і быў адбудаваны ва ўсіх артыкулах, як ён істнаваў здаўна.“
(А. Сапуновъ „Рѣка Западная Двина. Историко-географическій обзоръ“, Вітабск, 1893, б. 271).
СЬПІСКІ СМАЛЕНСКАЙ УМОВЫ З НЕМЦАМІ 1229 ГОДУ, Т. ЗВ. „СМАЛЕНСКАЙ ТАРГОВАЙ ПРАЎДЫ“. Біскуп Альбэрт памер у 1229 годзе, 17 студня. У гэтым-жа годзе паміж Смаленскам і Рыгай пачаліся мірныя перагаворы. Смаленскі князь Мсціслаў Давыдавіч паслаў у Рыгу свайго „лепшага мужа Ерамея і разумнага мужа Панцялея“ каб заключыць тарговую умову; пасрэдніцтва ў гэтай справе ўзялі на сябе рыцар Раульф з Кассэля і нямецкі купец Тумаш са Смаленска. З Рыгі пасольства паехала на Готлянд дзеля нарады з агульным нямецкім купецтвам, дзе і была ўложана першапачатная рэдакція умовы. Вярнуўшыся ў Рыгу напісалі другую, аканчальную рэдакцію умовы, якая і была пацьверджана.
Захавалася сем зкзэмпл. гэтай „Тарговай Праўды“, зн. — тарговага статуту. Пасьля папярэдняй навуковай распрацоўкі іх, яны падзелены на дзьве рэдакціі, з якіх адна, мяркуючы з многіх высловаў і зваротаў, можа лічыцца перакладам з нямецкага, а другая — з лацінскага іставіка. Пытаньне аб паходжаньні двох іставікоў у лацінскай і нямецкай мове знаходзіць праўдападобнае дапушчэньне, што і нямецкі тэкст быў перакладам з лацінскага. З сямі адзінцоў гэтага дакуманту найбольшай даўнасьцю мовы вырожніваецца сьпісак, які Срезневскі стаўляе першым (з пячацьцю кн. Ѳеодора) з ліку двох, разгляданых ім.
Першы са сьпіскаў пісаны на вельмі вялікім аркушы пэргаміну ў адну гранку, вельмі шырокую, так што на аднэй балоне ўпісана 79 радоў, а на другой, адваротнай — 23 рады, ўсяго — 102 рады. Да гэтай граматы прывязаны дзьве пячаці, выбітыя на сярэбраных бляшках. На аднэй пячаці з аднэй стараны выбіта выабражэньне льва, а з другой стараны пяць радоў напісу:
велі│кого│княз│ѳедо│печат.
На другой пячаці з аднэй стараны словы:
пча│прьѳ;
а з другой:
влдк│(с)молен│(с)ко.
Другі сьпісак напісаны такжа на вельмі вялікім аркушы пергаміну ў дзьве гранкі: на першым — 70 радоў, на другім — 81, а на адвароце — 7 радоў. На захаванай аднэй пячаці (на сярэбранай бляшцы) з абодвых старон выабражэньне нейкага чалавека і літар: ЕВ │ ѢК.
Час напісаньня азначаны гэткім чынам.
У першым сьпіску:
Коли ся грамота псана и(с)шл был от Рожства Гня до сего лѣта А лѣ(т) и С лѣ(т) и И лѣ(т) и К.
У другім сьпіску:
А си грамота писана бы(с) от распятья было А лѣ(т) и С лѣ(т) и Л лѣ(т) без лѣта.
Абодвы сьпіскі пісаны адзінай вялічыні даволі буйным нявычурным уставам, першы — больш разьдзелены па літарах, а другі — больш сьцісла.
У абодвых сьпісках мова народная, крыўская.
Вось пачатак першага сьпіску:
„Что ся дѣетѣ по вѣремьнем. то отидето по вѣрьмьнемь. приказано боудѣте добрым людѣм. а любо грамотою оутвѣрдять. Како то боудѣте всем вѣдом. или кто посль живыи останеться. того лѣ(т)коли Алъбрахт влдка Ризкий оумьрлъ. Уздоумалъ князѣ Смольнескый Мьстислав. Двдвъ снъ. прислал въ Ригоу своего лоучьшего попа (і)еремея. и с нимь оумна моужа Пантелья. из своего горда Смольнеска та два была послъмь оу Ризе. из Ригы ехали на Гочкыи берьго. тамо твердити мир. оутвердили миръ что былъ не мирно промьжю Смольньска и Ригы. и Готскымь берьгомь“…
Перш за ўсё кідаецца ў вочы ў гэтай грамаце стаўляньне Ѣ і Е адно замест другога: оутвњрдять, остан/ться, всем і інш.
Гэты правопіс дапускаў безразрожлівасьць ва ўжываньні ь, е, г», і ъ, о.
Мы тут бачым, што: е і /» вельмі часта ўжываюцца адно замест другога: боудьте, вьремьнемь, останіьться, Смольнеске — і ехали, Ризе, березі, Немчину.
Замест ь стаіць е: боудѣте, оумрете, поуте, Тоумаше, Латинескому, Готескомь, доконечано.
Замест ь стаіць »: дѣет/», свободныи, языкомі, князі».
Замест е стаіць ь: вѣрьмьнемь, іерьмея, Пантелья, берьго, берьгомь, серьбра, пьрьпрети.
Замест ць стаіць ь: посль, мьсто, старость оу Смольнескь.
Замест ъ стаіць о: отидето, берьго, миро, дълго, Ролфо, оустоко.
Замест о стаіць ъ: вѣдомъ, дъ вѣка, дъбрии, голъвоу, нъга, холъпъ, хълопоу, съръмъ, женъю.
Калі можна было зьмешываць на пісьме ь з е, з» і ъ з о, то знача і самыя гукі, імі выабражаныя, зьмешываліся пры вымаўляньні, г. зн., — што ь і ъ вымаўляліся як галосныя згукі: ь — сходна з е, и», а ъ — з о.
Рэзка адрожнены ь і ъ (е, /» і о) але ёсьць ужо здарэньні зьмешываньня, замены аднаго другім у процілегласьць старадаўнаму ўжываньню: отидето замест славянск. отъидеть, Смольнѣскь, замест Смольньскъ.
Такжа рэзка адрожнены е і и, о і ы, але і тут ёсьць здарэньні зьмешыванья: Іеремея, Пантелья, оу Роусе, соудияміе, людьи, — разам з тым: людии, днии, Божии, — і заўсёды ў прыметніках ыи: живыи, свободѣныи, которыи, правыи.
Зьмешываліся и з ы: Ризкии, княгини, Ризѣскими, хоць, зрэшта, часьцей: Смольнескыи, Гочкыи, Готскым, Латинескым, всякыи, Ригы, порукы, погынеть.
Побач правільнага зьмякчэньня сугалосных: оу Ризь, березь, берьзь, послуси, Волоць, бываюць і неправільныя пераходы: моужа, бирица, Смолѣнеске.
З ліку другіх здарэньняў ужываньня сугалосных трэба адзначыць заўсёднае утрыманьне лъ у канчарох дзеясловаў мінулага часу там, дзе гэты гук пазьней занік у крыўскай мове: оумьрлъ, нальзлъ, потоплъ, перевьзлъ і інш. Між іншым, гэта асобнасьць, мабыць, узята з кніжнай мовы.
Разглядаючы мову граматы ў стасунку да скланеньня імён і зьмены дзеясловаў, — бачым, што хоць даўныя формы мовы ў ёй ужо ня ўсе поўнасьцю захаваны, але праяўляюцца ўсё-ж такі ў даволі чысьленым ліку.
Гэтак, ужываньне падвойнага ліку можна было бачыць і ў вышэй пададзеным адрыўку: та два была послъмь оу Ризѣ; Роусиноу не оупирати Латинина однемь послоухомь, аже боудѣтѣ двою послоухоу, единого Немчича, а другого Роусина; Латинескому дати от двою капию въску вѣс цю коуна Смольнеская; — та два был'а исъ Жата; — та два была из Мюньстьря і інш.
У склонах адзіночнага ліку, акром адзначанага ўжо мякчэньня сугалосных (г. к. х.) перад г» і и, можна заўважыць яшчэ родны і вінавальны жаночыя: родны на е замест царноўна-славянскага я: воль, мемль; вінавальны сходны часам з назоўным: дати емоу гривна серебра; такова правда оузяти; дати іемоу от гривны серебра коуна Смольнеская і інш.
У склоне множнага ліку ясна выказуецца рожнасьць мужчынскіх канчаткаў ад жаночых. У мужчынскіх назоўны — не на ы, а на и, давальны на емъ и омъ (ъм); месны — на ѣхъ: послуси коупчи, дъбрии, вѣремьнемь, коупчемъ, людьмъ, Рижанъмъ, Вълъчанъмъ, — послоусьхъ; родны на ъ і ь: дворянъ, купьць; месны — на ы: Смоляны, колы, купцы.
У зьменах: — цяперашняга часу 3-я особа і адзін. і множ. ліку канчаюцца на ь (або на е, г» замест ь); дѣеть, боудѣте, останеться, оутвѣрдять, оубиють, боудуть і інш.
Неакрэсьленны лад дзеясловаў блізка заўсёды на и.
Вось пачатак другога сьпіску:
„Что ся въ которое вѣремя начнеть дѣяти то оутвьржають грамотою. а быша ся не забыли познаите на память держите нынѣшнии. и по сѣмь веремени боудоучи, къ комоу си грамота придеть. Того лѣта. коли епи(скоп) Алъбрахтъ Рижьскыи мьртвъ. князь Мьстиславъ Двдчь послалъ свое моуже. Геремея попа Пантелея сотьского от Смолянъ въ Ригоу. а изъ Ригы на Готьскыи берегъ. оутвьрживати миръ“.
Па самаму пачатку гэтай граматы, раўняючы з папярэдняй, можна бачыць рожніцу ў правопісе. Зрэшта, гэта рожніца не так вяліка: тут мы бачым толькі большы ўплыў кніжнага правопісу. Умова была падпісана паміж Смаленскам з аднэй стараны і Рыгай з Гоцкім берагам — з другой. Са Смаленскай стараны пасланы былі поп Ерамей і сотнік Панцялей. Стараліся аб гэтай угодзе Рольф з Кассэля і Тумаш са Смаленска. У канцы граматы яшчэ ўспомнены Регенбот і Тетарт Адам, купцы Гоцкага берагу, Мэмсбэрн і Фрыдрых Думбэ з Любэкі, Гэнрык Гот і Ільдзігеръ з Гжата, Канрад Шхель і Іоганъ Кінт з Мюнстэра, Бэрнар і Фолькер з Груніга, Эрмбрэхт і Альбрэхт з Дортмуда, Гэнрых і Ціжык з Брэмэну, Альбрэхт Слук, Бэрнард Вальтэр і Альбрэхт Рыжскі судзьдзя з Рыгі.
Варункі пастаўлены такія:
— за забойства свабоднага чалавека — 10 грывень серабра; — за забойства халопа — 1 гр.; за вока, нагу, руку, і г. п. — 5 гр.; за зубы — 3 гр.; за пабоі з сінякамі або крывёй — 1½ гр.; за удар поўху — ¾ гр. папу і паслу — ўдвоя; за рану — 1½ гр.; за віну смаленца ў нямецкай зямлі і Немца ў Русі ў дыбу або ў пограб не саджаць; калі зрэшта ня будзе парукі, то акаваць у зялеза можна. Доўжнік абавязаны плаціць свой доўг перш за ўсё чужаземцу. Калі бы князь вялеў канфіскаваць яго маемасьць, то ўсё-ж сьпярша павінен быць заплачаны доўг. Калі хто памрэ не заплаціўшы, хоць-бы і халоп, то плаціць павінен той, хто атрымлівае спадак па ім. Пры судзе павінны быць два сьведкі (послухі): адзін — мясцовы, другі — Немец. Бяз згоды абедзьвех судзячыхся старон ня можа быць паміж мясцовым і немцам суда ні зялезам гарачым, ні паядынкам. Каліж на паядынак выступаюць немцы паміж сабой ў Русі, або рускія ў нямецкай зямлі, то нікому ў гэта не мяшацца.
За зьнявагу жанчыны муж атрымлівае 10 грыв. серабра; за зьняволеньне свабоднай жанчыны: чэснай — 5 грывень, не саўсім чэснай — 1 гр. сер.; рабы, калі будуць сьведкі — 1 гр. сер.
За зьвязаньне без віны — 3 гр. сер.
Пры неаплаце доўгу трэба ўзяць дзецкага і цівуна, каб той памог узяць доўг, і калі дзецкі ня кончыць у 8 дзён, то вымагаць парукі ад гараджан; а калі гараджане звольняць даўжніка, то яны і плацяць доўг.
Пры прыходзе лацінскіх гасьцей да валокаў (ад Дзьвіны да Дняпра) цівун павінен паслаць людзей для перавозу тавару. Калі пры перавозе штоколечы згіне, то плацяць шкоду ўсе валачане.
У горадзе дазваляецца свабодна прадаваць ўсё. Свабодна можна вязьці тавары і на старану, ў другое князьства: Русіну да Любэкі.
Калі хто купіць у госьця тавар, то вяртаць яго назад ужо нельга.
Судзіцца госьць толькі ў Смаленску, а Русін толькі ў Рызе і на Гоцкім беразе.
Нельга прыклікаць ні на немца дзецкага, ні на русіна бірыча, не заявіўшы перш старасьце тых часьцей, з каторых каго колечы вінавацяць.
Госьця нельга прымушаць ісці на вайну.
Са злоўленым злодзеям, свая воля.
Перасуду няма: раз перад судзьдзямі і перад добрымі людзьмі кончана справа, то яна ня можа быць узьнята ў другім горадзе.
Шлях паміж Гоцкім берагам і Смаленскам усім свабодны, бяз мыта.
Лацінскія госьці, прыйшоўшы ў Смаленск, даюць княгіні ў дар постаў часьціны, а валоцкаму цівуну — рукавіцы, каб ён памог перавязьці тавар без затрымкі.
Важнік атрымлівае за важаньне двох капей воску (кап=4 рыжск. пудоў) адну смаленскую куну (куна) 1/50 грыўні); за важаньне грыўні золата — адну нагату (1/29 грыўні) смаленскую; за важаньне сярэбранага начыньня — з грыўні серабра адну нагату, за грыўню серабра грашамі — дзьве векшы (векша 1/24 нагаты). За ператопку грыўні серабра — адна куна смаленская.
Калі зламаецца або якколечы лягчэйшай стане ваговая гіра (капь), то спраўджаць з гірамі, з якіх адна ляжыць у царкве сьв. Богародзіцы, а другая ў лацінскай царкве.
Пры перавозе праз валок кідаць жэрабье, каго перш вязьці, але ў кождым здарэньні — перш вязьці немцаў.
Рыжскі урад дае свабоду ўсім чэсным купцом езьдзіць па Дзьвіне і па яе беразе.
Калі вадаплаў разабьецца, то патопшага тавару ніхто не мае права браць, акром ўласьніка і нанятых ім людзей, і гэтым людзям плаціць па ўмове пры сьведках. Гэта-ж рабіць у князьствах Полацкім, Вітабскім і Смаленскім.
Тэкст умовы:
Князь Мстиславъ Давыдовиць послалъ свой мужи, Еремѣя Попа, Пантелѣя Сотьского, отъ Смольнянъ въ Ригу, а изъ Ригы на Готьскый берегъ, утверживати миръ, а розлюбье на сторону отверечи, которое было межи Нѣмци и Смольняны: а за тотъ миръ страдалъ (стараўся) Рулфъ изъ Кашля (Касселя?) и Тумашъ Михайловичь, абы добросердье межь ихъ было, абы Рускымъ купцемъ въ Ризѣ и на Готьскомъ березѣ, а Нѣмечкымъ купцемъ въ Смоленьской волости любо было, какъ миръ утверженъ, и добросердье абы въ вѣкы стояло, и Князю любо бы и всимъ Смолняномъ и Рижаномъ и всимъ Нѣмчемъ, по Восточному морю ходяшцимъ, оже такую правду въпсали, которою правдою быти Русину въ Ризѣ и на Готьскомъ березѣ,… абыша тоя правды держали и въ вѣкы.
Богъ того не дай, оже розбой по грѣхомъ приходитьсь межи Нѣмци и Руси, что за что платити, абы миръ не раздрушенъ, абы.. Нѣмцичю любо было. А се починокъ правдѣ:
1. Оже убьють вольнаго человѣка, платити за голову 10 гривенѣ серебра.. по 4 гривны кунами или пѣнязи, а за холопа гривна серебра; аже кто холопа ударить, гривна кунъ, Та же правда буди и въь Смоленскѣ, и въ Ризѣ, и на Готьскомъ березѣ.
2. Аще око выбыють или руку отътнуть, или ногу, или иная которая храмота на тѣлѣ явиться, 5 гривенъ серебра, а за зуб 3 гривны серебра. Таже правда буди въ Смоленскѣ.. ий на Готьскомъ берегу.
3. А.. кто деревомъ ударить человѣка до крови, полторы гривны серебра; аже ударить по лицю или за волосы иметъ, или батогомъ шибеть, платить безъ четверти гривна серебра; аже послови (паслу) пригодится пакость или Попови, въ всякой обидѣ за два человѣка платити дань.
4. Аще кто друга ранить, а хромоты на тѣлѣ не будеть, полторы гривны серебра платити.
5. Аще Рускый гость или въ Ризѣ, или на Готьскомъ березѣ извинится (будзе вінаваты), никакоже его всадити въ дыбу (калоду), оже будеть порука понь..; не будеть ли порукы понь, то лзѣ всадити въ желѣза. Или нѣмецкый гость извинится.., не лзѣ его вереци въ погребъ; оже не будеть понь порукы, лзѣ его всадити въ желѣза.
6. Оже Нѣмечкый гость дасть свой товаръ въ долгъ въ Смоленьскѣ, а Русинъ будеть долженъ Руси, ино Нѣмцичю напереди взяти. Таже правда буди Русину въ Ризѣ и на Готьскомъ березѣ.
7. Аще Князь взверьжеть (гнеў) на Русина, и повелить его розграбити съ женою и съ дѣтьми, а Русинъ будеть долженъ Нѣмцичю, (то Нѣмцичю) напередъ взяти, а потомъ како Богови любо и Князю. Таже правда буди Русину въ Ригѣ и на Готьскомъ берегу.
8. Или Нѣмечкый гость дасть холопу Княжю или Боярьску, а кто задницю (спадак) его возметь, то у того Нѣмцичю товаръ взяти. Таже правда буди Русину въ Ригѣ и на Готьскомъ березѣ.
9. Русину же не лзѣ.. вести одинаго Русина въ послушьство, ня двою. Таже правда буди Нѣмцемъ въ Смоленскѣ.
10. Русину же не лзѣ имати Нѣмчина на желѣзо (катаваньне гарачым жалезам) такоже и Нѣмцичу Русина; аже возлюбить самъ своею волею, то.. его воля.
11. Русину же не лзѣ позвати Нѣмцича на поле (біцца адзін з другім) въ Смоленскѣ ни Нѣмцичю въ Ригѣ и на Готьскомъ березѣ, или Нѣмечкый гость битися въ Руси межи собою меци или сулицами, Князю то ненадобѣ и никакому Русину, а… правятся сами посвоему суду…
12. А.. иметь Русинъ Нѣмчица у своей жены, ино за соромъ 10 гривенъ серебра: такоже.. Русину въ Ригѣ и на Готьскомъ берегу.
13. Аще который Нѣмцичь учинить насилье надъ вольною женою въ Смоленскѣ, а дотолѣ было не слышати бладнѣ ей, 10 гривенъ серебра за соромъ; таже правда буди Русину въ Ригѣ и на Готьскомъ березѣ..
14. А како услышить Волочкый Тіунъ, еже гость Нѣмечкый пріѣхалъ въ Смолняны на Волокъ, послати ему своего человѣка вборзѣ къ Волочаномъ, ать перевезуть Нѣмечкый гость.. съ товаромъ; а никтожь иметь имъ пакостити, занеже въ той пакости велика пагуба бываеть Смолняномъ отъ поганыхъ. И Нѣмцемъ метати.. жеребьи, кому пойти.. напередъ. Аще иный гость будеть Рускый, тому пойти позади.
15. А како будеть гость Нѣмечкый въ городѣ, дати имъ Княгини поставъ частины, а Тивуну Волочкому рукавичь перьстатый Готьскый (рукавіцы з пальцамі).
16. А который Волочанинъ вскладываеть товаръ Нѣмечкый или Смоленскый на кола своя чересъ Волокъ везти, а что погынеть того товара,.. всимъ Волочаномъ платити. Таже правда буди Русину.. и на Готьскомъ березѣ.
17. А како будеть Нѣмечкый гость въ Смоленьскѣ городѣ, тако ему продати свой товаръ безо всякія борони (без перашкоды); а какъ будеть Рускый гость въ Ризѣ и.. на Готьскомъ березѣ, вольножь ему продати... безовсякой борони.
18. Аще который Нѣмчиць хочеть пойти съ своимъ товаромъ въ иный городъ, Князю не боронити, ни Смолняномъ; или который Русинъ всхочеть.. съ Готьского берега въ Нѣмечкую землю въь Любокъ (Любэку), Нѣмцемъ не боронити.. пути того.
19. Аще который Русинъ возметь товаръ у Нѣмчица, о понесеть товаръ изъ двора, тый товаръ не ворочаеться; или который… товаръ купилъ у Русина и понесеть изъ двора, тый товаръ не ворочаеться.
20. Русну же не лзѣ позвати.. на опцій (агульны) судъ, развѣе на Смоленскаго Князя; аже возлюбить Нѣмцичь на опьчій судъ, то его воля. А Нѣмцичю не лзѣ позвати Русина въ Ригѣ или на Готьскомъ березѣ на опчій судъ: всхочеть ли Русинъ на обчій судъ, то его воля.
21. Русину же не лзѣ приставити Дѣчкаго (Дзетскага, Отрока, вайсковага прыстава) къ Нѣмцичю въ Смоленьскѣ, но преже обвсѣтить старѣйшему ихъ: оже старѣйшина его не умолвить, то лзѣ ему… приставити. Такоже и Нѣмчичю въ Ригѣ и на Готьскомъ березѣ, не лзѣ ему приставити Дѣтьского.
22. Оже будеть Русину товаръ имати па Нѣмчичи или въ Ризѣ, или на Готьскомъ березѣ,.. въ которомъ городѣ въ иномъ Нѣмечкомъ: пойти истьцю къ истьчю, и взяти ему тая правда, которая.. въ томъ городѣ; а рубежа имъ не дѣяти; а Нѣмчичю таже правда взяти въ Руси. (слова, „рубежъ“ ужыта тут у значэньні захопліваньня сілком).
23. А нѣмчичю платити вѣсцю отъ двою капьѣ (з 24 пудоў) куна Смаленьская.
24. Оже купити Нѣмцичю гривну золота, дати ему ногата вѣсцю, или продасть, не дати ему ни векши.
25. Или который Нѣмцичь купить.. судъ (начыньне) серебряный, дати ему отъ гривнѣ куна вѣсцю, или продасть, не дати ему ни векши.
26. Аще купить Нѣмцичь гривну серебра, дати.. вѣсцю 2 векши, или продасть, не дати ему.
27. Оже Нѣмчинъ дасть серебро платить, дати ему куна Смоленьская.. гривень (з грыўны).
28. Аще вощный пудъ (васковая вага або 12 пудоў) исказиться, лежить капь въ святій Богородици на горѣ, а другая въ Нѣмечкой Богородици: то тымъ пудъ извѣряче, право учинити. Таже правда буди Русину въ Ризѣ и на Готьскомъ березѣ.
29. Нѣмчичю же всякой товаръ вольно купити безъ борони въ Смоленскѣ такоже и Русину, вольно купити всякый товаръ безъ борони въ Ризѣ и на Готьскомъ березѣ.
30. Нѣмчичю же не надобѣ ни кое мыто изъ Смоленьска.. до Ригѣ, а изъ Ригы.. до Смоленьска; такоже и Русину не надобѣ мыто съ Готьскаго берега и до Ригѣ, а изъ Риги.. до Смоленьска.
31. Аще Смоленьскый Князь пойдеть на войну, не надобѣ ему (немцу) ѣхати; оже всхоцеть съ Княземъ, то своя ему воля; такоже буди и Русину воля въ Ризѣ и на Готьскомъ березѣ.
32. Аже Русинъ или Нѣмчичь иметь татя у своего товара, въ том его воля, что хочеть учинити.
33. Русину же не дати пересуда (судоўнага мыта) ни въ Ригѣ ни на Готьскомъ березѣ, ни Нѣмчичю же платити пересуда въ Смоленьскѣ.. или у князя, или у Тіуна, или урядили будутъ добріи мужи; болѣ же того не поймати ни въ Ригѣ, ни на Готьском березѣ. Таже правда буди Нѣмечкому гостю въ Смоленьскѣ.
34. А пудъ (вага) дали Нѣмчи Волочаномъ, иже.. имъ товаръ возити… всякому гостю, и коли исказиться, а подругъ (такі-ж) его лежить въ Нѣмечькой божницѣ, а другый ковати извѣривши тими.
35. Епископъ же Рижьскый, Фолкунъ Мастеръ Божійхъ Дворянъ (Рыцараў Хрыстовых), и вси волостели по Рижеской земли дали Двину волену отъ о устья доверху по водѣ, и по берегу всякому гостю Рыжьскому и Нѣмечькому ходящимъ внизъ и верхъ.
Богъ того не дай, аще кою притца пріиметь, или ладья уразиться.. Руская или Нѣмечькая, вольно ему свой товаръ привезти къ берегу безъ всякой борони. Аще будеть въ пособленіе людій мало будеть а къ тому.. принаймати людій въ помочь: то, что будеть сулилъ: найма, черезъ то.. болѣ не взяти. Таже правда буди Русину въ Ризѣ и на Готьскомъ березѣ, и Нѣмчичю въ Смоленьской волости и въ Полотьской и въ Витебьской.
А си грамота написана бысть.. при Попѣ Иванѣ и при Мастерѣ Фулкинѣ и при Рижьскихъ мужехъ, и при многыхъ купчехъ Рыжьскаго Царства, еже есть тѣхъ печать насёй грамотѣ. А се.. суть сему послуси (сьведкі) Регемботъ, Тетартъ, Адамъ, горожане на Готьскомъ березѣ; Мемеберъ, Вередрикъ, Домомъ изъ Люпка (Любэкі)..; Индрикъ,.. Тонліеръ: таже суть нзъ Южата (Данцыга?) — Кондратъ кривый, Еганъ Кинотъ: ти.. суть изъ Мунстера (Мюнстэра) — Берникъ и Фолкирь, тиже суть изъ Глугли (Грэнінгена?) — Яремъ,.. Брахтъ: тиже суть изъ Дротмины (Дортмунда), — Индрикъ, Чижикъ: тижи изъ Дрямь (Брэмэна?) — Альбряхъ Слукъ, Берняръ Велетерь, Алеберъ судья Рижскій: тоже суть Рижане. Аще который Русинъ или Нѣмчиць противитися всхочеть сей правдѣ, да тотъ противенъ Богу и сей правдѣ.
Усе сем іставікоў пераховываліся ў Рыжскім гарадзкім архіве. Грамата была друкавана многа разоў: „Собр. Гос. грам. и договор.“, т. ІІ, № 1; „Русско-Ливонскіе акты“ (і дадатак № 1); „Витеб. Старина“ Сапунова. І, б. 15; Літаграфаваным спосабам выдана ў Сахарова „Образцы древней писменности“, табл. ХІ і ХІІ (другая рэдакція). Пададзены тут перадрук узяты з „Витеб. Стар.“ Сапунова.
УГОДЧАЯ ГРАМАТА СМАЛЕНСКА З РЫГАЙ, ПАСЛЯ 1230 ГОДУ. Напісана на доўгім кавалку пэргаміну, ўсяго 80 радоў, гранка шырынёй больш пяці вяршкоў, пісана цесна, але даволі прыгожым уставам, немаль такога-ж памеру, як і вышэй разгледжаныя граматы. Пераховывалася ў Рыжскім архіве.
Пры грамаце прывешана пячаць з дзьвёх сярэбраных бляшак: на аднэй — аблічча з абазначаньнем імя, але так нявыразна, што нельга адчытаць ніводнай літары; на другой — такжа выабражэньне сьвятога ў княжай вопратцы і з бакоў яго літары:
оагі | │ | гаві |
о |
р |
Можна падумать, што гэта скарочанае імя князя, які пацьвярджаў грамату, але, як ведама, ніводзін Смаленскі князь ня меў падобнага імя. У самой грамаце для абазначаньня часу напісаньня яе ёсьць толькі ніжэйпісанае:
„а како будѣть Немьчьскый гъсть Смоленьскѣ. а почнеть ся кто отъ них просити. въ иноую землю. то како то было при моемь отци при Мьстиславѣ. при Романовици и при моемь братѣ при Мьстиславѣ. Онѣмъ ся прашати а мнѣ е по думѣ поущати“.
Мсціслаў Раманавіч быў Смаленскім князям да 1214 г. Пад другім Мсціславам, названым тут, нельга нікога разумець, акром Мсціслава Давыдавіча, ад імені якога заключана была умова 1229 году і каторы памер у 1230 г. Выходзячы з гэтага апошняга, трэба думаць, што грамата пісана пасьля 1230 году, але калі і ад імені якога князя, — трудна сказаць. Хто заступаў мейсца Мсціслава Давыдавіча ў Смаленску безпасярэдна пасьля яго — няведама. У 1232 годзе быў Смаленскім князям Сьвятаслаў Мсціслававіч, сын Мсціслава Раманавіча. Пад 1235 г. упамінаецца Смаленскі князь Ізяслаў, паводле пазьнейшых летапісцаў — сын Рамана Мсціслававіча, а такжа пляменік Мсціслава Давыдавіча. Пад 1239 годам бачым у Смаленску яшчэ ўнука Раманавага, Усевалода Мсціслававіча; пад 1240 — яшчэ аднаго ўнука Раманавага, Расціслава Мсціслававіча. Усё гэта пляменікі вышэй успамянутых Мсціславаў. А князь, успомнены ў грамаце, быў братам Мсціслава Давыдавіча, называў-жа сябе сынам Мсціслава Раманавіча мабыць па праву гэтага апошняга, як заступіўшага мейсца бацькі ў родзе, а можа — па духовай роднасьці. Мсціслаў Раманавіч дзейнічае ўжо ў 1178 годзе, выдае дачку замуж у 1195 і памірае ў 1223 годзе, маючы злішнім 60 гадоў. Мсціслаў Давыдавіч быў, як здаецца, значна маладзейшым і мог лічыцца братам князя, які спамінаецца ў грамаце.
Зьмест гэтай граматы даволі сходзен з папярэднімі, але ёсьць і важныя рожніцы. Вось зьмест граматы.
Пачатку бытцам няма. Першыя словы:
„а ряд мой съ Немьци таков. аже боудоуть мои Смолняне въ Ризѣ. вольное търгованье им въ Ризѣ“…
блізка тое-ж што ў артыкулах ІІІ, ХХІІІ, ХХХVІІ граматы 1229 году, толькі карацей і без упамінаньня згоды немцаў, з дадаткам пры гэтым варунку: „а мѣста на корабли вольная како Немѣчичю тако и смоляниноу“.
Далей ідуць такія варункі.
Пасьля забойства „мужа“ або выдаць забойцаў (разбойникы), або плаціць 10 грывень; за забойства пасла або папа пры тых-жа варункахъ — ўдвая.
За вока, нагу, руку або другую „хромоту“ — 5 грывень сер., а за зуб — 3 грыўні.
За удар дрэвам да крыві ці па абліччы — 3 грыўні (паводле умовы 1229 г. — 1½ грыўні).
За удар мячом або нажом без „хромоты“ — 3 грыўні (у грамаце 1229 г. — 1½ гр.).
Не садзіць рускага госьця ў дыбу, а калі няма парукі, — пасадзіць у зялезы. Аб праве нямецкіх гасьцей нічога няма.
У здарэньні даваньня тавару напавер і немцам і русінам, перш за ўсё плоціцца доўг русіном немцу, а немцам русіну.
Калі немец, даўжнік смаленца, правініцца перад сваімі і павінен быць пакараны (на маетнасьці), то сьпярша павінен быць выплачаны доўг смаленцу. Аб гэткім-жа праве немцаў не сказана нічога.
Па сьмерці даўжніка — немца, смаленец атрымлівае належнасьць ад спадкаберцаў. Аб гэтым-жа праве немцаў не сказана нічога.
Умова аб сьведках, што яны павінны быць заўсёды з немцаў і смаленцаў, такая-ж, як і ў грамаце 1229 году, але выражана інакш.
Таксама аб судзе зялезам і аб судзе паядынкам.
За нявіннае зьвязаньне і пасаджаньне ў зялеза — тры грыўні сер.
Аб абавязках дзецкага — тое-ж, што і ў умове 1229 г., толькі з большымі падробнасьцямі.
Аб свабодным безплатным праездзе паміж Смаленскам і Рыгай і Гоцкім берагам — тое-ж. І тут-ка аб валоках: „а на волоце како то есть пошло“.
Аб незвароце купленага тавару.
Аб судзе смаленца з немцамі ў Смаленску і ў Рызе — тое-ж; тут-жа абазначана, што гэткі суд ёсьць даканчальны, без перасуда.
Далей за абрыў барады ў госьця — 3 гр. сер., а у баярына або кунаемца (зьбірача падаткаў) — 5 грывень (ў умове 1229 г. гэтага няма).
Аб пераходзе нямецкіх гасьцей са Смаленска далей „мнѣ е по доўмѣ поущати“ (паводле умовы 1229 г. безумоўная свабода).
За забойства княжага гарадзкога цівуна — 20 грывень, як і пасла; ў умове 1229 г. гэтага няма.
Аб зьняважаньні жанок — тое-ж, толькі з пазваленьнем забіць зьняважніка; за зьняволеньне вольнай чэснай жанкі — 10 грывень сер., а не — 5, як ў умове 1229 г., за зьняволеньне рабы — 1 грыўня.
За гэтым ідзе закончаньне:
„То же есьмь съ вами рядь свои докончал про свое моуже. и про свое смолняны. аже въедеть брат мой которыи въ Смолньск. а оучинится вам свада съ ихъ моужьми, вамъ ся вѣдати съ ними самѣмъ. или гость ис которое земле приедеть. в мои Смолньск. а боудеть вы съ нимъ свада. а вѣдаитеся съ ними сами“.
Грамата выдана Срезневским у „Древн. пам. р. п. и языка“… бб. 223–225. „Вит. Стар.“ Сапунова: бб: 1, 19, „Русск. Ливовск. акты“ (ў дадатках № 2).
Паводле грамат заключаных з немцамі крыўскімі гарадамі Смаленскам, Вітабскам і Полацкам, — са стараны гэтых апошніх выступае жыхарства пад найменьнем „Русь“, „роуски“, „роусин“. Якой-жа катэгорыі гэта найменьне: дзяржаўнае, племянное, ці адначасова злучае абодвы паняцьці разам? От-жа гэтыя самыя граматы паказуюць нам, што найменьне „Русь“, укладаўшымі гэныя граматы дэлегатамі, ўжыта было ў саўсім іншым значэньні.
Для абазначаньня нямецкай стараны ў граматах ужываецца не адно, а два найменьньні „немци“ і „латинеський“. Першае найменьне ў нашы часы разумеецца як назоў германскай націі і ўжываецца цяпер толькі ў гэтым значэньні. Даўней-жа тэрмін „немец“ меў значэньне падвойнае: 1) як, наагул, чалавек другой, чужой, незразумелай мовы, з якім нельга было згаварыцца і 2), як спэціяльная назова для людзей лацінскага (каталіцкага) абрадку. Словы „немецьки“ і „латинеськи“ ў нашых тарговых умовах стаўляюцца як адназначныя, прыкл. „оу немецкои божницы“, „у латинеськой церкви.“ І гэта саўсім згодна з гісторыяй. У гэткім значэньні словы „немец“, „нямецкая вера“ ўжываліся ў нас да ХІV ст. бо немаль адзінымі прадстаўнікамі рыма-каталіцкага абрадку на крыўскіх (беларускіх) землях былі ў тыя часы прыхадзіўшыя з захаду купцы з нямецкіх гарадоў.
Слова „латинеськи“ само сабой ясна, — яно азначае лацінскую веру.
Тарговыя умовы і граматы названых вышэй гарадоў даюць перавагу слову „латинеськи“ над словам „немецки“.
З гэтага адзіна праўдны вывад, што прадстаўніцтва Ганзэйскіх гарадоў, пры заключаньні умоў з Крыўскімі гарадамі, выступала пад адзінай, злучаючай іх усіх, веравызнаўчай азнакай. У данным здарэньні са стараны Рыгі выступаюць прадстаўнікі не нямецкага „языка“, а лацінскага абрадку аб якіх дзе-недзе зазначана „немцы“.
Калі адна старана выступае, як прадстаўляючая людзей азначанага абрадку, то, паводле законаў лёгікі, і другая старана павінна была ўжыць назоў, які адпавядаў-бы па зьместу першаму, г. зн. выступіць пад назовам аб’еднуючай рэлігіі. Толькі ў гэткім значэньні тэрміны: „латинеськи“ і „русин“, стаячыя побач, будуць натуральны і зразумелы. Калі-ж дапусьціць, што адна старана называе сябе рэлігійнай азнакай, а другая процістаўляе ёй свой этнографічны назоў, то гэткая рожнаякая тэрміналёгія будзе абсурднай у так важным дакуманце.
І гэта тэрміналёгія саўсім згодна з тагочаснымі паняцьцямі. У вачох старадаўнай інтэлігенціі, як заходна-эўропэйскай, так і нашай, рэлігійныя азнакі мелі шмат большае значэньне, чым якія іншыя. Кождая старана, шукала ў элемэнтах, даступных тагочаснаму разуменьню, ў праціўнай старане азнак агульных; гэтыя азнакі былі знойдзены ў пануючых у тэй і другой старане абрадах. Для Крыўскіх дэлегатаў, якія пісалі умову, ўся праціўная старана была, ясна, веры „нямецкай“, або што адно і тое-ж „лацинскай“. Немцы-ж і ў Смаленскай, і ў Вітабскай, і ў Полацкай валасьцёх сустрачалі адзін агульны „рускі“ абрадак.
На гэтай аснове тэрміны „латиньски“, і тэрмін „руски“, былі прызнаны адназначнымі па зьместу, бо першы і другі падкрэсьляюць азнакі рэлігійныя умаўляючыхся старон.
Гэткім чынам тарговыя умовы XIII–XV ст. з Рыгай даюць нам яшчэ адзін лішні доказ, што тэрмін „Русь“ ужываўся і разумеўся ў нас, не як этнографічная, а як дзяржаўная (ў тых гарадох дзе панавалі Рурыкавічы) веравызнаўчая азнака.
„НАПИСАНІЯ АѲАНАСІЯ МНИХА КЪ ПАНКОВИ О ДРЕВѢ ДОБРУ И ЗЛУ И О НАУЗѢХЪ И О СТРѢЛѢ ГРОМНЕЙ“. Рукапіс на пэргаміне, уставам; быў калісь у бібліатэцы Хрэбтовічаў: пісаны ў 6749 (1241) годзе „рукою многогрѣшного дьяка Никиты з Любъчи“; знаходзіўся ў 1890-х годах у Корсакаў у Дзісеншчыне.
УМОВА СМАЛЕНСКА З РЫГАЙ, КАЛЯ 1250–1260 гг. Калі не лічыць нязначных адкланеньняў, то гэта умова зьяўляецца толькі падробнай копіяй умовы 1229 году. Перадрукавана ў „Русско-Ливонскихъ Актахъ“. (Дадатак № 2, балона 448).
ГРАМАТА КНЯЗЯ ГЕРДЗЕНЯ ВІТАБСКАГА І ПОЛАЦКАГА, 22 СЬНЕЖНЯ 1264 ГОДУ.
Князь Гердень кланяеться всемь тѣмь, кто видить сию грамоту. Тие люди, што ныне живи суть, а темь, кто напосле приидуть, тѣмь вѣдомо буди, какъ миръ есмы творили промежи местеря и с ратьманы Рижьскыми и с Полочаны и Видьбляны. Тако како грамота написана, тако имъ надо всею землею отступити, што есть Лотыгольская земля, какъ не въступатися на тую землю, што князь Константинъ далъ местерю съ сваею братьею, съ своею грамотою и съ печатью, како боле того на ту землю не поискывати. Верху того про ту пакость, што ся в розмирьи створило, какъ имъ отъ обою сторону отступити, што Руськая земля словеть Полочькая; отъ тое земли местерю и братьи его отступити с всею правдою. Верху того Немечькому гостю въ Полочьскую волно ехати и торговати, купити и продати, такоже Полочаномъ и Видиблянину волно гостити в Ригу и на Готьскы берегъ. А где будеть кто кому виноватъ, в томь городе правити, где тотъ человѣкъ живетъ, инде судъ ему не искати; в которой волости человѣкъ извиниться, ту ему правда дати, или вина его. А старому миру стояти князя Герденя, князь тыихъ, и кто по немъ будеть: што поклепани на рѣзне и што словеть Лотыгольская земля, отъ того ся отступили с всею правдою; местерь такоже братья его отступили, што словеть Полочьская земля со всею правдою. Сию грамоту тогды написана в Ризе, коли Богъ быль 1000 лѣтъ и 200 и 60 лѣтъ и 4 лѣ по Рожен Божии за три дни.
Перадрукавана Неп’ерскім ў „Грамотах“, Сапуновым — у „Витеб. Старинѣ“. т. І, б. 21.
Гэта ёсьць першая умова, заключаная Полацкам з Рыгай, аддзельна ад Смаленска; цікава яна яшчэ і тым, што князь Гердзень гэтай граматай уступае правы Полацка на Латыгольскую зямлю крыжакам.
У летапісах маецца ведамка (П. С. Р. Л., т. VII), што сын Гердзеня быў біскупам у Тверы: „сын Ерденевъ Семен былъ владыкою в Тѳеры, которій на митрополита на Петра волненіе учинылъ“. Спомнены мітрапаліт Пётр быў першым Кіяўскім мітрапалітам, які жыў у Маскве. Высьвячаны Пётр на мітрапаліта патрыархам Атаназым у 1308 г., памер у 1326 годзе. Біскуп Лука пісаў, як выражаецца летапіс, „лжывыя словеса на мітрапаліта Пятра“ і быў праціўны высьвячэньню яго ў мітрапаліты.
Узаемастасункі Крывічоў і Літвіноў сягаюць глыбока ў прадгістарычную мінуўшчыну. Паводле сьведчаньня Адама Брэмэнскага, Крывічы, перад прыняцьцем хрысьціянства, езьдзілі ў Курляндзію і Самогіцію на пакланеньне тамтэйшым сьвятыням, а знача, мелі супольных багоў. Карамзін кажа: „найменьне Крывічы дае права думаць, што крыўскае племя таксама як і літоўскае прызнавала першасьвятара Крывэ — галавой свае веры.“
Магчыма, што пад Люцічамі Канстантына Пурпурароднага, якіх ён памяшчае на захад ад Крывічоў, трэба разумець Літву: „Крывічы, Люцічы і др., — кажа Канстантын, — плоцячы дань Русам, зімой вырабляюць чоўны для прадажы, спускаюць іх у бліжэйшыя вазёры і рэкі і вясной са сваіх рэк прыходзяць да Дняпра, адкуль у Кіяў, дзе выцягнуўшы чоўны на бераг для агляду, прадаюць кіяўскім Русам“ („Monumenta Poloniae Historica“ Выд. Bielowsk. Т. І. Lwów 1864 б. 16; Довнаръ-Запольскій „Исторія Кривичской и Дреговичской земель“. Кіяў, 1891, б. 64).
Расійскі гісторык Беляевъ („Очеркъ Исторій Сѣверо-Западнаго края Росіи“ Вільня 1867, б. 15) кажа: … „гісторыя застае Палачанаў і Літвіноў цесна зьвязанымі адны з аднымі“. Гэты гісторык думае, што маці вядомага Полацкага князя Ўсеслава (+ 1101) была літвінка, бо: „Ў самым характары Ўсеслава многа такога, што намякае калі не на літоўскае яго паходжаньне па матцы, то на выхаваньне ў літоўскіх абычаях… ў яго характары праглядаюць рысы другога (ня рускага) спосабу жыцьця“ (бал. 20).
Па сьмерці Усеслава, сын яго Глеб, князь Менскі (1118) вядзе доўгае і упорнае змаганьне з Алегам Сьвятаславічам Чарнігаўскім за Оршу і Копысь і з Валадзімерам Манамахам Кіяўскім за Слуцак, Пінск і Тураў пры помачы Літвіноў.
Крыжовым паходам ўсяго роду князёў-Русаў у 1127 г. крыўскія землі былі заваяваны і часьць князёў узята ў няволю і выслана ў Царград, але рэшта крыўскіх князёў уцякла ў Літву і пры помачы Літвы непакоіла Мсціславага сына Ізяслава, які заняў Полацак. „Мсціслаў атрымаўшы пэўныя ведамкі ад сына, што сіла палачан скрываецца ў Літоўскай зямле і што не заваяваўшы яе, нельга валадзець Полацкам, ў 1132 годзе выступіў у паход са сваімі сынамі і Чарнігаўскімі князямі ў літоўскую зямлю… Але паход няўдаўся. Рускіх князёў Літвіны і Крывічы крэпка пабілі“ (Беляевъ б. 30).
У 1159 годзе адзін з Менскіх князёў, Валадар Глебавіч, брат Менскага князя Расьціслава Глебавіча, „хадзіў па лясох паднімаць Літву“ супроць кіяўскіх Русаў, на помоч Менску. Крывічы разам з Літвінамі ваююць супроць князёў Кіяўска-Чарнігаўскіх (Русаў) ў 1166 годзе (П. С. Р. Л. ІІ, 306; Карамз. ІІ, 182, пр. 138), ў 1167 годзе (Іпат. л. 6673), ў 1169 годзе (Карамзін, ІІ, 723), ў 1180 і 1181 годзе Narbut III, 300), ў 1198 г. (Карамзін III, 63).
Ціснутыя з поўначы, ўсходу і поўдня дынастыяй Русаў, крыўскія князі адыходзілі на захад у Літву; абасновываліся тут, радніліся з літоўскімі князямі і наадварот літоўскія князі радніліся з крыўскімі.
Дзеля таго, што галоўная апазыція Русам знаходзілася ў літоўскай зямле, то крыўскія князі і землі пачынаюць выступаць з другой палавіны XII стагодзьдзя ў рускіх летапісцаў пад імем Літвы. Гэтак пад 1239 годам чытаем у летапісе:
„Яраслаў Ўсевалодавіч Суздальскі хадзіў к Смаленску на Літву, і Літву перамог і князя іх захапіў, і пасадзіў у Смаленск князя Усевалода Мсціславіча“.
Гэты-ж „Літоўскі“ князь, аб якім кажа летапіс, быў ня хто іншы, як Сьвятаслаў Мсціславіч, унук Рамана Расьціславіча Смаленскага, які сеў у Смаленску пры помачы Палачанаў.
Гэткае мяшаньне летапісцамі Літвіноў і Крывічоў (Смаленскіх і Полацкіх) паказуе, што крыўскія землі становяцца для іх літоўскімі, хоць гэтыя апошнія ня толькі не зьмянілі сваіх жыхароў, але нават і дынастыі. З гэтага вынікае, што калі называлі „літоўскім“ князям Сьвятаслава Мсціславіча, які па крыві быў той самы Рурыкавіч, як і нападаўшы на яго Суздальскі князь, то з далёка большым правам называлі „Літвінамі“ тых крыўскіх князёў, якія былі бліжэй да Літвы, а з яшчэ большым правам тых, якія аселі ў Літве, а нярэдка радзіліся і ўзгадаваліся там.
Каля палавіны ХІІІ ст. сталіся вялікія падзеі, якія трохсотлетняе змаганьне Крывічоў з Русамі разьвязала ў карысьць Крывічоў і Літвы. Татарская навала ў 1240 г. зруйнавала землі Ростава-Суздальскія, Чарнігаўскія і Кіяўскія. Руіна, ўчыненая татарамі, была так вялікая, што Даніла Галіцкі ня мог падыйсьці да Берасьца „смрада ради избіенныхъ“ (Полн. собр. р. л. ІІ, 179),
Супроць татарскай навалы выступіў Міндоўг з крыўскімі і літоўскімі князямі і пастрымаў яе, задаўшы татарам страшэнную паражку, пад Койданавам (каля Менска). Уцякаючы ад татараў, жыхарства шукала апекі Міндоўга, гарады і сёлы віталі яго як збаўцу і паддаваліся дабравольна (Stryikowsski Histor. form. Europ. выданьне 1846 г. ч. I, б. 235).
Асабліва цесную сувязь Літвы і Палачанаў, адмячаюць летапісы. Гэтак, як вышэй адмечана, ў 1232 годзе Літва і Палачане, па сьмерці Мсціслава Давыдавіча Смаленскага, пасадзілі ў Смаленску Сьвятаслава Мсціславіча; ў 1258 годзе Літва і Палачане хадзілі пад Смаленск і Таржок; у 1262 годзе Літва і Палачане хадзілі на помач Ноўгародцам супроць Лівонскіх Немцаў.
Зліцьцё Полацкай Крыўскай княжай дынастыі з дынастыямі Літоўскіх князёў было так цеснае, што трудна цяпер згадаць дзе ў іх канчалася крыўскасьць і пачыналася літоўскасьць.
Цэлы доўгі рад летапісаў (Сьпісак Летапісаў Пагодзінскага сабраньня № 1404; сьпісак Акадэміі Навук № 34. 4. 32; сьпісак СПБ. Публ. Бібліатэкі ХVІ ст. № 1572; сьпісак Архэолёгічнай СПБ. Каміс. № 40; сьп. Румянцаўскага Муззю № 348 і другі сьп. СПБ. Акад. Навук № 17. 15. 19; Васкрэсенскі летапіс: П. С. Р. Л. т. VІІ, б. 253–256; другі сьпісак Румянц. Музэю № 349; другі сьпісак СПБ. Публ. Бібл. № F. IV, б. 264; Том XVII П. С. Р. Л. Западно-Русскія Лѣтописи) гавораць аб тым, што дынастыя Літоўскіх князёў ёсьць галіной роду крыўскіх, Полацкіх князёў. Прыкладам сьпісак вышэй пастаўлены першым (Пагодзінскага сабраньня № 1404) кажа аб гэтым так:
„У великого князя Володимера Святославича другой сынъ Ізязлавъ, у Ізяслава сынъ Брячиславъ, у Брячислава сынъ Всеславъ, у Всеслава сынъ Борисъ, у Бориса сынъ Рагволодъ, у Рагволода сынъ Ростиславъ, у Ростислава сынъ Давилъ (Давид?), у Давила сынъ Видъ, его-же люди Волъкомъ звали; у Вида сынъ Троенъ, у Троена сынъ Виденъ, у Витеня сынъ Гедиминъ.“
Васкрэсенскі летапіс і многія другія сьпіскі памятаюць і некатарыя іншыя падробнасьці, прыкладам, што пасьля крыжовага паходу Рурыкавічаў на Крыўскіх князёў (у 1127 годзе) і высылкі палоненых у Царград:
… Вільняне взяша собѣ іс Царяграда княза Полотцкого. Ростислава Рогволодовича детей: Давіла князя да брата его Мовколда князя.
Гэты летапісныя зьменкі ясна пацьвярджаюць спомненую вышэй цесную сувязь Крыўскай і Літоўскай дынастый, але разабрацца ў іх радаводах пакуль што нікому неўдалося. Перашкаджае гэтаму страшэннае пераблутаньне летапісцамі імён князёў, якія зазвычай мелі па два імені: абычаёва-паганскае і хрысьціянскае, а такжа пераблутаньне хронолёгіі і тэрмінолёгіі гістарычнай. Часта адны і тыя-ж асобы выступаюць у летапісах пад рожнымі імёнамі і пад рожнай гістарычнай тэрміналёгіяй.
Толькі ад Міндаўга „Літоўска-Рускага (Крыўскага)“ князя, пачынаецца пэўная гісторыя літоўскай дынастыі, прызнанай і доўгі час панаваўшай у Крыўскіх землях. Дынастыя гэта сабрала пад сваё панаваньне ўсе крыўскія землі, аб’яднала іх, бараніла і давяла да палітычнага росквіту ў ХІV і ХV cт. Мэндаговічы і Гедымінавічы сваімі трудамі і крывёй палажылі вялікія заслугі і цешацца слушнай пашанай, як у гістарычным нашым мінулым, так і ў сучаснасьці, без ўзгляду на тое, якая ў іх жылах цякла кроў — наша крыўская, ці братняя нам літоўская/
Ад ХІІІ стагодзьдзя і да другой палавіны ХІV ст. наша гісторыя працякала пад панаваньнем „Літоўскай“ дынастыі, а ад ХІV да канца ХVIII ст. пад імем Літвы. Ідзя адзінай для ўсходнага Славянства „рускай“ веры, — носьбітам якой была заўсёды ўлада мітрапалітаў, — навязывала нам другі тэрмін „Русь“. Гэты другі тэрмін спачатку абыймае ў нас усіх, хто вызнае „рускую“ веру, падлягае ўладзе Кіяўскага мітрапаліта. Ў сярэдзіне ХІХ ст. Расійская імпэрыя навязуе нам з асымілятарскімі мэтамі імя „Беларусь“.
І, дзеля гэтага, калі-б мы былі староннікамі дынастычнай тэрміналёгіі, саўсім слушна было-бы нам і сягоньня называцца „Літвой“, „літвінамі“, прынамні маючы далёка больш гістарычных падстаў чым на імя „Русь“. Аднак, не выракаючыся сваіх гістарычных імён, мы вяртаем цяпер ізноў, да першапачатковага нашага імя „Крывічы“, бо гэта ёсьць не дынастычнае, не веравызнаўчае, а народнае імя, нікім нам не накінутае і якое ніўкога не было і ня ёсьць у залежнасьці.
ГРАМАТА ПОЛАЦКАГА КНЯЗЯ ІЗЯСЛАВА ДА КРЫЖАКАЎ І РЫЖАНАЎ, КАЛЯ 1265 ГОДУ.
„Слово Изяслава, князя Полочького, къ епископу и къ местерю и къ всемь вельневьцемъ и ратьманомъ и всемъ горожаномь. Полотескъ, Видьбескъ одно есть, а воли есми Божии, и въ Молшелгове, а Изяславъ со мною одно. На семь къ мне целовати крестъ въ правду, любовь имѣти и миръ: какъ было при первыхъ князьяхъ Полочьскых, Полочаномъ, Видьбляномъ волное торгованье въ Ризе на Готьскомъ березе и в Любьце, а рубежа не дѣяти.
А кому с кымъ тяжа, судъ дати безъ перевода, а суженого не посуживати, а где кому годно, ту тяжеться; поручникы и дольжникы и холопы выдати. А што ся въ рать дѣяло и въ рубежехъ, про то вамъ не мьщати, ни намъ вамъ мещати. Чего ся есме отступили въ Ризе, к тому вамъ не приискываты ни людеи, ни земли, ни воды, ни борти. На семь же целуите ко миѣ крестъ по любьви в правду без всякого извѣта.“
Перадрукавана ў „Граматах“ Нап’ерскага і ў „Вит. Стар.“ Сапунова Т. І, б. 21.
ГРАМАТА ІЗЯСЛАВА КНЯЗЯ ВІТАБСКАГА, КАЛЯ 1265 Г. У гэтай грамаце Вітабскі князь заяўляе, што хоча мець з немцамі мір і любоў, як было пры першых князёх Полацкіх і вымаўляе права вольнай таргоўлі Вітаблянам у Рызе і на Гоцкім беразе.
ГАРАДЗЕЦКАЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ 1270 Г. Пераховуецца ў Румянцаўскім музэі ў Маскве. Тоўпіць ў сабе 167 лістоў у 2 гранкі вялікай чацьверкі. На першай балоне, пасьля ліста з выабражэньнем Іоана Богаслова, пад застаўкай, напісана мініяй:
„ІЕВАНЬгеліе опрась съ Б(г)мь починаемъ Г(д)и блг(с)лви отче.“
У правопісе відаць асобнасьць Вітабшчыны — мяшаньне ц і ч.
На адвароце 165 ліста ёсьць запіс:
В ЛѢ(Т) S, Ѱ О. Н. КОНЧАНЫ БЫ |
У 6778=1270 г. папраўдзе было сонечнае зацьменьне 23 сакавіка. Ян адзначана ў летапісах пад 6779 г. з падробнасьцямі: ў тыдзень Вялікага посту сярод раніцы (як выходзіць паводле аблічэньня, — каля палавіны: 9-й гадзіны раніцы).
Гэта першая вядомая кніга, пісаная Латышом.
Срезневскій „Славяно-Русск. палеографія“, СПБ. 1884.
КАРНАЯ ГРАМАТА КНЯЗЯ ВАЛАДЗІМЕРА ВАЛЫНСКАГА БЕРАСЬЦЕЙСКАЙ ЗЯМЛІ, 1289 Г.
„Се азъ князь Мстиславъ, сын королевъ, внук Романовъ уставляю ловчіе на Берествяны во вѣкъ за ихъ крамолу, съ ста по двѣ лукне меду, по двѣ овцы, по пятнадесятъ десятковъ льну а по сту хлѣба, а по пяти цебровъ овса, а по пяти цебровъ жита, и по 20 куровъ; а по тольку съ всякаго ста; а на горожанѣхъ 4 гривны куръ, а кто мое слово порушитъ, а станетъ съмною предъ Богомъ.“
П. Бобровскій „Гродненская губернія“ ч. ІІ, балона 818.
ГРАМАТА РЫЖСКАГА АРХІБІСКУПА ВЯЛІКАМУ КНЯЗЮ ФЕДАРУ РАСЬЦІСЛАВІЧУ СМАЛЕНСКАМУ, 1281–1297 Г.
„Благословение отъ митрофолита Ризького ко своему милому сынови, князю великому Феодору, и къ его дѣтемъ, и ко владычѣ, и къ намѣстьнику и ко всѣмъ бояромъ. То буди тобе ведомо, про тую жялобу, что Витьбляне жялобилися на Рижяны, чимь то хотели оправитися противу Гѣлмика, и ихъ слово таково. Хотели ся темь словомъ оправити и рекли такъ пред княземъ Бряньскымъ: выехали 50-ть мужь изъ Ригы и оубили человека, и оузяли 10-ть бѣрковъсковъ воскоу. И ныне я митрофолитъ тако молвю, какъ то Витьбляне неправдою жялобилися па Рижяны, и ныне то есть мнѣ ведомо, аже Рижяне суть в томь невиновати; и ныне я тому дивлюся, аже твои намѣстьникъ слушаеть всякого чоловека слова. А та правда есть промежи васъ и насъ: кдѣ ся тяжя почнеть, ту концяти. И ныне я молюся вамъ, какъ то мозите стояти оу тои правдѣ и оу крестномь человании. Аже иметь жялобитися васъ кто на Рижяны, или Гѣлмико или кто иныи, и вышлите к намъ а мы правдоу дамы по Божьи правдѣ.“
Выдана Нап’ерскім у „Грамотах“ і ў „Русско-Ливон. актах“, бб. 17–18, а такжа ў „Витеб. Стар.“ Сапунова, т. І, б. 22.
ГРАМАТА СМАЛЕНСКАГА КНЯЗЯ ѲЕДАРА РАСЬЦІСЛАВІЧА У РЫГУ 1284 Г. (Рыжск. гар. архіў). Друкавана ў „Собр. гос. гр. и дог.“ (ІІ, № 3), „Др. памят. р.п. и языка“ Срезневск. (238), у Сахарова, табл. ІV.
ГРАМАТА СМАЛЕНСКАГА КНЯЗЯ ѲЕДАРА РАСЬЦІСЛАВІЧА АБ ЗВАНЕ 1284 Г. (Рыжск. гарадз. архіў). Надрукавана ў „Грамотах“ Нап’ерскага і „Русско-Ливон. актах“, № 37.
ПОЛАЦКАЕ ЕВАНГЕЛЬЛЕ XІІІ СТ. Прыналежала Троіцкаму манастыру ў Полацку. У пачатках ХІХ ст., ў часе касаваньня уніі, разам з іншымі кнігамі і рукапісамі забрана ў Петраград, цяпер пераховуецца ў Публічнай бібліатэцы (Пагодзінскага сабр. № 12). Пісана ў цэлы аркуш уставам у 2 гранкі.
КРОНІКА АМАРТОЛА. Пэргамінны рукапіс ХІІІ ст. (Бібліатэка Маскоўскай Дух. Акадэміі, № 100). На адвароце 17 балонкі рукапісу, пасьля агалоўку і прадмовы, знаходзіцца выабражэньне Спаса са стаячымі абапал мужчынам і жанчыной. Над мужчынам подпіс „Михаилъ“, а над жанчыной — „Оксиньня“. На апошняй балонцы рукапісу ёсьць прыпіска для каго і дзе гэты рукапіс пісаны, але цяпер прыпіска замазана. У мове кронікі маюцца крыўскія асобнасьці.
ПСАЛТЫР 1296 Г., пісаў Захары „на Волоцѣ“. У мове гэтага псалтыра, пісанага па-славянску, сустрачаюцца тыпова крыўскія асобнасьці. Захары пісаў яго „оуже прі старости бывъшоу“ (Срезневскій, бал. 50—51).
Псалтыр знаходзіцца цяпер у Маск. Сынадальнай бібл., № 13.
ГРАМАТА СМАЛЕНСКАГА КНЯЗЯ АЛЕКСАНДРА ГЛЕБАВІЧА, КАНЦА ХІІІ СТ. У гэтай грамаце Смаленскі князь „хоча з Немцамі такой жа любві ў якой былі яго бацька і дзядзька, Глеб і Фёдар Расьціславічы“ і абяцае ім чысты шлях да Смаленска. Сваю грамату ён пасылае на імя толькі рыжскага рата, саўсім не спамінаючы аб біскупе і магістры ордэну; гэты-ж князь поўнасьцю пацьвердзіў умову 1229 году.
ПАЦЬВЕРДЖАНЬНЕ ГРАМАТЫ 1229 Г. СМАЛЕНСКАГА КНЯЗЯ АЛЕКСАНДРА ГЛЕБАВІЧА, ПАСЬЛЯ 1297–1298 Г. Смаленская грамата 1229 году перапісана на вялікім доўгім аркушу пэргаміну, а над ёй зверху аркуша прыпісана гэтае пацьверджаньне ў трох радкох. Грамата пісана тоўстым шырокім уставам, пацьверджаньне — стасункова дробным.
Вось гэтае пацьверджаньне:
„Се азъ князь смоленскии, олександр. докончал есмь с немьци по давнему докончанью. како то докончали отци наши дѣди наши на тѣх же грамотахъ целовалъ есмь крестъ. а се моя печать“.
Грамата была ў Рыжск. гарадз. архіве. Выдана ў „Грамотахъ" Нап’ерскага і „Русско-Ливонских актах“, бал. 23.
Князь Александр Глебавіч Смаленскі памер у 1277 годзе. Гл. Нікон. лет. пад 6786 г. і ў Карамзіна т. ІV, увага 171.
ПОЛАЦКАЯ ГРАМАТА КАНЦА ХІІІ СТ. Пераховывалася ў рыжскім архіве; напісана на кавалку пэргаміну даўжынёй 3½ і шырынёй ўверсе 2½, а ўнізе менш 2-х вяршкоў, усяго пісьма 32 радкі, з якіх 22 на аднэй старане, а 10 на другой, блізка такім самым уставам як вітабская грамата. Грамата пісана ад Якава біскупа Полацкага ў Рыгу з просьбай прыслаць збожжа ў Полацак. У грамаце ўпамінаецца князь Вітэнь, які жыў у канцы ХІІІ і ў пачатках ХІV ст.
Пры грамаце пячаць: з аднэй стараны абраз Знаменьня, з другой надпіс „Яковъ епп Полотьски“.
Зьмест граматы: (Сапуновъ: Витеб. Стар. Т. І).
„Поклонъ и благословлѣнье отъ Якова, епискупа Полотьского, бровстови, намѣстьнику пискуплю, и дѣтемъ моимъ ратманомъ. Былъ есмь не дома, во отьца своего митрополита, а нынѣ есмь на своемь мѣстѣ оу Святоѣ Соѳьѣ. А нынѣ есмь оувѣдалъ, любовь ваша правая съ сыномъ моимь, с Витенемь; такоже, дѣти, была любовь ваша первая с Полочаны, съ дѣтми моими, што вамъ было надобѣ, то было ваше. А нынѣ што дѣтемъ моимъ надобѣ, того имъ не бороните; а нынѣ абы сте пустили жито оу Полотеско. А язъ кланяюся и благословляю, і Бога молю за васъ дѣти своѣ. Аже будеть Полочанинъ чимь виноватъ Рижанину, я за тѣмь не стою своими дѣтми, исправу дамь. Аже будеть Рижанинъ чимь виноватъ Полочанину, вы даите имъ исправу такоже. А язъ вамъ кланяюся дѣтемъ своимъ, и благословляю и Бога молю“.
ГРАМАТА РЫЖСКІХ КУПЦОЎ ВІТАБСКАМУ КНЯЗЮ МІХАЙЛЕ КАНСТАНТЫНАВІЧУ, КАЛЯ 1300 Г. Пераховывалася ў рыжскім архіве, напісана на аркушы пэргаміну шырынёй больш 10 вяршкоў, даўжынёй больш аршына; зьмяшчаецца ў 85 радкох, даужынёй па 8 вяршкоў. Пачынаецца валікай рысаванай літарай. Час напісаньня граматы прыблізна ўстанаўляецца па імёнах асоб, спамінаных у ёй. Грамата пісана ад ратманаў рыжскіх Вітабскаму князю Міхайлу, бацька каторага, як абазначана ў грамаце, называўся Канстантынам. У канцы ХІІІ ст. Канстантын быў Полацкім князям, дык саўсім натуральна, што сын яго быў князям Вітабскім.
Грамата гэта — жалабная князю на рожныя уціскі, якіх дазнавалі немцы ад самога князя і ад яго урадоўцаў. Пры вылічаньні крыўд (сямі) паказываюцца і варункі папярэдняй умовы, ведама, пісанай, але да нас не дайшоўшай. Паводле гэтай граматы, ў папярэдняй грамаце было:
„Миръ доконцан на старый мирь и на томъ кр(с)тъ челован. како то намъ вашей братьи правда дати. а обиды не створити ни малу ни велику. тако было и вамъ. по кр(с)тному челованию. обиды не створити. ни малу ни велику. нашеи братии. правда дати. товара силою не грабити члвка не мучити безъ вины… Миръ доконцан межи земле. аже другъ друга убиеть до смрти. а имуть того члка кто розбои оучинилъ. тому дати вина. по его дѣлу. а товар его свободѣнъ своему племени“.
Грамата пісана ня буйнымъ шырокім і тоўстым уставам.
Цікава ўжываньне ц замест ч і наадворот: черньчи, челованию, доконцан;
ш замест с: „лишии“ зам. „лисии“;
ужываньне о замест е пасьля сіпячых: жо, княжо, шол, пришод, чомь, хочомъ.
оу замест въ: оу борзе, оу рать, оу клеть, оузял.
Надрукавана ў Срезневскаго „Др. пам. рус. пис. и яз.“, б.б. 240–241 і ў „Славяно-Русск. палеограф.“, б. б. 229–230; Сапуновъ, „Вит. Стар.“, Т. І, б. 22.
Тэкст граматы:
Поклонъ отъ ратмановъ Ризкихъ и отъ всехъ горожянъ ко князю Витебьскому Михаилу. И ныне пришли предъ насъ наши горожяне, и то намъ поведали со великою жалубою, котории были зимусь с тобою у Витебьце, както еси товаръ у нихъ от-ялъ силою и неправдою. То было и первое: былъ у тебе одинъ дѣтіна, нашь горожянинъ, а иногды не бывалъ у васъ, тогды рать была Литовская подъ городомь, онъ же хотелъ у рать ити, дѣвкы купити и взялъ мець со собою, по нашеи пошлине. Тогды, идя путемъ, заблудилъ к монастыреви, и выскочивше 3 черньчи, жо четвертыи человѣкъ иныи съ ними, ту его емъшо били и рвали, и мець вызетяли силою у него. И потомъ, княжо, ты на другыи день емъ его, оковалъ еси и дѣржялъ его еси до того же дне, а товара еси от-ялъ на 3 берковськы воску. Княжо, то еси неправду дѣялъ. Забылъ еси, княжо, своего крестнаго челования, занеже самъ ведаешь, княжо, како не тако есть миръ доконцанъ. Миръ доконцанъ на старыи миръ, и на томъ крестъ челованъ, както намъ вашеи братьи правда дати, а обиды не створити, ни малу ни велику; тако было и вамъ по крестному челованию обиды не створити, ни малу ни велику, нашеи братии правда дати, товара силою не грабити, человѣка не мучити безъ вины. Княжо, слышышь самъ отъ своие братье, както мы вашее братие не обидѣли, ни грабили товара силою безъ правды, както ты, княжо дѣешь. А се тобе поведываемъ другую обиду: за грѣхы пригодило ся такъ, както се дѣла дружина, у пиру пиюче, другъ друга заразилъ до смерти; и както тыи бои удѣялъ ся, тогды онъ, убоявъ ся живота, утеклъ к тобе, княжо. Немчи жо, то уведавше, ажо к тобе утеклъ розбоиникъ, и пришли предъ княжо Немчи и молися тобе: выдаи нам розбоиника. И ты, имъ выдавъ розбоиника, потомь, княжо, шолъ еси у розбоиникову клеть, товаръ еси розбоиниковъ взялъ; и иныхъ людии товаръ былъ тутоть, и то понималъ еси, княжо. Тоть еси неправду дѣялъ. Ты самъ ведаешь, както не тако есть миръ доконцанъ межи земле. Аже другъ друга убиеть до смерти, а имуть того человѣка кто розбои учинилъ, тому дати вина, по его дѣлу; а товаръ его свободѣнъ своему племении. И ныне мы молим ся тобе, абы тыи товаръ отдалъ его племении. А се тобе 3-юю обиду поведываемъ, про тую дѣтину, что товаръ его былъ со розбоиниковымъ товаромъ у клети, както поехалъ изъ Витебьска у Смольнескъ, попустилъ жо у розбоиникове клети волкы жо овчины на 5 серебра. Онъ же у Смоленьще услышавъ, аже ты его товаръ со розбоиниковымъ товаръмъ узялъ, и онъ уборзѣ на конь въсѣдъ, поехалъ у Витьбескъ, и молилъ ся тобе, княжо, абы ты его товаръ отдалъ, что еси взялъ съ розбоиниковымъ товаромъ изъ клети, то ты ему не далъ. То еси, княжо, неправду дѣялъ. И ныне, княжо, мы ся тобе молимъ, както тыи товаръ отдаи, что еси взялъ безъвиньное вины сеи. Еще, княжо, мы тобе поведываемъ 4-ю обиду, у чомь то еси неправду дѣялъ, както ныне новую правду ставишь, както есме не чювали отъ отчовъ, ни отъ дѣдовъ, ни отъ прадѣдовъ нашихъ. Аже ты велишь кликати сквозѣ торгъ: гость со гостемь не торгуи! Княжо, у томь еси неправду дѣялъ. Княжо, аже еси тахо у своемь сердчи, тоть то еси неправою думою думалъ. Будуть тобе, княжо, лишии людье тую думу подъдали, тоть не у честь тобе дали тую думу; то есть тобе, княжо, достоино, аже бы тые люди казнилъ, както бышь инии людие бояли ся, кто лихую думу подъдаваетъ. Княжо, нашь горожанинъ Фредрикъ продалъ человѣку мехъ соли, и онъ услышалъ, ажо ты не велелъ гостеви со гостемь торговати, и обестилъ ся тобе, княжо, и ты ему велелъ продати, и онъ шелъ с темь человѣкомъ, соли весить, както еще соли не весили. Твои дворяне стояли ту у дворе: у Фредрика ключь взяли силою клетьныи, и пошли прочь. Потомь твои дѣтьскыи Плосъ, пришодъ, реклъ Фредрику: поиди ко князю. И онъ пошолъ к тобе, по твоему слову. И както пришолъь к мостови, реклъ Плосъ: поиде семо, здѣ князь, не ведя его к тобе, княжо, то к собе в ыстобъку, и ту порты с него снемъ за шию оковалъ, и рукы и ногы, и мучилъ его такъ, както буди Богу жяль. И потомь ты дѣтьскые свое пославъ на его подворие, и велелъ еси товаръ его розграбити, на 4 капы воску. И ныне мы ся тобе молимъ, абы ты тыи товаръ отдалъ квяжо. И самъ ведаешь, ажо неправдою еси свое крестное челование забылъ. И се ныне 5-ю обиду поведываемъ, както Немчи послали свое коне изъ Смоленьска у Витебескъ, то ты, княжо, тые коне обизрелъ, и улюбилъ еси одиного коня, тои конь былъ Герлаховъ, тоть ты его хотелъ безъ измены. Тии людье рекли: княжо, мы коня не дамы, ни продамы его, не смеемъ: конь Герлаковъ. И ты, княжо, давалъ еси на кони 10 изроевъ, и они не взяли. Тоть ты реклъ, княжо: даите вы мне конь, я васьъ провожо изъ Смоленьска и сквозѣ Касплю, а учаны хочю проводити с коньми и до Полотьска. Тоть дали тобе конь, по твоему слову, княжо, далъ жо еси приставъ, своего человѣка Прокопию, и приехалъ Прокопии къ Смоленьску тои первое, и дали ему скорлата портъ жо чаторъ. Прокопьево слово такъ: у которыи день вы будѣте готови, я с вами готовъ буду. Въ тыи жо день, по его слову, приготовили ся есме были, и рекли есме Прокопии: се мы готови, поедимъ! Прокопиево такъ: не могу я изъ свѣта во тму ехати. Прокопии, на конь свои уседъ, поехалъ у Витьбескъ, а нашю братью попустилъ. Княжо, тимь словомь не дослужилъ ся еси того коня. Аже бы ты у своемь слове стоялъ, а нашю братию проводилъ бы, мы быхомъ не поминали того коня. И нынче мы ся тобе молимъ, както отдаи Герлаху конь, а любо 10 изроевъ, что еси самъпервое давалъ на кони. Или того не даси, ни коня ни серебра, Герлах хочеть своего коня искати, како мога, А се еще 6-(ю) обиду поведываемъ, про Ильбранята, что твои братъ торговалъ с нимь на 30 изроевъ: 17 изроевъ заплатилъ, а три надьсять изроевъ не заплатилъ. И ныне, княжо, мы ся тобе молимъ: отдаи Ильбранту товаръ, своего брата душе постерега. И ныне 7-ю обиду певедываемъ, както было нашеи братии поехати изъ Витобеска у Смоленескъ, тогды Литва изъимали ихъ на пути, у твоемь городѣ, княжо, вязяли ихъ, и мучили, и товаръ отимали в нихъ. А и твоеи волости ся то дѣяло. Товара взяли ту на 70-ть гривенъ серебра корного, и на 3 серебра. Княжо, тобе было тое обиды постеречи. Аже бы ся то дѣяло при отчи твоемь Костянтине, тая бы обида николи же была нашеи братьи, какъ ся тогды удѣяло. И ныне, княжо, мы ся тобе молимъ, както темъ людемъ отплати ты товаръ, которымъ то дѣяло ся у твоеи волости и у твоемь городѣ. И ныне, княжо, пришолъ предъ насъ шахматъ жо Фредрикъ, и то намъ поведалъ се жялобою, както еси торговалъ с нима и не заплатилъ. Княжо, то было тобе достоино, у кого купишь, тому заплати, то они бышь на тя не жяловали. И ныне 8-ю обиду поведываемъ, про весы, както слышимъ отъ своие братие, аже ты кнежо лишнее емлешь, както есме не чювали ни изъ отчины, ни отъ дѣдовъ, ни отъ прадѣдовъ. И ныне мы ся вамъ молимъ всемъ сердчемь, княжо, както есть миръ доконцанъ и крестъ челованъ на старыи миръ, тако и ныне, княжо, отложи лишнее и всяку пеправду: ать стоить старыи миръ твердо, како доконцано. И ныне, княжо, то буди тобе ведомо: аже не отложишь лишнего дѣла и всякое неправды, мы хочомъ Богу жяловати ся, и темъ, кто правду любить, а кривду ненавидить. Мы свое обиды не положимъ, а боле не можемъ терпети.
Тарговыя стасункі крыўскіх зямель з немцамі пацьвярджаюцца умовамі, якія захаваліся да нашых часаў; копія старэйшай умовы паходзіць з пачатку ХІІІ ст. (1229 г.). Гэту старэйшую умову „докончал з немци“ Смаленскі князь Александр, „как то докончали отцы нашы, деди нашы“, а знача яна зьяўляецца пацьверджаньнем і, мабыць, папаўненьнем умоў ранейшых, заключаных бацькамі і дзядамі абедзьвех старонъ. Дзеля гэтага можна сьцьвярдюча сказаць, што першыя пісаныя умовы паміж крыўскімі землямі і нямецкімі тарговымі гарадамі былі заключаны не пазьней пачаткаў ХІІ ст. Нажаль, гэныя першыя умовы не дахаваліся ні ў арыгіналах, ні ў копіях. Мяркуючы з ходу гістарычных падзей, трэба дапусьціць, што да 1201 году, (дата заснаваньня Рыгі) г. зн. — да ўмацаваньнеся немцаў у усьцяхъ Дзьвіны, беларускія гарады і землі мелі бязпасярэдныя стасункі з Готляндам, а пазьней — з сувязьзю тарговых нямецкіх гарадоў Ганзай, на чале якой стаяў горад Любэк. Латыскі летапісец (Гэнрык Латыш) апавядае, што вясной 1186 году манах Мэйнгард прыплыў на купецкім караблі ў Дзьвіну і, заручыўшыся пазваленьнем ад Полацкага князя Валадзімера, пачаў тут, паміж паганскіх плямён Ліваў і др. прапаведываць хрысьціянства. Летапіс даслоўна апавядае аб гэтым так: „Мэйнгард, атрымаўшы дазваленьне ад Полацкага князя Валадзімера, ў каторага Лівонцы (Liv) былі ў падданстве, і прыняўшы ад яго дары, сьмела прыступіў да Божай справы і пабудаваў царкву ў Іксколе“ (35 вёрст ад усьця Дзьвіны, на правымъ беразе). У Іксколе-ж была ўжо пабудована факторыя нямецкіх купцоў[2]. Гэта 35 вёрстная адлегласьць нямецкай купецкай факторыі ад усьцяў Дзьвіны пазваляе думаць, што ў самых усьцях Дзьвіны былі іншыя гаспадары, без пазваленьня якіх немцы не маглі нават прыступіць да прапаведываньня хрысьціянства між туземцамі. І, запраўды, чароднай задачай немцаў было заваяваньне гэтага выходнага тарговага пункту, якое наступіла ў 1201 годзе, калі ў усьцях Дзьвіны зьявілася нямецкае войска на чале з біскупам Альбартамъ Буксгеўданам, які засновывае ў 1201 годзе ў гэтых усьцах горад Рыгу і, з дазваленьня Папежа, ўстанаўляе ў Лівоніі манашаскі рыцарскі ордэнъ крыжакаў „дзеля змаганьня з тамтэйшымі паганамі“. Умацаваўшыся ў Рызе і адваяваўшы ад Полацкага князства Лівонскія землі, рыжская купецкая факторыя імкнулася ўзяць на сябе манаполь тарговых стасункаў з крыўскімі землямі. Урэшце-рэшт дайшло да таго, што ў 1478 годзе Рыга проста заявіла Дэвэнтару і другім нямецкім прыморскім гарадом, што ніхто ня можа таргаваць у Полацку, акром зямель. Вось чаму ўсе захаваныя тарговыя умовы крыўскіх зямель з немцамі роблены былі выключана з Рыгай.
З крыўскіх гарадоў у заключаньні умоў прыймаюць удзел Смаленск, Полацак і Вітабск. Адны з гэтых ўмоў распашыраюцца ў роўнай меры на ўсе тры землі, ў другіх здарэньнях Смаленск іх заключае асобна ад Вітабска і Полацка. (У часе, калі гэты два апошнія гарады ўвайшлі ў склад фэдэратыўнага В. Кн. Літоўскага).
Найбольш важная умова, 1229[3] году, заключаная „с немцами“ Смаленскім князем Александрам, распашыраецца на Вітабск і Полацак: „тая Правда латинескомоу взяти оу Роуской земли оу волости князя Смоленскаго и оу Полоцьскаго князя волости и оу Витбьскаго князя волости“. У гэтай умове устаноўлены ўсе пункты, якімі павінен рэгулявацца тавараабмен паміж абедзьвемі старанамі, — Немцамі і Крывічамі. Пазьнейшыя умовы, выкліканыя закалотамі паміж абедзьвемі старанамі, не даюць нічога новага: зазвычай паўтараецца кожды раз, што шлях павінен быць „чист“, „без рубежа“, і госьці павінны карыстацца апекай, „как братья“. Вынятку з гэтага боку не становіць нават падробная умова 1250–60 г. г., якая хоць і мае многа пастанаўленьняў, але, калі не лічыць нязначных адкланеньняў, зьяўляецца толькі копіяй умовы 1229 г., значна, — зьмяняюцца варункі толькі ў умове 1406 г. і ў дапаўненьні да яе 1498 г., якія азначаюць новы зварот у гісторыі таргоўлі паміж Рыгай і Полацкам.
Гэткім чынам нашае заданьне звужаецца да разгляду умовы 1229 г. з аднатоўкай тых нямногіх адкланеньняў, якія пазьней мелі месца, і да разгляду умоў 1406 і 1498 г.г.
Ва ўсіх параграфах умовы 1229 г., якія трактуюць аб караньні рожных праступкаў — убіўства, пакалечаньне, за раны і біцьцё, чужаложніцтва, гвалт над свабоднай жанчыной ці рабой, самапраўства (парагр. 1–7, 17–20) — устанаўляецца грашовая кара. Забараняецца прымушаць госьця, ў выпадку яго западозраньня, да вырашаньня спрэчкі жалезам („вести ко железу горячемоу“), або паядынкам („на поле битися“). У гэтым здарэньні маецца адступленьне ад поглядаў, панаваўшых у Русаў Ноўгародзкіх і Кіяўскіх, права якіх („Русская Правда“) устанаўляла пробу жалезам пры западозраньні ў крадзежы. Паядынкі, гэта быў нямецкі звычай, прыняты іхнім правам.
Пры істнаваньні некалькіх крэдытароў першым павінен быць аплачаны доўг госьця, які даў тавар на павер крывічу (пар. 10 — „аже Латинин дасть роусиноу товар свой оу долго оу Смоленск, заплатити немчиноу пьрвыие, хотя бы иномоу комоу виноват был русиноу“).
У прыпадку конфіскаціі князем маемасьці даўжніка („поток“), сьпярша аплачываецца з яго дастаткаў доўг немцу (пар. 11 — „аже разгневаиеться князе на своего члвека, а будете виноват немчицю роусин, а отимьет князе все, женоу и дети оу холопство, первое платити емоу латинину, а потомь князю какъ либо с своимь члвекомь“). Гэтак сама, ў здарэньні сьмерці даўжніка, наступнік павінен перш за ўсё вярнуць доўг госьцю (пар. 12 — „аже латинин дасть княжю холопу в заием или иномоу добромоу члвкоу, оумрете не заплатив, а кто иемльть иего остатьк, томоу платити немчиноу“).
Па поваду спаганяньня доўгу ў умове 1229 г. (як і ў смаленскай умове 1250 г., пар. 6) гаворыцца, што немца ня можна замыкаць у турму. Калі мясцовы купец не заплаціць „Латинескоу“, то апошні зьвяртаецца да цівуна, які даручае „детьскомоу“ спагнаць доўг за тавар. Калі-ж у прадоўжаньні 8 дзён ня будзе заплачаны доўг, то „дати иемоу на сьбе норука“. Але паручыцеля можа ня быць, тады, праўдападобна, наступае прадугледжаная пар. 4-м выдача з галавой крэдытару, або заключэньне даўжніка ў аковы. „Не мьтати его оу погреб, аже не боудите пороуки, то оу жельза оусадить“. Гэткім чынам закаваньне ў аковы лічыцца больш лёгкай карай чым укіданьне ў цямніцу, пры чым, мяркуючы з другіх данных, маецца на мэце памяшчэньне яго ў крэдытара, бо даўжнік аддаваўся апошняму. У 1436 годзе ўпамінаецца аб такім здарэньні, калі Крывіч (Рус) трымаў немца ў сябе пад арэштам за даўгі. Але мясцовыя жыхары могуць сілай ня даць немцу закаваць крывіча (руса); ў гэтым здарэньні яны самі адпавядаюць за доўг (пар. 22 — „аже смольняне не дадоуть иемоу воль, смольняномь платити самым, долгь платити“).
У Смаленску мы знаходзім нямецкую факторыю — гасьцінны двор і ольдэрмана, а такжа царкву: ў умове 1229 г. упамінаецца аб вагах, якія знаходзяцца ў „немецькои божници“, у пар. 41 — аб вагах, якія пераховываюцца „оу латинескои цркви“; у пар. 29-м гаворыцца аб трэцейскім судзе ольдэрмана, „роусиноу не ставити на латинескаго детьскаго, не явивше старость латинескомоу; аже не слушаиет старосты, тоть можеть на него детьского приставити“. У гэтым пастанаўленьні ня толькі выражана істнаваньне арганізаванай факторыі, але і істотнае права, прызнаванае ёй.
Ня менш важнае права ў гэтым кірунку нададзена нямецкай купецкай грамадзе па пар. 16-му: „аже латинеский гость бииеться мьжю собою оу роуской земли любо мьчем, а любо деревомь, князю то не надобе, мжи собою соудити“. Гэта паказвае на істнаваньне ў нёмцаў уласнага суда ў здарэньнях закалотаў між імі, што значыць, што немцы тут мелі ўласнае самапарадкаваньне ўнутры сваей факторыі.
Ў умове 1229 г. упамінаецца аб перапраўцы прывожаных тавараў праз валок, які злучае Дзьвіну з Дняпрам, дзеля чаго смаленскі цівун абавязан пасылаць ім людзей неадкладна („а не оудержати иему“), іначы яны могуць мець страты („аже оудержить, оу томься можете оучити пагоуба“), калі-ж згіне даручаны валачанам тавар, то яны ўсе разам адпавядаюць за яго (пар. 23–24). Пры гэтым мы даведываемся, што тым-жа шляхам езьдзілі і жыхары Смаленска, якія, відочна, вярталіся з Рыгі; на перавалоках „мьтати жеребеи, кого напьред вести ко Смольньскоу“ (пар. 42). Але гэта датыча толькі немцаў і смаленцаў: і тым і другім даецца перавага перад іншымі купцамі са славянскіх зямель („аже боудоуть людиие из ыноие земль, тых посьль вести“). Відаць, тарговы рух на Смаленск быў вялікі: ён жа ляжаў на пярокрыжы двох вялікіх тарговых дарог — па Волхаву — Дняпру ў Грэцію, і на Дзвіне — Волзе на Ўсход.
Вольны шлях па Дзьвіне абасьпячаецца як біскупам Рыжскім, так і магістрам крыжацкім („масьтр Божх дворян“) і ўсім князём прылягаючых да яе зямель па ўсяму яе цячэньню, па вадзе і па берагох („от верхоу и до низоу в море, и по воде и по берегоу всемоу“ — пар. 43). Берагавое права не прызнаецца: тавар з затонуўшага вадаплава прыналежыць уласьніку, які можа яго выцягаць з вады, а калі яму трэба, то і наймаць да гэтай работы людзей („оу кого ся избиеть оучан, а любо челн… товар иего свобонь на воде и на березе без пакости всякому; товар иж то потопл, брати оу мьсто своиею дружиною из воды на берего; аже надобе иемоу больше помоги, тоть наймоуи при послоусех“).
Не глядзя, аднак, на ўсе забасьпечаньня свабоднага шляху па Дзьвіне, дарога гэта была далёка не басьпечнай, бо з аднэй стараны Полацак затрымліваў купцоў, якія ехалі ў Вітабск і Смаленск, хочучы, каб яны затрымліваліся ў яго сьценах і тут прадавалі тавары мясцовым купцом („штапельнае права“), а з другой стараны крыжакі перашкаджалі праходу вадаплаваў, затрымліваючы карабельшчыкаў у Дюнамюндэ (Усьць-Дзьвінску), разбойнікі рабілі напады на валоках, дзеля чаго умова вымагае неадкладнай перапраўкі тавараў у гэтым мейсцы.
Правознага мыта ні немцы па дарозе ў Смаленск, ні смаленцы, якія адпраўляюцца ў нямецкія гарады, не павінны плаціць. Гэтакі агульны прынцып. Але ці выпаўняўся ён? Далейшыя пастановы прымушаюць не давераць гэтаму. Агульнае правіла аб свабодзе ад гэтых падаткаў маецца ў разгляданай умове 1229 г. („всякомоу латинескомоу члвекоу свободен пут е из гочкого берега до Смольнеска без мыта; тая правда иесть Роуси из Смольнеска до Гочкого берега“ — пар. 34). Яно паўтараецца і ў умове Смаленска 1250 г. (пар. 16). Але ў апошнім сказана толькі, што ад Смаленска да Рыгі „чистыи путь“, „а не надобе им ни вощець ни мыто“, и дададзена: „а на Волоце како то есть пошло“. Апошняе, мабыць, азначае, што на Валоцы аплачываецца вядомы збор у звыклай меры, а ня толькі плата за перапраўку тавараў. У умове 1229 г. (пар. 35) гэтаму адпавядае павіннасьць гасьцей даць цівуну на валоцы рукавіцы („готскіе рукавицы перстатые“ — па другой рэдакціі), „ажбы товар перевезл без держания“. Акром гэтага, па прыезьдзе ў горад купцы павінны даць княгіні кавалак сукна („дати имь княгине постав частины“). Гэткім чынам істнуе як аплата пры ўезьдзе ў горад, так і пераездныя зборы на перавалоках.
Да таргоўлі ў цесным сэнсе гэтага слова адносяцца пастановы аб вагах і важнічных аплатах, пры гэтым галоўным чынам гаворыцца аб важаньні золата і серабра, якія большай часьцю ў тыя часы і важыліся. Пазьней, каля 1330 г. была, зрэшта, заключана асобная умова датычна ваг і важнічых аплат, дзе ўжо гаворыцца і аб таварах — воску, волаве, медзі, хмелю; аб важніку дададзена „отступи прочь; а рукою не принимай“. Далей знаходзім пастановы аб тым, што прададзены тавар ня можа быць вернуты назад („не взяти товара наоупять“ — пар. 27, у умове 1250 г. — пар. 17), хоць пазьней крывічы, якія таргавалі ў Рызе, жаліліся на тое, што рыжане не выпаўняюць гэтае пастановы. Асабліва важны пастановы аб свабоднай куплі і прадажы тавараў (пар. 25 і 30) і аб праве немцаў езьдзіць па-за межы Смаленска, а крывічоў (русаў) — за межы Рыгі (пар. 26), і аб абавязковасьці для немцаў судзіца ў Смаленску; а для крывічоў (русаў) — у Рызе і на Готляндзе (пар. 28).
Апошнія два параграфы маюць на мэце таргоўлю немцаў і па-за межамі Смаленска; першы параграф пазваляе яе, другі проектуе, але устанаўляе, што Крывіч (Рус)ня можа „звати латинеского на иного князя суд“, акром смаленскага, хіба што немец сам на гэта прыстане. Зрэшта, магчыма, што тут мова толькі аб мяйсцовасьцях, якія распаложаны ў межах смаленскай зямлі. Наадварот, пар. 26 гаворыць аб паездках за граніцы смаленскай зямлі: „аже латинскии усхочеть иехати из Смольнеска своимь товаромь в ину стороноу, прото иего князю не держати ни иномоу ни комоу же“. Тут абасьпячаецца немцам свабодны праезд у другія княжствы; наадварот, пар. 20 умовы 1250 г. значна іх абмежуе, робячы паездкі залежнымі ад пазваленьня смаленскага князя: „а како боудеть немечьскый гость Смоленьске, а почнеться кто от них просити выноую землю, то… о нем ся прошати а мне сподоуме (па намысьле) поущати“…
Адначасна пар. 26, умовы 1229 г. пазваляе і крывічом „иехати из Гочкого берега до Травны“, г. зн. да Любэкі. У рыжскай даўгавой кнізе 1327 г. запраўды сустрачаем здарэньне прадажы воску, з аплатай за яго ў Любэцы (Hildenbrand. das Rigische Schuldbuch 1827. № 1511). Не глядзя на гэта можна недавераць значнасьці актыўнай замежнай таргоўлі купцоў Смаленскіх, як Полацкіх так і Вітабскіх, на якіх — як мы паказвалі вышэй — такжа распашыраецца умова 1229 г. Хоць уся названая умова пабудавана на аснове ўзаемнасьці і ў кождым параграфе, пасьля права дадзенага „латинескоу“ ў крыўскіх зямлях, ідзе права ў карысьць крывіча („роусина“) у „Рызе и Гочском березе“, аднача з шэрагу разгледжаных намі параграфаў умовы, можна мяркаваць, што папраўдзе маюцца на ўвазе больш немцы ў крыўскіх землях чым крывічы ў Рызе і Готляндзе.
Гэтак, прыкладам, кары за забойства, пакалечаньне, раны, згвалчаньне, чужаложніцтва, устаноўлены ў грыўнях серабра, г. зн., — ў крыўскай валюце, чужаземная-ж саўсім не паказана. А яшчэ істотней той варунак, што сустрачаюцца такія пастановы, якія могуць быць практыкаваны толькі ў крыўскіх землях, але ня ў лівонскіх гарадох ці на Готляндзе, — як кара за забойства халопа ці за згвалчаньне рабыні, бо ў другіх старонах халопаў у гэты часы ўжо блізка што ня было, або як папярэдняя аплата чужаземнага крэдытара, у здарэньні конфіскаціі маемасьці даўжніка князям і абяртаньне яго ў халопы — мелі месца толькі на ўсходзе, але, хіба, не на захадзе. Гэтак сама і параграфы, якія гавораць аб перавозцы тавараў праз валокі і аб адказнасьці валачанаў (хоць з прычыны гэтай адказнасьці, дзеля поўнай узаемнасьці гаворыцца і аб Крывічох (Русах) у Рызе і на Готляндзе), такжа і аб падатках, браных цівуном, ня могуць мець датычнасьці да таргоўлі крывічоў: — пры пераезьдзе ў Рыгу і на Готлянд ніякай валокі няма, пазамежамі Беларусі. Параграф аб аплаце збору ў карысьць княгіні і другія два аб перахове ваг, наагул, датычуць толькі Смаленска і нават адпаведнага дадатку аб Рызе і Готляндзе тут ужо няма. Няма гэтай узаемнасьці і датычна аплат за важаньне таварау: мова ідзе толькі аб Смаленску; а з прычыны спозыску доўгу падробна гаворыцца аб цівуне, аб дзецкім, аб павіннасьці смаленцаў плаціць, калі яны не дадуць немцам расправіцца з крыўскім (рускім) даўжніком. Толькі ў заключэньні, пасьла падробнага апісаньня ўсяго гэтага працэсу, дададзены невялікі сказ: „тая правда оузяти роусиноу оу Ризе и на Гочком березе“, але не гаворыца да каго і ў якім парадку „рускі“ крэдытар павінен там зьвяртацца.
З гэтага можна вывесьці дапушчэньне, што на першым пляне была таргоўля немцаў у „рускіх“ землях, тады, як тарговая дзейнасьць крывічоў у лівонскіх гарадох і на Готландзе мела менш значэньня. Па пытаньню аб пездках „рускіх“ купцоў па-за межы Рыгі нам ведама, што Рыга пазьней, прынамні пад канец ХІV ст., рабіла гэтаму ўсякія перашкоды. Яна не хацела прапускаць ні „русау“ у Балтыцкае мора, ні прыезджых немцаў з вэндзкіх або вэстфальскіх гарадоў уверх па Дзьвіне ў крыўскія землі. Наагул, калі ў умовых Смаленска з немцамі 1229 і 1250 г.г. спамінаецца побач з Рыгай аб Гоцкім беразе, то ў ХІV стагодзьдзі няма ўжо мовы ні аб Любэцы, ні аб Готляндзе: „рускія“ купцы езьдзяць толькі ў Рыгу (Götz, бал. 340).
Што датыча другога спамянутага вышэй пытаньня аб свабоднай таргоўлі чужаземцаў, то хоць гэтаму пытаньню адведзены два параграфы (адзін аб свабодзе прадажы тавараў, другі аб свабодзе закупкі), але яснасьці датычна шыракасьці нададзеных правоў не атрымліваецца. „Аже латинескии придеть к городоу, свободно нему продавати, а противоу того не молвити никомоуже“ (пар. 25), латинескомоу есть волно оу Смоленьске который товаръ хочьть купити, без пакости“ (пар. 30). Падобныя-ж агуляныя сказы „волное торгованьнье“, „волю ехати“ мы знаходзім ня раз і пазьней.
Асабліва спрэчным зьяўляецца пытаньне аб тым, ці пазвалялася таргаваць госьцю з госьцям. На аснове пратэстаў Рыгі Вітабскаму князю Міхайлу Кастантынавічу ў канцы ХІІІ ст. можна мяркаваць, што гэта таргоўля дазволена. У гэтай заяве Рыгі маецца пратэст і супроць неправільнасьцяў, што да пабіраньня важнічных аплат, устаноўленых умовай 1299 г. („аже ты княже, лишнее емлеш“), і спуроць гвалтаў над нямецкімі купцамі, ў каторых „товар отнял сілою і неправдою“, каторых „вязали і мучили“, і супроць таго, што князь, як і яго брат, купілі ў немцаў тавары, але не заплацілі за іх. Разам з гэтым рыжане пратэстуюць супроць таго, што князь, паводле рады людзей, каторых трэба было-бы пакараць, а ня слухаць, пазбавіў іх магчымасьці таргаваць з другімі гасьцямі, і калі адзін рыжанін, па наймю Фрэдрык, хацеў прадаць соль другому госьцю, то яго закавалі, а яго тавар князь загадаў разграбіць. „Еси неправду деял — заяўляюць рыжане — как то ныне новую правду ставишь, как то есме не чювали от отчов ни от дедов ни от прадедов наших. Аже ты велишь кликати скрозе торг; гость со гостемь не торгуи. Княжо, у том еси неправду деял. Княжо, ажо еси тако у своем сердчи, тоть то еси неправою думою думал. Будуть тобе, княжо, лишие людье тую думу пододали, тоть не у честь тобе дали тую думу; то есть тобе, княжо, достойно, аже бы тыи люди казнил, как то быш инни людие боялися, кто лихую думу пододаваеть“. Пасьля апавядаецца ўся гісторыя з Фрэдрыкам, каторы „шол с темь человеком соли весить“ и якога княжы дзецкі Плос павёў, бытцам да князя, а папраўдзе „порты с него снем за шию оковал и рукы и ногы и мучил его так, как то буди Богу жяль“. Князь-жа „детьские свое послав на его подворие и велел товар его розграбити“. „И нине мы ся тебе молим — канчаюць пісьмо рыжане — абы ты тыи товар отдал княжо. И сам ведаеш ажо неправдою еси свое крестное челование забыл“ („Русско-Ливонск. акты“, № ХLІХ).
Пад канец ХІV ст. і палачане, ў свой чарод, жаляцца на тое, што ў Рызе пазбаўляюць іх магчымасьці таргаваць з „заморскими“ немцамі. Рыга гэтаму пярэчыць: „гэтыя немцы прыймалі удзел пры заключаньні умовы і карыстаюцца нададзенымі ў іх свабодамі“, Гэты закалот знаходзіўся ў зьвязку з паездкамі купцоў у другія мясцовасьці: Рыжане вымагалі даць ім магчымасьць ехаць з Полацка далей у Вітабск і Смаленск. Полацак гатоў быў пазволіць гэта пад варункам, што Рыга ў свой чарод дасьць ім магчымасьць езьдзіць на Гоцкі бераг, на што Рыга не згаджалася („Р.-Л. акты“, № СХХVII]).
Відаць, Полацак і Рыга стараліся ўтварыць сабе штапельнае права, пры каторым усе прывожаныя да іх тавары павінны былі прадавацца ў сьценах гораду, а не вывазіцца далей, і пры гэтым павінны былі збывацца мясцовым купцам, але не чужаземным, ці з другога гораду. Забарона таргаваць з другімі гасьцямі была такжа выражэньнем таго-ж штапельнага права.
Дзеля гэтага ў мірнай умове, заключанай усьлед за гэтым паміж князям Вітаўтам і Рыгай у 1399 г. у Полацку („Р.-Л. акты“, № СХХІІ), гэтае пытаньне аб штапельным праве было пакінута аткрытым, бо відаць, староны не маглі прыйсьці да згоды. Яно было паднята ізноў, пры ўмове паміж Рыгай і Полацкам у 1406 годзе. Перад гэтай умовай было нарушэньне ў 1403 г. міра Вітаўтам, каторы, як ён гэта зрабіў і за некалькі гадоў да таго, патрэбаваў ад рыжскіх купцоў, каб яны пакінулі Полацак у прадоўжаньні чатырох тыдняў, у адваротным здарэньні яны будуць сілай выгнаны з гораду, або закаваны ў аковы. Але і выехаць ён ня даў свабодна, а затрымаў іх датуль, пакуль магістр лівонскіх крыжакаў не пакрыў палачанам страт, наробленых у 1403 годзе.
З перагавораў, якія вяліся пры заключаньні умовы 1306 году, з прапановаў, робленых абедзьвімі старонамі, мы можам бачыць, як істотна разыходзіліся іх пажаданьні і погляды. Умова, ўтвораная на аснове пастановы Вітаўта, зьяўляецца толькі часовым кампрамісам, пасьля якога ішоў шэраг угод; аканчальна спорныя пытаньні былі выясьнены толькі граматай князя Александра 1498 г., якой нададзена было Полацку штапельнае права і азначаны варункі таргоўлі рыжанаў і другіх гасьцей у Полацку.
У прывілеі князя Александра, рыжанам і іншым госьцям, забаронена, пад пагрозай канфіскаціі тавараў, езьдзіць у Вітабск ці Смаленск; яны могуць бываць там толькі дзеля спозыску даўгоў, але не дзеля таргоўлі. Гэтыя паездкі вызываліся тым, што купцы з Вітабска і Смаленска, як і перш, езьдзілі ў Рыгу. Па-за межы Рыгі ні яны, ні палачане, ведама, ня езьдзілі. У кождым здарэньні Полацак стаўся аканечным пунктам нямецкага торгу і асяродкам тавараабмену ў Крыўскіх землях.
Але Полацак гэтым не абмежуецца: торг госьця з госьцям наагул павінен быць спынены і ня толькі па-за межамі горада Полацка ці ў другіх мясцовасьцях, куды-бы немцы маглы езьдзіць, але і ў сьценах самога Полацка. І тут тавары павінны былі ісьці праз рукі мясцовых жыхароў, бо іначы мог-бы атрымацца абход пастановы, згодна якой нельга ехаць міма Полацка, абмінаючы яго жыхароў. Госьці прыязджалі-бы сюды, фармальна выпаўняючы гэтае вымаганьне, але на практыцы нарушаючы яго. Яны таргавалі-бы паміж сабой у самым горадзе, так, што ў выніку абыходзілі-бы гарадзкіх купцоў.
Як мы бачылі, і Вітабск і Рыга ўжо рана пачалі забараняць торг госьця з госьцям, што кожды раз выклікала абураньне праціўнай стараны. За іх прыкладам пашоў Полацак. У сваіх прапановах 1405 году Полацак заяўляе: „а торговати немецкому купцю с гостем Литовьское земли добровольно, а с новгородци немецькому купцю торговати, а промежи има ходити нашему полочанину: занеже нас новьгородци не пустят у немечькии двор торговати без своего новгородца; а с Москвичи торговати вашим немьцем; также нашему полочанину межи има ходити, торговати: занеже на нас москвичи тамьгу емлют“. З літвінамі немцы, знача, могуць таргаваць безпасярэдна, з ноўгародцамі-ж і маскалямі, толькі пры пасярэдніцтве палачанаў. Апошнія, паводле тлумачаньня Нікітскага, былі маклерамі, без якіх ніводная купля-прадажа госьця з госьцям не магла быць зробленай: „между има“ — паводле фігуральнага выражэньня помніка — ”хадзіў палачанін“.
Урэшце, з абедзьвех старон выяўлялася жаданьне абмежыць дзейнасьць прыезджых купцоў агульніцкімі закупамі, не дапушчаючы рознічных — звычайнае ў тыя часы абмежаньне гасьцей, — і ў прапанове, выходзячай ад Полацка, гаворыцца: „а малое вам торговли не купити у Полотсце порозничи; а корьчмы вам у нас у Полотсце не держати. І, ў асобнасьці, з прычыны двох важнейшых аб’ектаў крыўска-нямецкага торгу, воску і кажухоў, дададзена: „купити вам немцам у нас у Полотсце немецькому купцю пол берковска воску, пол тысячы белкы“. Супроць гэтага „ратьмане Ризкии“ суляць пазволіць немцам „у Полочьку торговати и с гостемь и с полочаны все сполу, то будь мало или велико во всякои торговли какы ли ни был товар“. У свой чарод і яны даюць такое-ж абяцаньне: „тако же мы хочем полочаном у Ризе чинити“.
Але гэтага яны не дабіліся. Прынцып узаемнасьці вытрыманы. Пастановай Вітаўта таргаваньне ў раздроб не пазволена госьцям ні ў Рызе, ні ў Полацку, ў дадатку аб гэтых пытаньнях павінны быць выданы асобныя пастановы. Прывілей 1468 г. гэты прынцып аканчальна замацаваў: у Полацку ўстанаўляюцца тры двохтыднёвыя кірмашы, ў прадоўжаньні якіх госьцям толькі й пазволена прадажа ў раздробніцу. Гэта звыклае выключэньне, робленае ў сярэднія вякі. Кірмашовая таргоўля знаходзілася на асобных варунках. Дзеля ажыўленьня кірмашу, каб прыцягнуць больш купцоў, што давала значны зыск князю ў форме тарговых пабораў, не рабіліся звыклыя абмежаньні: госьці карысталіся правам прытулку, ніякія рэпрэсаліі не дапушчаліся, спозыскі, зробленых да кірмашу даўгоў, не маглі мець месца, таргаваць пазвалялася ўсім і кождаму, хоць якімі таварамі і хоць у якім ліку.
Але па-за кірмашамі прывілей 1498 г. пазваляе рыжанам таргаваць у Полацку толькі агулам, пад пагрозай канфіскаціі тавараў. Прадаваць можна: сукно — толькі цэлымі штукамі, соль — мяшкамі, мушкатовы квет і мушкатовыя арэхі, галгант, цытварны карэнь, гвоздзікі, шафран і цэныя пернасьці — фунтамі, сякеры, нажы і г. п. — тузінамі, фігі і разынкі — кошыкамі, віно, піва і іншыя прывозныя напіткі — бочкамі, жалеза, волава, медзь, цыну, мосяж — цэнтнарамі. Гэтак сама закупляць тавары пазволена толькі агулам: воск па 20 фунтаў, кажухі саболіі, кунічыі, янотавыя — па 40 штук, вавёркі, гарнастаі, тхоры, ныркі — па 250 штук, паташ і дзёгаць — цэлымі тоннамі.
Урэшце, ў судовых справах угода 1406 г. робіць круты паварот у тым сэнсе, што суд адбываецца ня ў тым месцы, дзе зроблены праступак, ці усчаты суд, а на бацькаўшчыне праступніка ці даўжніка. Ў умове 1229 г. мы чытаем яшчэ: „ити истьцю к истьцю и взяти емоу та правда, которая то в том городе“, і гэтак сама ў мірнай умове з 90-х гадоў ХІІІ ст. гаворыцца: „а где будеть кто кому виноват, в томь городе правити, где тот человек живет; инде суда ему не искати, въ которои волости человек извинится (правініцца), ту ему правда дати“.
Наадварот, у грамаце 1330 году, датыкаючай ваг, высказаны ўжо іншы прынцып: „аже привезеть нечистый товар, а не люб будеть, поехати ему назад со своимь товаромь, а свой князь тамо казнить его“. Гэта частковая пастанова, тасаваная тут толькі ў здарэньні фальшаваньня тавараў, у 1406 г. атрымлівае агульны характар. „Ратмане Ризькии“ просяць „полочаном стеречи немечских купцев, как своя братя… без всякоя хитрости“ і заяўляюць, што з свайго боку „тако же мы хочем полочаном у Ризе чинити“. А да гэтага яны дадаюць: „аще которы немчин извиниться у Полочьсце, того немьчина отослати у Ригу, ратмане его судять по своей правде“, і гэта-ж самае трэба зрабіць з палачанінам. Гэта паўтараецца і ў прапанове Полацка. „А извиниться нашь полочанин у Ризе, ино его немьцем у Ризе не казнити, отпустити, его у верх, ино его там свои полочане казнят“. Гэта-ж самае тасуецца да рыжанаў. Урэшце, гэты пункт погляду падзяляе магістр лівонскіх крыжакаў. Німа дзіва, што пры гэткіх варунках, гэта падтрыманая ўсімі аснова увайшла ў пастанову Вітаўта 1406 г. „А полочяном блюсти рижянина у Полоцьку как себе, а рижаном блюсти полочянина у Ризе, себе обороняти. Аже полочанин што проступить у Ризе, ино им того до Полоцька послати ино его там полочане осудять по своему праву“.
Калі ў прыведзеных вышэй пастановах, што да варункаў торгу, Полацак атрымаў перамогу, дабіўшыся штапельнага права і гэтым крэпка абмежыў правы гасьцей, то тут, уцелаішчан (ў сваеаблічнай форме) прынцып свомны германскаму сярэднявекаваму праву, згодна якому кожды павінен судзіцца і заграніцай паводле асноў таго права, якое істнуе ў яго на бацькаўшчыне; ён як-бы носіць гэтае права з сабой. Зрэшта, трэба дадаць, што гэты прынцып яшчэ ў большай ступені ёсьць азнакай романскага права.
ЛЕТАПІС ПРУСАЎ. У гісторыі Прусіі гэты летапіс вядомы пад назовам летапісу Яраслава (гл. Wiszniewski „Hist. literat. Polskiej“ Т. ІI, 108–120). Паводле Vogts’a („Geschichte Preuss“ Königsberg, 1827) летапіс гэты быў пісаны славянскімі літарамі і трапіў да крыжакаў ад Яраслава біскупа Плоцкага. Магчыма, што назова „Плоцк“ зьявілася вынікам спамылкі, бо ў лацінскім напісаньні пад „Plotsko“ „Plotsko“ фігуруе і Плоцк і Полацак. Хутчэй за ўсё ня з Плоцка, дзе ня зналі і ня ўжывалі славянскіх літар, а з Полацка паходзіў Прускі летапіс. Дзеля таго, што арыгінал гэтага летапісу не захаваўся, то некатарыя навейшыя нямецкія гісторыкі даюць пад сумнеў ці наагул істнавала такая кроніка. Аднак, бяручы пад увагу безстаронныя данныя, трэба прызнаць поўную магчымасьць істнаваньня ў Прусаў кронікі, пісанай славянскімі літарамі і мовай.
Пачатны летапіс упамінае Прусаў толькі мімаходам у ліку народаў, засяляючых Захад. І гэта саўсім зразумела, бо Прусы ня стыкаліся з Палянамі. Затое сьлядоў стычнасьці Прусаў з Крывічамі сустрачаем нямала з топографічных і гістарычных данных. Гэтак, маемо цэлы рад назоў мясцовасьцяў з „прускімі“ найменьнямі: Вялікія Прусы на поўдзень ад Візны, па дарозе з Беластока ў Ломжу, Прусачкі каля Камянца Літоўскага, Прускі на захад ад Кобрына і г. д.
Маюцца ўрэшце ведамкі, што яшчэ ў Х стагодзьдзі славянскія землі стыкаліся з прускімі. Дзітмар (VІ, 58) кажа, што сьв. Бруно прапаведываў хрысьціянства ў Прусіі, на граніцы з Русьсю. Як назовы мясцовасьцяў, так і сьведчанне Дзітмара паказуюць, што або сялібы Прусаў пашыраліся шмат далей на ўсход ад тых мейсц, дзе іх застае гісторыя, або што ў пазнейшыя часы ішла пруская каланізація ў славянскія землі. Пацьверджаньне апошняга мы знаходзім у летапісе, пад 1275 г.: „пріидоша Пруси къ Тройденови изъ своей земли неволею передъ Нѣмци; онъ же прія ѣ къ собѣ и посади часть я въ Городнѣ, а часть ихъ посади Въслонимѣ (Іпат. сп. Пачат. Лет.). У 1277 годзе перасялілася цэлае племя Бортаў (Іпат. сп., пад 1277 г.). У тым-жа сьпіску летапісу, пад 1281 годам знаходзім ведамку аб Прускім князю, які служыў у дружыне князя Валадзімера Валынскага. Назова аднэй з вуліц Вялікага (Крыўскага) Ноўгараду — „Пруская вуліца“, а такжа ў Крэве „Пруская вуліца“, паказуе на сяленьне Прусаў у Крыўскім Ноўгарадзе і Крэве. Сучасьнікам Аўраамія Смаленскага быў Лука Прусін, як відаць з жыцьцёпісу Аўраамія, — адзіны з паміж манахаў цаніцель культурных пачынаньняў Аўраамія, а знача, — сам чалавек культурны. З умоў князя Мсціслава Давыдавіча з Рыгай і Гоцкім берагам 1229 г. вынікае, што як Смаленцы часта езьдзілі па Балтыцкаму пабярэжжу, так і, наадварот, многа людзей з пабярэжжа Балтыку жыло ў Смаленску, а знача, тым больш — у Вітабску і Полацку, як гарадох бліжэйшых да мора.
Акром старадаўных слядоў істнаваньня стасункаў між Крывічамі і Прусамі, маюцца і навейшыя, даволі вымоўныя данныя. Гэтак 24. V. 1925 г. ў ковенскай расійскай газэце „Эхо“ была памешчана зьменка, што прафэсар Гэруліс выкрыў (у Лейпцыгу) вялікі лік дакумантаў ХVІ ст. Знойдзеныя дакуманты адносяцца да гісторыі культуры ў Малой Літве (Клайпэдзкім краю), якая сумежыць з Прусіяй. Вось-жа з тых дакумантаў відаць, што паміж тагочаснымі дзеячамі Малой Літвы было распашырана знаньне славянскай граматнасьці, што і адбілася на найдаўнейшых помніках літоўска-прускай пісьменнасьці (Мажвідзіс і др.), мова якіх перапоўнена славянізмамі.
Прыняўшы пад увагу вышэйпрыведзеныя довады, саўсім натуральнай будзе думка, што Летапіс Прусаў, пісаны славянскімі літарамі і мовай, не зьяўляецца мітам і што старапрускія гісторыкі, якія на яго зсылаюцца, заслужываюць веры.