Дажынкі на Беларусі ў 1920 г.
Дажынкі на Беларусі ў 1920 г. Аўтар: Гальяш Леўчык 1920 Крыніца: Скрыжалі памяці. Кніга другая - с. 278 |
...Вось так жнеі, вось так жніва!
«Збожжа» шэра, чорна, сіва...
Гэта ж людзі ў кроўнай лужы, —
Серп пажаў іх гостры, дужы.
Не ў гумне ім — ў гробе быці,
Чэрві будуць малаціці...
Іх зярнят люд не пазнае,
Ўсе «снапы» пясок зраўняе...
Вось так жніва, вось дажынкі!
Дзе ж сялянскія будынкі?
Гаспадар дзе з гаспадыняй,
Што ўладалі поўнай скрыняй?
Дзе ж валы, вазы і снасці,
Каб снапы ў гумно пакласці?..
— Ніц нямаш — вайна, гарматы
Зжалі ўсё — людзей і хаты...